АРГЕНТЫ́Т (ад лац. argentum серабро),

сярэбраны бляск, мінерал класа сульфідаў, кубічная паліморфная мадыфікацыя Ag2S. Прымесі медзі, свінцу, жалеза і інш. Утварае масіўныя агрэгаты, плёнкі, пражылкі, украпанні. Колер свінцова-шэры да чорнага. Бляск металічны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 7,3 г/см³. Трапляецца ў нізкатэмпературных гідратэрмальных радовішчах сярэбраных рудаў. У прыродзе рэдкі, назва «аргентыт» часта выкарыстоўваецца да псеўдамарфозаў акантыту па аргентыце.

Аргентыт.

т. 1, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЖАХО́ЎСКІ (Ігар Вацлававіч) (н. 11.5.1933, Мінск),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1976), праф. (1980). Скончыў Горкаўскі ун-т (1961). З 1963 працаваў у гэтым ун-це. З 1976 заг. кафедры рас. і слав. гісторыі БДУ. Даследуе ўнутр. палітыку і развіццё грамадска-паліт. думкі ў Расіі 19 ст. Адзін з аўтараў вучэбных дапаможнікаў для вучняў 7, 8, 10-х класаў па сусв. гісторыі.

т. 1, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РБАН ((Barbon) Нікалас) (1640, Лондан — 1698),

англійскі вучоны-эканаміст. Каля 1680 пасля вял. пажару ў Лондане заснаваў першае ў Англіі т-ва па страхаванні ад пажараў. У сваёй асн. працы «Нарыс пра гандаль» (1690) выступаў супраць меркантылізму, крытыкаваў дзярж. рэгламентаванне эканомікі, абгрунтоўваў неабходнасць свабоднага гандлю. Абараняў інтарэсы землеўладальнікаў, ідэі наміналізму. Упершыню вызначыў працэнт як цану капіталу, быў прыхільнікам заканад. абмежавання працэнта.

т. 2, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РТАН ((Barton) Дэрэк Харальд Рычард) (8.9.1918, Грэйвзенд, графства Кент, Вялікабрытанія),

англійскі хімік; заснавальнік метаду канфармацыйнага аналізу. Скончыў Імперскі каледж навукі і тэхнікі Лонданскага ун-та (1940). З 1957 праф. Лонданскага ун-та. З 1978 дырэктар Ін-та хіміі прыродных злучэнняў у Жыф-сюр-Івеце (Францыя). Навук. даследаванні па хіміі прыродных злучэнняў (стэроіды, тэрпеноіды, ферменты), фотахіміі і біясінтэзе. Нобелеўская прэмія 1969.

Д.Х.Р.Бартан.

т. 2, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРШЧО́ЎКА,

вёска ў Беларусі, у Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 25 км на У ад Рэчыцы, 25 км ад Гомеля, 4 км ад чыг. ст. Якімаўка, на аўтадарозе Гомель—Калінкавічы. 750 ж., 320 двароў (1995). Малое прадпрыемства «Дэльта» (па праходцы свідравін). Сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.

т. 2, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСТУ́НЫ,

вёска ў Беларусі, у Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. Чыг. станцыя. За 10 км на Пд ад Воранава, 123 км ад Гродна. 723 ж., 165 двароў (1995). Арэнднае прадпрыемства па мат.-тэхн. забеспячэнні аграпрамкомплексаў, хім. цэнтр райсельгасхіміі, нафтабаза, асфальтабетонны з-д, фасовачны цэх аптовай базы райспажыўсаюза. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 2, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЎТУ́ТА (Галіна Антонаўна) (н. 29.12.1934, г. Самара, Расія),

бел. батанік і цытагенетык. Д-р біял. н. (1981), праф. (1982). Скончыла Ленінградскі ун-т (1957). З 1966 у Бел. дзярж. пед. ун-це. Навук. працы па анатоміі і марфалогіі раслін, цытагенетыцы пладова-ягадных раслін, методыцы вышэйшай школы.

Тв.:

Новые методы в селекции плодово-ягодных культур. Мн., 1977;

Батаніка: Анатомія і марфалогія раслін. Мн, 1995.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЦВІ́ННІК (Любоў Якаўлеўна) (29.1.1914, Мінск — 3.12.1980),

дыктар беларускага радыё. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). З 1930 у К-це па радыёфікацыі і радыёвяшчанні пры Саўнаркоме БССР. У Вял. Айч. вайну дыктар Татарскага і Усесаюзнага радыё, з 1944 — Дзяржтэлерадыё Беларусі. Працавала над радыёкампазіцыямі тэатр. спектакляў (Бел. т-ра імя Я.​Купалы «Пакуль вы маладыя» паводле І.​Мележа, «Жан Крыстоф» паводле Р.​Ралана і інш.).

т. 2, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЦІН (Мікалай Арсенавіч) (н. 8.3.1911, в. Юркіна Міжрэчанскага р-на Валагодскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі апрацоўкі драўніны. Д-р тэхн. н. (1965), праф. (1966). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1972). Скончыў Архангельскі лесатэхн. ін-т (1936). У 1949—55 і 1961—70 прарэктар Бел. тэхнал. Ін-та. Навук. працы па тэорыі і практыцы рацыянальнай распілоўкі драўніны на піламатэрыялы.

т. 2, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАШЫНДЖАГЯ́Н (Геворк Захаравіч) (28.9.1857, г. Сігнахі, Грузія — 4.10.1925),

армянскі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1879—83) у М.К.Клота.Зазнаў уплыў А.І.Куінджы. Працаваў у Тыфлісе. Лепшыя пейзажы прасякнуты эпічным адчуваннем прыроды, па-майстэрску перадаюць эфекты асвятлення («Бярозавы гай», 1883, «Севан у пахмурны дзень» (1897), «Возера Севан у летні дзень», 1903, «Арарат», 1912, «Севан у месячную ноч», 1914).

Г.Башынджагян. Севан у пахмурны дзень. 1897.

т. 2, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)