ДМО́ЎСКІ ((Dmowski) Раман Станіслаў) (9.8.1864, Камёнак, каля Варшавы, Польшча — 2.1.1939),
польскі паліт. дзеяч, публіцыст. Ідэолаг польскага нацыяналізму. Скончыў Варшаўскі ун-т (1890). З 1888 чл. тайнай арг-цыі «Саюз польскай моладзі», з 1890 — Польскай лігі, якую ў 1893 разам з З.Баліцкім ператварыў у Нац. лігу. Заснавальнік (1895) і выдавец час. «Przegląd Wszechpolski» («Усяпольскі агляд»), на старонках якога сфармуляваў праграму польскага нац. руху. У 1907—09 дэпутат і кіраўнік «Польскага кола» (аб’яднанне польскіх дэпутатаў) у рас. 2-й і 3-й Дзярж. думах. У 1917 у Парыжы арганізаваў Польскі нац.к-т, мэтай якога было аднаўленне незалежнай Польшчы. У 1923 міністр замежных спраў. Пасля прыходу да ўлады Пілсудскага ў 1926 стварыў апазіцыйны «Лагер Вялікай Польшчы». Адмоўна ставіўся да бел.нац. руху, лічыў, што ўся Зах. і Цэнтр. Беларусь павінна ўваходзіць у склад польскай дзяржавы, выказваўся за асіміляцыю беларусаў і ўкраінцаў. Распрацаваў асновы нац.-дзярж. арганізацыі 2-й Рэчы Паспалітай. Аўтар кн. «Германія, Расія і польскае пытанне» (1908), «Польская палітыка і аднаўленне польскай дзяржавы» (1925), «Царква, народ, дзяржава» (1927), «Пасляваенны свет і Польшча» (1931).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЖЫ ДЗЬЁРДЗЯ ПАЎСТА́ННЕ 1514, Сялянская вайна 1514, найбуйнейшае антыфеад. ўзбр. выступленне ў сярэдневяковай Венгрыі. Яго перадумовай быў набор у краіне з крас. 1514 добраахвотнікаў для крыжовага паходу супраць туркаў. Успыхнула ў маі як рэакцыя сялян на спыненне іх прыёму ў крыжацкае войска (прыём у крыжакі азначаў для сялян вызваленне з-пад улады іх паноў). Ахапіла б.ч. дзяржавы, праходзіла пад лозунгамі адмены феад. эксплуатацыі і царк. дзесяціны, падзелу царк. зямель паміж крыжакамі, устанаўлення ўсеагульнай роўнасці, спрашчэння царк. арганізацыі. Ўдзельнічала да 100 тыс.чал. (пераважна сялян), аднак з-за разрозненасці дзеянняў каля 50 тыс. паўстанцаў былі хутка знішчаны дваранскімі атрадамі. Спыненне ў ліп. 22-тысячным войскам трансільванскага ваяводы Я.Запаяі гал. сіл паўстанцаў на чале з Дзьёрдзем Дожам каля крэпасці Тэмешвар (цяпер Тымішаара, Румынія), калі Дожа трапіў у палон і быў пакараны смерцю, паскорыла паражэнне паўстання. У крас.—ліст. 1514 Дзярж. сход прыняў закон аб пазбаўленні сялян свабоды і навечным прымацаванні іх да зямлі (адменены ў 1530).
Літ.:
Гусарова Т.П. «Я хотел обновить мир» // И живы памятью столетий. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУКА́РСКІ ДВОРу Маскве,
найбуйнейшая рас. друкарня ў 16 — пач. 20 ст.; першая дзярж. друкарня ў Расіі. Засн. каля 1563 пры падтрымцы цара Івана IV Грознага і мітрапаліта Макарыя на тэр. Кітай-горада ў старой ч. Масквы (раён Нікольскай вуліцы). Тут былі надрукаваны першыя рас. кнігі «Апостал» (1564), «Часоўнік» (1565, абедзве выдадзены ўраджэнцамі Беларусі І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам), «Псалтыр» (1568, друкары Андронік Цімафееў Нявежа і Нічыпар Тарасіеў). Пасля 1568 да 1587 кнігі часова друкаваліся ў Аляксандраўскай слабадзе (сучасны г. Аляксандраў Уладзімірскай вобл.). Пасля пажару 1611 на тым самым месцы пабудаваны новы Д.д. (дзейнічаў з 1614); у 1645 і 1679 ён перабудаваны. У 17 ст. на Д.д. (з канца 17 ст.наз. друкарняй) выдадзена больш за 500 кніг (сярэдні тыраж кнігі каля 1200 экз.), пераважна рэліг. зместу; сярод свецкіх кніг была «Граматыка» (1648) ураджэнца Беларусі М.Сматрыцкага. У 1712 частка станкоў перавезена ў Пецярбург. У 1721 друкарня перададзена Сіноду і перайменавана ў Маскоўскую сінадальную друкарню (існавала да 1917).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́РАВЫ,
сям’я рускіх цыркавых артыстаў — клоунаў і дрэсіроўшчыкаў.
Анатоль Леанідавіч (6.12.1865, Масква —21.1.1916). Артыстычную дзейнасць пачаў як клоун, з 1880 гастраліраваў па Расіі, Еўропе, у 1915 выступаў у Мінску. Стварыў сатырычна-публіцыстычную клаунаду з дрэсіраванымі жывёламі.
Уладзімір Леанідавіч (6.7.1863, Масква — 3.8.1934), засл. арт. Рэспублікі (1927). Брат А.Л.Дурава. На арэне з 1885. Выступаў як клоун-сатырык і дрэсіроўшчык. Распрацаваў навук. метад дрэсіроўкі, заснаваны на гуманных адносінах да жывёл. У 1912 стварыў у Маскве звярынец (цяпер Куток імя У.Дурава).
Уладзімір Рыгоравіч (16.4.1909, г. Варонеж — 14.3.1972), нар.арт.СССР (1967). Унук А.Л.Дурава. У выступленнях спалучаў сатыр. клаунаду з паказам дрэсіраваных жывёл.
Юрый Уладзіміравіч (12.1.1910, Масква — 22.2.1971), нар.арт.СССР (1971). Унук У.Л.Дурава. У цырку з 1937. Выступаў з вялікай групай розных жывёл, спалучаў дрэсіроўку з сатыр. нумарамі.
Наталля Юр’еўна (н. 13.4.1934, Масква), нар.арт.СССР (1989). Дачка Ю.У.Дурава. Скончыла Літ.ін-т імя Горкага (1956). У 1956—59 дрэсіроўшчык Кутка У.Дурава, у 1963—73 — «Саюздзяржцырка». З 1978 маст. кіраўнік Тэатра звяроў імя У.Дурава. Аўтар аповесцей і апавяданняў на тэмы цырка. Дзярж. прэмія СССР 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМІ́ЧНАЕ ПРАГРАМАВА́ННЕ,
раздзел матэматыкі, прысвечаны тэорыі і метадам рашэння мнагакрокавых задач аптымальнага кіравання. Грунтуецца на прынцыпе аптымальнасці, прапанаваным у 1950-я г.амер. матэматыкам Р.Белманам. У матэм. тэорыі кіроўных працэсаў строгае абгрунтаванне атрымана Л.С.Пантрагіным і інш. Выкарыстоўваецца ў аперацый даследаванні, у задачах аптымальнага планавання (напр., аб аптымальнасці размеркавання рэсурсаў, замены абсталявання), пры рашэнні многіх тэхн. праблем (у задачах кіравання паслядоўнымі хім. працэсамі, аптымальнага праектавання пракладкі дарог, аптымальных памераў ступеней ракет).
У Д.п. для кіроўных працэсаў сярод магчымых кіраванняў выбіраецца тое, якое вядзе да экстрэмальнага значэння мэтавай функцыі. Мнагакрокавасць вынікае з рэальнага працякання працэсаў або ўводзіцца штучна для расчлянення зыходнага працэсу прыняцця рашэння (у т. л. неперарыўнага) на асобныя этапы (крокі), якія выконваюцца ў розныя моманты часу. Гал. асаблівасць Д.п. — магчымасць рашаць усе аднатыпныя задачы пры любых пачатковых умовах (напр., вызначэнне аптымальнага рэжыму палёту самалёта ў зменлівых умовах надвор’я). На Беларусі праблемы Д.п. распрацоўваюцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, Бел.дзярж.эканам. ун-це.
Літ.:
Беллман Р. Динамическое программирование: Пер. с англ.М., 1960;
Хедли Дж. Нелинейное и динамическое программирование: Пер. с англ.М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСТРЫБУ́ЦЫЯ (ад лац. distributio размеркаванне),
сукупнасць моўных адзінак (фанем, марфем, лексем), якія ствараюць кантэкст, або акружэнне той аднароднай ім адзінкі, што падлягае даследаванню. У пісьмовым тэксце адрозніваюць Д., складзеную лінейным (прасторавым) акружэннем адзінак, і Д., выведзеную з іх спалучальнасці. Пры першым падыходзе ў залежнасці ад мэты і характару даследавання ўлічваецца акружэнне на глыбіню аднаго кампанента (г.зн. разглядаюцца толькі тыя адзінкі, што непасрэдна размешчаны справа і злева ад зададзенай), ці, адпаведна, двух, трох і г.д. кампанентаў. Пры другім падыходзе Д. ствараюць адзінкі, якія граматычна спалучаюцца з зададзенай. Наяўнасць у моўных кампанентаў тоеснай, падобнай або рознай Д. дае падставы для вылучэння ў тэксце аднародных адзінак і іх класаў, а таксама для разнастайнай характарыстыкі як знешніх (фармальных) рыс, так і ўнутраных, якасных уласцівасцей гэтых адзінак. Паняцце Д. пакладзена ў аснову дыстрыбутыўнага метаду (гл. ў арт.Дэскрыптыўная лінгвістыка). На аснове розных відаў Д. ў сучаснай лінгвістыцы распрацаваны дасканалыя метады даследавання лексічных значэнняў: дыстрыбутыўна-трансфармацыйны, дыстрыбутыўна-статыстычны і інш.
Літ.:
Плотников Б.А. Дистрибутивно-статистический анализ лексических значений Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФРА́КЦЫЯ РЭНТГЕ́НАЎСКІХ ПРАМЯНЁЎ,
з’ява, што выяўляецца пры пругкім рассеянні рэнтгенаўскіх прамянёў крышталямі (або малекуламі вадкасцей і газаў), пры якім з першаснага пучка прамянёў узнікаюць другасныя адхіленыя пучкі той жа даўжыні хвалі.
Д.р.п. эксперыментальна выяўлена ням. фізікамі М.Лаўэ, В.Фрыдрыхам і П.Кніпінгам (1912) як доказ хвалевай прыроды рэнтгенаўскіх прамянёў. Крышталь з’яўляецца натуральнай трохмернай дыфракцыйнай рашоткай (адлегласці паміж атамамі аднаго парадку з даўжынёй хвалі λ); напрамак дыфракцыйных максімумаў у агульным выпадку падпарадкоўваецца ўмовам Лаўэ: a(cosα − cosα0) = hλ, b(cosβ − cosβ0) = kλ, c(cosγ − cosγ0) = lλ, дзе a, b, c — памеры крышт. рашоткі, α0, β0, γ0 — вуглы, што ўтварае падаючы прамень, α, β, γ — рассеяны прамень з восямі крышталя, h, k, l — цэлыя лікі (індэксы Мілера). Дыфракцыйную карціну назіраюць на нерухомым крышталі з выкарыстаннем поліхраматычнага выпрамянення (Лаўэ метад), пры вярчэнні або ваганнях крышталя, а таксама на полікрышталях пры асвятленні монахраматычным выпрамяненнем (гл.Дэбая—Шэрэра метад). Д.р.п. выкарыстоўваецца для даследаванняў атамнай структуры рэчыва, рашэння задач матэрыялазнаўства, у рэнтгенаўскай спектраскапіі. Гл. таксама Рэнтгенаўскі структурны аналіз, Рэнтгенаграфія матэрыялаў.
Літ.:
Иверонова В.И., Ревкевич Г.П. Теория рассеяния рентгеновских лучей. 2 изд. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬСКІ (Канстанцін Міхайлавіч) (17.2.1837, в. Ляды Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 26.11.1896),
бел. вучоны-біёлаг, географ, геолаг і падарожнік. З роду Ельскіх. Скончыў Кіеўскі ун-т (1860). Адзін з першых у Расіі прыхільнікаў эвалюц. тэорыі Ч.Дарвіна. Ўдзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863—64 на Украіне, у 1863 эмігрыраваў за мяжу. З 1865 у Франц. Гвіяне, з 1869 у Перу, вывучаў фауну гэтых краін. Удзельнічаў у стварэнні (1875) і дзейнасці (да 1879 хавальнік) прыродазнаўчага музея ў Ліме. Адкрыў новы від жывёлы Dinonys. Удасканаліў спосаб захоўвання насякомых, дасылаў сабраныя калекцыі насякомых, раслін, чучалы птушак, у музеі Еўропы. Як заолаг і геолаг працаваў у Турцыі, Германіі, Францыі. З 1880 у Кракаве: хавальнік прыродазнаўчых калекцый АН. У гонар вучонага названы адзін від лаўра — Ocotea Jelscii і некат. віды птушак і звяроў. Аўтар даследавання «Аб узаемнай залежнасці геалагічных з’яў» і кнігі «Папулярна-прыродазнаўчыя апавяданні пра знаходжанне ў Французскай Гвіяне і часткова ў Перу» (1898).
Літ.:
Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРАФЕ́ЕЎ (Барыс Васілевіч) (10.5.1909, в. Пендзелка Пензенскай вобл., Расія — 24.11.1995),
бел. фізікахімік. Акад.АН Беларусі (1947, чл.-кар. 1940); д-рхім.н. (1940), праф. (1941). Засл. дз. нав. Беларусі (1979). Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). У 1939—11 і 1952—58 дырэктар Ін-та хіміі, з 1959 першы дырэктар Ін-та фізіка-арган. хіміі, у 1953—56 віцэ-прэзідэнт АНБССР, адначасова (з 1951) праф.БДУ. У 1965—76 у Маскоўскім пед. ін-це, з 1976 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі. Навук. працы па хім. кінетыцы і каталізе, тапахіміі, фізікахіміі палімераў. Вывеў у матрычнай форме ўраўненне кінетыкі паслядоўных рэакцый першага парадку; тапакінетычныя ўраўненні (1950). Распрацаваў ліганда-палявую тэорыю гетэрагеннага каталізу, каталітычныя сістэмы для полімерызацыі алефінаў, антыблочную кампазіцыю для цэлафанавай вытв-сці. Прапанаваў і арганізаваў вытв-сць браняшкла для самалётаў (1943). Дзярж. прэмія СССР 1946.
Тв.:
Кинетика гомогенного катализа. Мн., 1977 (разам з У.А.Тулупавым);
Циклогекса—1,3—диен и продукты на его основе. Мн., 1980 (разам з С.Ф.Навумавай, В.Д.Юрынай).
Літ.:
Б.В.Ерофеев: (к 80-летию со дня рождения): Биобиблиогр. указ. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́БІНКА,
горад, цэнтр Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл., пры ўпадзенні р. Жабінка ў Мухавец. За 30 км ад г. Брэст. Чыг. вузел (напрамкі на Брэст, Лунінец, Баранавічы), аўтадарогі на Брэст, Кобрын, Камянец. 12,5 тыс.ж. (1997).
Узнікла як чыг. ст. ў канцы 19 ст. ў сувязі з буд-вам чыг. Масква—Брэст. У 1890—282 ж., 30 двароў, гасцініца, пошта, царква, сінагога, 6 крам, 3 карчмы. У пач. 20 ст. дзейнічалі сукнавальня і тартак. З 1921 у складзе Польшчы, у Кобрынскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска, цэнтр Жабінкаўскага р-на. З 23.6.1941 да 21.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Ж. і раёне 1764 чал. З 16.4.1952 гар. пасёлак, у 1959—62 у Камянецкім, у 1962—63 у Кобрынскім р-нах. У 1959—2,9 тыс.ж. З 23.12.1970 горад.
Асфальтабітумны з-д, прадпрыемствы харч. (найб. значны Жабінкаўскі цукровы завод), буд. прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (1885).
Літ.:
Бензярук А. Наш край — Жабінкаўшчына. Брэст, 1996.