КАЗЛО́ЎСКІ (Восіп) (Юзаф) Антонавіч (1757, б. хутар Казлоўскі, Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл. — 11.3.1831),

кампазітар. Муз. адукацыю атрымаў у капэле св. Яна ў Варшаве. З 1775 настаўнік музыкі М.​К.​Апнскага ў Слоніме. У 1786—96 афіцэр рус. арміі. У 1799—1819 у Дырэкцыі імператарскіх т-раў у Пецярбургу (з 1803 дырэктар музыкі). У апошнія гады жыцця разам з дачкой арфісткай М.​Казлоўскай кіраваў хорам і аркестрам графа Мурамцава ў Прапойску (сучасны г. Слаўгарад Магілёўскай вобл.). Адзін з пачынальнікаў рус. раманса (найб. каштоўны зб. «Расійскія песні» з 30 твораў на тэксты рус. паэтаў). Аўтар героіка-патрыят. паланэзаў для хору і аркестра, у т. л. «Гром перамогі, гучы», манум. «Рэквіема» (1798), уверцюр і антрактаў для аркестра, якія падрыхтавалі глебу для рус. праграмнага сімфанізму, музыкі да трагедый У.​Озерава, Я.​Княжніна, П.​Каценіна і інш. Наблізіў жанр «трагедыі на музыцы» да оперы.

Літ.:

Дадзіёмава В. Восіп Казлоўскі. Мн., 1995.

т. 7, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)