КАЛАКО́ЎСКІ ((Kołakowski) Лешак) (н. 23.10.1927, г. Радам, Польшча),

польскі філосаф. Чл. Польскай АН з 1991. Праф. Варшаўскага ун-та (1964—68). У 1966 выключаны з Польск. аб’яднанай рабочай партыі. У 1968 (пасля сакавіцкіх студэнцкіх дэманстрацый) пазбаўлены кафедры, эмігрыраваў. З 1970 праф. Оксфардскага ун-та. У сваіх поглядах першапачаткова прыхільнік марксізму-ленінізму, пазней яго крытык. Даследуе праблемы гісторыі, філасофіі, філасофіі культуры (асабліва рэлігіі), аксіялогіі і гнасеалогіі. Аўтар фундаментальнай працы «Галоўныя плыні марксізму. Узнікненне—развіццё—распад» (т. 1—3, 1976—78), прысвечанай гісторыі марксізму. Сярод інш. прац: «Светапогляд і штодзённае жыццё» (1957), «Пазітывісцкая філасофія» (1966), «Культура і фетышы» (1967), «Прысутнасць міфа» (1972). «Гусерль і пошукі пэўнасці» (1975), «Рэлігія: калі Бога няма» (1982), «Honor metaphysicus» (1988), «Цывілізацыя на лаве падсудных» (1990).

Літ.:

Flis M. Leszek Kołakowski—teoretyk kultury europejskiej. Kraków, 1992;

Kłoczowski J.A. Więcej nit mit. Leszka Kołakowskiego spory o religię. Kraków, 1994.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 7, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)