народная назва хрысц. свята з нагоды ўваходу Гасподняга ў Іерусалім. Адзначаецца ў апошнюю перад Вялікаднем нядзелю, да якой прымеркаваны абрад асвячэння вярбы (адсюль назва). У аснове свята евангельскае паданне пра Ісуса Хрыста, які перад прыняццем пакутніцкай смерці на крыжы прыйшоў у Іерусалім, дзе народ вітаў яго пальмавымі галінкамі. На Беларусі ў праваслаўных і католікаў ролю пальмавых галінак выконвае вярба. Яе ўпрыгожваюць каляровымі стужкамі, засушанымі кветкамі, травамі, каласкамі і інш.Пасля асвячэння вярба лічылася святыняй у хаце (разам з асвячонай на Вадохрышча вадой і грамнічнымі свечкамі). Бытуе павер’е, што вярба валодае магічнымі ўласцівасцямі, здольная адпужваць злых духаў, засцерагаць ад бяды і няшчасцяў; сяляне рабілі «вербнае прывітанне» — датыкаліся вярбой да дзяцей, хворых, адзін да аднаго, што павінна было надаць ім моцы і здароўя; гаспадары абыходзілі з вярбой будынкі для жывёлы, агарод, азімае поле. Вярбу давалі пастухам пры першым выгане жывёлы ў поле, з ёю заворвалі поле і інш. Каб спыніць хваробу, засцерагчы ад згубы, чалавека і жывёлу акурвалі вярбой (нярэдка разам з ядлоўцам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРНІКО́ЎСКІ (Тодар Міхайлавіч) (1861, в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 1930-я г.),
бел. грамадскі, паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў духоўных вучылішчы і семінарыі ў Мінску, тэхнал. ін-це ў Пецярбургу. Працаваў у Сял. пазямельным банку, Зах. экспедыцыі па асушэнні балот і арашэнні паўд. зямель, Мін-ве земляробства і дзярж. маёмасцей Рас. імперыі. У 1-й Дзярж. думе кансультант камісіі па зямельным паляпшэнні гаспадаркі ў Расіі. У 1917—18 скарбнік Мінскага бел.нар. прадстаўніцтва, чл. Рады БНР. Ва ўрадзе БНР на чале з Р.Скірмунтам — дзярж. скарбнік, на чале з Я.Серадой — нар. сакратар гандлю і прам-сці, гаспадаркі, дзярж. кантралёр. У 1919—20 чл.Бел.нац.к-та, старшыня бежанскага к-та і т-ва «Бацькаўшчына» ў Гродне, чл.Цэнтр.бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, скарбнік культ.-асв.т-ва «Заранка», адміністратар Бел.т-ра ў Мінску. Пасля 1921 у Вільні. У 1928—29 рэдактар газ. «Грамадзянін». У 1930 старшыня Бел. праваслаўнага к-та па беларусізацыі царквы. Адзін з арганізатараў культ.-асв.т-ва «Прасвета».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЁН, Вільён (Villon) Франсуа (сапр.дэ Манкарб’е або дэ Лож; de Montcorbier, des Loges; каля 1431, Парыж — пасля 5.1.1463), французскі паэт. Скончыў Сарбону (1452). Не парываючы са студэнцкай багемай, Віён стаў заўсёднікам парыжскіх тавернаў і прытонаў, сябраваў з крымінальнікамі, валацужнічаў па Францыі. Усё гэта адбілася ў паэзіі Віёна, яскравай і своеасаблівай, дзе побач з матывамі пераходнасці, недаўгавечнасці ўсяго існага, захаплення ўцехамі жыцця і каханнем выступаюць і сац. матывы. Абвінавачваўся ў злачынствах, неаднаразова трапляў у турму, у 1463 прыгавораны да смяротнай кары, замененай на дзесяцігадовае выгнанне. Далейшы лёс Віёна невядомы. Аўтар «Малога запавету» (1456) і «Вялікага запавету» (1461), «Балады пра павешаных» (1463). Асобныя яго вершы на бел. мову перакладалі З.Колас, А.Зарыцкі.
Тв.:
Бел.пер. — Балада ісцін навыварат;
Чатырохрадкоўе // Наша слова. 1992. № 29;
Рус.пер. — Стихи. М., 1963;
Лирика. М., 1981.
Літ.:
Сент-Бёв Ш. Франсуа Вийон // Сент-Бёв Ш. Литературные портреты: Критич. очерки: Пер. с фр.М., 1970;
Косиков Г.К. Франсуа Вийон // Villon F. Oeuvres. М., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка ў 1795—91 і 1801—1920 на тэр. Літвы і Беларусі (да 1840 Літоўска-Віленская губерня). Цэнтр — г.Вільня. Утворана пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795). 6.2.1797 зліта са Слонімскай губ. у адну Літоўскую губерню. Адноўлена паводле ўказа Аляксандра I (9.9.1801) пры падзеле апошняй на Гродзенскую і Віленскую губ. Уключала 11 паветаў: Ашмянскі, Браслаўскі (Новааляксандраўскі), Віленскі, Вількамірскі, Завілейскі, Ковенскі, Расіенскі, Трокскі, Упіцкі (Панявежскі), Цяльшэўскі і Шавельскі. У 1843 частка паветаў перададзена новаўтворанай Ковенскай губ. У складзе Віленскай губерні засталіся: Ашмянскі, Віленскі, Свянцянскі (Завілейскі) і Трокскі пав.; да іх далучаны з Гродзенскай губ. Лідскі, з Мінскай губ. — Дзісенскі і Вілейскі пав. Уваходзіла ў Віленскае генерал-губернатарства. Паводле перапісу 1897, нас. 1591,2 тыс.чал., з іх 56% беларусаў, 17,6 літоўцаў, 12,7 яўрэяў, 8,2% палякаў; паводле веравызнання: 58,8% католікаў, 27,7 праваслаўных, 12,9% іудзеяў. У 1915 пл. губерні 36 825 кв. вёрст, нас. 2083 тыс.чал. У 1920 большая частка Віленскай губерні склала Віленскае ваяводства; астатняя тэр. адышла да Літвы, невял. частка Вілейскага пав. — да БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ ПАВЕТ,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ, Рас. імперыі, Літ.-Бел. ССР, Польшчы ў 15—20 ст. Утвораны ў складзе ВКЛпасля Крэўскай уніі 1385, уваходзіў у Віленскае ваяводства. Павятовы цэнтр — г. Вільня. Тэр. павета ўдакладнена ў ходзе адм.-тэр. рэформы 1565—66 і замацавана Статутам Вялікага княства Літоўскага 1588. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) павет адышоў да Рас. імперыі, з 14.12.1795 у Віленскай, з 12.7.1797 у Літоўскай, з 9.9.1801 зноў у Віленскай губ.Пл. павета 5434 кв. вярсты, нас. (без гарадоў) 355 855 чал. (1897). Жылі беларусы, літоўцы, яўрэі, палякі, рускія. У складзе павета было 19 валасцей, г. Нова-Вілейск, 32 мястэчкі, 3059 паселішчаў сельскага тыпу. У 1-ю сусв. вайну павет у жн. 1915 акупіраваны герм. войскамі. Са студз. 1919 у Літ. ССР, з лют. 1919 у Літ.-Бел. ССР, з крас. 1919 у Польшчы. У ліп. 1920 заняты Чырв. Арміяй. Паводле дагавора паміж РСФСР і Літвой ад 12.7.1920 разам з інш. землямі перададзены Літве. 9.10.1920 акупіраваны польскімі войскамі ген. Л.Жалігоўскага. Пастановай СМ Польшчы ад 6.4.1922 Віленскі павет уключаны ў склад Віленскага ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВИ́ЛЕНСКИЙ ВЕ́СТНИК»
(«Kurier Wileński»),
палітычная і літаратурная газета Паўн.-Зах. краю. Выдавалася з 1841 да 1915 у Вільні (з кастр. 1915 да 1916 у Гомелі) на польскай і рускай, з 1865 на рус. мове. Замяніла газ. «Kurier Litewski» («Літоўскі веснік»). Рэдактары Э.І.Адынец, А.К.Кіркор, П.Р.Бывалькевіч і інш. Напачатку мела паланафільскі кірунак, пасля задушэння паўстання 1863—64 стала прапагандаваць рускамоўную школу, правасл. царкву і інш.
Пэўную папулярнасць газета мела ў 1860—65, калі яе рэдагаваў Кіркор; змяшчала матэрыялы па бел. этнаграфіі, гісторыі, л-ры; друкавала навук. працы і літ. творы В.І.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, А.І.Вярыгі-Дарэўскага, Я.Ф.Карскага, М.В.Доўнар-Запольскага і інш. У 1870—90 асвятляла пытанні культуры і быту, пісала аб забавах віленскай знаці, заезджых знакамітасцях, зрэдку пра эканам. і паліт. жыццё Расіі і замежжа. Бел. праблемы газету мала цікавілі. Мела дадаткі: «Сельское чтение. Еженедельный народный журнал» (1877—78), «Виленский вестник. Телеграммы и вести о войне» (1904; 1914), «Виленский вестник. Еженедельное иллюстрированное приложение» (1905), «Вечерний Виленский вестник» (1915).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНТО́ЎКА,
індывідуальная агнястрэльная зброя з вінтавой нарэзкай у канале ствала. Нарэзка надае кулі вярчальны рух, які забяспечвае яе ўстойлівы палёт, большую далёкасць і трапнасць стральбы. Калібр вінтоўкі ад 5,6 да 7,62 мм.
Першыя вінтоўкі з’явіліся ў 16 ст. У Расіі наз. пішчалямі, штуцэрамі, з 1856 — вінтоўкамі. У 1868 прынята на ўзбраенне вінтоўка пад метал. патрон — бярданка, у 1891 — трохлінейная (г. зн. калібру 7,62 мм) магазінная (на 5 патронаў) вінтоўка С.І.Мосіна (з нязначнымі мадэрнізацыямі была на ўзбраенні больш за 60 гадоў). Яе скарастрэльнасць 10—12 стрэлаў за мінуту, прыцэльная далёкасць да 2 км. У 1907 на яе аснове створаны карабін. Пасля 2-й сусв. вайны выкарыстоўваюцца пераважна аўтам. вінтоўкі (з ёмістасцю магазіна да 50 патронаў, скарастрэльнасцю да 200 стрэлаў за мінуту, прыцэльнай далёкасцю да 500 м), карабіны (у т. л. самазарадныя), снайперскія вінтоўкі (з аптычнымі і начнымі прыцэламі). Сучасныя вінтоўкі звычайна маюць штык і прыстасаванні для стральбы (да 500 м) вінтовачнымі гранатамі. Пашыраны таксама спарт. вінтоўкі.
Аўтаматычныя вінтоўкі: 1 — M16A1 (ЗША); 2 — FA MAS (Францыя); 3 — FN (Бельгія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЬБІЧ (Юрка) (сапр.Шчарбакоў Георгій; 15.6.1905, г. Веліж Смаленскай вобл. — 4.1.1975),
бел. пісьменнік і культ. дзеяч. У 1922—33 працаваў у Маскве на хім. заводзе. Пераехаў на Беларусь, удзельнічаў у напісанні гісторыі віцебскіх, гомельскіх і барысаўскіх фабрык. Быў удзельнікам Віцебскай, Гомельскай, Беластоцкай экспедыцый, узначальваў Аршанскую экспедыцыю па даследаванні, уліку і ахове помнікаў гісторыі, архітэктуры і мастацтва. У час Вял.Айч. вайны супрацоўнічаў з фашыстамі, быў членам т.зв.Цэнтр. ўрада бел.культ. згуртавання. З 1944 у Германіі, у 1946 стварыў бел.літ. згуртаванне і час. «Шыпшына», арганізаваў выданне час. праваслаўных беларусаў «Звіняць званы св. Сафіі». Пасля пераехаў у ЗША. Друкаваўся з 1929 у час. «Узвышша». Першая кн. прозы «Смерць Ірмы Лаймінг» (1932). У 1937 выдаў кн. «Формула супраціўлення касцей», у 1944 у Берліне — зб. публіцыстыкі «Веліжскія паўстанцы» і «Нацыянальныя святыні». Аўтар кн. «Плыве з-пад Святое гары Нёман» (ч. І, Мюнхен, 1956), «Мы дойдзем» (Нью-Йорк, 1974, на рус. мове). Пакінуў успаміны пра бел. пісьменнікаў.
Тв.:
Плыве з-пад Святое гары Нёман: Рэпр. выд.Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬГА (пасля хрышчэння Алена; ? — 969),
вялікая княгіня кіеўская [945—957], жонка кн. Ігара. Паводле некаторых звестак, паходзіла з Пскова. Кіравала дзяржавай пры непаўналетнім Святаславе Ігаравічу, пазней — у час яго паходаў. Жорстка расправілася з драўлянамі, якія паўсталі ў 945 і забілі яе мужа за непамерную даніну: спаліла іх гал.г. Іскорасцень (946) і загадала забіць каля 5 тыс.чал. «Аповесць мінулых гадоў» расказвае пра паход Вольгі ўлетку 947 да Пскова. Паводле Віцебскага летапісу, заклала на месцы будучага г. Віцебска драўляны замак (наз. ад р. Віцьба), пабудавала ў Верхнім замку мураваную царкву св. Міхаіла, а ў Ніжнім — Благавешчання. Каб умацаваць гандл. і паліт. сувязі з Візантыяй, двойчы (946, 955) ездзіла ў Канстанцінопаль, была ўрачыста прынята візант. імператарам Канстанцінам VII, у час другой паездкі прыняла хрысціянства. Падтрымала дыпламат. адносіны з герм. каралём Атонам I, з якім абмянялася пасольствамі. Кананізавана рус.правасл. царквою.
Літ.:
Сахаров А.Н. «Мы от рода русского...»: Рождение рус. дипломатии. Л., 1986. С. 226—250;
Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. М., 1991. Т. 1. С. 97—104.
орган улады, створаны 3.1.1918 Радай Усебеларускага з’езда 1917.
Першапачаткова быў правобразам урада Беларусі. У яго ўвайшлі Я.Я.Варонка (старшыня), П.А.Бадунова, Т.Т.Грыб, М.М.Касцевіч, А.У.Прушынскі (А.Гарун), С.А.Рак-Міхайлоўскі, І.М.Серада, Л.І.Заяц, Я.Л.Дыла, І.В.Лагун. Пасля выезду з Мінска Аблвыкамзаха і СНКЗах. вобласці і фронту 19.2.1918 Выканком стаў легальным органам улады. 20.2.1918 ён выдаў Першую Устаўную грамату, у якой абвяшчаў сябе найвышэйшай часовай уладай Беларусі «для кіравання краем і склікання, як можна хутчэй, Усебеларускага Устаноўчага Сойму». 21.2.1918 сфарміраваў урад — Народны сакратарыят Беларусі на чале з Варонкам — і ўсклаў на яго выканаўчую ўладу. 9.3.1918 Выканком выдаў Другую Устаўную грамату, якая абвясціла стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).
Рада Усебел. з’езда абвясціла сябе Радай БНР і т.ч. узяла на сябе функцыі парламента. У перыяд паміж пленарнымі пасяджэннямі Рады БНР вышэйшым органам дзярж. улады быў яе Прэзідыум на чале са старшынёй Рады. Выканком спыніў існаванне.