НА́ЦЫЯ (ад лац. natio племя, народ),

устойлівая этнасац. супольнасць людзей, якія пражываюць на адной тэр., звязаны агульным эканам. і сац.-паліт. жыццём, маюць адзіную культуру, мову і самасвядомасць. У працэсе гіст. развіцця прыходзіць на змену народнасці і ўяўляе сабой больш высокую ступень самаарганізацыі і кансалідацыі этнасу. Прадстаўнікі псіхал. тэорыі разглядаюць Н. як суб’ектыўнае пачуццё, жаданне і волю адвольнай групы людзей (Г.​Кон, К.​Іглтан, В.​Сульбах) або як супольнасць людзей, звязаных агульнасцю іх характараў, гіст. памяццю і імкненнем жыць разам (О.​Баўэр, Э.​Рэнан). Паводле М.​Вебера і П.​А.​Сарокіна, Н. — чалавечая супольнасць, якая аб’яднана агульнасцю мовы, рэлігіі, звычаяў або лёсу. Этатычныя тэорыі зыходзяць з таго, што Н. ўтвараюць людзі не абавязкова аднаго этн. паходжання, але якія адносяцца да дадзенай дзяржавы як да сваёй Бацькаўшчыны.

Сучасныя Н. зараджаліся і фарміраваліся з 15—17 ст. разам з развіццём і універсалізацыяй капіталіст. адносін. У выніку развіцця таварнай вытв-сці, гандлю, складвання рэгіянальных і агульнанац. рынкаў пераадольвалася былая адасобленасць насельніцтва, якое размаўляла на адной мове. Утварэнне адзінай нацыянальнай мовы і паглыбленне кансалідацыйных працэсаў у розных сферах жыцця садзейнічала складванню агульнанац. культуры, фарміраванню асаблівасцей нацыянальнага характару і менталітэту, узнікненню нацыянальнай самасвядомасці. Нац. дзяржавы склаліся на аснове аб’яднання этн. груп (немцы, італьянцы) або іх вылучэння з поліэтн. імперый (Аўстра-Венгерская, Атаманская, Расійская). Некаторыя Н. ўзнікалі ў выніку трансфармацыі адной народнасці, другія — шляхам аб’яднання ў Н. шэрагу блізкіх па мове і культуры народнасцей (франц. і паўн.-амер. Н.). У краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі працэс фарміравання Н. непасрэдна быў звязаны з працэсам распаду каланіяльнай сістэмы і ўтварэннем новых незалежных дзяржаў. У СССР і інш. сацыяліст. краінах Н. базіравалася на пэўнай сац.-класавай структуры і нац. складзе насельніцтва асобных рэгіёнаў і тэрыторый.

Бел. Н. сфарміравалася на аснове этн. і сац. супольнасці, папярэдняй феад. эпохі. Прыхільнікі старажытнарус. канцэпцыі генезісу і развіцця бел. Н. лічаць, што ёй папярэднічала бел. народнасць, якая разам з рус. і ўкр. узнікла на базе народнасці, што існавала ў Кіеўскай Русі. Існуе пункт погляду, паводле якога аснову бел. народнасці, што пазней кансалідавалася ў Н., складалі ўсх.-слав. плямёны (крывічы, дрыгавічы, радзімічы) і асобныя групы зах.-слав. і балцкай этн. супольнасцей. Пэўны ўзровень гандл.-эканам. сувязей, моцнай дзярж.-тэр. інтэграцыі і ўсведамленне прыналежнасці да сваёй агульнай Бацькаўшчыны, якімі адрознівалася ўжо сфарміраваная бел. народнасць у перыяд Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, стварылі аб’ектыўныя перадумовы для паглыблення кансалідацыйных працэсаў і яе паступовага пераўтварэння ў Н. Пасля далучэння бел. зямель да Расійскай імперыі ў канцы 18 ст. працягваўся працэс кансалідацыі бел. народнасці і паступовага пераходу да новага этапу развіцця бел. этнасу ад народнасці да Н.; гэты працэс у пэўным сэнсе стрымліваўся адсутнасцю дзярж. аб’яднання на нац. тэрыторыі. Да канца 19 — пач. 20 ст. была канчаткова ліквідавана гасп. адасобленасць усіх абласцей Беларусі, сфарміраваўся мясц. нац. рынак, што прывяло да ўтварэння асн. прыкмет бел. Н. — адзінства эканам. жыцця, бел. літ. мовы, бел. нац. тэрыторыі, культуры. Аб’ектыўныя працэсы кансалідацыі бел. народнасці ў Н. арганічна ўвязваліся з неабходнасцю сац.-эканам. і дэмакр. пераўтварэнняў у грамадстве, барацьбой за дасягненне суверэнітэту, забеспячэнне права на самаст. паліт. і культ. развіццё. У 1918 была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, у 1919 — Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. З уз’яднаннем Заходняй Беларусі з БССР у 1939 была завершана тэр. кансалідацыя бел. Н. У 1993 створана суверэнная незалежная Рэспубліка Беларусь. Далейшае паглыбленне працэсу кансалідацыі бел. Н. адбываецца на аснове дэмакр. і нац.-культ. каштоўнасцей, выкарыстання сваёй гіст.-культ. спадчыны, дасягненняў інш. культур і народаў, забеспячэння свабоднага развіцця бел. дзяржавы як раўнапраўнага члена еўрап. і агульначалавечай супольнасці. Гл. таксама Беларусь, Беларусы.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 1—3. Варшава;

Пг., 1903—22;

Яго ж. Беларускі народ і яго мова. Мн., 1920;

Цвікевіч А. Адраджэньне Беларусі і Польшча. Мн.;

Вільня;

Берлін, 1921;

Ленін У.І. Аб праве нацый на самавызначэнне // Тв. Т. 20 (Полн. собр. соч. Т. 25);

Бромлей Ю.В. Очерки теории этноса. М., 1983;

Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: Новая концепция. Мн., 1991;

Лыч Л.М. Беларуская нацыя і мова: Літ.-гіст. арт. Мн.. 1994;

Уайт Ф.Л. Што ёсьць нацыянальнасьць?: Пер. з англ. // Бел. гіст. агляд. 1994. Т. 1, сш. 1;

Гісторыя Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1998.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 11, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1921,

дагавор паміж РСФСР і УССР з аднаго боку і Польшчай з другога пра спыненне польска-сав. вайны 1919—20 (гл. ў арт. Савецка-польская вайна 1920) і нармалізацыю адносін; падпісаны 18.3.1921 у Рызе. У ходзе польска-сав. вайны, развязанай Польшчай пры ваен.-матэрыяльнай і дыпламат. падтрымцы краін Антанты, што па часе супала з грамадз. вайной у Расіі, урады БССР, Літ.-Бел. ССР і РСФСР неаднойчы заклікалі польскі ўрад «вырашыць палюбоўна і міралюбіва ўсе спрэчныя і тэр. пытанні». Але Польшча не адказвала, бо не прызнавала БССР як суб’ект міжнар. права, імкнулася захапіць бел., укр. і літ. землі, аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772. Дзяржавы Антанты прапаноўвалі вызначыць усх. мяжу Польшчы паводле «Керзана лініі». Толькі пасля контрнаступлення сав. войск (ліп. 1920), а потым іх паражэння ў Варшаўскай аперацыі 1920 польскі бок пагадзіўся на перагаворы (пачаліся 17.8.1920 у Мінску, з 21.9.1920 працягваліся ў Рызе). Яны праходзілі без удзелу прадстаўнікоў БССР і БНР, бо ў гэтым не былі зацікаўлены як Польшча і Антанта, так і РСФСР. Дзеля заключэння міру сав. ўрад быў гатовы пайсці на значныя тэр. ўступкі, у т. л. за кошт бел. зямель. А.Р.Чарвякоў — кіраўнік (да пач. кастр. 1920) дэлегацыі БССР (знаходзілася ў Рызе з 18.9.1920) ставіў перад кіраўніком рас. дэлегацыі А.​А.​Іофе пытанне пра допуск сваёй дэлегацыі на перагаворы, але Іофе адмовіў. ВРК БССР даручыў прадстаўляць інтарэсы рэспублікі на перагаворах рас. боку, што потым пацвердзіў Другі Усебеларускі з’езд Саветаў (снеж. 1920). 25.9.1920 Польшча прызнала паўнамоцтвы дэлегацыі УССР. 12.10.1920 падпісаны дагавор аб перамір’і і прэлімінарных умовах міру. Канчатковы дагавор ад 18.3.1921 (ад імя БССР яго падпісалі Іофе і інш. прадстаўнікі РСФСР) складаўся з 26 артыкулаў і 10 дадаткаў. Бакі пацвердзілі незалежнасць БССР. Да Польшчы адыходзілі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна, усх. мяжа Польшчы (дзяржавы Антанты афіцыйна прызналі яе ў 1923) устанаўлівалася на У ад «лініі Керзана» (гл. карту). Бакі абавязаліся паважаць дзярж. суверэнітэт адзін аднаго, не дапускаць на сваіх тэрыторыях утварэння і знаходжання арг-цый і груп, дзейнасць якіх магла быць скіравана супраць аднаго з бакоў, адмаўляліся ад умяшання ва ўнутр. справы і варожай прапаганды; Польшча абавязалася забяспечыць беларусам, украінцам і рускім свабоду веравызнання і развіцця іх культуры і мовы, тое ж атрымлівалі палякі на тэр. БССР, УССР і РСФСР (на практыцы многае з гэтага парушалася). Бакі ўзаемна адмаўляліся ад патрабаванняў вярнуць выдаткі і страты, прычыненыя ў час вайны, прадастаўлялі грамадзянам поўную амністыю за паліт. злачынствы. РСФСР і УССР пагадзіліся вярнуць Польшчы ваен. трафеі, вывезеныя з гэтай краіны са студз. 1772, а таксама архівы, б-кі і інш. культ. каштоўнасці, вывезеныя з Польшчы ў Расію ў час 1-й сусв. вайны. Польшча вызвалялася ад адказнасці за даўгі і інш. фін. абавязацельствы былой Рас. імперыі, Расіі належала выплаціць Польшчы 30 млн. руб. золатам за ўклад апошняй у рас. эканоміку. Неадкладна пасля падпісання дагавора ўстанаўліваліся дыпламат. адносіны паміж бакамі. Дадаткі да Р.м.д. рэгулявалі эканам. і юрыд. пытанні. Дагавор ратыфікаваны Прэзідыумам ВЦВК 14.4.1921, Польшчай — 16.4.1921, УВК УССР — 17.4.1921; абмен ратыфікацыйнымі граматамі адбыўся ў Мінску 30.4.1921.

Супраць падрыхтоўкі і падпісання Р.м.д. пратэставалі Бел. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), кіраўніцтва БНР (В.Ластоўскі і інш.), прадстаўнікі нац. інтэлігенцыі БССР. У прынятым 25.3.1921 урадам БНР звароце «Усяму культурнаму свету» заяўлялася пра непрызнанне дагавора бел. народам. Адозва ЦК БПС-Р «Да лепшых сыноў польскай нацыі» заклікала прагрэс. дэмакр. сілы Польшчы да выступлення супраць несправядлівага ў адносінах да Беларусі Рыжскага міру. Напярэдадні падпісання дагавора ЦК КП(б)Б санкцыянаваў арышт у БССР 860 бел. эсэраў і больш як 60 дзеячаў БСДП і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў, што сарвала акцыі бел. эсэраў супраць падзелу Беларусі. Дагавор асудзілі Першая Усебеларуская канферэнцыя (1921, Прага), Другая Усебеларуская канферэнцыя (1925, Берлін), а таксама праз друк бел. пісьменнікі Я.​Купала, Я.​Колас, У.​Дубоўка, А.​Дудар. Р.м.д. дзейнічаў да пач. 2-й сусв. вайны і далучэння Зах. Беларусі і Зах. Украіны да СССР (адпаведна ў складзе БССР і УССР; 1939).

Літ.:

Пічэта У. Польска-савецкія адносіны і Рыжскі мір // Полымя. 1928. № 4;

Ольшанский П.Н. Рижский договор и развитие советско-польских отношений, 1921—1924. М., 1974;

Дуж-Душэўскі К. Беларусь і Рыжскі мір // Спадчына. 1995. № 6;

Dąbski J. Pokój ryski. Warszawa, 1931;

Kumaniecki J. Pokój polsko-radziecki, 1921. Warszawa, 1985.

С.​А.​Бародзіч, У.​М.​Міхнюк.

т. 13, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРО́ЦКІ Леў Давыдавіч (сапр. Бранштэйн Лейба; 7.11.1879, в. Янаўка Аляксандраўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 20.8.1940),

палітычны і дзярж. дзеяч. Скончыў рэальнае вучылішча ў г. Мікалаеў (1897). У 1903—07 меншавік, пазней займаў прамежкавае становішча паміж бальшавікамі і меншавікамі і выступаў за іх аб’яднанне. У 1905 у асн. распрацаваў тэорыю «перманентнай» (няспыннай) рэвалюцыі; лічыў, што пралетарыят Расіі пасля ажыццяўлення дэмакр. (буржуазнай) рэвалюцыі адразу пачне сацыяліст. рэвалюцыю, якая пераможа толькі пры дапамозе сусв. пралетарыяту. У рэвалюцыю 1905—07 фактычны лідэр Пецярбургскага Савета рабочых дэпутатаў, рэдактар яго газ. «Известия». У 1907—17 у эміграцыі. У 1908—12 быў рэдактарам газ. «Правда». У 1-ю сусв. вайну стаяў на інтэрнацыяналісцкіх пазіцыях. У жн. 1917 на чале створанай ім Міжраённай аб’яднанай арг-цыі сацыял-дэмакратаў-інтэрнацыяналістаў (каля 4 тыс. чал.) уступіў у бальшавіцкую партыю. У кастр.—ліст. 1917 старшыня Петраградскага Савета, фактычны кіраўнік Петраградскага ВРК, адзін з кіраўнікоў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 у Петраградзе. Чл. ЦК бальшавіцкай партыі са жн. 1917 да кастр. 1927, Палітбюро ЦК (кастр. 1917, сак. 1919 — кастр. 1926). У 1917—18 нарком замежных спраў РСФСР, у 1918—25 нарком па ваен. і марскіх справах, старшыня Рэўваенсавета СССР (да 1923 — РСФСР). З 1925 чл. Прэзідыума ВСНГ СССР. У канцы 1917 — пач. 1918 узначальваў сав. дэлегацыю на мірных перагаворах з Германіяй і яе саюзнікамі (ш. Брэсцкі мір 1918), ад удзелу ў якіх адхіліў прадстаўнікоў Рады БНР. Спадзеючыся, што з прычыны рэв. ўздыму ў Германіі і Аўстра-Венгрыі іх войскі не здолеюць наступаць, Т. 10.2.1918 адмовіўся падпісаць мірны дагавор на прапанаваных аўстра-герм. блокам цяжкіх для Расіі ўмовах і пакінуў з дэлегацыяй Брэст, хоць ведаў, што гэта аўтаматычна вядзе да спынення перамір’я на фронце. 14.2.1918 пазіцыю Т. падтрымаў ЦВК РСФСР. Насуперак разлікам Т., герм.-аўстр. войскі 18.2.1918 разгарнулі наступленне па ўсім фронце. У выніку былі акупіраваны б.ч. Беларусі (да Дняпра і Зах. Дзвіны) і многія інш. тэрыторыі, а Брэсцкі мір падпісаны 3.3.1918 Р.Я.Сакольнікавым на больш цяжкіх умовах. Т. — адзін са стваральнікаў рэгулярнай Чырв. Арміі, асабіста кіраваў яе дзеяннямі на многіх франтах грамадз. вайны, шырока выкарыстоўваў жорсткія захады для падтрымання дысцыпліны і навядзення «рэв. парадку» на фронце і ў тыле. У час наступлення польскіх войск быў на Беларусі (Гомель, Мінск), выдаў шэраг загадаў, у прыватнасці аб узяцці г. Барысаў. Сэнс існавання сав. улады ў Расіі і ў СССР Т. бачыў у «падштурхоўванні», у т. л. ваен. сродкамі, сусв. пралетарскай рэвалюцыі. У 1919 ён прапаноўваў ЦК партыі «перакінуць» рэвалюцыю ў Азію, у 1923 — увесці Чырв. Армію ў Германію.

Сац.-эканам. лад Расіі і СССР Т. называў дзярж. капіталізмам, лічыў, што будаўніцтва сацыялізму тут магчыма толькі пры дапамозе вядучых краін Еўропы, дзе спачатку павінны былі перамагчы пралетарскія рэвалюцыі. Т. і яго прыхільнікі («трацкісты») актыўна ўдзельнічалі ва ўнутрыпарт. дыскусіях пач. 1920-х г., у час якіх заклікалі да пашырэння метадаў «ваеннага камунізму», адзяржаўлення і мілітарызацыі прафсаюзаў, патрабавалі пашырэння парт. дэмакратыі і разам з тым больш цэнтралізаванай гасп. палітыкі, абвяшчалі лозунгі «дыктатуры прам-сці», «звышіндустрыялізацыі» краіны за кошт сялянства, якое лічылі рэакц. класам. Барацьба за лідэрства ў партыі і дзяржаве (пасля адыходу ў канцы 1922 ад спраў хворага У.А.Леніна) скончылася перамогай прыхільнікаў І.В.Сталіна. XIII парт. канферэнцыя (студз. 1924) асудзіла погляды Т. («трацкізм»), XV з’езд ВКП(б) (1927) абвясціў іх несумяшчальнымі з членствам у партыі, выключыў з партыі Т. разам з групай найб. актыўных прыхільнікаў. У 1928 Т. высланы ў Алматы, у 1929 — за мяжу. Жыў у Турцыі, з 1937 — у Мексіцы. Рэзка крытыкаваў палітыку тагачаснага кіраўніцтва СССР. Ініцыятар стварэння «Інтэрнацыянала 4-га» (1938). Забіты агентам сав. НКУС іспанцам Р.​Меркадэрам. У наш час прыхільнікі ідэй Т. дзейнічаюць у многіх краінах свету.

Тв.:

К истории русской революции. М., 1990;

Политические силуэты. М., 1990;

Сталин. Т. 1—2. М., 1990;

Литература и революция. М., 1991;

Моя жизнь. М., 1991.

Літ.:

Ленін У.І. Пісьмо да з’езду // Тв. Т. 36 (Полн. собр. соч.;

Т. 45);

Васецкий Н.А. О Троцком и троцкизме. М., 1989;

Яго ж. Троцкий: опыт политич. биогр. М., 1992;

Дойчер И. Троцкий в изгнании: Пер. с англ. М., 1991;

Кушинг Гранвилл Дж. Л.​Д.​Троцкий и Четвертый Интернационал: Пер. с англ. М., 1993;

Воейков М.И. Теоретическое наследие Л.​Троцкого и современность. М., 1994;

Космач Г.А., Космач Е.Н. Трагедия кумиров революции. Мн., 1994;

Лев Троцкий. Мн., 1998;

Волкогонов Д.А. Троцкий. Кн. 1—2. М., 1999.

У.​А.​Бажанаў.

т. 15, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАСО́ФІЯ ГІСТО́РЫІ,

гуманітарная дысцыпліна, якая даследуе гіст. рэальнасць і праблемы гіст. пазнання. Вывучае аб’ектыўныя заканамернасці і духоўна-маральны сэнс гіст. працэсу, прызначэнне і шляхі рэалізацыі сутнасных сіл чалавека ў гісторыі. У адрозненне ад гістарыяграфіі, Ф.г. выконвае ролю тэарэт. асэнсавання гісторыі.

Некат. даследчыкі лічаць, што Ф.г. ўзнікла ў Стараж. Грэцыі, дзе былі распрацаваны важныя для разумення гісторыі і пабудовы гіст. ведаў катэгорыі (рух, развіццё, узаемадзеянне асобы і грамадства). Але стараж.грэч. ўяўленні, паняцці і катэгорыі не склаліся ў закончаную сістэму філас. поглядаў на гіст. рэальнасць. У перыяд ранняга хрысціянства ўзнікла перыядызацыя гістарычная, сфармулявана ідэя гіст. прагрэсу (Аўгусцін), гіст. падзеі пачалі асэнсоўвацца з хрысц.-тэалагічных пазіцый: гісторыя ствараецца людзьмі, але ў яе аснове ляжыць Божая задума. Перадумовы стварэння ўласна Ф.г. ўзніклі ў 16—18 ст. (Ж.​Бадэн, Ф.​Бэкан, Т.​Гобс і інш.). Вальтэр упершыню ўжыў тэрмін «Ф.г.», пад якім разумеў універсальны агляд чалавечай культуры; у сваёй працы «Філасофія гісторыі» (1765) ён адмаўляў правідэнцыялізм і разглядаў гісторыю як творчасць людзей, а не выяўленне волі Бога. Дж.Віка прапанаваў ідэю аб’ектыўнага характару гіст. развіцця і распрацаваў гістарычнага кругавароту тэорыю. У 18—19 ст. Ф.г. развівалася пераважна ў выглядзе агульнай тэорыі гіст. развіцця.

І.​Г.​Гердэр разглядаў Ф.г. як спец. дысцыпліну, якая вывучае агульныя праблемы гісторыі і заклікана адказаць на пытанні, ці існуюць станоўчыя і нязменныя законы развіцця чалавечага грамадства і якія яны. Найвышэйшым дасягненнем традыц. Ф.г. стала тэорыя Г.Гегеля, які лічыў гал. крыніцай грамадскага развіцця аб’ектыўны розум, сусв. дух, абсалютную ідэю, што праходзілі розныя ступені свайго самаразвіцця. У 2-й пал. 19 ст. прадстаўнікі пазітывізму крытыкавалі традыц. Ф.г. і прапаноўвалі замяніць яе сацыялогіяй. Г.​Рыкерт вылучыў 3 значэнні тэрміна «Ф.г.»: усеагульная гісторыя (абагульненне гіст. працэсу і звядзенне «асобных» гісторый у адзіную сусветную); вучэнне аб прынцыпах гіст. быцця і пошуку сэнсу гісторыі; логіка гіст. пазнання. Яго трактоўку Ф.г. развівалі ў сваіх працах зах.-еўрап. і амер. філосафы, але зводзілі яе да гіст. тэорыі пазнання ці логікі і метадалогіі гісторыі (Р.​Дж.Колінгвуд, аналітычная філасофія і інш.).

У працэсе станаўлення як асобнай дысцыпліны Ф.г. набыла канцэптуальнае афармленне ў 3 асн. тэарэт. мадэлях. Метафізічная мадэль Ф.г. ўключае анталагічную праблематыку: вучэнне пра гіст. рэальнасць і гістарычны працэс, праблемы логікі гіст. развіцця, гіст. законаў і заканамернасцей, гіст. прагрэсу і рэгрэсу, свабоды і неабходнасці, сэнсу гісторыі (Гердэр, Гегель, М.А.Бярдзяеў, Ф.​Франк, М.Хайдэгер, К.Ясперс і інш.). Ідэя адзінства і разнастайнасці сусв. гіст. працэсу, пакладзеная ў аснову гэтай мадэлі, стала сістэмаўтваральнай для ўзнікнення фармацыйнай тэорыі марксізму, канцэпцыі лакальных цывілізацый (М.Я.Данілеўскі, О.Шпенглер, А.​Дж.Тойнбі), тэорый мадэрнізацый (Х.Парсанс, С.​М.​Ліпсет і інш.) і пасіянарных цыклаў (Л.М.Гумілёў) і інш. Эпістэмалагічная мадэль разглядае праблемы гіст. пазнання і ведаў, лагічнай структуры гіст. думкі, гіст. разумення і тлумачэння, метадалогіі і інтэрпрэтацыі гіст. крыніц, гіст. ісціны і навук. мадэліравання гіст. падзей (бадэнская шкала неакантыянства, неапазітывізм, К.​Г.​Гемпель, У.​Дрэй, А.С.Лапа-Данілеўскі, У.М.Хвастоў, Р.Ю.Біпер, М.М.Кавалеўскі, Г.​Г.​Шпет і інш.). Антрапалагічная мадэль сінтэзуе анталагічны і эпістэмалагічны падыходы ў Ф.г., акцэнтуе ўвагу на праблемах чалавечага быцця і свядомасці, выступае за міждысцыплінарнае даследаванне гісторыі (Г.П.Фядотаў, А.​Я.​Гурэвіч і інш.). Спалучэнне метафіз., эпістэмалагічнай і антрапал. мадэлей характэрна для тэорыі «ўсеадзінства» Л.Л.Карсавіна і тэорыі «культурнага сінтэзу» Э.​Трольча.

У сав. гуманіт. думцы Ф.г. не лічылася самаст. дысцыплінай. Філас.-гіст. праблематыка распрацоўвалася ў межах гістарычнага матэрыялізму (М.​А.​Барг, У.​Ж.​Келе, В.​І.​Мішын, Дз.​І.​Часнакоў і інш.). Да 1980-х г. у межах марксісцкай тэорыі вызначылася тэндэнцыя да абгрунтавання ўласнага статуса Ф.г. як гнасеалогіі, метадалогіі і логікі гісторыі (А.​І.​Ракітаў і інш.). У 1990-я г. на Беларусі тэарэт. праблемы Ф.г. і новыя метады гіст. даследаванняў распрацоўваюць У.​С.​Кошалеў, А.​М.​Нечухрын, У.​Н.​Сідарцоў і інш.

Літ.:

Гердер И.Г. Идеи к философии истории человечества: Пер. с нем. М., 1977;

Коллингвуд Р.​Дж. Идея истории: Автобиогр.: Пер. с англ. М., 1980;

Лооне Э.Н. Современная философия истории. Таллинн, 1980;

Бердяев Н.А. Смысл истории. М., 1990;

Гегель Г.В.Ф. Лекции по истории философии: Пер. с нем. Кн. 1—3. СПб., 1993;

Гобозов И.А. Введение в философию истории. М., 1993;

Карсавин Л.П. Философия истории. СПб., 1993;

Философия истории: Антология. М., 1995;

Арон Р. Избранное: Введение в философию истории: Пер. с фр. М.; СПб., 2000;

Русанова О.Ф. Философия и методология истории в XX в. Екатеринбург, 2000.

У.​С.​Кошалеў.

т. 16, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯГА́ЙЛА (у праваслаўі Якаў, у каталіцтве Уладзіслаў; 1352?—1.6.1434),

вялікі князь ВКЛ [1377—81, 1382—92], кароль Польшчы [1386—1434]. Заснавальнік дынастыі Ягелонаў. Старэйшы сын вял. князя ВКЛ Альгерда і цвярской князёўны Ульяны Аляксандраўны. Альгерд прызначыў Я. спадчынным уладальнікам трона ВКЛ. Вял. князем стаў у маі 1377. Адразу ўступіў у канфлікт з уплывовым дзядзькам, князем троцкім Кейстутам, які намагаўся захапіць велікакняжацкі трон. У адрозненне ад Кейстута, які быў прыхільнікам барацьбы на 2 франты — з крыжакамі і рус. княствамі, Я. намагаўся замацаваць усх. тэрыторыі нават за кошт часовай уступкі Жамойці крыжакам. У 1380 Я. заключыў з Залатой Ардой дагавор, накіраваны супраць Маскоўскага княства, і планаваў удзел у Кулікоўскай бітве 1380. Крыжакі выкарысталі дынастычную барацьбу і заключылі перамір’е ў 1379 з Кейстутам, а ў 1380 з Я. У 1381 Кейстут захапіў уладу ў Вільні, аднак у чэрв. 1382 Я. вярнуў сабе сталіцу, у час перагавораў захапіў Кейстута, які паводле загаду Я. быў задушаны ў Крэўскім замку. Я. абапіраўся на дапамогу Тэўтонскага ордэна, якому ў 1382 перадаў палову Жамойці і заключыў з ім перамір’е на 4 гады. Яго стрыечны брат Вітаўт увосень 1382 уцёк з Крэўскага замка да крыжакоў і заключыў з імі саюз. У 1383 Я. вёў вайну з крыжакамі, адбіў у іх гарады Коўна і Трокі. У 1383—84 вёў перагаворы з маскоўскім вял. князем Дзмітрыем Іванавічам Данскім аб саюзе супраць крыжакоў; саюз меркавалася ўмацаваць шлюбам Я. з дачкой Дзмітрыя, аднак гэты план не быў здзейснены. Я. паразумеўся з Вітаўтам, і той вярнуўся ў ВКЛ, дзе атрымаў ад Я. Падляшша і г. Гародню. Для барацьбы супраць крыжакоў Я. заключыў Крэўскую унію 1385. У 1386 прыняў каталіцтва, ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай і стаў каралём Польшчы (Уладзіслаў II). У 1387 здзейсніў хрышчэнне паводле каталіцкага абраду літоўцаў-язычнікаў і заснаваў Віленскае біскупства для Літвы і Беларусі (для Жамойці пазней утворана ўласнае біскупства). Яго намаганні падпарадкаваць ВКЛ польскай кароне выклікалі незадаволенасць большай часткі бел. і літ. феадалаў на чале з Вітаўтам. Вайна вялася некалькі гадоў і скончылася Востраўскім пагадненнем 1392, паводле якога Вітаўт прызнаваўся пажыццёвым намеснікам караля і вял. князем ВКЛ (фармальна з 1401). Улада Я. ў ВКЛ станавілася намінальнай, хаця ён меў тытул вярх. князя (які амаль ніколі не ўжываўся). Пастаянныя канфлікты з Тэўтонскім ордэнам прывялі да стварэння ваен. саюза паміж Польшчай і ВКЛ. У выніку заключана новая, Віленска-Радамская унія 1401. У Вялікай вайне 1409—11 з ордэнам саюзнікі атрымалі перамогу. У вырашальнай Грунвальдскай бітве 1410 галоўнакамандуючым быў Я. Пасля разгрому крыжакоў ён падпісаў Тарунскі мір 1411, паводле якога Жамойць перадавалася пажыццёва Вітаўту. Гарадзельская унія 1413 замацавала саюзныя адносіны паміж Польшчай і ВКЛ. У Польшчы Я. пацвердзіў ранейшыя прывілеі шляхты (1388), гарантаваў недатыкальнасць шляхецкіх маёнткаў (1422), забараніў сумяшчаць адм. і суд. пасады, у 1400 аднавіў Кракаўскі ун-т. Каб забяспечыць спадчыннасць трона для свайго старэйшага сына Уладзіслава, Я. ў 1430 яшчэ раз пацвердзіў правы шляхты і забараніў арышт шляхціцаў. Я. вёў актыўную палітыку ў дачыненні да «Свяшчэннай Рым. імперыі», Чэхіі і Венгрыі. Выступаў супраць гусітаў, падтрымліваў ідэю уніі каталіцкай і правасл. цэркваў. На Канстанцкім саборы 1414—18 дэлегацыя Я. дамагалася дыпламат. замацавання перамогі над Тэўтонскім ордэнам. Аднак канчатковае вырашэнне тэр. пытання адбылося пасля новай вайны з крыжакамі на тэр. ордэна. Паводле Мельнскага дагавора 1422 Жамойць замацавана за ВКЛ, невял. тэрыторыі атрымала і Польшча. У 1429 Я. падтрымаў план Вітаўта абвясціць ВКЛ каралеўствам, зыходзячы з разліку, што каралеўская карона пасля смерці Вітаўта пяройдзе да яго сына Уладзіслава. Аднак пад націскам каралеўскай рады Я. адмовіўся ад падтрымкі гэтага плана. Пасля смерці Вітаўта ў 1430 Я. прызнаў абранне на велікакняжацкі трон у Вільні свайго брата Свідрыгайлы, што выклікала незадавальненне польскіх паноў. У 1431 адбыўся ваенны канфлікт: польскае войска спрабавала захапіць Валынь. У 1432 у выніку перавароту вял. князем ВКЛ стаў Жыгімонт Кейстутавіч. Пачалася феад. вайна (гл. Свідрыгайлы паўстанне 1432—39), у якой Я. падтрымаў Жыгімонта. 15.10.1432 у Гародні адноўлена дзярж. унія Польшчы і ВКЛ. Прывілеем 1432 і Прывілеем 1434 Я. і Жыгімонт ураўнавалі ў маёмасных і асабістых правах феадалаў-католікаў і праваслаўных у ВКЛ. Пасля смерці Я. каралём Польшчы стаў яго сын Уладзіслаў III Варненчык.

Літ.:

Krzyźaniakowa J., Ochmański J. Władysław II Jagiello. Wroclaw etc., 1990.

А.​П.​Грыцкевіч.

Ягайла.

т. 18, кн. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯЎНІЧАЯ СПРАВА І ПАЛЯЎНІЧЫЯ ЗАКАЗНІКІ.

Паляванне і паляўнічая гаспадарка Беларусі маюць спартыўна-аматарскі кірунак, з’яўляюцца сферай матэрыяльнай вытворчасці (збор «ураджаю» дзічыны) і сродкам адпачынку людзей на ўлонні прыроды. У апошнія гады актыўна развіваецца міжнар. паляўнічы турызм — адна з крыніц валютнага прыбытку. У выніку палявання атрымліваюць далікатэсную мясную прадукцыю, пушніну, паляўнічыя трафеі. Паляўнічыя арганізацыі і юрыдычныя асобы арандуюць дзярж. паляўнічыя ўгоддзі агульнай пл. 17 635 тыс. га (на 1.1.2004) тэрмінам на 10 гадоў. Карыстальнікамі іх з’яўляюцца грамадскія аб’яднанні паляўнічых — 11 946 тыс. га (68%), Міністэрства лясной гаспадаркі (МЛГ) Рэспублікі Беларусь — 3635 тыс. га (21%), вытворчае аб’яднанне ваенных паляўнічых (ВАВП) — 1900 тыс. га (11%) і інш. Паляўнічым уладкаваннем ахоплена 84,6% усіх угоддзяў Беларусі, якія падзяляюцца на палявыя — 9408 тыс. га (53,4%), лясныя — 7024 тыс. га (39,8%), водна-балотныя — 1203 тыс. га (6,8%). Паляўнічая фауна ўключае 24 віды млекакормячых і каля 50 відаў птушак.

Кіраўніцтва паляўнічай гаспадаркай ажыццяўляе Мін-ва лясной гаспадаркі (прымае экзамены і выдае пасведчанні на права палявання) і Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Самая буйная паляўнічая арганізацыя — грамадскае аб’яднанне Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР; існуе з 1921), якое налічвае 66,5 тыс. чал. (на 1.1.2004). Кіруе таварыствам прэзідыум Рэспубліканскага савета на выбарнай аснове праз абласныя і раённыя саветы (больш за 2800 калектываў). БТПР існуе ў асноўным за кошт членскіх узносаў, якія складаюць 80% усіх даходаў таварыства. У паляўнічых гаспадарках працуе 1488 егераў, біёлагаў, паляўніцтвазнаўцаў-заолагаў, эколагаў і інш. На Беларусі 303 паляўнічыя гаспадаркі, у т. л. ў МЛГ — 138, БТПР — 114, ВАВП — 14, юрыдычных асоб — 10 і інш. Штогод паляўнічыя арганізацыі праводзяць улікі дзікіх жывёл, на аснове якіх плануецца здабыча; гл. табл.


Колькасць і аб’ём здабычы асноўных відаў дзікіх жывёл і птушак за 2002
Від Колькасць, тыс. асобін Аб’ём здабычы, тыс. асобін Здабыча, %
Алень высакародны 4,5 0,174 3,9
Андатра 78,6 5,3 6,7
Бабёр 33,2 0, 108 0,3
Воўк 1,3 0,7 53,8
Выдра 4,2 0,013 0,3
Дзік 35,0 4,21 12,0
Заяц-бяляк 77,2 10,8 14,0
Заяц-русак 150,0 61,7 41,1
Зубр 0,174 0,007 4,0
Казуля 49,6 2,8 5,6
Куніца лясная 24,3 5,0 20,6
Ліс 40,0 19,6 49,0
Лось 15,4 0,446 2,9
Норка 18,6 2,5 13,4
Сабака янотападобны 9,0 3,6 40,0
Глушэц 9,0 0,108 1,2
Качкі 673,0 95,0 14,1
Курапатка шэрая 108,0 4,160 3,9
Цецярук 51,0 1,788 3,5

У паляўнічых угоддзях Беларусі каля 100 мядзведзяў, 270 рысяў.

Штогод паляўнічыя здабываюць 16—30 тыс. асобін балотна-лугавой дзічыны (бакас, гаршнэп, драч, дупель, пагоніч, пастушок, турухтан і інш.). Запасы балотна-лугавой дзічыны больш за 1 млн. асобін, аб’ём здабычы 1%. Даходы ад паляўнічай гаспадаркі ў 2002 г. склалі 2 187 тыс. руб., у т. л. за продаж разавых пуцёвак і дазволаў 1286,9 тыс. руб. (58,8%), ад замежнага турызму 618,1 тыс. руб. (28,3%) і інш. З 1978 Беларусь першая сярод паляўнічых саюзаў перайшла на дыферэнцыраваную аплату па спарт. ліцэнзіях у адпаведнасці з узростам і полам жывёл, аптымізавала сярэднюю (чыстую) разліковую масу. Час палявання ўстанаўліваюць па сезонах на пэўныя віды дзічыны. Праводзяцца вывадкі, выстаўкі, іспыты і спаборніцтвы, у т. л. міжнародныя, паляўнічых сабак. Беларускія паляўнічыя неаднаразова ўдзельнічалі ў міжнар. выстаўках паляўнічых трафеяў і атрымлівалі перамогі. Напр., на міжнар. выстаўцы паляўнічай гаспадаркі і рыбалоўства «Жывая прырода» ў Чэхіі (2000) бел. паляўнічыя трафеі атрымалі 51 залатую, 12 сярэбраных і 2 бронзавыя медалі. Вышэйшую ўзнагароду выстаўкі «Гран-пры» і сусветны рэкорд атрымаў чэрап ваўка, здабытага на Беларусі.

Паляўнічыя (біялагічныя) заказнікі ствараюцца паводле палажэння аб паляўнічых заказніках і забароненых для паляўніцтва зонах, зацверджанага МЛГ Беларусі 25.7.1979. Яны арганізуюцца з мэтамі захавання запасаў паляўнічай фауны, стварэння спрыяльных умоў для яе аднаўлення і павелічэння колькасці дзікіх жывёл. Падзяляюцца на заказнікі рэспубліканскага і мясц. значэння. Рэспубліканскія заказнікі арганізуюцца не менш, чым на 10 гадоў паводле пастановы СМ Беларусі, мясцовыя — тэрмінам на 5 гадоў паводле рашэння абласных выканкомаў. Ахову паляўнічай фауны, правядзенне біятэхнічных, паляўніча-гаспадарчых і інш. мерапрыемстваў арганізуе і ажыццяўляе дзярж. лясная ахова пад кіраўніцтвам дырэктараў лясгасаў. На 1.1.2004 г. на Беларусі існуюць 52 заказнікі рэсп. значэння агульнай плошчай 261,3 тыс. га. Пытанні палявання, дзейнасць паляўнічых гаспадарак і арганізацый Беларусі і інш. асвятляе газета «Паляўнічы і рыбалоў».

В.​Б.​Вадкоўскі.

т. 18, кн. 2, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТЫСТЫКА

Гістарычна першай формай стат. практыкі на Беларусі быў улік з фіскальнымі мэтамі насельніцтва, зямельных угоддзяў і жывёлы, які праводзіўся з 9 ст. ў землях-княствах Кіеўскай Русі. У ВКЛ 15—18 ст. перыядычна праводзіліся вайсковыя рэгістрацыі і падлікі, т.зв. попісы ўзбр. сіл дзяржавы, вяліся інвентары маёнткаў; у 1764—94 дзейнічала Камісія скарбовая ВКЛ, якая шмат увагі аддавала ўліку дзярж. маёмасці. У Рас. імперыі, у склад якой з 1772—95 уваходзіла Беларусь, стат. звесткі змяшчаліся ў матэрыялах перыядычных рэвізій. У 1811 пры Мін-ве паліцыі створана стат. аддзяленне, у 1852 — стат. камітэт (у 1859 перайменаваны ў Цэнтр. стат. камітэт) і стат. камітэты ў губернях. Практычную статыстыку на месцах вялі валасныя і павятовыя органы ўлады. У 1911 для збору стат. матэрыялаў на Беларусі ўведзена земская статыстыка. З 1918 на Беларусі існавалі губернскія стат. бюро, у 1920 утворана Цэнтр. стат. бюро БССР, у 1924 — Цэнтр. стат. ўпраўленне (ЦСУ), якое ў 1948 пераўтворана ў Стат. ўпраўленне пры Савеце Міністраў БССР, у 1990 — у Дзярж. камітэт па статыстыцы і аналізе. У 1994 створана Мін-ва статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь. З 1953 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі існавала кафедра статыстыкі. З 1971 да пач.

1990-х г. на Беларусі дзейнічаў Бел. філіял Усесаюзнага праектна-тэхнал. ін-та ЦСУ СССР, які займаўся праектаваннем стат. форм, укараненнем аўтаматызаваных сістэм, кантрольнымі выпрабаваннямі найноўшай вылічальнай тэхнікі. У 1994 утвораны НДІ статыстыкі пры Мін-ве статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь. Адным з заснавальнікаў метадалогіі практычнай статыстыкі быў ураджэнец Магілёўскай губ. Дз.​П.​Жураўскі, аўтар фундаментальных прац «Пра крыніцы і выкарыстанне статыстычных звестак» (1845) і «Статыстычнае апісанне Кіеўскай губерні» (т. 1—3, 1856), у якіх вызначаны сутнасць і задачы статыстыкі, дакладнасць звестак, метады збору і апрацоўкі стат. інфармацыі. Ён адзін з першых ацаніў значэнне метаду груповак, прапанаваў сац. з’явы вывучаць у разрэзе грамадскіх груп. У сав. час дасягнуты значныя вынікі ў распрацоўцы метадалогіі эканам. статыстыкі: статыстыкі працы і працоўных рэсурсаў (І.​А.​Краваль, Л.Я Мінц); пабудовы балансаў нар. гаспадаркі і статыстыкі міжгаліновых сувязей (В.​А.​Собаль); статыстыкі сельскай гаспадаркі (А.​С.​Лібкінд); статыстыкі прамысловасці (А.​Р.​Шыфман); статыстыкі насельніцтва (М.​В.​Курман); міжнар. статыстыкі (Л.​М.​Цырлін); сацыяльна-эканам. статыстыкі і статыстыкі прадукцыйнасці працы (А.​Р.​Казачонак).

З развіццём рыначных адносін у эканоміцы Беларусі ў 1980—90-я г. з’явіліся новыя кірункі эканам. статыстыкі. Хуткімі тэмпамі пачалі развівацца: макраэканам. статыстыка, арганізацыя статыстыкі ў рамках сістэмы нац. рахункаў (М.​М.​Новікаў); статыстыка гандлю (А.​В.​Варапаева, В.​І.​Максіна); дэмаграфічная статыстыка (Л.​П.​Шахоцька); агульная тэорыя і гісторыя статыстыкі (І.​М.​Церліжэнка); метады шматмернага стат. аналізу (Л.​А.​Сошнікава, В.​М.​Тамашэвіч); матэрыяльная статыстыка, ацэнка надзейнасці стат. даных (Ю.​С.​Харын); статыстыка міжгаліновых сувязей (Л.​А.​Сошнікава), фінансавая (І.​Я.​Цяслюк), трансфармацыйных працэсаў у эканоміцы і сац. жыцці грамадства (В.​М.​Тамашэвіч), ценявой эканомікі (Н.​Ч.​Бокун), навукі і інавацыйнай дзейнасці (В.​М.​Фральцоў, М.​І.​Абламейка, А.​М.​Пехцерава). На мяжы 20 і 21 ст. ў статыстыцы павялічылася актуальнасць пытанняў практычнага выкарыстання выбарчых метадаў абследавання (Н.​Ч.​Бокун, С.​У.​Навасёлава) і ўкаранення сістэмы эколага-эканам. ўліку — спадарожнікавай сістэмы СНС (базавыя распрацоўкі Ж.​М.​Васілеўскай). У 1997 у Рэспубліцы Беларусь прыняты Закон аб дзярж. статыстыцы, які рэгламентуе парадак збору і пашырэння стат. інфармацыі.

Найб. вядомыя кіраўнікі бел. статыстыкі: М.​І.​Шкрубер (1923—27), Дз.​Л.​Чарванёў (1963—80), У.​М.​Нічыпаровіч (1980—98), У.​І.​Зіноўскі (з 1998).

Літ.:

Артемов В.Н., Терлиженк о И.Н. Общая и сельскохозяйственная статистика. Мн., 1971;

Казаченок А.Г. Проблемы экономической статистики. Мн., 1975;

Яго ж. Экономическая статистика. 2 изд. Мн., 1976;

Статистическое исследование производительности труда при системном подходе. Мн., 1985;

Теслюк И.Е. Статистика финансов. Мн., 1994;

Пинигин В.В. Национальная экономическая статистика и проблемы перехода к международным стандартам. Мн., 1995;

Шахотько Л.П. Население Республики Беларусь в конце XX в. Мн., 1996;

Новиков М.М., Теслюк И.Е. Макроэкономическая статистика. Мн., 1996;

Бокун Н.Ч., Чернышева Т.М. Методы выборочных обследований. Мн., 1997;

Многомерный статистический анализ в экономике. М., 1999;

Методологические положения по статистике. Мн., 1999;

Новиков М.М. Макроэкономические закономерности циклообразования, стабилизации и равновесности развития рыночных процессов Мн., 2000;

Колесникова И.И. Социально-экономическая статистика. Мн., 2002;

Бокун Н.Ч. Теневая экономика: понятия, классификация, методы оценки: Методология стат. исслед. Мн., 2002.

В.​М.​Тамашэвіч.

т. 18, кн. 2, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАЗНАЎСТВА

Першыя спробы абагульніць вопыт бел. кінамастацтва зроблены ў пач. 1930-х г. у бел. перыяд. друку. Мэтанакіраванае даследаванне праблем кіно пачалося пасля арганізацыі ў 1957 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі сектара тэатра, кіно і музыкі (з 1977 сектар кіна- і тэлемастацтва). У 1960-я г. ў «Весцях АН БССР» і зб-ках «Беларускае мастацтва» (1957, 1962) апублікаваны артыкулы, прысвечаныя кінадраматургіі, аналізу экранізацый твораў бел. літаратуры. Розныя аспекты адлюстравання ў кіно мінулага і сучаснасці асвятляліся ў зб. артыкулаў «Праблемы сучаснага беларускага мастацтва» (1968). Першая абагульняльная праца па гісторыі нац. кінамастацтва — «Беларускае кіно» А.​Красінскага, В.​Смаля, Г.​Тарасевіча (1962). Асн. этапы развіцця і станаўлення кінамастацтва Беларусі асветлены ў калектыўнай працы «Гісторыя беларускага кіно» (ч. 1—2, 1969—70; аўтары А.​Красінскі, В.​Нячай, Г.​Падбярэзскі, Г.​Ратнікаў, В.​Смаль), раздзелах пра бел. кінематаграфію ў «Гісторыі савецкага кіно» (т. 1—4, 1969—78; аўтары А.​Красінскі, В.​Смаль, Г.​Тарасевіч), 4-томнай «Гісторыі кінамастацтва Беларусі» (т. 1—3, 2001—04; аўтары А.​Красінскі, В.​Нячай, Н.​Агафонава, А.​Карпілава, В.​Мядзведзева, Г.​Ратнікаў). Асаблівасці экраннай публіцыстыкі даследаваліся ў кнігах «Нарыс на экране» Е.​Бондаравай і Л.​Шылавай (1969), «Тэлебачанне: Хроніка, дакумент, вобраз» Н.​Фральцовай (1977), «Актыўны экран» С.​Міхайлавай (1979), «Кінадакумент і вобраз часу» А.​Красінскага (1980). З пач. 1970-х г. выдаюцца манаграфіі, прысвечаныя дзеячам бел. кіно: «Юрый Тарыч» (1971), «Беларускія акцёры ў кіно» (1973) А.​Красінскага, «Кінастужка даўжынёю з жыццё» (1980, пра У.​Корш-Сабліна), «Ад сэрца — да сэрца» (2001, пра В.​Турава) Е.​Бондаравай, «Ад споведзі да эпаса» Л.​Паўлючыка (1985, пра В.​Турава) і інш. Творчасць рэжысёраў, аператараў, акцёраў і мастакоў, здабыткі і праблемы кінамастацтва і кінакрытыкі асэнсоўваліся ў калектыўных зб-ках «Кіно Савецкай Беларусі» (1975), «Сучаснае беларускае кіно» (1985), манаграфіях «У кадры і за кадрам» (1973), «Час, экран, крытыка» (1975), «Экран у розных вымярэннях» (1983) Е.​Бондаравай, «Экран зямлі беларускай» (1973), «Фільмы, героі, час» (1975), «Кіно: ігравое плюс дакументальнае» (1987) А.​Красінскага. Фактаграфічны матэрыял прадстаўлены ў кнігах В.​Смаля «На экране — герой і народ» (1974, пра гісторыка-рэвалюцыйныя кінатворы), «Чалавек. Вайна. Подзвіг» (1979, тэма Вял. Айч. вайны), «Скрозь прызму дзесяцігоддзяў» (1980, палітыка кампартыі Беларусі ў галіне кіно ў 1920—30-я г.) і інш. Спецыфіцы тэлекіно, праблемам яго мастацкага развіцця прысвечаны даследаванні В.​Нячай: «Экран і мы» (1971), «Фільм у нас дома» (1974), «Станаўленне мастацкага тэлефільма» (1976), «Вялікі свет малога экрана» (1979), «Тэлебачанне як мастацкая сістэма» (1981), «Ракурсы. Аб тэлевізійнай камунікацыі і эстэтыцы» (1990) і інш. У манаграфіі «Жанравая прырода фільма» Г.​Ратнікава (1990) прааналізавана сістэма жанраў кінематографа ў сувязі з яго спецыфікай і псіхал. зместам. Гісторыка-тэарэтычныя праблемы эстэтыкі кіно раскрыты ў манаграфіях «Асновы кінамастацтва» В.​Нячай і Г.​Ратнікава (3-е выд., 1985), «Асновы кінамастацтва» В.​Нячай (1989), «Мастацтва кіно: этапы, стылі, майстры» Н.​Агафонавай (2001). Пытанні ментальнасці беларусаў, адлюстраванай у экраннай культуры, даследаваны В.​Нячай і Г.​Ратнікавым (зб. «Славянскія культуры пасля другой сусветнай вайны», 1996). Цесныя ўзаемасувязі бел. кіно з літаратурай асветлены ў манаграфіі Е.​Бондаравай «Кінематограф і літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў на экране» (1993), публікацыях В.​Нячай і Г.​Ратнікава ў зб-ках «Пушкін — Беларуская культура — Сучаснасць» (1999), «Янка Купала і Якуб Колас у кантэксце славянскіх літаратур» (2002). Мемуары кінарэжысёраў асвятляюць этапы кінапрацэсу: «Жыццё і праца артыста» У.​Гардзіна (1960), «Закадравыя гісторыі фільма «Уся каралеўская раць» У.​Арлова (2002), «Міхаіл Пташук: Споведзь кінарэжысёра. Сцэнарый мастацкага фільма. Публікацыі. Успаміны» (2004). Выдадзены даведнікі-каталогі «Усе беларускія фільмы (ігравое кіно)» (т. 1—2, 1996—2000, склад. І.​Аўдзееў, Л.​Зайцава), «Беларуская культура і кіно: Тэматычны каталог беларускіх дакументальных фільмаў» (2002, навук. рэд. В.​Нячай), «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотадакументаў: Даведнік. Ч. 1. Кінадакументы» (2002, аўтар-склад. С.​Жумар). Актуальныя праблемы кіно асвятляюцца ў час. «На экранах», «Мастацтва», «Роднае слова», у артыкулах Е.​Бондаравай, А.​Красінскага, В.​Нячай, Н.​Агафонавай, І.​Аўдзеева, А.​Бабковай, Л.​Зайцавай, А.​Карпілавай, В.​Мядзведзевай, Г.​Ратнікава, Л.​Саянковай, І.​Смірновай, Н.​Сцяжко і інш.

Літ.:

Экран і культура: Беларускае кіно і тэлебачанне ў сістэме маст. культуры. Мн., 1988;

Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка. Мн., 1998;

Беларускае дакументальнае кіно і культура Беларусі. Мн., 1999;

Белорусское кино: Молодые режиссеры. Мн., 1999;

Белорусское игровое кино на пороге XXI в. Мн., 2000;

Концепция развития белорусского кино: Сб. ст. науч.-практ. конф. Мн., 2001;

Сучасныя тэндэнцыі літаратурна-мастацкай крытыкі: Тэорыя, практ. вопыт. Мн., 2002;

Саенкова Л.П. Массовая культура: Эволюция зрелищных форм. Мн., 2003.

Е.​Л.​Бондарава.

т. 18, кн. 2, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛГЕБРА

Сістэматычныя даследаванні па алгебры на Беларусі пачаты ў 1945 Дз.​А.​Супруненкам. Яны былі звязаны з тэорыяй лінейных груп і груп падстановак, тэорыяй тапалагічных груп і паўгруп, тэорыяй канечных груп, тэорыяй кольцаў і тэорыяй прадстаўленняў груп. Асн. цэнтры даследаванняў — Ін-т матэматыкі Нац. АН Беларусі, БДУ, Гомельскі і Віцебскі ун-ты.

У межах даследаванняў па лінейных групах і групах падстановак пабудавана тэорыя вырашальных і лакальна нільпатэнтных лінейных груп над алгебраічна замкнёным полем, класіфікаваны максімальныя прымітыўныя вырашальныя групы падстановак некаторых прымарных ступеняў, атрыманы шэраг важных вынікаў аб перыядычных лінейных групах і камутатыўных матрычных алгебрах (Дз.​А.​Супруненка). Значныя вынікі ў гэтых галінах атрыманы таксама вучнямі Дз.​А.​Супруненкі (Р.​Т.​Вальвачоў, У.​С.​Конюх, Р.​І.​Тышкевіч і інш.); завершана пабудова тэорыі вырашальных і лакальна нільпатэнтных лінейных груп над адвольным полем (У.​С.​Конюх); даследаваны агульныя ўласцівасці груп падстановак і іх сувязі з групамі аўтамарфізмаў розных аб’ектаў (Р.​І.​Тышкевіч). Развіты метад апраксімацыі лінейных груп, у прыватнасці, атрымана рашэнне праблемы Мальцава пра лінейныя групы канечнага рангу, даказана нільпатэнтнасць падгрупы Фратыні канечна спароджанай лінейнай групы (У.​П.​Платонаў).

Даследаванні па лакальна праектыўна нільпатэнтных групах, а потым па лакальна кампактных групах з нармалізатарнымі ўмовамі праводзіліся ў пач. 1960-х г. (У.​П.​Платонаў). Сістэматычна даследаваны праканечныя групы (А.​У.​Мельнікаў). Вырашана задача Гратэндыка пра праканечныя папаўненні (У.​П.​Платонаў, А.​І.​Таўгень). Атрыманы шэраг цікавых вынікаў у даследаваннях паўгруп (А.​А.​Бейда, В.​У.​Дземянчук, Л.​Б.​Шнеперман, У.​М.​Шыраеў і інш.). Канечныя групы — асноўны аб’ект даследаванняў С.​А.​Чуніхіна і яго вучняў; найб. важныя дасягненні — даследаванні π-вырашальных груп, увод паняцця π-аддзяляльнай групы, развіццё метаду індэксіялаў. Знойдзена рашэнне задачы Віланда пра расшчапленне пашырэнняў канечных груп (Л.​А.​Шамяткоў) і частковае рашэнне праблемы Бёрнсайда пра існаванне нармальных падгруп у біпрымарных групах (У.​С.​Манахаў). З 1970-х г. пад кіраўніцтвам Л.​А.​Шамяткова развіваецца тэорыя фармацый канечных груп (М.​Ц.​Вараб’ёў, А.​Ф.​Васільеў, С.​Ф.​Каморнікаў, А.​М.​Скіба і інш.).

У тэорыі кольцаў Дз.​А.​Супруненкам і яго вучнямі даследаваліся максімальныя нільпатэнтныя матрычныя алгебры. Даказана гіпотэза Капланскага пра ідэмпатэнты групавых кольцаў (А.​Я.​Залескі), даследаваліся алгебры Лі (А.​А.​Баранаў, А.​А.​Прэмет). Развіта тэорыя гензелевых цел, якая ў значнай ступені завяршыла класічныя даследаванні па лакальных і нарміраваных целах (У.​П.​Платонаў, В.​І.​Янчэўскі). У межах даследаванняў груп Уайтхеда, алгебраічных груп і кангруэнц-праблемы даследавалася мультыплікатыўная структура канечнамерных цел (У.​П.​Платонаў, А.​С.​Рапінчук, В.​І.​Янчэўскі). Апісаны цэнтральныя простыя алгебры над палямі роду нуль з малым локусам галінавання (С.​В.​Ціханаў, В.​І.​Янчэўскі), вылічаны лік Піфагора палёў функцый спецыяльных крывых над полем рэчаісных фармальных ступенных шэрагаў (А.​А.​Ліпніцкі, С.​В.​Ціханаў, В.​І.​Янчэўскі разам з Я. ван Геелам). Развіты прыведзеная (У.​П.​Платонаў), прыведзеная унітарная (В.​І.​Янчэўскі) і прыведзеная спінарная (А.​П.​Манастырны, В.​І.​Янчэўскі) K-тэорыі.

Даследаванні па тэорыі прадстаўленняў груп Шэвале і блізкіх да іх груп пачаты ў 1980-я г. (А.​Я.​Залескі, А.​С.​Кляшчоў, А.​А.​Прэмет, І.​Дз.​Супруненка). Прапанаваны новы тэарэтыка-прадстаўленчы падыход да даследавання групавых алгебраў лакальна канечных груп, атрыманы шэраг класіфікацыйных вынікаў пра лінейныя групы з зададзенымі ўласцівасцямі (А.​Я.​Залескі), даследуюцца кагамалагічныя ўласцівасці груп Шэвале (У.​П.​Бурычэнка), распрацоўваюцца метады распазнавання прадстаўленняў і лінейных груп на аснове аналізу ўласцівасцей уніпатэнтных элементаў у мадулярных прадстаўленнях алгебраічных груп (І.​Дз.​Супруненка).

Літ.:

Супруненко Д.А. Группы матриц. М., 1972;

Шеметков Л.А., Скиба А.Н. Формации алгебраических систем. М., 1989;

Zalesskii A.E. Linear groups // Encyclopedia of Mathematical Scielices Algebra IV. 1994. Vol. 37;

Platonov V.P., Yanchevskii VI. Finite-dimentional skew fields in A.I.Kostrikin and I.R.Shafarevich // Там жа. Algebra IX. 1995. Vol. 77;

Rehmann U., Tikhonov S.V., Yanchevskii VI. Two-torsion of the Brauer groups of hyperelliptic curves and unramified algebras over their function fields // Communications in Algebra. 2001. Vol 29, №9;

Супруненко Д.А. Группы подстановок. Мн., 1996;

Suprunenko I.D. On lordan blocks of elements of order p in irreducible representations of classical groups with p-large highest weights // Journ of algebra. 1997. Vol. 191, №2;

Платонов В.П., Рапинчук А.С. Алгебраические группы и теория чисел. М., 1991;

Тихонов С.В., Янчевский В.И. Индексы центральных простых алгебр над полями функций проективных пространств над Pn,r-полями // Мат. сб. 2002. Т. 193, №11.

В.​І.​Янчэўскі.

т. 18, кн. 2, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУСЬ У СКЛАДЗЕ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА І РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ. 13—18 ст.

Палітычнае развіццё ў 2-й пал. 13—1-й пал. 16 ст. Да сярэдзіны 13 ст. ў Панямонні ўтварылася новая дзяржава са сталіцай у Новагародку (Навагрудку) — Вялікае княства Літоўскае і Рускае (з сярэдзіны 15 ст. — і Жамойцкае). Па запрашэнні мясцовага баярства тут стаў княжыць Міндоўг [сярэдзіна 1230-х г. — 1263]. У склад гэтай дзяржавы ўвайшлі бел. землі Панямоння (асноўнае ядро — Наваградскае княства), землі па верхнім цячэнні Віліі і бліжэйшыя землі Аўкштайціі. Па паліт. матывах, каб спыніць вайну з Лівонскім ордэнам і Галіцка-Валынскім княствам, Міндоўг прыняў хрышчэнне паводле каталіцкага абраду і 6.7.1253 у Новагародку каранаваны каралеўскай каронай ад імя папы рымскага біскупам хелмінскім Генрыкам. Аднак у 1260 ён вярнуўся ў язычніцтва. Наступныя ўладары дзяржавы насілі тытул вял. князя. У 2-й пал. 13—1-й пал. 14 ст. ішоў працэс мірнага аб’яднання бел. і літ. зямель (без Жамойці) шляхам пагадненняў вял. князя з мясц. князямі і баярамі ў адзіную феад. дзяржаву «рускіх» (беларусаў) і літоўцаў паводле прынцыпу «мы старыны не рухаем і навіны не ўводзім». Тэр. ВКЛ значна пашырылася ў перыяд панавання вял. кн. Гедзіміна [1316—41], які называў сябе ў граматах вял. князем «літоўцаў і рускіх». У 1320 у склад ВКЛ увайшла Віцебская зямля, у 1220—30-я г. — Берасцейская зямля, Менскае княства і Турава-Пінская зямля. Сталіцай дзяржавы з 1323 стала Вільня. У час панавання Альгерда [1345—77] у склад ВКЛ увайшлі бел. падняпроўскія землі, Мазырская і Брагінская воласці, Бранскае княства, Кіеўская, Чарнігаўская і Падольская землі. Было падначалена і Смаленскае княства. На захадзе барацьба супраць Тэўтонскага ордэна ішла з пераменным поспехам. Альгерд намагаўся аб’яднаць пад сваёй уладай усе землі б. Кіеўскай Русі і праводзіў актыўную палітыку на ўсходзе. У 13—14 ст. сыны і браты вял. князя атрымлівалі ў сваё кіраванне ўдзелы, і дзяржава ўяўляла сабой федэрацыю зямель, а мясц. князі знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад вял. князя. Аднак паступова ўлада гаспадара (вял. князя) умацавалася ў цэнтр. раёнах дзяржавы, а аўтаномныя княствы і землі засталіся на перыферыі.

Пасля смерці Альгерда абвастрыўся канфлікт паміж яго сынам Кейстутам і братам Ягайлам; апошні стаў вял. князем [1377—92], Гэта скарысталі крыжакі, каб распаліць у ВКЛ міжусобную вайну, якая скончылася перамогай Ягайлы. З мэтай процідзеяння знешняй небяспецы з боку Тэўтонскага ордэна, што пагражала не толькі ВКЛ, але і Польшчы, і для ўмацавання сваёй улады Ягайла заключыў з Польшчай Крэўскую унію 1385, паводле якой ён перайшоў у каталіцтва, прыняў імя Уладзіслаў, ажаніўся з каралевай Ядвігай і быў абвешчаны польскім каралём; ён абяцаў правесці хрышчэнне язычнікаў-літоўцаў паводле каталіцкага абраду і далучыць да Польшчы землі ВКЛ. У 1387 створана Віленскае біскупства і пачалося хрышчэнне літоўцаў. Касцёлы пачалі будаваць і на бел. землях. Супраць падпарадкавання ВКЛ Польшчы выступіў Вітаўт. Міжусобная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам скончылася Востраўскім пагадненнем 1392, паводле якога Вітаўт стаў вял. князем [1392—1430]; ВКЛ гарантавалася самастойнасць у саюзе з Польшчай, а Ягайла захоўваў намінальны тытул вярхоўнага князя ВКЛ. У канцы 14 ст. вял. князь Вітаўт ліквідаваў буйныя ўдзельныя княствы, але невял. ўдзельныя княствы (Пінскае, Гарадзецкае, Клецкае і інш.) захаваліся да 1520-х г. Слуцкае княства як удзел існавала да пач. 17 ст., потым захавала пэўныя формы ўдзельнага княства да 1791.

Нямецкая агрэсія на землі ВКЛ была спынена з разгромам войска Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве 1410. Паліт. саюз Польшчы і ВКЛ замацавала Гарадзельская унія 1413, якой уведзены прывілеяваныя правы для баяр-католікаў. Пасля смерці Вітаўта вял. князем выбраны на сойме (з’ездзе) баяр малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла [1430—32], праціўнік дзярж. уніі з Польшчай, з якой адбыўся канфлікт з-за Валыні. У выніку змовы літ. баяр, не згодных з палітыкай Свідрыгайлы, які абапіраўся на буйных бел. і ўкр. феадалаў, ён быў скінуты з велікакняжацкага пасада ў вер. 1432 і ўцёк у Полацк. Вялікім князем быў абвешчаны малодшы брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч [1432—40], прыхільнік саюзу з Польшчай. Пачалася феад. вайна 1432—39. Уладу Жыгімонта прызнала Жамойць, Літва і больш цесна звязаныя з ёю прынёманскія воласці, Берасцейская і Менская землі, Падляшша. Свідрыгайлу падтрымалі Полацкая, Віцебская, Смаленская, Ноўгарад-Северская і Кіеўская землі, Валынь і Падолле. Вайна суправаджалася знішчэннем гарадоў і сёл, рабаваннем насельніцтва. Так, у 1433 Свідрыгайла ў час паходу загадаў спаліць Заслаўе і Менск, а Жыгімонт знішчаў гарады ва ўсх. Беларусі. Жыгімонт Кейстутавіч аднавіў дзярж. унію з Польшчай і выдаў прывілей 1434, якім ураўнаваў асабістыя і маёмасныя правы правасл. баяр з правамі баяр-католікаў. Улетку 1436 Полацкая і Віцебская землі перайшлі на бок Жыгімонта, які пацвердзіў гэтым землям іх ранейшыя прывілеі. У канчатковай фазе вайны Свідрыгайла страціў і ўкр. землі і эмігрыраваў. Замацаваўшыся ў ВКЛ, Жыгімонт пачаў праводзіць самаст. палітыку ў адносінах да Польшчы. Супраць Жыгімонта выступіла апазіцыя літ. знаці, незадаволеная рэпрэсіямі Жыгімонта і тым, што на дзярж. пасады ён прызначаў прадстаўнікоў дробнага і сярэдняга бел. і літ. баярства. У выніку змовы Жыгімонт 20.3.1440 забіты, вял. князем выбраны малодшы брат польскага караля Уладзіслава III Казімір IV [1440—92]. У 1447 ён выбраны і каралём Польшчы. Прывілеем 1447 вял. князь гарантаваў усім баярам асабістую недатыкальнасць, скасаваў ранейшыя натуральныя і грашовыя павіннасці з маёнткаў на карысць дзяржавы, перадаў баярам права судзіць і караць сваіх сялян. Прывілей паслужыў кансалідацыі ўсяго баярскага саслоўя ВКЛ. З таго часу пачаўся рост уплыву і значэння баяр у жыцці краіны. Пазней Казімір выдаў Судзебнік 1468, у якім змешчаны юрыд. нормы пераважна крымінальнага права. Большую частку свайго жыцця Казімір Ягайлавіч правёў у Польшчы. У ВКЛ у час яго адсутнасці вял. значэнне ў кіраванні дзяржавай набыў вышэйшы кіруючы орган — паны-рада, які складаўся з вышэйшых асоб цэнтр. і мясц. адміністрацыі. У гэты ж час феад. апазіцыя спрабавала зрабіць дзярж. перавароты, выстаўляючы кандыдатамі на велікакняжацкі пасад нашчадкаў старэйшага сына Альгерда Уладзіміра — слуцкіх князёў Алелькавічаў. Апошняя змова апазіцыйных правасл. князёў, сваякоў Казіміра, Міхаіла Алелькавіча, Фёдара Бельскага, а таксама кн. Івана Гальшанскага скончылася няўдачай, бо іх не падтрымалі сярэднія і дробныя феадалы.

Пасля смерці Казіміра вял. князем на сойме абраны яго сын Аляксандр [1492—1506]. Пры яго абранні паны-рада паставілі ўмовы пра абмежаванне велікакняжацкай улады: усе найважнейшыя дзярж. справы — абарона краіны, міжнар. адносіны, выданне законаў, разгляд найважнейшых судовых спраў — вял. князь павінен быў вырашаць разам з радай паноў. Паны-рада дамагліся ад вял. князя Аляксандра выдання прывілея 1492, у якім былі замацаваныя гэтыя абмежаванні правоў вял. князя. Рэзка нарастаў уплыў вышэйшай групоўкі феад. саслоўя — магнатаў.

З канца 15 ст. пачалася серыя войнаў ВКЛ з Маскоўскім вял. княствам (1492—94, 1500—03, 1507—08, 1512—22, 1534—37), у выніку якіх Маскоўскае вял. княства паступова пашырала сваю тэрыторыю на захад. У 1494 ВКЛ страціла Вязьму і Казельск, у 1503 — Таропец, Дарагабуж, Бранск, Курск, Ноўгарад-Северскі, Чарнігаў, у 1514 — Смаленск, у 1537 — Себеж. Адначасова саюзнікі вял. князя маскоўскага Івана III крымскія татары ўчынялі напады на Украіну і Беларусь; асабліва моцныя набегі адбыліся ў 1505 і 1506. Гэтыя нашэсці спыніліся пасля разгрому татарскага войска ў Клецкай бітве 1506.

Пасля смерці Аляксандра на велікакняжацкі трон выбраны яго малодшы брат Жыгімонт I Стары [1506—48]. Каб захаваць персанальную унію паміж дзвюма дзяржавамі, польская шляхта праз 3 месяцы выбрала Жыгімонта і сваім каралём. У час панавання Жыгімонта адбылася Аршанская бітва 1514, у ходзе якой войска ВКЛ на чале з К.​І.​Астрожскім (30 тыс. чал.) разграмілі 80-тысячную маскоўскую армію І.​А.​Чалядніна і М.​І.​Булгакава-Голіцы (паводле рус. летапісаў). Перамога ў Аршанскай бітве дазволіла стабілізаваць усх. граніцу ВКЛ, аднак Смаленск вернуты не быў. У гэты ж час быў прыняты адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных збораў законаў — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529.

Яшчэ пры жыцці Жыгімонта Старога на сойме ў Вільні ў 1529 вял. князем літоўскім быў абраны яго 9-гадовы сын Жыгімонт II Аўгуст. Праз 2 месяцы і польскі сойм выбраў яго польскім каралём. Гэтыя двайныя выбары мелі на мэце стварыць умовы для спадчыннай манархіі ў абедзвюх дзяржавах і забяспечыць умацаванне уніі паміж імі. Далейшым развіццём гэтай палітыкі была перадача ўлады ў ВКЛ Жыгімонту Аўгусту на Берасцейскім сойме ў кастр. 1544. Жыгімонт Стары захаваў тытул вярхоўнага князя, а сын атрымаў усю паўнату ўлады ў ВКЛ на перыяд адсутнасці бацькі. Пры Жыгімонце II Аўгусце [1548—72] у ВКЛ праведзены важныя паліт. і эканам. рэформы. Паводле адм. рэформы 1565—66 у складзе новых і старых ваяводстваў былі ўтвораны паветы. На павятовых сойміках вырашалі мясц. пытанні і выбіралі па 2 паслы (дэпутаты) ад павета на агульнадзярж. сойм, а таксама павятовыя суды — гродскія (замкавыя), земскія і падкаморскія (суддзяў выбірала мясц. шляхта). У выніку рэформы шляхецкае саслоўе (баяры з 2-й чвэрці 16 ст. пачалі называцца шляхтай) стала пануючым у дзяржаве, адхіліўшы магнатаў і князёў ад манапольнага кіравання дзяржавай.

Сацыяльна-эканамічны лад. Асновай сац.-эканам. ладу ВКЛ была сельская гаспадарка. Вярхоўным уласнікам зямлі лічыўся вял. князь (гаспадар), яму належалі гаспадарскія землі (велікакняжацкі дамен), якія ў 16 ст. мелі статус дзяржаўных. Вял. князь раздаваў гаспадарскія землі шляхце і магнатам у часовае трыманне і ва ўласнасць. Большасць прыватных уладанняў знаходзілася ў больш населеных зах. і цэнтр. раёнах Беларусі. Там былі і больш урадлівыя глебы і развітая сетка дарог. Меліся таксама і царкоўныя маёнткі. Пасля перамогі войск Польшчы і ВКЛ пад Грунвальдам, адкрыцця гандлёвых шляхоў па Нёмане і Зах. Дзвіне да Балтыйскага мора, росту попыту на с.-г. прадукты ў Зах. Еўропе ў канцы 15—1-й пал. 16 ст. адбыўся значны ўздым сельскай гаспадаркі ў ВКЛ. З сярэдзіны 16 ст. двары (цэнтры для вытворчасці прадукцыі для асабістых патрэб феадалаў і ўтрымання адміністрацыі), што існавалі ў некат. прыватных і царкоўных маёнтках і ў многіх дзярж. уладаннях, ператвараліся ў фальваркі, дзе значная частка прадукцыі была прызначана для гандлю, гал. чынам знешняга. Першай аграрную рэформу ў сваіх маёнтках (Клецкае і Пінскае староствы) правяла ў 1552—55 каралева польская і вял. княгіня літоўская Бона, жонка Жыгімонта Старога. Былі асвоены і заселены новыя землі, уведзены новыя формы землекарыстання сялян і новыя павіннасці з мэтай павелічэння прыбыткаў. Вопыт гэтай рэформы быў выкарыстаны пры правядзенні валочнай памеры і выданні «Уставы на валокі» 1557 у гаспадарскіх маёнтках (рэформа Жыгімонта Аўгуста). У фальварках, якія ствараліся ў дзярж. уладаннях і сял. гаспадарках з надзелам у 1 валоку (21,36 га), зямля падзялялася на 3 роўныя палі. Такім чынам замацоўвалася трохполле з прымусовым севазваротам, ліквідоўваліся цераспалосіца, далёказямелле і стракатасць у памерах сялянскіх надзелаў. Акрамя падворнага надзелу сялянам адводзіліся землі агульнага карыстання: сенажаці, выганы, дубровы і інш. «Устава на валокі» 1557 была накіравана на максімальнае пашырэнне збожжавай гаспадаркі, а там, дзе яна адсутнічала, — на яе арганізацыю. Пад фальваркі адводзіліся лепшыя землі, адабраныя ў сялян. Для апрацоўкі ворнай зямлі да панскіх фальваркаў прымацоўваліся сяляне з разліку на адну фальварачную зямлю «по семи волок оседлых... з волы и с клячами... которые по 2 дни в тыдень служити мають с чим уряд расскажет». Акрамя таго, сяляне абавязаны былі выходзіць на талокі і гвалты згодна з нормамі, прадугледжанымі ўставай. Паводле ўставы сялянскі надзел лічыўся патомным, спадчынным дзяржаннем. Акрамя цяглых сялян, якія адбывалі паншчыну ў фальварках, існавала і вял. катэгорыя асадных (аброчных, чыншавых) сялян. Замест 2-дзённай паншчыны ў тыдзень і 4 цяглых талок у год яны давалі 30 грошаў чыншу і працавалі 12 талок і гвалтаў у год. Асадныя сяляне былі менш залежныя ў сваёй гаспадарчай дзейнасці, чым цяглыя. Невял. група агароднікаў, з былой чэлядзі нявольнай і збяднелых сялян, атрымала надзелы ў 9—15 маргоў ворнай зямлі, за якія працавалі ў двары па 3 дні на тыдзень. Вышэйшай групай сельскага насельніцтва былі сяляне-слугі, якія выконвалі розныя спец. работы і неслі службу за надзелы зямлі па 2 валокі. Найб. прывілеяванай катэгорыяй сялян-слуг былі вайсковыя — панцырныя і путныя баяры, якія выконвалі кур’ерскую службу, а ў час вайны ішлі на службу з поўным узбраеннем за ўласны кошт. Аграрная рэформа ў дзярж. маёнтках Беларусі была праведзена неадначасова. Ва ўсх. Беларусі і на Палессі яе правядзенне расцягнулася да сярэдзіны 17 ст. На працягу 2-й пал. 16 ст. аграрная рэформа праведзена і ў прыватнаўладальніцкіх маёнтках на захадзе і ў цэнтры Беларусі. Такім чынам, фальваркова-паншчынная сістэма гаспадаркі стала асноўнай. У гаспадарскіх маёнтках даходы ад новай сістэмы гаспадарання павялічыліся ў 3 разы.

Гарады, культура, рэлігія. У 15—16 ст. у эканам. і грамадскім жыцці Беларусі вял. ролю адыгрывалі гарады. У 15 ст. станавіліся гандлёвымі і рамеснымі цэнтрамі былыя крэпасці, замкі, некат. гаспадарскія і панскія двары. Яны ўсё болей адыгрывалі ролю і фінансавых асяродкаў. Вярх. ўлада была зацікаўлена ў развіцці гарадоў, бо яны прыносілі ў дзярж. скарб больш грашовых прыбыткаў, чым скарб атрымліваў ад жыхароў сельскай мясцовасці. У 15—16 ст. ствараліся і мястэчкі — невял. паселішчы гар. тыпу, дзе таксама развіваліся гандаль і рамёствы, але ў меншай ступені, чым у гарадах. Гараджане, асабліва ў мястэчках, займаліся і сельскай гаспадаркай. Жыхары гарадоў і мястэчак вылучаліся з навакольнага насельніцтва сваім юрыд. становішчам — яны былі вольнымі людзьмі, мелі правы мяшчан. Мяшчане дамагаліся выхаду з-пад юрысдыкцыі велікакняжацкай адміністрацыі і стварэння сваёй сістэмы самакіравання і суда. Гэта было замацавана ўвядзеннем у большасці гарадоў і мястэчак самакіравання паводле магдэбургскага права. Значная частка гарадоў і мястэчак утварылася ў прыватнаўладальніцкіх латыфундыях і маёнтках. Вышэйшай уладай у такіх гарадах быў уладальнік горада. Значная частка прыватнаўладальніцкіх гарадоў таксама атрымала самакіраванне паводле магдэбургскага права. Нягледзячы на асабістую свабоду, мяшчане знаходзіліся ў сістэме феад. грамадства, феад. дзяржавы, выконвалі дзярж. павіннасці, а ў прыватнаўладальніцкіх гарадах — павіннасці і падаткі на карысць уладальніка горада. Гарадам і мястэчкам перадаваліся ў «вечнае» карыстанне і с.-г. землі. Гарады былі і асяродкамі культуры.

З-за больш высокага ўзроўню эканам. і паліт. фактараў у развіцці бел. зямель у першыя стагоддзі існавання ВКЛ вядучую ролю тут адыгрывала бел. («руская») культура. На рэліг. жыццё і на культуру ў гэты перыяд мела пэўны ўплыў візантыйская культура. З канца 14 ст. разам з увядзеннем каталіцтва ў літ. землях пачынаецца і заходнееўрапейскі ўплыў на развіццё бел. культуры. На бел. мове ў ВКЛ вялося дзярж. справаводства і судаводства, выдаваліся граматы, прывілеі, статуты, пастановы соймаў і паноў-рады, ствараліся летапісы, хронікі і маст. творы. Сярод пісараў велікакняжацкай канцылярыі і павятовых органаў улады і судоў пераважалі прадстаўнікі мясцовага насельніцтва, што спрыяла развіццю бел. мовы і ў літ. землях; паўсюдна пратаколы гар. рад пісаліся па-беларуску (нават у Жамойці). Пры буйных манастырах дзейнічалі рукапісныя майстэрні (скрыпторыі), цэнтры кніжнай пісьменнасці. Такімі ж асяродкамі пісьменства былі двары магнатаў. Пры манастырах існавалі бібліятэкі. Моладзь з ВКЛ з канца 15 ст. накіроўвалася на вучобу ў Кракаўскі і інш. ун-ты ў Еўропе.

У час агульнага ўздыму культуры ў Зах. Еўропе — Рэнесансу — значны рост попыту ў ведах абумовіў і бел. Адраджэнне 16 ст. Заснавальнікам бел. кнігадрукавання быў выдатны гуманіст і асветнік Ф.Скарына. У 1517—19 ён выдаў у Празе Псалтыр і 22 кнігі Старога запавету Бібліі. У 1522 Скарына заснаваў першую ва Усх. Еўропе друкарню ў Вільні і выдаў «Малую падарожную кніжку», а ў 1525 — «Апостал». Яго традыцыі развіў С.Будны, дзеяч Рэфармацыі, адзін з заснавальнікаў Нясвіжскай друкарні, які ў 1560-х г. выдаў на бел. мове першыя навучальныя і палемічныя творы. Дзеячы Рэфармацыі заснавалі друкарні ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні і інш. гарадах, выдалі дзесяткі кніг, у т. л. «Брэсцкую Біблію» (1563).

У гэты час узніклі лацінамоўная паэма Яна Вісліцкага «Пруская вайна» з апісаннем перамогі пад Грунвальдам (1516), паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра» (1523). Неўзабаве пасля Аршанскай бітвы 1514 узнікла летапісная «Пахвала гетману Канстанціну Астрожскаму».

У 14—1-й пал. 16 ст. асн. тыпам манументальных збудаванняў на Беларусі былі замкі. Іх размяшчалі на натуральных узвышшах (Навагрудскі замак, Гродзенскі Стары замак). Напачатку замкі былі драўляныя, з 15 ст. драўляныя сцены замяняліся мураванымі. Некат. замкі адразу будавалі мураванымі (Крэўскі замак, Лідскі замак). У 15—16 ст. пашырылася будаўніцтва драўляных і мураваных прыватнаўладальніцкіх замкаў. Найвышэйшым дасягненнем абарончага дойлідства Беларусі стаў Мірскі замак магнатаў Іллінічаў. У выяўленчым мастацтве пераважаў іканапіс, а з 16 ст. пашырыўся партрэтны жанр. У 1520-х г. намалявана першая батальная карціна «Бітва пад Оршай». Развіваліся драўляная разьба і скульптура.

Рэліг. жыццё ў ВКЛ у 13 — сярэдзіне 16 ст. ўскладнілася. Бел. насельніцтва ВКЛ было праваслаўным з пэўнымі традыцыямі. Літоўцы былі язычнікамі да 1387, калі ў раёне Вільні яны былі ахрышчаны паводле каталіцкага абраду; іх хрышчэнне ў Жамойці працягвалася і ў 1-й пал. 15 ст. У 13—14 ст. шмат хто з князёў літ. паходжання прыняў праваслаўе. Правасл. царква на Беларусі захоўвала прывілеяванае становішча да канца 14 ст. Пасля Крэўскай уніі 1385 прывілеяванае становішча ў ВКЛ пачаў займаць каталіцкі касцёл. Паступова каталіцтва пашырала свой уплыў на зах. раёны Беларусі. Аднак і правасл. царква захоўвала свае пазіцыі ў гэтым рэгіёне. Так, імператарскі пасол З.​Герберштэйн у 1517 адзначаў, што ў сталіцы ВКЛ Вільні «храмаў рускіх значна больш, чым рымскай канфесіі». На працягу 1387—1550 на тэр. Віленскай дыяцэзіі (біскупства) было заснавана 259 парафій, у т. л. 93 — на бел. землях. Размяшчаліся яны пераважна на захадзе Беларусі, да лініі Браслаў—Паставы—Будслаў—Менск—Нясвіж—Пінск. На ўсход ад гэтай лініі да сярэдзіны 16 ст. існавалі адзінкавыя касцёлы (Полацк, Віцебск, Абольцы, Гайна, Слуцк). Правасл. царква працягвала панаваць у цэнтры і на ўсходзе Беларусі. Ва ўсх. раёнах (Магілёў, Мсціслаў, Орша) касцёлаў увогуле не было да пач. 17 ст. У 1550—60-х г. на Беларусі пачала пашырацца Рэфармацыя, у асноўным кальвінізм.

Лівонская вайна 1558—83. Люблінская унія 1569. Вял. ўплыў на далейшы лёс Беларусі зрабіла Лівонская вайна 1558—83. Рас. цар Іван IV намагаўся далучыць да Расіі Лівонію, атрымаць новых прыгонных сялян і гарады на Балтыйскім моры для гандлю з Еўропай. Паводле дагавора з магістрам ад 31.8.1559 Лівонскі ордэн пераходзіў пад пратэктарат Жыгімонта Аўгуста, да дагавора далучаўся і рыжскі арцыбіскуп. Паколькі пазіцыя Польшчы ў лівонскім пытанні была асцярожнай, ВКЛ уступіла ў вайну з Іванам IV без саюзніка. У 1562 ваенныя дзеянні адбываліся ўжо на тэр. Беларусі. У пач. 1563 цар з гал. сіламі рас. войска асадзіў Полацк. Невял. гарнізон 2 тыдні адбіваў атакі, але вымушаны быў капітуляваць. Далейшыя ваен. дзеянні на Беларусі адбываліся на поўдзень ад Полацка, аднак вял. гарадоў царскаму войску захапіць не ўдалося. 26.1.1564 10-тысячнае (паводле інш. звестак 4-тысячнае) войска вял. гетмана ВКЛ М.​Радзівіла Рудога разбіла 30-тысячнае войска князя І.​Шуйскага на Чашніцкіх палях на р. Ула. Праз некалькі дзён атрымана перамога каля Оршы. Улетку 1564 войскі Івана IV мелі поспехі ў раёне Мсціслава, Крычава і Магілёва. У адказ войска ВКЛ зрабіла ў 1565 рэйды пад Вялікія Лукі і Смаленск. На заваяванай тэрыторыі паводле загаду Івана IV пабудаваны замкі Усвят, Ула, Сокал, Суша і інш. У 1567 ваен. дзеянні аднавіліся, у ліпені 2-тысячны конны атрад польнага гетмана ВКЛ Р.​Ф.​Сангушкі разграміў лагер маскоўскіх войск пад Чашнікамі (9 тыс. чал.), у верасні ён разбіў 9-тысячнае маскоўскае войска на маршы, у верасні 1568 штурмам узяў замак Ула, а віцебскія казакі на чале з С.​Бірулем спалілі замкі Усвят і Веліж. У адказ рас. войскі спрабавалі ўзяць Віцебск, але толькі спалілі гар. прадмесці. Ход вайны паказаў, што аднаму ВКЛ без саюзнікаў не перамагчы такую моцную дзяржаву, як Расія. Шляхта, ратуючы сваю краіну і свае маёнткі, на палявым сойме каля Віцебска 13.9.1952 прыняла акт і накіравала яго вял. князю з просьбай заключыць новую дзярж. унію з Польшчай. Яна намагалася мець агульныя соймы з Польшчай, сумесна з польскай шляхтай выбіраць караля (ён жа вял. князь літоўскі), а галоўнае — карыстацца аднолькавымі правамі і разам змагацца з ворагам. Супраць уніі з Польшчай выступіла асн. частка магнатаў на чале з віленскім ваяводам, канцлерам і маршалкам земскім М.​Радзівілам Чорным, якая не хацела страціць свае паліт. пазіцыі і свае грамадскія прывілеі. Пытанне аб уніі разглядалася на соймах Віленскім 1563, Варшаўскім 1563—64, Бельскім 1564, Берасцейскім 1566, на палявым сойме ў Лебедзеве. У час падрыхтоўкі да уніі быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, які замацаваў новы адм.-тэр. падзел дзяржавы, новую сістэму судоў, пашырыў правы шляхты.

1.7.1569 на сумесным сойме ў Любліне асобна дэпутатамі Польскага сойма і сойма ВКЛ быў прыняты акт аб уніі (гл. Люблінская унія 1569), паводле якога ўрачыста абвяшчалася аб’яднанне на аснове роўнасці Польшчы (Кароны) і ВКЛ (Літвы, або Княства) у федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. На чале дзяржавы быў кароль польскі (ён жа вял. князь літоўскі), якога выбірала пажыццёва шляхта «абодвух народаў». Ствараўся агульны для ўсёй дзяржавы магнацка-шляхецкі сойм з 2 палат: Сената (магнаты, прадстаўнікі цэнтр. і мясц. адміністрацыі, вярхі каталіцкай царквы) і Пасольскай Ізбы, у якую выбіраліся па 2 паслы ад кожнага павета. Сойм прымаў асобныя законы для Польшчы і ВКЛ. Абедзве дзяржавы захоўвалі аўтаномію ва ўнутр. справах, асобныя дзярж. адміністрацыі, войскі, скарб і права эмісіі аднолькавай манеты, адм. і судовы апарат, свае законы і мытную сістэму. Кожная краіна мела сваю дзярж. мову: Польшча — лацінскую, ВКЛ — беларускую (у крыніцах — «рускую»). Асобным актам 3.8.1569 Курляндыя была абвешчана васалам Польшчы і ВКЛ, Ліфляндыя — іх сумесным уладаннем (кандамініумам). У час Люблінскага сойма 1569 шляхта ўкр. ваяводстваў і Падляшскага ваяв. добраахвотна прыняла акты аб далучэнні сваіх ваяводстваў да Польшчы. Калі шляхта Кіеўскага ваяв. вырашала пытанне аб выхадзе са складу ВКЛ і далучэнні да Польшчы, соймік Мазырскага пав. не згадзіўся на гэта і пакінуў павет у складзе ВКЛ, далучыўшы яго да Менскага ваяв. Люблінская унія была кампрамісам шляхты Польшчы і ВКЛ, у выніку якога стваралася больш моцная федэратыўная дзяржава. Адной з гал. прычын паліт. збліжэння ВКЛ і Польшчы была ўсё больш небяспечная для ВКЛ палітыка ўсх. суседа, пастаянны націск з яго боку, серыя войнаў канца 15—16 ст. Усё гэта скіроўвала інтарэсы Польшчы на ўсход, каб абараніць свайго пастаяннага саюзніка. Люблінская унія ўмацоўвала паліт. еднасць абедзвюх дзяржаў, узмацніла працэсы іх эканам., паліт. і культ. збліжэння, узмацніла ўплыў еўрапейскай культуры на бел. землі.

Органы ўлады, гаспадарка і культура ў 2-й пал. 16—18 ст. Вышэйшым органам улады ў Рэчы Паспалітай быў сойм, які складаўся з Сената і Пасольскай Ізбы. Кароль польскі (ён жа вял. князь літоўскі, рускі і жамойцкі), які выбіраўся соймам пажыццёва, лічыўся таксама ў складзе сойма як асобная юрыд. персона. Соймы звычайныя і надзвычайныя склікаліся каралём. Для выбрання новага караля прымас — галава каталіцкай царквы — склікаў соймы: канвакацыйны, на якім вызначаліся час і месца выбараў караля, мяркуемыя кандыдаты на каралеўскі пасад, выпрацоўваліся ўмовы дагавору з кандыдатам; элекцыйны (выбарчы), на якім заключалася пагадненне аб умовах выбрання і праводзіліся выбары; каранацыйны, у час якога кароль каранаваўся і прыносіў прысягу захоўваць права і ўмовы пагаднення. Пры абранні на каралеўскі пасад у 1573 Генрыка Валезы былі прыняты агульнадзярж. акты — Пакта канвента і Генрыкавы артыкулы. Пакта канвента заключаліся паміж шляхтай і новаабраным каралём пры кожным канкрэтным выбары. Генрыкавы артыкулы былі агульнадзярж. актам з 18 пунктаў, якія абмяжоўвалі ўладу караля ўвогуле. Кароль абавязваўся кіраваць дзяржавай без спадчыннага замацавання трона, склікаць кожныя 2 гады сойм, правіць разам з радай з 18 сенатараў, без згоды сойма не абвяшчаць вайну і не заключаць мір, не ўводзіць новых падаткаў і інш. Пры парушэнні каралём гэтых артыкулаў шляхта мела права адмаўляцца ад паслушэнства яму, склікаць канфедэрацыі і са зброяй у руках адстойваць свае правы. 28.1.1573 на канвакацыйным сойме быў прыняты акт Варшаўскай канфедэрацыі, паводле якога абвяшчалася рэлігійная талерантнасць у дзяржаве ў адносінах да ўсіх веравызнанняў. З сярэдзіны 17 ст. на соймах уведзена правіла аднагалоснага прыняцця законаў і пастаноў («ліберум вета»), Заява хоць аднаго дэпутата аб яго нязгодзе з праектам закона была ўмовай непрыняцця яго, а сойм распускаўся. Толькі ў час канфедэрацый ці соймаў, якія абвяшчалі сябе канфедэрацыйнымі, законы і пастановы прымаліся большасцю галасоў. У паветах дзейнічалі павятовыя соймікі, на якіх шляхта прымала рашэнні як адносна спраў свайго павета, так і агульнадзяржаўных. Соймік выбіраў па 2 паслы (дэпутаты) на соймы. Аднак шляхце не забаранялася прымаць удзел і ў пасяджэннях сойма. Рашэнні на сойміках спачатку таксама прымаліся аднагалосна, аднак ужо з 1613 па некат. пытаннях прымаліся большасцю галасоў, а ў 18 ст. прымаліся і аднагалосна, і большасцю галасоў. Падчас бескаралеўя і адсутнасці соймаў (гал. чынам з-за іх зрыву) соймікі вырашалі дзярж. пытанні, у т. л. фінансавыя. У 2-й пал. 17—18 ст. усё большае значэнне ў кіраванні вайсковымі і фінансавымі справамі дзяржавы набывалі павятовыя соймікі, якім было перададзена права збіраць некат. падаткі і распараджацца імі, а таксама назначаць новыя падаткі. Соймікі прысвойвалі сабе функцыі заканадаўчай і судовай улады, давалі сваім дэпутатам на сойм інструкцыі, якіх трэба было прытрымлівацца, а потым даваць справаздачу. Кароль польскі і вял. князь літоўскі Жыгімонт III Ваза, абраны на трон 29.1.1588, каб атрымаць падтрымку магнатаў і шляхты ВКЛ, выдаў у Кракаве прывілей, якім зацвярджаў трэці Статут ВКЛ. Статут 1588 захаваў усе юрыд. нормы, якія падкрэслівалі самастойнасць ВКЛ. У артыкуле 12 забаранялася даваць пасады ў дзяржаве і маёнткі чужаземцам, у т. л. польскай шляхце, якая не мела права атрымліваць зямлю нават у якасці падарунка. Статут ВКЛ быў надрукаваны на бел. мове. Ён меў 14 раздзелаў і 487 артыкулаў, у якіх выкладзены нормы дзярж., грамадзянскага, сямейна-шлюбнага, зямельнага, саслоўнага і крымінальнага права, а таксама судаводства. Дзейнічаў Статут ВКЛ 1588 і пасля таго, як Беларусь і Літва былі ўключаны ў склад Рас. імперыі. Толькі ў 1831 дзейнасць Статута была спынена ў Віцебскай і Магілёўскай губ., указам Мікалая I ад 25.6.1840 ён скасаваны ў Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губ., Беластоцкай вобл. і губернях Правабярэжнай Украіны.

У 2-й пал. 16 ст. на Беларусі пашырылася Рэфармацыя ў яе розных плынях. Да Рэфармацыі далучыліся магнацкія і шляхецкія сем’і, частка гараджан. Пераважная большасць прыхільнікаў Рэфармацыі належала да кальвіністаў. Узначальвалі Рэфармацыю ў 16 і 17 ст. прадстаўнікі роду Радзівілаў (у 2-й пал. 16 ст. М.​Радзівіл Чорны і М.​Радзівіл Руды, а ў 17 ст. — Я. і Б. Радзівілы). У сувязі з наступам контррэфармацыі ў канцы 16 — пач. 17 ст. большасць магнатаў, шляхты і мяшчан, пакінула рэфармацкія суполкі і перайшла ў каталіцтва (і былыя католікі, і былыя праваслаўныя). У 17—18 ст. прыхільнікі Рэфармацыі складалі нязначную меншасць вернікаў. Рэлігійную сітуацыю на Беларусі рэзка змяніла абвяшчэнне 9.10.1596 Брэсцкай уніі — акта пра арганізацыйнае аб’яднанне на тэр. Рэчы Паспалітай правасл. царквы з каталіцкай. Брэсцкая унія была праведзена на аснове ўзаемных уступак: прызнавалася вяршэнства папы рымскага, у царк. догматах зыходжанне Святога Духа не толькі ад Бога-Айца, але і ад Бога-Сына (каталіцкі догмат), у той жа час захоўваліся ўсе правасл. абрады, богаслужэнне і казанні на царкоўнаслав. (потым на бел.) мове. Унію прыняла значная частка правасл. насельніцтва Беларусі, але ў некат. раёнах яна не замацавалася (Слуцкае княства, наваколле Пінска і Магілёва). Супраціўленне царкоўнай уніі часта прымала актыўныя формы (забойства полацкага архіепіскапа І.​Кунцэвіча ў 1623). Рэліг. канфлікты мелі месца і ў інш. гарадах Беларусі. Паступова уніяцкая царква на Беларусі ахапіла сваёй дзейнасцю шырокія масы гар. і асабліва сельскага насельніцтва. Вернікі уніяцкай царквы ў канцы 18 ст. складалі 75% насельніцтва Беларусі (у вёсцы 80%), праваслаўнымі заставалася 6,5% насельніцтва. Каталіцкая царква займала прывілеяванае становішча.

У сельскай гаспадарцы Беларусі адбыліся значныя змены. У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. аграрная рэформа (валочная памера) была праведзена ва ўладаннях магнатаў і шляхты Літвы, зах. і цэнтр. Беларусі. Стварэнне фальваркаў суправаджалася ўзбуйненнем вёсак, іх перапланіроўкай і наразаннем сялянам валочных надзелаў. Пашыраўся 3-польны севазварот, павялічылася ўраджайнасць. Сяляне паводле павіннасцей падзяляліся на 2 асн. катэгорыі: цяглых і асадных сялян. У час ваенных дзеянняў сярэдзіны 17 ст. гаспадарка Беларусі была разбурана. Для яе аднаўлення ў 2-й пал. 17—1-й пал. 18 ст. феадалы, пераважна ў каралеўскіх маёнтках, пераводзілі значную частку сялян з паншчыны на грашовы чынш. У магнацкіх маёнтках паншчына ў асноўным захоўвалася. Да сярэдзіны 18 ст. сял. гаспадарка дасягнула некаторых поспехаў у развіцці агратэхнікі, павысілася ўраджайнасць, павялічылася пагалоўе свойскай жывёлы. Пашырыўся ўнутраны рынак, развіваліся таварна-грашовыя адносіны. Усё гэта адбілася на дзярж. палітыцы пашырэння фальварковай гаспадаркі ў каралеўскіх эканоміях (рэформа А.​Тызенгаўза).

Зрухі адбыліся і ў гар. жыцці. Замацавалася сістэма гар. самакіравання паводле магдэбургскага права, цэхавая сістэма, кірмашы і гандл. традыцыі. Гарады і ў пэўнай ступені буйныя мястэчкі выконвалі эканам., адм. і вайсковую функцыі, былі культ. і рэліг. цэнтрамі. У сярэдзіне 17 ст. на Беларусі было 42 гарады і 425 мястэчак. У 18 ст. — 50 гарадоў, з іх 25 прыватнаўладальніцкіх. У час войнаў сярэдзіны 17 і пач. 18 ст. большасць гарадоў і мястэчак разбурана і прыйшла ў заняпад. У 18 ст. гарады і мястэчкі аднаўляліся. Уздым гаспадаркі гарадоў Беларусі прыпадае на 2-ю пал. 18 ст.

Бел. культурнае адраджэнне ў 16 ст. абумоўлена бел. дзяржаўнасцю, культ. сувязямі з Зах. Еўропай, гуманістычным светапоглядам дзеячаў культуры Беларусі. Новы ўздым у культ. і грамадска-паліт. жыцці быў звязаны з рэфармацыйным рухам 2-й пал. 16 ст. Высокага ўзроўню дасягнула кнігадрукаванне. Паслядоўнікамі Скарыны былі Будны, І.Фёдараў, П.Мсціславец. Друкарні дзейнічалі ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні, Заблудаве, Еўі, Куцейне, Магілёве. Вял. ўклад у развіццё бел. культуры зрабілі В.Цяпінскі, П.Зізаній, Мамонічы, М.Сматрыцкі, Вашчанкі і інш. Вышэйшай навуч. установай у ВКЛ была Віленская акадэмія, заснаваная ў 1578. На Беларусі існавала сетка сярэдніх навуч. устаноў езуітаў з высокім узроўнем навучання. У 18 ст. ўзніклі піярскія вучылішчы, у 1773 пачала дзейнасць Адукацыйная камісія з сеткай дзярж. школ у кожным павеце. Развівалася музычнае мастацтва. Падрыхтоўка спевакоў вялася ў манастырскіх і брацкіх школах. З 17 ст. пры калегіумах і дварах магнатаў існавалі капэлы, якія складаліся з аркестра і групы вакалістаў. Яны суправаджалі тэатральныя спектаклі, балі, рэліг. службы, вайсковыя парады. У 18 ст. ў прыватнаўладальніцкіх гарадах існавалі прыдворныя тэатры з балетнымі трупамі. У 16—18 ст. дзейнічалі школьныя тэатры. Магнацкія замкі і рэзідэнцыі ператварыліся ў палацава-замкавыя ансамблі. У выяўл. мастацтве пашырыліся партрэтны і батальны жанры. Дасягнулі росквіту драўляная разьба і скульптура. У 18 ст. на мануфактурных прадпрыемствах выраблялі унікальныя ўзоры прыкладнога мастацтва — шпалеры, слуцкія паясы, вырабы са шкла (Урэцкая і Налібоцкая мануфактуры) і інш.

Палітычнае развіццё ў 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. Пасля Люблінскай уніі 1569 бел. землі амаль цалкам засталіся ў складзе ВКЛ і падзялялі лёс гэтай дзяржавы. Пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 і Люблінскай уніі ў складзе ВКЛ на бел. землях засталіся: Віленскае ваяв. з паветамі Ашмянскім, Браслаўскім, Лідскім і часткай Віленскага; Гродзенскі пав. Троцкага ваяв.; Полацкае ваяв., Навагрудскае ваяв. з паветамі Ваўкавыскім, Слонімскім і Навагрудскім, у склад якога ўваходзіла і Слуцкае княства (у 1791 пераўтворана ў Случарэцкі пав.); Віцебскае ваяв. з Віцебскім і Аршанскім пав.; Брэсцкае ваяв. з Брэсцкім і Пінскім пав.; Мсціслаўскае ваяв.; Мінскае ваяв. з Мінскім, Мазырскім і Рэчыцкім пав. У 1611—67 існавала Смаленскае ваяв. са Смаленскім і Старадубскім пав., але паводле перамір’я 1667 яно адышло да Расіі. (Шляхце, што выехала са Смаленскага ваяв., на бел.-літ. памежжы былі дадзены маёнткі; Смаленскае ваяв. і 2 яго паветы фармальна існавалі на тэр. Віленскага, 2 яго павятовыя соймікі выбіралі ў сойм па 2 дэпутаты.).

Пасля нядоўгага панавання караля польскага і вял. князя літоўскага Генрыка Валезы [1574] новым каралём і вял. князем выбраны князь Трансільваніі Стафан Баторый [1576—86]. Выкарыстаўшы нестабільнасць паліт. становішча ў Рэчы Паспалітай, цар Іван IV пачаў наступленне ў Лівоніі, і яго войскі занялі тэр. ад Дынабурга (цяпер Даўгаўпілс) да Рыгі. У ліп. 1579 40-тысячнае польскае і бел.-літ. войска Стафана Баторыя разам з венгерскімі і нямецкімі наёмнікамі рушыла да Полацка. Перадавыя бел.-літ. атрады пад камандаваннем вял. гетмана М.​Радзівіла Рудога занялі замкі Казяны, Сітна і Краснае; пасля 26-дзённай аблогі 30.8.1579 вызвалены Полацк, 4 вер. ўзята крэпасць Сокал, праз месяц — Суша. У наступную кампанію 1580 войскі Стафана Баторыя занялі Усвят, Веліж, Вялікія Лукі, Невель, Завалочча, Езярышча, Холм і Старую Русу. У 1581 у адказ рас. войскі спустошылі ваколіцы Дуброўны, Оршы, Копысі, Шклова, Магілёва і Мсціслава. 26.8.1581 войскі Стафана Баторыя асадзілі Пскоў, але аблога не дала вынікаў. 15.1.1582 Рэч Паспалітая і Расія падпісалі Ям-Запольскае перамір’е на 10 гадоў, паводле якога Расія адмаўлялася ад Лівоніі, Полацкай зямлі і Веліжа, а Рэч Паспалітая вяртала ёй заваяваныя гарады на рас. тэрыторыі.

Пасля смерці Стафана Баторыя польскім каралём і вял. князем літоўскім выбраны шведскі каралевіч Жыгімонт Ш Ваза [1587—1632], які імкнуўся атрымаць падтрымку літ.-бел. магнатаў і шляхты. 28.1.1588 ён выдаў прывілей, якім зацвярджаўся Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Пасля смерці свайго бацькі (1592) Жыгімонт заняў і шведскі трон. У сваёй палітыцы ён намагаўся знішчыць у Рэчы Паспалітай Рэфармацыю і вярнуць былыя пазіцыі каталіцкаму касцёлу пры падтрымцы ордэна езуітаў. У час абвяшчэння Брэсцкай уніі 1596 Жыгімонт падтрымаў іерархію і царкоўны сабор уніяцкай царквы. Як шчыры католік, Жыгімонт усяляк падтрымліваў ідэю царкоўнай уніі і дапамагаў ажыццяўляць яе, але як палітык і кіраўнік дзяржавы вымушаны быў лічыцца з рэальным становішчам у краіне і за яе межамі, таму ён далучыўся да пастаноў соймаў Рэчы Паспалітай 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўных. Выступаючы супраць абсалютысцкіх планаў караля-католіка, шведскія дваране-пратэстанты на сойме пазбавілі Жыгімонта трона і каралём Швецыі абвясцілі яго дзядзьку Карла. З-за намаганняў Жыгімонта Вазы вярнуць шведскі трон у 1600 пачалася вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй, якая цягнулася да 1629.

У пач. 17 ст. кароль захапіўся новым планам, прапанаваным групай магнатаў і шляхты, — далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі або заключыць саюз з царом, якім меў быць каралевіч польскі. З гэтай мэтай кароль разам з магнатамі і шляхтай падтрымалі Лжэдзмітрыя I і Лжэдзмітрыя II, але калі апошняму не ўдалося захапіць Маскву, Жыгімонт пачаў рыхтавацца да вайны. У час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 польскае і літ. войска, разбіўшы 4.7.1610 каля Клушына рас.-шведскае войска, падышло да Масквы, дзе адбыўся пераварот, і сын Жыгімонта каралевіч Уладзіслаў быў абвешчаны рас. царом. Польскае і літ. войска заняло Маскву. Жыгімонт не адпусціў сына ў Расію, бо схіляўся да дзярж. уніі Рэчы Паспалітай з Расіяй. 22—26.10.1612 другое апалчэнне пад кіраўніцтвам К.​Мініна і Дз.​Пажарскага вызваліла Маскву, а ў лют. 1613 земскі сабор выбраў на царскі трон Міхаіла Фёдаравіча Раманава. У 1617—18 каралевіч Уладзіслаў, які меў тытул цара маскоўскага і ўсяе Русі, сам узначаліў паход на Маскву, рас. ваяводы здавалі яму гарады «на імя царскае», але вычарпаныя баявыя рэсурсы і вял. страты ў людзях прымусілі абодва бакі пайсці на перагаворы. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 да ВКЛ адышлі землі Смаленшчыны з гарадамі Смаленск, Белая, Дарагабуж, Сярпейск, Рослаўль, Старадуб і Трубчэўск, а да Польшчы — Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі і Северская Украіна. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул рас. цара, але і Міхаіл Раманаў застаўся на троне.

Пасля смерці Жыгімонта Вазы польскім каралём і вял. кн. літоўскім выбраны яго сын Уладзіслаў IV Ваза [1632—48]. Яшчэ да абрання караля, выкарыстаўшы міжуладдзе ў Рэчы Паспалітай, рас. цар Міхаіл Фёдаравіч пачаў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Рас. войскі асадзілі Смаленск, але горад вытрымаў аблогу. Рас. войска было акружана польскім і бел.-літ. войскамі, якія ўзначальваў кароль Уладзіслаў, і капітулявала. Палянаўскі мір 1634 пацвердзіў умовы Дэулінскага перамір’я пра пераход Смаленскага ваяв. ў склад ВКЛ. Кароль Уладзіслаў вымушаны быў адмовіцца ад тытула рас. цара і вярнуў крыжацалавальную грамату масквічоў 1610 аб выбранні яго царом.

У канцы 16 — пач. 17 ст. ўскладнілася становішча на Украіне. Інкарпарацыя ўкр. ваяводстваў Польшчай стварыла магчымасць для пранікнення на Украіну польскай шляхты і каталіцкага духавенства, што прывяло да запрыгоньвання дзесяткаў і соцень тысяч укр. сялян, узмацнення нац. прыгнёту і рэліг. супярэчнасцей. Няўстойлівая пазіцыя іерархаў правасл. царквы садзейнічала канфрантацыі, асабліва з боку казацтва, якое было абмежавана ў правах і хацела пазбавіцца кантролю з боку польскіх улад. У канцы 16 ст. адбыўся шэраг казацкіх выступленняў і паўстанняў, да якіх далучаліся найб. актыўныя і вольналюбівыя сяляне. Казакі выступалі як абаронцы «простага народу» («людзей паспалітых») — сялян і гараджан. Адным з найбольшых антыфеад. казацка-сял. выступленняў на Украіне і на паўд.-ўсх. Беларусі было Налівайкі паўстанне 1594—96. Адступаючы пад націскам 7-тысячнага войска рэестравых (запісаных на каралеўскую службу) казакоў, паўстанцы адышлі на Палессе, дзе да іх далучыліся мясц. сяляне, мяшчане і дробная шляхта, захапілі Петрыкаў і Слуцк. Пасля паражэння пад Капылём 2-тысячны атрад казакоў і сялян заняў Магілёў, але пасля Буйніцкай бітвы 1595 паўстанцы зноў адступілі на Палессе і праз Тураў і Пінск адышлі на Валынь.

У апошнія гады жыцця Уладзіслаў Ваза распрацоўваў планы вял. вайны супраць Турцыі і Крымскага ханства, войскі якіх рабілі набегі на ўкр. і польскія землі. Ён разлічваў на саюз з Расіяй і на ўкр. казацтва, але гэта выклікала незадавальненне магнатаў і заможнай шляхты. Уладзіслаў вымушаны быў адмовіцца ад планаў вайны з Турцыяй. Казакі тым часам працягвалі рыхтавацца да вайны, толькі супраць польскай шляхты. У студз. 1648 гетманам запарожскага войска быў выбраны Б.​Хмяльніцкі, які заключыў саюзны дагавор з крымскім ханам і на чале казацкага войска і 4-тысячнага атрада крымскіх татараў разграміў польскія войскі каля Жоўтых Водаў і Корсуня, што стала сігналам для нар. паўстання ва ўсх. і цэнтр. частках Украіны. Пачалася антыфеадальная вайна 1648—51. 20.5.1648 памёр кароль Уладзіслаў. Скарыстаўшы перыяд міжуладдзя, казацкія войскі занялі ўсю Левабярэжную Украіну і Кіеў. 20.11.1648 каралём і вял. князем літоўскім быў выбраны малодшы брат Уладзіслава Ян II Казімір [1648—68], які заключыў з Хмяльніцкім перамір’е.

У дачыненні да Беларусі ў Хмяльніцкага былі асобныя планы. Ён хацеў адцягнуць ад наступлення на Украіну войскі Рэчы Паспалітай і звязаць іх ваен. дзеяннямі на тэр. Беларусі, а пры спрыяльнай сітуацыі далучыць частку Беларусі (асабліва Палессе і Падняпроўе) да Украіны. Улетку 1648 на поўдні Беларусі з’явіліся казацкія загоны (атрады) Галавацкага, А.​Нябабы, Крывашапкі, Гаркушы, Міхненкі, Паддубскага і інш., якія рабавалі панскія маёнткі, касцёлы і кляштары, знішчалі фінансавыя дакументы, забівалі каталіцкіх святароў і манахаў. Да казакоў далучаліся сяляне і частка гараджан. Паўстанцы захапілі Гомель, Лоеў, Брагін, Мазыр, Тураў, Пінск, Бабруйск. У канцы 1648 у раёне Брэста сабралася войска пад камандаваннем гетмана польнага Я.​Радзівіла, якое, рухаючыся ўздоўж Прыпяці на ўсход, авалодала Туравам, Мазыром, Бабруйскам, Рэчыцай. Вясной 1649 на Беларусь былі накіраваны новыя казацкія атрады Галоты, Падбайлы, Гаркушы, цераз Дняпро пераправіўся вял. казацкі атрад М.​Крычэўскага, да якога далучыліся сяляне. З 1.7.1649 аб’яднанае казацка-сял. войска Крычэўскага было акружана, але з вял. стратамі (загінуў сам Крычэўскі) часткова выйшла з аблогі. У 1651 адбыліся паўстанні ў раёнах Мсціслава, Прапойска, Чачэрска і Горваля, якія былі падаўлены ўрадавым войскам, бо на дапамогу ім казацкія атрады ўжо не прыйшлі: Хмяльніцкі ў выніку паражэння заключыў з Польшчай Белацаркоўскі мірны дагавор. У ліп. 1651 войска Я.​Радзівіла накіравалася на Украіну, па дарозе каля лоеўскіх перапраў разбіла 15-тысячнае казацкае войска М.​Нябабы (сам Нябаба загінуў) і заняло Кіеў.

Вайна 1654—67. У кастр. 1653 земскі сабор у Маскве прыняў пастанову аб далучэнні Левабярэжнай Украіны да Расіі, а ў студз. 1654 Пераяслаўская рада зацвердзіла гэту пастанову. Улетку 1654 пачалася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Цар Аляксей Міхайлавіч выставіў 80—83 тыс. чал. супраць 10-тысячнага войска ВКЛ. З поўдня на Беларусь наступала 20-тысячнае казацкае войска. У кампанію 1654 рас. войскі занялі Смаленск, Мсціслаў, Шклоў, Оршу, Дуброўну; казакі І.​Залатарэнкі занялі Гомель, Чачэрск, Новы Быхаў і аблажылі Стары Быхаў, 24 жн. здаўся Магілёў. На поўначы Беларусі армія В.​П.​Шарамецева заняла Невель, Полацк, Дзісну, Друю, Усвят, у ліст. 1654 Віцебск. Рас. войскі наступалі таксама ў Інфлянтах і разам з укр. казакамі — на Украіне. У канцы 1654 — пач. 1655 войскі Я.​Радзівіла, А.​Гансеўскага, П.​Сапегі, Е.​Глябовіча, С.​Аскеркі перайшлі ў наступленне: у снежні 1654 знята аблога Старога Быхава, вызвалены Копысь, Дуброўна і Орша, зроблена спроба заняць Магілёў. Аднак улетку 1655 рас. войска і ўкр. казакі правялі паспяховае наступленне: занялі ўсю цэнтр. і значную частку зах. Беларусі; зноў захапілі Дуброўну, Оршу, Копысь, у ліпені — Свіслач, Барысаў, Мінск, у жніўні — Вільню, Гродна і Коўна, казацкія атрады занялі Прынямонне. Не здолеўшы авалодаць Старым Быхавам і Слуцкам, армія А.​М.​Трубяцкога рэйдам прайшла па Беларусі, заняла і спаліла Клецк, Ляхавічы, Мыш, Сталовічы, Слонім, Навагрудак, дзе злучылася з казацкім атрадам В.​Залатарэнкі і на зваротным шляху спаліла Нясвіж, Капыль, зноў безвынікова імкнулася авалодаць Слуцкам. На поўдні атрад Валконскага захапіў і спаліў Тураў, Давыд-Гарадок, Столін і Пінск.

Улетку 1655 армія шведскага караля Карла X Густава напала на Польшчу і заняла амаль усю яе тэр. (за выключэннем усх. і ўкр. ваяводстваў). Шведскі кароль прапанаваў Аляксею Міхайлавічу план падзелу Рэчы Паспалітай, аддаючы цару тэр. на ўсход ад лініі Слуцк—Мінск—Докшыцы—Дзісна, але цар адмовіўся, бо рас. войскі і без таго займалі бел. і літ. землі. Частка феад. знаці вырашыла захаваць дзяржаўнасць ВКЛ у саюзе са Швецыяй. 20.10.1655 Я.​Радзівіл, яго стрыечны брат Б.​Радзівіл з вял. групай шляхты (пераважна з Жамойці) заключылі Кейданскі дагавор 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй, прызнаючы Карла X Густава вял. князем літоўскім. Шляхце і каталіцкаму касцёлу пакідаліся ранейшыя прывілеі. Частка шляхты выказалася за Аляксея Міхайлавіча ў якасці вял. князя літоўскага, частка шляхты працягвала барацьбу з рас. і шведскімі войскамі, выступаючы за захаванне дзярж. уніі з Польшчай. Рыхтуючыся да вайны супраць Швецыі за Прыбалтыку, рас. цар заключыў з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656.

На захопленай тэр. Беларусі была ўстаноўлена рас. адміністрацыя, у буйныя гарады былі прызначаны рас. ваяводы. Шляхце, якая прысягнула цару, рас. ўрад захаваў маёнткі і саслоўныя правы. Тыя шляхціцы, што аказвалі супраціўленне ці былі ўзяты ў палон, пазбаўляліся маёнткаў. За правасл. царквой захоўваліся ўсе ўладанні і правы. Была забаронена дзейнасць рымска-каталіцкага касцёла і уніяцкай царквы, зачынены касцёлы і кляштары, каталіцкія навуч. ўстановы. Гарады Беларусі, разрабаваныя і абязлюджаныя, атрымалі граматы на дазвол рамесніцка-гандлёвай дзейнасці. У гарадах з магдэбургскім правам на час вайны дазвалялася самакіраванне, але пад кантролем рас. ваявод. Асабліва пагоршылася становішча сялян, бо дваране з рас. войска вывозілі іх у свае маёнткі ў Расіі. Укр. казацкая старшына намагалася далучыць усх. частку Беларусі да Украіны. Казацкія войскі на Беларусі ўзначальваў І.​Нячай. Пасля Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай з казакамі перайшоў на бок Рэчы Паспалітай і заняў значную частку ўсх. Беларусі (Быхаў, Чавусы, Мсціслаў, Рослаўль і інш.) і некат. паўд. раёны. 14.2.1659 рас. войскі штурмам узялі Стары Быхаў, дзе знаходзіўся апорны пункт казакоў Нячая, і жорстка расправіліся з кіраўнікамі казацкіх атрадаў. Толькі па просьбе новага гетмана Украіны Ю.​Хмяльніцкага Нячай быў памілаваны і высланы ў Табольск.

Увосень 1659 на Беларусь была кінута моцная рас. армія пад камандаваннем І.​А.​Хаванскага, якая ў снежні авалодала Гроднам, 15.1.1660 заняла Брэст, у сак. 1660 аблажыла ўмацаваную крэпасць П.​Я.​Сапегі — Ляхавічы. Аб’яднанае войска ВКЛ пад камандаваннем Сапегі і польскае войска пад камандаваннем С.​Чарнецкага ў бітве 28.6.1660 каля Палонкі (Слонімскі пав.) перамаглі армію Хаванскага. 3.7.1660 войскі Сапегі і Чарнецкага занялі Мінск і вызвалілі тэр. на захад ад Бярэзіны. Хаванскі з рэшткамі войска пацярпеў паражэнне каля Чарэі і адступіў у Полацк. 8.10.1660 аб’яднаныя войскі Рэчы Паспалітай сустрэлі каля Чавус рас. войска Ю.​А.​Далгарукага і не дапусцілі аб’яднання яго з войскамі Хаванскага. 12.2.1661 гараджане Магілёва за адну ноч знішчылі 3-тысячны гарнізон стральцоў, такія ж паўстанні адбыліся ў Дзісне, Себежы, Гомелі і інш. гарадах. 2.12.1661 вызвалена Вільня. Ваен. дзеянні прыпыніліся на 2 гады, бо больш чым палове войска ВКЛ не выплацілі жалавання. Але Расія ўжо не магла скарыстаць сітуацыю. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 Расія захавала Смаленскае ваяв., Левабярэжную Украіну і Кіеў. Вайна 1654—67 была нац. трагедыяй бел. народа. Большасць гарадоў, вёсак і мястэчак была разрабавана і зруйнавана, сельская гаспадарка, рамёствы і гандаль прыйшлі ў заняпад. Колькасць насельніцтва Беларусі скарацілася напалову (у 1650 на Беларусі жыло 2,9 млн. чал., у 1667—73—1,4 млн. чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяводствах на 60—70%, у Навагрудскім, Брэсцкім і Віленскім ваяводствах на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.

Палітычнае развіццё ў 2-й пал. 17 — сярэдзіне 18 ст. Расчараваны ў выніках войнаў у час яго панавання і ў марнасці рэфармавання дзярж. ладу Рэчы Паспалітай, кароль Ян II Казімір Ваза ў 1668 адрокся ад трона. Новым польскім каралём і вял. князем літоўскім выбраны Міхал Вішнявецкі [1669—73]. Паводле пастановы сойма 1673, кожны трэці сойм (акрамя тых, што выбіралі караля) збіраўся ў ВКЛ у Гродне. Наступным каралём польскім і вял. князем літоўскім быў выбраны Ян III Сабескі [1674—96], якога падтрымлівалі магнаты і шляхта прафранцузскай арыентацыі. «Вечны мір» 1686 паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй замацаваў дзярж. граніцы і стварыў умовы для сумесных дзеянняў супраць Турцыі і Крымскага ханства. Але 9-ы артыкул гэтага дагавора даваў магчымасць царызму пад выглядам абароны праваслаўя пастаянна ўмешвацца ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай.

У асяроддзі магнатаў усё больш разгаралася барацьба за вярхоўную ўладу ў ВКЛ. Каралеўская ўлада намагалася супрацьпаставіць адну групоўку магнатаў другой. У 1660—1-й пал. 1670-х г. найбольшага паліт. ўплыву на Беларусі дамагліся Пацы — кіраўнікі шляхецкай прааўстрыйскай групоўкі. Пасля выбрання каралём Яна III Сабескага Пацы ўзначалілі апазіцыю каралю. Яны атрымлівалі грашовыя субсідыі ад Аўстрыі і Брандэнбурга, наладзілі сувязі з Расіяй. Кароль жа падтрымаў сем’і Сапегаў і Агінскіх, якія выступалі супраць Пацаў. Гэтае саперніцтва скончылася перамогай Сапегаў (1-я пал. 1680-х г.), якія атрымалі ад Яна III Сабескага высокія пасады ў дзяржаве. Умацаваўшы сваё становішча, Сапегі выступілі супраць караля, маючы намер стаць на чале самастойнай ВКЛ. Аднак у асяроддзі бел. і літ. шляхты расла незадаволенасць усеўладдзем і злоўжываннямі Сапегаў. У 1696 супраць іх пачалася адкрытая барацьба бел. і літ. шляхты. Канфедэрацыйны сойм 29.8.1697 канчаткова ўраўнаваў правы шляхты ВКЛ з правамі шляхты Польшчы. На элекцыйным сойме 1697 ураўнаванне правоў было зацверджана з узмацненнем кантролю шляхты над дзейнасцю вышэйшых службовых асоб у ВКЛ. Адным з пунктаў гэтай пастановы была замена бел. мовы як афіцыйнай у ВКЛ на польскую, але з захаваннем юрыдычнай моцы ранейшых дзярж. актаў на бел. мове. На практыцы кандыдаты на ўсе судовыя пасады павінны былі валодаць бел. мовай, каб дакладна ведаць і тлумачыць ранейшыя дзярж. акты, а таксама розныя дакументы. Аднак увядзенне польскай мовы як афіцыйнай садзейнічала паланізацыі мясцовай шляхты і вярхоў мяшчанства.

Выбраны пры падтрымцы Аўстрыі і Расіі каралём і вял. князем літоўскім Аўгуст II [1697—1706, 1709—33], курфюрст саксонскі, імкнуўся прымірыць варагуючыя бакі. Аднак канфлікт паміж Сапегамі і большай часткай шляхты Беларусі і Літвы на чале з Р.​А.​Агінскім і Вішнявецкімі набыў характар вайны. У ліст. 1700 пад Алькенікамі (паблізу Вільні) адбылася вырашальная бітва паміж атрадамі Сапегаў і шляхты; войска Сапегаў было разбіта. Аўгуст II скарыстаў гэта, каб умацаваць сваю ўладу ў ВКЛ. Яго прыхільнікі на чале з Агінскім, а таксама праціўнікі Сапегаў — Радзівілы, Пацы і Вішнявецкія, выступілі з праектам выхаду ВКЛ са складу Рэчы Паспалітай і стварэння спадчыннай манархіі для Аўгуста II і яго нашчадкаў. У Беларусь і Літву былі ўведзены саксонскія войскі для «прымірэння бакоў», быццам бы для аховы гэтай тэр. ад шведскіх войск.

У Паўночную вайну 1700—21 Аўгуст II уступіў як курфюрст Саксоніі і як саюзнік Пятра I. Напачатку Рэч Паспалітая не ўдзельнічала ў вайне. У пач. 1702 войскі шведскага караля Карла XII праз Гродна прайшлі ў Польшчу. А ў Беларусі і Літве працягвалася барацьба паміж большай часткай шляхты і Сапегамі, якія перайшлі на бок шведаў. Сапегі арганізавалі казацка-сялянскія атрады, што дзейнічалі ва ўсх. частцы Беларусі (Дуброўна, Галоўчын, Быхаў), пакуль не былі разбіты ў лютым 1702. Прадстаўнікі шляхты ’падпісалі дагавор з Расіяй, паводле якога Пётр I абяцаў ваен. і грашовую дапамогу ВКЛ. Скліканая вясной 1703 генеральная канфедэрацыя ВКЛ абвясціла саюз з Расіяй. Карл XII арганізаваў канфедэрацыю, якая 13.7.1704 выбрала каралём польскім і вял. князем літоўскім пазнанскага ваяводу Станіслава Ляшчынскага. Увосень 1704 60-тысячная рас. армія пад камандаваннем А.​І.​Рапніна ўвайшла ў Беларусь, да лета 1705 частка арміі заняла Гродна, другая частка — раёны Мінска і Слуцка. Карл XII вярнуўся з Польшчы на Беларусь і аблажыў Гродна, але рас. войску ў сак. 1706 удалося вырвацца і праз Брэст адысці ў Кіеў. Шведскае войска разам з атрадамі К.Я.​П.​Сапегі прайшло па цэнтр. Беларусі, руйнуючы маёнткі шляхты. Пацярпеўшы паражэнне, Аўгуст II паводле ўмоў Альтранштацкага дагавора 1706 адмовіўся ад кароны на карысць Станіслава Ляшчынскага, на бок якога перайшлі Радзівілы, Пацы, Вішнявецкія і частка шляхты. Аднак Сандамірская канфедэрацыя ў Польшчы і генеральная канфедэрацыя ВКЛ не прызналі гэтага дагавора, іх падтрымліваў Пётр I. У студз. 1708 шведскія войскі зноў увайшлі ў Беларусь, занялі Гродна і рушылі на ўсход. 15.7.1708 каля мяст. Галоўчын адбылася бітва паміж рас. і шведскімі войскамі, у ходзе якой корпус Рапніна быў разбіты. Шведы занялі Магілёў і рушылі на ўсход. У баях каля вёсак Добрае і Раеўка (Мсціслаўскае ваяв.) у вер. 1708 авангард шведскай арміі панёс страты. Карл XII накіраваў сваё войска на Украіну. 9.10.1708 каля в. Лясная армія Пятра I разбіла шведскі корпус графа А.​Левенгаўпта, які ішоў на дапамогу Карлу XII. Пасля перамогі рас. войск у бітве пад Палтавай 8.7.1709 на тэр. Беларусі адбываліся ваен. дзеянні паміж рас. войскамі і канфедэратамі, з аднаго боку, і прыхільнікамі Станіслава Ляшчынскага, з другога. Аўгуст II вярнуўся ў Польшчу і зноў заключыў саюз з Пятром I. Паўн. вайна прычыніла вял. страты Беларусі, шмат якія гарады былі спалены, колькасць насельніцтва зменшылася (з 2,2 млн. чал. да вайны да 1,5 млн. чал.). Неўзабаве пасля вяртання Аўгуста II на Беларусі пачалася барацьба паміж прыхільнікамі гетмана вялікага ВКЛ Л.​К.​Пацея, які пры падтрымцы Пятра I яшчэ раней фактычна сканцэнтраваў у сваіх руках уладу ў ВКЛ, і прыхільнікамі караля на чале з гетманам польным ВКЛ С.​Э.​Дэнгафам. Віленская канфедэрацыя 1716 выступіла супраць абсалютысцкіх планаў караля. «Нямы» сойм 1717 пад дыктоўку Пятра I абмежаваў уладу караля і гетманаў, пацвердзіў права «ліберум вета», польскае войска скарачалася да 18 тыс. чал., войска ВКЛ — да 6 тыс. чал., аднак замест войск часовага набору стваралася пастаяннае войска. З таго часу ўплыў Расіі на паліт. жыццё ў Рэчы Паспалітай стаў пастаянным. Пасля смерці караля Аўгуста II, шляхта выбрала 12.9.1733 каралём польскім і вял. князем літоўскім Станіслава Ляшчынскага, стаўленіка Францыі, што не адпавядала інтарэсам Расіі. Маршам праз Беларусь на тэр. Польшчы ўвайшлі рас. войскі. Рас. камандаванне і дыпламаты арганізавалі новыя выбары. 5.10.1733 новым каралём польскім і вял. князем літоўскім выбраны Аўгуст III [1733—63], курфюрст Саксоніі, сын Аўгуста II. У час яго кіравання ішло далейшае паглыбленне паліт. крызісу Рэчы Паспалітай, соймы пастаянна зрываліся, што паралізавала дзейнасць цэнтр. улады. Пасля смерці Аўгуста III па прапанове Кацярыны II на выбарчым сойме выбраны апошні кароль польскі і вял. князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі [1764—95], які пачаў праводзіць палітыку памяркоўных рэформ дзярж. ладу, што выклікала незадаволенасць урадаў Расіі і Прусіі, інтарэсам якіх адпавядала слабая Рэч Паспалітая.

Падзелы Рэчы Паспалітай. Карыстаючыся правам абароны правоў праваслаўных у Рэчы Паспалітай, Кацярына II, а таксама прускі кароль Фрыдрых II, які да яе далучыўся, прапанавалі праект ураўнавання ў паліт. правах шляхты-дысідэнтаў (некатолікаў) з каталіцкай шляхтай. Калі сойм адхіліў гэты праект, у Рэч Паспалітую былі ўведзены рас. войскі. Пры падтрымцы рас. пасла М.​В.​Рапніна шляхта-дысідэнты ў 1767 стварылі пратэстанцкую канфедэрацыю ў Торуні і кальвінісцка-праваслаўную Слуцкую канфедэрацыю 1767, якія пры падтрымцы Расіі і Прусіі імкнуліся ўраўнаваць правы дысідэнцкай шляхты з каталіцкай. Абедзве канфедэрацыі былі прыняты пад «найвысачэйшую пратэкцыю» Кацярыны II, якая прыслала ім на дапамогу 40-тысячную армію. Сойм пад націскам Расіі ў 1768 згадзіўся прыняць пастанову аб ураўнаванні правоў некаталіцкай шляхты з каталіцкай. Патрыятычна настроеная шляхта і праціўнікі ўраўнавання правоў арганізавалі Барскую канфедэрацыю 1768, якая выступала за цэласнасць і незалежнасць дзяржавы. Атрады канфедэратаў дзейнічалі ў Брэсцкім і Мсціслаўскім ваяводствах, Ашмянскім, Аршанскім, Браслаўскім і Ваўкавыскім паветах. У кастр. 1768 рас. войскі разграмілі канфедэратаў пад Дзярэчынам (Слонімскі пав.) і занялі Нясвіжскую і Слуцкую крэпасці. У 1769 атрад канфедэратаў перамог рас. войскі ў баях пад Бераставіцай, Слонімам, Мышшу. У чэрв. 1770 з Літвы на Беларусь перайшоў атрад Ш.​Касакоўскага, які складаўся пераважна з дробнай шляхты, а таксама сялян. Ён дзейнічаў у раёнах Мядзела, Радашковіч, Мінска. Зноў узнялася на барацьбу шляхта ў Ашмянскім і Браслаўскім паветах, у Мсціслаўскім і Полацкім ваяводствах. Неўзабаве атрад Касакоўскага быў разбіты пад Навагрудкам. У вер. 1771 на бок канфедэратаў перайшоў гетман вялікі ВКЛ М.​К.​Агінскі, але яго 3-тысячны атрад быў разбіты войскам А.​В.​Суворава пад Сталовічамі. Вынікам разгрому барскіх канфедэратаў была дамоўленасць паміж урадамі Расіі і Прусіі (сакрэтная канвенцыя ад 5.8.1772; пазней далучылася і Аўстрыя) пра першы падзел Рэчы Паспалітай. Паводле канвенцыі Прусія атрымала паўн.-зах. частку Польшчы, Аўстрыя — паўд. частку Польшчы і большую частку зах. Украіны са Львовам (Галіцыю). Да Расіі былі далучаны землі ўсх. і паўн. Беларусі на поўнач ад Зах. Дзвіны, на ўсход ад Друці і Дняпра, а таксама Інфлянцкае ваяводства.

У 1770—80-я г. ўрад Рэчы Паспалітай правёў некаторыя рэформы, накіраваныя на паляпшэнне гандлю і прававога становішча мяшчан, развіццё прамысловасці. Была створана Адукацыйная камісія, рэарганізавана сістэма адукацыі. Патрыятычныя колы на Чатырохгадовым сойме 1788—92 правялі некалькі наспелых рэформ, хоць і палавінчатых. У 1791 сойм змяніў адміністрацыйны падзел у дзяржаве (з 34 паветаў у ВКЛ 20 было на тэр. Беларусі). Была прынята Канстытуцыя 3 мая 1791, якая захавала правы і прывілеі шляхты, аднак падкрэслівала неабходнасць збліжэння яе з мяшчанствам. Сял. саслоўе абвяшчалася пад заступніцтвам закона, але пры існаванні дагавора сялян з панам прыгоннае права не адмянялася. Права «ліберум вета» і канфедэрацыі скасоўваліся, усе рашэнні на сойме павінны былі прымацца большасцю галасоў. Канстытуцыя абвяшчала ўтварэнне унітарнай дзяржавы, аднак у Беларусі і Літве захоўваліся асобныя дзярж. пасады, працягвала існаваць войска ВКЛ. Канстытуцыя мела прагрэсіўны характар, яна ліквідавала феад. анархію і стварала спрыяльныя ўмовы для развіцця капіталіст. адносін. Рэакцыйныя колы магнатаў і шляхты, якіх падтрымала беззямельная шляхта, што знаходзілася пад уплывам магнатаў і была пазбаўлена выбарчых правоў, звярнуліся да Кацярыны II з просьбай аб дапамозе ў барацьбе супраць Канстытуцыі. 27.4.1792 у Пецярбургу складзены акт канфедэрацыі і да граніцы з Рэччу Паспалітай перакінуты рас. войскі. У памежным мяст. Таргавіца (Украіна) быў апублікаваны акт Таргавіцкай канфедэрацыі. Рас. войскі з групай канфедэратаў пачалі прасоўвацца на тэр. Беларусі і Правабярэжнай Украіны. Пасля некалькіх бітваў войскі ВКЛ і Польшчы адступілі ў ліп. 1792 за Зах. Буг. Кароль далучыўся да канфедэрацыі. Канфедэрацыі ВКЛ і Польшчы аб’ядналіся. Канстытуцыя і іншыя рэформы Чатырохгадовага сойма адмяняліся. Таргавіцкая канфедэрацыя фактычна падрыхтавала другі падзел Рэчы Паспалітай. 23.1.1793 у Пецярбургу падпісана новая канвенцыя паміж Расіяй і Прусіяй. Апошняя атрымала зах. частку польскіх зямель з г. Познань; Расія — цэнтр. частку Беларусі з гарадамі Барысаў, Мінск, Бабруйск, Слуцк, Мазыр, Пінск, а таксама Правабярэжную Украіну. У складзе Рэчы Паспалітай засталася частка польскіх зямель, зах. Беларусь, Валынь, Падляшша, Літва, Жамойць і Курляндыя. Гродзенскі сойм 1793 маўкліва прыняў рашэнне аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. Асн. маса магнатаў, шляхты і духавенства прысягнулі Кацярыне II, аднак патрыятычныя колы шляхты і мяшчан, шматлікая дробная шляхта, прагрэсіўнае афіцэрства і духавенства зрабілі спробу захаваць незалежнасць дзяржавы, вярнуць страчаныя тэрыторыі і працягваць рэформы.

24.3.1794 на кракаўскім рынку быў абвешчаны акт паўстання 1794, начальнікам якога прызначаны ген. У.Касцюшка, па паходжанні шляхціц з Брэсцкага пав. У красавіку да паўстання далучыліся Літва і Беларусь. 23.4.1794 утворана Найвышэйшая Літоўская рада — часовы рэв. ўрад Літвы і зах. Беларусі. Спачатку паўстанне мела некаторы поспех. У гарадах і паветах Беларусі і Літвы былі створаны органы паўстанцкай улады. Сяляне верылі Найвышэйшай радзе, якая абяцала скасаваць прыгоннае права, і таксама прынялі ўдзел у паўстанні або дапамагалі паўстанцам. 7.5.1794 Паланецкім універсалам Касцюшка абвясціў сялян свабоднымі, але зямлю пакідаў панам, ператвараючы сялян у арандатараў. Асн. маса заможнай шляхты сабатавала гэты універсал, што адштурхнула сялян ад паўстання. Каб адцягнуць сялян ад паўстання, рас. генералы абвясцілі амністыю сялянам-паўстанцам. Акрамя таго, узніклі супярэчнасці паміж Касцюшкам і Найвышэйшай Літоўскай радай. Абвінаваціўшы раду ў дзеяннях супраць «уніі братніх народаў», Касцюшка распусціў яе і ўтварыў Цэнтральную дэпутацыю Вялікага княства Літоўскага, якая складалася з больш памяркоўных элементаў (са жніўня да кастр. знаходзілася ў Гродне). У чэрвені—жніўні найб. актыўныя ваенныя дзеянні адбываліся на Гродзеншчыне і Віленшчыне. У жніўні атрад С.​Грабоўскага прабіўся ў Мінскую губ., але ў Любанскім баі быў разбіты і капітуляваў. Разгром паўстання на Беларусі давяршыў корпус Суворава (12 тыс. чал.), які нанёс паражэнне 17 вер. корпусу К.​Серакоўскага і атраду К.​Князевіча (5 тыс. чал.) у час Крупчыцкага бою. І.​Е.​Ферзен нанёс паражэнне паўстанцам у Мацяёвіцкай бітве (10.10.1794), дзе паранены Касцюшка трапіў у палон. Паўстанне скончылася паражэннем. Рэч Паспалітая была акупіравана рас., прускімі і аўстрыйскімі войскамі. 24.10.1795 у Пецярбургу падпісана канвенцыя аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай. Расія далучыла да сваіх уладанняў землі зах. Беларусі, большую частку Літвы (на поўнач і ўсход ад Нёмана), Курляндыю і Валынь. Мазовія з Варшавай, Падляшша з Беластокам і Бельскам, Занёманская Літва (на поўдзень ад Коўна) аддадзены Прусіі. Аўстрыя атрымала Малую Польшчу з Кракавам і Люблінам і паўд. частку Падляшша, а таксама зах. частку Брэсцкага ваяв. (за Зах. Бугам). Кароль і вял. князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі 25.11.1795 адмовіўся ад трона і перавезены ў Гродна. Рэч Паспалітая спыніла сваё дзярж. існаванне.

Літ.:

Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута: Ист. очерки. [М., 1892];

Яго ж. Литовско-русский сейм. М., 1900;

Яго ж. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. 2 изд. М., 1915;

Довнар Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901;

Яго ж. История Белоруссии. Мн., 2003;

Лаппо И.И. Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569—1586). Т. 1. СПб., 1901;

Максимейко Н.А. Сеймы Литовско-Русского государства до Люблинской унии 1569 г. Харьков, 1902;

Sierzputowski T. Pierwsza próba reformy polityczny w Polsce. Warszawa, 1905;

Малиновский И. Рада Великого Княжества Литовского в связи с боярской думой древней России. Ч. 2, вып. 2. Томск, 1912;

Halecki O. Dzieje unii Jagiellońskiej. T. 1—2. Kraków, 1919—20;

Feldman J. Polska w dobie wielkiej wojny północnej, 1704—1709. Kraków, 1925;

Kolankowski L. Dzieje Wielkiego Księstwa Litewskiego za Jagiellonów. T. l.Warszawa, 1930;

Пресняков А.Е. Лекции по русской истории: (читанные автором в 1908—1910 гг.). Т. 2, вып. 1. М., 1939;

Пичета В.И. Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. 2 изд. М., 1958;

Яго ж. Белоруссия и Литва XV—XVI вв. М., 1961;

Пашуто В.Т. Образование Литовского государства М., 1959;

Bardach J. Studia z ustroju i prawa Wielkiego Księsiwa Litewskiego XIV—XVII w. Warszawa, 1970;

Яго ж. O dawnej i niedawnej Litwie. Poznań, 1988;

Morzy J Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;

Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego. Poznań, 1983;

Ігнатоўскі У.М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5 выд. Мн., 1991;

Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;

Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;

Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. Мн., 2001;

Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. 2 выд. Rzeszów, 2000;

Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. 2 выд. Мн., 2001;

Яго ж. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. 2 выд. Мн., 2003;

Дзмітрачкоў П.Ф. Беларусь у складзе Вялікага княства Літоўскага: (Другая палова XIII — першая палова XVII стст.). Магілёў, 2003.

А.​П.​Грыцкевіч.

Грунвальдская бітва 1410. Карціна Я.​Матэйкі.
Статут ВКЛ 1529.
Люблінская унія 1569. Карціна Я.​Матэйкі.
Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні крывічоў. Знаходкі з курганнага могільніка Казлоўцы.
Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні дрыгавічоў. Знаходкі з курганнага могільніка Каласы.
Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні радзімічаў. Знаходкі з курганнага могільніка Ветачка.
Захоп Мінска паўднёварускімі князямі пасля Нямігскай бітвы 1067 і ўгон жыхароў у палон. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу.
Тураў у 12—13 ст. Рэканструкцыя П.​Ф.​Лысенкі, мастак Я.​Г.​Каробушкін.
Берасцяная грамата 13—14 ст. з Мсціслава.
Інтэр’ер дома з фрэскамі 12 ст. ў Навагрудку. Рэканструкцыя В.​Сташчанюка паводле матэрыялаў Ф.​Д.​Гурэвіч.
Грунвальдская бітва 1410. Карціна Я.​Матэйкі.
Статут ВКЛ 1529.
Люблінская унія 1569. Карціна Я.​Матэйкі.
Аблога Брэста шведамі ў 1657. Гравюра Э.​Дальберга.
Карыкатура на 1-ы падзел Рэчы Паспалітай. 1772.

т. 18, кн. 2, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)