ДАРО́ГА,

спецыяльна падрыхтаваная паласа на зямной паверхні, надземнае або падземнае збудаванне для перамяшчэння трансп. і інш. тэхн. сродкаў, людзей, грузаў. Адрозніваюць Д.: бязрэйкавыя (аўтамабільныя дарогі, трактарныя, веласіпедныя, для гужавога транспарту, прагону жывёлы, падвесныя канатныя дарогі і інш.); рэйкавыя наземныя (чыгунка), падземныя (метрапалітэн), навясныя або падвесныя манарэйкавыя дарогі, наземныя канатныя (для перамяшчэння ваганетак з грузам па вузкакалейных пуцях з дапамогай канатнай цягі). На Д. будуюць масты, тунэлі, пуцеправоды, ставяць агароджы, знакі дарожныя і інш. сродкі тэлекамунікацый.

Сетка Д. (звычайна без пакрыццяў) пачала складвацца ў Еўразіі ў 5-м тыс. да н.э. Хеты і асірыйцы будавалі Д. значнай працягласці, часта з каменнымі пакрыццямі. У Стараж. Рыме ў канцы 4 ст. да н.э. пабудавана першая брукаваная Апіева дарога. З 2 ст. да н.э. наладжаны караванны Вялікі шаўковы шлях з Кітая ў краіны Сярэдняй і Пярэдняй Азіі. На тэр. Беларусі сетка грунтавых Д. пачала складвацца ў 7—9 ст. З 9 ст. наладжаны водны шлях з «варагаў у грэкі» з выкарыстаннем паміж рэкамі прасцейшых сухапутных Д. З 11—12 ст. паступова будуецца і набывае значэнне Д. Масква—Смаленск—Мінск—Брэст (наз. «Вялікая Смаленская», або «Пасольская»). Пашырыліся паштовыя дарогі са станцыямі, корчмамі. мытнямі, ямской службай. У 19 ст. праз Беларусь пракладзены 2 важнейшыя шашэйныя Д. Расійскай імперыі — Масква—Варшава і Санкт-Пецярбург—Кіеў. У пач. 19 ст. вынайдзена дарожнае адзенне з суцэльнага слоя ўтрамбаванага друзу, што выклікала інтэнсіўнае буд-ва ва ўсіх краінах Д. з цвёрдым (пераважна друзавым) пакрыццём. Са з’яўленнем аўтамабіляў пачалося буд-ва Д. з асфальтавым пакрыццём. Развіццё дарожнага буд-ва стымулявала стварэнне спец. дарожных машын, вытв-сць дарожна-будаўнічых матэрыялаў, распрацоўку тэхналогій дарожна-будаўнічых работ.

І.​І.​Леановіч.

Да арт. Дарога. Дарожны вузел (развязка) э мостам цераз раку.

т. 6, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны і абсталяванне, якія выконваюць розныя тэхнал. аперацыі апрацоўкі драўніны або драўняных матэрыялаў. Падзяляюцца на дрэварэзальныя станкі (аснашчаюцца розным дрэварэзальным інструментам), гнутарныя, зборачныя, для нанясення клею, аддзелачныя станкі і прэсы.

На гнутарных станках загатоўкам надаюць пэўную форму без парушэння сувязей паміж часцінкамі драўніны (выгінаннем па шаблоне, з прапарваннем і праварваннем, з наступнай сушкай у замацаваным становішчы). Зборачныя станкі выкарыстоўваюць для злучэння (шыпамі, шрубамі, цвікамі і інш.) дэталей у вузлы і гатовыя вырабы (зборка рамак, корпусных вырабаў і інш.; гл. Шчытазборачныя станкі). Станкі для нанясення клею аснашчаюць клеемяшалкамі, упырсквальнымі механізмамі, клеенамазвальнымі вальцамі і інш. На аддзелачных станках рыхтуюць паверхню вырабаў (грунтуюць, шпаклююць, наносяць фарбу і тэкстурны рысунак), наносяць лакафарбавыя матэрыялы, шліфуюць і аздабляюць паверхню, робяць плёначныя і дэкар. пакрыцці. На прэсах вырабляюць шматслойную фанеру, драўнянастружкавыя пліты і інш. У дрэваапрацоўчай прамысловасці карыстаюцца таксама агрэгатнымі станкамі, станкамі-аўтаматамі і паўаўтаматамі, аўтам. і паўаўтам. станочнымі лініямі. Рабочыя органы Д.м. падзяляюцца на галоўныя (выконваюць прыёмы, якія вызначаюць працэс апрацоўкі, напр. рэзанне, падачу) і дапаможныя (выконваюць функцыі базіравання, напрамку, фіксацыі, пагрузачна-разгрузачныя, кантрольныя і інш.).

Літ.:

Амалицкий В.В., Санев В.И. Оборудование и инструмент деревообрабатывающих предприятий. М., 1992.

А.​А.​Барташэвіч.

Схемы дрэваапрацоўчых машын: а — даўбёжных станкоў (ланцуговафрэзернага і з гнездавой фрэзай); б — драбільных станкоў; в — шліфавальнага цыліндрычнага станка; г — гнутарнага станка (1 — шаблон, 2 — дэталь, 3 — шына, 4 — прасавальны ролік); д — вальцоў для нанясення клею (1 — дазіравальны ролік, 2 — валец, які наносіць клей 3 на дэталь 4); е — прэса (1 — матрыца, 2 — пуансон, 3 — дэталі, якія склейваюцца); ж — вальцовага станка для нанясення лаку (1 — дазіравальны ролік, 2 — валец, які наносіць лак на дэталь 3); з — лаканаліўной машыны (1 — транспарцёры, 2 — дэталь, 3 — лаканаліўная галоўка, 4 — слой лаку, 5 — лаказліўны латак).

т. 6, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТАРЭ́С (ад лац. interest мае значэнне, важна),

1) сацыяльны I. (у філасофіі, сацыялогіі і інш.) — рэальная прычына сац. дзейнасці індывідаў, сац. груп, супольнасцей, што ляжыць у аснове непасрэдных намераў (ідэй, жаданняў і інш.) і вызначае сац. паводзіны. Франц. матэрыялісты 18 ст. К.​Гельвецый, П.​Гольбах, Д.​Дзідро бачылі ў І. рэальную аснову маралі, палітыкі, грамадскага ладу ў цэлым. Пры гэтым сац. І. яны разглядалі як простую суму індывід. І., што выводзіліся з нязменнай у цэлым пачуццёвай прыроды чалавека. І.​Кант і Г.​Гегель адзначалі нязводнасць І. да натуральнай прыроды чалавека. Гегель падкрэсліваў, што І. ёсць нешта большае, чым змест намеру і свядомасці, разглядаў бясконцую шматлікасць І. і патрэбнасцей як ажыццяўленне ў гісторыі т.зв. «абсалютнай ідэі». Паводле марксізму, у сац. І. замацоўваюцца адносіны класа ці сац. групы да ўсёй сукупнасці грамадска-паліт. ін-таў, матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, абумоўленыя іх эканам. становішчам; але нязводныя да яго. Адрозніваюць І.: па ступені агульнасці (індывідуальныя, групавыя, грамадскія), сферы накіраванасці (эканамічныя, палітычныя, духоўныя), характары суб’екта (нацыянальныя, дзяржаўныя, партыйныя і інш.), ступені асэнсаванасці (дзейнічаюць стыхійна і на аснове распрацаванай праграмы), магчымасці іх ажыццяўлення (рэальныя і ўяўныя), адносінах да аб’ектыўнай тэндэнцыі грамадскага развіцця (прагрэсіўныя, рэакцыйныя, кансерватыўныя). І. складае аснову любых форм спаборніцтва, барацьбы і супрацоўніцтва паміж людзьмі і выступае ў якасці важнейшых стымулаў дзейнасці і рухаючых сіл гіст. працэсу.

2) У псіхалогіі — форма выяўлення пазнавальнай патрэбнасці. Адрозніваюць І. непасрэдны (выкліканы прывабнасцю аб’екта) і апасродкаваны (характарызуецца адносінамі да аб’екта як да сродку дасягнення мэты дзейнасці). Класіфікуецца паводле зместу (прадметнай аднесенасці) і шырыні прадметнага зместу, па глыбіні (укаранёнасці ў сістэме патрэбнасных адносін асобы) і ўстойлівасці, па сіле і працягласці. У працэсе развіцця І. можа ператварацца ў схільнасць (патрэбнасць у ажыццяўленні дзейнасці, якая выклікае І.).

В.​В.​Філіпава.

т. 7, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРВА́Л (ад лац. intervallum прамежак, адлегласць) у музыцы, суадносіны двух гукаў музычных па вышыні. Ступеневая (колькасная) велічыня І. вымяраецца колькасцю ступеней 7-ступеннага гукарада паміж ніжнім і верхнім гукамі. У абазначэннях І. ўказваецца колькасная велічыня (лац. парадкавыя лічэбнікі або лічбы) і якасная (вызначэнні: чысты, малы, вялікі, паменшаны, павялічаны, двойчы паменшаны, двойчы павялічаны). І. ў межах актавы наз. простымі, шырэйшыя за актаву — састаўнымі.

Простыя І.: чыстая прыма (ч. 1) — 0 тонаў; малая секунда (м. 2) — ​1/2 тону; вялікая секунда (в. 2) — 1 тон; малая тэрцыя (м. 3) — 1 ​1/2 тону; вялікая тэрцыя (в. 3) — 2 тоны; чыстая кварта (ч. 4) — 2 ​1/2 тону; павялічаная кварта (пав. 4) — 3 тоны; паменшаная квінта (пам. 5) — 3 тоны; чыстая квінта (ч. 5) — 3 ​1/2 тону; малая секста (м. 6) — 4 тоны; вялікая секста (в. 6) — 4 ​1/2 тону; малая септыма (м. 7) — 5 тонаў; вялікая септыма (в. 7) — 5 ​1/2 тону; чыстая актава (ч. 8) — 6 тонаў.

Састаўныя І.: нона (м. і в.), дэцыма (м. і в.), ундэцыма (ч. і пав.), дуадэцыма (пам. і ч.), тэрцдэцыма (м. і в.), квартдэцыма (м. і в.), квінтдэцыма (ч.).

Велічыня тонаў і паўтонаў вызначаецца муз. строем. Паслядоўна ўзятыя гукі ўтвараюць меладычныя І. (узыходныя ці зыходныя), адначасова ўзятыя — гарманічныя, якія ўваходзяць у склад акордаў, і падзяляюцца па якасці гучання на кансанансы і дысанансы. Ніжні гук наз. асновай І., верхні — вяршыняй. Перастаноўка гукаў І. на актаву, калі аснова становіцца вяршыняй і наадварот, наз. абарачэннем І., у выніку ўзнікае новы І. У сувязі з ладам І. падзяляюцца на дыятанічныя (гл. Дыятоніка) і храматычныя (гл. Храматызм). І., меншыя за паўтон, былі пашыраны ў стараж.-грэч. музыцы, вядомы ў многіх нееўрап. традыц. муз. культурах, а таксама ў некат. муз. кірунках 20 ст. (гл. Санорыка, Чвэрцьтонавая сістэма).

т. 7, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л 1-ы (Міжнароднае Таварыства Рабочых),

першая масавая міжнар. арг-цыя рабочых у 2-й пал. 19 ст. Засн. 28.9.1864 у Лондане на міжнар. сходзе прадстаўнікоў рабочых Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краін. Знаходзіўся пад вырашальным уплывам ідэй марксізму. К.Маркс склаў яго Устаноўчы маніфест і Статут, пазней з’яўляўся аўтарам б.ч. адозваў, цыркуляраў і рашэнняў яго кіруючых органаў. Мэтамі рабочага руху былі абвешчаны звяржэнне капіталіст. ладу і заваяванне рабочым класам улады, непасрэднай задачай — з’яднанне рабочых розных краін у сумеснай барацьбе за свае правы (8-гадзінны рабочы дзень, ахова працы жанчын, стварэнне прафсаюзаў і інш.). Вышэйшы орган — штогадовы кангрэс, паміж кангрэсамі — Ген. савет, які знаходзіўся ў Лондане (з 1872 у Нью-Йорку). Пры Ген. савеце дзейнічаў пастаянны к-т. У сваёй дзейнасці І. 1-ы апіраўся на секцыі (рабочыя арг-цыі) у многіх краінах Еўропы, а таксама ў ЗША і Аўстраліі. Сувязь з секцыямі ажыццяўлялі сакратары-карэспандэнты, якія ўваходзілі ў склад Ген. савета. К.​Маркс займаў пасаду сакратара-карэспандэнта для Германіі і некаторых інш. краін, у т. л. Расіі. Рас. секцыя засн. ў Жэневе ў 1870, яе відным дзеячам з’яўляўся ўдзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі А.Д.Трусаў. На кангрэсах І. 1-га (1866 у Жэневе, 1867 у Лазане, 1868 у Бруселі, 1869 у Базелі, 1872 у Гаазе) К.​Маркс і Ф.Энгельс вялі непрымірымую барацьбу з немарксісцкімі плынямі ў рабочым руху — пруданізмам, ласальянствам, трэд-юніянізмам, анархізмам. Франка-пруская вайна 1870—71 і задушэнне Парыжскай камуны 1871, якую І. 1-ы актыўна падтрымаў, зрабілі немагчымай яго дзейнасць у Еўропе. На Гаагскім кангрэсе (1872) было вырашана перавесці Ген. савет у Нью-Йорк (ЗША). Фактычна дзейнасць І. 1-га як масавай арг-цыі на гэтым спынілася. Фармальна распушчаны па прапанове К.​Маркса ў 1876 на міжнар. рабочай канферэнцыі ў Філадэльфіі (ЗША).

М.​Г.​Нікіцін.

т. 7, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСПА́НА-АМЕРЫКА́НСКАЯ ВАЙНА́ 1898,

вайна паміж Іспаніяй і ЗША за ўплыў на Кубе, Філіпінах і інш. астраўных тэрыторыях. Адбылася ва ўмовах уздыму нац.-вызв. руху на Кубе (з 1895) і Філіпінах (з 1896), аслаблення тут калан. улады Іспаніі і ўзмацнення пазіцый ЗША (кантралявалі тытунёвую прам-сць, вытв-сць і экспарт цукру-сырцу на Кубе, абяцалі падтрымаць кубінскіх і філіпінскіх паўстанцаў у іх барацьбе за незалежнасць ад Іспаніі). Фактычна інспіравана ЗША, якія пасля ўзрыву 15.2.1898 на рэйдзе порта Гавана (Куба) амер. браняносца «Мейн» (загінулі ўсе 260 маракоў) абвінавацілі ў гэтым Іспанію і 25 крас. абвясцілі ёй вайну. У крас.—маі 2 амер. эскадры (17 і 6 караблёў) блакіравалі паўн.-ўсх. ўзбярэжжа Кубы, дзе знаходзіліся 200 тыс. ісп. вайскоўцаў, 3 ліп. каля порта Сант’яга-дэ-Куба патапілі эскадру, што прыбыла з Іспаніі (7 караблёў). Амер. дэсант (18 тыс. чал.) і кубінскія паўстанцы 16 ліп. занялі Сант’яга-дэ-Куба, у пач. жн. поўнасцю разбілі ісп. войскі на Кубе. У ліп.—жн. амерыканцы занялі зах. частку Пуэрта-Рыка. У ходзе баёў на Філіпінах амер. эскадра (6 караблёў) 1 мая знішчыла ў бухце Манілы ісп. флот (10 устарэлых караблёў). Амер. дэсант (15 тыс. чал.) і мясц. паўстанцы пасля аблогі 13 жн. ўзялі г. Маніла. Пазбаўленая флоту і магчымасці падтрымаць свае войскі на Кубе і Філіпінах, 13 жн. Іспанія капітулявала. Паводле Парыжскага міру (падпісаны 10.12.1898, ратыфікаваны 6.2.1899) Іспанія ўступіла ЗША Пуэрта-Рыка, в-аў Гуам і (за 20 млн. дол.) Філіпіны (сталі калоніяй ЗША у выніку амерыкана-філіпінскай вайны 1899—1901). Фармальна атрымаўшы незалежнасць, Куба была акупіравана амер. войскамі і стала пратэктаратам ЗША.

Літ.:

Фонер Ф.С. Испано-кубино-американская война и рождение американского империализма, 1895—1902: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1977.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 7, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЧА́ТКА,

паўвостраў на ПнУ Азіі, у Камчацкай вобл. Расіі. Абмываецца на З Ахоцкім м., на У — Ціхім ак. і Берынгавым м. Пл. 370 тыс. км². Працягласць з Пн—ПнУ на Пд—ПдУ 1200 км, шыр. да 450 км. Вузкім (да 100 км) перашыйкам Парапольскі дол злучаецца з мацерыком. Усх. бераг моцна парэзаны, утварае залівы (Краноцкі, Камчацкі, Азярной, Карагінскі, Корфа) і бухты (Авачынская, Карага, Acopa і інш.). Далёка ў мора выступаюць скалістыя п-авы — Шыпунскі, Краноцкі, Камчацкі, Азярной. Зах. бераг парэзаны слаба. У сярэдняй частцы К. з ПнУ на ПдЗ перасякаюць хрыбты Сярэдзінны (выш. 3621 м, вулкан Ічынская Сопка) і Усходні (выш. да 2485 м). Паміж імі Цэнтральнакамчацкая нізіна. На З К. — Заходне-Камчацкая нізіна, на У — платопадобнае ўзвышша з конусамі патухлых і дзеючых вулканаў. Усяго на К. больш за 160 вулканаў, з якіх дзейнічае 28 (найвыш. Ключаўская Сопка). Ёсць шмат гейзераў і мінер. крыніц. К. складзена пераважна з верхнемезазойскіх і кайназойскіх асадкавых і эфузіўных адкладаў. Карысныя выкапні: пемза, слюда, сера, вугаль, буд. матэрыялы, ртуць, нафта. Клімат марскі мусонны на ўзбярэжжы, унутры кантынентальны. Сярэдняя т-ра жн. 12 °C, лют. -13 °C. Ападкаў 600—1000 мм за год. Сучаснае зледзяненне (пл. 874 км²), больш за 400 ледавікоў. Найбуйнейшыя рэкі: Камчатка, Авача, Вялікая і інш., паўнаводныя. Шмат азёр у кратэрах (Хангар і інш.) і кальдэрах (Краноцкае, Курыльскае і інш.). На Пн К. мохавая тундра. У цэнтр. частцы паўвострава і на У — тайга (даурская лістоўніца, саянская елка, піхта і інш.). На ўзвышшах зараснікі каменнай бярозы, на схілах гор кедравы сланік. У паніжэннях высакатраўе. На З шмат балот. Прамысл. звяры: собаль, ліс, выдра. Лоўля ціхаакіянскага селядца. кеты. гарбушы, камчацкага краба. На К. біясферны Краноцкі запаведнік. Найб. горад Петрапаўлаўск-Камчацкі. Гаспадарку гл. ў арт. Камчацкая вобласць.

Літ.:

Семенов В.И. В краю горячих источников. Петропавловск-Камчатский, 1988.

Ландшафт Камчаткі.

т. 7, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДЗІ́НСКІ (Васіль Васілевіч) (16.12.1866, Масква — 13.12.1944),

расійскі жывапісец, тэарэтык авангардызму, адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1886—92), у Мюнхене ў школе А.​Ашбе (1897—98) і АМ (1900). Працаваў у Германіі (1896—1914; 1921—33, з 1922 праф. «Баўгауза»), у Расіі (1914—21): выкладаў у Дзярж. маст. вольных майстэрнях і ў Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях, з 1919 заг. маск. Музея жывапіснай культуры, у 1920 арганізаваў Ін-т маст. культуры; з 1933 у Францыі. Стваральнік маст. груп «Новае аб’яднанне мастакоў Мюнхена» (1909, з А.​Яўленскім), «Сіні коннік» (1911, з Ф.​Маркам), «Сіняя чацвёрка» (1924). Імкнуўся да «універсальнай духоўнасці», інтэграцыі розных культур, развіваў ідэі сімвалізму ў кірунку «чыстай формы» і беспрадметнасці. Творчасць фарміравалася пад уздзеяннем экспрэсіянізму, мадэрну, музыкі Р.​Вагнера. У ранні перыяд працаваў у духу фавізму; пад уплывам этнаграфіі, іканапісу і рус. нар. мастацтва рабіў «візантыйскія» і фальклорна-лубачныя акварэлі. З 1910-х г. ствараў імпрэсіі, імправізацыі («Імправізацыя № 2»), кампазіцыі ў абстрактным кірунку, шукаў узаемасувязь паміж колерам і муз. гукам. У 1920-я г. пад уплывам супрэматызму рабіў геаметрызаваныя кампазіцыі («Шматкаляровае кола», 1921; «Жоўтае — чырвонае — сіняе», 1925; «Цяжкія колы», «Квадрат», абодва 1927). У франц. перыяд імкнуўся да сімвалізму, пераўтварэння фігур у ідэаграмы («Трыццаць», 1937), геам. формы спалучаў з арганічнай абстракцыяй («Тры рознакаляровыя фігуры», 1942). Працаваў у графіцы (альбомы «Вершы без слоў», 1904; «Дрэварыты», 1909, і інш.), зрабіў дэкарацыі і касцюмы да сюіты М.​Мусаргскага «Карцінкі з выстаўкі» (1928, Германія). Аўтар кніг «Сугучча» і «Позірк назад» (1913), «Кропка і лінія на плоскасці» (1926; усе на ням. мове), «Прыступкі» (1918, на рус. мове). Іл. гл. таксама да арт. Абстрактнае мастацтва.

Тв.:

Рус. пер. — О духовном в искусстве. М., 1992.

Я.​Ф.​Шунейка.

В.Кандзінскі. Імправізацыя № 2.

т. 7, с. 578

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫТЫ́ЧНЫ РЭАЛІ́ЗМ у філасофіі,

кірунак, заснаваны на т.зв. рэаліст. пераасэнсаванні «крытычнай філасофіі» І.Канта і прызнанні адрозненняў паміж аб’ектам пазнання і ведамі суб’екта аб ім; адна з форм неакантыянства. Узнік у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст., быў пашыраны ў Германіі, Вялікабрытаніі і ЗША. Прадстаўнікі ням. К.р. (В.​Вунт, О.​Кюльпе, А.​Месер, А.​Рыль і інш.) не прызнавалі абс. непазнавальнасці кантаўскай «рэчы ў сабе» і разглядалі пазнанне не як простае адлюстраванне рэальнасці, а як сімвалічнае ўспрыманне, выяўленне ўласцівасцей знешняга свету; у гэтым сэнсе іх погляды збліжаліся з іерогліфаў тэорыяй і набывалі істотныя рысы агнастыцызму. Англ. філосафы А.​Сет, А.​Прынгл-Пэтысан і Д.​Хіке, якія спалучалі К.р. з канцэпцыямі персаналізму і філасофіі «здаровага сэнсу» (гл. Шатландская школа), лічылі, што свет існуе незалежна ад свядомасці, а асновай яго пазнання з’яўляецца інтуітыўная, прыроджаная здольнасць розуму. У ЗША заснавальнікамі К.р. як самаст. школы былі Д.​Дрэйк, А.​Лаўджай, Дж.​Прат, А.​Роджэрс, Дж.​Сантаяна, Р.​В.​Селерс і Ч.​О.​Стронг, якія ў 1920 апублікавалі зб. «Нарысы крытычнага рэалізму». У адрозненне ад неарэалізму яны сцвярджалі магчымасць толькі апасродкаванага пазнання, што складаецца з трох элементаў: суб’екта, аб’екта і «дадзенага» (або лагічных сутнасцей); чалавек пазнае прадметы не непасрэдна, а з дапамогай сутнасцей, якія толькі выражаюць аб’екты, але не тоесныя ім. Крытычнымі рэалістамі называлі сябе некаторыя з прадстаўнікоў рус. махізму. Сучасны К.р. прадстаўлены ў вучэннях А.​Венцля, Х.​Дрыша, М.​Гартмана і інш., якія спрабавалі ажыццявіць «сінтэз» матэрыяліст. установак прыродазнаўства і ідэаліст. філасофіі на аснове валюнтарызму і т.зв. «крытычнай анталогіі», паводле якой пазнанне выступае не вызначальным, а другасным пачаткам у адносінах да асн. сфер быцця (чалавечай, матэрыяльнай, духоўнай) як аўтаномных пластоў аб’ектыўнай рэальнасці.

Літ.:

Борисова Е.М., Куртонина Н.Я. Основные направления западной философии. М., 1990;

Теория познания. Т. 1—2. М., 1991.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 8, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ЎСКАЯ У́НІЯ 1385,

дзярж. саюз паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай, заключаны 14.8.1385 у Крэўскім замку. Акт К.у. — дакументальнае зацвярджэнне вял. князем ВКЛ Ягайлам папярэдне прынятых абавязацельстваў перайсці ў каталіцтва і ахрысціць паводле лацінскага абраду ўсіх язычнікаў-літоўцаў, а таксама стварыць дзярж. саюз (унію) ВКЛ і Кароны Польскай. У акце зафіксавана таксама абяцанне польскіх паслоў ад імя сваёй дзяржавы аддаць кн. Ягайлу ў жонкі малалетнюю каралеву Ядвігу, а з ёю і польскую карону. Акт падпісалі Ягайла, князі Скіргайла, Лугвен, Карыбут, Вітаўт. Агульным гал. фактарам саюзу была барацьба абедзвюх дзяржаў з Тэўтонскім ордэнам, небяспека з боку якога ўзмацнілася і пагражала стратай зямель Польшчы і ВКЛ. Польская шляхта хацела спыніць ваенныя канфлікты з ВКЛ з-за Валыні, а каталіцкая царква — мірным шляхам ахрысціць апошні язычніцкі народ у Еўропе. 2.2.1386 на з’ездзе польскай шляхты ў Любліне Ягайлу абралі каралём Польшчы. Ён прыбыў у Кракаў, прыняў са сваімі братамі каталіцтва і атрымаў імя Уладзіслаў. 18.2.1386 Ягайла ажаніўся з Ядвігай, а 4.3.1386 быў каранаваны. Абедзве дзяржавы аб’ядноўваў адзін манарх (праўда, ненадоўга), але кожная з іх захоўвала сваю сістэму кіравання, праводзіла самаст. палітыку. Працягам К.у. была Віленска-Радамская унія 1401. Аддаленыя вынікі К.у. — даволі трывалы дзярж. саюз (трымаўся на персанальнай уніі) ВКЛ і Польшчы на працягу 14—16 ст., да заключэння Люблінскай уніі 1569, паступовае збліжэнне дзярж. інстытутаў ВКЛ і Польшчы, а таксама культ. збліжэнне вярхоў грамадства. Дзякуючы саюзу ўдалося ліквідаваць пагрозу з боку Тэўтонскага ордэна, перамагчы яго ў Грунвальдскай бітве 1410, адкрыць гандл. шляхі ў Зах. Еўропу. На ўсходзе ВКЛ з дапамогай Польшчы ўдалося стрымліваць націск з боку Маскоўскай дзяржавы. Адным з вынікаў уніі быў шырокі дыпламатычны выхад ВКЛ у Еўропу, а таксама культ. збліжэнне з інш. краінамі Еўропы.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 8, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)