НА́ТАРП (Natorp) Паўль (24.1.1854, Дзюсельдорф, Германія — 17.8.1924),

нямецкі філосаф, адзін з гал. прадстаўнікоў марбургскай школы неакантыянства. Вучань Г.Когена. Праф. філасофіі Марбургскага ун-та (1885). Цэнтр. месца ў яго філас. поглядах займае трактоўка кантаўскага паняцця «рэчы ў сабе», якое ён лічыў «гранічным паняццем» і пабуджальным пачаткам навук. пазнання. Н. затушоўвае прынцыповую кантаўскую розніцу паміж апрыёрнымі формамі пачуццёвасці і катэгорыямі розуму і пераносіць яе ў разрад чыста лагічных праблем. Класічным прыкладам навукі, на яго думку, выступае матэм. аналіз, дзе канструкцыі чыстага мыслення выцясняюць усе спец. аб’екты. Н. даследаваў ант. філасофію, асабліва вучэнне Платона, якое разглядаў з неакантыянскіх пазіцый. Сац.-філас. погляды Н. спалучаюць у сабе характэрныя для марбургскай школы ідэі «этычнага сацыялізму» з лібералізмам. Галоўным у сац. педагогіцы Н. было палажэнне пра неабходнасць адукацыі індывіда ў якасці перадумовы яго ўдзелу ў агульначалавечым руху за пабудову ідэальнага грамадства. Аўтар прац: «Сацыяльная педагогіка» (1899), «Вучэнне аб ідэях Платона» (1903), «Філасофія як праблема і яе праблемы» (1911) і інш.

В.​І.​Боўш.

т. 11, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЗАБЫТО́ЎСКІ Аляксандр (2.10.1819, в. Смалічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.; паводле інш. звестак 15.9.1818, в. Зубкава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 21.3.1849),

бел. і польскі пісьменнік, філосаф, гісторык. Вучыўся ў прыватным франц. пансіёне ў Варшаве, у Дэрпцкім ун-це (1835—38). У 1844—47 наведаў Францыю, Аўстрыю, Італію, Іспанію, Партугалію, Англію. За спробу перавезці свае і чужыя нелегальныя выданні арыштаваны, зняволены ў пінскай, мінскай і віленскай турмах. Быў прыгавораны да пазбаўлення дваранскіх і маёмасных правоў і 20-гадовай катаргі ў сібірскіх рудніках (памёр да выканання прыгавору). У ананімных кнігах, якія выдаваў у Вільні і Парыжы, а таксама ў рукапісах, што трапілі ў рукі царскіх улад пры арышце, заклікаў народ на барацьбу супраць сац. і нац. прыгнёту, патрабаваў скасавання паншчыны, адмаўляў існаванне Бога, высмейваў хрысц. догматы. Аўтар мемуараў «Мае запіскі» (Парыж, 1845), прысвечаных паўстанню 1830—31, у якіх сябе называе ліцвінам (беларусам).

У.​І.​Мархель.

т. 11, с. 269

т. 11, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́КАМ (Ockham, Occam) Уільям (каля 1285, Окам, Вялікабрытанія — 10.4.1349), англійскі філосаф, паліт. публіцыст, прадстаўнік наміналізму, манах-францысканец. Вучыўся і выкладаў у Оксфардскім ун-це. У 1323 абвінавачаны ў ерасі, зняволены на 4 гады ў Авіньён, адкуль уцёк у Мюнхен, дзе жыў пры двары імператара Людвіга Баварскага, праціўніка папы. Змагаўся супраць панавання царквы над дзяржавай (прыхільнік размежавання сфер іх юрысдыкцыі), прадугадаў многія ідэі Рэфармацыі. Лічыў, што рэальна існуюць толькі адзінкавыя субстанцыі і іх абс. ўласцівасці, а па-за мысленнем ёсць толькі тэрміны, т.зв. універсаліі, якія абазначаюць розныя класы імён (інтэнцыі). Сфармуляваў прынцып дваістай ісціны для кан’юнкцыі і дыз’юнкцыі і ідэю пра тое, што значэнне тэрміна поўнасцю вызначаецца яго функцыяй у выказванні. Першасным пазнаннем лічыў інтуітыўнае, а паняцці, якія не зводзяцца да інтуітыўных і вопытных ведаў, павінны выключацца з навукі («сутнасці не павінны памнажацца без неабходнасці»). Окалізм (тэрмінізм) значна паўплываў на далейшае развіццё логікі і філасофіі, асабліва на Ж.​Бурыдана, Мікалая з Атрэкура, Ф.​Бэкана, Т.​Гобса, Дж.​Лока.

В.​В.​Краснова.

т. 11, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РГІШ Вячаслаў Пятровіч (н. 28.11.1949, в. Маркаўшчына Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. філосаф і сацыёлаг. Д-р філас. н. (1992). Скончыў БДУ (1977). З 1985 у Ін-це філасофіі і права, з 1990 у Ін-це сацыялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праблемах філасофіі культуры, сацыялогіі рэлігіі, паліт. сацыялогіі, гісторыі філас. і грамадскай думкі Беларусі. Распрацаваў новыя канцэптуальныя падыходы да метадалогіі вывучэння філас. і культ.-гіст. аспектаў хрысц. светапогляду, станаўлення грамадз. супольнасці і бел. паліт. культуры як культуры паліт. кансэнсусу асн. сац. груп, дынамікі сац.-паліт. працэсаў і развіцця нац. самасвядомасці ва ўмовах дзярж. незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.

Тв.:

Античная философия и происхождение христианства. Мн., 1986;

Древняя Русь: Образование Киевского гос-ва и введение христианства. Мн., 1988;

Франциск Скорина — белорусский гуманист, просветитель, первопечатник. Мн.. 1989 (у сааўт.);

Истоки христианства: культурно-ист. генезис. Мн., 1991;

Динамика социальных процессов в условиях государственной независимости Беларуси: Социол. анализ: Сб. науч. тр. Мн., 1999 (у сааўт.).

т. 11, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ЗІКАЎ Віктар Мітрафанавіч (н. 7.9.1928, в. Балотнікі Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. філосаф і культуролаг. Канд. філас. н. (1958), праф. (1978). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1975). Скончыў БДУ (1953). З 1957 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі (у 1960—72 і ў 1987—96 заг. кафедры, у 1968—79 прарэктар). У 1979—87 рэктар Мінскага ін-та культуры. З 1987 у Бел. эканам. ун-це (у 1987—96 заг. кафедры). Навук. працы па гісторыі філасофіі і сацыялогіі, асветы і культуры Беларусі.

Тв.:

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973 (у сааўт.);

Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г. Мн., 1985 (у сааўт.);

Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1993 (разам з У.​У.​Качаноўскім);

Кароткі філасофскі слоўнік. Мн., 1994 (у сааўт.);

Философия: Курс лекций. Мн., 1995 (у сааўт.);

Методологические и методические аспекты философской подготовки магистров. Мн., 1998.

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБІНШТЭ́ЙН Сяргей Леанідавіч (18.6.1889, г. Адэса, Украіна — 11.1.1960),

расійскі псіхолаг і філосаф. Чл.-кар. АН СССР (1943). Скончыў Марбургскі ун-т (1913; Германія). З 1930 заг. кафедры Ленінградскага пед. ін-та. З 1942 дырэктар Ін-та псіхалогіі АПН Расіі. З 1945 у Ін-це філасофіі АН СССР (да 1948 нам. дырэктара). Аўтар тэорыі псіхічнага як дзейнасці і як працэсу. Лічыў, што чалавек і яго псіхіка фарміруюцца ў працэсе дзейнасці і яны павінны даследавацца праз праяўленні ў асн. відах дзейнасці (у працы, пазнанні, навучанні, гульні і інш.), што псіхіка характарызуецца неперарыўным фарміраваннем, змяненнем. Асобу разглядаў як цэласную сістэму ўнутр. умоў, сярод якіх вылучаў агульныя, устойлівыя (напр., якасці зроку) і тыя, што змяняюцца ў залежнасці ад гіст. этапаў развіцця грамадства (напр., матывацыя). Дзярж. прэмія СССР 1942.

Тв.:

Бытие и сознание. М., 1957;

Принципы и пути развития психологии. М., 1959;

Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999.

Літ.:

Абульханова-Славская К.А. Брушлинский А.В. Философско-психологическая концепция С.​Л.​Рубинштейна М., 1989.

т. 13, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАЛО́ВА Галіна Мікалаеўна (н. 19.7.1935, г. Камсамольск-на-Амуры Хабараўскага краю, Расія),

бел. сацыёлаг і філосаф Д-р філас. н. (1986), праф. (1990). Засл. работнік адукацыі Беларусі (1999) Скончыла Разанскі політэхн. ін-т (1959). З 1978 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі (з 1984 заг. аддзела). З 1989 заг. аддзела Ін-та сацыялогіі Нац. АН Беларусі. Заснавальнік бел. навук. школы сацыялогіі працы і эканам. сацыялогіі. Навук. працы па эканам. сацыялогіі, праблемах працы, прафес. культуры, сац. развіцця. Распрацавала метадалагічныя асновы тэорый сацыялогіі працы і эканам. сацыялогіі, абгрунтавала ўзаемасувязь гэтых тэорый.

Тв.:

Труд и профессиональная культура. Мн., 1980;

Культура труда в социальном развитии рабочего класса. Мн., 1984;

Культура труда в социальном развитии технической интеллигенции. Мн., 1989;

Экономический образ мышления: Реальность и перспективы. Мн., 1994 (у сааўт);

Социальные механизмы регулирования рынка рабочей силы. Мн., 1998 (у сааўт.);

Экономическая социология. 2 изд. М.; Мн., 2000;

Социология труда. Мн., 2000;

Рынок труда и механизмы его регулирования. Мн., 2001 (у сааўт.).

т. 14, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ГЕР БРАБА́НЦКІ (Siger de Brabant; каля 1235—82),

нідэрландскі філосаф, заснавальнік зах.-еўрап. авераізму. З 1266 праф. Парыжскага ун-та. Двойчы асуджаны інквізіцыяй (у 1270 і 1277). У час чарговага следства забіты сваім сакратаром. У трактатах «Аб разумнай душы», «Аб вечнасці свету», «Немагчымае», «Аб неабходнасці і ўзаемасувязі прычын» і ў каментарыях да «Фізікі», «Метафізікі» і інш. твораў Арыстоцеля сфармуляваў тэорыю дваістасці ісціны, паводле якой ісціны філасофіі і тэалогіі могуць супярэчыць адна адной. Адмаўляў ідэю стварэння Богам свету з нічога і божае наканаванне. Развіваў вучэнне аб усеагульным дэтэрмінізме і абвяргаў існаванне свабоды волі ў чалавека і Бога. Лічыў, што ўсе працэсы і падзеі на Зямлі залежаць ад руху нябесных цел і маюць цыклічны характар. Сцвярджаў, што чалавечы дух (інтэлект) уяўляе сабой вечную, нематэрыяльную субстанцыю, а душа смяротная. Погляды С.Б. абвяргалі Альберт Вялікі, Фама Аквінскі, Р.​Лулій. Вучэнне С.Б. паўплывала на светапогляд Дантэ, П.​Пампанацы, Дж.​Піка дэла Мірандалы, авераістаў падуанскай школы і інш.

т. 14, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЯМНЁЎ Міхаіл Аляксандравіч (н. 15.11.1939, в. Малыя Стайкі Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1982), праф. (1982). Засл. дз. нав. Беларусі (1989). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1962), працаваў у ім з 1971 (з 1982 заг. кафедры). З 1990 дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь, старшыня камісіі па нац. палітыцы і міжнац. адносінах. З 1995 ген. консул Рэспублікі Беларусь у г. Беластоку (Польшча). З 1997 заг. кафедры ў Віцебскім філіяле Ін-та сучасных ведаў. Навук. працы па праблемах логікі, метадалогіі навук. пазнання і філас. аспектах прыродазнаўства. Абгрунтаваў эўрыстычную ролю філас. прынцыпаў і паняццяў у навук. пошуку, вызначыў месца ўмоўнасцей і канвенцый у структуры прыродазнаўчых тэорый.

Тв.:

Простое и сложное в природе и познании. Мн., 1976;

Свобода научного творчества. Мн., 1980;

Диалектическая концепция понятия. Мн., 1982 (у сааўт.);

Детерминизм: системы, развитие. Мн., 1985 (у сааўт.);

Лабиринты познания. Мн., 1988;

Диалектика спора. Мн., 1990 (разам з В.​Н.​Васільковым).

М.​П.​Савік.

т. 15, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМІРНО́ВА Разалія Андрэеўна (н. 1.10.1946, Баку),

бел. сацыёлаг і філосаф. Д-р філас. н. (1994). Скончыла Ленінградскі ун-т (1971). З 1990 у Ін-це сацыялогіі Нац. АН Беларусі (з 1999 заг. аддзела). Навук. працы па праблемах логікі і метадалогіі навук. ведаў, навукі як сац. ін-та і сферы чалавечай дзейнасці, чалавека як аб’екта і суб’екта сац. палітыкі. Распрацавала канцэпцыі сац.-псіхал. рэабілітацыі насельніцтва, якое пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, светапогляду як формы самасвядомасці і спосабу духоўна-практычнай дзейнасці чалавека і навук. пазнання, новыя метадалагічныя падыходы да вывучэння сац. рэальнасці, сац. стратыфікацыі і ідэнтыфікацыі асобы ў грамадстве.

Тв.:

Социально-мировоззренческие основания научного познания. Мн., 1984;

Природа социальной реальности: Бытие и познание. Мн., 1991;

Изменение социальной реальности и поведение людей. Мн., 1992;

Социальная политика суверенной Беларуси. Мн., 1996 (разам з С.​А.​Шавелем);

Социальная реабилитация населения, пострадавшего в результате чернобыльской аварии. Мн., 1997 (з ім жа);

Социальная структура, мобильность. идентификация. Мн., 1998 (разам з А.​У.​Рубанавым, С.​А.​Шавелем).

т. 15, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)