своеасаблівая форма выяўлення гора, смутку, дзе ў адзіны семантычны комплекс зліты спецыфічны напеў, імправізаваны тэкст, плач, асобая пластыка; адзін з найб. старажытных жанраў нар. творчасці. Вядомы ва ўсіх народаў свету. На Беларусі запісаны ўжо ў 16 ст. Я.Ласіцкім. Бел. галашэнні падзяляюць на абрадавыя (пахавальныя, вясельныя) і пазаабрадавыя (бытавыя, ваенныя). Найб. развіта традыцыя пахавальных галашэнняў, якія з’яўляюцца неад’емным муз.-паэт. кампанентам пахавальнага абраду, суправаджаюць асн. яго этапы і ў адпаведнасці з імі складаюць 7 цыклаў, звязаных паміж сабою зместам, сістэмай паэт. сродкаў і напевам.
Вылучаюцца традыц. фальклорнай вобразнай сімволікай (шэрая зязюлька, галубачка шызакрылая, жавараначак, саколік, ягадачка мая недаспелая, залаценькі каласок, ясны месячык). Паэтыка і манера інтанавання галашэнняў абумоўлена вял. эмац. напружанасцю выканаўцы, што прыводзіць да з’яўлення ў тэксце мноства воклічна-запытальных структур, паўтораў, экспрэсіўных словаўтварэнняў і інш., а ў напеве — да прыкмет натуральнага плачу: напружанага тэмбру, высокай тэсітуры, нетэмпераванага строю. Напеў і тэкст знаходзяцца ў непасрэднай інтанацыйна-рытмічнай і кампазіцыйнай сувязі. Вершаскладанне інтанацыйна-фразавае. Свабоднаму або акцэнтнаму вершу (ад 3 да 16 складоў, роўна- ці няроўнанаціскному) аднавершавай, страфічнай або тыраднай структуры адпавядае напеў пераважна дэкламацыйнага характару, вузкага дыяпазону. Вылучаюць 3 стылі выканання пахавальных галашэнняў: напеўны рэчытатыў (найб. пашыраны, уключае 8 меладычных тыпаў, кожны з якіх мае пэўны арэал), песенны (цэнтр. Палессе), гаворкавы (паўн.-зах. зона Панямоння).
Вясельныя галашэнні (зафіксаваны ў асн. на Паазер’і) выконваліся пераважна ў час абдорвання маладой, яе развітання з родным домам ці ў інш. моманты першай паловы вяселля. Іх паэтычны змест абумоўлены прымеркаванасцю да пэўнага моманту вяселля. Паводле муз.стылявых асаблівасцей вылучаюць 2 тыпы вясельных галашэнняў: рэчытатыўны, напевы якога супадаюць з пахавальнымі (паўн.-ўсх. Паазер’е), і песенны са стабільнай структурай верша і мелодыка-рытмічнай формы, распеўнай манерай выканання (паўн. і паўд. зоны). У Расонскім р-не лакалізаваны «галашэнні зязюльцы», бытавыя галашэнні з нагоды асабістага гора жанчыны. Носьбіты традыцый галашэнняў, як правіла, пажылыя жанчыны, форма выканання пераважна сольная (сумесныя галашэнні на пахаванні ці вяселлі ўяўляюць сабой спалучэнне шэрагу сольных імправізацыі. У сучасным вясковым побыце пашыраны пахавальныя і бытавыя галашэнні. Да жанру галашэння ў літаратуры звярталіся Я.Купала, М.Гарэцкі, У.Караткевіч, Б.Сачанка, Я.Сіпакоў і інш.
Літ.:
Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;
Варфоломеева Т.Б. Северобелорусская свадьба. Мн., 1988;
Пахаванні. Памінкі. Галашэнні. Мн., 1986;
Вяселле: Мелодыі. Мн., 1990;
Сысоў У.М. Беларуская пахавальная абраднасць. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМНА́ЗІЯ,
сярэдняя агульнаадукацыйная навуч. ўстанова (звычайна гуманітарна-філал. кірунку). Тэрмін запазычаны са Стараж. Грэцыі (гл.Гімнасій). Упершыню гімназіяй была названа сярэдняя школа, адчыненая ў 1538 у Страсбуры (Францыя). У 16—18 ст. гімназіі ўзніклі ў многіх гарадах Германіі. У 19 ст. гімназіямі звычайна называлі сярэднія школы з адносна трывалым курсам навучання, дзе гал. ўвага аддавалася вывучэнню помнікаў класічнай л-ры. Назву гімназіі мелі адпаведныя навуч. ўстановы большасці краін Еўропы, у т. л. Расіі. Яны былі найб. пашыраным тыпам сярэдняй школы, арыентаванай гал. чынам на шырокую інтэлектуальную адукацыю. У 2-й пал. 19 — 1-й пал. 20 ст. ўзніклі разнавіднасці гімназіі: рэальныя, новых моў, прыродазнаўча-матэматычныя і інш. У многіх краінах гімназіі захоўваюць значэнне адзінай сярэдняй навуч. ўстановы, якая дае права паступлення ва ун-т.
На Беларусі гімназіі дзейнічаюць з пач. 19 ст. У 1804 у гімназіі пераўтвораны гал.нар. вучылішчы. Паводле «Статута навучальных устаноў Віленскай навучальнай акругі» (1803) гімназіі адкрыты ў Мінску (1803), Свіслачы (1807), Віцебску (1808), Магілёве (1809), Слуцку (1827), Гродне (1834), Жыровічах. Статут 1864 прадугледжваў 3 тыпы гімназій з 8-гадовым курсам навучання: класічныя з грэч. і лац. мовамі, класічныя з лац. мовай (давалі права паступлення ва ун-ты і інш.ВНУ), рэальныя, без стараж. моў (у большым аб’ёме выкладалася прыродазнаўства, што давала права паступлення ў вышэйшыя тэхн.навуч. ўстановы). У 1870 у гімназіі перайменаваны жаночыя вучылішчы Мін-ванар. асветы з 6-гадовым курсам навучання. З 1872 рэальныя гімназіі пераўтвораны ў рэальныя вучылішчы. На Беларусі да 1913 дзейнічалі жаночыя дзярж. гімназіі ў Гомелі, Мінску, Бабруйску, Брэсце, Віцебску, Ваўкавыску, Пінску, Клімавічах, Мазыры, Полацку, Слуцку і інш. На 1.1.1915 было 14 дзярж. і 5 прыватных мужчынскіх, 17 дзярж. і 23 прыватныя жаночыя гімназіі. У 1918 на сав.тэр. Беларусі гімназіі скасаваны. У Зах. Беларусі ў 1917 — пач. 1920-х г. Адкрыта 6 прыватных бел. гімназій: Будслаўская беларуская гімназія, Віленская беларуская гімназія, Клецкая, Навагрудская, Нясвіжская, Радашковіцкая. У канцы 1920 — пач. 1930-х г.бел. гімназіі ў Зах. Беларусі закрыты польск. ўладамі. У Гродне, Навагрудку, Брэсце, Баранавічах, Пінску, Ваўкавыску, Пружанах, Маладзечне, Стоўбцах і інш. гарадах Зах. Беларусі дзейнічалі польскія гімназіі. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (1939) гімназіі як тып навуч. ўстановы былі скасаваны. У 1920—30-я г. ў Латвіі дзейнічалі Дзвінская і Люцынская дзярж.бел. гімназіі. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. на Беларусі зноў пачалі стварацца гімназіі. У 1996/97 навуч.г. ў Рэспубліцы Беларусь працавала 68 гімназій (63,5 тыс. вучняў). Сучасныя гімназіі — сярэднія агульнаадук. ўстановы з павышаным узроўнем навучання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫ,
участкі зямной паверхні, якія ўзняты вышэй за 500 м над узроўнем мора і характарызуюцца рэзкімі ваганнямі вышынь на невял. адлегласцях.
Горы адасоблены ад сумежных раўнін падножжамі ці пераходнай паласой невысокіх (500 — 700 м) расчлянёных перадгор’яў. Цягнуцца ад соцень да некалькіх тысяч кіламетраў прамалінейна (Вял. Каўказ, Кардыльеры) або выгінаюцца як дугі (Альпы, Карпаты). Схілы ў залежнасці ад тэктанічнай будовы, характару горных парод, узросту, клімату бываюць пакатыя, стромкія (40—45°), вертыкальныя; паводле марфалогіі і профілю адрозніваюць прамыя, увагнутыя, выпуклыя, увагнута-выпуклыя, ступеньчатыя. У залежнасці ад памераў, будовы і ўзросту вылучаюць горны пояс, горную сістэму, горную краіну, горныя хрыбты, горныя грады, горныя вяршыні, горныя групы, раздзеленыя паніжэннямі: міжгорнымі ўпадзінамі, горнымі далінамі. Іх спалучэнне дае розныя тыпы расчлянення гор у плане: паралельнае (Каўказ), радыяльнае (Хан-Тэнгры, пік Перамогі ў Цянь-Шані), перыстае, або папярочнае (Высокі Таўэрн у Альпах), крацістае (Паўд. Урал, Усх. Цянь-Шань), расчлянёнае з кулісападобным размяшчэннем хрыбтоў (Зах. Закаўказзе, Паміра-Алай). У марфал. адносінах горы падзяляюцца на нізкагор’і (да 1000 м), сярэднягор’і (да 2000 м), высакагор’і (вышэй за 2000 м). Нізкагор’і ўтвараюцца, калі пераважаюць працэсы разбурэння (выветрыванне, эрозія, схілавы перанос матэрыялу і інш.), вызначаюцца мяккімі, акруглымі профілямі, шырокімі далінамі рэк (Бадхыз, Казахскі драбнасопачнік). Сярэднія горы (Вагезы, Капетдаг, Сярэдні Урал, Шварцвальд) маюць спадзістыя схілы, авальныя перагіны, купалападобныя вяршыні, шырокія даліны рэк. Высокія горы (Анды, Альпы, Гімалаі, Памір, Цянь-Шань і інш.) характарызуюцца глыбокім расчляненнем, стромкімі схіламі, наяўнасцю пірамідальных вяршынь і высокіх грабянёў (гл.Нізкагорны рэльеф, Сярэднегорны рэльеф, Высакагорны тып рэльефу). Паводле паходжання горы ўмоўна падзяляюць на: тэктанічныя са складкавай (Альпы, Анды, Гімалаі), або складкава-глыбавай структурай (Апалачы, Урал, Цянь-Шань), паднятыя на некалькі тысяч км, якія вылучаюцца разнастайнасцю рэльефаўтваральных працэсаў і глыбокім расчляненнем; эразійныя — высокаўзнятыя платопадобныя паверхні з гарызантальнай геал. структурай, якія пазней апынуліся пад уплывам навейшых (неатэктанічных) падняццяў і расчлянёны далінамі рэк і часовых патокаў (плато Каларада); вулканічныя, конусы вулканаў, высакагорныя лававыя покрывы (Армянскае нагор’е). Адрозніваюць геал. ўзрост (час першага падняцця гор з геасінкліналі) і геамарфалагічны (час апошняга ўтварэння горнага рэльефу). Напр., Цянь-Шань пачаў фарміравацца ў каледонскую эпоху арагенезу, сучасныя марфал. рысы склаліся ў кайназоі. Найважнейшыя паверхневыя (экзагенныя) працэсы ў гарах — выветрыванне, эрозія, ледавіковыя працэсы, схілавы перанос матэрыялу і інш. Асноўная геагр. заканамернасць горных тэрыторый — праяўленне вышыннай пояснасці. Гл. таксама Горныя ландшафты, Горны клімат.
Літ.:
Гвоздецкий Н.А., Голубчиков Ю.Н. Горы. М., 1987;
Леонтьев О.К., Рычагов Г.И. Общая геоморфология. 2 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭА́Л ЭСТЭТЫ́ЧНЫ,
вобразнае ўяўленне пра духоўна-пачуццёвую дасканаласць і гармонію ў прыродзе, грамадскім быцці і маст. творчасці; гістарычна зменлівы крытэрый эстэт. густу і ацэнкі, што выяўляецца непасрэдна ў прыгожым, узнёслым і трагічным, ускосна — у агідным, нізкім і камічным. Як аб’ект эстэт. адносін да рэчаіснасці І.э. — арганічны кампанент сузірання, мыслення і практычнай дзейнасці, уключае таксама маст. культуру, вытв-сць, побыт. Яго суб’ектыўная ўмова — развітыя эстэт. пачуцці, маст. густ, гуманіст.грамадская свядомасць. У сістэме маст. культуры з’яўляецца адной з прычын і мэтай творчасці, крытэрыем ацэнкі мастацтва і прадметнага свету крытыкай і публікай. Дыялект. сутнасць І.э. ў супярэчлівым адзінстве рэальнага і належнага (таго, што павінна быць), гістарычнага абмежаванага ўзору і няспыннага руху да больш высокай дасканаласці, у адзінстве сац.-класавай, рэгіянальнай і нац. адноснасці з агульначалавечай універсальнасцю. Суадносіцца з ідэаламі пазнавальнымі, сац.-паліт. і этычнымі.
У ант. культуры І.э. выяўляўся найперш у гармоніі, меры і калакагатыі (адзінства красы і дабра). Для позняй эліністычнай культуры характэрна палярызацыя матэрыі і духу, рэальнага і ідэальнага. Хрысц. культура надала ім форму іерархіі духоўных, у т. л.эстэт. каштоўнасцей, на вяршыні якой боская Тройца — адзінства ісціны, дабра і красы. Сярэдневяковае мастацтва спасцігла І.э. як духоўную прыгажосць чалавека і яго творчасці, выяўленых у катэгорыі ўзнёслага. Для рэнесансавага гуманіст мастацтва характэрны ідэал гарманічна развітой асобы — мудрасць вучонага, адвага воіна, талент мастака, адзінства цялеснай і духоўнай прыгажосці. Ускладненне сац. структуры познафеад. і капіталіст. грамадства абумовілі дыферэнцыяцыю І.э., палярызацыю ўяўленняў пра яго ў асяроддзі арыстакратыі, буржуазіі і працоўных. Сучасныя кірункі ў эстэтыцы і розныя маст. плыні бачаць у І.э. кампанент «чыстай» маст. формы (абстракцыянізм), недасягальны ўзор або наогул адмаўляюць ідэалы (постмадэрнізм).
У гісторыі эстэтыкі і маст. культуры Беларусі ў самабытных формах выявіліся асн.гіст.тыпы І.э. У раннехрысц. культуры дамінавалі ідэалы маральнага ўдасканалення, хрысц. альтруізму (вобразы святых), рыцарскага служэння радзіме (вобразы ідэальных князёў і волатаў). Мысліцелі і асветнікі — гуманісты 16—17 ст. (Ф.Скарына, М.Гусоўскі, Сімяон Полацкі, Л.Сапега) сцвярджалі ідэал гарманічнага чалавека, агульнага дабра і прававой дзяржавы. У эпоху барока і класіцызму (17—1-я пал. 19 ст.) адбылася палярызацыя І.э. на высокі (арыстакратычны) і «нізкі» (народны). На аснове нар. ідэалаў, гуманіст. і рамант. традыцый у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. сфарміраваліся эстэт. ідэалы бел.нац. адраджэння, таленавіта выяўленыя ў бел. класічнай л-ры (творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Гаруна і інш., у газ. «Наша ніва»), якія сёння дамінуюць у нац. школах прафес. мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯ́ДНЫЯ ПЕ́СНІ,
калядкі, жанр стараж.нар. абрадавых песень зімовага цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Спяваюцца пры калядаванні. Пашыраны ў індаеўрап., у т. л.слав. народаў. На Беларусі найб. распаўсюджаны ў паўд. і цэнтр. раёнах. Сінкрэтычна звязаны з нар. гульнямі і тэатр. паказамі пераапранутых. Іх прызначэнне ў старажытнасці — наблізіць надыход сонечнага цяпла і паспрыяць багатаму ўраджаю. Вызначаюцца святочна-прыўзнятым ці гулліва-гумарыст. настроем. Паводле зместу К.п. — велічальнае віншаванне гаспадароў хаты, пажаданне ім дабра і заможнасці, услаўленне іх працавітасці і шчодрасці, ухваленні дарослых дачкі і сына, дабрадушныя кепікі з дзеда і старой. Прац. тэматыка часта спалучаецца са шлюбнымі матывамі. Тыповыя для К.п. і замалёўкі са свету звяроў, свойскай жывёлы і птушак, апяванне самой персаніфікаванай Каляды з мехам пірагоў, вясёлых зімовых свят, з якімі селяніну так не хочацца развітвацца («Ай, калядачкі, вы вярніцеся», «Каб калядачак цэлы гадочак»). У паэт. тэкстах некат. К.п. ёсць гіст. матывы, чутны адгалоскі войнаў. Урадлівасць і багацце пададзены ў іх гіпербалізавана, а карціны прыроды набываюць часам касм. формы («Ходзіць-паходзіць месяц па небу, кліча-пакліча зоры з сабою»). Для каляднай вобразнасці найб. характэрны амбівалентныя карнавалізаваныя ператварэнні: «каза», якая ўсімі ўшаноўвалася, «упала, здохла і прапала», а потым уваскрэсла ў скоках; дыялогі і спрэчкі жывёл, птушак і рыб рэзюмуюцца нечаканымі змяшчэннямі: «З цябе, рыбачка, смачная юшка, а з мяне, арла — мяккая падушка». К.п. характэрны сталыя рэфрэны, перакліканне запявалы з хорам, слоўныя прыгаворы перад спяваннем і пасля яго. Напевы К.п. тыпалагічна акрэсленыя і надзвычай устойлівыя; найчасцей квінтавыя з дакладнай структурай і характэрнай калядкавай рытмаформулай («А ў борку, ў борку», «За мхом, за мхом на пожанкі»). Гучанне маляўнічае дзякуючы багатым тэмбравым зрухам і розным гукапераймальным прыёмам, абумоўленым сувяззю з тэатралізаванай гульнёй. У паўд. (Палессе) і цэнтр. раёнах Беларусі пераважаюць песні святочна-прыўзнятага характару са звонкімі рэфрэнамі-воклічамі, у паўн. (Паазер’е) — гарэзліва-гуллівыя, ва ўсх. набліжаюцца да распеўных лірычных або пластычных карагодных песень. Агульныя з калядкамі тыпы напеваў, акрамя навагодніх віншаванняў-прыгавораў, маюць шчадроўскія песні. Зберагліся ў побыце вёскі і бытуюць як вясёлая навагодняя карнавальная забава.
Публ.:
Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі / Скл. А.І.Гурскі, З.Я.Мажэйка. Мн., 1975 (Бел.нар. творчасць);
Беларускія народныя песні / Запіс Р.Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;
Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд.Мн., 1975;
Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.
Літ.:
Можейко З.Я. Коляда в белорусском полесском селе // Сов. этнография. 1969. №3;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПРЫ́Н (Аляксандр Іванавіч) (7.9.1870, с. Нараўчат Пензенскай вобл., Расія — 25.8.1938),
рускі пісьменнік. Скончыў Аляксандраўскае ваен. вучылішча (Масква, 1890). Быў на ваен. службе, з 1894 у адстаўцы, жыў у Кіеве, шмат ездзіў па Расіі. У 1903 зблізіўся з М.Горкім, супрацоўнічаў у яго выд-ве «Знание». У 1919 эмігрыраваў у Францыю, з 1937 на радзіме. Друкаваўся з 1889. Раннія апавяданні (зб. «Мініяцюры», 1897) — псіхал. эцюды, прысвечаныя даследаванню розных станаў чалавечай душы. У апавяданнях «Дазнанне», «У паходзе», аповесцях «Прапаршчык армейскі» (1897), «На пераломе (Кадэты)» (1900), «Паядынак» (1905) і інш.рэаліст. паказ жахлівага ваен. побыту, пратэст супраць жорсткасці і падаўлення асобы. Аповесць «Малох» (1896) — спроба з дапамогай іншасказання і сімвалаў паказаць бесчалавечнасць вытворчага прагрэсу. Пасля паездкі на Палессе (1897) напісаў цыкл апавяданняў («У лясной глушы», «На глушцоў» і інш.), аповесць «Алеся» (1898), у якіх упершыню моцна загучала тэма вял. кахання, характэрная для наступных яго твораў («Суламіф», 1908; «Гранатавы бранзалет», 1911; і інш.). Аўтар аповесцей навукова-фантаст. «Вадкае сонца» (1913), напаўфантаст. «Зорка Саламона» (1917), цыкла нарысаў «Кіеўскія тыпы» (1895—98), «Лістрыгоны» (1907—11) і інш. Аповесць «Яма» (ч. 1—2, 1909—15) пра амаральнасць грамадства, якое апраўдвае прастытуцыю. У эміграцыі стварыў нарысы аб Францыі, аповесці «Купал св. Ісакія Далмацкага» (1928), «Кола часу» (1929), «Жанета» (1932—33), казачныя («Кісмет») і гіст. («Аднарукі камедыянт», «Цень імператара») апавяданні, успаміны пра цыркавых артыстаў, рус. прыроду і інш.Асн. эмігранцкі твор — аўтабіягр. раман «Юнкеры» (1928—32). Многія творы К. экранізаваны («Паядынак», «Алеся» і інш.). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі І.Шамякін, Л.Салавей.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1970—73;
Собр. соч.Т. 1—3. Мн., 1994;
Река жизни: Рассказы, повести;
Из несобранного и забытого. Ростов н/Д, 1988;
Сильнее смерти: Повести и рассказы о любви. Л., 1993;
Рассказы и повести. Мн., 1997;
Бел.пер. — Выбранае Мн., 1985;
Выбр. проза. Мн., 1992. Собр. соч.Т. 1—9. М., 1970—73;
Собр. соч.Т. 1—3. Мн., 1994;
Река жизни: Рассказы, повести;
Из несобранного и забытого. Ростов н/Д, 1988;
Сильнее смерти: Повести и рассказы о любви. Л., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКЛА́Д,
1) па магчымасці поўнае і дакладнае ўзнаўленне інфармацыі, увасобленай у тэксце на адной мове, тымі самымі ці функцыянальна аналагічнымі сродкамі другой мовы.
2) Тэкст, што ўзнікае ў выніку працэсу перакладу. У адпаведнасці з тым, у якой форме ажыццяўляецца П., ён падзяляецца на 2 тыпы: пісьмовы і вусны, у т. л. паслядоўны і сінхронны. Вылучаюць наступныя віды пісьмовага П.: маст., грамадска-паліт., навук.-тэхнічны. Кожны з гэтых відаў мае свае жанравыя разнавіднасці. Напр., у маст. адрозніваюць П. паэзіі, прозы, драматургіі і дзіцячай л-ры, у грамадска-паліт. — П. газетна-інфарм. паведамленняў, публіцыстыкі і аратарскіх прамоў, у навук.-тэхн. — П. навук. твораў, афіц.-дзелавых дакументаў і тэхн. тэкстаў. У сярэдзіне 20 ст. ўзнік машынны пераклад, які выконваецца з дапамогай электронна-выліч. тэхнікі. Паводле паўнаты ўзнаўлення арыгінала П. бывае поўным, скарочаным і адаптаваным (у ім дапускаюцца ці пераказваюцца неістотныя, з пункту гледжання пэўнага чытача, моманты арыгінала). Інфармацыя пра іншамоўны тэкст можа быць атрымана перакладчыкам у выніку непасрэднага (у арыгінале) успрымання або апасродкаванага — праз іншы П. ці падрадкоўнік (паслоўная — радок у радок — перадача сэнсу вершаванага твора без захавання яго фармальных адзнак: рытму, рыфмы, гукапісу). У апошніх выпадках інфармацыя пра першакрыніцу значна абмежаваная. Найб. пашыраны і складаны — пераклад мастацкі. Найб. раннія ўзоры пісьмовага П. — вавілонскі П. шумерскага эпасу пра Гільгамеша і перакладныя тэксты дакументаў з б-кі асірыйскіх цароў у Ніневіі (2-е тыс. да н.э.). Асаблівае пашырэнне П. набыў у перыяд бурнага развіцця чалавечай цывілізацыі, у век навук.-тэхн. рэвалюцыі. Калі ў 19 ст. перакладалі з некалькіх дзесяткаў моў, то ў наш час — прыкладна з 1500 моў свету. На Беларусі, як і ў большасці краін Еўропы, развіццё ўласнага пісьменства пачалося з П. У сярэднія вякі перакладалі рэліг. кнігі (Біблія, Евангелле), свецкія і рэліг. аповесці (гл.Перакладная аповесць), творы вучэбныя і навуковыя. Найвыдатнейшы тагачасны бел. перакладчык Ф.Скарына. Вял. ўклад у развіццё П. зрабілі таксама С.Будны, В.Цяпінскі і інш. У 19 ст. разам са станаўленнем новай бел. л-ры адраджаецца маст. пераклад (В.Дунін-Марцінкевіч, А.Абуховіч, Я.Лучына і інш.), які ў 20 ст. займае пануючае становішча сярод інш. відаў бел. П. Тэорыю і практыку П. вывучае перакладазнаўства.
Літ.:
Комиссаров В.Н. Слово о переводе. М., 1973;
Бархударов Л.С. Язык и перевод. М., 1975;
Теорія і практика перекладу. Вип. 1—11. Київ, 1979—84.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРА́МНАЯ МУ́ЗЫКА,
род інструментальнай музыкі, якая ўвасабляе пэўную, абвешчаную кампазітарам тэму (сюжэт). Праграма выкладаецца ў выглядзе загалоўка твора ці яго частак, эпіграфа або ў разгорнутай літ. форме. Асн. віды праграмнасці: карцінная (развіццё аднаго ці некалькіх муз. вобразаў без істотных змен на працягу ўсяго ўспрыняцця) і сюжэтная, якая ўключае абагульнена-сюжэтную (у музыцы адлюстраваны асноўныя сюжэтныя вузлы літ. першакрыніцы) і паслядоўна-сюжэтную (музыка ідзе за ўсімі перыпетыямі сюжэта). Сродкамі вобразнай канкрэтызацыі музыкі выступаюць прыёмы гукапісу, муз. жанр, стыль, тып муз. драматургіі, характэрныя нац. рысы муз. мовы. Будову твораў вызначаюць агульныя прынцыпы муз. формаўтварэння (монатэматызм, варыяцыйнасць, свабодна трактаваная санатная форма).
Вядома са старажытнасці. Сярод твораў эпохі барока канцэрты «Поры года» А.Вівальдзі, «Капрычыо на ад’езд любага брата» І.С.Баха, у творчасці венскіх класікаў «Развітальная сімфонія» І.Гайдна, «Пастаральная», уверцюры «Эгмант» і «Карыялан» Л.Бетховена. Росквіту дасягнула ў эпоху рамантызму, калі склаліся многія яе жанры, якія атрымалі развіццё ў 20 ст. Сярод твораў: «Фантастычная сімфонія» Г.Берліёза, сімфоніі «Манфрэд» П.Чайкоўскага, «1905 год» Дз.Шастаковіча, сімф. паэмы «Прэлюды» Ф.Ліста, «Тыль Уленшпігель» Р.Штрауса, «Паэма экстазу» А.Скрабіна, «Пасіфік-231» А.Анегера, сімф. карціны «Ноч на Лысай гары» М.Мусаргскага і «Кікімара» А.Лядава, фп. «Эцюды-карціны» С.Рахманінава, сімф. сюіты «Шахеразада» М.Рымскага-Корсакава і «Скіфская сюіта» С.Пракоф’ева, сімф. цыклы «Накцюрны» і «Мора» К.Дэбюсі, цыклы фп. мініяцюр «Карнавал» Р.Шумана і «Каталог птушак» А.Месіяна.
У бел. музыцы ўвасоблены ўсе жанры і тыпы П.м. Трывалы кірунак яе развіцця — фальклорная лінія, дзе муз. праграма канкрэтызуецца праз змест тэкстаў бел.нар. песень, на напевах якіх грунтуецца інстр. тэматызм твору («Беларускае вяселле» А.Абрамовіча, «Родныя напевы» П.Падкавырава, «Забавы» В.Войціка, «Батлейка» В.Помазава). Поруч з карцінамі прыроды і нар. побыту асновай праграмы выступаюць рэальныя падзеі гісторыі і сучаснасці («У суровыя дні» М.Аладава, «Вечна жывыя» Г.Вагнера, «Фрэскі» Л.Абеліёвіча, «Мемарыял» У.Дарохіна, дзе ў розных жанрава-стылявых ракурсах адлюстравана тэма Вял.Айч. вайны). Невычарпальная крыніца П.м. — тэмы, сюжэты і вобразы літаратуры і выяўл. мастацтва («Альпійская сімфонія-балада» Я.Глебава паводле В.Быкава, 8-я сімфонія Дз.Смольскага з вершамі І.Бродскага, «Капрычас» С.Картэса, «Снетагорскія фрэскі» Г.Гарэлавай). У паэтыцы бел. П.м. канца 20 ст. ўзмацнілася роля сімвала, метафары, асацыятыўнага мыслення («Цэзій-137» В.Кузняцова, «Вір» А.Літвіноўскага, «Святло на шляху» Я.Паплаўскага).
Літ.:
Хохлов Ю.Н. О музыкальной программности. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫПТО́РЫЙ (позналац. scriptorium ад лац. scriptor перапісчык, пісец),
сярэдневяковая майстэрня па вырабе рукапісных кніг. У 6—15 ст. С. былі пашыраны ў Еўропе. Стваральнікам першага еўрап. С. (540-я г.) лічыцца гісторык остготаў Касіядор. У канцы 6—7 ст. С. ствараліся па ўсёй Еўропе (Верона, Ліён, Санкт-Гален, Кёльн, Фульда, Сен-Марцыял, Корбі і інш), у якіх пазней выпрацаваліся асн.тыпы сярэдневяковага пісьма. Найб. вядомасцю пры Карле Вялікім карыстаўся С. Турскага манастыра св. Марціна. У 9 ст. некалькі С. меў манастыр бенедыкцінцаў у Клюні (Бургундыя), рукапісы якіх вызначаліся выразнасцю пісьма, вельмі чорным чарнілам і своеасаблівай арнаментыкай. З канца 12 ст. С. сталі выцясняцца гар. цэхавымі майстэрнямі, якія працавалі на заказ і на рынак. С. заняпалі са з’яўленнем кнігадрукавання. У С. існаваў падзел працы: з узорнага арыгінала спісвалі перапісчыкі, аздобу выконвалі ілюмінатары, часта пры С. працавалі пераплётныя майстэрні. На землях ВКЛ існавалі мітрапаліцкі, дзяржаўны, манастырскія і прыватныя С. Першыя С. вядомы ў 14—15 ст. у правасл. манастырах і пры двары кіеўскіх мітрапалітаў (да іх прадукцыі можна аднесці Евангелле-апракас сярэдзіны 14 ст. і Лаўрышаўскае евангеллепач. 14 ст.). Мітрапаліцкі С. упамінаецца дыяканам Якімцом пад 1512 пры саборнай царкве Барыса і Глеба ў Навагрудку. З развіццём дзяржавы развіўся ін-тДзярж. канцылярыі ВКЛ, якой кіраваў канцлер. Яму і яго намесніку (падканцлеру) падпарадкоўваліся лац. і рус.пісары. Пісару падпарадкоўваліся дзякі, якія вялі справаводства, перапісвалі акты, тыражавалі неабходныя для дзяржавы кнігі. Асн. прадукцыя, якая выходзіла са С. велікакняжацкай канцылярыі, былі спісы Статутаў, хаця шэраг прафес. пісцоў мог спісаць любыя кнігі на заказ. У 15 ст. існаваў С. пад пратэкцыяй кн. Алелькавічаў у Слуцкім Траецкім манастыры. Адна з кніг, перапісаная ў ім, захавалася да нашага часу. Значным цэнтрам вырабу кніг быў Смаленск. Пры смаленскім епіскапе Іосіфе Солтане створаны ілюмінаваны спіс Радзівілаўскага летапісу. У 1495 у Смаленску перапісаны Аўрамкі летапіс з рыфмаваным панегірыкам Вітаўту (гл.«Пахвала Вітаўту»), Найб. вядомыя манастырскія С.: Полацкі, Куцеінскі, Чарэйскі, Лешчанскі, Супрасльскі. У ВКЛ рукапісныя кнігі выраблялі амаль у кожным каталіцкім кляштары. Часта кнігапісанне бралі пад сваю апеку прыватныя асобы, найчасцей буйныя магнаты. Найбольшы з прыватных С. дзейнічаў у канцы 15—1-й пал. 16 ст. ў двары Солтанаў у прадмесці Вільні — Шышкінях (зараз у межах горада). Радзівілы і інш.бел. магнаты таксама мелі свае канцылярыі са штатам канцылярыстаў-кнігапісцаў.
Літ.:
Киселева Л.И. О чем рассказывают средневековые рукописи. Л., 1978;
Нікалаеў М Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў X—XVIII стст. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЗА́К ((Balzac) Анарэ дэ) (20.5.1799, г. Тур, Францыя — 18.8.1850),
французскі пісьменнік, пачынальнік рэалізму 19 ст. Вучыўся ў Вандомскім каледжы; у 1819 скончыў парыжскую Школу права, адначасова праслухаў курс л-ры ў Сарбоне. Першы твор — класіцыстычная трагедыя ў вершах «Кромвель» (1820). Поспех і прызнанне прыйшлі з выхадам гіст. рамана «Шуаны» (1829). Прыярытэтам эстэт. сістэмы пісьменніка стаў матэрыяльны свет і будзённае жыццё. Гэта выходзіла па-за межы рамантызму, які панаваў у л-ры да 1830-х г. Аднак традыцыі рамант. мастацтва заўсёды прысутнічалі ў творчасці Бальзака, выяўляліся пры адлюстраванні ўсёпаглынальнай страсці герояў. Назіральнасць і празорлівасць пісьменніка дазволілі зразумець гал. тэндэнцыю эпохі — эканам. пераразмеркаванне багацця, уласнасці і выхад на авансцэну новых уладароў жыцця — фінансістаў, спекулянтаў, ліхвяроў, дзялкоў, якія вырашалі лёс грамадства, стваралі жывую гісторыю. Так нарадзіліся вобразы Габсэка, Грандэ, Гарыо, Нусінгена. Адчуванне свету ў яго цэласнасці і ўнутранай узаемазвязанасці прывяло Бальзака ў 1834 да задумы стварыць «грандыёзны раман пра грамадства», людзей і падзеі 19 ст., якая рэалізавана ў вялізным цыкле раманаў і навел (каля 100) пад назвай «Чалавечая камедыя» пра Францыю перыяду Рэстаўрацыі і Ліпеньскай манархіі. Вылучаюцца 3 яго часткі (эцюды). «Эцюды звычаяў» падзяляліся на сцэны прыватнага («Габсэк», 1830; «Трыццацігадовая жанчына», 1831—34, канчатковая рэд. 1842; «Бацька Гарыо», 1834—35, і інш.), правінцыяльнага («Яўгенія Грандэ», 1833; «Музей старажытнасцяў», 1836—38; «Страчаныя ілюзіі», 1837—43, і інш.), парыжскага («Бляск і ўбоства куртызанак», 1838—47; «Кузіна Бэта», 1846; «Кузэн Понс», 1847, і інш.), ваеннага («Шуаны» і інш.), паліт. («Цёмная справа», 1841, і інш.) і вясковага («Вясковы лекар», 1833, і інш.) жыцця. «Філасофскія эцюды» склалі «Шчыгрынавая скура» (1830—31), «Элексір даўгалецця» (1830), «Пошукі абсалюту» (1834) і інш. У «аналітычныя эцюды» ўвайшлі «Фізіялогія шлюбу» (1829), «Дробныя нягоды сямейнага жыцця» (1845—46) і інш. Творы аб’ядноўваліся агульнымі героямі, якія ўяўлялі сабой розныя тыпы: узроставыя, прафесійныя, сацыяльныя, маральныя, псіхалагічныя і гэтак далей. Бальзак абараняў манархію, каталіцызм і адначасова захапляўся бурж. прагрэсам. Аднак ніхто лепш за яго не паказаў заганы грамадства, у якім грошы і асабісты інтарэс вынішчаюць усё лепшае, натуральнае з чалавечых адносін і здольныя ператварыць чалавека ў монстра. Творчая манера Бальзака вызначаецца апісальнасцю, стыль — дэталёвасцю, жывапіснасцю. Яму належаць таксама збор навел «Свавольныя апавяданні» (1832—37), п’есы («Мачаха», 1848, і інш.), крытычныя артыкулы («Эцюд пра Бейля», прадмова да «Чалавечай камедыі» і інш.). На бел. сцэне ставіліся спектаклі па п’есах Бальзака «Мачаха», «Драпежніца», раманах «Яўгенія Грандэ», «Баламутка» («Жыццё халасцяка»).
Тв.:
Бел.пер. — Габсэк. Мн., 1993;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—24. М., 1960.
Літ.:
Реизов Б.Г. Бальзак: Сб. статей. Л., 1960;
Бальзак в воспоминаниях современников. М., 1986;
Моруа А. Прометей, или Жизнь Бальзака: Пер. с фр.М., 1988.