традыцыйныя ганчарныя вырабы 15—20 ст. з г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Як цэнтр ганчарнага рамяства Мір вядомы з 15 ст. Выраблялі на ганчарным крузе гаршковую кафлю, якая ў канцы 15 ст. трансфармавалася ў місачную (гл.Мірская кафля). Адначасова развівалася вытв-сцьбыт. керамічнага посуду з ангобнай размалёўкай і штампаваным арнаментам (з 17 ст. існаваў ганчарны цэх). Асабліва пашырылася ганчарства ў канцы 19—1-й пал. 20 ст.Тут выраблялі чарнаглянцавы, гартаваны (рабы, абварны), светлагліняны паліваны посуд (гаршкі, глякі, збанкі, міскі, слоікі, цёрлы, спарышы, бабачнікі), утылітарна-маст. вырабы (вазы, вазоны, попельніцы, упрыгожаныя лепкай, фігурныя пасудзіны ў выглядзе львоў, мядзведзяў, бараноў), дзіцячыя цацкі. Посуд вызначаецца простымі выразнымі формамі, падкрэсленымі палівай зялёнага ці карычневага колераў, гладкімі і хвалістымі паяскамі белага ангобу на плечуках. Чарнаглянцавыя вырабы аздаблялі дэкорам у выглядзе рамбічнай сеткі. З 1980-х г. промысел не існуе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ ЛЕ́ШЧАНСКІ МАНАСТЫ́Р Нараджэння Багародзіцы. Існаваў у 13 ст. — 1839 у прыгарадзе г. Пінск Лешча. Упершыню згадваецца ў летапісах у сувязі з уцёкамі сюды кн.Войшалка пасля забойства яго бацькі Міндоўга. У 14 ст. пінскі кн. Юрый Нарымунтавіч даў манастыру востраў паміж рэкамі Піна, Струмень і Орліца. Манастыр быў рэліг. і культ. цэнтрам Палесся, у ім жылі епіскапы Пінскай праваслаўнай епархіі, якія лічыліся архімандрытамі манастыра; тут, верагодна, вялося летапісанне, перапісваліся кнігі. У манастыры знаходзіўся цудатворны абраз Успення Багародзіцы (верагодна, перанесены сюды ў 15 ст. з Турава). У 1580—84 замест царквы Нараджэння Багародзіцы пабудаваны новы драўляны храм Успення Багародзіцы. У 1668 манастыр стаў уніяцкім. Новы драўляны крыжова-купальны храм пабудаваны ў 1746 (у і.м лічылася цудатворнай разьбяная фігура Ісуса Хрыста). У 1839 манастыр скасаваны, царква згарэла ў канцы 19 ст.
А.А.Ярашэвіч.
Пінскі Лешчанскі манастыр. З малюнка Н.Орды. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ ЗЯМЛЯ́ гістарычная вобласць у бас.Зах. Дзвіны, Бярэзіны, Віліі. Назва «П.з.» выкарыстана ў Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1128 пры апісанні падзей 980 як сінонім Полацкага княства. Гэта тэрыторыя ў Іпацьеўскім летапісе пад 862 названа воласцю Полацка, а ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1092 — яго вобласцю. У Лаўрэнцьеўскім летапісе П.з. названа «отчиной» Рагнеды, яе сына Ізяслава і іх нашчадкаў (у сэнсе бацькаўшчына, зямля продкаў). Тут склалася Полацкае княства-дзяржава з дынастыяй Ізяславічаў (Рагвалодавічаў). З 1392 вярх. правіцелем П.з. стаў вял. князь ВКЛ. У 14—15 ст. захоўвалася ўнутр. аўтаномія П.з. як асобнай адм. адзінкі ВКЛ. Паводле прывілеяў, што вызначалі прававы стан П.з., вярх. ўлада гарантавала непадзельнасць яе тэрыторыі, абавязвалася прызначаць у горад велікакняжацкіх намеснікаў толькі са згоды мясц. баяр і мяшчан. У грамадска-паліт. жыцці П.з. вял. ролю адыгрывала веча. На аснове П.з. ў 1504 утворана Полацкае ваяводства. Г.В.Штыхаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАНДЭ́ЛЬ (франц. rondel ад rond круг),
верш з 13 радкоў, звязаных дзвюма скразнымі рыфмамі. Дзеліцца на 3 страфы — два 4-радкоўі і адно 5-радкоўе. Два першыя радкі верша паўтараюцца ў канцы другога 4-радкоўя, а першы — і ў канцы Р. Узнік у старафранц. паэзіі, потым перайшоў у англ. і інш.еўрап. л-ры. У канцы 19 — пач. 20 ст. яго выкарыстоўвалі сімвалісты. У бел. л-ру ўвёў М.Багдановіч:
Амур і сумны і прыгожы
Стаіць з павязкай на вачах
Ля склепу. Часам лёгкі пах
Сюды даносіцца ад рожы.
Паўсюль крыжы, вянкі...
Чаго жа Тут, дзе магілы, сцень і прах, Амур і сумны і прыгожы
Стаіць з павязкай на вачах?
І ціха думаў я: быць можа,
Любоў, палёгшы у трунах,
Перамагла і смерці жах!
Спачніце ж! Вечна на старожы Амур і сумны і прыгожы.
(«На могілках»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЯЖЭ́ВІЧЫ,
вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., каля р. Сула, на скрыжаванні аўтадарог на Стоўбцы, Івянец, Дзяржынск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 59 км ад Мінска. 308 ж. 143 двары (2001). Сярэдняя школа, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Рубяжэвіцкі Іосіфаўскі касцёл.
Вядомы з 14 ст., з 1550 належалі Радзівілам. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Мінскага пав. У 1897 у мястэчку 1482 ж., у 1909—1102 ж., 144 двары, царк.-прыходская школа, царква, 2 яўр. малітоўныя дамы. У 1911 пабудаваны Іосіфаўскі касцёл. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. У 1921—22 тут фарміраваліся атрады С.Булак-Балаховіча. З вер. 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Івянецкага, з 17.4.1962 — Стаўбцоўскага р-наў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАЛІ́ШЧАНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў ліп. 1941 — чэрв. 1942 на базе Сакалішчанскага знішчальнага атрада на тэр. Віцебскай вобл. Налічвала 10 груп (49 чал., арганізатары і кіраўнікі П.А.Куксёнак, Л.А.Папкоўскі); у вёсках Аляксееўцы і Пярэкі (кіраўнік І.Р.Конышаў), Боркавічы (І.Р.Каваленка), Буракова (Я.П.Кураш), Залессе (С.Р.Казачонак) Дрысенскага, вёсках Дубініна (В.В.Гушчанка), Латышова (П.А.Саўчанка), Лунёва (П.С.Шчадроў), Сакалішча (Л.Ф.Гатоўскі), Царкавішча (цяпер Кульнёва, тут знаходзіўся штаб падполля; Ф.А.Кухаронак) Расонскага і в. Кацельна (П.М.Казлоў) Полацкага р-наў. Мела сувязь з Расонскім патрыятычным падполлем, партыз. 1-й і 2-й Дрысенскімі брыгадамі, спец. атрадам «Баявы». Падпольшчыкі праводзілі агітработу сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі і звесткі Саўінфармбюро, збіралі зброю, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад. У барацьбе з ням. фашыстамі загінула 19 чал. У в. Боркавічы Верхнядзвінскага р-на падпольшчыкам пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́КСЫ (Sachsen),
група стараж.-германскіх плямён, якія аб’ядналіся ў 3—4 ст. у племянны саюз. У раннім сярэдневякоўі займалі тэр. на Пн Германіі — на У ад Рэйна і на З ад Эльбы; у сярэдзіне 5—1-й пал. 6 ст. частка С. перасялілася ў Брытанію (гл.Англасаксонскае заваяванне, Англасаксы). Кантынентальныя С. ў 6—8 ст. падзяліліся на вестфалаў, остфалаў, ангарыяў (энграў) і нордальбінгаў. Сац. лад (асн. крыніца — Саксонская праўда, гл.Варварскія праўды) не зведаў уплыву ант. рабства, захоўваў архаічныя рысы, але характарызаваўся рэзкім расслаеннем на эдэлінгаў (племянная знаць) і фрэлінгаў (ніжэйшы пласт). Каралеўская ўлада адсутнічала. У выніку саксонскіх войнаў (772—804) Карла Вялікага С. заваяваны франкамі і ўключаны ў склад Франкскай дзяржавы. Насуперак супраціўленню С. прымусова насаджаліся феад. адносіны. У 843 вобласць С. адышла да Усх.-Франкскага каралеўства, у канцы 9 ст.тут створана Саксонскае герцагства. С. склалі этнічную аснову т.зв. ніжніх саксонцаў (гл.Ніжняя Саксонія, Саксонія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМО́ЛЬНЫ,
помнік архітэктуры ў С.-Пецярбургу; архітэктурны ансамбль 18—19 ст. Уключае комплекс б. манастыра і ін-та шляхетных дзяўчат. У пач. 18 ст. на тэр. С. быў Смаляны двор, дзе выраблялі смалу для флоту (адсюль назва). У 1748—64 тут пабудаваны Смольны (Уваскрэсенскі) жаночы манастыр у стылі барока (арх. В.В.Растрэлі; інтэр’ер і корпус келляў, 1832—35, арх. В.Стасаў). У яго цэнтры — сабор, абкружаны корпусам келляў і 4 вуглавымі цэрквамі. Непадалёку ад манастыра велічны, строгі па формах будынак Смольнага ін-та шляхетных дзяўчат (1806—08, арх. Дж.Кварэнгі, класіцызм) — першая ў Расіі жаночая агульнаадук. навучальная ўстанова (1764—1917). У 1920-я г. пры ўдзеле арх. У.Шчуко і У.Гельфрэйха перад будынкам ін-та ўзведзены класіцыстычныя прапілеі і рэгулярны сад. У 1917 у С. знаходзіўся Петраградскі савет і ВРК. Цяпер адм. ўстанова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТУПАКО́Ў Юрый Фёдаравіч (24.3.1934, с. Рубцава Мыцішчынскага р-на Маскоўскай вобл. —24.10.1999),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1980). З 1957 працаваў у т-рах Ліпецка, Севастопаля, з 1968 у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі. Выканаўца драм. і характарных роляў. Мастацтва С. вызначаецца глыбінёй пранікнення ў сутнасць вобраза, спалучэннем драм. і камед. пачатку, прастаты знешняга малюнка і псіхал. пераканальнасцю. Сярод роляў у рус. т-ры: Немец («Вяртанне ў Хатынь» паводле А.Адамовіча), Навіцкі, Хазяінаў («Трывога», «Соль» А.Петрашкевіча), Карніла («Знак бяды» паводле В.Быкава), Іван Ільіч («Ноч анёла» А.Разанава), Іван Каламійцаў, Сацін («Апошнія», «На дне» М.Горкага), Пабеданосікаў («Лазня» У.Маякоўскага), маркіз дэ Шарон («Мальер» М.Булгакава), Васкоў («А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева), Макдуф («Макбет» У.Шэкспіра), Шрусберы («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), Рычард («Усё ў садзе» Э.Олбі) і інш. Здымаўся ў кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ БОГАЯЎЛЕ́НСКІ МАНАСТЫР,
помнік архітэктуры барока з элементамі класіцызму ў цэнтры г. Полацк Віцебскай вобл., на правым беразе Зах. Дзвіны. Існаваў у 1582—1918 як правасл. мужчынскі манастыр; гал. цэнтр праваслаўя ў Полацку. У 16—17 ст. пастаўлены драўляныя будынкі манастыра і брацкай школы (у 1656—59 у ёй выкладаў Сімяон Полацкі), не раз гарэлі і аднаўляліся. У 1761—79 пабудаваны мураваны Богаяўленскі сабор (неаднаразова быў перабудаваны).
Сабор уяўляе сабой 1-апсідны крыжова-купальны храм з 2-вежавым гал. фасадам і высокім светлавым барабанам са сферычным купалам, завершаным ліхтаром; ліхтары завяршаюць таксама 1-ярусныя вежы. У паўн. вежы знаходзілася званіца (з 7 званамі), да яе вялі ўсходы з паўд. вежы. Сцены, вежы, барабан купала прарэзаны высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і расчлянёны пілястрамі. У 1836 сцены і ўнутр. паверхня купала былі размаляваны; захаваліся рэшткі насценнага фрэскавага жывапісу (у прасценках барабана фігуры 3 свяціцеляў). Пасля рэстаўрацыі ў 1981 тут размяшчалася карцінная галерэя. У 1991 сабор перададзены вернікам. Уваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.
Пасля наведвання ў 1780 Полацка Кацярынай II было выдзелена 35 221 руб. на ўпарадкаванне манастыра. У 1782 арх. Дж.Кварэнгі распрацаваў праект яго расшырэння: прадугледжваў развіццё кампазіцыі ансамбля будынкаў уздоўж вул. Ніжнепакроўскай (цяпер Леніна) — царкву фланкіравалі два 2-павярховыя будынкі. У 1782—85 з 3 ад царквы на месцы драўлянага будынка брацкай школы быў узведзены мураваны Г-падобны ў плане корпус: у ім знаходзіліся келлі манахаў, пакоі ігумена і цёплая царква (Кацярынінская). З У ад царквы ў пач. 19 ст. пабудаваны «эканамічны дом» (не захаваўся). У кампазіцыі гал. фасадаў будынкаў выкарыстаны характэрны для класіцызму прынцып ордэра, але без яго верт. частак. 1-ы паверх трактаваўся як своеасаблівы п’едэстал пад больш парадным 2-м паверхам, быў дэкарыраваны рустам і расчлянёны невял. лучковымі перамычкамі. Аконныя праёмы 2-га паверха больш выцягнутыя, з простымі ліштвамі. Будынкі завершаны развітым прафіляваным карнізам. Вуглавая частка (тут знаходзіліся келлі) вылучана 4 дарычнымі паўкалонамі, завершана франтонам і невял. вежай (у 1830-я г. пабудаваны купал на цыліндрычным барабане, не захаваўся). У 1784—91 і 1812—19 у корпусе размяшчалася нар. вучылішча, у 1792—1812 — багадзельня. У 1970-я г. будынак рэстаўрыраваны, выкарыстоўваўся як жылы дом. З 1990 прыстасаваны пад Музей-бібліятэку Сімяона Полацкага, Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.