ПЛУТО́Н,

дзевятая па адлегласці ад Сонца і апошняя з вядомых планет Сонечнай сістэмы. Астр. знак ♇. Адкрыты К.​Томба (1930, ЗША). Існаванне П. тэарэтычна памылкова прадказаў амер. астраном П.​Ловел (1915) з аналізу ўзбурэнняў, якія П. быццам аказвае на рух планеты Нептун. Вывучэнне арбіты П. паказала, што Ловел памыліўся ў разліках і адкрыццё П. было выпадковым.

Бляск П. 14,7 візуальнай зорнай велічыні (простым вокам не назіраецца). Абарачаецца вакол Сонца па вельмі выцягнутай арбіце з перыядам 247,7 зямнога года і сярэдняй скорасцю 4,7 км/с; перасякае арбіту планеты Нептун. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 39,4 а.а. Мае вял. спадарожнік Харон, параўнальны па памерах з П., таму сістэму П. — Харон наз. падвойнай планетай. Яны знаходзяцца блізка адзін ад аднаго і першапачаткова пры назіранні зліваліся ў адно цела (памеры П. былі завышаныя). Пры дапамозе касм. тэлескопа імя Э.​Хабла (1995, НАСА) атрыманы відарысы П. і Харона; вызначаны дыяметры П. — 2320 км і Харона — 1270 км, радыус арбіты Харона 19 130 км; перыяд абарачэння спадарожніка роўны перыяду вярчэння самога П. — 6,387 зямных сутак (сінхронная арбіта). Сярэдняя шчыльнасць П. 2,06∙10​3кг/м³, Харона 2,18 ∙10​3кг/м³. Абодва целы складаюцца ў асноўным з лёду; спектраскапічнымі метадамі на паверхні П. выяўлены замёрзлы метан; т-ра паверхні каля -228 °C Маса П. каля 1,79∙10​22 кг. У 1999 Міжнар. астр. саюз перавёў П. у разрад планет-астэроідаў з прысваеннем парадкавага нумара астэроіда і з захаваннем статуса планеты Сонечнай сістэмы.

Літ.:

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984;

Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Поиски и открытия планет. 2 изд. М., 1984;

Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.

А.​А.​Шымбалёў.

Планета Плутон і яе спадарожнік Харон (касмічны тэлескоп імя Э.​Хабла, 1995, НАСА).

т. 12, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭРЭАХІ́МІЯ (ад стэрэа... + хімія),

раздзел хіміі, які даследуе фіз. і хім. ўласцівасці рэчываў у сувязі з прасторавай будовай хім. часціц, з якіх яны складаюцца. Найважн. задача С. — атрыманне індывід. стэрэаізамераў, вызначэнне іх прасторавай будовы і вывучэнне ўласцівасцей. Прасторавая будова малекул істотна ўплывае на біял. актыўнасць рэчываў (напр., вызначае фармакалагічнае дзеянне шэрагу лек. прэпаратаў), таму важнае практычнае значэнне мае атрыманне энантыямерна чыстых злучэнняў, што з’яўляецца асн. задачай спец. раздзела С. — стэрэаселектыўнага сінтэзу.

Фундаментальнымі ў С. з яўляюцца паняцці канфігурацыі (гл. Канфігурацыя ў хіміі) і канфармацыі, якія поўнасцю апісваюць прасторавую будову хім. часціц. Канфігурацыя паказвае пэўнае прасторавае размяшчэнне атамаў адносна элементаў упарадкаванасці (цэнтраў, восей або плоскасцей). Канфармацыі характарызуюць любыя формы існавання часціцы пэўнай будовы і канфігурацыі, якія дасягаюцца без парушэння яе цэласнасці. Канфармацыі малекул вывучае адзін з асн. раздзелаў С. — канфармацыйны аналіз. С. непасрэдна звязана са стэрэаізамерыяй, ці прасторавай ізамерыяй, якая заключаецца ў розным прасторавым размяшчэнні некат. структурных фрагментаў адпаведных ізамераў пры поўнай ідэнтычнасці саставу і паслядоўнасці злучэння іх атамаў. Стэрэаізамеры, якім уласціва хіральнасць (такія ізамеры адносяцца адзін да аднаго як аб’ект і несумяшчальны з ім яго адбітак у ідэальна плоскім люстэрку) наз. аптычнымі антыподамі ці энантыямерамі (гл. Аптычная ізамерыя), усе астатнія стэрэамеры наз. дыястэрэамерамі. Гісторыя С. пачалася ў 1815 з адкрыцця франц. фізікам Ж.​Б.​Біо аптычнай актыўнасці шэрагу арган. злучэнняў у растворах. Станаўленне С. звязана з працамі Л.​Пастэра, Я.​Вант-Гофа (гл. Я.Х.Гоф вант), Ж.А.Ле Беля, А.Вернера, К.Інгалда, У.Прэлага і інш. Значны ўклад у развіццё С. зрабілі лаўрэаты Нобелеўскай прэміі Д.Х.​Р.​Бартан, Дж.​У.​Корнфарт, О.​Хасель, японскі хімік Р.​Наёры, амер. вучоныя У.​Ноўлс і Б.​Шарплес. Гл. таксама Арганічная хімія.

Літ.:

Ногради М. Стереохимия: Основные понятия и приложения: Пер. с англ. М., 1984;

Потапов В.М. Стереохимия. 2 изд. М., 1988.

Ц.​А.​Шаўчук.

т. 15, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЯДО́ТАЎ Георгій Пятровіч (13.10.1886. г. Саратаў, Расія — 1.9.1951),

расійскі рэліг. філосаф, гісторык і публіцыст. Вучыўся ў пецярбургскіх тэхнал. ін-це і ун-це, у Іенскім ун-це (Італія). У 1914—18 прыват-дацэнт Пецярбургскага ун-та, у 1920—22 праф. і заг. кафедры Саратаўскага ун-та. У 1925 эмігрыраваў у Францыю, дзе выкладаў у Рус. правасл. багаслоўскім ін-це. У 1943—51 праф. Свята-Уладзімірскай духоўнай акадэміі ў Нью-Йорку. Адзін з заснавальнікаў час. «Новый град» (Парыж, 1931—39), у якім развіваў ідэі хрысціянскага сацыялізму. У цэнтры яго філас. даследаванняў гістарыясофія, у межах якой аналізаваў праблемы сэнсу і перспектыў гісторыі, прызначэння і лёсу культуры і цывілізацыі, своеасаблівасць рус. культуры і гісторыі, рэліг.-маральныя асновы жыцця грамадства («Святыя Старажытнай Русі», 1931; «І ёсць і будзе: Разважанні аб Расіі і рэвалюцыі». 1932; «Сацыяльнае значэнне хрысціянства», 1933; зб. арт. «Новы град», 1948, і інш.). Лічыў, што жывая хрысц. свядомасць не ўспрымае ні веры ў прагрэс грахоўнай і смяротнай культуры, ні абыякавага сузірання яе распаду і гібелі. Паводле Ф., думка аб асабістай смерці і канцы гісторыі можа выклікаць настрой безнадзейнасці, а можа стаць і вытокам праверкі сумлення і паглыблення жыццёвага вопыту; таму заклікаў да сац. дысцыпліны і адказнасці кожнага за выкананне сваіх абавязкаў. Эсхаталагічныя ідэі Ф. вылучаюць і падкрэсліваюць момант папярэдняй незададзенасці і непрадбачанасці сапраўднага руху гісторыі, паколькі Бог у якасці яе тварца не пазбаўляе чалавека свабоды волі і права выбару.

Тв.:

Христианин в революции. Париж, 1957;

Лидо России: (Статьи 1918—1950). Париж, 1974;

Россия и свобода. Нью-Йорк, 1981;

Судьба и грехи России: Избр. ст. по философии рус. истории и культуры. Т. 1—2. СПб., 1991—92;

О святости. интеллигенции и большевизме: Избр. ст. СПб., 1994;

Святые Древней Руси. Ростов н/Д, 1999.

В.​І.​Боўш.

т. 16, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́РЧЫЛЬ, Чорчыл (Churchill) Уінстан Леанард Спенсер (30.11.1874, маёнтак Блэнхейм, графства Оксфардшыр, Вялікабрытанія — 24.1.1965), дзяржаўны і паліт. дзеяч Вялікабрытаніі. З роду герцагаў Мальбара. Скончыў ваен. акадэмію ў Сандхерсце, з 1895 служыў афіцэрам у арміі, удзельнічаў у калан. войнах; у час англа-бурскай вайны 1899—1902 ваен. карэспандэнт. З 1900 дэп. парламента ад Кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі, у 1904 перайшоў у Ліберальную партыю, ад якой у 1905 зноў выбраны ў парламент (у 1924 вярнуўся да кансерватараў). У 1908—22, 1924—29, 1939—43 на міністэрскіх пасадах. Адзін з арганізатараў ваен. інтэрвенцыі супраць Сав. Расіі ў 1918—19. У 1940—55 лідэр кансерватыўнай партыі. У 1940—45 прэм’ер-міністр. Нягледзячы на адмоўнае стаўленне да СССР, разумеў, што без яго дапамогі Вялікабрытанія не здолее перамагчы ў 2-й сусв. вайне і таму выступіў адным з арганізатараў антыгітлераўскай кааліцыі. У ліп. 1941 урад Ч. падпісаў з СССР пагадненне аб сумесных дзеяннях супраць фаш. Германіі, у маі 1942 — брыт.-сав. дагавор аб саюзе ў вайне супраць Германіі і яе саюзнікаў у Еўропе, а таксама аб супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе пасля вайны. Адцягваў адкрыццё 2-га фронту ў Зах. Еўропе. Удзельнік канферэнцый кіраўнікоў Вялікабрытаніі, ЗША і СССР у Тэгеране (1943), Ялце і Патсдаме (1945). Пасля вайны заклікаў да стварэння ваен.-паліт. блокаў супраць СССР. У 1951—54 зноў прэм’ер-міністр, адначасова (1951—52) міністр абароны. Імкнуўся да захавання Брыт. калан. імперыі і ўстанаўлення цесных узаемаадносін паміж Вялікабрытаніяй і яе б. калоніямі. Аўтар гіст.-мемуарных прац. Нобелеўская прэмія па л-ры 1953.

Тв.:

Рус. пер. — Вторая мировая война. Т. 1—6. М., 1997—98.

Літ.:

Роббинс К. Черчилль: Пер. с англ. Ростов н/Д;

М., 1997;

Уткин А.И. Черчилль: Победитель двух войн. Смоленск, 2003.

М.​А.​Бандарэнка.

У.Л.С.Чэрчыль.

т. 17, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРКО́ЎСКІ Віталь Міхайлавіч (н. 1.1.1947, в. Астравы Мінскага р-на),

бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (2000). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1969). У 1969—78 працаваў у т-рах Беларусі, у 1980—87 у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.​Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску. Арганізатар і кіраўнік т-ра-студыі «Дзе-Я?» (1987—90, з М.​Труханам), эксперым. майстэрняў «АКТ» у Мінску (1990—95), з 1997 гал. рэжысёр, з 2001 маст. кіраўнік Нац. акад. т-ра імя Я.​Коласа. Яго работы вызначаюцца адкрытым постмадэрнізмам, гранічнай засяроджанасцю на псіхааналізе. Сярод пастановак: «Апошні тэрмін» паводле В.​Распуціна (1976), «Стары дом» А.​Казанцава (1978, абодва з Труханам), «Сола для гадзінніка з боем» О.​Заградніка (1979), «Васа Жалязнова» М.​Горкага (1980), «Талент кахання» Н.​Думбадзе (1982), «Заўтра была вайна» Б.​Васільева (1986), «Роспач» паводле У.​Караткевіча (1987, з Труханам), «Ілюзіён» У.​Сегліньша (1989), «Марк Шагал» (1990), «У стылі барака...» (1991), «Апошняя п’еса Трэплева» (1992) і «Каляровы» (1993) паводле п’ес В.​Острава, «Мар’я» А.​Кудраўцава (1991), «Нора» Г.​Ібсена (1993), «П’еса для ненароджаных дзяцей» паводле Ф.​Дастаеўскага (1996), «Свавольнікі лёсу» (1996, лепшы спектакль на фестывалі «Бонскае біенале» 1997) і «...Таму што люблю» («Дзень карабля») (1998) А.​Паповай, «Пісьменныя» паводле М.​Чоке (Гран-пры фестывалю сучаснай ням. драматургіі ў Мінску), «Блудны муж і яго жонка Варвара» паводле Г.​Марчука, «Рагнеда» паводле Н.​Рапа (усе 1998, апошні з Труханам), «Чорная нявеста» («Чорная панна Нясвіжа») А.​Дударава, «Я, ты, ён, яна, яно...» паводле Ф.​Шылера (абодва 1999), «Шагал... Шагал...» (1999, Гран-пры Эдынбургскага міжнар. фестывалю, лепшы спектакль бел. драматургіі на міжнар. фестывалі «Белая вежа» 2000) і «Мадам Боншанс» (2001) паводле У.​Драздова, «Зямля» паводле Я.​Коласа (2001), «Тузы» У.​Відмэра, «І нас пацалуе світанак...» Острава (абодва 2002), «Сон на кургане» паводле Я.​Купалы (2003) і інш.

Т.​В.​Катовіч.

т. 18, кн. 1, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТАНА́ЦЫЯ ў музыцы,

1) у шырокім значэнні — носьбіт сэнсавага пачатку ў музыцы (эмацыянальнага, лагічнага, нац. і сац.-характэрнага). Выяўляецца толькі ў рэальным гучанні, таму побач з рысамі, закладзенымі ў пэўны твор кампазітарам і зафіксаванымі ў нотным тэксце, перадае і непаўторнасць індывід. выказвання, т.зв. І. выканальніцкая.

Тэорыя І., распрацаваная Б.Асаф’евым, на першы план вылучае значэнне меладычнага боку, дзе найб. відавочная сувязь з гукавышыннай (інтанацыйнай) арганізацыяй чалавечай гаворкі, яе мелодыкай. Акрамя таго, мелодыка-інтанацыйны бок знаходзіцца ў зоне актыўнага слухацкага ўспрымання і таму ў найб. ступені даступны для інтанавання і запамінання (постінтанавання). У І. як з’яве перш за ўсё меладычнай у непарыўным адзінстве выступаюць усе аспекты музыкі: гукавышынны, ладагарманічны, рытмічны, тэмбравы, дынамічны і агагічны. У залежнасці ад стылю, аўтарскай задумы і кантэксту на першы план можа выступаць уласна меладычная, гарманічная, тэмбравая і інш. інтанацыйнасць. І. выканальніцкая — асаблівасці агагічнага і тэмбравага, часткова дынамічнага і тэмпавага прачытання муз. тэксту. Пры спевах і ігры на інструментах з нефіксаванай вышынёй гуку (напр., струнных) яна выяўляецца і ў вар’іраванні гукаў у межах пэўнай частотнай зоны.

У вузкім значэнні — кароткі меладычны зварот, найчасцей меладычная папеўка, якая ў сістэме муз.-маст. цэлага выконвае ролю найменшай муз. сэнсавай адзінкі. Адрозніваюць І. з моўнай выразнасцю (І. пытання, воклічу, сцвярджэння), жанрава-характэрныя (фанфарныя, маршавыя, рытуальна-заклінальныя), нац.-характэрныя (трыхордавыя папеўкі ў слав. песеннасці). У параўнанні са словам у мове муз. І. менш канкрэтная, больш залежыць ад кантэксту, ёй уласціва значная гісторыка-стылявая абнаўляльнасць. Спецыфічныя значэнні паняцце І. набывае: пры вызначэнні ступені акустычнай дакладнасці ў вак. інтанаванні або пры выкананні на інструментах з нефіксаванай вышынёй гуку (чыстая або фальшывая І.); у вытворчасці ці настройцы інструментаў з фіксаванай вышынёй гуку (арган, фартэпіяна); у зах.-еўрап. сярэдневяковай вак. музыцы (кароткія сольныя фразы святара, што папярэднічалі антыфонам ці псалмам); у інстр. музыцы 16—17 ст. (арганныя ці клавірныя п’есы ўступнага характару, падобныя да прэлюдыі ці інтрады).

Нар. музыка ў яе аўтэнтычных праяўленнях прынцыпова інтанацыйная па сваёй прыродзе і сутнасці. Кожны напеў (найгрыш) пры паўторных выкананнях нібы нараджаецца нанава ў выканальніцкай імправізацыі. Уласцівая нар. музыцы сац.-гіст. абумоўленасць выяўляецца ў працэсе пераінтанавання, калі ідэнтычныя паводле фармальна-муз. паказчыкаў напевы атрымліваюць розную інтанацыйную афарбоўку і інш. семантычную нагрузку. У больш вузкім значэнні І. трактуецца ў адносінах да аўтэнтычнага фальклору як пэўнае спалучэнне тонаў (напр., квінтавая І.), ладава-рытмічныя звароты, характэрныя культуры пэўнага этнагр. рэгіёна Пры гэтым гукавышынныя, ладавыя, рытмічныя і тэмбравыя сродкі выразнасці ў музыцы вуснай традыцыі арганічна раўнапраўныя, а іх экспрэсіўная сіла часта грунтуецца на рознанакіраванасці іх уздзеяння паводле прынцыпу адначасовага кантрасту. У дастасаванні да нар. музыкі асаф’еўская тэорыя І. найб. паслядоўна развіта этнамузыколагамі пецярбургскай школы Я.Гіпіусам, З.Эвальд, Ф.Рубцовым, якія пашырылі асн. палажэнні гэтай тэорыі і на бел. аўтэнтычны фальклор і ў многім садзейнічалі замацаванню школы бел. этнамузыкалогіі.

Літ.:

Асафьев Б.В. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;

Яго ж. О народной музыке. Л., 1987;

Орлова Е.М. Б.​В.​Асафьев. Л., 1964;

Земцовский И. Б.​В.​Асафьев и методологические основы интонационного анализа народной музыки // Критика и музыкознание. Л., 1980. Вып. 2;

Эвальд З.В. Социальное переосмысление жнивных песен Белорусского Полесья // Эвальд З.В. Песни Белорусского Полесья. М., 1979;

Рубцов Ф.А. Интонационные связи в песенном творчестве славянских народов. Л., 1962;

Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997.

Н.​М.​Юдзеніч, З.​Я.​Мажэйка.

т. 7, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРАДЗЕ́ЙНЫЯ КА́ЗКІ,

жанравая разнавіднасць казачнага эпасу; казкі з тыповымі сюжэтамі, матывамі, будовай, дзе прысутнічаюць чарадзейства, незвычайныя героі, змагаюцца сілы дабра і зла, але заўсёды перамагае справядлівасць. Міжнар. паказальнікі казачных сюжэтаў адносяць Ч.к. да «ўласна казак». У іх аснове міфічнае светаўспрыманне, адметная сістэма вобразаў, у якой звычайна супрацьпастаўлены асілкі, іх памочнікі і іх ворагі, што ўвасабляюць варожыя людзям сілы. Існуюць розныя схемы класіфікацыі і падзелу Ч.к. на сюжэтна-тэматычныя групы. Першая група аб’ядноўвае казкі героіка-фантаст. зместу, творы маштабныя, прасякнутыя пафасам барацьбы з варожымі народу сіламі (Цмок, Кашч і інш.). Іх гал. героі асілкі — змагары за праўду, справядлівасць, абаронцы пакрыўджаных (Кацігарошак, Івашка Мядзведжае Вушка, Іван Удовін сын). У другую групу ўваходзяць Ч.к., пабудаваныя на сямейных калізіях. Яны маюць шмат агульных рыс у змесце, сістэме вобразаў, паэтыцы. Важнае месца ў гэтых казках займае матыў здабывання чарадзейнай жонкі, з дапамогай якой герой пазбаўляецца галечы і помсціць свайму крыўдзіцелю («Няшчасны егар», «Іван Васілевіч стралок» і інш.). Да гэтай групы адносяцца казкі, у якіх маст. вобразы звязаны з татэмістычнымі вераваннямі («Царэўна-жаба», «Сястрыца Алёнушка і брацец Іванушка», «Рак-царэвіч»), а таксама казкі пра бязвінна пакрыўджаных сірот. Да трэцяй групы адносяцца Ч.к., што адлюстравалі нар. ўяўленні аб праўдзе, крыўдзе, горы, лёсе, смерці, якія персаніфікуюцца, дапамагаюць раскрыць іх глыбінны сэнс.

Узніклі ў дакласавы і раннекласавы перыяд грамадства, што характарызуецца моцнай залежнасцю чалавека ад навакольнай прыроды, розныя з’явы якой ён адухаўляў, надзяляў уласнымі гіпербалізаванымі якасцямі. На гэтай ступені развіцця грамадскай свядомасці розным народам уласціва міфалагізаванне, г.зн. бессвядома-маст. перапрацоўка прыроды і грамадскіх адносін у фантазіі і пры дапамозе фантазіі. Міфалогія склала светапоглядную аснову Ч.к., фантастыка якіх адпавядала агульнаму ўзроўню грамадскай свядомасці, таму абапіралася на элементы татэмізму, анімізму, фетышызму і інш. вераванняў старажытнасці. Маст. выдумка казак не адрывалася ад жыцця. У многіх з іх увасоблены малюнкі сял. працы, якую героі самі або з дапамогай цудоўных памочнікаў робяць вельмі хутка, прыгожа і вынікова. Аднак сувязь прац. пачатку і мастацтва не з’яўляецца непасрэднай і прамалінейнай, і чым больш казка аддаляецца ад сваіх вытокаў, тым больш апасродкаваны характар яна набывае.

У бел. Ч.к. сюжэтны склад налічвае каля 220 сюжэтных тыпаў і падтыпаў. Большасць з іх міжнар., аднак ёсць сюжэты, выяўленыя толькі ў бел. фальклоры: «Рука-невідзімка і тры сястры», «Меч-самасек і жана-ведзьма» і інш. Найб. пашыраны Ч.к. «Тры царствы», «Бой на калінавым мосце», «Дзівосныя дзеці» і інш. Часта ў адным творы аб’ядноўваюцца 2 і больш сюжэтаў, утвараючы адзінае маст. цэлае. Напр., асн. сюжэт пра асілкаў-змеяборцаў часам ускладняецца сюжэтамі «Цудоўныя памочнікі», «Сіўка-Бурка» і інш.

Публ.:

Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі. Мн., 1971;

Чарадзейныя казкі. Ч. 1—2. Мн., 1973—78.

Літ.:

Пропп В.Я. Исторические корни волшебной сказки. Л., 1946;

Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969;

Новиков Н.В. Образы восточнославянской волшебной сказки. Л., 1974;

Казкі ў сучасных запісах. Мн., 1989;

Народная проза. Мн., 2002.

К.​П.​Кабашнікаў.

т. 17, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБІВА́НКА, набойка, выбойка,

спосаб аздаблення тканіны ўзорам з дапамогай дошкі-клішэ з рэльефным малюнкам; тканіна, аздобленая такім спосабам; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Вядома з 3-га тыс. да н.э. ў Індыі, пашырана ў многіх народаў свету. На Беларусі існавала са старажытнасці, была развітым відам мастацтва ў 12 ст. Найб. росквіту дасягнула ў 16—17 ст. у сувязі з дзейнасцю рамесніцкіх цэхаў. Цэнтрамі вырабу Н. ў 19 ст. былі Бабруйск, Веліж (цяпер Смаленская вобл.), Віцебск, Магілёў, Невель (цяпер Пскоўская вобл.), Орша, Полацк, была пашырана ў вёсках Віцебшчыны, Гомельшчыны, Магілёўшчыны. У канцы 19 ст. рамяство заняпала ў сувязі з фабр. вытв-сцю набіваных тканін. Да сярэдзіны 20 ст. Н. выраблялі асобныя майстры.

Н. рабілі двума спосабамі: дошку з афарбаваным плоскім рэльефным малюнкам клалі на тканіну і прыціскалі ўдарам драўлянага малатка, у выніку каляровы малюнак адбіваўся на натуральным неафарбаваным фоне (набойка); на афарбаваную дошку з контррэльефным малюнкам клалі тканіну і прыціскалі валікам, у выніку атрымлівалі неафарбаваны малюнак на каляровым фоне (выбойка; спосаб пашыраны да 18 ст.). Звычайна Н. рабілі ў адзін колер, найчасцей сіні (таму набойшчыкаў часта называлі сінейшчыкамі). Рысунак набівалі і на афарбаваную тканіну (крашаніна). Выкарыстоўвалі пераважна алейныя фарбы. У 19 ст. быў пашыраны спосаб «набойкі глінай»: тканіну з нанесеным белай глінай, купарвасам, вішнёвым клеем і інш. рысункам фарбавалі (пераважна ў сіні колер), пасля чаго гліну і інш. адмывалі, у выніку атрымлівалі неафарбаваны рысунак на сінім фоне. Пры вырабе рознакаляровых Н. для кожнага колеру рабілі асобную дошку, якую цалкам выразалі з дрэва. З 19 ст. для перадачы тонкіх ліній і кропак разны ўзор дошак сталі чаргаваць з метал. (тонкімі пласцінамі і цвікамі, набітымі ў дошку), што давала магчымасць ствараць тонкі разнастайны рысунак. У зах. раёнах Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. для Н. выкарыстоўвалі штампікі з нескладаным геам. узорам (разеткі, крыжыкі, елачкі, галінкі і інш.), выразаныя з бульбы або рэпы. Рысунак бел. Н. лаканічны, найчасцей закампанаваны «ў клетачку», «у сетку», «у шлячкі». Найб. пашыраны геам. (зорачкі, кругі, клеткі) і стылізаваны расл. арнамент (кветкі, пупышкі вярбы, лісце, хвалістыя сцяблінкі і інш.). Трапляюцца зааморфныя матывы (выявы жывёл, фантаст. птушак). Бел. Н. характэрна выкарыстанне ў адным рысунку невял. колькасці дэкар. элементаў, што пры рапортным паўторы стварала гармонію форм і рытму. Стылістычна бел. Н. звязана з інш. відамі нар. мастацтва (ткацтва, вышыўка, размалёўка).

Я.​Ф.​Шунейка.

Узоры беларускіх набіванак.

т. 11, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАТЭМІ́ЗМ,

комплекс вераванняў і абрадаў у абшчынна-родавым грамадстве, звязаны з уяўленнем пра роднасць паміж групай людзей (родам, фратрыяй) і татэмам. Сярод татэмаў пераважалі жывёлы, што абумоўлена пераважаннем паляўніцтва ў абшчынна-родавым грамадстве. Татэмаў паважалі, часам абагаўлялі, не прычынялі ім шкоды (іх нельга было забіваць, есці іх мяса дазвалялася толькі ў час татэмных свят), імкнуліся іх аберагаць, спрыяць павелічэнню іх колькасці. Кожная татэмная група насіла імя свайго татэма, а яе члены мелі спец. татэмічныя эмблемы (камень, дошчачка); існавала забарона на заключэнне шлюбаў унутры татэмных груп. Дзеля «задобрывання» татэма-жывёлы і павелічэння яго колькасці людзі выконвалі спец. магічныя абрады, песні-заклінанні, татэмічныя танцы, у якіх звычайна імітаваліся паводзіны татэмаў.

Класічны Т. зафіксаваны ў Аўстраліі. Існуе некалькі канцэпцый узнікнення Т.: боязь жывёл (найперш драпежных); адчуванне сваёй натуральнай еднасці з жывёламі і раслінамі; вера ў існаванне свяшчэнных (сакральных) прыродных сіл і з’яў. У некат. народаў Амерыкі, Азіі, Афрыкі, Акіяніі рэшткі Т. захаваліся да нашага часу. Яны выяўляюцца ў разнастайных формах: выявах татэмічных істот на сценах дамоў і на дэталях адзення; звычаях урачыстага пахавання памерлых татэмаў; выкарыстанні ў якасці абярэгаў асобных частак цела татэмных жывёл (зубы, скура, галава, пер’е, косці); клятва на частках цела татэмных жывёл; звычай пераапранання ў скуру жывёл у час свят, рытуальныя татэмічныя танцы; легенды, паданні, казкі пра паходжанне роду ад пэўнага татэма.

У беларусаў захаваліся нар. легенды і паданні, прыкметы і павер’і, у якіх адзначаюцца рэшткі стараж. Т. У асобных бел. фальклорных творах распавядаецца, што людзі часам ператвараліся ў мядзведзяў, буслоў, ваўкоў. Праявамі Т. з’яўляюцца наступныя вызначэнні асобных жывёл: мядзведзя наз. «продкам», «апекуном», бусла — «братам» і г.д. У бел. фальклоры найчасцей сустракаюцца звесткі пра мядзведзя, які быў найб. паважанай жывёлінай. Ён лічыўся адным з самых магутных звяроў у лесе (таму яго баяліся і імкнуліся задобрыць), а таксама шмат у чым нагадваў самога чалавека (напр., мог хадзіць на задніх лапах, любіў есці мёд, гарохавую кашу, кісель). На Беларусі працяглы час захоўвалася свята татэмнага паходжання камаедзіца. У бел. фальклоры сустракаюцца павер’і, паводле якіх, напр., калі мядзведзь пройдзе каля «зачараванай» хаты, то можа адвесці няшчасці, і інш. Карані Т. і ў звычаі пераапранання ў скуру мядзведзя ў час нар. свят (напр., Каляд).

Літ.:

Богданович А.Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов. Мн., 1995 [рэпр. выд.: Гродно, 1895];

Арсеньев В.Р. Звери—боги—люди. М., 1991;

Ненадавец А.М. Святло таямнічага вогнішча. Мн., 1993;

Волошина Т.А., Астапов С.Н. Языческая мифология славян. Ростов н/Д, 1996;

Соколова З.П. Животные в религиях. СПб., 1998.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 15, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗААБРАДАВАЯ ПАЭЗІЯ

аб’ядноўвае любоўную, сямейную і сац.-бытавую лірыку. Яна адпавядае больш высокаму ўзроўню развіцця свядомасці, светапогляду і светаразуменню народа. Першыя запісы пазаабрадавай паэзіі адносяцца да 17 ст. У нар. лірычнай песні адлюстраваліся філасофскія, гуманістычныя і маральна-этычныя ўяўленні народа пра ідэал узаемаадносін паміж людзьмі.

Любоўная лірыка вызначаецца падборам пэўнага тэматычнага матэрыялу і ідэйнай накіраванасцю лірычнай песні. У ёй праз маст. сродкі раскрываецца складаны ўнутр. свет чалавека, яго перажыванні. Ідэя любоўных песень — абараніць каханне ад перашкод і варожых яму з’яў. Гал. аб’екты самавыражэння лірычнага героя — каханая ці каханы, прырода, што з’яўляецца даверанай асобай у каханні, радзіма, уласнае жыццё і інш., якія ўвасабляюцца і разглядаюцца як самастойна існуючыя з’явы. Моцная эмацыянальная афарбоўка любоўнай песні ствараецца глыбокім роздумам героя, смуткам, меланхоліяй, філасофскімі разважаннямі, карцінамі прыроды.

Сямейная лірыка адлюстроўвае сялянскі побыт, гаспадарча-земляробчую працу, мары пра шчасце, а таксама маральна-этычныя праблемы і звычаёвыя прававыя нормы сумеснага жыцця. У песнях пра жыццё ў сям’і лірычная гераіня — найчасцей маладая замужняя жанчына, якая сумуе па сваёй роднай старонцы, бацьках, а таксама з прычыны крушэння надзей, што звязваліся са шлюбам.

Сацыяльна-бытавыя песні паказваюць побыт і гісторыю народа на працягу некалькіх стагоддзяў. Да іх адносяцца казацкія, рэкруцкія, салдацкія, чумацкія, бурлацкія і інш. песні. Для іх характэрны востра-сац. змест і грамадская накіраванасць. Узнікненню і шырокаму бытаванню на Беларусі казацкіх песень паклала пачатак паўстанне пад кіраўніцтвам Б.​Хмяльніцкага ў 17 ст. Бел. рэкруцкія песні ўзніклі ў канцы 18 — пач. 19 ст. Яны адлюстроўвалі провады рэкрута на пажыццёвую ваен. службу, развітанне з бацькамі, каханай, блізкімі, таму гучаць як хаўтурныя галашэнні. Дарожныя пакуты гандлёва-возніцкага промыслу нарадзілі чумацкія песні з матывамі небяспекі, голаду, хваробы, адрыву ад сям’і. У бурлацкіх песнях тэмы галечы, бяспраўя, здзекаў гаспадароў.

Нар. балады найчасцей выконвалі ў вялікі пост, піліпаўку ці спасаўку. Іх асаблівасці — наяўнасць міфалагічнага, звышнатуральнага элемента і інтрыгуючай сюжэтнай фабулы, семантычная і маст. яскравасць персанажаў, вобразнасць, лёгкасць запамінання твора. Маст. распрацоўка сюжэтаў будуецца на супрацьпастаўленні лёсавызначальных праблем чалавека. У баладах напружаныя адносіны паміж кроўнымі роднымі, членамі сям’і або інш. людзьмі прыводзяць да трагічнай развязкі. Выдадзены тамы серыі «Беларуская народная творчасць» «Балады» (т. 1—2, 1977—78, укладальнік Л.​Салавей), «Песні пра каханне» (1978) і «Сямейна-бытавыя песні» (1984, укладальнік абодвух І.​Цішчанка), «Сацыяльна-бытавыя песні» (1987, укладальнікі І.​Цішчанка, В.​Скідан).

А.​І.​Гурскі.

т. 18, кн. 2, с. 590

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)