МІЖНАРО́ДНЫ БІ́ЗНЕС,

прадпрымальніцкая дзейнасць, якая ажыццяўляецца з контрагентамі інш. краін. Перадумовы інтэрнацыяналізацыі эканам. і фін. працэсаў склаліся ў пач. 20 ст. Пасля 2-й сусв. вайны развіццё інтэграцыйных працэсаў прывяло да з’яўлення і імклівага пашырэння якасна новай формы буйнога бізнесу — транснацыянальных карпарацый (ТНК), якія ўстанавілі кантроль над значнай доляй сусв. рынку і сёння адыгрываюць вядучую ролю ў сістэме міжнародных эканамічных адносін. Актыўнаму асваенню замежных рынкаў нац. капіталам вядучых краін спрыяла пашырэнне сучасных форм сувязі, паляпшэнне сусв. трансп. шляхоў, фарміраванне сістэмы крэдытна-грашовых сувязей, што ахоплівае ўвесь свет. Разам са знешнегандл. абменам таварамі і паслугамі і вывазам капіталу ў пазыковай форме значнае месца занялі прамыя фін., вытв. і тэхнал. сувязі паміж прадпрыемствамі розных краін, розныя формы навук.-тэхн., культ. і інш. супрацоўніцтва. Урады прамыслова развітых краін (асабліва ў Зах. Еўропе) садзейнічаюць развіццю і паглыбленню міжнар. эканам. сувязей кампаній і капіталаў, ад чаго ў значнай ступені залежыць стан нац. эканомікі, загрузка вытв. магутнасцей, узровень беспрацоўя і інш. У выніку капіталы свабодна мігрыруюць з адной краіны ў другую ў пошуках найб. спрыяльных умоў для свайго выкарыстання.

В.​А.​Дадалка.

т. 10, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАФІЗІ́ЦТВА (ад мона + грэч. physis прырода, існасць),

хрысціянскае вучэнне, якое ўзнікла ў 5 ст. ў Візантыі як рэакцыя на арыянства і нестарыянства. Заснавальнік М. канстанцінопальскі архімандрыт Яўціхій (каля 378—454) сцвярджаў, што спачатку асобна існавалі 2 прыроды Хрыста — боская і чалавечая, аднак пасля спалучэння іх пры богаўвасабленні стала існаваць адна. Зыходзячы з гэтага, прыхільнікі М. лічылі, што на крыжы ахвяраваў сабою сам Бог, а не Богачалавек, таму гэтая ахвяра ў пэўнай ступені служыць толькі сімвалам. У 448 памесны патрыяршы сабор у Егіпце пазбавіў Яўціхія сана архімандрыта, але яго падтрымаў імператар Візантыі Феадосій II, які склікаў сабор епіскапаў у Эфесе (449), дзе Яўціхій быў апраўданы Пасля смерці Феадосія II Халкідонскі усяленскі сабор 451 прыняў дыяфізіцкую дактрыну (вучэнне аб дзвюх прыродах Хрыста) і асудзіў М. як ерась. Працяглая ўзбр. барацьба хрысціян-монафізітаў прывяла да аддзялення нехалкідонскіх цэркваў ад афіц. візант. царквы. Але на аснове М. былі заснаваны копцкая царква ў Егіпце і Эфіопіі, сірыйская (якавісцкая) царква, армянская апостальская царква, якія захоўваюць сваю дагматычную і царк. самастойнасць. Гл. таксама Монафеліты.

А.​А.​Цітавец.

т. 10, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЛЕ́ДНІКІ, спадчыннікі, спадкаемцы,

асобы, якія атрымалі спадчыну або маюць права на яе атрыманне. Адрозніваюць Н. па законе і па завяшчанні. У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь Н. паводле закону (Н. 1-й чаргі) з’яўляюцца: у роўных долях дзеці (у т. л. ўсыноўленыя), муж (жонка) і бацькі (усынавіцелі) памерлага, унукі і праўнукі (калі на час адкрыцця спадчыны няма ў жывых таго з іх бацькоў, які быў бы Н.), родныя браты і сёстры, дзяды і бабкі (Н. 2-й чаргі); родныя дзядзькі і цёткі, пляменнікі і пляменніцы, стрыечныя браты і сёстры (Н. 3-й чаргі); прадзеды і прабабкі, усе інш. сваякі да пятай ступені роднасці ўключна (Н. 4-й чаргі). Кожны грамадзянін можа пакінуць па завяшчанні сваю маёмасць або частку яе адной або некалькім асобам, якія ўваходзяць або не ўваходзяць у кола Н. паводле закону, а таксама дзяржаве ці асобным арг-цыям. Завяшчальнік можа ў завяшчанні пазбавіць права на спадчыну аднаго, некалькіх або ўсіх Н. паводле закону, за выключэннем непаўналетніх або непрацаздольных дзяцей, бацькоў і ўтрыманцаў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 11, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РМЫ ПРА́ЦЫ,

устаноўленыя заданні на выкананне ў пэўных умовах (арганізацыйна-тэхнічных, прыродна-кліматычных) асобных работ, вытв. аперацый ці функцый адным або групай (брыгадай) працоўных, што маюць адпаведную прафесію, спецыяльнасць, кваліфікацыю; меры затрат працы. Зыходная база для арганізацыі працы на прадпрыемствах, аснова для разліку многіх паказчыкаў (велічыні вытворчага цыкла, вытворчай магутнасці, матэрыяльнага стымулявання і інш.), заснаваных на вымярэнні колькасці працы, працоўных па іх катэгорыях, фонду заработнай платы. Пры дапамозе Н.п. знаходзяць больш эфектыўныя варыянты тэхнал. працэсаў і рацыянальныя прыёмы выканання работ. Н.п. класіфікуюцца: адпаведна прынятай адзінкі вымярэння—нормы часу (затраты прац. часу на выкананне адзінкі працы, прадукцыі), нормы выпрацоўкі (аб’ём работ ці колькасць адзінак прадукцыі, выкананыя за адзінку часу; велічыня адваротна прапарцыянальная норме часу), нормы абслугоўвання (колькасць вытв. аб’ектаў, адзінак абсталявання, прац. месцаў, якія павінен абслужыць адзін або група працаўнікоў) і нормы колькасці (вызначаная колькасць працаўнікоў пэўнага прафес. складу, неабходная для выканання канкрэтных вытв. функцый або аб’ёму работ у дадзеных умовах). Паводле ступені дыферэнцыяцыі Н.п. бываюць аперацыйныя, узбуйненыя і комплексныя; паводле метадаў абгрунтавання — тэхнічна абгрунтаваныя, доследна-статыстычныя і інш.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 11, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЮА́НС (франц. nuance),

адценне, тонкае адрозненне. 1) У выяўленчым мастацтве ледзь бачны пераход аднаго колеравага тону ў другі (у жывапісе), адной святлоценявой градацыі ў другую (у скульптуры, графіцы). Сукупнасць адценняў (нюансіроўка) выкарыстоўваецца для дасягнення больш тонкай мадэліроўкі выявы.

2) У архітэктуры і горадабудаўніцтве адзін са сродкаў стварэння кампазіцыі будынкаў, збудаванняў, комплексаў і ансамбляў, пры якім выкарыстоўваюцца падобныя маст. якасці асобных элементаў, што ствараюць рытмічны рад. У процілегласць кантрасту, дзе пераважаюць адрозненні аднародных якасцей, Н. згладжвае гэтыя адрозненні, дае магчымасць у пэўнай ступені выправіць няўдалыя суадносіны асобных частак кампазіцыі.

3) У музыцы Н. падзяляюцца на дынамічныя (гл. Дынаміка), тэмпавыя (гл. Тэмп) і тыя, што раскрываюць эмац. характар музыкі (напр., dolce пяшчотна, tenebroso змрочна, con spirito адухоўлена, appassionato страсна, maestoso велічна). Сукупнасць Н. (нюансіроўка) вызначаецца ўнутр. сутнасцю і характарам музыкі, яе стылем і асаблівасцямі структуры муз. твора. Асн. Н. выканання пазначаюцца аўтарам і з’яўляюцца арыенцірам інтэрпрэтацыі твора. Канкрэтны спосаб нюансіроўкі залежыць пераважна ад індывід. творчай манеры выканаўцы, чым тлумачыцца множнасць і непаўторнасць інтэрпрэтацый аднаго твора. Н. пазначаюць звычайна італьян. муз. тэрміналогіяй.

Т.​С.​Ляшчэня (музыка).

т. 11, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАКЛІМАТЫЗА́ЦЫЯ (ад рэ... + акліматызацыя) у біялогіі, штучнае вяртанне ў якую-н. мясцовасць (гіст. арэал) і развядзенне віду, які там быў знішчаны ці вымер; аднаўленне арэала пэўнага віду арганізмаў; таксама сам працэс паўторнага прыстасавання арганізмаў да ўмоў існавання ў месцах ранейшага пашырэння.

Пачынаецца Р. з рэінтрадукцыя і складаецца з этапаў: папярэдняе эколага-эканам. абгрунтаванне мэтазгоднасці Р.; палявое абследаванне, работы па падтрымцы мэтазгоднасці інтрадукцыі віду; вызначэнне месца выпуску жывёл ці тэр. пасадкі раслін і іх колькасці; адлоў (закупка), перавозка і выпуск жывёл ці пасадка раслін; арганізацыя аховы такіх арганізмаў (арганізацыя запаведнікаў, заказнікаў з забаронай або рэгламентацыяй промыслу) і назіранне за імі. Паспяховасць Р. залежыць ад ступені змены былых умоў існавання (чым больш змен, тым ніжэй паспяховасць Р. на вызначанай тэр.), стварэння цэнтраў размнажэння, рассялення, ад міжнар, кааперацыі і інш. Р. садзейнічае аднаўленню біяцэнозаў і больш поўнаму выкарыстанню прадукцыйнасці экасістэм. Часцей праводзяць Р. паляўнічых (прамысл.) жывёл (напр., алень, бабёр, собаль, фазан і інш.). На Беларусі рэакліматызаваны алень высакародны, бабёр еўрап., зубр еўрап., бук лясны, дуб паўн., лістоўніца сібірская, хвоя веймутава, ціс ягадны.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛІНГВІ́СТЫКА, сацыяльная лінгвістыка,

навуковая дысцыпліна, у якой мова разглядаецца найперш як грамадская з’ява (у процілегласць падыходам прыродазнаўчым, гіст., псіхал.), як сацыяльна разгалінаваны сродак зносін людзей, што ў вял. ступені залежыць ад сац. стратыфікацыі саміх носьбітаў мовы (палажэнне ў грамадстве, характар заняткаў, адукаванасць, узрост, пол і інш.). Развіваецца на сумежжы мовазнаўства, сацыялогіі, псіхалогіі сацыяльнай і этнаграфіі. Распрацоўвае шырокі комплекс праблем сац. прыроды мовы, што раскрываецца ў грамадскіх функцыях розных моўных утварэнняў (этнамоў, кайнэ, літаратурных моў, сацыяльных дыялектаў і інш.), механізму ўздзеяння сац. фактараў на мову, дынамікі двухмоўя і шматмоўя, тыпалогіі моўных сітуацый, моўнай палітыкі дзяржавы, сувязей мовы і культуры і інш. На Беларусі вытокі сацыялінгвістычных даследаванняў у працах Я.​Ф.​Карскага і П.​А.​Бузука. Пытанні С. распрацоўвалі і распрацоўваюць А.​І.​Жураўскі, А.​А.​Лукашанец, В.​У.​Мартынаў, А.​Я.​Міхневіч, Н.​Б.​Мячкоўская, Б.​Ю.​Норман, А.​Я.​Супрун, П.​П.​Шуба, В.​К.​Шчэрбін і інш.

Літ.:

Новое в лингвистике. Вып. 7. Социолингвистика. М., 1975;

Лукашанец А.А., Михневич А.Е., Щербин В.К. Общество—язык—политика. Мн., 1988;

Мечковская Н.Б. Социальная лингвистика. 2 изд. М., 2000.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 14, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОЗУМАЗАКЛЮЧЭ́ННЕ,

форма мыслення або лагічнае дзеянне, у выніку якога з аднаго або некалькіх суджэнняў (пасылак) выводзіцца новае суджэнне (заключэнне або вывад). Р., атрыманае на аснове пэўных правіл логікі сапраўдных ведаў з сапраўдных пасылак, з’яўляецца найпрасцейшай формай доказу. Веданне мяркуемых пасылак і правіл логікі, якія выяўляюцца пры дапамозе фармалізацыі канкрэтных па змесце Р., дазваляе кантраляваць выкарыстанне розных відаў розумазаключальнай дзейнасці мыслення. Усе гіпотэзы, тэорыі і інш. развітыя формы арг-цыі навук. ведаў уяўляюць сабой разгорнутыя Р. або іх сістэмы. У залежнасці ад колькасці пасылак Р. падзяляюцца на непасрэдныя, у якіх заключэнне атрымліваецца з адной пасылкі, і апасродкаваныя, дзе заключэнне выводзіцца не менш як з 2 пасылак. Паводле характару сувязі паміж веданнем рознай ступені агульнасці, якая выражаецца ў пасылках і заключэнні, адрозніваюць 3 віды Р.: дэдукцыйныя (ад агульнага да прыватнага, гл. Дэдукцыя), індукцыйныя (ад прыватнага да агульнага, гл. Індукцыя), па аналогіі (ад прыватнага да прыватнага). Фармалізаванае выражэнне структуры дэдукцыйных Р. распрацавана ў сілагістыцы Арыстоцеля. У індукцыйных Р., распрацаваных Ф.​Бэканам і Дж.​Мілем, пры сапраўднасці пасылак і захаванні адпаведных лагічных працэдур (напр., правіл абагульнення) заключэнне ў агульным выпадку можа быць як сапраўдным так і памылковым. Такім, напр., можа аказацца сцвярджэнне: «калі электраправоднасцю валодаюць некаторыя прадстаўнікі класа металаў, то і ўсе металы электраправодныя». Але гэта заключэнне будзе з неабходнасцю вынікаць, калі пераканацца, што ўсе прадстаўнікі металаў валодаюць уласцівасцю электраправоднасці; у такім выпадку няпоўная індукцыя пераходзіць у поўную. У залежнасці ад структуры складаных суджэнняў і лагічных звязак Р. логікі суджэнняў падзяляюцца на ўмоўна-катэгарычныя, чыста-ўмоўныя, раздзяляльна-катэгарычныя, умоўна-раздзяляльныя (дылема). Асобную групу несілагістычных Р. складаюць Р. адносін. Такімі Р. з’яўляюцца, напр., Р. роўнасці (калі x=y, y=z, то x=z), Р. ступені (калі A>B; B>C, то A>C), Р. роднасці (Іван — брат Пятра, Пётр — брат Андрэя, значыць, Іван — брат Андрэя). У працэсе мыслення некаторыя пасылкі часта прапускаюцца, а правілы вываду робяцца на інтуітыўнай аснове, што вядзе да з’яўлення лагічных памылак і няправільных Р. (паралагізм, сафізм). Навук. распрацоўкі тэорыі Р. і звязанай з ёю тэорыі доказу ажыццяўляюцца ў рамках фармальнай матэм. логікі.

Літ.:

Колмогоров А.Н., Драгалин А.Г. Введение в математическую логику. М., 1982;

Бочаров В.А. Аристотель и традиционная логика. М., 1984;

Брюшинкин В.Н. Практический курс логики для гуманитариев. М., 1996;

Минто В. Дедуктивная и индуктивная логика: Пер. с англ. СПб., 1995.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 13, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛТЫ́ЙСКІЯ МО́ВЫ,

група індаеўрапейскіх моў. Адны з найб. архаічных; добра захоўваюць стараж. індаеўрап. моўную аснову. Паводле структуры найб. блізкія да славянскіх моў. Падзяляюцца на ўсходнюю (сучасныя літоўская мова і латышская мова) і заходнюю (мёртвыя мовы — старажытнапруская мова, яцвягаў мова і куршская) групы. Некаторыя даследчыкі дапускаюць існаванне ў мінулым трэцяй — верхнедняпроўскай групы. Адзначалася тэндэнцыя (у пэўнай ступені захоўваецца і цяпер) фарміравання асобнай латгальскай мовы на аснове ўсх.-латышскага дыялекту.

У наш час арэал пашырэння балтыйскіх моў у асн. абмяжоўваецца тэр. Літвы і Латвіі. У мінулым вобласць, дзе жылі балцкія народы і плямёны, была ў некалькі разоў большая, пра што сведчаць шматлікія назвы рэк і азёраў (гідранімія), нас. пунктаў, урочышчаў (тапанімія і мікратапанімія) у тых рэгіёнах, дзе цяпер балты не жывуць; пісьмовыя звесткі і запазычанні з балтыйскіх моў у інш. мовах. Арэал балцкай гідраніміі ахоплівае частку Беларусі, ПнУ Польшчы, Укр. Палессе на У ад Гарыні, частку Расіі (бас. Дзясны, верхняй і сярэдняй Акі, вярхоўі Дняпра і Волгі, Падмаскоўе, паўд. Пскоўшчыну) і інш. Найбольш балтызмаў у бел. мове, менш у польск., рус. і ўкр. мовах, сустракаюцца ў чэшскай, балг., сербскахарвацкай, славенскай.

Ф.​Д.​Клімчук.

т. 2, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕНЕТЫ́ЧНЫ ЗАКО́Н,

1) у біялогіі — закон, паводле якога арганізм у індывід. развіцці (антагенезе) паўтарае ў скарочаным выглядзе некаторыя фазы гіст. (эвалюцыйнага) развіцця свайго віду (філагенез). Сфармуляваў ням. біёлаг Э.Гекель (1866) на аснове працы Ф.Мюлера (1864), таму біягенетычны закон часам называюць законам Мюлера—Гекеля. Закон пацвярджаецца наяўнасцю ў лічынак і зародкаў шматклетачных жывёл правізарных, а ў дарослых — рудыментарных органаў.

Паводле Гекеля эмбрыянальнае развіццё не заўсёды ўзнаўляе пачатковы шлях філагенетычнага развіцця, у ім могуць быць прагрэсіўныя адхіленні з’яў адаптацыі (цэнагенезы) у адрозненне ад кансерватыўных прыкмет і працэсаў — палінгенезаў. Больш познія даследаванні паказалі, што эвалюцыя арганізмаў адбываецца на аснове спадчынных змен любых стадый антагенезу (тэорыя філэмбрыягенезу А.М.Северцава), філагенез ёсць генетычны рад вядомых антагенезаў, а біягенетычны закон — прыватны выпадак спалучэнняў анта- і філагенезу.

2) У псіхалогіі і педагогіцы — мех. перанясенне біягенетычнага закону з прыроды на чалавечае грамадства, спроба растлумачыць псіхічнае развіццё дзіцяці як працэс, асобныя ступені якога з’яўляюцца паўтарэннем асн. ступеняў гіст. развіцця псіхікі чалавецтва. Пры гэтым сцвярджаецца, што ў антагенезе дзіцячай псіхікі ўзнаўляюцца асн. стадыі біял. эвалюцыі і этапы культ.-гіст. развіцця чалавецтва (амер. псіхолагі Дж.​Болдуін, С.​Хол, ням. К.​Бюлер і В.​Штэрн, рус. П.​П.​Блонскі і інш.). Гл. таксама Узроставая псіхалогія.

т. 3, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)