АРМЕ́НІЯ, Рэспубліка Арменія. Размешчана ў паўд. частцы Закаўказзя. Мяжуе на Пн з Грузіяй, на У і ПдЗ з Азербайджанам, на Пд з Іранам, на З з Турцыяй. Пл. 29,3 тыс. км². Нас. 3677 тыс. чал. (1992). Дзярж. мова — армянская. Сталіца — г. Ерэван. Нац. свята — Дзень незалежнасці (28 мая).

Дзяржаўны лад. Арменія — дэмакр. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1978. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканадаўчы орган — Вярх. Савет, вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган — Савет Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.

Прырода. Арменія займае паўн.-ўсх. ч. Армянскага нагор’я, акаймаванага паўн. і ўсх. хрыбтамі М.​Каўказа. На Пн па мяжы з Грузіяй цягнецца Самхецкі хр. (2548 м, г. Лалвар), на Пд ад яго — Ларыйскае плато (выш. да 1400 м), уздоўж паўд. мяжы якога праходзіць Базумскі хр. Паміж Базумскім і паралельным яму Памбакскім хр. ляжыць Памбакская катлавіна, на ПнЗ — Джавахецкі хрыбет. На З узвышаецца вулканічны масіў Арагац (выш. да 4090 м). Хрыбты Гегамскі на З, Вардэнскі на Пд і Шахдагскі на ПнУ і У акружаюць тэктанічную ўпадзіну, у якой знаходзіцца высакагорнае воз. Севан. На ПдУ Арменіі самы высокі ў Закаўказзі Зангезурскі хр. (выш. 3904 м, г. Капутджух), на ПнУ ад яго вулканічнае Карабахскае нагор’е (выш. 2000—3000 м). У паўд.-зах. частцы Арменіі акумулятыўная Арарацкая раўніна (выш. 800—1000 м). Каля ⅓ плошчы Арменіі ўкрыта андэзітабазальтамі, туфамі, пемзамі, перлітамі і інш. прадуктамі вывяржэння вулканаў. Для асобных раёнаў Арменіі характэрна сейсмічнасць. Працягваюцца гораўтваральныя працэсы, адбываюцца землетрасенні (апошняе катастрафічнае ў снеж. 1988). Карысныя выканні: радовішчы медна-малібдэнавых, медна-калчаданавых, залатых, жал. і поліметалічных рудаў, нефелінавых сіенітаў, каменнай солі, буд. матэрыялаў (туфы розных адценняў і якасцяў, базальты, граніты, мармур, пемза, вапнякі, вогнетрывалыя гліны). Выяўлены прамысл. паклады паўкаштоўных і вырабных камянёў (агат, біруза, яшма, абсідыян). Шмат мінер. крыніц. Клімат субтрапічны кантынентальны, сухі; асаблівасці абумоўлены горным рэльефам, блізкасцю Чорнага і Каспійскага мораў, уплывам засушлівага Іранскага і Малаазіяцкага нагор’яў. На раўнінах сярэдняя т-ра студз. -5 °C, ліп. 25 °C, ападкаў каля 400 мм за год. На горных плато і схілах гор (да 1400 м) сярэдняя т-ра студз. ад -4 °C да -6 °C, ліп. ад 18 °C да 20 °C, ападкаў каля 500 мм за год. У сярэднягор’і клімат умераны, сярэдняя т-ра студз. ад -2 °C да -8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 600—800 мм за год. У высакагор’ях сярэдняя т-ра студз. ад -9 °C да -14 °C, ліп. ад 10 °C да 15 °C, магутнае снежнае покрыва. Рэкі Арменіі бурныя, парожыстыя, багатыя гідраэнергарэсурсамі, буйнейшая пагранічная р. Аракс. Па тэр. Арменіі цякуць прытокі рэк Аракс (Раздан, Арла, Варатан і інш.) і Куры (Дэбед з Памбакам і Дзарагетам). Каля 100 горных азёраў, самае вялікае — Севан, для папаўнення якога прабіты горны 48-кіламетровы тунэль р. Арпа — Севан. Глебы Арарацкай раўніны і прылеглых перадгор’яў (да 1200 м) шэразёмныя і светла-бурыя, у паніжэннях саланчакі і сланцы. У паўд. раёнах да выш. 1800 і ў паўн. да 800 м — каштанавыя глебы, вышэй — горныя лугавыя, лясныя, лугава-тарфяныя; на вулканічных плато — горныя чарназёмы. У перадгор’ях калючыя хмызнякі, падушкападобныя астрагалы і аканталімоны, ксерафільныя зараснікі. На паўн.-ўсх. (да выш. 2000 м) і паўд.-ўсх. (да выш. 2400 м) схілах лісцевыя лясы (усх. бук, дуб, граб). У стэпавым поясе (да 2100—2200 м) пераважае кавыльная і ціпчаковая расліннасць, вышэй — ксерафітнае рэдкалессе, субальпійскія і альпійскі лугі. На вяршынях (Арагац, Капутджух) фірнавыя палі і ледавікі. Жывёльны свет у перадгор’ях: паўзуны (гюрза, каўказская гадзюка), грызуны, скарпіёны, у трысняговых зарасніках — дзік, чаротавы кот, шакал; у гарах — безааравы казёл, сірыйскі мядзведзь, рысь, вавёрка і інш. Акліматызаваны янотападобны сабака, нутрыя, плямісты усурыйскі алень. Запаведнікі: Дыліжанскі, Карагельскі-Сіўліцкі (на мяжы з Азербайджанам), Хасроўскі, Эрэнійскі, Шыкахохскі. Нац. парк Севан.

Насельніцтва. Асноўнае насельніцтва — армяне (93,3%; 1992); жывуць таксама рускія, курды, украінцы, беларусы, грузіны, грэкі, асірыйцы і інш. У сувязі з арм.-азерб. канфліктам большасць азербайджанцаў выехала, а ў Арменію перасялілася значная колькасць армян з Азербайджана. Большасць вернікаў належыць да Армянскай апостальскай царквы. Сярэдняя шчыльнасць 115 чал. на 1 км². Натуральны прырост — 15 чал. на 1000 жыхароў. Гар. насельніцтва складае 68% (1989). 50% сельскага насельніцтва жыве ў горным поясе 1500—2000 м. Найб. гарады (1995): Ерэван (1248 тыс. ж.), Гюмры (211 тыс. ж.), Ванадзор (173 тыс. ж.), Эчміядзін (65 тыс. ж.), Раздан (64 тыс. ж.), Абавян (62 тыс. ж.).

Гаспадарка. Прамысловасць. Асноўныя галіны: машынабудаванне і металаапрацоўка, каляровая металургія, хім., нафтахім., лёгкая, харчасмакавая прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў. Энергетычная база — ГЭС Севана-Разданскага каскада, ГРЭС у Раздане, ТЭЦ у Ерэване, АЭС у Мецаморы і інш. У машынабудаванні развіты эл.-тэхн., электронная, радыётэхн. прам-сць, прылада- і станкабудаванне, вытв-сць быт. тэхнікі (Ерэван, Гюмры, Ванадзор і інш.). Каляровая металургія ўключае вытв-сць медзі, алюмінію, канцэнтратаў малібдэну, свінцу, цынку. Выпуск пракату. Прадпрыемствы хім. і нафтахім. прам-сці вырабляюць сінт. каўчук, аўтамаб. шыны, сінтэтычныя смолы, пластмасы, серную кіслату, хім. валокны і інш. (Ерэван, Ванадзор, Алаверды). З галін лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. і гарбарна-абутковая. Важнейшыя галіны харчасмакавай прам-сці — плодакансервавая, эфіраалейная, віна-каньячная, тытунёвая, разліў мінер. водаў. У прам-сці буд. матэрыялаў гал. роля належыць вытв-сці сценавых блокаў з натуральнага каменю, у т. л. на базе распрацоўкі радовішчаў каляровых туфаў, перлітаў, вапнякоў, граніту і мармуру, вытв-сць цэменту, шыферу, зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў.

Сельская гаспадарка. Плошча с.-г. угоддзяў складае 1,3 млн. га, з іх ворыва 0,5 млн. га, пашы 1,6 млн. га. Земляробства сканцэнтравана пераважна на Арарацкай раўніне, Шыракскім плато і ў раёне воз. Севан. 305 тыс. га с.-г. угоддзяў арашаецца. Гал. галіны раслінаводства — вінаградарства і пладаводства. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень), тэхн. тытунь, цукр. буракі і гароднінна-бахчавыя культуры. Жывёлагадоўля малочна-мяснога і мяса-воўнавага кірунку (буйн. раг. жывёла, коза- і авечкагадоўля). Птушкагадоўля. Асноўныя віды транспарту — чыгуначны (эксплуатацыйная даўж. 870 км) і аўтамабільны (даўж. 7,6 тыс. км, у т. л. 7,3 з цвёрдым пакрыццём). Ёсць газаправодны транспарт, развіты авіяцыйны. Увозіць Арменія энерганосьбіты (прыродны газ), машыны, прадукты харчавання. Экспартуе трансп. абсталяванне, каляровыя металы, быт. тэхніку, вырабы харчасмакавай прам-сці. Каля 80% знешнегандлёвага абароту прыпадае на Расію і Беларусь. Грашовая адзінка — драм.

Гісторыя. Тэр. Арменіі належыць да найб. стараж. цэнтраў сусв. цывілізацыі. Археал. знаходкі сведчаць пра засяленне Армянскага нагор’я першабытным чалавекам у 1-й пал. чацвярцічнага перыяду (Сатані-Дар). У неаліце тут пачалося земляробства. Культура бронзавага веку (3—2тыс. да н.э.) прадстаўлена паселішчамі Шэнгавіт, Шрэшблур, Элар, Лчашэн, Тагавараніст. У канцы 2пач. 1-га тыс. да н.э. на Армянскім нагор’і ўзнікаюць племянныя саюзы, пачынаецца працэс утварэння дзяржавы. На аснове буйных саюзаў уруатры, наіры, дайані ў 9 ст. да н.э. склалася рабаўладальніцкая дзяржава Урарту. Найб. значныя помнікі гэтага перыяду на тэр. Арменіі: Ван (Тушпа), Эрэбуні, Тайшэбаіні, Армавір. Аслабленая ўнутр. супярэчнасцямі і націскам скіфаў у 6 ст. да н.э. Урарту распалася, яе тэр. ўключана ў стараж. персідскую Ахеменідаў дзяржаву. Арм. народнасць у асн. склалася ў 2пал. 1-га тыс. да н.э. ў выніку змяшання абарыгенных плямёнаў Армянскага нагор’я (хаі, армены), якія атрымалі ў спадчыну высокую культуру Ураргу. Пасля разгрому дзяржавы Ахеменідаў Аляксандр Македонскі ўключыў арм. землі ў сваю імперыю. У канцы 4 ст. да н.э. ад яе аддзяліліся самастойныя арм. царствы ў Арменіі Малой і Айрарацкай даліне. У канцы 3 ст. да н.э. Паўн.-Зах. Арменія (Сафена) і Паўд. Арменія трапілі пад панаванне Селеўкідаў. Каля 220 да н.э. Айрарацкае царства і Паўд. Арменія аб’ядналіся ў незалежную дзяржаву — Арменію Вялікую. У 189 да н.э. правіцелі Вял. Арменіі і Сафеты абвясцілі незалежнасць. З гэтага часу тут усталявалася дынастыя Арташэсідаў [189 да н.э. — 1 ст. н.э.], найб. вядомым прадстаўніком якой быў Тыгран II. У гады яго праўлення завяршылася аб’яднанне асн. арм. зямель. Арменія стала вял. дзяржавай эліністычнага свету. У яе гарадах Армавір, Арташат, Тыгранакерт, Аршамашат, Ервандашат, Вагаршапат былі развіты рамёствы і гандаль. З 1 ст. да н.э Арменія стала арэнай барацьбы паміж Рымам і Парфянскім царствам і прыйшла ў заняпад. У 387 Вял. Арменія падзелена паміж Іранам і Візантыйскай імперыяй; б.ч. яе апынулася ў васальнай залежнасці ад Сасанідскага Ірана, але захавала самакіраванне на чале з намеснікам (марзпанам). У 301 Арменія прыняла хрысціянства. Пачалі складвацца феад. адносіны. Арм. народ вёў упартую барацьбу супраць іранскага панавання за аднаўленне незалежнасці. Буйныя паўстанні адбыліся ў 450—451 (пад кіраўніцтвам Вардана Маміканяна, закончылася Аварайрскай бітвай 451), 481—484, 571—572 і інш. У 2пал. 7 ст. Арменія заваявана Арабскім халіфатам. Сац. рух у 9—11 ст. праходзіў пад рэліг. сцягам (гл. Паўлікіяне, Пандракійцы). У ходзе працяглай барацьбы арм. народа з арабамі (паўстанні 703, 748—750, 774—775, 850—855) у канцы 9 ст. Утварылася арм. царства Багратыдаў, у якое ўвайшлі Анійскае царства і залежныя ад яго Ванандскае, Васпураканскае, Сюнікскае і Ташыр-Дзарагецкае царствы. Пачаўся ўздым эканомікі і культуры; цэнтрамі рамяства і гандлю сталі гарады Ані, Карс, Дзвін, Хлат, Маназкерт і інш. У 11 ст. Арменія заваявана Візантыяй, потым сельджукамі, а ў 13 ст. татара-манголамі. У выніку ліквідацыі дзяржаўнасці гарады Арменіі прыйшлі ў заняпад, многія разбураны, значная частка насельніцтва знішчана. Вял. спусташэнні прынеслі Арменіі паходы Тахтамыша і Цімура. Узмацнілася эміграцыя армян у інш. краіны. На ПдУ М. Азіі ўтварылася арм. Кілікійскае царства (1080—1375). На пач. 15 ст. Арменія захоплена вандроўнымі туркм. плямёнамі. У 16—18 ст. яна стала арэнай барацьбы паміж Турцыяй і Іранам, гаспадарка краіны руйнавалася, яе жыхары знішчаліся і высяляліся. У 1639 краіна падзелена; Усх. Арменія адышла Ірану, Зах. — Турцыі. Сац. і нац.-рэліг. прыгнёт выклікаў паўстанні армян (найбуйнейшае ў 1722—28 у Карабаху і Сюніку). З цягам часу ў паліт. плынях стала выспяваць арыентацыя на Расію. У выніку рус.-іран. вайны 1826—28 паводле Туркманчайскага дагавора 1828 Усх. Арменія далучана да Рас. імперыі. Больш за 40 тыс. армян перасяліліся з Ірана ў Закаўказзе. Пасля рус.-тур. вайны 1828—29 з падпарадкаваных Турцыі арм. зямель ва Усх. Арменію перасялілася 90 тыс. армян. Зах. армяне, што заставаліся пад уладай Турцыі, неаднаразова паўставалі (Зейтунскае паўстанне 1862, вызв. рух 1870—80-х г.). Тур. ўлады арганізоўвалі (1895, 1896, 1908) масавую разню арм. мірнага насельніцтва. У 1-ю сусв. вайну тур. ўрад правёў генацыд арм. насельніцтва — знішчыў каля 1,5 млн. армян і каля 2 млн. выселіў у пустыні Месапатаміі, дзе большасць іх загінула. У памяць аб гэтай трагедыі 24 крас. лічыцца днём нац. жалобы. Выселеныя з Турцыі армяне аселі пераважна ў краінах Б. Усходу, Еўропы і Амерыкі. У ходзе барацьбы супраць рус. царызму і султанскага дэспатызму ў Арменіі ўзніклі розныя грамадска-паліт. плыні і партыі, найб. уплывовай была партыя «Дашнакцуцюн» (гл. «Дашнакі»). У час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі ў Арменіі пракацілася хваля забастовак. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 Часовы ўрад стварыў у Закаўказзі Асобы Закаўказскі камітэт. У вострай паліт. барацьбе з бальшавікамі ў ліст. 1917 да ўлады прыйшлі дашнакі. 28.5.1918 урад дашнакаў аб’явіў незалежнасць Арменіі. У вер. 1918 Турцыя акупіравала значную ч. тэр. Арменіі. Паводле Батумскага дагавора 1918 паміж Турцыяй і Грузіяй тэр., падуладная ўраду дашнакаў, абмяжоўвалася толькі Эрыванскім і Эчміядзінскім паветамі. Пасля паражэння герм. блоку ў 1-й сусв. вайне (ліст. 1918) у Закаўказзе ўступілі англа-амер. войскі. У вер. 1920 паміж Турцыяй і Арменіяй пачалася вайна, якая прынесла новыя пакуты арм. народу (у акупіраваных туркамі раёнах загінула каля 198 тыс. чал.). У ліст. 1920 у Арменіі адбылося ўзбр. паўстанне, падтрыманае Чырв. Арміяй. 29.11.1920 у Каравансараі ўтвораны Рэўком сав. Арменіі, які абвясціў Арменію сав. сацыяліст. рэспублікай. 2.12.1920 урад дашнакаў капітуляваў. 30.12.1922 Арменія разам з Азербайджанам і Грузіяй у складзе Закаўказскай Федэрацыі (ЗСФСР) увайшла ў СССР, з 5.12.1936 — як саюзная рэспубліка (Армянская ССР). У 1922 прынята першая Канстытуцыя Арм. ССР. Цяжар нявырашаных нац. праблем прывёў да абвастрэння адносін з суседзямі — у 1988 з-за тэр. прыналежнасці Нагорнага Карабаха паміж Арменіяй і Азейрбайджанам узнік канфлікт, які пазней набыў узбр. характар. Сац.-эканам. становішча абвастрылася пасля землетрасення ў снеж. 1988. На дапамогу арм. народу прыйшлі многія краіны, у т. л. Беларусь. На рэферэндуме ў вер. 1991 за незалежнасць Арменіі выказалася 99% яе насельніцтва. 25.9.1991 Вярх. Савет Арменіі прыняў «Дэкларацыю аб незалежнасці Арменіі». У кастр. 1991 прэзідэнтам краіны выбраны Л.​Тэр-Петрасян. З 1991 Арменія — член СНД. У процівагу рашэнню Вярх. Савета Азербайджана аб скасаванні статуса Нагорна-Карабахскай аўт. вобласці Арменія прызнала акт абвяшчэння незалежнасці Нагорнага Карабаха. Паміж краінамі пачалася неаб’яўленая вайна. З 1992 вядуцца перагаворы па ўрэгуляванні азерб.-арм. канфлікту. Пасрэднікамі ў гэтым працэсе выступаюць Балтыйскі Савет, Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), дзейнічае Мінская група АБСЕ па Нагорным Карабаху.

Арменія — член буйных міжнар. арг-цый: ААН, АБСЕ і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1993.

Палітычныя партыі. Арм. агульнанац. рух, Ліберальна-дэмакр. партыя, Рэсп. партыя, Хрысціянска-дэмакр. партыя, «Дашнакцуцюн», Партыя нац. адраджэння, Саюз канстытуцыйнага права, Нацыяналістычная партыя Арменіі, Камуніст. партыя Арменіі і інш.

Ахова здароўя. У пач. 1992 на 10 тыс. ж. было 87 бальнічных ложкаў, 136 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 40 урачоў. Узровень нараджальнасці 21 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 18 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. У Арменіі ажыццяўляецца ўсеагульнае абавязковае сярэдняе навучанне. Створана сістэма вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі. У 1991 у Арменіі былі 1283 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (143 тыс. дзяцей). У 1991/92 навуч. г. працавалі 1374 дзённыя агульнаадук. школы (592 тыс. вучняў, 54 тыс. настаўнікаў), 69 сярэдніх спец. навуч. устаноў (40,6 тыс. навучэнцаў), 14 ВНУ (66,1 тыс. студэнтаў, больш за 5,3 тыс. выкладчыкаў). Найбольшыя ВНУ: Ерэванскі ун-т (з 1920); ін-ты — політэхн., пед., мед., с.-г., нар. гаспадаркі, маст.-тэатральны, кансерваторыя і інш. На 1.1.1990 у Арменіі 1,4 тыс. масавых б-к (21,8 млн. адзінак захавання), самыя вялікія б-кі: Дзяржаўная імя Мяснікяна, навук. б-ка АН Арменіі; 50 музеяў, у т. л. гісторыі Арменіі, прыродазнаўства, геалагічны, карцінная галерэя; 1,3 тыс. клубных устаноў. Навук. даследаванні вядуцца ў навук. установах, н.-д. ін-тах Акадэміі навук Арменіі (у яе складзе 43 акад., 59 чл.-кар., 1989), праблемных лабараторыях і канструктарскіх бюро пры мін-вах і ВНУ.

Друк, радыё, тэлебачанне. Найбуйнейшыя газеты: «Екір» («Краіна»), «Азг» («Нацыя»), «Голос Армении», «Республика Армения», «Эпоха». Нац. інфарм. агенцтва Армянпрэс (з 1920). Радыёвяшчанне з 1926 на арм., рус., азерб. і курдскай мовах. Ерэванскі радыёцэнтр перадае спец. праграму для армян, што жывуць за межамі краіны. З 1956 працуе Ерэванскі тэлецэнтр.

Літаратура. Найстаражытныя помнікі арм. культуры захоўваюць звесткі пра жыццё і барацьбу арм. плямёнаў дагіст. перыяду. Паданні і легенды («Нараджэнне Ваагна», «Гайк і Бел», «Ара Цудоўны і Шамірам», «Тыгран і Аждаан» і інш.) расказваюць пра барацьбу армян за незалежнасць і дзяржаўнасць, паказваюць зараджэнне этнічнай самасвядомасці, пошукі ў філас. асэнсаванні жыцця прыроды і Сусвету. Помнікам сусв. культуры з’яўляецца гераічны эпас 9 ст. «Сасунцы Давід».

Арм. пісьменства пачыналася з клінапісных надпісаў (1-е тыс. да н.э.). У перыяд росквіту ў Арменіі эліністычнай культуры існавалі летапісы, кнігі малітваў, паэт. і драматург. творы. Помнікі язычніцкай л-ры не захаваліся, яны знішчаны пасля прыняцця хрысціянства. Развіццю арыгінальнай і перакладной л-ры (жыційнай, царк., гіст., філас.) садзейнічалі вучоны-асветнік Месроп Маштоц, гісторыкі Агатангелос, Карун, Паўстас Бузанд, Егішэ, Маўсес Харэнацы і інш. У часы арабскага нашэсця і візант. экспансіі (7—9 ст.) пераважала царк. л-ра, асабліва духоўныя песні (шараканы), царк.-паліт. публіцыстыка, развіваліся гістарыяграфія (Маўсес Каланкатаўцы, Себеос, Іаан Маміканян і інш), паэзія (Камітас, Даўтак Кертох). Аднаўленне дзяржаўнасці Арменіі (886) спрыяла адраджэнню л-ры. У паэзію пранікаюць свецкія матывы (Грыгор Нарэкацы). З пісьменнікаў 12 ст. вылучаюцца Нерсес Шнаралі і Мхітар Гош, з прадстаўнікоў гуманіст. паэзіі — Фрык, Канстанцін Ерзнкацы (13 ст.), Наапет Кучак, Вардан Айгекцы і інш. Пасля нашэсця мангола-татараў (14 ст.) і падзелу Арменіі паміж Турцыяй і Персіяй настаў змрочны перыяд у культуры краіны. Некаторы яе ўздым адбыўся толькі на пач. 17 ст. Адраджэнне стараж. арм. цывілізацыі, традыцый мовы і л-ры былі гал. мэтай літ. руху «абнаўлення». Важную ролю ў ім адыгрывалі культ. цэнтры арм. калоній у Венецыі, Мадрыдзе, Калькуце, Канстанцінопалі і інш. Развіваюцца публіцыстыка (Аўсеп Эмін, Шаамір Шааміран, Маўсес Баграмян), паэзія (Нагаш Аўнатан, Петрас Капанцы, Багдасар Дпір, Саят-Нава і інш.). У 18 ст. ў арм. л-ры зараджаецца класіцызм (А.​Ванандэці, П.​Мінасян, А.​Багратуні, Э.​Гюрмюзян), у 1830—40-я г. адбываўся пераход да рамантызму. Уздым асветніцтва стварыў перадумовы для абнаўлення формы і зместу л-ры. Стараж. арм. мова (грабар) саступае месца нар. літ. мове (ашхарабару). Прадстаўнікі новага літ. руху — А.​Аламдаран, М.​Тагіядзян, Х.Абавян, Г.​Алішан і інш. У 2пал. 19 ст. развіваюцца грамадская думка і л-ра. У фарміраванні нац. ідэалогіі важная роля належала перыяд. выданням «Юсісапайл» («Паўночнае ззянне»), «Мегу» («Пчала»), «Мегу Айастані» («Пчала Арменіі»), «Мшак» («Працаўнік»), «Мурч» («Молат») і інш. Л-ра вызначаецца жанравай і стылёвай разнастайнасцю, шматграннасцю ахопу сац.-бытавых і нац. праблем. У паэзіі вядучае месца займае грамадз. лірыка (М.​Пешыкташлян, Р.​Патканян, М.Налбандзян, П.Дуран), развіваюцца гіст.-рамант. драма (Дуран, Пешыкташлян), сац.-бытавая камедыя (Г.Сундукян). Вядучы жанр л-ры 1870—90-х г. проза. На змену сінкрэтычнаму тыпу «нацыянальнага рамана» прыходзіць маналагічны раман: гістарычны (Цэрэнц, Г.Мурацан, Рафі), сацыяльны (П.​Прашан, Г.​Агаян, Ц.​Камсаракан, А.​Шырванзадэ), палітычны (Рафі), псіхалагічны (Мурацан, Нар-Дос) і інш. Дасягненнем маст. прозы сталі сатыра (А.Паранян), навелістыка (Р.​Захраб). У 1880—90-я г. вядучым кірункам становіцца крытычны рэалізм, выступае «другое пакаленне» новай арм. паэзіі (І.Іаанісян, А.Туманян, К.Ісаакян). На пач. 20 ст. побач з рэалізмам існуе мадэрнісцкі кірунак з элементамі натуралізму, сімвалізму, неарамантызму. Эстэт. і філас. канцэпцыя адлюстравання рэчаіснасці выявілася ў гіст.-філас. драмах (Л.​Шант), прозе (Э.​Ацян, Ерухан, В.​Папазян), паэзіі (Сіяманта, В.​Тэр’ян, Д.​Варужан). У 1920-я г. узнік шэраг літ. груповак і арг-цый. У 1927 створаны Саюз пралетарскіх пісьменнікаў, у 1934 — СП Арменіі. Сац. і ідэалаг. перамены ў жыцці, паказ новага і старога грамадства — галоўныя тэмы творчасці Е.​Чарэнца, Д.​Дэмірчана, С.​Зарана, Н.​Зарана, Г.​Маары і інш. У л-ры 1950-х г. (А.Шыраз, А.Сагіян, Г.Эмін, С.Капуцікян, Р.​Аванесян, Х.​Даштэнц, С.Хандзадзян і інш.) падзеі 2сусв. вайны, змены ў грамадскім і сац. жыцці.

У 1960—70-я г. пашыраецца тэматычны і жанравы дыяпазон л-ры, скіраванай на абнаўленне выяўл. сродкаў, паглыбленне сац.-псіхал. аналізу з’яў і працэсаў, расце цікавасць да гіст. лёсу арм. народа і яго этнічнай самабытнасці (Г.Матэвасян, А.​Айвазян, В.​Петрасян, Р.​Даваян, А.​Грыгаран і інш.). У 1980-я г. ў л-ру прыйшлі В.​Мугнецян, Л.​Хечаян, В.​Акапян і інш. Асобнае месца ў сучаснай арм. л-ры займае л-ра т.зв. спюрка, створаная армянамі, што жывуць у іншых краінах свету (А.​Ашакян, Амстэг, Г.​Шахнур, М.​Ішхан, Захрат, А.​Карапенц).

Архітэктура. Найб. старажытныя паселішчы на тэр. Арменіі адносяцца да энеаліту. Высокай культурай адметныя збудаванні дзяржавы Урарту (9—6 ст. да н.э.). З перыяду элінізму (канец 1-га тыс. да н.э.) захаваліся рэшткі гарадоў Арташата, Тыгранакерта, крэпасць Гарні. У раннефеад. перыяд узніклі невял. замкі-крэпасці (Ані, 5 ст; Амберд, 7—13 ст.), палацы (у Дзвіне, 4—5 ст.; Звартноцы, 7 ст.), хрысціянскія храмы (Эчміядзінскі сабор, 4—19 ст.; Ерэруйская, Тэкорская базілікі, 5 ст.; цэрквы ў Мастары, Рыпсімэ, Аручы, 7 ст.). Збудаванням 5—7 ст. характэрны кампактная кампазіцыя, гармонія прапорцый, лаканічнасць дэкору. У часы новага ўздыму дойлідства (пачынаючы з 9 ст.) пабудаваны крэпасці і замкі (Тыгніс, Бджні, Ахтамар (дойлід Мануэл), буйныя манастырскія комплексы (Татэў, Санаін, Ахпат, Гегард), гасцініцы, трапезныя, кнігасховішчы, караван-сараі, масты. Вялікі размах набыло горадабудаўніцтва ў г. Ані (кафедральны сабор, 989—1001, і храм Гагіка, дойлід Трдат), у 11—14 ст. — у Кілікійскім царстве (крэпасці, парты, палацы, манастыры, храмы, школы, шпіталі). З часу мангола-татарскага нашэсця буд-ва заняпала і толькі пад сярэдзіну 17 ст. аднавілася (манастырскія комплексы Мунгі, Хор-Вірак і інш.). Нар. жыллё — глхатун (прамавугольнае ў плане са ступеньчатым драўляным шатром) — будавалася да 20 ст. Пасля далучэння да Рас. імперыі, асабліва ў канцы 19 — пач. 20 ст., у гарадах будавалі 2—3-павярховыя шматкватэрныя дамы часцей галерэйнага тыпу, будынкі грамадскага прызначэння. З 1930-х г. пачалася комплексная забудова жылых кварталаў, распрацоўваліся аб’ёмна-планіровачныя кампазіцыі паўд. тыпу жылля (арх. К.Алабян, Г.​Кочар, М.​Мазманян і інш.). У творчасці А.Таманяна спалучаліся сучасныя і традыц. арх. формы (Дом урада, 1926—41; тэатр оперы і балета, 1926—53; абодва ў Ерэване). Выкарыстанне ў буд-ве ружовага і белага туфу надае своеасаблівы каларыт гарадам і пасёлкам Арменіі. У 1960—80-я г. пошукі архітэктараў накіраваны на стварэнне новых арх. формаў і сродкаў маст. выразнасці на аснове сучасных канструкцый, буд. і аддзелачных матэрыялаў. У Ерэване пабудаваны драмтэатр імя Г.​Сундукяна (1966, арх. Р.​Алавердзян), стадыён «Раздан» (1967—72, арх. К.​Акапян, Г.​Мушэгян), Дом моладзі (1979, арх. С.​Хачыкян, А.​Тарханян, Г.​Пагасян, М.​Закаран), музей сучаснага мастацтва Арменіі (1985, арх. Д.​Тарасян, Г.​Адамян), спарт.-канцэртны комплекс (1987, арх. Акапян, Мушэгян, Пагасян, Хачыкян; Дзярж. прэмія СССР 1987), аэрапорт «Звартноц» (каля Ерэвана, 1982, арх. Тарханян, Хачыкян, Л.​Чаркезян, Ж.​Шэхлян); мемарыял у памяць ахвяр генацыду армян 1915 (1965, арх. С.​Калашан, Тарханян), манумент «Давід Сасунскі» (1959, скульптар Е.​Качар), помнікі Е.​Чарэнцу (1985, арх. Тарасян, скульптар М.​Нікагасян), М.​Сар’яну (1986, арх. Тарханян, скульптар Л.​Такмаджан); Ерэванскі метрапалітэн (1981). Арх.-праектныя ін-ты распрацоўваюць планы забудовы нас. месцаў, што пацярпелі ад землетрасення ў снеж. 1988. Архітэктараў у Арменіі рыхтуе буд. ф-т Ерэванскага політэхн. ін-та. У 1933 засн. Саюз архітэктараў Арменіі.

Выяўленчае мастацтва. На тэр. Арменіі знойдзены наскальныя выявы 6-га тыс. да н.э., энеалітычная чарнаглянцавая кераміка з геам. узорам, маст. вырабы з металу і чырвонагліняная кераміка з чорнай размалёўкай (2тыс. да н.э.), вялізныя каменныя рыбы (вішапы). Рэшткі насценных размалёвак, ювелірныя вырабы адкрыты ва урарцкіх крэпасцях Эрэбуні і Тэйшэбаіні. Ад эпохі элінізму захаваліся сярэбраныя чашы і рытоны. Мазаікай і размалёўкай упрыгожаны сярэдневяковыя храмы ў Арусы, Таліне, Лмбаце (7 ст.), Татаеве на Ахтамары (10 ст.), Ахтале і Ані (12—13 ст.). Ранняя сярэдневяковая скульптура прадстаўлена стэламі 4—5 ст. з разнымі выявамі. З 9 ст. вядомы стэлы з выявамі крыжа ў арнаментальным абрамленні. З 10 ст. асн. відам выяўл. мастацтва стала кніжная мініяцюра (Т.​Рослін, С.​Піцак). У сярэдзіне 17 ст. з’явіўся станковы партрэт (А.​Мркуз, М.​Заграбян, Б.​Салтанаў, сем’і Богушаў, Манасе), адзначаны ўплывам прыёмаў зах.-еўрап. рэаліст. жывапісу. Асобнае месца займаюць 6 пакаленняў мастакоў Аўнатанянаў (канец 17—19 ст.), у творчасці якіх фарміраваўся свецкі рэаліст. кірунак. У 19 ст. арм. жывапіс узбагаціўся гіст. і быт. жанрамі (А.​Аўнатанян, С.​Нерсісян, Г.Башынджагян, В.Сурэнянц). За межамі Арменіі працавалі скульптары А.​Тэр-Мерукян, А.Гюрджан, графік Э.​Шаін. У фарміраванні арм. маст. школы ў 1920-я г. вял. ролю адыграла творчасць М.Сар’яна, С.Агаджаняна, Е.Татэвасяна, Г.Гюрджана, Ф.Тэрлемезяна і інш. Тэматычныя карціны стваралі С.​Аракелян, А.Каджан, А.​Бажбеук-Мелікян, нацюрморты — Г.​Грыгаран. Развівалася манум. і станковая скульптура (А.Сарксян, С.​Сцепанян, А.​Урарту), станковая і кніжная графіка (Каджаан, Т.​Хачванкян), тэатр.-дэкарац. мастацтва (Г.​Якулаў, М.​Арутчан, Сар’ян і інш.). У 1940—50-я г. наглядалася развіццё сюжэтнай карціны, пейзажа, нацюрморта (М.Абегян, М.Асламазян, М.Зардаран, Л.Бажбеук-Мелікян, С.Мурудзян, Г.Ханджан, В.​Айвазян), скульптуры (Е.​Качар, Н.Нікагасян, С.Багдасаран, Г.Чубаран і інш.). Сучасныя жывапісцы і графікі імкнуцца да аналіт. вывучэння аб’екта, асэнсавання гісторыі і нар. паданняў (А.​Акапян, Р.​Адалян, М.​Петрасян, А.​Укапян, А.​Хачыкян, Р.​Хачатран, Г. і Р.​Элебікяны і інш.). У галіне тэатр. жывапісу працуюць А.​Мірзаян, С.​Арутчан; у дэкар.-прыкладным мастацтве — керамісты П.​Сіманян, Р.​Швердзян, А.​Бдзеян і інш. Мастакоў у Арменіі рыхтуюць Мастацка-тэатр. ін-т і маст. вучылішча імя Ф.​Тэрмелезяна ў Ерэване. У 1932 засн. Саюз мастакоў Арменіі.

Музыка. У 2тыс. да н.э. на тэр. Арменіі ва ўзаемадзеянні з муз. культурамі Пярэдняй і М.​Азіі фарміравалася своеасаблівая муз.-паэт. традыцыя, у аснове якой строгая манадыйнасць (з элементамі поліфаніі) і складаная сістэма метрарытму. Сярод жанраў сял. фальклору стараж. абрадавыя, працоўныя, гульнёвыя, лірычныя, эпічныя, каляндарныя і пахавальныя песні, песні вандроўнікаў (пандухтаў). Фарміраванне арм. эпасу (6—4 ст. да н.э.) звязана з творчасцю спевакоў-казачнікаў (віпасанаў) і прафес. паэтаў, спевакоў і акцёраў (гусанаў); гэтая традыцыя прадоўжана ў творчасці ашугаў (Саят-Нава, 18 ст.; Шырын, Джывані, 19—20 ст.). Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковыя — кемані, кеманча; струнна-плектарныя — саз, тар, уд; струнна-шчыпковыя — кнар, тавіг, канон, пандырн; духавыя — срынг, дудук, зурна; ударныя — даол тмбук, нагара; струнна-ўдарныя — сантур (разнавіднасць цымбалаў) і інш. Прафес. муз. культура Арменіі напачатку была звязана з царк. пеўчай традыцыяй; з 4 ст. н.э. пашыраны псалмы, духоўныя гімны і шараканы, пазней — стэгі, зартугі, з 10 ст. — гандзы, духоўныя і свецкія тагі — разгорнутыя вакальна-інстр. лірыка-эпічныя кампазіцыі (Грыгор Нарэкацы, 10 ст.; Нерш Шнаралі, 12 ст.; Хачатур Кечарэцы, 14 ст.). Значны ўклад у арм. музыку сярэднявечча зрабілі музыканты і тэарэтыкі Саак Партэў, Давід Керакан (5—6 ст.), Камітас, Ананій Шыракацы, Барыг Чон (7 ст.), Сцепанос Сюнецы 2-і (8 ст.), Акоп Хрымецы (15 ст.). Да 15 ст. асновай натацыі арм. прафес. музыкі былі своеасаблівыя неўмы (хазы), якія ў 19 ст. заменены новай натацыяй. У 19 ст. пачалося актыўнае развіццё муз. адукацыі, збіранне і апрацоўка нар. песень (Х.​Кара-Мурза, Н.Тыгранян), стварэнне муз. нар. і прафес. калектываў, асваенне жанраў оперы, аперэты, камерна-інстр. музыкі, раманса (Т.Чухаджан, Г.​Еранян, Г.​Карганаў). Асновы арм. нац. муз. стылю залажыў Камітас. На пач. 20 ст. напісаны творы, якія сталі нац. муз. класікай — сімф. карціна «Тры пальмы» (1905), сюіты «Крымскія эскізы» (1903, 1912) А.Спендыярава, опера «Ануш» (1912) А.Тыграняна, камерна-інстр. творы А.​Тэр-Гевандзяна, С.​Бархударана, вак. творы Р.​Малікяна і інш. У 1933 створаны Саюз кампазітараў Арменіі. Кампазітарскую школу ўзначаліў А.Хачатуран. Сімф. музыка прадстаўлена творамі Хачатурана, А.​Сцепаняна, Г.​Егіязарана, у оперным і балетным жанрах працавалі Спендыяраў (опера «Алмаст», 1928), Хачатуран (балеты «Гаянэ», 1942; «Спартак», 1956), Б.​Баласанян, Егіязаран, Сцепанян, у жанры аперэты — А.​Айвазян, А.​Далуханян, В.​Катаян і інш. У 1960—80-я г. вылучыліся С.​Агаджанян, А.​Аруцюнян, С.Бабаджанян, З.Аганесян, Р.​Саркісян і інш. Сярод выканаўцаў: дырыжоры М.​Таўрызіян, К.Арбелян; спевакі Т.Гаспаран, Н.Аванісян, П.Лісіцыян, З.Далуханава; піяністы Ю.​Айрапецян, С.​Навасардзян; скрыпачы І.​Налбандзян, Р.​Агаранян, А.​Габрыэлян, Э.​Тэтэвасян; віяланчэлісты М.​Абрамян, С.​Асламазян, Г.​Адамян, Г.​Таталян і інш. У Арменіі працуюць (1995): Т-р оперы і балета імя Спендыярава, Т-р муз. камедыі, Дзіцячы муз. т-р, Хар. капэла, Дзярж. сімф. аркестр, сімф. аркестр. Дзяржтэлерадыё, Ансамбль нар. інструментаў, Ерэванскі камерны аркестр, струнны квартэт імя Камітаса; эстрадны аркестр, хор Харавога т-ва Арменіі, Ансамбль нар. песні і танца, Ансамбль нар. танца, Камерны хор Дзяржтэлерадыё; кансерваторыя (1923), Цэнтр. муз. школа, 5 муз. вучылішчаў, больш за 100 муз. школ і інш.

Тэатр. Зараджэнне тэатр. мастацтва ў Арменіі звязана з нар. святамі, стараж. культамі, рытуальнымі абрадамі. Пачаткам прафес. т-ра лічыцца 53 да н.э., калі ў сталіцы Арменіі Арташаце была паказана трагедыя Еўрыпіда «Вакханкі» (т-р створаны царом Артаваздам II). У стараж. т-рах Арменіі ставілі трагедыі грэч. і арм. драматургаў (выконвалі акцёры дзайнарку-гусаны і вохбергу-гусаны), камедыі і бытавыя драмы (катака-гусаны і катакергані), была пашырана пантаміма (актрысы-пантамімісткі вардзакі). У сярэднія вякі спектаклі паказвалі ў амфітэатрах (на ўзор антычных). Існаваў і сатыр. вулічны т-р гусанаў-мімосаў, цахрацу. На аснове літургічнай драмы створаны хрысц. містэрыяльны т-р. З 1668 да сярэдзіны 19 ст. існаваў школьны т-р (царкоўны і свецкі). У 18 ст. у арм. калоніях узнік новы арм. т-р. У 1836 Г.​Шэрмазанян стварыў у Тыфлісе «Шэрмазанян тэатр». У 1810 у Канстанцінопалі (культ. цэнтры зах. армян) адбыліся першыя арм. спектаклі. У 1846—66 тут існаваў прафес. т-р «Армян татрон», у 1850-я г. дзейнічалі аматарскія арм. трупы. У 1856 М.​Пешыкташлян заснаваў арм. нац. т-р. Пастаянныя прафес. т-ры існавалі ў Канстанцінопалі (1861), Тыфлісе (1863, пад кіраўніцтвам Г.​Чмшкяна), Эрывані (1873). Сцвярджэнне рэалізму ў арм. т-ры звязана з драматургіяй Г.​Сундукяна і А.​Параняна, пазней — А.​Шырванзадэ, дзейнасцю акцёра і рэжысёра Чмшкяна, трагіка П.​Адамяна. На пач. 20 ст. арм. нар. т-ры існавалі ў Тыфлісе, Баку, Эрывані. У 1921 створаны 1-ы Дзярж. т-р Арменіі ў Ерэване (з 1937 імя Сундукяна). У 1920—30-я г. ўзніклі дзярж. арм. т-ры ў інш. гарадах. У іх рэпертуары творы арм. драматургіі, рус. і зах.-еўрап. класікі; асаблівае месца займалі п’есы У.​Шэкспіра. Вядомыя дзеячы тэатр. мастацтва Арменіі: акцёры А.​Авецісян, Г.​Джанібекян, В.​Гулазян, Д.​Малян, Р.​Нерсесян, В.​Папазян, В.​Вагаршан, Т.​Сар’ян; рэжысёры В.​Аджэмян, А.​Бурджалян. У арм. т-рах пастаўлены бел. п’есы: «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча, «Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка.

Кіно. Першыя хранікальныя кіназдымкі ў Арменіі зроблены ў 1907. У 1923 створана кінастудыя «Дзяржкіно» (з 1957 «Арменфільм» імя А.​Бек-Назарава). Першы дакумент. фільм — «Савецкая Арменія» (1924). Станаўленне маст. кіно звязана з дзейнасцю рэж. Бек-Назарава, які паставіў першы арм. маст. фільм «Намус» (1925). Найб. значныя фільмы нямога кіно: «Зарэ», «Злы дух», «Дом на вулкане», «Кікос», «Гікор». У 1930-я г. зняты фільмы «Пэпо», «Каро», «Зангезаур», «Храбры Назар», «Давід-Бек», першыя мультыплікацыйныя фільмы. Вытворчасць фільмаў павялічылася ў 1950-я г. У 1959 у Ерэване створана студыя хранікальных, дакумент. і навук.-папулярных фільмаў. У развіцці кінамастацтва Арменіі значную ролю адыгралі рэжысёры Бек-Назараў, П.​Бархударан, А.​Марцірасян, А.​Ай-Арцян, С.​Кеворкаў, Э.​Карамян, С.​Параджанаў, акцёры Х.​Абрамян, А.​Джыгарханян, Г.​Тонунц, М.​Мкртчан і інш. У 1958 заснаваны Саюз кінематаграфістаў Арменіі.

Літ.:

Абегян М. История древнеармянской литературы. Ереван, 1975;

Налбандян В., Саринян С., Агабабян С. Армянская литература. М., 1976;

Токарский Н.М. По страницам истории армянской архитектуры. Ереван, 1973;

Мнацакян С.Х., Оганесян К.Л., Саинян А.А. Очерки по истории архитектуры Древней и Средневековой Армении. Ереван, 1978;

Григорян А. Современная архитектура Армении. Ереван, 1983;

Дурново Л.А. Очерки изобразительного искусства Средневековой Армении. М., 1979;

Очерки по истории армянского изобразительного искусства. Ереван, 1979;

Музыка советской Армении: Сб. ст. [М., 1960];

Музыкальная культура Армянской ССР: Сб. ст. М., 1985.

В.​К.​Міхеева (прырода, гаспадарка), І.​Ф.​Раманоўскі (гісторыя з 1918), С.Сарынян (літаратура), А.​М.​Гарахавік (музыка).

Герб і сцяг Арменіі.
Да арт. Арменія. Шыкахохскі запаведнік.
Да арт. Арменія. Горны пейзаж каля Ерэвана.
Да арт. Арменія. Цясніна ракі Раздан.
Да арт. Арменія. Астрафізічная абсерваторыя каля Ерэвана.
Да арт. Арменія. Кафедральны сабор у Ані. Арх. Трдат. 989-1001.
Да арт. Арменія. Манумент «Давід Сасунскі» ў Ерэване.
Да арт. Арменія. Рэльеф на фасадзе царквы Крыжа на востраве Ахтамар. 915—921.
Да арт. Арменія. Званіца Эчміядзінскага кафедральнага сабора. 1653—58.
Да арт. Арменія. Палац моладзі ў Ерэване. 1979.

т. 1, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГО́ЛА (Angola),

Народная Рэспубліка Ангола (Repúblika Popular de Angola), дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн і ПнУ з Заірам, на У з Замбіяй, на Пд з Намібіяй, на З абмываецца водамі Атлантычнага ак. Пл. 1246,7 тыс. км². Нас. 11,2 млн. чал. (1994). Афіц. мова — партугальская. Сталіца — г. Луанда. Падзяляецца на 18 правінцый (дыстрыктаў), уключае правінцыю Кабінда (паўанклаў). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (11 ліст.).

Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1975 з папраўкамі 1991 Ангола — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Савет Міністраў.

Прырода. Большую ч. тэрыторыі займае пласкагор’е (пераважна выш. 1000—1500 м). На З горны масіў Біе (найб. выш. 2610 м, г. Мока). Уздоўж узбярэжжа шэраг невысокіх ступеньчатых плато шыр. ад 100 да 200 км і вузкая паласа прыморскай нізіны. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, алмазы, медныя, жал., марганцавыя і уранавыя руды, баксіты, золата, тытан, плаціна, слюда. Клімат трапічны, гарачы, засушлівы зімой і вільготны летам. Сярэдняя т-ра найб. цёплага месяца (студз.) ад 21 да 29 °C, найб. халоднага (ліп.) ад 15 да 22 °C. Ападкаў ва ўнутр. раёнах 1000—1500 мм за год; на ўзбярэжжы, дзе ўплывае халоднае Бенгальскае цячэнне, — 50—500 мм за год. Гал. рэкі: Кванга, Касаі, Кунене, Кванза, частка эстуарыя р. Конга, на У верхняе цячэнне р. Замбезі. Значныя энергет. рэсурсы. Парогі і вадаспады перашкаджаюць суднаходству. Расліннасць унутр. раёнаў — сухое лістападнае рэдкалессе на фералітавых глебах, зах. схілы пласкагор’я і даліны рэк пад вільготнымі трапічнымі лясамі, на ўзбярэжжы — травяністыя і хмызняковыя саванны на чырвона-бурых глебах, на Пд — паўпустыня, якая пераходзіць у пустыню Наміб. Жывёльны свет: сланы, насарогі, буйвалы, зебры, ільвы, леапарды, гіены і інш., у трапічных лясах малпы. Нац. паркі і заказнікі: Кісама, Лванда, Камея, Намібе і інш.

Насельніцтва. Каля 96% насельніцтва належыць да народу моўнай сям’і банту (мбунду, конга, авімбунду, баконга, вачакве, ваньянка, авамба і інш.), жывуць партугальцы. Паводле веравызнання католікі (больш за 80%), пашыраны анімістычныя культы. Сярэдняя шчыльн. 8 чал. на 1 км². Найб. густа заселены нізіны і даліны рэк. Гар. насельніцтва 28,3% (1990). Найб. гарады: Луанда, Уамба, Лабіту, Бенгела, Лубанга і інш.

Гісторыя. Першабытная матэрыяльная культура на тэр. Анголы зарадзілася ў 8-м тыс. да н.э. Яе носьбітамі былі народы, нашчадкамі якіх з’яўляюцца пігмеі кангалезскіх лясоў, бушмены паўд.-зах. пустыняў і кой (гатэнтоты) Паўд. Афрыкі. Каля З тыс. гадоў назад сюды з бас. р. Конга і раёна вял. афрыканскіх азёраў перамясціліся негроідныя плямёны моўнай сям’і банту. Да пач. еўрап. каланізацыі на тэр. Анголы размяшчаліся раннефеад. дзяржавы Конга, Ндонга, Луанда, Бенгела і інш. Феад. адносіны тут суіснавалі з родаплемяннымі. У канцы 15 ст. на ўзбярэжжа вусця р. Конга высадзіліся партугальцы і залажылі тут апорны пункт Сан-Паўлу-ды-Луанда, які стаў цэнтрам гандлю рабамі. З 16 ст. Ангола — крыніца таннай рабочай сілы для цукр. плантацый Бразіліі. У 1671 афіцыйна абвешчана ўладаннем Партугаліі, хоць доўгі час яна кантралявала толькі крэпасці і факторыі на ўзбярэжжы. Паводле дагавора 1885—99 Партугаліі з Бельгіяй, Францыяй, Германіяй і Англіяй канчаткова вызначаны межы партуг. калоніі Анголы За працяглы час гандлю рабамі многія раёны краіны абязлюдзелі, знішчана духоўная і матэрыяльная культура раннефеад. дзяржаў.

З пачатку каланізацыі партугальцы сустрэлі ўпартае супраціўленне афр. плямёнаў. Цэнтрам антыкалан. руху была дзяржава Ндонга, якую партугальцы называлі Анголай (ад імя правячай дынастыі Нгола). У 17 ст. барацьбу за незалежнасць узначаліла каралева Нзінга Мбандзі Нгола. Прасоўванне партугальцаў у глыб краіны было прыпынена. У канцы 17 — пач. 18 ст. супраціўленне захопнікам у раёне Каконды аказалі плямёны пад кіраўніцтвам Хамба. У 1885 на Пд Анголы пачалася вызв. барацьба плямёнаў этнічнай групы авамба, якая працягвалася 30 гадоў. У 1956 некалькі падп. груп аб’ядналіся ў Народны рух за вызваленне Анголы (МПЛА) пад кіраўніцтвам А.Нета. Хоць паўстанне ў Луандзе было задушана, узбр. барацьба ахапіла ўсю краіну. У ёй прынялі ўдзел таксама Нац. саюз за поўную незалежнасць Анголы (УНІТА) і Нац. фронт вызвалення Анголы (ФНЛА). Да пач. 1970-х г. паўстанцы вызвалілі значную частку Анголы. У ліп. 1972 Ангола атрымала статус штата з правам мясц. аўтаноміі, але заставалася ў паліт. і эканам. залежнасці ад Партугаліі.

У 1974 Партугалія прызнала права Анголы на самавызначэнне і незалежнасць. Паводле двухбаковай дамоўленасці ўзбр. барацьба ў краіне спынялася. У створаны ў 1975 пераходны ўрад увайшлі прадстаўнікі МПЛА, УНІТА і ФНЛА. Аднак з-за шматлікіх супярэчнасцяў гэты ўрад распаўся. Супраць новага кабінета, створанага МПЛА, выступіла УНІТА. Узбр. барацьба паміж імі перарасла ў грамадз. вайну. 11.11.1975 у Луандзе абвешчана незалежная Нар. Рэспубліка Ангола, якую прызналі СССР, Куба і інш. краіны. Першым прэзідэнтам стаў А.​Нета. Але на тэр. Анголы ўварваліся войскі ПАР і наёмнікаў. Урад Анголы папрасіў дапамогі ў Кубы. Нац. ўзбр. сілы Анголы пры дапамозе кубінскіх ваеннаслужачых да сак. 1976 выцеснілі інтэрвентаў. У 1979 прэзідэнтам краіны стаў Ж.Э. душ Сантуш. Узбр. акцыі супраць Анголы працягваліся. У 1988 паміж Анголай, Кубай, ПАР і ЗША падпісаны пагадненні, паводле якіх з Анголы выводзіліся войскі ПАР і Кубы. Але грамадз. вайна не спынілася. 31.5.1991 падпісана пагадненне аб мірным урэгуляванні паміж МПЛА і УНІТА, створана аб’яднаная нац. армія. У вер. 1992 пад наглядам ААН прайшлі парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, на якіх перамагла партыя МПЛА. УНІТА адмовілася прызнаць вынікі выбараў, і ваен. дзеянні аднавіліся. У кастр. 1993 УНІТА прызнала вынікі выбараў 1992, у снеж. 1993 паміж урадам і УНІТА падпісана перамір’е.

У Анголе зарэгістравана каля 30 партый. Асн. з іх: МПЛА, УНІТА, ФНЛА.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыўная прам-сць і сельская гаспадарка. Валавы ўнутр. прадукт у 1991 склаў 9,1 млрд. дол. (36% прыпадае на нафту і нафтапрадукты). Здабыча нафты (21 млн. т, 1991), алмазаў (961 тыс. карат, 1991). Вытв-сць электраэнергіі (730 млн. кВтгадз, 1987, 70% на ГЭС). Развіваюцца апрацоўчая прам-сць (перапрацоўка с.-г. сыравіны, металаапр., нафтаперапр., лесапілаванне, тэкст., швейная і інш.), буд. індустрыя (вытв-сць цэменту, азбесту), суднабудаванне. Важная галіна сельскай гаспадаркі — плантацыйнае земляробства. Культывуюць каву (13 тыс. т, 1987), кукурузу, сізаль, цукр. трыснёг, алейную пальму, пшаніцу, какаву, гевею, тытунь і інш. Вырошчваюць бавоўну, маніёк, фасоль, рыс, арахіс. Жывёлагадоўля ў асн. у паўд. раёнах (буйн. раг. жывёла, свінні, козы). Рыбалоўства. Развіты чыг. (каля 3,3 тыс. км) і аўтамаб. (каля 80 тыс. км) транспарт. Марское кабатажнае суднаходства. Гал. парты — Луанда, Лабіту, Кабінда. У Луандзе міжнар. аэрапорт. У экспарце Анголы 88,9% займае нафта, 7,3% — алмазы. Больш за 90% экспарту паступае ў ЗША, краіны Зах. Еўропы (з 1985 Ангола асацыіраваны член Еўрап. Саюза), Бразілію. Вывозяцца кава (6 тыс. т, 1991), алмазы, сізаль, кукуруза, пальмавы алей, драўніна. Імпартуюцца машыны, абсталяванне, тэкстыль, металы. У 1989 Ангола прынята ў Міжнар. валютны фонд і Міжнар. банк рэканструкцыі і развіцця. Грашовая адзінка — кванэа кванза.

Літаратура. Багатая вусная л-ра існуе на мовах народаў банту — кімбунду, умбунду, кіконга, гангела і інш. У канцы 19 ст. К. да Мата сабраў і выдаў кн. «Народная мудрасць у ангольскіх прымаўках», А.​Рыбаш — кн. казак і прымавак «Місоса» (т. 1—3, 1961—64) і «Ангольскія абрады і божаствы» (1958). На аснове нар. легендаў Каштру Сараменью стварыў кн. «Гісторыя Чорнай Зямлі» (т. 1—2, 1960). Пісьмовая л-ра, пераважна на партуг. мове, узнікла ў 19 ст. і мела публіцыст. характар. Літаратуры на мовах кімбунду і умбунду не мелі магчымасці друкавацца. У друку разгарнуўся патрыят. рух за аднаўленне сапраўднай нац. культуры. У 1920—30-я г. асн. жанры — бытапісальныя і дыдактычныя апавяданні. Тэмы нац. самасцвярджэння гал. чынам адлюстроўваюцца ў паэзіі і журналістыцы. З 1930-х г. вядомыя раманы П.​Машаду і А.​Троні, А. ды Асіс Жуніёр. Пасля 2сусв. вайны ўзніклі патрыятычны культ.-асв. рух «Ідзём адкрываць Анголу» (1948), «Культурнае таварыства Анголы» (1952), выдадзены першы кімбунду-партут. слоўнік (1953). Пад уплывам нац.-вызв. вайны 1961—74 у л-ры актуалізуецца тэма барацьбы супраць каланіялізму і расізму. Вылучаюцца вершы А.​Нета, А.​Жасінту, А.​Барбейтуша, Р.​Дуарці ды Карвалью і інш. Антыкаланіяльны кірунак маюць трылогія Каштру Сараменью «Мёртвая зямля» (1949), «Паварот» (1957), «Язва» (1970). Раман Рыбаша «Уанга» (1953) перакладзены на многія еўрап. мовы. Значнае дасягненне прозы — апавяданні і аповесці Л.​Віейры. У 1977 створаны Саюз пісьменнікаў Анголы.

Мастацтва. На тэр. Анголы захаваліся першабытныя наскальныя геаметрызаваныя малюнкі жывёл. У сярэдневяковых дзярж. утварэннях (Луанда, Конга) развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва, асабліва пляценне і разьба. Планіроўка пасяленняў кругавая: у цэнтры — памяшканне для сходаў, вакол яго — жылыя дамы з гасп. пабудовамі. Жылыя дамы прамавугольнай (радзей круглай) формы на каркасе з калоў, пераплеценых галінкамі, часам абмазаныя глінай, з глінабітнай падлогай, канічнай або 2-схільнай саламянай страхой. Дзверы і сцены часта ўпрыгожваюць разьбяным выпаленым ці маляваным геам. арнаментам. З прыходам еўрапейцаў у Анголу з’явіліся гарады, якія забудоўваліся на ўзор правінцыяльных партуг. гарадоў мураванымі будынкамі ў стылі барока і ранняга класіцызму. З пач. 20 ст. забудова вядзецца ў духу сучаснай еўрап. архітэктуры з выкарыстаннем новых канструкцый і матэрыялаў. Развіта маст. разьба: стылізаваныя, схематычныя статуэткі людзей і жывёл, якія, паводле нар. павер’яў, валодаюць магічнай сілай, рытуальныя маскі. Разьбянымі выявамі (часам са складанымі дэкар. кампазіцыямі) аздабляюць драўляную мэблю, рэчы хатняга ўжытку. Пляцёнкі з галінак і саломы, кошыкі, цыноўкі і інш. вырабы нар. мастацтва ўпрыгожваюць геам. арнаментам чорнага, жоўтага, чырвона-карычневага колеру. З 1970-х г. развіваецца выяўленчае (асабліва графіка) і дэкар.-прыкладное мастацтва.

Літ.:

Фитуни Л.Л. Народная Республика Ангола: Справ. М., 1985;

Хазанов >А.М., Притворов А.В. Ангола. М., 1979.

У.​С.​Кошалеў (гісторыя), М.​С.​Вайтовіч (гаспадарка).

Герб і сцяг Анголы.
Ангола. Эразійны каньён каля г. Луанда.
Сталіца Анголы г. Луанда.

т. 1, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНІ́Н (Bènin),

Рэспубліка Бенін (Rèpublique Populaire du Bènin), дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Тога, на Пн з Буркіна-Фасо і Нігерам, на У з Нігерыяй. На Пд абмываецца Гвінейскім зал. Пл. 112,6 тыс. км². Нас. 4,9 млн. чал. (1992). Афіц. мова — французская. Сталіца — г. Порта-Нова. Падзяляецца на 6 правінцый. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (1 жн.).

Дзяржаўны лад. Бенін — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт. Вышэйшы заканадаўчы орган — Нац. савет, у склад якога ўваходзяць 64 дэпутаты, выканаўчы орган — Нац. выканаўчы савет (урад). Рашэнні пра адпаведнасць законаў канстытуцыі выносіць канстытуцыйны суд.

Прырода. Большую ч. тэр. займае плато, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод, перакрытых на Пд і Пн кайназойскімі пясчанікамі. На ПнЗ горы Атакора выш. да 635 м, на Пд прыморская нізіна шыр. 50—100 км.

На ўзбярэжжы шмат лагунаў. З карысных выкапняў ёсць невял. радовішчы нафты (на Пд), золата, алмазаў, буд. матэрыялы. Клімат на Пд экватарыяльны з 2 сезонамі дажджоў (сак.ліп., вер.), на астатняй тэр. экватарыяльна-мусонны з дажджлівым летнім і сухім зімовым сезонамі. Сярэдняя т-ра паветра 24—27 °C. Ападкаў за год ад 1000 мм на Пн да 1500 мм на Пд. Гал. рака — Веме, на паўн. граніцы — р. Нігер. Пераважаюць саванны з гаямі алейнай пальмы, на Пд — вільготныя трапічныя лясы (каля ​1/5 тэр.). Нац. паркі Пенджары і Дубль-Ве.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — бенінцы. Складаюцца з групы блізкіх па мовах народаў фон, аджэ, іоруба, насяляюць пераважна Пд і цэнтр краіны. Жывуць таксама народы сомба, барыба, тэм, фульбе і інш. 70% насельніцтва прытрымліваецца стараж. традыцыйных культаў (політэізм), каля 16% — хрысціяне (пераважна католікі, на Пд), каля 14% — мусульмане (на Пн). Сярэдняя шчыльн. 43 чал. на 1 км², на Пд да 200 чал. на 1 км², на Пн месцамі менш за 10 чал. на 1 км². У гарадах каля 20% насельніцтва. Найб. горад і порт Катану (каля 400 тыс. ж.), Порта-Нова (каля 170 тыс. ж.).

Гісторыя. Першыя паселішчы чалавека на тэр. Беніна вядомы з часоў неаліту. Археал. раскопкі сведчаць аб даволі высокім узроўні матэрыяльнай культуры стараж. насельніцтва. У 15 ст. на тэр. Беніна з’явіліся партугальцы, у 17 ст. — галандскія, франц. і англ. купцы і гандляры рабамі. У 2пал. 17 ст. цэнтр гандлю нявольнікамі (Нявольніцкі Бераг), у канцы 17 ст. пад кантролем Каралеўства Дагамея. У канцы 19 ст. захоплены французамі. З 1904 уваходзіў у федэрацыю Франц. Зах. Афрыка. З 1958 аўт. рэспубліка ў складзе франц. Супольнасці.

1.8.1960 Бенін абвешчаны незалежнай дзяржавай (да 1975 наз. Дагамея). 1960-я г. адзначаны шэрагам дзярж. пераваротаў (1963, 1965, 1967, 1969). У 1972—91 краінай кіравалі ваенныя на чале з М.​Керэку: быў абвешчаны курс на сацыяліст. арыентацыю. Партыя нар. рэвалюцыі Беніна (адзіная легальная партыя) утрымлівала ўсю паліт. ўладу. У 1990 узніклі новыя паліт. партыі, 3 з якіх утварылі «Саюз дзеля перамогі аднаўлення дэмакратыі». У 1991 адбыліся першыя свабодныя выбары. У 1993 афіцыйна зарэгістраваны 34 паліт. партыі. Прафсаюзы прадстаўлены Нац. аб’яднаннем прафсаюзаў і Каардынацыйным цэнтрам працоўных. У 1991—96 краіну ўзначальваў прэзідэнт Н.​Сагло, з 1996 прэзідэнт — М.​Керэку. Бенін — член ААН (з 1960), Эканам. супольніцтва дзяржаў Зах. Афрыкі, асацыіраваны член Еўрап. супольніцтва.

Гаспадарка. Бенін — слабаразвітая агр. краіна. У структуры валавога ўнутр. прадукту на долю сельскай гаспадаркі прыпадае 50%, прам-сці і транспарту — па 10%, гандлю і паслуг — каля 30%. Дзяржава кантралюе асн. галіны прам-сці, вытв-сць і размеркаванне электраэнергіі, асн. банкі і страхавыя кампаніі, водазабеспячэнне, сувязь, кінапракат, значную ч. экспартных і імпартных аперацый. У сельскай гаспадарцы занята 70% самадзейнага насельніцтва. Характэрны феад. адносіны, нізкая прадукцыйнасць працы. 80% тэр. прыдатныя для развіцця земляробства і жывёлагадоўлі, але пад ворывам толькі 2 млн. га (10,6% тэр.), пад лугамі і пашай каля 490 тыс. га (4%). На Пд развіта раслінаводства экспартнага кірунку. Асн. культуры (1993): алейная (каля 30 млн. дрэў) і какосавая пальмы (вытв-сць алею каля 40 тыс. т, копры каля 9 тыс. т), арахіс (82 тыс. т), бавоўна (68 тыс. т), бананы, манга, кава і тытунь. Вырошчваюць на Пн кукурузу (550 тыс. т), сорга (124 тыс. т), ямс (1,2 млн. т), на Пд рыс (10 тыс. т), маніёк (каля 1 млн. т), у цэнтр. раёнах проса (30 тыс. т), бабовыя, батат. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая, пераважна на ПнУ. Пагалоўе (тыс. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 1100, авечак 940, козаў 1180, свіней 530. Каля 5,5 млн. галоў свойскай птушкі. Рачное і марское рыбалоўства. Вядучая галіна прам-сці — вытв-сць алею. Працуюць 6 прадпрыемстваў па вытв-сці пальмавага алею, з-ды па вытв-сці алею з арахісу і баваўнянага насення. Ачыстка арахісу, рыбакансервавы, мылаварны, керамічны, лесапільны з-ды, тытунёвая ф-ка і інш. Прадпрыемствы па вытв-сці метал. канструкцый, посуду, метал. мэблі. Невял. прадпрыемствы па вырабе мэблі ў Катану. Параўнальна развіта тэкст. прам-сць: 6 бавоўнаачышчальных прадпрыемстваў, палатняная ф-ка, тэкст. комплекс. У харч. прам-сці шмат дробных прыватных прадпрыемстваў па выпечцы хлеба, з-д мінер. водаў, аграпрамысл. комплекс па вытв-сці рафінаванага цукру. Горназдабыўная прам-сць: распрацоўка буд. матэрыялаў, у т. л. мармуру і вапняку, здабыча нафты (295 тыс. т у 1991), старацельская здабыча золата і алмазаў. Працуюць цэментны з-д (200 тыс. т за год), 6 дызельных электрастанцый (21 тыс. кВт). Зборка веласіпедаў і матацыклаў, транзістарных радыёпрыёмнікаў. Ткацтва, разьбярства па дрэве і інш. саматужныя рамёствы. Даўж. чыгунак каля 600 км, шашэйных дарог 8,5 тыс. км, у т. л. 800 км асфальтаваных, 2,7 тыс. км брукаваных. Значны марскі порт Катану (грузаабарот каля 1,5 млн. т у год). Паблізу міжнар. аэрапорт. Важнае значэнне для эканомікі краіны мае транзіт грузаў з Буркіна-Фасо і Нігера да порта Катану. Экспарт — прадукцыя сельскай гаспадаркі (пальмавы і арахісавы алей, бавоўна, арахіс, садавіна, тытунь і інш.), цэмент, баваўняныя тканіны, крэветкі. Імпарт: спажывецкія і харч. тавары, паліва, абсталяванне, паўфабрыкаты. Знешнегандлёвы баланс дэфіцытны. Валавы нац. прадукт на душу насельніцтва каля 400 дол. ЗША на год. Асн. знешнегандл. партнёры: Францыя, Нідэрланды, Іспанія, ЗША. Грашовая адзінка — афр. франк.

З.​М.​Шуканава (прырода, гаспадарка).

Герб і сцяг Беніна.
Да арт. Бенін. Вёска народа сомба.

т. 3, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬГІЯ (франц. Belgique, флам. België),

Каралеўства Бельгія (франц. Royaume de Belgique, флам. Keninkrijk België), дзяржава ў Зах. Еўропе, на паўд. узбярэжжы Паўночнага м. Мяжуе на Пн з Нідэрландамі, на У з ФРГ і Люксембургам, на Пд і ПдЗ з Францыяй. Пл. 30,5 тыс. км². Нас. 10,1 млн, чал. (1994). Афіц. мовы — нідэрландская (фламандская), франц., нямецкая. Сталіца — г. Брусель. Падзяляецца на 9 правінцый. Існуе падзел на 3 рэгіёны: Фландрыю (Пн), Валонію (Пд), Брусель з ваколіцамі (цэнтр). Нац. свята — Дзень прынясення каралём прысягі (21 ліп.).

Дзяржаўны лад. Бельгія — канстытуцыйная манархія з наследаваннем па мужчынскай лініі. Дзейнічае канстытуцыя 1831 (мадыфікаваная). Кіраўнік дзяржавы — кароль. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе парламент у складзе палаты прадстаўнікоў і сената (тэрмін паўнамоцтваў 4 гады), выканаўчую — Савет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам. Міністраў прызначае і вызваляе кароль. Кіраванне ў правінцыях ажыццяўляюць губернатары. У правінцыях ёсць выбарныя муніцыпальныя органы — правінцыяльныя рады. Судовая сістэма ўключае суды касацыйны, апеляцыйны, 1-й інстанцыі, прысяжных і міравых суддзяў. Усе суддзі прызначаюцца пажыццёва каралём.

Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. На ПдУ стараж. (герцынскі) масіў Ардэны (г. Батранж, 694 м). На Пн ад яго нешырокая паласа раўнін і плато, складзеных з палеагенавых глін і пяскоў. Паўн. ч. займаюць плоскія нізіны Фландрыі і Кампіна, укрытыя чацвярцічнымі рачнымі і марскімі адкладамі. Уздоўж узбярэжжа паласа польдэраў (шыр. да 15 км), якая часткова знаходзіцца на 2 м ніжэй за ўзровень мора і засцерагаецца ад затаплення пясчанымі дзюнамі і дамбамі. З карысных выкапняў найб. значэнне мае каменны вугаль (запасы каля 6 млрд. т), ёсць прыродны газ, буд. матэрыялы. Клімат марскі, умерана цёплы. Сярэдняя т-ра студз. 3 °C (у Ардэнах да -1 °C), ліп. 18 °C (у Ардэнах 14 °C). Ападкаў 700—900 мм за год, у гарах 1200—1500 мм. Рэкі паўнаводныя, не замярзаюць. Галоўныя: Шэльда і Маас з шматлікімі прытокамі. Б. ч. краіны мае культ. ландшафт. Прамысл. цэнтры злучаны рэкамі і суднаходнымі каналамі. Лясы (дуб, бук, граб) разам з лесапалосамі займаюць каля 21% тэрыторыі. Натуральныя лясы захаваліся ў Ардэнах. Фауна (дзік, лань, казуля, вавёрка, заяц, курапаткі, фазаны) і ландшафты зберагаюцца ў шматлікіх рэзерватах і прыродных парках (буйнейшыя От-Фань, Калмтхаўт).

Насельніцтва. Каля 55% — фламандцы (на Пн краіны), каля 33% — валоны (на Пд). У Бруселі і ваколіцах змешанае двухмоўнае насельніцтва. У краіне каля 1 млн. іншаземцаў — французаў, немцаў, італьянцаў, мараканцаў і інш. Паводле веравызнання 75% католікі, 25% пратэстанты. Сярэдняя шчыльн. 331 чал. на 1 км². Асабліва густа населена цэнтр. ч. — да 665—800 чал. на 1 км², у Ардэнах да 50—100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 96,3% насельніцтва. Найбольшыя гарады (тыс. ж., 1993): Брусель — 949, Антверпен — 463, Гент — 228, Шарлеруа — 207, Льеж — 195, Бруге — 117, Намюр — 105.

Гісторыя. Паводле археал. звестак, чалавек, на тэр. Бельгіі жыў з часоў палеаліту. Каля 3 ст. да н. э. яе пачалі засяляць кельцкія плямёны белгаў, (адсюль назва краіны). У 57 да н.э. землі белгаў заваяваў Юлій Цэзар і ўключыў іх у Рым. дзяржаву. У 1—4 ст. н.э. на тэр. Бельгіі фарміраваўся рабаўладальніцкі ўклад. У выніку далейшага яе засялення (3 ст.) герм. плямёнамі франкаў, фрызаў і саксаў, змяшання плямёнаў пачалі складвацца 2 народнасці: валоны (патомкі раманізаваных белгаў) і фламандцы (патомкі герм. плямёнаў). У 5—9 ст. тэр. Бельгіі ў складзе Франкскай дзяржавы, а пасля распаду імперыі Каралінгаў (843) падзялілася на шэраг феад. уладанняў. З 10 ст. развіваюцца гарады Гент, Бруге, Іпр, з 11—12 ст. — Антверпен, Брусель і інш. У 12—13 ст. у графстве Фландрыя і герцагстве Брабант хутка расла прам-сць, і яны сталі цэнтрамі міжнар. гандл. сувязяў. Рост таварна-грашовых адносін і сярэдневяковай гар. культуры спрыяў больш ранняму, чым у інш. краінах Еўропы, разлажэнню феад. адносін. У 15 ст. тэр. Бельгіі адышла да Бургундскага герцагства, потым да Нідэрландаў, у 1477—82 — да імперыі Габсбургаў. З 1555 уладанне ісп. манархіі. Ранняя бурж. рэвалюцыя 16 ст. ў Нідэрландах (гл. Нідэрландская буржуазная рэвалюцыя) на тэр. Бельгіі не мела поспеху, і там было адноўлена ісп. панаванне. У 1714 Ісп. Нідэрланды (тэр. Бельгіі) адышлі да Аўстр. манархіі. Палітыка нац. прыгнёту насельніцтва Бельгіі стала прычынай нац.-вызв. руху, які перарос у Брабанцкую рэвалюцыю 1789—90. У ходзе яе было вызвалена некалькі бельг. правінцый. 11.1.1790 Нац. кангрэс, скліканы ў Бруселі, абвясціў незалежнасць Злучаных Штатаў Бельгіі. Скарыстаўшы ўнутр. барацьбу, аўстр. Габсбургі з дапамогай арміі аднавілі (1791) сваю ўладу ў бельг. правінцыях. Пасля перамогі франц. рэв. войскаў над аўстрыйскімі (1792) тэр. Бельгіі зноў вызвалена. Паўторна рэстаўрыраваная ў Бельгіі ўлада Аўстрыі (сак. 1793) скончылася ў выніку паражэння аўстрыйцаў у бітве з франц. Войскам. 26.6.1794 пры Флёрусе. 1.10.1795 абвешчана далучэнне Бельгіі да Франц. рэспублікі. Аўстрыя прызнала гэты акт у 1797 (Кампафармійскі мір). Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 бельг. правінцыі штучна аб’яднаны ў 1815 з Галандыяй у Каралеўства Нідэрланды. Незадаволенасць мясц. насельніцтва галандскім панаваннем вылілася ў Бельгійскую рэвалюцыю 1830, у выніку якой Бельгія стала незалежнай. У сярэдзіне 19 ст. тут узніклі рабочыя арг-цыі; працоўныя дамагліся права на забастоўкі (1866), адмены забароны рабочых саюзаў (1867). Незалежнасць Бельгіі спрыяла хуткаму развіццю капіталізму. У канцы 19 — пач. 20 ст. яна стала развітой дзяржавай, буйным экспарцёрам прамысл. тавараў і капіталу (толькі ў Расію да 1914 вывезена 6 млрд. франкаў). У 1870—80-я г. бельг. каланізатары захапілі частку бас. Конга (з 1908 афіц. калонія Бельгіі). У 1-ю сусв. вайну Германія парушыла нейтралітэт Бельгіі і акупіравала амаль усю яе тэрыторыю. За 4 гады акупацыі эканоміцы краіны нанесены вял. страты. Бельг. войскі разам з англ. і франц. ўдзельнічалі ў вайне ў Еўропе і ў захопе герм. уладанняў у Афрыцы. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 Б. атрымала герм. акругі Эйпен і Мальмеды, у Афрыцы — мандат на Руанда-Урундзі, а таксама права на рэпарацыі. Бельгія адыгрывала важную ролю ў Версальскай сістэме, як партнёр Францыі ўдзельнічала ў акупацыі Рура. Міжваенны перыяд характарызаваўся ўздымам рабочага руху, што вымусіла ўлады палепшыць умовы жыцця працоўных, расшырыць выбарчыя правы.

Сусв. эканам. крызіс 1929—33 выклікаў заняпад эканомікі Бельгіі. Зменшыліся вытв-сць і экспарт, зарплата рабочых, павялічылася колькасць беспрацоўных. У знешняй палітыцы ўрад Бельгіі пайшоў на збліжэнне з Германіяй і Італіяй, адмовіўся ад стварэння сістэмы калект. бяспекі ў Еўропе. 10.5.1940 герм. войскі ўварваліся на тэр. Бельгіі. Па просьбе яе ўрада Англія і Францыя накіравалі туды свае войскі, але 28 мая бельг. кароль Леапольд III падпісаў акт аб капітуляцыі. У гады акупацыі ў краіне дзейнічаў Рух Супраціўлення. Бельгія вызвалена англа-амер. войскамі ў вер. 1944. Згодніцкая палітыка Леапольда III у час вайны выклікала агульную незадаволенасць насельніцтва і прывяла ў 1944 да ўстанаўлення рэгенцтва. У 1951 Леапольд III адрокся ад прастола на карысць сына Бадуэна I. У 1948 Бельгія заключыла мытны, у 1960 — эканам. саюз з Нідэрландамі і Люксембургам (гл. Бенілюкс). Нац.-вызв. барацьба народаў Афрыкі прымусіла Бельгію даць у 1960 паліт. незалежнасць Конга (Кіншаса), у 1962 — Руанда-Урундзі, на тэр. якой утварыліся 2 дзяржавы: Руанда і Бурундзі.

Развіваючыся на стыку раманскай і германскай культур, Бельгія складаецца з 2 асн. частак: паўн. — Фландрыі і паўд. — Валоніі. Да пач. 20 ст. ў паліт., эканам., культ. плане дамінуючым рэгіёнам была Валонія, якая пазней саступіла першынство Фландрыі. Пастаяннае саперніцтва гэтых 2 рэгіёнаў — асн. фактар унутрыпаліт. нестабільнасці ў краіне ў апошнія дзесяцігоддзі, прычына шматлікіх выступленняў і ўрадавага крызісу. У 1970—71 кааліцыйны урад Г.​Эйскенса з мэтай вырашэння моўнага канфлікту ініцыіраваў змены ў канстытуцыі і прыняцце законаў аб эканам. і культ. дэцэнтралізацыі, свабодзе выбару мовы навучання. Пасля шматгадовых дэбатаў у 1980 бельг. парламент пачаў правядзенне дзярж. рэформаў — прыняў закон аб рэгіяналізацыі краіны і прызнанні шырокіх паўнамоцтваў Фландрыі і Валоніі ў справе самакіравання. Паводле канстытуцыі насельніцтва Бельгіі падзелена на 3 лінгвістычныя садружнасці: франц., флам. і германамоўную; тэрытарыяльна — на 3 рэгіёны: Валонію, Фландрыю і Брусельскі рэгіён. Садружнасці займаюцца пытаннямі культ. развіцця, сродкаў масавай інфармацыі, турызму, асветы, спорту; маюць права заключаць пагадненні аб супрацоўніцтве па гэтых пытаннях з інш. садружнасцямі і замежнымі дзяржавамі. У кампетэнцыі рэгіёнаў знаходзяцца і сац.-эканам. пытанні. За цэнтр. урадам захоўваюцца паўнамоцтвы ў галіне знешняй палітыкі, абароны, бяспекі, валютна-фін. палітыкі. У 1988 парламент прыняў рашэнне аб чарговых зменах у канстытуцыі, якія больш шырокія паўнамоцтвы перадаюць рэгіянальным уладам Фландрыі, Валоніі і Бруселя. Гэтая праграма федэралізацыі засн. на канцэпцыі паступовай трансфармацыі дзяржавы з унітарнай у федэратыўную. Яе мэта — юрыд. замацаванне раздзялення кампетэнцыі органаў улады краіны, рэгіёнаў і садружнасцяў. 1.1.1989 Бельгія канстытуцыйна абвешчана федэрацыяй. У выніку ўрадавага крызісу ў кастр. 1991 парламент распушчаны. На парламенцкіх выбарах 24.12.1991 поспехаў дамагліся правыя флам. нацыяналіст. сілы і партыі экалагістаў. Але гэта не змяніла становішча буйнешых партый — флам. Хрысц. нар. партыі і сацыяліст. партый Фландрыі і Валоніі, якія захавалі вядучае становішча ў парламенце. У ліп. 1992 парламент зацвердзіў Маастрыхцкія пагадненні 1992 аб утварэнні Еўрап. саюза. У крас. 1993 парламент прыняў папраўку да канстытуцыі, якая завяршыла дзярж. рэформу федэралізацыі краіны. Пасля смерці Бадуэна I (ліп. 1993) новым каралём Бельгіі стаў Альберт II. З 1955 Бельгія — чл. ААН, чл. Зах.-еўрап. саюза, з 1957 чл. «Агульнага рынку» (гл. Еўрапейскае эканамічнае супольніцтва). Бельгія — чл. Бельгійска-Люксембургскага эканам. саюза (БЛЭС), Бенілюкса і шэрагу інш. паліт. і эканам. саюзаў. Дыпламат адносіны з Беларуссю ўстаноўлены 10.3.1992.

У 1947 — пач. 1960-х г. дзейнічаў Саюз беларусаў Бельгіі, створаны бел. дыяспарай. У кастр. 1949 у г. Лёвен адбыўся з’езд бел. каталіцкай інтэлігенцыі Вялікабрытаніі, Бельгіі, Германіі. Францыі, на якім створана Бел. акад. каталіцкае аб’яднанне «Рунь» (існавала да канца 1960-х г.).

Палітычныя партыі. Буйнейшыя паліт. партыі падзелены паводле нац. прынцыпу: 2 сацыялістычныя партыі — СП (фламандцы) і СП (франкафоны); 2 дэмакр.-хрысціянскія — Хрысц. нар. (фламандцы) і Сац.-хрысц. (франкафоны); 2 ліберальныя — флам. лібералаў і дэмакратаў і Рэфармісцкая ліберальная (франкафоны), а таксама партыі «зялёных» і інш. Буйнейшыя прафс. цэнтры: Канфедэрацыя хрысц. прафсаюзаў, Усеагульная федэрацыя працы Бельгіі, Ген. цэнтр ліберальных прафсаюзаў.

Гаспадарка. Бельгія — высокаразвітая краіна з інтэнсіўнай сельскай гаспадаркай і шырокімі знешнеэканам. сувязямі. На яе прыпадае прыкладна ⅓ сусв. экспарту дываноў, шкла, брыльянтаў, ​1/5 — каляровых цяжкіх металаў, ​1/7 — чорных металаў і кінаплёнкі. Прамысловасць — аснова бельг. эканомікі. Развіты чорная і каляровая металургія, машынабудаванне, хім. і нафтахім. прам-сць, электроніка, вытв-сць камунікацыйнага абсталявання. Вял. значэнне маюць шкляная прам-сць, агранка алмазаў і вытв-сць зброі. Здабываецца каменны вугаль (каля 5 млн. т штогод). У энергет. балансе больш як ⅔ складаюць нафта (з Паўн. Афрыкі і Б. Усходу) і прыродны газ (пераважна з Нідэрландаў). Агульная магутнасць нафтаперапр. з-даў каля 57 млн. т (Гент, Антверпен), каля палавіны нафтапрадуктаў ідзе на экспарт. Вытв-сць электраэнергіі складае 68 млрд. кВтгадз (1993), каля 70% даюць АЭС (Дуль, Тыянж, Мале). Адна са старэйшых галін прам-сці — чорная металургія. Выплаўка чыгуну 8,2 млн. т, сталі 10,1 млн. т (1993). Асн. прадпрыемствы знаходзяцца вакол Шарлеруа і Льежа ў т.зв. «чорным поясе». Каляровая металургія развіваецца пераважна на прывазной сыравіне, асн. прадпрыемствы ў раёне ад Антверпена да Льежа. Бельгія ўваходзіць у першую пяцёрку краін па вытв-сці і экспарце цяжкіх каляровых металаў. Вытв-сць складае (тыс. т, 1993): медзі 455, свінцу 131, цынку каля 53, волава 7. Краіна падзяляе 1—2-е месцы ў свеце па вытв-сці германію, кобальту, радыю, танталу, ніобію, селену, кадмію. Важнае месца ў прам-сці займае машынабудаванне; найб. развіты аўтазборачная (каля 1 млн. легкавых аўтамабіляў штогод, асн. цэнтры Антверпен, Гент, Брусель), эл.-тэхн. і радыёэлектронная (Шарлеруа, Брусель, Антверпен, Бруге, Лёвен) галіны, вытв-сць пад’ёмна-трансп. абсталявання, авіярухавікоў, абсталявання для металургічнай, хім., тэкст. прам-сці. Традыцыйна развіта зброевая прам-сць (Льеж), у хім. прам-сці — вытв-сць пластмасаў, сінт. валокнаў і каўчуку, угнаенняў, мыйных сродкаў, соды. Асн. цэнтры нафтахім. прам-сці — Льеж і Антверпен. Вытв-сць медыкаментаў (Брусель, Антверпен, Брэн-л’Алё), кінафотаматэрыялаў (у прыгарадзе Антверпена). Старэйшая галіна — тэкст. прам-сць (больш за ​3/4 вытв-сці ў Фландрыі). Цэнтры баваўнянай прам-сці — Гент, Мускрон, Кортрэйк, шарсцяной — Верв’е, Мускрон, Ронсе, Турнэ, ільняной — Гент, Кортрэйк, Ронсе, Руселарэ. Вылучаюцца вытв-сць карункаў і аксаміту, шарсцяных і сінт. дываноў, трыкат., швейная, гарбарна-абутковая, а таксама мэблевая, шкляная прам-сць. Алмазагранільная справа і гандаль брыльянтамі — у Антверпене. Сярод галін харч. прам-сці — вытв-сць цукру, піва, шакаладу, мясных і малочных кансерваў. Сельская гаспадарка высока інтэнсіўная. С.-г. ўгоддзі займаюць 1350 тыс. га (44% тэр.), у т. л. пад ворывам 620 тыс. га, пад лугамі і пашай 730 тыс. га. Пераважаюць фермерскія гаспадаркі па 10—50 га. Усе яны ахоплены кааперацыяй. Асн. галіна — мяса-малочная жывёлагадоўля (70% прыбытку), агародніцтва і пладаводства (20%), паляводства (10%). Пагалоўе (млн. галоў, 1993) буйн. раг. жывёлы 3,1, свіней 6,9. Птушкагадоўля. Вырошчваюць (млн. т, 1993) пшаніцу — 1,4, ячмень — 0,4, бульбу — 2,2, цукр. буракі — 6,3, лён-даўгунец, тытунь. Самазабяспечанасць малаком, мясам, малочнымі прадуктамі, яйцамі, агароднінай, бульбай, цукрам больш як 100%. Транспарт. Бельгія мае густую сетку шляхоў зносін. Даўж. чыгунак 3,4 тыс. км, аўтадарог 15,1 тыс. км, унутр. водных шляхоў каля 1,8 тыс. км. Па гушчыні чыгунак і аўтадарог краіна займае 1-е месца ў свеце. Праз Бельгію праходзяць 5 міжнар. чыгунак, тры з іх пачынаюцца ў Астэндэ (злучаны паромамі з Вялікабрытаніяй) і ідуць на Рым, Бухарэст, Варшаву. Аўтапарк каля 4 млн. машын, у т. л. 3,5 млн. легкавых. Суднаходства па рэках Шэльда, Маас, каналах. Танаж марскога гандл. флоту каля 3 млн. брута рэг. т. Гал. парты Антверпен, Зебруге, Бруге (грузаабарот разам каля 120 млн. т штогод), а таксама Гент, Астэндэ. Экспарт складае 117,7, імпарт — 120,7 млрд. долараў (1991). Бельгія — адзін з вядучых сусв. экспарцёраў чорных і каляровых металаў, машын і абсталявання, каштоўных камянёў (у т. л. ювелірных алмазаў), тэкстылю, сінт. каўчуку, шкла; імпартуе пераважна збожжа, нафту, канцэнтраты каляровых металаў, машыны. Гал. гандл. партнёры: ФРГ, Францыя, Нідэрланды, Вялікабрытанія, Італія, Заір. Беларусь экспартуе ў Б. грузавыя аўтамабілі, трактары, калійныя і азотныя ўгнаенні, імпартуе металарэзныя станкі, медыкаменты, каўчук натуральны, цукар. Штогод Бельгію наведвае каля 10 млн. турыстаў. У краіне каля 2,2 тыс. гасцініц і атэляў. Грашовая адзінка — бельгійскі франк.

Узброеныя сілы. Агульная колькасць ваеннаслужачых 83,35 тыс. чал. (1991), з іх сухапутныя войскі складаюць 62,7 тыс., авіяцыя — 18,2 тыс., ВМФ — 4,45 тыс. чал. Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. Вышэйшыя органы кіравання — мін-ва абароны (узначальвае цывільная асоба), ген. штаб. 3 ваен. акругі і 1 ваенна-марскі раён. Бельгія — член ваен. арг-цыі НАТО (з 1949), на яе тэр. штаб-кватэра НАТО (Брусель) і камандаванне ўзбр. сіламі НАТО у Еўропе (Монс). У Бельгіі базіруецца 2,7 тыс. ваеннаслужачых ЗША; 22,8 тыс. бельг. ваеннаслужачых знаходзяцца ў Германіі. Бельгія — удзельнік пагаднення аб звычайных узбраеннях (1990) і пагаднення аб колькасці ваеннаслужачых (1992), паводле якіх бельг. армія будзе складацца з 70 тыс. чал., а на ўзбраенні мець 344 танкі, 1099 баявых машын пяхоты, 320 адзінак артылерыі, 232 баявыя самалёты, 46 верталётаў. У аснове ваен. дактрыны Бельгіі канцэпцыя кааліцыйнай стратэгіі НАТО.

Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне прыватнае. Праз сістэму сац. страхавання кампенсуецца 75% кошту ўрачэбных паслуг. Поўную кампенсацыю атрымліваюць удовы, сіроты, пенсіянеры і інваліды. Бясплатным з’яўляецца лячэнне сац. хвароб і рэабілітацыя, а таксама знаходжанне ў шпіталі ў пасляродавы перыяд. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 74 гады, у жанчын 80 гадоў. Смяротнасць складае 10 на 1 тыс. чал. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 103 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 298 чал. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць складае 7 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі Бельгіі ўключае: дашкольныя ўстановы для дзяцей да 6 гадоў; 6-гадовую пач. школу (узрост навучання 6—11 гадоў); 6-гадовую сярэднюю школу, што складаецца з 3 двухгадовых цыклаў: пед. назірання, арыентацыі, спецыялізацыі; прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. ВНУ падзяляюцца на 3 тыпы: ун-ты (тэрмін навучання 5 і болей гадоў), ВНУ з 4-гадовай (ін-ты, вышэйшыя школы) і скарочанай (3 гады) праграмамі навучання. Дзейнічаюць 2 сістэмы адукацыі — дзярж. і прыватная. Сярод прыватных навуч. устаноў 95% — канфесійныя. Буйнейшыя ун-ты: каталіцкі ў Лёвене (з 1425, у 1970 падзелены паводле мовы навучання на 2 аўтаномныя); 2 дзярж. ун-ты — валонскі ў Льежы, фламандскі ў Генце (абодва з 1817), свабодны ў Бруселі (з 1834, у 1970 таксама падзелены паводле мовы навучання). ВНУ 2-га тыпу: мед. і вет. вышэйшыя школы ў Кюрэгхайме, агр. ін-т у Жамблу і інш. Буйныя б-кі: Бельгійская нац. ў Бруселі (з 1837), універсітэцкія ў Бруселі, Генце, Льежы, Лёвене. Музеі: Каралеўскія музеі — прыгожых мастацтваў у Антверпене (з 1890), прыгожых мастацтваў Бельгіі (з 1830, у т. л. старадаўняга мастацтва і Музей сучаснага мастацтва), музеі мастацтва і гісторыі ў Бруселі (з 1835), Цэнтр. Афрыкі ў Тэрвюрэне (з 1897); Муніцыпальная маст. галерэя ў г. Бруге (з 1930). Навук. даследаванні вядуцца ва ун-тах, ін-тах, абсерваторыі, н.-д. цэнтрах, галіновых асацыяцыях прамысл. даследаванняў і інш. У Бельгіі 8 валонскіх і флам. акадэмій, найстарэйшыя каралеўскія валонская — Бельг. акадэмія л-ры і прыгожых мастацтваў (з 1772), флам. — акадэмія флам. мовы і л-ры (з 1886) і Бельг. мед. акадэмія.

Друк, радыё, тэлебачанне. Выходзіць 35 штодзённых газет (19 на франц., 15 на флам. і 1 на ням. мовах), агульны тыраж 2,1 млн. экз., 1991). Буйнейшыя з іх: «De Standaard» («Сцяг», з 1914, на флам. мове), «Het Laatste Nieuqs» («Апошнія навіны», з 1888, на флам. мове), «Le Soir» («Вечар», з 1887, на франц. мове). Агенцтвы друку: Агенсе Белга (з 1920), Сантр д’Энфармасьён дэ Прэс (з 1946), Агенсе Эўропе (з 1952). Радыёвяшчанне з 1924, тэлебачанне з 1953. Дзярж. тэле- і радыёстанцыі трансліруюць праграмы на франц. (Радыё-Тэлевізьён Бельж дэ ла Камюнатэ Кюльцюрэль Франсэз), флам. (Бельгісе Радыё эн Телевізі) і ням. (Бельгішэс Рундфунк-унд Фэрнзехцэнтрум дэр Дойчшпрахіген Гемайншафт) мовах. Найб. папулярныя прыватныя станцыі: Канал Плю Бельжык, Тэлевізьён Эндэпэндант (камерцыйныя, на франц. мове), Вламсе Тэлевізі Матсапей (камерцыйная, на флам. мове).

Літаратура. Развіваецца пераважна на дзвюх мовах: у паўд. правінцыях на франц., у паўн. — на нідэрл. (флам.). Першыя помнікі пісьменнасці на франц. мове ўзніклі ў 1200-я г.: гіст. хронікі, эпічныя казанні пра крыжацкія паходы. У 13—14 ст. развіваліся жанры агіяграфіі, пропаведзі, маралітэ. У 14 ст. напісана «Хроніка Фландрыі» Ж.​Фруасара. У эпоху Адраджэння (16 ст.) бельг. паэзія знаходзілася пад уплывам франц. «Плеяды». З сярэдзіны 18 ст. ў л-ры ўзніклі асветніцкія матывы. У 1801—18 у Бруселі выходзілі «Паэтычныя альманахі», прасякнутыя вальтэр’янскімі ідэямі. У пач. 19 ст. з’явіліся творы бельг. рамантыкаў, што знаходзіліся пад моцным уплывам Дж.​Байрана, а потым В.​Гюго (зб. вершаў «Прымулы» А. ван Гасельта, творы Ш.​Патвена), фарміруецца жанр. гіст. рамана («Марскія гёзы...» А.​Мока), гераічныя трагедыі. Дэмакр. духам прасякнуты раманы «Ціхі дом» Э.​Леклерка, «Медзяніца» Ж.​Дэмулена; найб. выдатны твор эпохі — «Легенда пра Уленшпігеля» (1867) Ш.дэ Кастэра. У 1880-я г. за нац. самабытнасць бельг. культуры змагаліся пісьменнікі аб’яднання «Маладая Бельгія»; К.​Леманье (раман «Крывасмок») і Ж.​Экаўт (раман «Новы Карфаген»), М.Метэрлінк з сімвалісцкімі драмамі («Сляпыя») і п’есай-казкай «Сіняя птушка», Ж.​Радэнбах з раманам «Царства маўчання», Э.Верхарн з паэт. зб. «Гарады-спруты» і «Буйныя сілы». У 1920—30-я г. сац. раманы характэрны для творчасці К.​Бюрньё, Ф.​Эленса. Псіхал. драмы Ф.​Кромелінка («Велікадушны раганосец») спалучаюць фарс і трагедыю. У час гітлераўскай акупацыі ствараецца паэзія супраціўлення. Сац. раманы Д.​Жылеса («Купон 44») малююць норавы буржуазіі ў час вайны, Д.​Шайнерт («Даўгавухі фламандзец») расказвае пра барацьбу бельг. народа з акупантамі. Сучасным праблемам прысвечаны раманы Ж.​Ленза, А.​Карнелюса, Ж.​Сіменона, п’есы П.​Вілемса. У пасляваен. бельг. паэзіі вылучаецца лірыка Ж. дэ Башэра, М.​Тыры, М.​Карэма, Ленза, Ж.​Норжа, А.​Шавэ. Літаратура на нідэрландскай мове да пач. 17 ст. была часткай нідэрл. л-ры (гл. ў арт. Нідэрланды). З канца 16 ст. цэнтр нідэрл. культуры перамясціўся на Пн, аднак у Паўд. Нідэрландах (сучасная Бельгія) працягвала развівацца л-ра на нідэрл. мове. Ю. дэ Хардэйн у цыкле «Хвалебныя песні Богу» спалучаў рэліг. і рэнесансавыя матывы. В.​Агір пісаў сатырыка-быт. камедыі з жыцця гараджан. Вясёлыя клухты (фарсы) ствараў М. дэ Сван. Па меры ўсталявання ў Бельгіі франц. культуры ў 18 ст. паглыбляецца крызіс нідэрл. культуры. Нац.-дэмакр. ўздым 1830 выклікаў рух за яе адраджэнне. Паэт і гісторык Я.​Ф.​Вілемс у патрыят. вершах услаўляў гераічнае мінулае свайго народа. Нідэрл. рамантыкі былі адначасова і асветнікамі і гарачымі прыхільнікамі развіцця нац. літ. мовы (Х.​Кансіянс, К.​Л.​Ледэганк). З першым у бельг. л-ры на нідэрл. мове псіхал. раманам выступіў Э. дэ Бом («Абломкі»). Кумірам флам. дэкадэнтаў быў паэт-сімваліст К. ван дэ Вустэйне. З містыка-сімвалісцкім раманам «Вечны жыд» выступіў А.​Вермейлен. У развіцці крытычнага рэалізму важнае месца займае творчасць паэта і раманіста В.​Элсхата. Пасля 2сусв. вайны з’явіліся антыфаш. раманы «Свяшчэнны гнеў» М.​Дэйзе і «Толькі мёртвыя выратуюцца» П. ван Акена. Антыімперыял. і антыклерыкальная накіраванасць характэрная для твораў Х.​Клаўса 1960—70-х г., пазначаных рысамі авангардызму. Пісьменнікі-рэалісты В.​Ройслінк, Х.​Лампа, Х.​Рас раскрываюць адчужанасць чалавека ў сучасным цывілізаваным грамадстве.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Бельгіі захаваліся помнікі мастацтва кельтаў і стараж. рымлян. У сярэднявеччы багатыя гарады Бельгіі былі буйнымі цэнтрамі маст. культуры: у 11—12 ст. — раманскага стылю (цэрквы ў Льежы і Турнэ), у 13—14 ст. — готыкі (саборы ў Бруге, Генце, Бруселі, Антверпене, Мехелене). З аб’яднаннем на рубяжы 14 і 15 ст. Паўд. (сучасная Бельгія) і Паўн. Нідэрландаў фарміруецца нідэрл. мастацтва (гл. ў арт. Нідэрланды). У 15—16 ст. росквіту дасягнула свецкая архітэктура позняй, т.зв. «палымянай», готыкі (ратушы ў Бруселі, Генце, Лёвене). Адначасова склаліся гал. цэнтры нідэрл. жывапісу Адраджэння, заснавальнікам якога стаў Я. ван Эйк. У 16 ст. рэнесансавыя формы панавалі ў архітэктуры, скульптуры і дэкар. мастацтве. У 17—18 ст. сфарміравалася флам. мастацтва, якое спалучала пышнасць і параднасць барока з нар.-рэаліст. тэндэнцыямі (П.П.Рубенс, А. ван Дэйк, Ф.Снейдэрс, Я.Іорданс, А.Браўэр, Д.​Тэнірс, Я.​Брэйгель «Аксамітны» і інш.). Флам. карціны віртуозна ўзнаўляліся ў шматлікіх гравюрах, дрэве, шпалерах. Шырокую вядомасць набылі плеценыя і вышываныя карункі Фландрыі і Брабанта. Архітэктуры 17 ст. ўласцівы барочная ўрачыстасць, класічны дэкор (дамы гільдый на Вял. плошчы ў Бруселі, Дом Рубенса ў Антверпене). У канцы 18 ст. ў флам. барока з Францыі і Аўстрыі пранікае класіцызм (Верхні горад, Каралеўская пл., парк, палац у Бруселі, замак Сенеф у прав. Эно; партрэтныя бюсты Ж.​Л.​Гадшарля, інтэр’еры Л.​Дэфранса і інш.). У 19 ст. складваецца ўласна бельг. мастацтва (пабудовы арх. Л.​Руланта, гіст. карціны і рэаліст. партрэты Ф.​Ж.​Навеза). Рамант. кірунак у жывапісе (Г.​Ваперс, Л.​Гале, В.​Гефс, Х.​Лейс, Т.​Фурмуа) паступова ператварыўся ў салонны акадэмізм. Пашырэнне рэалізму у 2пал. 19 ст. і адыход ад салоннага мастацтва звязаны з творчасцю мастакоў Ш. дэ Гру, Х. дэ Бракелера, Л.​Дзюбуа, І.​Буланжэ і інш. Скульптар К.Менье адзін з першых у зах.-еўрап. мастацтве звярнуўся да тэмы працы і жыцця рабочых. Да канца 19 ст. Бельгія становіцца радзімай стылю мадэрн у архітэктуры (заснавальнік і тэарэтык Х. ван дэ Велдэ). Выяўл. мастацтва канца 19 — пач. 20 ст. характарызуецца пераходам да містычнай сімволікі і алегарызму (Дж.​Энсар, Ф.​Ропс, Э.​Ларманс, майстры «1-й латэмскай групы» — скульпт. Ж.​Міне, В. дэ Садэлер), драм. экспрэсіі (скульпт. Р.​Ваўтэрс, майстры «2-й латэмскай групы» — К.Пермеке, Г. дэ Смет). Пошукі рацыянальных рашэнняў у архітэктуры пачаліся пасля 1-й сусв. вайны (арх. Х.​Хостэ, Л. ван дэр Свалмен, В.​Буржуа, Э. ван Авербеке і інш.). У 1920—30-я г. панаваў неакласіцызм. Прынцыпы сучаснай архітэктуры выявіліся ў буд-ве жылых раёнаў, трансп., прамысл. і грамадскіх збудаванняў (арх. Х. ван Кёйк, Р.​Брам, М.​Брэнфо і інш.). У выяўл. мастацтве 20 ст. значнае месца займаюць фармальныя стылістычныя пошукі (Я.​Бруселманс), сюррэалізм (П.​Дэльво, Р.​Магрыт), абстрактнае мастацтва. Рэаліст. кірунак уласцівы творчасці скульптараў Ф.​Мазерэля, Ш.​Лепле, мастакоў І.​Опсамера, К.​Пейзера, П.​Палюса, Р.​Самвіля. У дэкар. мастацтве 20 ст. вылучаюцца вырабы ў стылі мадэрн (Велдэ, Арта), керамічная скульптура (П.​Кай), дываны (Э.​Дзюбрэнфо, Л.​Дэльтур).

Музыка. У сярэднявеччы Бельгія была часткай Нідэрландаў — краіны развітых муз. традыцый. У запісах зберагліся песні фагеланаў — удзельнікаў антыфеад. і антыкаталіцкіх рухаў 15 ст. Асновы музыкі Бельгіі закладзены ў 15—16 ст. у рэчышчы Нідэрландскай школы. Цэнтрамі муз. адукацыі былі т.зв. метрызы — муз. школы пры каталіцкіх храмах, дзе рыхтавалі царк. пеўчых. Сучасная прафес. музыка пачала фарміравацца ў 2пал. 19 ст. Развіваліся оперны, кантатна-аратарыяльны і камерна-інстр. жанры. Склаліся 2 кампазітарскія школы — валонская, якая зазнала ўплыў франц. музыкі і творчасці С.​Франка (Ж. і Л.​Іонгены, Г.​Лекё, В.​Врольс), і флам., набліжаная да ням. музыкі і творчасці Р.​Вагнера (П.Бенуа, Я.​Блокс). Сярод кампазітараў 20 ст. П.Жыльсон і Ж.​Абсіль. У 1920—40-я г. муз. мастацтва развівалася пераважна ў рэчышчы агульнаеўрап. неакласіцызму. Пасля 2сусв. вайны пашырыліся авангардысцкія плыні. Сусв. прызнанне атрымалі бельг. музыказнаўчая школа (Ф.Ж.Фетыс, Ф.​А.​Геварт, П.​Калар) і выканальніцкае мастацтва скрыпачоў Ш.Берыё, А.В’ётана, Э.Ізаі. Дзейнічаюць оперныя т-ры ў Бруселі, Антверпене, Генце і інш., Нац. сімф. аркестр, сімф. аркестры і хары Бельгійскага радыё і тэлебачання, «Фламандскі камерны аркестр», «Капэла Бургундскага двара», кансерваторыі ў Антверпене, Бруселі, Льежы, муз. акадэміі ў Турнэ, Шарлеруа, ін-т музыказнаўства ў Монсе. Праводзяцца міжнар. конкурсы імя каралевы Лізаветы (з 1951, Брусель), імя І.​С.​Баха (з 1958, Гент), струнных квартэтаў (з 1951, Льеж).

Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва Бельгіі ў рэлігійных абрадах сярэднявечча. У 13—15 ст. ставіліся літургічныя драмы (на лац. мове), маралітэ і містэрыі (на франц. і нідэрл. мовах). У 15—16 ст. т.зв. камеры рытараў (аб’яднанні цэхавага тыпу, члены якіх выконвалі вершы і п’есы, што складалі самі) у сваіх пастаноўках (пераважна фарсах і маралітэ на нідэрл. мове) праводзілі ідэі дзярж. незалежнасці. У 16—17 ст. па Бельгіі гастралявалі франц., ісп. і інш. тэатр. трупы. Першы бельг. «Тэатр дэ ла Манэ» адкрыты ў 1700 у Бруселі, меў оперную і драм. трупы. Пасля 1830 створаны т-ры ў Генце, Антверпене, Бруселі (на нідэрл. мове). Ставіліся рамант. драмы, вадэвілі, развесяляльныя п’есы. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўплыў на т-р Бельгіі зрабілі творчасць і эстэтыка Метэрлінка, Ш. ван Лерберга і інш. У гады ўздыму рабочага руху літ.-маст. секцыя Бельг. нар. дома паставіла рэв. Драму Э.​Верхарна «Зоры» (1898). У 1920—30-я г. пашырыліся самадз. калектывы. У гады ням.-фаш. акупацыі (1940—44) браты Ж. і М.​Хойсманы арганізавалі вандроўны «Тэатр Супраціўлення». У Бельгіі каля 50 прафесійных т-раў, у т. л. каля 20 у Бруселі. Найб. значныя: «Тэатр дэ ла Манэ», «Дзю Парк», «Дэ Галеры», «Каралеўскі нацыянальны тэатр», «Дзю Рыдо», «Дэ Пош». Тэатр. дзеячаў рыхтуюць Каралеўская кансерваторыя ў Бруселі, школа драм. маст. Каралеўскай флам. кансерваторыі і інш.

Кіно. Вытворчасць фільмаў, распачатую ў 1908, спыніла 1-я сусв. вайна. У 1919 арганізавана «Бельгійская кінакампанія», у 1922 — кінастудыя «Бельгійскі фільм». У 1920-я г. знята каля 20 ігравых фільмаў. Вядомасць атрымалі відавыя, мастацтвазнаўчыя і этнагр. фільмы рэжысёраў А.​Сторка, П.​Хасартса і інш. Пасля 2сусв. вайны кінавытворчасць аднавілася ў пач. 1950-х г. Зняты маст. фільмы: «Чайкі паміраюць у гавані» (1957), «І ўжо ападае кволая кветка» («Дзеці Барынажа», 1960), «У цягніку аднойчы вечарам...» (1969), «Дом, мілы дом» (1973), «Вялікі пейзаж Алексіса Дрэвена» (1981). У 1980-я г. развіваецца дакумент. і анімацыйнае кіно, здымаюцца тэлевізійныя серыялы. Кінематаграфістаў рыхтуюць у 7 ВНУ.

Літ.:

Аксенова Л.А. Бельгия. М., 1982;

Мицкевич Б.П. Шарль де Костер и становление реализма в бельгийской литературе. Мн., 1960;

Фромантен Э. Старые мастера: Пер. с фр. М., 1966;

Ecmans M. L’art vivant en Belgique. Bruxelles, 1972;

Грубер Р.П. Всеобщая история музыки. Ч. 1. 3 изд. М., 1965;

Mertens C. Hedendaagse muziek in Belgie. Bruxelles, 1967.

П.​І.​Рогач (прырода, гаспадарка).

Герб і сцяг Бельгіі.
Да арт. Бельгія. П.​П.​Рубенс. Саюз Зямлі і Вады. Каля 1618.
Да арт. Бельгія. Святыя Фама і Матфей. Фрагмент габелена. Брусель. Канец 15 ст.
Да арт. Бельгія. К.​Пермеке. Заручаныя. 1923.
Да арт. Бельгія. Царква Сінт-Міхілскерк у Лёвене. 1650—71.
Да арт. Бельгія. Ж.​Міне. Чалавек, які моліцца. 1901.
Да арт. Бельгія. Дж.​Энсар. Дзіўныя маскі 1892.
Да арт. Бельгія. Ратуша на плошчы Гротэ-маркт у Антверпене. Арх. К.​Флорыс. 1561—65.
Да арт. Бельгія. У цэнтры Бруселя.
Да арт. Бельгія. Фантан Брабо на плошчы Гротэ-маркт у Антверпене.

т. 3, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЬТА (Malta),

Рэспубліка Мальта (мальтыйскае Repubblika ta’Malta, англ. Republic of Malta), дзяржава на Мальтыйскім архіпелагу, у цэнтр. ч. Міжземнага м. на Пд ад Сіцыліі. Пл. 320 км². Нас. 380 тыс. чал. (1998). Дзярж. мовы — мальтыйская і англійская. Сталіца — г. Валета. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 вер.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1964 (з папраўкамі 1974 і 1987). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць парламенту, у склад якога ўваходзяць прэзідэнт і палата прадстаўнікоў (65 дэпутатаў выбіраюцца тэрмінам на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Краіна займае 2 параўнальна значныя а-вы — Мальта (пл. 246 км²) і Гоца (пл. 67 км²) і некалькі дробных. У рэльефе пераважаюць закарставаныя вапняковыя плато выш. да 253 м (на в-ве Мальта). Клімат міжземнаморскі з гарачым сухім летам і мяккай дажджлівай зімой; сярэдняя т-ра лют. 12 °C, жн. 25 °C. Ападкаў каля 530 мм за год. Рэк і ручаёў няма. У расліннасці пераважае рэдкі травастой са злакаў, на схілах — пусткі з нізкімі сухалюбівымі хмызнякамі і хмызнячкамі. Невял. гаі з хвоі, пініі, дубу. Жывёльны свет бедны. Рэзерват Гадыра.

Насельніцтва. Каля 98% складаюць карэнныя жыхары — мальтыйцы. Па мове яны блізкія да тунісцаў, па культуры — да жыхароў Паўд. Італіі. Жывуць таксама невял. групы англічан і італьянцаў. Пануючая рэлігія — каталіцызм (больш за 98% насельніцтва). Сярэднегадавы прырост 0,58% (1998). Сярэдняя шчыльн. 1200 чал. на 1 км² (адна з найб. у свеце). Найб. шчыльна заселена паўн.-ўсх. ч. в-ва Мальта. У гарадах жыве больш за 90% насельніцтва. У г. Валета 9,1 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 150 тыс. ж. (1995). Каля 10 тыс. ж. у гарадах Сліма, Хамрун, Рабат, Вікторыя, Зейтун. У прам-сці і буд. занята 25% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 2%, астатнія — у абслуговых галінах. Значная эміграцыя (за мяжой жыве каля 150 тыс. мальтыйцаў) пераважна ў Аўстралію і Вялікабрытанію.

Гісторыя. Першыя паселішчы чалавека з’явіліся на М. ў эпоху неаліту каля 4-га тыс. да н.э. З таго часу на а-вах Мальта і Гоца захаваліся унікальныя мегалітычныя культавыя пабудовы. абнесеныя сценамі цыклапічнай муроўкі. З часоў антычнасці М. з-за зручнага геагр. і стратэг. становішча ў цэнтры Міжземнамор’я неаднаразова была аб’ектам каланізацыі і ваен. захопаў. У 13 ст. да н.э. яе каланізавалі фінікійцы. з 8—7 ст. да н.э. — карфагеняне. У 6—3 ст. да н.э. М. — уладанне Карфагена, з 218 да н.э.Стараж. Рыма, у 395—870 н.э.Візантыі (у 5 ст. часова захоплена вандаламі, потым остготамі). У 870—1091 М. валодалі арабы, якія значна паўплывалі на гаспадарку, культуру і мову яе насельніцтва. У 1091 заваявана нарманамі і ў 12 ст. далучана імі да Сіцылійскага каралеўства. З 1302 М. разам з Сіцыліяй належала каралеўству Арагон, з 1504 — у складзе падначаленага Іспаніі Сіцылій абедзвюх каралеўства. У 1530 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (адначасова ісп. і сіцылійскі кароль) Карл V перадаў М. каталіцкаму рыцарскаму ордэну іаанітаў (Мальтыйскі ордэн). У 16 ст. М. неаднаразова цярпела ад нападаў тур. флоту і войск. У 1565 рыцары вытрымалі ва ўмацаваннях в-ва Мальта працяглую. і жорсткую тур. аблогу. У 1566 вял. магістр ордэна Ж. дэ ла Валет заснаваў на М. сталіцу — г. Валета. У 1775 адбылося паўстанне мясц. насельніцтва супраць іаанітаў. У 1798 М. захоплена Францыяй. у 1800 — Вялікабрытаніяй, якая стварыла тут ваен.-марскую базу. Стратэг. значэнне М. вырасла пасля адкрыцця ў 1869 Суэцкага канала. У час 1-й і 2сусв. войнаў парты М. служылі базай ваен.-марскіх сіл Вялікабрытаніі і яе саюзнікаў, у 1940—43 яна цярпела ад налётаў ням. і італьян. авіяцыі, ад абстрэлаў і блакады з мора. Пад націскам нац.-вызв. барацьбы мальтыйцаў Вялікабрытанія ў 1921 і 1947 давала М. абмежаванае самакіраванне (адменена ў 1933 і 1959), у 1962 прадаставіла ўраду М. права вырашаць справы краіны. акрамя пытанняў знешняй палітыкі і абароны. З 21.9.1964 М. — незалежная дзяржава ў складзе брыт. Садружнасці. Да 1974 канстытуцыйная манархія (кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, прадстаўлены ген.-губернатарам).

13.12.1974 М. абвешчана парламенцкай рэспублікай. У 1979 з краіны выведзены апошнія брыт. войскі. 14.5.1981 М. афіцыйна абвясціла аб сваім нейтралітэце. Ва ўнутрыпаліт. жыцці асн. барацьба за ўладу адбываецца паміж Нацыяналіст. і Лейбарысцкай партыямі. У перыяд першага праўлення лейбарыстаў (1971—87) створаны моцны дзярж. сектар эканомікі, закладзены асновы незалежнага знешнепаліт. курсу М. З 1994 прэзідэнт краіны — лідэр лейбарыстаў У.​Міфсуд Банічы. На парламенцкіх выбарах 1998 перамагла Нацыяналіст. партыя (прыхільнікі ліберальнай эканам. мадэлі з прыярытэтам прыватнай уласнасці на сродкі вытв-сці), яе лідэр Э.​Фенек Адамі сфарміраваў урад. Дзейнічаюць таксама Дэмакр. партыя М., рух Дэмакр. альтэрнатыва. Асн. прафсаюзы: Усеагульны саюз рабочых і Канфедэрацыя прафсаюзаў М. М. — чл. ААН (з 1964), Савета Еўропы (з 1965), асацыіраваны чл. Еўрап. эканам. супольнасці (з 1971). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 16.2.1993.

Гаспадарка. М. — эканамічна развітая краіна. Штогадовы даход на 1 чал. 12,9 тыс. дол. (1997). Абслуговыя галіны даюць 61% даходаў краіны, прам-сць — 34%, сельская гаспадарка — 5%. У эканоміцы пераважае замежны (пераважна англійскі) капітал. Дзяржаве належыць шэраг прамысл. прадпрыемстваў, яна фінансуе развіццё партоў, агракомплексаў, прамысл. зон, станцый апраснення марской вады, пашырэнне сеткі атэляў, асваенне непрыдатных зямель. Аснова эканомікі — суднарамонт, транзітна-трансп. паслугі, замежны турызм. Мальтыйскія докі рамантуюць судны больш чым 70 краін свету (адно з найб. суднарамонтных прадпрыемстваў на Міжземным м.), на іх занята больш за 5000 рабочых. Важнае значэнне транзітнага гандлю, забеспячэнне гандл. суднаў розных краін палівам, вадой і інш. Павялічваецца роля замежнага турызму. Штогод бывае больш за 1 млн. турыстаў, пераважна з Вялікабрытаніі, Італіі, краін Паўн. Еўропы. Турыстаў прываблівае маляўнічае ўзбярэжжа, сонечнае надвор’е, гіст. і арх. помнікі. У 1994 турызм прынёс даход у 639 млн. дол. Развіты электронная, тэкст., трыкат., абутковая, мэблевая, харч. (кансервы) і харчасмакавая (асабліва вінаробства і тытунёвая) прам-сць, вытв-сць прамысл. хім. прэпаратаў, касметычных і фармацэўтычных вырабаў, буд. матэрыялаў і інш. Ёсць з-д па зборцы аўтамабіляў і аўтарамонтныя майстэрні. Развіты саматужныя промыслы — выраб карункаў, філігранных упрыгожанняў, пляценне з саломы, хатняе ткацтва, чаканка па серабры і золаце, шкловыдзімальнае майстэрства. Выпрацоўка электраэнергіі — 1,4 млрд. кВтгадз (1996). Электрастанцыі працуюць на імпартнай нафце. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Апрацоўваецца каля 14 тыс. га. Значная частка зямлі належыць царкве, якая здае яе ў арэнду сялянам. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі пл. да 2 га. Гал. культуры: ранняя бульба, памідоры, салодкі перац, капуста, цыбуля. Вырошчваюць таксама бахчавыя культуры, бавоўнік, пшаніцу і ячмень. За год здымаюць 2—3 ураджаі.

Развіты садоўніцтва (вінаград, апельсіны, аліўкі, інжыр), кветкаводства і насенная гаспадарка. Жывёлагадоўля развіта менш з-за недахопу кармавых угоддзяў. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 15, свіней — каля 55, коз і авечак — каля 12. Птушкагадоўля (каля 1,5 млн. курэй). Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. і марскі. На астравах 1,3 тыс. км аўтадарог. А-вы Мальта і Гоца злучаны паромнай пераправай. Марскі транспарт абслугоўвае знешнія сувязі. Гал. порт Валета. Міжнар. аэрапорт Лука на в-ве Мальта. У 1996 экспарт склаў 1,7 млрд. дол., імпарт — 2,8 млрд. дол. У экспарце пераважаюць прадукцыя машынабудавання, швейныя і трыкат. вырабы, тканіны, абутак, ранняя агародніна і кветкі, у імпарце — харч. прадукты, паліва, машыны і паўфабрыкаты. Асн. гандл. партнёры: Італія (32% экспарту, 27% імпарту), Германія (адпаведна 16 і 14%), Вялікабрытанія (8 і 13%). Значную ролю адыгрываюць грашовыя пераводы грамадзян М., якія жывуць за мяжой. Грашовая адзінка — мальтыйская ліра.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), М.​Г.​Нікіцін (гісторыя).

Герб і сцяг Мальты.
Мальта. Горад Валета.

т. 10, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМА́НІЯ (Deutschland),

Федэратыўная Рэспубліка Германія (Bundesrepublik Deutschland), дзяржава ў цэнтры Зах. Еўропы. На З мяжуе з Нідэрландамі, Бельгіяй, Люксембургам, Францыяй, на Пд — з Швейцарыяй і Аўстрыяй, на У — з Чэхіяй і Польшчай, на Пн — з Даніяй і абмываецца Паўн. і Балт. морамі. Пл. 357 тыс. км². Нас. 81,3 млн. чал. (1993). Дзярж. мова — нямецкая. Сталіца — г. Берлін. Месца часовага знаходжання ўрада (да 1998) — г. Бон. У складзе Германіі 16 адм. адзінак — зямель: Баварыя, Бадэн-Вюртэмберг, Берлін, Брандэнбург, Брэмен, Гамбург, Гесен, Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, Ніжняя Саксонія, Паўночны Рэйн-Вестфалія, Рэйнланд-Пфальц, Саар, Саксонія, Саксонія-Ангальт, Цюрынгія, Шлезвіг-Гольштэйн (пра кожную гл. асобны арт.). Нац. свята — Дзень нямецкага адзінства (3 кастр.).

Дзяржаўны лад. Германія — федэратыўная дзяржава, якая складаецца з 16 зямель. Дзейнічае канстытуцыя 1948. Кожная зямля мае сваю канстытуцыю, парламент (ландтаг або гар. сход) і ўрад. Правы зямель абмежаваны федэральнай канстытуцыяй. Вышэйшую заканад. ўладу ажыццяўляе федэральны парламент — бундэстаг (палата дэпутатаў), што выбіраецца насельніцтвам на 4 гады, і бундэсрат (палата зямель), які складаецца з членаў урадаў зямель (па 3—5 ад кожнай зямлі, у залежнасці ад колькасці яе насельніцтва). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў спец. органам — федэральным сходам, куды ўваходзяць усе дэпутаты бундэстага і такая ж колькасць дэпутатаў зямельных парламентаў. Прэзідэнт выконвае ў асноўным прадстаўнічыя функцыі. Кіраўнік урада — федэральны канцлер, які выбіраецца бундэстагам.

Прырода. На ПнПаўн.-Германская нізіна. Уздоўж берага Паўн. м. выцягнуты Паўн.-Фрызскія і Усх.-Фрызскія а-вы. Паміж імі і мацерыком т.зв. ваты — прасторы, якія затапляюцца ў час прыліваў. За ватамі цягнуцца плоскія прасторы — маршы, пакрытыя глеем, частка іх ляжыць ніжэй за ўзровень мора і засцерагаецца ад затаплення плацінамі і дамбамі. Да ўзбярэжжа Балт. мора прымыкае Мекленбургскае азёрнае плато — частка Паўн.-Германскай нізіны, што паступова пераходзіць у вобласць узвышшаў і сярэдневышынных гор. Сярод горных масіваў Гарц (г. Брокен, 1142 м), Шварцвальд (г. Фельдберг, 1493 м), Рэйнскія Сланцавыя горы, Цюрынгенскі Лес, Чэшскі Лес, Рудныя горы. Паміж Шварцвальдам і Чэшскім Лесам моцна разбураная вобласць Франконскага і Швабскага Альбаў. На Пд ад Дуная Перадальпійскае плато з глыбокімі далінамі. На ПдЗ паўн. хрыбты Альпаў з вышэйшым пунктам краіны — г. Цугшпітцэ (2963 м). З карысных выкапняў Германія багатая каменным і бурым вугалем, калійнымі солямі. Ёсць жалезныя, уранавыя, медныя, нікелевыя, свінцовыя, цынкавыя руды, прыродны газ, соль і інш. Каменнавугальныя басейны: Рурскі (агульныя запасы 215 млрд. т.), Саарскі (5,5 млрд. т.). Буравугальныя басейны: Ніжнярэйнскі (60 млрд. т), Сярэднегерманскі, Магдэбургскі, Ніжнялаўзіцкі, Верхнялаўзіцкі (разам 40 млрд. т). Па запасах калійных солей (каля 0,7 млрд. т) краіна займае 4-е месца ў свеце. Клімат умераны, пераходны ад марскога на ПнЗ да больш кантынентальнага. Сярэдняя т-ра студз. ад 0 °C на ўзбярэжжы Паўн. мора да -3 °C на ПдУ, ліп. ад 16 °C да 19 °C. Ападкаў 500—800 мм за год, у гарах да 1000 мм. Даліны Рэйна, Майна, Некара, Мозеля адметныя мяккім кліматам. Рачная сетка густая. На З найб. р. Рэйн (867 км на тэр. Германіі) з прытокамі Майн, Некар, Мозель. На У Эльба з прытокамі Заале, Мульдэ, Гафель і пагранічная з Польшчай р. Одэр (Одра). На Пд верхняе цячэнне р. Дунай і яе горныя прытокі. Рэкі злучаны суднаходнымі каналамі паміж сабой і з рэкамі суседніх краін. Шмат маляўнічых азёр. Найб. Бодэнскае (пл. 538 км², глыб. 252 м) на мяжы з Швейцарыяй і Аўстрыяй. Глебы бурыя лясныя, падзолістыя, перагнойна-карбанатныя, алювіяльныя. Пад лесам і хмызнякамі 30% тэр. Распаўсюджаны саджаныя лясы. Найб. лясістыя горныя раёны, дзе лясныя масівы складаюцца з дубу, буку, хвойных. У гарах вышэй за 1200 м альпійскія лугі. На Пн і ў поймах рэк пашыраны лугі. С.-г. землі займаюць палавіну тэрыторыі. Нац. паркі — Баварскі Лес, Берхтэсгадэн, шматлікія рэзерваты, заказнікі, помнікі прыроды і інш. ахоўныя прыродныя тэрыторыі.

Насельніцтва. Па колькасці насельніцтва Германія займае 2-е месца ў Еўропе (пасля Расіі) і 12-е ў свеце. 91,5% яго складаюць немцы. З нац. меншасцей — лужыцкія сербы, або лужычане (каля 60 тыс. чал., у вярхоўях р. Шпрэе), галандцы і датчане. У краіне пастаянна пражывае каля 5,5 млн. замежных працоўных з сем’ямі (у асноўным выхадцы з Турцыі, б. Югаславіі, Грэцыі, Італіі, Партугаліі, Польшчы). Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (45%) і католікі (37%), ёсць мусульмане (каля 2%) і інш. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 228 чал. на 1 км², у прамысл. раёнах да 2—3 тыс. чал. на 1 км², у некат. горных і лясных раёнах каля 40—50 чал. на 1 км², у зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія больш за 500 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 86%. Найб. гарады (тыс. ж., 1994): Берлін — 3475,4, Гамбург — 1702,9, Мюнхен — 1255,6, Кёльн — 962,5, Франкфурт-на-Майне — 659,8, Штутгарт — 594,6, Дзюсельдорф — 574,9, Гановер — 524,8, Нюрнберг — 498,9. У прам-сці заняты 41% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 6%.

Гісторыя. На тэр. Германіі чалавек жыве з эпохі ніжняга палеаліту (500—300 тыс. г. да н.э.), аб чым сведчаць археал. знаходкі гейдэльбергскага чалавека і астанкаў больш позняга неандэртальца. У жал. веку на тэр. Германіі былі пашыраны гальштацкая (пераважна кельцкая; гл. Гальштацкая культура) і латэнская (гл. Латэн) археал. культуры, лужыцкая культура (верагодна, протаславянская). Каля 6 — 1 ст. да н.э. заселена стараж. германцамі. З 2 ст. да н.э. тут мелі месца ўзбр. сутыкненні з рымлянамі, якія назвалі Германіяй усе землі на Пн ад Дуная і на У ад Рэйна да Віслы. Да 80-х г. н.э. рымляне заваявалі землі германцаў па левым беразе Рэйна, дзе былі ўтвораны іх пагран. правінцыі Ніжняя і Верхняя Германія. У 1-й пал. 1-га тыс. н.э. ўзніклі саюзы герм. плямён, частка якіх у 4—6 ст. прасунулася на З і Пд (гл. ў арт. Вялікае перасяленне народаў); пасля перамяшчэння германцаў на З у бас. Эльбы пасяліліся зах. славяне. На тэр. Германіі аселі алемоны, бавары, саксы, фрызы, усх. франкі, цюрынгі. У 6 — пач. 9 ст. герм. плямёны аб’яднаны ў межах Франкскай дзяржавы, прынялі хрысціянства Пасля падзелу імперыі франкаў паводле Вердэнскага дагавора 843 пачалося самаст. развіццё Усх.-Франкскага (пазней Германскага) каралеўства (лац. назва regnum Theutonicorum — каралеўства тэўтонаў, вядома з 919), у якое ўвайшлі герцагствы Саксонія, Франконія, Баварыя і Алеманія (Швабія). Пазней далучыліся Цюрынгія і Фрызія (Фрысландыя). Ва ўмовах пастаяннага сепаратызму з боку герцагаў каралеўская ўлада ў Германіі набыла выбарна-спадчынны характар. Першымі герм. каралямі былі Арнульф [887—899], Конрад I [911—919] і Генрых I [919—936]. Пры Атоне I спынены набегі качэўнікаў-венграў (955), у выніку яго італьян. паходаў засн. «Свяшчэнная Рымская імперыя» (962), што паклала пачатак 300-гадоваму герм. панаванню ў Паўн. і Сярэдняй Італіі (пацярпела крах у час праўлення дынастыі Штаўфенаў). У барацьбе за ўзмацненне сваёй улады герм. каралі часова (да 1122) абапіраліся на саюз з царквой (склаўся пры Атоне I і Атоне II).

З 11 ст. актывізаваўся рост сярэдневяковых гарадоў (пераважна дробных), у якіх рана ўзнікла цэхавая арганізацыя рамяства (гл. Цэхі). З канца 11 ст. фарміруецца ням. народнасць. У 11—13 ст. найб. эканамічна развітыя гарады (перш за ўсё рэйнскія) вызваліліся з-пад улады князёў і дамагліся значнай аўтаноміі, у выніку чаго ўзніклі т.зв. вольныя гарады (Кёльн, Вормс, Рэгенсбург, Майнц і інш.). Частковую аўтаномію набылі і імперскія гарады. У ходзе ўнутрыпаліт. барацьбы царк. і свецкія князі здолелі пашырыць сваю ўладу, самыя буйныя з іх паступова прысвоілі сабе права выбіраць караля (імператара) і сталі называцца курфюрстамі. З 13 ст. буйныя гарады аб’ядноўваліся ў саюзы (Ганза, Рэйнскі і Швабскі саюзы). Да канца 15 ст. склалася сістэма саслоўна-прадстаўнічых органаў (гл. Рэйхстаг, Ландтаг). У 10—15 ст. заваявана ч. зямель славян і прыбалт. народаў (гл. ў арт. «Дранг нах Остэн», Мечаносцы, Тэўтонскі ордэн, Альбрэхт Мядзведзь, Крыжовы паход супраць славян 1147, Бодрычы, Палабскія славяне і інш.). Мясц. сепаратызм і асабліва ням. экспансію на У падтрымлівалі рым. папы. У пач. 16 ст. ў Германіі, якая з прычыны паліт. раздробленасці найб. цярпела ад пабораў з боку папства і яго пасланнікаў, узнікла рэліг. Рэфармацыя (пачалася ў 1517 з выступлення М.Лютэра супраць індульгенцый). Антыфеад. выступленні сялян 2пал. 15 — пач. 16 ст. (рух Г.Бёгайма, змовы «Башмака» і інш.) перараслі ў Сялянскую вайну 1524—26, якая ахапіла Паўд.-Зах. і Сярэднюю Германію, частку аўстр. зямель і была звязана з радыкальным кірункам у Рэфармацыі (Т.Мюнцэр). Пасля паражэння сялян анабаптысты стварылі Мюнстэрскую камуну (1534—35). На бок Рэфармацыі перайшла частка князёў (першым быў Альбрэхт Брандэнбургскі). Ваен. сутыкненні паміж пратэстанцкімі і каталіцкімі князямі ў Германіі (Шмалькальдзенская вайна 1546—47, аднавілася ў 1552) завяршыліся Аўгсбургскім рэлігійным мірам 1555 аб прызнанні раўнапраўя католікаў і лютэран. У выніку ў Германіі ўтварыліся 2 групоўкі ням. княстваў — каталіцкая (спадчынныя землі Габсбургаў, Баварыя, Франконія, духоўныя княствы на Рэйне і ў Паўн.-зах. Германіі, Эльзас) і пратэстанцкая (паўн.-герм. княствы, герцагства Прусія, Брандэнбург, Саксонія, Гесен, Браўншвайг, Верхні і Ніжні Пфальц, Вюртэмберг). Пры імператарах Фердынанду I [1556—64) і Максіміляне II [1564—76] захоўвалася раўнавага сіл католікаў і пратэстантаў. Уціск апошніх пры Рудольфе II [1576—1612] прывёў да Трыццацігадовай вайны 1618—48, асн. падзеі якой адбываліся на тэр. Германіі. У выніку вайны значна скарацілася насельніцтва краіны (з 16 да 10 млн. чал. у 1650) і заняпала яе гаспадарка. Вестфальскі мір 1648 юрыдычна замацаваў падзел Германіі на больш як 300 буйных і дробных княстваў, 51 незалежны імперскі горад і амаль на 1,5 тыс. дробных рыцарскіх уладанняў, якія фармальна ўваходзілі ў «Свяшчэнную Рым. імперыю». У пасляваен. час у заэльбскай Германіі (Брандэнбург, Прусія, Мекленбург) ва ўмовах недахопу с.-г. рабочай сілы і попыту на мясц. хлеб за мяжой памешчыкі павялічылі паншчыну і свае зямельныя ўладанні (у т. л. праз агароджванні).

У 17 ст. ўнутры Германіі пачалося ўзвышэнне Брандэнбургска-Прускай дзяржавы (з 1701 каралеўства Прусія) на чале з дынастыяй Гогенцолернаў. Пры каралю Фрыдрыху Вільгельму I [1713—40] канчаткова склалася сістэма прускай манархіі з яе моцным культам арміі. Пры Фрыдрыху II [1740—416] пруская манархія набыла рысы асветнага абсалютызму. У выніку сілезскіх войнаў да Прусіі далучана б. ч. Сілезіі, а пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) — польскія Памор’е і Зах. Прусія. Да канца 18 ст. Прусія стала вял. еўрап. дзяржавай. У канцы 18 — пач. 19 ст. яна разам з Аўстрыяй і інш. краінамі ўдзельнічала ў войнах супраць рэвалюцыйнай, потым напалеонаўскай Францыі (гл. Напалеонаўскія войны). У вайну 1792—95 ва ўмовах франц. акупацыі дзейнічала Майнцкая камуна (1792—93). Пазней з-за абвастрэння адносін з Аўстрыяй пасля яе адхілення ад удзелу ў 2-м падзеле Рэчы Паспалітай (1793) Прусія выйшла з антыфранц. кааліцыі і заключыла сепаратны мір з Францыяй (гл. ў арт. Базельскія мірныя дагаворы 1795). Паводле 2-га і 3-га (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай да Прусіі далучана значная ч. польскіх зямель (уключаючы Варшаву), яе ўсх. мяжа дасягнула лініі Каўнас—Гродна—Брэст. У 1796 франц. войскі занялі ПдЗ Германіі. У 1803 пад націскам Напалеона I спец. дэпутацыя «Свяшчэннай Рым. імперыі» пры рэйхстагу ў г. Рэгенсбург прыняла рашэнне аб скасаванні ў Зах. Германіі ўсіх царк. княстваў (акрамя Майнцкага; усяго 112 дробных дзяржаў з 3 млн. жыхароў, якія потым былі далучаны да саюзных Францыі ням. дзяржаў — Баварыі, Бадэна, Вюртэмберга, Саксоніі і інш.). У 1807 утворана залежнае ад Напалеона Вестфальскае каралеўства на чале з братам Напалеона Ж.​Банапартам (існавала да 1813). Стварэнне ў Зах. Германіі пад пратэктаратам Напалеона Рэйнскага саюза 1806—13 прывяло да падзення «Свяшчэннай Рым. імперыі» (1806). У кастр. 1806 Прусія зноў выступіла супраць Францыі, аднак у ходзе двухтыднёвай вайны пацярпела поўнае паражэнне (гл. Іена-Аўэрштэцкая бітва 1806, Тыльзіцкі мір 1807). Ва ўмовах франц. акупацыі прускія ўлады правялі ў 1807—14 Штайна—Гардэнберга рэформы (наданне асабістай свабоды сялянам, рэарганізацыя арміі і інш.). Пасля паражэння арміі Напалеона ў вайне 1812 супраць Расіі ў саюзе з апошняй паступова вызвалены Прусія і астатнія ням. дзяржавы (вырашальнай была Лейпцыгская бітва 1813). Паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 утвораны Герм. саюз у складзе 35 (пазней 31) ням. манархій і 4 вольных гарадоў (Гамбург, Брэмен, Любек, Франкфурт-на-Майне) з адзіным агульным органам — Саюзным сходам (сеймам). Найб. ўплыў у саюзе мелі Аўстрыя і Прусія. У 1-й пал. 19 ст. Германія заставалася пераважна агр. краінай (​3/4 яе насельніцтва жыло ў вёсцы). У 1810—20-я г. ням. прам-сць складалася пераважна з мануфактур і рамесных майстэрняў. У 1830-я г. ў Германіі пачалася прамысл. рэвалюцыя (завершана ў 1870-я г. пасля аб’яднання Германіі), звязаная з тэхн. прагрэсам і развіццём транспарту (у 1822 на Рэйне з’явіліся першыя параходы, у 1835 уведзена ў дзеянне першая чыгунка Нюрнберг—Фюрт). З’явілася машынабудаванне (найб. цэнтр — Берлін, дзе вырабляліся паравыя машыны і лакаматывы). У 1834 па ініцыятыве Прусіі ўзнік Герм. мытны саюз паміж 18 ням. дзяржавамі з насельніцтвам 23 млн. чал. (пазней пашыраны, праіснаваў да 1871), што садзейнічала фарміраванню гасп. адзінства Германіі. Ва ўмовах узмацнення абсалютызму ўнутры Германіі адбыліся апазіц. студэнцкія выступленні (найбольшыя ў 1817, 1819). Пад уплывам Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 у Францыі ў жн.вер. 1830 масавыя выступленні адбыліся ў Саксоніі, Гановеры, Браўншвайгу, Гесен-Каселі і інш., у выніку чаго тут у 1831—32 уведзены канстытуцыі; 27.5.1832 у Пфальцы прайшла 30-тысячная дэманстрацыя пад лозунгам аб’яднання Германіі і ўвядзення канстытуцыйных свабод. У 1830-я г. за мяжой (Парыж) створаны першыя ням. рабочыя арг-цыі (гл. Саюз справядлівых). У пач. 1840-х г. ліберальная апазіцыя прапагандавала свае погляды на старонках «Рэйнскай газеты» і «Кёнігсбергскай газеты». Адбылося Сілезскае паўстанне ткачоў 1844. Узнік сацыяліст. рух (В.Вейтлінг, К.Маркс, Ф.Энгельс). Пад уплывам рэв. падзей 1848 у Францыі (звяржэнне манархіі) адбылася рэвалюцыя 1848—49 у Германіі, у ходзе якой распаўся Герм. саюз (1849), дзейнічаў Франкфурцкі нацыянальны сход 1848—49. Пасля паражэння рэвалюцыі пад націскам Аўстрыі і Расіі адноўлены Герм. саюз (1850—51). У 1850 у Прусіі прыняты закон «Аб рэгуляванні адносін паміж памешчыкамі і сялянамі», што прадугледжваў паступовы выкуп сялянамі асн. павіннасцей (т.зв. прускі шлях развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы). За 1850-я г. аб’ём прамысл. прадукцыі ў Германіі павялічыўся больш чым удвая. У 1860-я г. індустр. цэнтрамі сталі Рэйнская вобл., Саксонія, Сілезія, Берлін. Пасля прызначэння прэм’ер-міністрам Прусіі О. фон Бісмарка (1862) пачалося дынастычнае аб’яднанне Германіі па т.зв. «малагерманскім» (г. зн. без Аўстрыі) шляху. Спачатку Прусія ў саюзе з Аўстрыяй у ходзе Дацкай вайны 1864 адарвала ад Даніі Шлезвіг і Гольштэйн, а потым у выніку аўстра-прускай вайны 1866 прымусіла Аўстрыю выйсці з Герм. саюза і адмовіцца ад сваіх прэтэнзій на вяршэнства ў Германіі. Замест скасаванага ў 1866 Герм. саюза ў 1867 утвораны Паўночнагерманскі саюз пад эгідай Прусіі. У 1860-я г. ў ням. рабочым руху склаліся Усеагульны герм. рабочы саюз (УГРС) пад кіраўніцтвам Ф.Ласаля і С.-д. рабочая партыя (СДРП, гл. Эйзенахцы) на чале з А.Бебелем і В.Лібкнехтам.

У выніку франка-прускай вайны 1870—71 завершана аб’яднанне Германіі. 18.1.1871 у Версалі абвешчана Герм. імперыя ў складзе 22 ням. манархій (Баварыя, Бадэн, Вюртэмберг, Саксонія захавалі абмежаваную ўнутр. аўтаномію) і 3 вольных гарадоў (Гамбург, Брэмен, Любек) на чале з імператарам (ён жа прускі кароль) Вільгельмам I і рэйхсканцлерам Бісмаркам. Паводле імперскай канстытуцыі 1871 (у яе аснове была канстытуцыя Паўн.-герм. саюза) імператарам краіны мог быць толькі прускі кароль, ён валодаў заканад. уладай, прызначаў рэйхсканцлера, распараджаўся ўзбр. сіламі, вырашаў пытанні вайны і міру, прадстаўляў Германію ў міжнар. справах. Парламент складаўся з прызначанага бундэсрата і выбарнага рэйхстага. У 1870-я г. ў Германіі ўведзена адзіная грашовая сістэма (залатая марка), Прускі банк пераўтвораны ў Імперскі (Рэйхсбанк), устаноўлена адзіная сістэма судаводства (вышэйшая інстанцыя — імперскі суд у г. Лейпцыг). У 1875 УГРС і СДРП аб’ядналіся на аснове кампраміснай Гоцкай праграмы ў Сацыяліст. рабочую партыю Германіі (з 1890 Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі, СДПГ). Апасаючыся ўплыву каталіцкага духавенства (у 1870—71 яно стварыла паліт. партыю Цэнтра) і сацыял-дэмакратаў, Бісмарк ініцыіраваў «Культуркампф» і Выключны закон супраць сацыялістаў (дзейнічаў да 1890). Знешнепаліт. пазіцыі Германіі ён імкнуўся ўмацаваць праз стварэнне сістэмы саюзаў з інш. дзяржавамі (Траісты саюз 1882 і інш.). Пры імператару Вільгельме II (з 1888) змянілася некалькі канцлераў (Л.​Капрыві, Х.Гогенлоэ, Б.Бюлаў, Т.​Бетман-Гольвег і інш). У 1880-я г. пачата стварэнне герм. калан. імперыі, якая да 1914 ахоплівала тэр. Каля 3 млн. км² з насельніцтвам каля 14 млн. чал. (Герм. Паўд.-Зах. Афрыка, Тога, Камерун, Герм. Усх. Афрыка, архіпелаг Бісмарка, Зямля Вільгельма II, Маршалавы, Каралінскія і Марыянскія а-вы, Самоа і інш.). Да канца 19 ст. Германія стала адной з найб. эканамічна моцных дзяржаў свету і буйным міжнар. інвестарам (інвестыцыі ўкладаліся пераважна ў эканоміку краін Паўд.-Усх. Еўропы, у т. л. Турцыю, і Паўд. Амерыкі). Ва ўмовах эканам. росту і знешнепаліт. саперніцтва з Вялікабрытаніяй Германія па ініцыятыве адм. А. фон Тырпіца ў канцы 19 — пач. 20 ст. ажыццявіла буд-ва буйнога ВМФ (удзельнічаў у 1-й сусв. вайне). З пач. 20 ст. Германія яшчэ больш узмацнілася эканамічна і стала прэтэндаваць на перадзел свету з пазіцыі сілы (гл., напр., Мараканскія крызісы). Яна падтрымала пазіцыю Аўстра-Венгрыі адносна Сербіі пасля Сараеўскага забойства і разам з ёй пачала першую сусветную вайну 1914—18. У ходзе вайны войскі Германіі акупіравалі і зах. ч. Беларусі (1915; лінія фронту прайшла праз Дзвінск, Смаргонь, Баранавічы, Пінск). Пазней геапаліт. інтарэсы і ход падзей на ўсх. фронце пасля змены ўлады ў Расіі (стварэнне сав. ўрада на чале з У.​І.​Леніным) абумовілі падпісанне Брэсцкага міру 1918. Напярэдадні паражэння Германіі ў 1-й сусв. вайне апошні імперскі ўрад рэйхсканцлера прынца Макса Бадэнскага (з кастр. 1918) звярнуўся да краін Антанты з прапановай аб перамір’і. У выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі скінута манархія; 11 ліст. падпісана Камп’енскае перамір’е 1918.

У 1919 Нац. ўстаноўчы сход у г. Веймер распрацаваў асновы канстытуцыйнага ладу герм. рэспублікі (гл. Веймарская рэспубліка), першым прэзідэнтам якой быў выбраны адзін з с.-д. лідэраў Ф.Эберт. Пад націскам дзяржаў-пераможцаў у 1-й сусв. вайне Германія падпісала Версальскі мірны дагавор 1919, паводле якога яна страціла ​1/8 сваёй тэр., ​1/10 насельніцтва, усе калоніі, абавязвалася выплачваць вял. рэпарацыі (іх памер вызначаны ў 1921) і была абмежавана ў ваен. адносінах. Многія жыхары Германіі былі незадаволены такімі вынікамі вайны, што пазней выкарысталі ў сваёй агітацыі нацысты. Ва ўмовах пасляваеннага сац.-эканам. і паліт. крызісу партыі т.зв. веймарскай кааліцыі (СДПГ, партыя Цэнтра і Герм. дэмакр. партыя) ужо ў 1920 страцілі большасць месцаў у рэйхстагу, адбыліся спробы ўзбр. выступленняў з мэтай звяржэння Веймарскай рэспублікі з боку лева- і праварадыкальных сіл (камуністаў у Сярэдняй Германіі ў сак. 1921 і ў Гамбургу ў кастр. 1923; Капаўскі путч 1920 і гітлераўскі путч у Мюнхене ў ліст. 1923). Апынуўшыся ў ізаляцыі на Генуэзскай канферэнцыі 1922, герм. ўрад заключыў з Сав. Расіяй Рапальскі дагавор 1922. Рурскі канфлікт 1922—23 выклікаў яшчэ большую інфляцыю. У 1924—29 эканам. і паліт. жыццё Германіі адносна стабілізавалася (з 1924—25 прамысл. ўздым). Гэтаму садзейнічалі валютная рэформа 1923, карэкціроўка рэпарацыйных плацяжоў паводле Даўэса плана (у 1930 заменены Юнга планам), замежныя пазыкі. Германія выйшла з міжнар. ізаляцыі (Лакарнскія дагаворы 1925, прыняцце Германіі ў Лігу Нацый у 1926). У 1920-я г. Германія наладзіла ваен. супрацоўніцтва з СССР (працягвалася да 1941). У выніку сусв. эканам. крызісу 1929—33 у Германіі рэзка зменшыліся вытв-сць (да 58% ад узроўню 1928) і рэальная зарплата (да 50%), узнікла масавае беспрацоўе (каля 9 млн. чал.). У сак. 1930 распалася ўрадавая кааліцыя з удзелам сацыял-дэмакратаў. З канца 1920-х г. актывізавала свой удзел у паліт. барацьбе Нацыянал-сацыялісцкая партыя: у выніку выбараў 31.7.1932 яна мела найб. фракцыю ў рэйхстагу. Сацыял-дэмакраты і камуністы з-за рознагалоссяў не здолелі аб’яднаць свае намаганні ў процідзеянні нацызму. Ва ўмовах звужэння парт.-паліт. базы Веймарскай рэспублікі ўрады яе апошніх рэйхсканцлераў Г.​Брунінга (1930—32), Ф. фон Папена (1932) і К. фон Шляйхера (1932—33) кіравалі краінай з дапамогай надзвычайных дэкрэтаў прэзідэнта (з 1925) П. фон Гіндэнбурга. 30.1.1933 Гіндэнбург прызначыў рэйхсканцлерам лідэра нацыстаў А.Гітлера.

Першы ўрад Гітлера (1933—34) быў кааліцыйны (некалькі ненацысцкіх міністраў і віцэ-канцлер Папен). Шляхам правакацый (гл. ў арт. Лейпцыгскі прагрэс 1933), масавых арыштаў (асабліва апазіц. камуніст. і с.-д. функцыянераў), забароны антыўрадавых дэманстрацый і мітынгаў, крытыкі ў друку дзейнасці ўрада, усіх ненацысцкіх паліт. партый, прафсаюзаў і інш. нацысты хутка ўстанавілі ў Германіі аднапарт. сістэму і татальны кантроль над грамадствам (у т. л. праз гестапа, Гітлер-югенд, «Ням. прац. фронт»). Гэтым яны дамагліся ад рэйхстага прыняцця 24.3.1933 закона аб наданні кабінету Гітлера надзвычайных паўнамоцтваў. Пасля смерці Гіндэнбурга (2.8.1934) Гітлер пажыццёва аб’яднаў функцыі прэзідэнта і канцлера («фюрэр і рэйхсканцлер»). Была праведзена адм. цэнтралізацыя (у 1934 скасаваны ландтагі і прадстаўніцтва зямель — рэйхсрат). З 1935 афіц. дактрынай нацысцкай дзяржавы стала расавая палітыка (гл. Антысемітызм). З’явіліся канцэнтрацыйныя лагеры (у 1933—45 праз іх і інш. «фабрыкі смерці» прайшло каля 18 млн. немцаў і замежных грамадзян, з іх загублена 11 млн.). У 1933—35 цэнтралізавана кіраванне эканомікай і часткова манапалізаваны прамысл. і с.-г. прадпрыемствы. У выніку мілітарызацыі эканомікі павялічылася вытв-сць (па яе ўзроўні Германія ў 1938 выйшла на 1-е месца ў Еўропе) і амаль ліквідавана беспрацоўе. Пасля выхаду Германіі з Лігі нацый (кастр. 1933) яе знешняя палітыка была накіравана на рэвізію Версальскага дагавора і падрыхтоўку да вайны, якая, на думку нацыстаў, забяспечыла б герм. панаванне ў свеце (гл. Вермахт, Англа-германскае марское пагадненне 1935, «Вось Берлін—Рым», «Антыкамінтэрнаўскі пакт», Аншлюс, Мюнхенскае пагадненне 1938, Пакт Рыбентропа—Молатава 1939). Нападам 1.9.1939 на Польшчу Германія развязала другую сусветную вайну 1939—45, якая прывяла да краху нацысцкай дзяржавы. У час вайны актывізаваўся антыфашысцкі рух (Шульца-Бойзена—Харнака арганізацыя, замах на Гітлера 20.7.1944, Нацыянальны камітэт «Свабодная Германія» і інш.).

У 2сусв. вайну, на вядзенне якой Германія выдаткавала каля 800 млрд. марак (у 10 разоў больш, чым за 1-ю сусв. вайну), было забіта, паранена і ўзята ў палон каля 14 млн. немцаў (з іх 10 млн. на сав.-герм. фронце), матэрыяльныя страты склалі каля 50 млрд. марак. Пасля капітуляцыі Германіі (акт аб ёй з ням. боку падпісаў 8.5.1945 ген.-фельдмаршал Кейтэль) урады 4 саюзных дзяржаў-пераможцаў (СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі) 5.6.1945 падпісалі дэкларацыю аб узяцці на сябе вярх. улады ў краіне. Паводле рашэнняў Крымскай канферэнцыі 1945 і Патсдамскай канферэнцыі 1945 саюзнікі падзялілі тэр. Германіі на 4 акупац. зоны (сав. на У, амер. на ПдЗ, брыт. на ПнЗ і франц. на З), а Берлін (увайшоў у сав. зону) — на 4 сектары, устанавілі новую ўсх. граніцу Германіі па лініі Одэр—Нейсе, перадалі ў склад СССР г. Кёнігсберг (цяпер Калінінград) з сумежнымі раёнамі, вярнулі Чэхаславакіі Судэты, правялі (найб. актыўна ў сав. акупац. зоне) дэмілітарызацыю, дэнацыфікацыю (гл. таксама Нюрнбергскі працэс), дэкартэлізацыю і дэмакратызацыю. Кіраванне Германіі ажыццяўляў Саюзны Кантрольны савет (складаўся з галоўнакамандуючых 4 зон; дзейнічаў да 1948), Берлінам — чатырохбаковая міжсаюзніцкая камендатура. У выніку павароту ў палітыцы (гл. «Халодная вайна») ЗША, Вялікабрытанія, а потым і Францыя ўзялі курс на стварэнне асобнай дзяржавы Германіі. У 1946 амер. і брыт. акупац. зоны аб’яднаны ў т.зв. Бізонію (двайную зону), з далучэннем у 1948 франц. зоны — у Трызонію. Яе пашырэнне на зах. ч. Берліна выклікала Берлінскі крызіс 1948—49 (гл. ў арт. Заходні Берлін). 7.9.1949 абвешчана ФРГ. Ва Усх. Германіі 7.10.1949 утворана Германская Дэмакратычная Рэспубліка (ГДР). У 1990 абедзве ням. дзяржавы аб’яднаны. Германія — чл. ААН (з 1973), Еўрап. саюза, Савета Еўропы, НАТО (з 1955), Зах.-еўрап. саюза. Дыпламат. адносіны з Беларуссю з 1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Хрысц.-дэмакр. саюз, Хрысц.-сац. саюз, Свабодная дэмакр. партыя, С.-д. партыя Германіі, Партыя «зялёных», Партыя дэмакр. сацыялізму (пераемніца Сацыяліст. адзінай партыі Германіі, якая правіла ў ГДР), Нацыянал-дэмакр. партыя (неанацысцкая), Рэсп. Партыя, Аб’яднанне ням. прафсаюзаў, Аб’яднанне паліт. моладзі, Герм. федэральнае маладзёжнае аб’яднанне, Саюз маладых, Маладыя сацыялісты, Маладыя лібералы, Саюз выгнаных і інш.

Гаспадарка. Германія — індустр. дзяржава з магутным навук.-тэхн. патэнцыялам. Валавы нац. прадукт на душу насельніцтва за год 24 170 дол. ЗША (1994). Ёй належыць вядучая роля ў Еўрап. супольнасці. Эканам. сістэмай Германіі з’яўляецца сац. рыначная гаспадарка, у якой дзейнічаюць буйныя транснац. карпарацыі. У гэту сістэму інтэгруюцца і ўсх. землі (тэр. былой ГДР). Удзельная вага прам-сці ў агульнай прадукцыі больш за 90%. На працягу пасляваен. часу для Германіі характэрны стабільна высокі ўзровень развіцця прам-сці. Буйны экспарцёр капіталу. Прамысловасць. Гал. галіны — машынабудаванне (у т. л. ваеннае) і хім. прам-сць. Германія — адзін з буйнейшых у свеце вытворцаў і экспарцёраў аўтамабіляў, станкоў, прамысл. абсталявання, суднаў, выліч. і быт. тэхнікі, канторскага абсталявання, ваен. тэхнікі (авіяракетная, танкі і інш.) і хім. тавараў. Значныя поспехі ў вытв-сці найноўшай тэхнікі, фармацэўтычнай прадукцыі, новых арган. хімікатаў і палімераў, мед. электронікі, оптыкі і вымяральных прылад. Развіты чорная і каляровая металургія (адно з вядучых месцаў у свеце па выплаўцы сталі, чыгуну, алюмінію, свінцу, медзі, цынку), нафтаперапр. і нафтахім., тэкст. (пераважна баваўняная і шарсцяная), трыкатажная, харчасмакавая прам-сць. Германія — адзін з буйнейшых у свеце вытворцаў піва, высакаякасных рэйнскіх і мозельскіх він, тытунёвых вырабаў, масла і маргарыну, кандытарскіх вырабаў, у т. л. шакаладу, дзіцячага харчавання, харч. канцэнтратаў і інш. Традыцыйная апрацоўка футра (пераважна норкі і каракулю). На тэр. былой ГДР размешчаны буйныя оптыка-мех. з-ды «Карл Цэйс», з-ды электратэхнікі і электронікі, станка- і прыладабудавання, паліграф. і тэкст. машынабудавання. На ўсх. землях, дзе пражывае каля 20% насельніцтва Германіі і вырабляецца толькі 4% прамысл. прадукцыі, праводзяцца мерапрыемствы па дзярж. стымуляванні развіцця. Здабыча (млн. т., 1993): каменнага вугалю 60 (пераважна Рур і Саар), бурага 222 (асн. здабыча ў Ніжнярэйнскім басейне), нафты 3. Штогадовы імпарт нафты каля 100 млн. т (у 1994 — 106 млн. т). Выкарыстоўваецца 87,2 млрд. м³ прыроднага газу (1994), у т. л. здабыча 17,7 млрд. м³, імпарт 69,5 млрд. м³, пераважна з Расіі (36,1%), Нідэрландаў (25,8), Нарвегіі (14,3). Выпрацоўка эл.-энергіі 526,1 млрд. кВтгадз (1994). Энергетыка ўсх. зямель пераводзіцца з бурага вугалю на газ, здабыча бурага вугалю скарачаецца. На базе здабычы каменнага вугалю склаўся Рурскі прамысл. раён з развітой чорнай і каляровай металургіяй, машынабудаваннем, хіміяй і інш. Выплаўка (млн. т, 1993) сталі — 37,6, чыгуну — 27. Рур — найб. металургічны раён Зах. Еўропы, працуе на імпартных жал. рудах. Асн. цэнтры Дуйсбург, Дортмунд, Бохум; з-ды ў Саарскім басейне, Брэмене, Айзенхютэнштаце. Каляровая металургія спажывае пераважна імпартную сыравіну. Асн. галіна спецыялізацыі ў рамках міжнар. падзелу працы — машынабудаванне; да 60% яе прадукцыі экспартуецца. Наменклатура маш.-буд. прадукцыі вельмі шырокая. Аўтамаб. прам-сць дае 15% экспарту. Вядучае месца ў ёй займаюць 5 манаполій: «Фольксвагенвэрк», «Даймлер-Бенц», БМВ, амер. кампаніі «Опель», «Форд мотар»; гал. іх цэнтры Вольфсбург, Штутгарт, Кёльн, Русельсгайм, Мюнхен. Цяжкае машынабудаванне, станкабудаванне ў Дуйсбургу, Брэмене, Эмдэне, Магдэбургу, Берліне і інш. Развіты суднабудаванне (Гамбург, Брэмен, Кіль, Любек) і вагонабудаванне. Выпускаюцца ў вял. колькасці халадзільнікі, тэлевізары, відэатэхніка, вымяральныя прылады і інш. Вядучыя кампаніі ў эл.-тэхн. і электроннай прам-сці «Сіменс» і «Бош»; гал. іх цэнтры Нюрнберг, Штутгарт, Кёльн, Мюнхен, Гамбург.

Па ўзроўні развіцця хім. прам-сці Германія займае вядучыя пазіцыі ў свеце. Больш за 80% прадукцыі галіны даюць кампаніі «Хёхст» (Франкфурт-на-Майне), «БАСФ» (Людвігсгафен) і «Баер» (Леверкузен). На ўсх. землях буйныя цэнтры Лёйна і Швет. Вытв-сць азотных (1,3 млн. т па колькасці азоту), калійных, фосфарных угнаенняў, сінт. каўчуку і пластмас (9,8 млн. т), кінафотаматэрыялаў, фармацэўтычных вырабаў і інш. У харч. прам-сці багаццем асартыменту вылучаюцца хлебабулачная (1400 гатункаў) і каўбасная (1500 найменняў), вытв-сць сыру і інш. малочных прадуктаў, кандытарскіх вырабаў. Традыц. галіны піваварэнне і вінаробства. Сельская гаспадарка. Германія — буйны вытворца с.-г. прадукцыі. Сельская гаспадарка падтрымліваецца ўрадавымі субсідыямі. На З асн. вытворцы с.-г. прадукцыі — 600 тыс. фермерскіх гаспадарак, на У — кааператывы, якія прыстасоўваюцца да рыначнай эканомікі, пераўтвараюцца ў таварыствы ці фермерскія гаспадаркі. Вядучая галіна — малочная і мясная жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы — 15,9 (у т. л. дойных кароў — 5,4), свіней — 26,1, авечак — 2,4. Вытв-сць (млн. т, 1993): ялавічыны — 1,7 (амаль 40% яе ідзе на экспарт), свініны — 3,6, малака — 28. Птушкагадоўля. Вырошчваюць (млн. т, 1993); пшаніцу — 15,8, ячмень — 11, жыта — 3, кукурузу — 2,7, бульбу — 12,3, рапс (семя) — 2,8, цукр. буракі — 28,6, агародніну, садавіну, вінаград. Развіта вырошчванне хмелю (гал. экспарцёр у свеце). Транспарт. Тэр. Германіі абслугоўвае густая сетка сучасных камунікацый — аўтастрад, скарасных чыгунак, газа- і нафтаправодаў. У краіне 10,7 тыс. км аўтастрад, 44,3 тыс. км федэральных і нац. шашэйных дарог, больш за 30 тыс. км федэральных чыгунак; 3644 км нафтаправодаў, 3946 км прадуктаправодаў, 97 564 км газаправодаў. Больш за 6,8 тыс. км унутр. водных шляхоў. Суднаходныя рэкі Рэйн, Везер, Эмс, Эльба, Одэр. На Рэйне самая буйная рачная гавань Еўропы Дуйсбург-Рурарт. Кільскі канал, што злучае Паўн. і Балт. моры, адыгрывае асаблівую ролю ў перавозках грузаў. Грузаабарот марскіх партоў Германіі перавышае 200 млн. т за год. Гал. марскія парты Гамбург, Брэмен, Любек, Ростак. Германія валодае марскім гандл. флотам грузападымальнасцю ў 5 млн. т (1994). 499 аэрапортаў. Самы буйны аэрапорт Еўропы Франкфурт-на-Майне; адна з буйнейшых авіякампаній у свеце «Люфтганза». Германія — другая гандл. дзяржава свету пасля ЗША. Экспарт (378 млрд. дол. ЗША, 1991) машын і прамысл. абсталявання (больш за 50% кошту), хім. прадукцыі, харч. тавараў і напояў, мінер. сыравіны, адзення, абутку, упрыгожанняў, сталі і чыгуну. Імпартуецца пераважна сыравіна і паліва (354 млрд. дол. ЗША, 1991). На Еўрап. супольнасць прыпадае палавіна гандл. сувязей. Асн. гандл. партнёры: Францыя, Італія, Нідэрланды, Вялікабрытанія, ЗША, Швейцарыя, КНР. Германія — галоўны гандл. партнёр Беларусі сярод зах. краін; набывае на Беларусі трактары, халадзільнікі і маразільнікі, калійныя ўгнаенні, дыметылтэрыфталат, фанеру і інш.; пастаўляе на Беларусь стальныя трубы, мед. інструменты і прылады, абсталяванне для харч. і тэкст. прам-сці, электронныя лямпы, гербіцыды, алей і інш. На Беларусі існуе больш за 200 сумесных германа-беларускіх прадпрыемстваў. Грашовая адзінка — герм. марка.

Узброеныя сілы (бундэсвер). Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМФ. У мірны час падпарадкоўваюцца міністру абароны, у ваенны — федэральнаму канцлеру. Паводле канстытуцыі ФРГ яе войскі не могуць выкарыстоўвацца за межамі краіны (дапушчальны толькі дапаможны ўдзел у міратворчых аперацыях). У канцы 1994 налічвалі 367,3 тыс. чал. (442,7 тыс. рэзервістаў), прадугледжана да 2000 г. скарачэнне іх колькасці да 340 тыс. чал. Камплектуюцца паводле змешанага прынцыпу (з добраахвотнікаў і па прызыве). У сухап. войсках (канец 1994) 254,3 тыс. чал., 8 механізаваных дывізій, мотапяхотная і 3 паветрана-дэсантныя брыгады, асобная брыгада армейскай авіяцыі. Маюць на ўзбраенні 5070 танкаў, 2915 баявых машын пяхоты, 4878 бронетранспарцёраў, 2312 гармат палявой артылерыі і мінамётаў, 667 самалётаў і верталётаў армейскай авіяцыі і інш. У ВПС (канец 1994) 82,9 тыс. чал., каля 480 баявых самалётаў. ВМФ (1996) налічвае 29 тыс. чал., мае 79 баявых караблёў (у т. л. 20 дызельных падводных лодак) і 36 ракетных катэраў, а таксама 71 баявы самалёт і 18 баявых верталётаў марской авіяцыі.

Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне пераважна прыватнае і платнае. Сістэма мед. страхавання і мед. кас робіць яго даступным для ўсіх слаёў насельніцтва. Існуе сетка адкрытых дзярж. і камунальных мед. устаноў. Асн. функцыі па мед. абслугоўванні (прафілактыка, лячэнне, рэабілітацыя) ажыццяўляюцца праз федэральнае мін-ва аховы здароўя, мед. касы, урачэбныя т-вы і мін-вы аховы здароўя федэральных зямель. Дзеці да 4-гадовага ўзросту сістэматычна абследуюцца з мэтай выяўлення прыроджаных парушэнняў дзейнасці сэрца, мозга, нерв. сістэмы, дарослыя (жанчыны пасля 30, мужчыны пасля 45 гадоў) — з мэтай ранняга выяўлення анкалагічных захворванняў. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 73, у жанчын 80 гадоў. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 121 чал., урачамі — 1 на 319 чал. Узровень нараджальнасці — 11 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць — 7 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Германіі ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў (існуюць пераважна пры пач. і спец. школах, а таксама пры царк. абшчынах, дабрачынных установах, прыватных фірмах і інш.); агульнаадук. ўстановы (пач. школы, асн. і рэальныя школы, гімназіі, агульныя школы); прафес. навуч. ўстановы; ВНУ. Пач. школа (з 6-гадовага ўзросту) — 1-я ступень школьнай сістэмы для ўсіх дзяцей; тэрмін навучання — 4 гады (у Берліне і Брандэнбургу — 6). Пасля пач. школы 60% дзяцей пераходзяць у асн. абавязковую школу, мэта якой — даць базавую адукацыю для наступнай прафесійнай; тэрмін навучання — 4—6 гадоў. Часта пач. і асн. школы ствараюць адзіную навучальна-выхаваўчую ўстанову. Рэальная школа (5—10 або 7—10 кл.) дае агульную адукацыю на ўзроўні няпоўнай сярэдняй з практычнай накіраванасцю. Пасля яе заканчэння вучні маюць права паступлення ў розныя тыпы прафес. школ. Найб. здольныя выпускнікі могуць паступіць у старэйшую ступень гімназіі (11—12-ы кл.) па рэкамендацыі школы без уступных экзаменаў. Гімназія разлічана, як правіла, на 9 гадоў (5—13-ы або 7/8—13-ы кл.). Гэта адзіны тып агульнаадук. школы, што дае права паступлення ва ун-т. Для збліжэння шляхоў агульнай і прафес. адукацыі праводзіцца рэформа старэйшай ступені гімназіі (11—13-ы кл.). Класна-ўрочная сістэма заняткаў заменена курсавой. Суадносіны абавязковых і факультатыўных навуч. прадметаў — 2:1, што робіць больш лёгкім пераход да навучання ў ВНУ. Існуюць таксама спец. гімназіі (эканам., тэхн. і інш.) і вячэрнія. У агульнай школе (інтэграванай, аб’яднанай, каапераванай) прадугледжаны ліквідацыя класна-ўрочнай сістэмы заняткаў, дыферэнцыяцыя і індывідуалізацыя навучання. Для кожнага навуч. прадмета ўведзена 2 праграмы — паглыбленая і скарочаная. Працягласць навучання — 12 гадоў. У Германіі дзейнічаюць розныя прыватныя школы: канфесійныя, вальдорфскія (выхаванне духоўна свабоднай асобы), сельскія школы-інтэрнаты, альтэрнатыўныя школы і інш. Прыватныя навуч. ўстановы пераважаюць у сферы дашкольнага выхавання, прафес. адукацыі і павышэння кваліфікацыі. У дзярж. сістэму прафес.-тэхн. навучання ўваходзяць некалькі тыпаў навуч. устаноў. Для падлеткаў да 18 гадоў, якія скончылі асн. школу і не працягваюць агульную адукацыю ў іншых тыпах школ, абавязковымі з’яўляюцца прафшколы з навучаннем без адрыву ад вытв-сці і навуч. ўстановы аднагадовай пач. прафес. падрыхтоўкі з адрывам ад вытв-сці. ВНУ Германіі належаць землям, за выключэннем некат. прыватных, царк., ун-таў бундэсвера і спец. ВНУ адм. кіравання федэрацыі. У сістэме вышэйшай школы найб. роля належыць ун-там і роўным ім ВНУ; ёсць спец. ВНУ і агульныя (у іх аб’яднаны розныя тыпы ВНУ). На 1.1.1996 у Германіі 112 ун-таў, 325 ВНУ, 167 спец. ВНУ, 46 вышэйшых вучылішчаў у галіне мастацтва. Найб. ун-ты: Мюнхенскі (з 1471), Свабодны ў Берліне (з 1948), Кёльнскі (з 1388), Мюнстэрскі (з 1780), Гётынгенскі (з 1737), Гайдэльбергскі універсітэт (з 1386), Берлінскі універсітэт (з 1810), Бонскі універсітэт (з 1786), Лейпцыгскі (з 1409), Гамбургскі (з 1919), Марбургскі (з 1527), Тэхнічны ў Дрэздэне (з 1828). Найб. б-кі: Нямецкая бібліятэка ў Лейпцыгу, Ням. ў Франкфурце-на-Майне, Баварская дзярж. ў Мюнхене, Дзярж. б-ка «Культурная спадчына Прусіі» ў Берліне, Ням. ў Берліне (з 1661), Б-ка імя герцага Аўгуста ў Вольфенбютэлі, Цэнтр. мед. б-ка ў Кёльне. Вял. фонды маюць б-кі ун-таў. Найб. музеі: Дзярж. музеі «Культурнай спадчыны Прусіі» (у т. л. Нац. і Карцінная галерэі) і Музей тэхнікі і транспарту ў Берліне, Дрэздэнская карцінная галерэя (з 1560), Старая і Новая пінакатэкі, Баварскі нац. музей, Ням. музей у Мюнхене, Герм. нац. музей у Нюрнбергу, Дзярж. галерэя і Дзярж. музей прыродазнаўства ў Штутгарце, Музей выяўл. мастацтваў у Лейпцыгу, дзярж. калекцыі твораў мастацтва ў Карлсруэ і Каселі, Дзярж. прыродазнаўча-гіст. музей у Браўншвайгу, Музей архітэктуры і Музей сучаснага мастацтва ў Франкфурце-на-Майне, Скарбніца сабора і Новая галерэя ў Ахене, Цэнтр. рымска-герм. музей у Майнцы, Рымска-герм. музей і Музей Вальраф-Рыхартц у Кёльне, Мемар. музей памяці ахвяр фашызму ў Бухенвальдзе, этнагр. музеі ў Берліне, Франкфурце-на-Майне, Гётынгене, Гамбургу, Кілі, Кёльне, Любеку, Мюнхене, Штутгарце. Навукова-даследчую работу ў Германіі праводзяць у асноўным ВНУ, н.-д. цэнтры, аддзяленні эканомікі, лабараторыі прам-сці і інш. дзярж. і прыватныя н.-д. ўстановы. З ВНУ у галіне даследаванняў супрацоўнічаюць 7 АН (у Дзюсельдорфе, Гётынгене, Гайдэльбергу, Лейпцыгу, Майнцы, Мюнхене) і Берлінска-Брандэнбургская акадэмія мастацтваў. Буйнейшая пазауніверсітэцкая н.-д. арг-цыяТ-ва па развіцці навук імя Макса Планка, у складзе якога больш за 60 н.-д. устаноў высокага ўзроўню.

Друк, радыё, тэлебачанне. Германія мае развітую сетку сродкаў масавай інфармацыі і займае па гэтым паказчыку адно з вядучых месцаў у свеце. На 1 тыс. ж. прыпадае ў сярэднім па 500 экз. газет і 600 тэлевізараў. Буйнейшыя штодзённыя газеты: «Bild Zeitung» («Більд Цайтунг», «Ілюстраваная газета»), «Süd-deutsche Zeitung» («Паўднёвагерманская газета»), «Frankfurter Rundschau» («Франкфурцкі агляд»), «Neue Rhein-Zeitung» («Новая рэйнская газета»), «Die Zeit» («Час»), «Stuttgarter Zeitung» («Штутгарцкая газета»), «Westfälische Rundschau» («Вестфальскі агляд»), «Rheinische Post» («Рэйнская пошта»), «Die Welt» («Свет»). Нац. інфарм. агенцтва Дойчэ Прэсэ Агентур (ДПА).

Тэле- і радыёвяшчанне ў Германіі ўключае праграмы агульнанац. (АРД, ЦДФ, Дойчландфунк), федэральных зямель і прыватных кампаній, якія размяркоўваюцца па наземных, спадарожнікавых і кабельных сетках. З больш як 40 спадарожнікаў (Астра, Еўтэлсат, ДФС Капернікус і інш.) магчымы прыём больш за 100 праграм тэлебачання (палавіна з якіх на ням. мове) і радыёвяшчання (мона- і стэрэафанічнага, аналагавага і лічбавага) на антэны індывідуальныя (каля 40% абанентаў) і калектыўныя (у сетках кабельнага тэлебачання, каля 60% абанентаў). Спадарожнікавая праграма Дойчэ Вэле вядзе вяшчанне на замежныя краіны.

Літаратура. Грунтуецца на фалькл. спадчыне герм. плямён. Першыя пісьмовыя помнікі на стараж.-герм. дыялектах — пераважна культавыя тэксты (8—9 ст.). Найб. стараж. помнік эпічнай паэзіі — гераічная «Песня пра Гільдэбранта» (захаваўся пачатак, запісаны каля 810). Захавальнікамі паэт. традыцый вуснай нар. творчасці былі вандроўныя спевакі — шпільманы. У 13 ст. з’явіліся апошнія літ. апрацоўкі стараж. гераічных паданняў («Песня пра Нібелунгаў»; «Кудруна», паэма пра Дзітрыха Бернскага), развіваліся паэзія вагантаў, рыцарскі раман (Гартман фон Аўэ, Вольфрам фон Эшэнбах, Готфрыд Страсбурскі) і куртуазная лірыка (Вальтэр фон дэр Фогельвайдэ). У 13—15 ст. набылі папулярнасць гар. хронікі, бюргерская л-ра, у т. л. празаічныя і вершаваныя апавяданні (шванкі) і нар. фарсы (фастнахтшпілі; Штрыкер, Вернер-Садоўнік, Фрайданк), маральна-дыдактычная паэзія, майстарзанг (гл. Майстарзінгеры). У 16 ст. дасягнула росквіту антыклерыкальная гуманіст. л-ра: «Карабель дурняў» С.Бранта, «Цэх махляроў» Т.​Мурнера, «Пісьмы цёмных людзей» (розных аўтараў), дыялогі У. фон Гутэна, «Пахвала дурасці» Эразма Ратэрдамскага. Антыфеад. і антыклерыкальны пратэст адлюстраваны ў нар. паэме «Рэйнеке-Ліс», нар. кнігах пра Тыля Уленшпігеля (1515), «Гісторыі пра доктара Іагана Фауста» (1587), «Шыльдбюргерах» (1598), нар. песнях. У пропаведзях Т.Мюнцэра часоў Сялянскай вайны 1524—26 у рэліг. формулах сцвярджаліся гуманіст. ідэалы. Вял. значэнне для развіцця ням. літ. мовы меў пераклад М.Лютэрам Бібліі. Традыцыі нар. л-ры працягваў Г.Сакс. У пач. 17 ст. ў л-ры панаваў класіцызм (М.​Опіц), пазней барока (лірыка П.Флемінга, А.Грыфіуса, сатыра Ф. фон Логаў, галантна-прэтэнцыёзная паэзія К.Г.Гофмансвальдаў); умацоўвалася нямецкамоўная л-ра, выцяснялася латынь. Вяршыня тагачаснай ням. л-ры — вострасац. рэаліст. раман Г.Я.К.Грымельсгаўзена «Сімпліцысімус». Асветніцтва ў Германіі дасягнула росквіту ў 2пал. 18 — пач. 19 ст. ў тэарэтычных працах і драмах Т.Э.Лесінга, творчасці Ф.​Г.​Клопштака, К.М.Віланда.

Ранняя творчасць І.В.Гётэ і Ф.Шылера была цесна звязана з прасякнутым антыфеад. настроем літ. рухам «Бура і націск», да якога прымыкалі Я.М.​Р.​Ленц, Г.А.Бюргер і інш. Вял. ролю ў развіцці тагачаснай ням. л-ры і эстэтыкі мелі тэарэт. працы І.Г.Гердэра, І.І.Вінкельмана. Апіраючыся на ідэі апошняга, Гётэ і Шылер распрацавалі канцэпцыю «веймарскага класіцызму». На мяжы 18—19 ст. узнік рамантызм. Каля яго вытокаў стаялі В.Г.Вакенродэр, Ф.Шлегель, Наваліс, Л.І.Цік. У яго рэчышчы тварылі І.К.Ф.Гёльдэрлін, Жан Поль, Г. фон Кляйст, Э.Т.А.Гофман. Многія рамантыкі звярталіся да фальклору (казкі братоў Я. і В.Грым, зб. песень «Чароўны рог хлопчыка» Л.А. фон Арніма і К.Брэнтана). Рамантызм плённа паўплываў і на лірыку І.​Айхендорфа, В.​Мюлера, Л.​Уланда, Э.​Ф.​Мёрыке. У прозе А.Шаміса і паэзіі маладога Г.Гейнэ ён набыў рэв.-дэмакр. характар. Пасля Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 у Францыі (яе падзеі адлюстраваў Л.​Бёрне ў кн. «Парыжскія лісты») у ням. л-ры ўзмацніўся рэв.-дэмакр. кірунак (паэзія і публіцыстыка Гейнэ, Т.Бюхнера), а ў творчасці пісьменнікаў «Маладой Германіі» (Л.​Вінбарг, К.​Гуцкаў, Г.​Лаўбе і інш.) — ліберальна-дэмакратычны; фарміравалася сац.-паліт. паэзія (паліт. лірыка Гейнэ, Г.Гервега, Ф.Фрайліграта). Крытычны рэалізм 2пал. 19 ст. найб. вастрыні дасягнуў у творчасці Т.​Шторма, Т.​Фантане, хоць увогуле характарызаваўся сац. абмежаванасцю. Адбывалася і станаўленне натуралізму (ранняя творчасць Т.Гаўптмана, Р.​Дэмеля). Уздым сац.-дэмакр. руху ў канцы 19 ст. спрыяў развіццю пралетарскай л-ры і крытыкі (Р.​Швайхель, Ф.​Мерынг). На мяжы 19 — 20 ст. праявіліся імпрэсіянізм, сімвалізм, неарамантызм. У пач. 20 ст. набраў сілу крытычны рэалізм (раманы братоў Т.Мана і Г.Мана, Я.Васермана, В.Келермана, драмы Гаўптмана, Ф.​Ведэкінда). Напярэдадні 1-й сусв. вайны ва ўмовах нарастаючага крызісу грамадскага развіцця ўзнік экспрэсіянізм (Г.​Гайм, Г.​Тракль, А.Дзёблін). Пад уплывам рэвалюцый 1917 у Расіі і 1918 у Германіі атрымала пашырэнне л-ра леварадыкальнага кірунку (І.Р.Бехер, Б.Брэхт, Г.Зэгерс, Ф.​К.​Вайскопф, Ф.​Вольф, Э.​Э.​Кіш і інш.). Плённа развіваўся крытычны рэалізм (браты Маны, Л.Фейхтвангер, Л.Франк, Г.Фалада, А.Цвэйг, Г.Гесэ). Актуальнасць набыла антываен. тэма (раманы Цвэйга, Э.М.Рэмарка, Л.​Рэна), публіцыстыка К.Асецкага і сатыра К.​Тухольскага. Узнікла л-ра экзістэнцыялізму (Ф.Кафка). У выніку ўсталявання ў Германіі нацыянал-сацыялісцкай дыктатуры большасць пісьменнікаў эмігрыравала, некаторыя рэпрэсіраваны і закатаваны. Гэты перыяд адзначаны панаваннем шавіністычна-мілітарысцкай белетрыстыкі (В.​Боймельбург, Э.​Дзвінгер, Г.​Грым, Г.​Іост і інш.) і ўзнікненнем нелегальнай антыфаш. л-ры Супраціўлення (А.​Кукгоф, А.​Гаўсгофер і інш.). З 1949 пачалося самаст. развіццё л-р ГДР і ФРГ.

У літаратуры ГДР у 1940—50-я г. пераважала праблематыка гіст. урокаў нядаўняга мінулага: выкрыццё фашызму, тэма адказнасці чалавека перад народам і гісторыяй (проза Зэгерс, В.Брэдэля, Вайскопфа, Рэна, Б.​Апіца, Э.​Штрытматэра, паэзія Бехера, Э.​Вайнерта, Ф.​Фюмана, С.​Хермліна, Л.​Фюрнберга, драматургія Брэхта, Ф.​Вольфа). Тэма віны і адказнасці немцаў перад слав. светам цэнтральная ў творчасці І.Баброўскага. У 2пал. 1950-х — 60-я г. пісьменнікі ГДР звярнуліся да адлюстравання новых грамадскіх адносін. У прозе прадаўжалася маст. распрацоўка антыфаш. тэмы (В.​Нойгаўс, Дз.​Ноль, М.​В.​Шульц, Фюман), разглядалася праблема «дзвюх Германій» (Зэгерс, К.Вольф). Творам 1970-х г. уласцівы філас.-інтэлектуальная скіраванасць (проза К.​Вольф, Фюмана, паэзія Э.​Арэнта, драматургія Г.​Мюлера, П.​Гакса), распрацоўка тэмы стваральнай працы (Э.​Нойч), інтэлігенцыі (Г.​Кант), маладога пакалення (Г.​Гёрліх, У.​Пленцдорф), маральна-этычная праблематыка (Г. дэ Бройн, Ю.Брэзан, Шульц, Штрытматэр, І.​Навотны, Р.​Штраль). У рэчышчы ням. л-ры ГДР развівалася сербалужыцкая літаратура (Брэзан). Аб’яднанне Усх. і Зах. Германій прыпыніла адасобленае развіццё л-ры ГДР. Далучэнне асобных яе пісьменнікаў да агульнаням. літ. працэсу праходзіла павольна і балюча.

У літаратуры ФРГ вызначальнымі былі тэмы 2сусв. вайны і нацыянал-сацыялізму, праблемы сумнення і выбару, віны і адказнасці. Тут прадоўжаны літ. традыцыі Веймарскай рэспублікі: на аснове эстэт. плыней пач. 20 ст. (В.Борхерт, Г.​Вайзенборн, Г.Бэн, Э.​Юнгер, Г.​Г.​Ян), экзістэнцыялізму (Г.​Э.​Носак, А.​Андэрш), рэалізму (В.​Кёпен, Г.Бёль, З.Ленц, М.І.Вальзер, Т.Грас, У.​Іонсан) і «магічнага рэалізму» (Э.​Лангесер, Г.​Казак, С.​Андрэс). Антыфаш. і антываен. тэматыка аб’яднала ў літ. «Групе 47» пісьменнікаў розных паліт. арыентацый і эстэт. прынцыпаў (Г.​В.​Рыхтэр, Кёпен, Бёль, Вальзер, Андэрш, Г.​Айх і інш.). У 1950-я г. пашырыліся творы «масавай культуры» (І.​Баўэр, Г.​Конзалік), узмацніліся рэваншысцкія матывы (Боймельбург, Дзвінгер, Г.​Грым). Адначасова абвастрыліся антыфаш. тэндэнцыі (К.​Цукмаер, Борхерт, Н.Закс) і крытычнае адлюстраванне зах.-герм. рэчаіснасці (Рыхтэр, Кёпен, Бёль). У 1960-я г. ўзніклі дортмундская «Група 61» (Г.Вальраф, М. фон дэр Грун і інш.) і гурткі рабочай л-ры, члены якіх пісалі пра жыццё і працу рабочых. Дасягненні паэзіі ФРГ звязаны з імёнамі Бэна, Закс, П.​Вайса, Р.​Гохута. У 1960—70-я г. з’явіўся шэраг высокагуманіст. твораў: раманы Бёля, Носака, З.​Ленца, П.​Шалюка, п’есы Вайса, Гохута, Вальзера, Граса. У л-ры 1970—80-х г. назіраюцца працяг сац.-крытычных і гуманіст. традыцый (творчасць Бёля, Вальзера, З.​Ленца, Вайса), цікавасць да дакументалізму (рэпартажы і нарысы Вальрафа), пошукі новых форм і стылявых сродкаў. У драматургіі пераважае сац. і гіст. праблематыка (М.​Шпер, Г.​Генкель, Ф.​К.​Крэтц). У 1990-я г. адбываецца размежаванне пісьменнікаў розных сац.-паліт. кірункаў.

На Беларусі ням. л-ра вядома з сярэдніх вякоў. У 2пал. 15 ст. на бел. мову перакладзена «Аповесць пра трох каралёў» ням. манаха Іагана з Гельдэсгайма. У перакладзе на бел. мову выдадзены творы Гётэ («Фауст», ч. 1—2, 3-е выд., 1991; «Спатканне і ростань», 1981), Шылера («Вільгельм Тэль», 1934; «Балады», 1981; «Вершы і балады. Драмы», 1933), Гейнэ («Германія. Зімовая казка», 1939; «Выбраныя творы», 1959), братоў Грым, Р.​Э.​Распэ, В.​Гаўфа, Келермана, А.​Абуша, Рэмарка, Бехера, Г.​Альфрэда, М.​Кальтофена, Л.​Турэка, Брэдэля, Г.​Мархвіцы, Э.​Глезера, Фейхтвангера, А.​Гёртца, Г.​І.​Гартунга, Рэна, Б.​Фёлькнера, Брэзана, Бройна, Г.​Гофе, Фалады («Даўным-даўно ў нас дома», 1981), А.​Аменды («Апасіяната», 1983), Т.​Мана («Доктар Фаустус», 1989), Гесэ («Гульня шкляных перлаў», 1992), Бёля («Більярд а палове дзесятай», 1993), Грымельсгаўзена («Сімпліцысімус», 1997), а таксама анталогія лірыкі «Пярэднія выйшлі ў заўтра» (1968), зб-кі апавяд. «Незабыўны дзень» (1973), «Матчына споведзь» (1985). У перыяд. друку апублікаваны асобныя творы Лесінга, Шаміса, Г.​Веерта, Борхерта, Гохута, Вайнерта, Ф.​Вольфа, К.​Нойкранца, Г.​Поля, К.​Брэгера, Э.​Толера і інш. На бел. мову творы ням. пісьменнікаў перакладалі А.​Абуховіч, Я.​Барычэўскі, Л.​Баршчэўскі, Я.​Бялясін, В.​Вольскі, Ю.​Гаўрук, К.​Даўкша, С.​Дорскі, А.​Дудар, М.​Ермалаеў, А.​Звонак, А.​Зарыцкі, А.​Клышка, А.​Лойка, М.​Навіцкі, У.​Папковіч, У.​Сакалоўскі, Я.​Семяжон, В.​Сёмуха, Ю.​Таўбін, Х.​Шынклер, У. і Г.​Чапегі і інш.

Адно з першых упамінанняў пра Беларусь у ням. л-ры — у вершах П.​Зухенвірта (канец 14 ст.). У Германіі ў 16 ст. была вядома палемічная публіцыстыка Буднага, творы Волана і Сматрыцкага, у канцы 18 — пач. 19 ст. — працы С.​Маймана. Больш шырокае знаёмства з Беларуссю адбылося ў 19 ст. пасля заснавання час. «Archiv für slavische Philologie» («Архіў фюр славішэ філолагі»), у якім асвятляліся сярэдневяковая бел. л-ра і фальклор. У 1877 перакладзены і выдадзены «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх». На пач. 20 ст. матэрыялы пра Беларусь друкаваліся ў ням. перыяд. друку, выходзілі асобнымі выданнямі. На ням. мову перакладзены асобныя творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, П.​Броўкі, А.​Куляшова, Т.​Хадкевіча, М.​Паслядовіча, К.​Крапівы, Я.​Маўра, Я.​Брыля, У.​Караткевіча, І.​Шамякіна, В.​Быкава, А.​Адамовіча, А.​Кудраўца, С.​Алексіевіч, А.​Разанава і інш. У 1995 выдадзена анталогія «Беларусь. Мова, якая выстаяла». Творы бел. л-ры на ням. мову перакладалі Н.​Рандаў, Г.​Грым, Р.​Вільнаў, Г.​Гербот, Г.​Лёфлер, Д.​Памерэнке, Л.​Рэманэ, Т.​Рэшке, К.​Гутшміт, Г. і У.​Чапегі, Э.​Эрб і інш.

Архітэктура. Пад уплывам ант. і візант. дойлідства на тэр. Германіі склалася каралінгская архітэктура (палацавая капэла ў Ахене, каля 800). У перыяд інтэнсіўнага росту гарадоў склаўся сталы раманскі стыль (2пал. 11 — 1-я пал. 13 ст.), вызначыліся асн. тыпы гар. (пераважна фахверкавыя 3-павярховыя) і вясковых (зрубныя альбо фахверкавыя) дамоў, пабудаваны буйнейшыя манастырскія цэрквы (Марыя-Лах, 1093—1156) і гар. саборы (у Шпаеры, Майнцы, Вормсе, Бамбергу, Наўмбургу і інш.) — базілікі і цэнтрычныя храмы. У гатычным стылі (13—14 ст.), які развіваўся пад моцным уплывам франц. архітэктуры, будаваліся каменныя і цагляныя ратушы (Любек, Мюнстэр, Браўншвейг), замкі, гандл. памяшканні, шпіталі, склады, каменныя і фахверкавыя дамы. Гатычныя саборы часцей былі вялізных памераў (Кёльнскі сабор) і мелі аднавежавы зах. фасад (Фрайбургім-Брайсгаў). Гарады ўмацоўваліся магутнымі сценамі з вежамі і брамамі. У 15 ст. пашырыліся зальныя храмы (Мюнхен, Нюрнберг). Рэнесансавыя рысы праявіліся ў 15 ст., але найб. ярка яны выявіліся ў пач. 17 ст. (порцік ратушы ў Кёльне, 1669—73, арх. В.​Фернукен). З пач. 18 ст. пашыраецца барока: гар. палац у Берліне (1698—1722, арх. А.Шлютэр), ансамбль Цвінгер у Дрэздэне (1711—22, арх. М.Д.Пёпельман), епіскапская рэзідэнцыя ў Вюрцбургу (1719—33, арх. І.Б.Нойман) і інш. Архітэктура ракако найб. выявілася ў загарадным палацы Фрыдрыха II Сан-Сусі (1745—47, арх. Г.В.Кнобельсдорф). У ням. архітэктуру пранікаюць рысы класіцызму (Брандэнбургскія вароты, 1788—91, арх. К.​Г.​Лангханс), яго росквіт прыпадае на 1-ю пал. 19 ст. Найб. значныя архітэктары-класіцысты К.Ф.Шынкель, Ф.К.Л. фон Кленцэ. У пабудовах сярэдзіны і 2пал. 19 ст. адчуваецца ўплыў эклектызму (рэйхстаг, 1884—94). Архітэктары пач. 20 ст. праяўляюць цікавасць да канструкцыйнай выразнасці і функцыян. апраўданасці: комплекс фірмы «АЭГ» у Берліне (1909—12, арх. П.Берэнс), будынак «Баўгауза» ў Дэсаў (1926, арх. В.Гропіус), павільён Германіі на выстаўцы ў Барселоне (1929, арх. Л.Міс ван дэр Роэ), пабудовы Ф.​Гёгера, М.​Берга і інш. Павышаная экспрэсіўнасць і дынамічнасць форм характэрны для творчасці Э.Мендэльзона, Т.Пёльцыга. Цэнтрам ням. функцыяналізму стаў «Баўгауз». Жыллёвы крызіс пасля 1-й сусв. вайны вымусіў урад Германіі будаваць танныя кватэры. Архітэктары рабілі шмат цікавых эксперыментаў, але ў тагачасных умовах іх плённыя ідэі не былі ажыццёўлены. З устанаўленнем фаш. дыктатуры многія выдатныя архітэктары эмігрыравалі. У ням. архітэктуры праявіліся напышлівыя псеўдаманументальнасць і паказная ўрачыстасць. Ням. архітэктура доўгі час была ў заняпадзе і пасля 1945.

У архітэктуры ГДР 1950-х г. пераважала фасадная перыметральная забудова, выкарыстоўваліся прынцыпы рэгулярнай планіроўкі (пл. Альтмаркт у Дрэздэне, Цэнтралерплац у Магдэбургу, Лангештрасэ ў Ростаку). З прычыны нешматлікіх сродкаў, вылучаных на жыллёвае буд-ва, пачалі ствараць буйныя пасяленні з аднастайным панэльным домабудаваннем. З 2пал. 1950-х г. пачалося ўкараненне індустр. метадаў буд-ва, пераважалі прыёмы свабоднай функцыян. планіроўкі, лаканічныя формы збудаванняў з буйных і аб’ёмных блокаў (рэканструкцыя цэнтраў Дрэздэна, Лейпцыга, Магдэбурга). У 1960—70-я г. створаны ансамблі вуліц і плошчаў з вышыннымі акцэнтамі і буйнымі грамадскімі будынкамі (пл. Александэрплац у Берліне, вул. Прагерштрасэ ў Дрэздэне). Сярод значных пабудоў: Дом настаўніка (1964, арх. Г.​Гензельман), Мін-ва замежных спраў (1967, арх. І.​Кайзер), гасцініца «Штат Берлін» (1969, арх. Р.​Корн), «Палац рэспублікі» (1976, арх. Г.​Графундэр), Хірург. цэнтр псіхіятрычнай бальніцы (1981, арх. Л.​Карнелі і інш.) у Берліне, ун-т у Лейпцыгу (1973, арх. Гензельман).

У архітэктуры ФРГ 1950—70-х г. развіваліся традыцыі ням. функцыяналізму ў буд-ве прамысл., трансп. збудаванняў, кантор і фірмаў (тэлевежа ў Штутгарце, 1956, арх. Ф.​Леанхарт; будынкі аўтамаб. фірмы БМВ у Мюнхене, 1972, арх. К.​Шванцэр; фірмы «Бальзен» у Гановеры, 1974, арх. Дз.​Бала). Пашыраны эфектныя дзелавыя будынкі (будынак фірмы «Тысен» у Дзюсельдорфе, 1960, арх. Г.​Гентрых), развіваліся тэндэнцыі арган. архітэктуры (філармонія ў Берліне, 1964, арх. Г.​Шароўн). Сусв. вядомасць набылі збудаванні да Алімпійскіх гульняў 1972 у Мюнхене (арх. Г.​Беніш). Элементамі эмацыянальнага ўздзеяння напоўнена архітэктура музеяў і выставачных залаў: музеі ў Мёнхенгладбаху (1982, арх. Г.​Голяйн), Вальраф-Рыхартц у Кёльне (1986, арх. Г.​Габерэр), ням. архітэктуры (1984, арх. О.​М.​Унгерс) і маст. рамёстваў (1985, арх. Р.​Маер) у Франкфурце-на-Майне, дзярж. галерэя ў Штутгарце (1983, арх. Дж.​Стырлінг).

Лепшыя дасягненні ў архітэктуры Германіі 1990-х г. звязаны з цікавымі эксперыментамі, пошукамі новых ідэй, спалучэннем стылю і ідэалогіі мастацтва «Баўгауза» з найноўшымі тэндэнцыямі сусв. архітэктуры (постмадэрнізм і інш.). Сярод вядомых майстроў: Г.​Ян, Г.​Бём, Беніш, Унгерс і інш.

Выяўленчае мастацтва. Гісторыя ўласна ням. мастацтва пачалася ў перыяд «Каралінгскага адраджэння» (8—9 ст.), калі былі створаны цудоўныя ўзоры разьбы па слановай косці і мініяцюры. Традыцыі каралінгскага мастацтва сталі базай для раннераманскага, т.зв. атонаўскага мастацтва (1-я пал. 10 — 1-я пал. 11 ст.). Склаліся шматлікія мясц. школы мініяцюры (Трыр, Кёльн, на в-ве Райхенаў), скульптуры, асабліва бронзавае ліццё (дзверы сабора ў Гільдэсгайме) і разьба па дрэве («Распяцце Гера», Кёльнскі сабор, каля 970). Высокага развіцця дасягнула ювелірнае мастацтва. У скульптуры канца 11 — 1-й пал. 12 ст. панаваў т.зв. строгі стыль, адметны аскетычнасцю і застыласцю форм (свяцільнік «Вальфрам», каля 1157, сабор у Эрфурце). У 2пал. 12 — 1-й пал. 13 ст. скульптура стала больш аб’ёмнай, з матывамі руху (барэльефы на агароджах хораў цэркваў у Гільдэсгайме, Гальберштаце, сабора ў Бамбергу). Цэрквы працягвалі размалёўваць фрэскамі, у пач. 11 ст. паявіліся вітражы (сабор ў Аўгсбургу). З развіццём раманскага стылю звязаны ўздым маст. промыслаў (эмалі, маст. ліццё, тканіны). У перыяд позняй готыкі (14—15 ст.) высокага ўзроўню дасягнула драўляная паліхромная скульптура, што ўпрыгожвала пераносныя алтары ў інтэр’ерах цэркваў. У 15 ст. скульптуры на фасадах і ў інтэр’ерах цэркваў набылі яркую жыццёвую і псіхал. характарыстыку (фасады сабораў у Бамбергу і Магдэбургу, рэльефы і статуі сабора ў Наўмбургу), што стала вышэйшым дасягненнем еўрап. гатычнага мастацтва. У пач. 15 ст. існаваў т.зв. мяккі стыль, у рамках якога праявіліся рысы лірычнай інтымнасці і схільнасць да быт. трактоўкі рэліг. тэм (майстар Франке, мастакі кёльнскай школы). У творах швабскіх жывапісцаў Л.Мозера і Г.Мульчэра (1-я трэць 15 ст.) намеціліся рэаліст. тэндэнцыі. Аналагічныя пошукі праявіліся ў скульптуры (Н.​Герхарт) і гравюры (М.Шонгаўэр). На мастацтва Адраджэння (канец 15 ст. — 1530-я г.) паўплывалі класавыя і рэліг. канфлікты. У жывапісе і графіцы ідэі гуманізму ўвасоблены ў востра індывідуальных характарыстыках вобразаў сучаснікаў (А.Дзюрэр, М.Груневальд, Г.Бальдунг, Г.​Гольбейн Малодшы). Паэтычнасць і містычная паглыбленасць была ўласціва мастакам дунайскай школы (Л.Кранах Старэйшы, А.Альтдорфер і інш.). Познагатычныя традыцыі моцна зацвердзіліся ў скульптуры (Ф.Штос, А.Крафт, Т.Рыменшнайдэр, сям’я Фішэр). Але пасля часовага росквіту настаў час застою ў ням. мастацтве. З сярэдзіны 16 ст. пашырылася суб’ектыўнае і мудрагелістае мастацтва маньерызму. Высокага ўздыму дасягнула маст. рамяство (ювелірныя вырабы, мэбля, посуд, зброя). У пач. 17 ст. ў жывапісе адным з заснавальнікаў еўрап. пейзажа стаў А.​Эльсгаймер. У 2пал. 18 ст.пач. 19 ст. класіцызм зацвердзіўся ў жывапісе (А.Р.Менгс, А.Каўфман, А.Я.Карстэнс) і скульптуры (Г.​Шадаў, К.​Раўх), яго рысы праявіліся ў творчасці партрэтыстаў А.​Графа, А. І В.​Тышбайнаў, у жанравых гравюрах Д.Н.Хадавецкага. Ням. рамантызм 1-й пал. 19 ст. характарызуе творчасць Ф.О.Рунге, К.Д.Фрыдрыха, І.Ф.Овербека. Ням. сярэднявечча апявалі раннія прадстаўнікі дзюсельдорфскай школы жывапісу. У рэчышчы рамант. плыні ўзнікла і развівалася мастацтва бідэрмеера. У сярэдзіне 19 ст. вядучым стала рэаліст. мастацтва (А. фон Менцэль, В.Ляйбль, М.Ліберман). Рэалізму і акад. эклектызму проціпаставілі сваё мастацтва т.зв. неаідэалісты. У канцы 19 ст. пашырыліся імпрэсіянізм, сімвалізм і стыль мадэрн, вядомы ў Германіі як «югендстыль» (атрымаў асаблівае развіццё ў афармленні інтэр’ераў, у кніжнай і рэкламнай графіцы). На мяжы 19—20 ст. узмацнілася роля т.зв. сацыяльна-крытычнай графікі (В.Буш, К.Кольвіц, Т.​Гайне, Г.​Цыле, Г.​Балушак). У скульптуры рэаліст. кірунак найб. ярка прадстаўлены Г.​Кольбе. У пач. 20 ст. ў Германіі ўзнік экспрэсіянізм (Э.​Нольдэ, Э.​Гекель, Э.​Л.​Кірхнер, Ф.​Марк, К.​Шміт-Ротлуф, В.Кандзінскі, М.​Пехштайн, К.​Гофер і інш.). На творчасці 2-га пакалення экспрэсіяністаў ляжыць адбітак трагедыі вайны і пасляваен. рэчаіснасці (М.Бекман, скульптары Э.Барлах і В.​Лембрук). Вял. ролю ў фарміраванні сучаснага мастацтва на прынцыпах канструктывізму адыграла школа «Баўгауз». Развіццё мастацтва было гвалтоўна спынена з прыходам да ўлады ў 1933 фашыстаў. Пасля разгрому ў 1945 фашызму мастацтва стала аднаўляцца, але з утварэннем двух ням. дзяржаў у 1949 адбылася палярызацыя маст. сіл.

Выяўленчае мастацтва ГДР было звязана з метадам сацыяліст. рэалізму. Старыя майстры, творчасць якіх фарміравалася ў пач. 20 ст. збераглі сувязь з векавой ням. культурай (Г.​Грундыг, М.​Лінгнер, О.​Нагель і інш.). У 1960-я г. ў Лейпцыгскім вышэйшым маст. вучылішчы нарадзіліся новыя тэндэнцыі сацыяліст. рэалізму ў жывапісе (В.​Цюбке, Б.​Гайзіг); некат. майстры выкарыстоўвалі рэаліст. метад, сінтэз постэкспрэсіянізму і магічнага рэалізму (В.​Матхоер). У скульптуры вызначальнае месца належала мемар. помнікам і партрэту (В.​Ламерт, В.​Арнальд, В.​Говард, Т.​Бальдэн, Г.​Драке і інш.). Найб. значны скульптар ГДР Ф.​Крэмер, аўтар манум. шматфігурнага помніка ў Бухенвальдзе (1958). Сярод графікаў вядомы К.​Э.​Мюлер, Л.​Грундыг, А.​Мор, Г.​Т.​Рыхтэр і інш.

Выяўленчае мастацтва ФРГ пасляваеннага часу працягвала традыцыі папярэднікаў, творча выкарыстоўваючы новыя плыні зах.-еўрап. і амер. мастацтва. Гуманіст. традыцыі ням. мастацтва зберагаліся ў творчасці майстроў старэйшага пакалення (О.​Дзікс, О.​Панкак і інш.). У 1950-я г. на змену мадэрнізму прыйшоў абстрактны экспрэсіянізм (В.​Баўмайстэр, Э.​В.​Най, Ф.​Вінтэр). У 1960-я г. склалася група «Зеро» з Дзюсельдорфа, якая пад знакам мастацтва «оп-арт» рабіла новыя крокі ў эксперым. традыцыю «Баўгауза» (О.​Піне, Г.​Мак і інш.), пазней «Гард-Эгдэ» (кірунак у мастацтве, які аддаваў перавагу геам. формам і кантрастным фарбам; Г.​Фрутрунк, К.​Г.​Пфалер, В.​Гаўль). Сярод буйнейшых сучасных ням. мастакоў-наватараў розных кірункаў і плыней І.​Бойс, Г.​Базеліц, А.​Кіфер, М.​Люпертц, А.​Р.​Пенк, З.​Польке, Г.​Рыхтэр, У.​Рукрым, Р.​Горн і інш.

Музыка. Практыка ігры на луры (духавы інструмент) у стараж. германскіх плямён існавала ўжо ў 1-м тыс. да н. э. Пазней развілася песенная культура. Узніклі лакальныя стылі песеннага фальклору; памежныя песенныя дыялекты ўзаемадзейнічалі з фальклорам суседніх народаў. У 9 ст. пашырылася прафес., пераважна царк. музыка. Уплыў ням. песеннасці зазнаў грыгарыянскі харал (дзейнасць Ахенскай капэлы, 9 ст.). Захаваліся секвенцыі і тропы, створаныя ў Санкт-Галенскім манастыры (Швейцарыя, 9—10 ст.). У 10 ст. тут была пашырана неўменная натацыя, у 12—13 ст. адбыўся пераход да 5-лінейнай натацыі. У 10—15 ст. для ням. хар. музыкі характэрны арганум — від ранняй поліфаніі. Побач з царк. развівалася свецкае муз. мастацтва шпільманаў, якое паўплывала на муз. мастацтва вагантаў і галіярдаў, а ў 14—16 ст. — вандроўных чаляднікаў. Музыка шпільманаў уздзейнічала на свецкае прафес. мастацтва мінезінгераў — мінезанг (12—14 ст.). Да нашага часу дайшлі песенныя зборнікі твораў мінезінгераў, шпільманаў і вагантаў, у т. л. «Іенскі зборнік» (каля 1350), «Лахамскі песеннік» (15 ст.). У 14—16 ст. узніклі аб’яднанні гар. музыкантаў — майстарзінгераў. Сярод тагачасных помнікаў песенны зборнік В.​Фогта (1558). У 15—16 ст. было пашырана хатняе музіцыраванне (ігра на лютні і інш.), інтэнсіўна развівалася арганнае мастацтва. Вядучымі жанрамі былі меса, матэт, псалмы, поліфанічная быт. і духоўная песня; узнік пратэстанцкі харал, які зацвердзіў дэмакр. лінію ням. музыкі (зб. І.​Вальтэра «Geystliche Gesahn-Buchleyn», 1524). З узмацненнем у 16—17 ст. уплыву італьян. музыкі выявілася імкненне да гамафонна-гарманічнага складу ў творчасці І.​Экарда, Л.​Лехнера, Г.​Л.​Гаслера, М.Прэторыуса (аўтара энцыклапедычнай працы «Syntagma musikum»; 1614—20). У 17 ст. акрэсліўся нац. муз. стыль у творчасці Т.Шутца — заснавальніка ням. кампазітарскай школы (опера «Дафна», 1627; «Свяшчэнныя сімфоніі», 1629—50). У 1678 у Гамбургу адкрыты першы пастаянны оперны т-р, росквіт якога (1692—1706) звязаны з творчасцю Р.​Кайзера, І.​Матэзана, пазней — Г.Ф.Тэлемана; аднак нац. опера выцяснялася італьянскай. У 17 ст. асн. жанры — духоўны канцэрт, «страсці» (Шутц), арганная музыка (С.​Шайт, І.​Я.​Фробергер, І.​А.​Райнкен, І.​К.​Керль, Г.​Бём, І.Пахельбель, Дз.Букстэхудэ). Развівалася клавірная музыка. Вядучы жанр інстр. музыкі — сюіта. Фарміруецца стыль ням. песеннай лірыкі. У канцы 17 — пач. 18 ст. паявіўся шэраг тэарэт. і муз.-гіст. прац І.​Г.​Вальтэра, Матэзана (гл. Афектаў тэорыя), А.​Веркмайстэр распрацаваў сістэму раўнамернай тэмперацыі. Найвышэйшае дасягненне ням. муз. мастацтва — творчасць І.С.Баха. У творчасці Г.Ф.Гендэля дасягнулі росквіту жанры оперы і араторыі. Дэмакратызацыя ням. музыкі працягвалася і ў 18 ст. Былыя цэхавыя аб’яднанні музыкантаў пераўтварыліся ў аркестры і капэлы (адзін з першых аркестр Гевандхаўза); узніклі гар. муз. і харавыя т-вы, пеўчая акадэмія ў Берліне (каля 1791). У ням. музыцы 2пал. 18 ст. адлюстраваны ідэі Асветніцтва, якія падрыхтавалі оперную рэформу К.В.Глюка. Дэмакр. традыцыі муз. т-ра ўвасобіліся ў стварэнні ням. зінгшпіля. Акрэсліліся класічныя формы інстр. музыкі. У канцы 18 ст. сфарміравалася венская класічная школа. У зацвярджэнні гамафонна-гарманічнага складу, заканамернасцей санатнай формы і санатна-сімф. цыкла вял. ролю адыграла дзейнасць мангаймскай школы і кампазітараў Берлінскай капэлы (І.​І.​Кванц, І.​Г.​Граўн, І.А.Бенда, Ф.​В.​Марпург). Адна з вяршынь ням. музыкі канца 18 — пач. 19 ст. — інструментальна-сімф. творчасць Л.Бетховена. Ням. муз. рамантызм дасягнуў росквіту ў творчасці Р.Шумана, Ф.Мендэльсона, Ф.Шуберта і Ф.Ліста. Ранні яго этап азнаменаваны нараджэннем нац. опернай школы, сярод прадстаўнікоў якой Э.Т.А.Гофман (першая нац. рамант. опера «Ундзіна», 1814), К.М. фон Вебер («Вольны стралок», 1821; «Эўрыянта», 1823; «Аберон», 1826), Л.Шпор, Г.А.Маршнер, Ф.​Флотаў. У жанры зінгшпіля працавалі О.​Нікалаі, А.Лорцынг і інш. Развівалася хар. мастацтва, з 1809 узнік шэраг хар. таварыстваў. Сімф. музыка 19 ст. прадстаўлена жанрамі сімфоніі, праграмнай уверцюры, сімф. паэмы, араторыі, камерна-інстр. музыкі (творы Ліста, Мендэльсона, Шуберта, Шумана, Вебера Ф.​Лахнера, Ф.​Р.​Фолькмана, Ф.​Гілера, К.​Райнеке). У 1843 Мендэльсон заснаваў кансерваторыю ў Лейпцыгу, пазней адкрыты кансерваторыі ў Кёльне, Штутгарце, Вышэйшая муз. школа ў Берліне. Эпохай для ням. музыкі стала дзейнасць В.Р.Вагнера. 1860—70-я г. характарызаваліся процістаяннем прыхільнікаў творчасці Вагнера, ідэй праграмнасці ў музыцы і прадстаўнікоў лейпцыгскай школы, якія выступалі за «чыстую» інстр. музыку і прапагандавалі творчасць І.Брамса, буйнейшага ням. сімфаніста паслябетховенскага часу. Развівалася муз. навука (З.​Дэн, А.​Б.​Маркс, Г.​Крэчмар, Ф.​Шпіта, Г.Рыман). З 1834 выдаваўся час. «Neue Zeitschrift für Musik» («Новы музычны часопіс»). Сярод вядомых выканаўцаў 19 ст.: дырыжоры Г.Г.Бюлаў, А.Нікіш, Г.Леві, Ф.Мотль, К.​Мук; спявачка Г.​Зонтаг; піяністы Ф.​Калькбрэнер, І.​Мошалес, К.​Шуман; скрыпачы Ф.​Давід, Шпор. На мяжы 19—20 ст. пачалося абнаўленне муз. мовы ў творчасці Р.Штрауса і М.Рэгера. У пач. 20 ст. пераважаў неакласіцызм у музыцы Рэгера, Ф.Б.Бузоні (з 1894 у Германіі) і яго вучняў, М.​Бутынга, В.​Фортнера, К.Орфа, В.Эгка, П.Хіндэміта. Вял. ўплыў на творчасць ням. кампазітараў зрабіў аўстр. кампазітар А.Шонберг, заснавальнік дадэкафоніі. У 1919—33 актывізавалася дзейнасць рабочых хароў, агітгруп, у якіх удзельнічалі кампазітары Г.Эйслер, У.​Фогель, Э.​Г.​Маер, Л.​Шпіс, дырыжоры К.​Ранкль і Г.​Шэрхен, спявак Э.Буш, паэты і драматургі І.​Бехер, Б.Брэхт, Э.​Вайнерт і інш. У 1930-я г. выявіліся рысы муз. неафалькларызму (у т.зв. нар. операх І.​Гаса, некат. творах Эгка, Орфа), узмацніўся ўплыў экспрэсіянізму (Б.​Блахер, К.​А.​Гартман).

Муз. культура ГДР. На тэр. ГДР аднаўляліся былыя і ствараліся новыя муз. ўстановы. Падтрымліваліся традыцыі старэйшых калектываў (дрэздэнскі «Кройцхор» і філарманічны аркестр, лейпцыгскі «Таманерхор»). Напісаны кантаты (Эйслер), араторыі (Р.​Вагнер-Рэгені, О.​Герстэр, Маер). Рэаліст. тэндэнцыямі адзначаны музыка да п’ес Брэхта, оперы «Асуджэнне Лукула» (1949), «Пунціла» (1960; абедзве паводле Брэхта), меладрама «Ліла Герман» (1953) П.​Дэсаў, «Томас Мюнцэр» П.​Курцбаха (1950). У 1960—70-я г. створаны 10 сімфоній Бутынга, творы Г.​Вольгемута, Г.​Кохана, Р.​Брэдэмаера, Р.​Кунада, Ф.​Гольдмана і інш. Вядомасць набылі оперы «Ланцэлот», «Эйнштэйн», «Леонс і Лена» Дэсаў, «Апошні стрэл» З.​Матуса, «Млын Левіна», «Філін і лятаючая прынцэса», «Цудоўная шаўчыха» У.​Цымермана. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Г.​Абендрот, Ф.​Канвічны, К.​Зандэрлінг, К.​Мазур, О.​Суітнер; оперныя рэжысёры Г.​Арнальд, Э.​Фішэр, В.​Фельзенштайн; спевакі А.​Бурмайстэр, М.​Клозе, Т.​Адам, П.​Шраер; арганісты В.​Шэтэліх, А.​Веберзінке і інш. У ГДР працавалі (1986): каля 40 т-раў, у т. л. Ням. дзярж. опера, «Комішэ опер» у Берліне, Дрэздэнская дзярж. опера, больш за 80 аркестраў, у т. л. каля 30 сімфанічных, Акадэмія мастацтваў ГДР; Саюз кампазітараў і музыказнаўцаў; кансерваторыі ў Цвікаў, Гале, Шверыне, Ростаку; вышэйшыя муз. школы ў Берліне, Лейпцыгу, Веймары, Дрэздэне; Новае бахаўскае т-ва, Т-вы Г.​Ф.​Гендэля, Р.​Шумана і інш. Муз. фестывалі і конкурсы (імя І.​С.​Баха ў Лейпцыгу, імя Р.​Шумана ў Цвікаў, імя К.​М.​Вебера ў Дрэздэне і інш.).

У музычную культуру ФРГ вял. ўклад зрабілі оперныя кампазітары Орф, Эгк, Блахер, Г.​Ройтэр, Гартман, Фортнер, Г.​Біялас, Г.​Генцмер, Э.​Пепінг і інш. У 1950-я г. вылучыліся кампазітары Г.​В.​Генцэ, Б.​А.​Цымерман, Г.​Клебе, Дз.​Шнебель, В.​Кільмаер, А.​Райман і інш. У муз. жыцці ФРГ 1960—70-х г. значнае месца займалі кампазітары-авангардысты К.Штокгаўзен, М.​Кагель, Г.​Лахенман. У канцы 1970-х г. вылучылася група кампазітараў, якія заявілі аб звароце да прастаты і натуральнасці муз. мовы (П.​М.​Гамель, В.​Рым, М.​Траян і інш.). Найб. муз. цэнтры — Мюнхен, Гамбург, Штутгарт, Франкфурт-на-Майне, Дзюсельдорф, Кёльн. Сярод вядомых выканаўцаў дырыжоры О.​Іохум, В.Фуртвенглер, Г.Караян, Р.​Кемпе, Г.​Кнапертсбуш, Г.​Росбаўд, Р.​Кубелік, П.​Андэрс, К.​Рыхтэр; оперныя рэжысёры З.​Вагнер, Г.​Рэнерт, Г.​Р.​Зельнер; спевакі Э.​Шварцкопф, Х.​Піларчык, Дз.Фішэр-Дзіскаў, І.​Борк, А.​Шлем, А.​Ротэнбергер, Г.​Прэй, Л.​Поп; піяністы В.​Бакгаўз, В.​Кемпф; віяланчэліст З.​Пальм, трубач А.​Шэрбаўм. Вядучыя муз. т-ры: Баварская дзярж. опера ў Мюнхене, Гамбургская дзярж. опера, Вюртэмбергскі оперны т-р у Штутгарце, Ням. опера на Рэйне (Дзюсельдорф); Штутгарцкі балет, Вупертальскі т-р танца і інш. Сімф. аркестры Баварскага і Паўн.-герм. радыё. Працуюць Вышэйшыя муз. школы ў Мюнхене, Гамбургу, Штутгарце і інш. Праводзяцца муз. фестывалі, конкурсы і сімпозіумы па муз. навуцы, выканальніцтве і педагогіцы. У Дармштаце адкрыты Міжнар. Цэнтр. джаза (1983).

Тэатр. Вытокі ням. т-ра ў нар. гульнях і абрадах. У сярэднія вякі ў гарадах развівалася мастацтва вандроўных акцёраў — шпільманаў. Асн. жанрамі т-ра, як і ў большасці краін Зах. Еўропы, былі літургічная драма, містэрыя, маралітэ і фарс, які прыняў у Германіі форму масленічнай гульні — фастнахтшпіля. З канца 16 ст. пашыраны трупы вандроўных англ., потым верхненям. камедыянтаў, якія паўплывалі на развіццё прафес. т-ра. У паказы шырока ўводзіліся інтэрмедыі з удзелам персанажаў нар. т-ра Гансвурста і Пікельгерынга. У 17 ст. ўзніклі школьны т-р езуітаў і пратэстантаў, шматлікія т-ры ў ням. княствах. У 1660-я г. паявілася першая прафес. трупа, т.зв. «Славутая банда» І.​Фельтэна. Т-р 18 ст. развіваўся пад уплывам асветніцкай ідэалогіі і класіцызму. Трупа актрысы К.​Нойбер і драматурга І.​К.​Готшэда, т.зв. Лейпцыгская школа акцёрскага мастацтва, перанесла на ням. сцэну прынцыпы франц. класіцысцкага т-ра. Дэмакр. тэндэнцыі ў т-ры развівалі трупы І.​Ф.​Шонемана і Г.​Г.​Коха (у трупе Коха сфарміраваўся жанр нар. муз. т-ра зінгшпіль). З творчасцю вядомых акцёраў К.Экгафа і Ф.Л.Шродэра ў Гамбургскім нац. т-ры (1767—68) звязана ажыццяўленне маст. праграмы рэфарматара ням. сцэн. мастацтва ў духу асветніцкага рэалізму Г.Э.Лесінга. У канцы 18 — пач. 19 ст. панавала мангеймская школа акцёрскага мастацтва на чале з акцёрам, рэжысёрам і драматургам А.В.Іфландам, якой уласціва жанрава-быт. манера выканання. Эстэт. прынцыпы вял. дзеячаў ням. т-ра І.В.Гётэ і Ф.Шылера рэалізаваны ў Веймарскім прыдворным т-ры, якім у 1791—1817 кіраваў Гётэ. Веймарская школа сцвярджала т-р высокага мастацтва, асветніцкі па змесце і класіцысцкі па форме. У 1-й пал. 19 ст. ням. т-р развіваўся ў кірунку рамантызму (драматургі А. і Ф.​Шлегелі, Г. фон Кляйст, Э.Т.​А.​Гофман, акцёры І.​Флек і Л.​Дэўрыент), у рэжысуры і акцёрскім мастацтве пераважалі рэаліст. тэндэнцыі (К.Л.Імерман, К.Зайдэльман). У 1860—70-я г. прыдворныя т-ры саступілі месца гарадскім і прыватным. Высокай пастановачнай культурай вызначаліся спектаклі Майнінгенскага гар. т-ра (у 1871—91 рэж. Л.​Кронек). Вядучыя берлінскія т-ры: Нямецкі т-р (1883, у 1894—1904 узначальваў О.Брам, з 1905 М.Райнгарт), «Свабодны тэатр» Брама (1889), «Свабодная нар. сцэна» («Фрэе фольксбюнэ», 1890). Сярод акцёраў канца 19 — пач. 20 ст. Л.Барнай, А.Басерман, Ф.​Гаазе, А.​Зорма, І.​Кайнц, А.Моісі, Э.Посарт, Э.​Райхер. 1-я сусв. вайна прывяла тэатр. мастацтва да глыбокага крызісу. У 1920-я г. ў т-ры панаваў экспрэсіянізм. У 2пал. 1920-х г. набылі пашырэнне рабочыя і самадз. т-ры. З 1933 т-р у Германіі стаў сродкам фаш. прапаганды. Пасля разгрому фашызму пачалося адраджэнне т-ра. У 1945 пастаўлены першы ў вызваленай Германіі спектакль «Натан Мудры» Лесінга ў Ням. т-ры. У 1946 у Лейпцыгу засн. першы т-р для дзяцей.

У тэатры ГДР вял. ролю адыгралі дзейнасць адроджанага пасля вайны руху «Фольксбюнэ», Брэхта і т-ра «Берлінер ансамбль». 1970—80-я г. прайшлі пад знакам творчасці тэатр. дзеячаў Ф.​Зольтэра, А.​Ланга, І.​Тэншэрта, А.Вейгель, Г.​Май, Э.​Шаля, К. фон Апена, Г.​А.​Пертэна і інш. Ставіліся п’есы Брэхта («Дні Камуны», «Турандот, ці Кангрэс абяліцеляў», «Бюшынг»), Ф.​Вольфа («Бургамістр Ганна», «Томас Мюнцэр»), П.​Гакса («Млынар з Сан-Сусі», «Бітва пад Лабавіцэ», «Смерць Сенекі», «Музы»), Ф.​Браўна («Хінцэ і Кунцэ», «Вялікі свет», «Нямецкая сутнасць») і інш.

У рэпертуары т-раў ФРГ п’есы В.​Борхерта («На вуліцы перад дзвярыма»), Г.​Вайзенборна («Гётынгенская кантата»), Г.​Кіпгарта («Сабака генерала», «Справа Роберта Опенгеймера»), П.​Хандке («Самаабвінавачванне»), Б.​Штрауса («Вядомыя твары і заблытаныя пачуцці», «Трылогія сустрэч»), М.​Шпера («Паляўнічыя сцэны ў Ніжняй Баварыі», «Мюнхенская свабода»), Ф.​К.​Крэтца («Глабальная цікавасць», «Верхняя Аўстрыя») і інш.

Тэатр Германіі 1990-х г. — з’ява складаная і неардынарная. У акцёрскім мастацтве вылучаюцца рэаліст. школа Райнгарта і кірунак, які развівае выпрацаваныя Брэхтам прынцыпы эпічнай акцёрскай школы. Сярод рэжысёраў вызначаюцца Г.​Мюлер, В.​Энгель, Г.​Зайдэль, П.Штайн, Р.​Чулі; сярод акцёраў — Ю.​Лампе, В.​Дрольц, В.​Баер, Ф.​Роас, П. фон дэр Беек, П.​Крэмер, К.​Нойхойзер, М.​Нойман, С.​Тома, Ф.​Шэвідзі, Б.​Брода, К.​Герцаг, М.​Гільбіг, Л.​Гольбург, Г.​Шэфер, Г.​Э.​Габен і інш. Рэпертуар т-раў складаюць у асн. п’есы класікаў (Шылера, Брэхта, Гётэ) і сучасных ням. драматургаў (В.​Буса, Ю.​Гроса, Зайдэля, Мюлера, Браўна, К.​Гайна, М.​Кербля, Л.​Троле, Штрауса, Г.​Ахтэрнбуша, К.​Поля і інш.). Тэатр. сталіцы Германіі — Берлін («Берлінер ансамбль», «Нямецкі тэатр») і Мюнхен («Камершпіле», «Фолькстэатр» і інш.), цікавыя творчыя калектывы працуюць у Гайдэльбергу, Карлсруэ, Фрайбургу, Бадэн-Бадэне, Мангейме, Мюльгайме-ан-дэр-Рур, Гамбургу, Штутгарце, Дрэздэне, Боне.

Кіно. У 1896 пачаўся выпуск дакумент. і маст. фільмаў, асабліва папулярная была прыгодніцкая серыя стужак з удзелам Г.​Піля. У 1917 створана і стала цэнтрам ням. кінематаграфіі кінафірма «УФА». Найб. яскравай з’явай ням. кіно 1-й пал. 1920-х г. быў экспрэсіянізм, праграмны фільм якога «Кабінет доктара Калігары» (1921, рэж. Р.​Віне). Аснова рэаліст. кінамастацтва ў 1920-я г. — жанр камершпіле (камерная драма). Яго ідэі ўвасобіліся ў фільмах рэжысёраў Г.​В.​Пабста («Бязрадасны завулак», 1925), Ф.​В.​Мурнаў («Апошні чалавек», 1925) і інш. У 1930-я г. кіно стала сродкам імперскай прапаганды, а таксама выконвала забаўляльныя функцыі. Пачатак пасляваен. кінавытворчасці ва ўсх. ч. краіны звязаны з дзейнасцю групы «Фільмактыў», створанай у 1945. У 1946 арганізавана кінастудыя «ДЭФА».

Фільмы ГДР канца 1940—60-х г. адзначаны тэматычнай і жанравай разнастайнасцю, паглыбленай увагай да ўнутр. свету і псіхалогіі герояў: «Справа Блюма» (1948, рэж. Э.​Энгель), «Хлеб наш надзённы», «Мацней за ноч» і «Капітан з Кёльна» (1949, 1954, 1956, З.​Дудаў), «Прафесар Мамлок» і «Мне было 19» (1959, 1961, К.​Вольф), «Прыгоды Вернера Гольта» (1965, І.​Кунерт), «Развітанне» (1968, Э.​Гюнтэр). У 1970—80-я г. вылучаліся фільмы антыфаш. тэматыкі, якія закраналі маральныя праблемы, а таксама экранізацыі літ. твораў: «Легенда пра Паўлу і Паўла» (1973, Г.​Караў), «Паміж ноччу і днём» (1975, Г.​Э.​Брант), «Лота ў Веймары» (паводле Т.​Мана, 1975) і «Пакуты маладога Вертэра» (паводле І.​В.​Гётэ, 1976, абодва Гюнтэр), «Мама, я жывы» (1977, Вольф) і інш. Працавалі рэжысёры У.​Вайс, І.​Гузнер, Р.​Зіман, В.​Бек, С.​Блайвайс, Г.​Дзюба, Э.​Шлегель, Г.​Шольц, М.​Экерман, акцёры А.​Бюргер, А.​Валер, Э.​Дункельман, Г.​Вольф, Э.​Гешанек, В.​Кох-Гоге, А.​Ланг і інш. Сярод майстроў дакумент. кіно найб. вядомыя А. і А.​Торндайк. Здымаліся мультыплікацыйныя і тэлевіз. фільмы. Вышэйшая кінашкола ў Бабельсбергу.

У ФРГ у канцы 1940-х — 60-я г. дэманстраваліся пераважна амер. фільмы і ням. камедыі (развесяляльныя, фільмы жахаў). Найб. цікавыя «Генерал д’ябла» (1955, Г.​Койтнер), «Дзяўчына Розмары» (1958, Р.​Тыле), «Мы — вундэркінды» і «Прывіды ў замку Шпесарт» (1958, 1961, К.​Гофман), «Ружы для пана пракурора», «Кірмаш» і «Мужчынская пагулянка» (1959, 1960, 1964, В.​Штаўтэ). Нізкая якасць многіх фільмаў, канкурэнцыя тэлебачання і замежных тэлекампаній прывялі да крызісу. Спробы выйсці з яго шляхам павышэння маст. ўзроўню фільмаў, адмовіцца ад штампаў і схем «кінематографа бацькоў» зрабіла ў сярэдзіне 1960-х г. група маладых кінематаграфістаў, фільмы якіх узнімалі тэмы крызісу грамадства, канфлікту пакаленняў, рэзка адрозніваліся ад стандартнай камерцыйнай прадукцыі. Сярод прадстаўнікоў гэтага кірунку, што атрымаў назву «маладое ням. кіно», рэжысёры А.​Клуге, В.​Герцаг, Б.​Зінкель, А.​Брустэлін, Р.​В.​Фасбіндэр, У.​Эдэль, В.​Вендэрс, М. фон Трота. Значнымі былі дасягненні ў экранізацыі літ. твораў рэж. Ф.​Шлёндарфа («Зганьбаваны гонар Катарыны Блюм» паводле Г.​Бёля, 1975; «Бляшаны барабан» паводле Г.​Граса, 1979; «Оскар» 1980 за лепшы замежны фільм), В.​Петэрсана («Падлодка», паводле аднайм. рамана Л.​Г.​Бугхайма) і інш. У 1970—80-я г. традыцыі «маладога ням. кіно» прадаўжалі выпускнікі Вышэйшай школы кіно і тэлебачання ў Мюнхене.

У 1990-я г. працуюць кінематаграфісты новага пакалення (Д.​Дзёры, І.​Фільсмаер, О.​Валькес, Г.​Дзітл, З.​Вортман, К.​Шлінгензіф і інш.); здымаюцца дакумент. і мультыплікацыйныя фільмы. З кіно моцна канкурыруе тэлебачанне.

Беларусы ў Германіі. Першая значная хваля бел. эміграцыі ў Германіі на мяжы 19 — 20 ст. была абумоўлена сац.-эканам. прычынамі і мела характар адыходніцтва. У 1890 у Германіі працавала каля 200 беларусаў, у 1900 — 4 тыс., у 1910 — 44 тыс., у 1911 — 108 тыс., у 1912 — больш за 144 тыс. чал. (25% ад агульнай колькасці адыходнікаў). З пач. 1-й сусв. вайны эміграцыйны рух з бел. зямель спыніўся. Ваен. падзеі, Кастр. рэв. 1917, герм. і польск. акупацыі Беларусі абумовілі новую хвалю выездаў у замежжа, у т. л. і ў Германію, дзе на пач. 1919 знаходзілася 30—40 тыс. ваеннапалонных. У міжваен. перыяд склалася і арганізаваная паліт. эміграцыя. У сак. 1919 з Вільні ў Берлін выехаў урад Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), тут дзейнічала Надзвычайная місія БНР, пры якой працавала выд-ва, для ваеннапалонных выходзіла газ. «З роднага краю». Бел. прэс-бюро (1919—25) выдавала інфарм. бюлетэнь на бел. і ням. мовах. З пач. 2сусв. вайны ў выніку ваен. дзеянняў на тэр. Польшчы ў палон трапіла 70 — 80 тыс. беларусаў, якія ваявалі ў складзе Войска Польскага. У ліст. 1939 пры мін-ве ўнутр. спраў Германіі створана Беларускае прадстаўніцтва ў Берліне (займалася справамі беларусаў у Германіі і на акупіраваных ёй тэр., выдавала на бел. мове газ. «Раніца»), у 1940 — Бел. к-т самапомачы (пад наглядам ням. улад аказваў беларусам матэрыяльную падтрымку, вёў культ.-масавую і паліт. работу), якія ў чэрв. 1941 заснавалі Беларускі нацыянальны цэнтр. У Берліне дзейнічала Бел. культ. суполка, выходзілі рукапісны час. «Беларускі студэнт» (1942, № 1—2), газ. «Беларускі работнік» (1943 — 44). 2сусв. вайна парадзіла 3-ю хвалю эміграцыі. У Германіі апынулася частка насельніцтва, прымусова вывезенага з Беларусі (каля 400 тыс. чал., паводле інш. крыніц — каля 700 тыс.), частка сав. ваеннапалонных і вязняў фаш. канцлагераў. У 1944 сюды выехалі бел. арг-цыі, установы і ваен. фарміраванні, створаныя ў гады ням. акупацыі — Беларуская цэнтральная рада, гал. штаб Саюза беларускай моладзі, сабор епіскапаў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, ваен. атрады Беларускай краёвай абароны, частка інтэлігенцыі і святароў. Пасля паражэння фаш. Германіі саюзніцкія акупац. ўлады стварылі ў Зах. Германіі Беларускія лагеры для перамешчаных асоб. Інтарэсы беларусаў у Германіі прадстаўлялі Беларускі нацыянальны камітэт у Рэгенсбургу, Бел. цэнтр. дапамогавы к-т, грамадска-культ. дзейнасць вялі Крывіцкае навуковае таварыства імя Ф.​Скарыны, Згуртаванні бел. жанчын і бел. ветэранаў, Бел. культ.-асв. таварыства, канцэртна-эстр. група «Жыве Беларусь» (з 1945 Бел. т-р эстрады), хор бел. студэнтаў у г. Марбург і інш. Працавалі Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, гімназіі імя М.​Багдановіча (Ватэнштэт, 1945—50), імя У.​Ігнатоўскага (Майнлёз, 1947—49), у Остэргофене (1947—49), Мюнхенскае бел. студэнцкае згуртаванне (з 1948). У канцы 1940 — пач. 50-х г. узніклі рэліг. аб’яднанні вернікаў-беларусаў (гл. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква за мяжой, Беларускія каталіцкія місіі за мяжой, Беларускія рэлігійныя арганізацыі за мяжой).

На бел. мове выходзілі газеты і часопісы: грамадска-паліт. «Раніца» (з 1939), «Шляхам жыцця» (1946—48), «Рух» (1946—48), «Голас беларусаў» (1947—48), «Беларускае слова» (з 1948, з 1956 у ЗША), «Бацькаўшчына» (1947—66), «Летапіс беларускай эміграцыі» (з 1947, з 1955 у ЗША); літ.-грамадскія «Шыпшына» (з 1946, з 1950 у ЗША), «Сакавік» (1947—48), «Баявая ўскалось» (з 1949, з 1954 у Канадзе); рэлігійныя «Звіняць званы святой Сафіі» (1946—47), «Беларускі царкоўны голас» (1946), «Праваслаўны беларус» (1946 — сярэдзіна 1950-х г.); маладзёжныя «Скаўт» (1946—48), «Скаўцкая інфармацыйная служба» (1946—50), «Юнак» (1946—47); гумарыстычныя «Шарсцень» (1952), «Смехам па галаве» (1946); дзіцячы «Каласкі» (1952—66) і інш. Кнігадрукаванне ажыццяўлялі выд-вы «Бацькаўшчына», «Шыпшына», «Раніца», выдавецкія суполкі «Крыніца», «Заранка», «Рунь» і інш.

У 1951 закончыўся працэс выезду беларусаў з Германіі ў інш. краіны на пастаяннае жыхарства. Адным з цэнтраў бел. эміграцыі стаў Мюнхен. Тут працавалі Бел. ін-т навукі і мастацтва (1955—66), супрацоўнікі якога ўдзельнічалі ў рабоце Ін-та вывучэння СССР і выдавалі «Беларускі зборнік», бел. рэдакцыя радыё «Вызваленне» (з 1954, з 1959 наз. «Свабода», у 1995 пераехала ў Прагу). У 1980-я г. бел. навук.-культ. цэнтрам стаў г. Ляймен, дзе былі створаны Беларускі музей (з 1982), Інстытут беларусаведы.

Літ.:

Смирин М.М. Германия эпохи Реформации и Великой Крестьянской войны. М., 1962;

Германская история в новое и новейшее время. Т. 1—2. М., 1970;

Руге В. Германия в 1917—1933 гг. М., 1974;

Розанов Г.Л. Германия под властью фашизма (1933—1939). М., 1961;

Otto K.-H. Deutschland in der Epoche der Urgesellschaft. Berlin, 1960;

Gebhardt B. Handbuch der deutschen Geschichte. Bd. 1—4. Stuttgart, 1954—60;

Stern L., Bartmuß H.-J. Deutschland in der Feudalepoche von der Wende des 5./6. Jh. bis rur Mitte des 11. Jh. Berlin, 1964;

История немецкой литературы. Т. 1—5. М., 1962—76;

История литературы ФРГ. М., 1980;

История литературы ГДР. М., 1982;

Сакалоўскі У. Пара станаўлення. Мн., 1986;

Яго ж. Беларуская літаратура ў ГДР. Мн., 1988;

Яго ж. Восприятие современной белорусской литературы в ГДР и ФРГ // Современные славянские культуры: развитие, взаимодействие, международный контекст: Материалы междунар. конф. ЮНЕСКО. Киев, 1982;

Либман М.Я. Немецкая скульптура, 1350—1550. М., 1980;

Яго ж. Дюрер и его эпоха: Живопись и графика Германии конца XV и первой половины XVI в. М., 1972;

Ювалова Е.П. Немецкая скульптура, 1200—1270. М., 1983;

Ёдике Ю. История современной архитектуры: Пер. с нем. М., 1972;

[Kuhirt U.] Kunst der DDR. Bd. 1—2. Leipzig, 1982—83;

Грубер Р.И. История музыкальной культуры. Т. 2, ч. 2. М., 1959;

Ферман В.Э. Немецкая романтическая опера // Ферман В.Э. Оперный театр. М., 1961;

Кершнер Л. Немецкая народная музыка. М., 1965.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, гаспадарка), М.​Г.​Елісееў (гісторыя да 1918 і пасля 1945), П.​А.​Шупляк (гісторыя 1918—45), А.​П.​Ткачэнка (друк, радыё, тэлебачанне), У.​Л.​Сакалоўскі (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (выяўл. мастацтва), В.​М.​Козел (тэатр), А.​С.​Ляднёва (беларусы ў Германіі).

Герб і сцяг Германіі.
Да арт. Германія. 1 — Баварскія Альпы з вяршыняй Цугшпітцэ; 2 — нафтаперапрацоўчы завод на Рэйне; 3 — ландшафт на поўначы краіны.
Да арт. Германія. Кафедральны сабор у Ахене. 9—10 ст.
Да арт. Германія. Дом у Боне, дзе нарадзіўся Л.​Бетховен.
Да арт. Германія. Ансамбль Цвінгер у Дрэздэне. «Павільён на вале». Арх. М.​Д.​Пёпельман. 1711—22.
Да арт. Германія. Фахверкавы жылы дом на Рыначнай плошчы ў Веймары. 15 ст.
Да арт. Германія. Палац Аўгустусбург у г. Бруль. 1725—34.
Да арт. Германія. Франкфурт-на-Майне.
Да арт. Германія. Будынак філарманічнай залы ў Берліне. 1964.
Да арт. Германія. Дзяржаўная галерэя ў Штутгарце. 1983.
Да арт. Германія. О.​Браўзеветэр. Прускі фельдмаршал Л. фон Вартэнбург заклікае народ у 1813 у Кёнігсбергу да ўсеагульнага ўзбраення супраць Напалеона. 1888.
Да арт. Германія. К.​Фрыдрых. Першы снег. 1828.
Да арт. Германія. Л.​Кранах Старэйшы. Мадонна з дзіцем пад яблыняй. 1550-я г.
Да арт. Германія. А.​Альтдорфер. Бітва Аляксандра Македонскага з Дарыем. 1529.

т. 5, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГЕНЦІ́НА (Argentina),

Аргенцінская Рэспубліка (República Argentina), дзяржава ў Паўд. Амерыцы. Абмываецца водамі Атлантычнага ак. Займае паўд.-ўсх. ч. Мацерыка, усх. палову в-ва Вогненная Зямля і суседнія з ёй астравы. Мяжуе на З з Чылі, на Пн з Балівіяй і Парагваем, на ПнУ з Бразіліяй і Уругваем. Падзяляецца на 22 правінцыі, адну федэральную (сталічную) акругу і нац. тэрыторыю Вогненная Зямля; Фалклендскія, або Мальвінскія, а-вы — спрэчная з Вялікабрытаніяй тэрыторыя. Пл. 2,8 млн. км² (8-я па велічыні краіна свету), нас. 33,9 млн. чал. (1994). Сталіца — г. Буэнас-Айрэс. Афіц. мова іспанская, пашыраны італьян., ням., французская, англ. Нац. святы — гадавіна Майскай рэвалюцыі (25 мая), Дзень незалежнасці (9 ліп.).

Дзяржаўны лад. Аргенціна — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1853 (са зменамі). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 6 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — Нац. кангрэс, які складаецца з сената (46 чал.) і палаты дэпутатаў (254 чл.).

Прырода. Тэр. Аргенціны выцягнута з Пн на Пд на 3700 км (ад 22° да 55° паўд. ш.), з З на У да 1577 км. Берагі слаба парэзаны залівамі Ла-Плата, Эль-Рынкон, Сан-Матыяс, Сан-Хорхе, Баія-Грандэ і інш. У рэльефе вылучаюцца раўніны і нізіны: на Пн і У Гран-Чака, Пампа, Аргенцінскае Міжрэчча; у цэнтр. ч. Лаплацкая нізіна; на Пд Патагонскае пласкагор’е (да 2000 м) з плоскімі столападобнымі паверхнямі — мясетамі; на З Анды з найвыш. пунктам Паўд. Амерыкі гарой Аканкагуа (6960 м), на ПнЗ заходзіць ч. высакагорнага плато Пуна з шматлікімі вулканамі, на ПнУ — Бразільскае пласкагор’е. Клімат раўніннай ч. трапічны і субтрапічны, на Пд — умераны. Сярэднія т-ры самага цёплага месяца (студз.) на Пн 28 °C, на Пд 10 °C, самага халоднага (ліп.) адпаведна 18 °C і 1 °C. У гарах клімат умерана халодны. Ападкаў за год ад 100—300 мм у Патагоніі да 1400—1600 мм на ПнУ, на ўсх. схілах Андаў да 5000 мм. Рачная сетка найб. развітая ў нізіннай і вільготнай паўн.-ўсх. ч. краіны. Буйныя паўнаводныя і суднаходныя ў нізоўях рэкі Парана (з прытокам Парагвай) і Уругвай зліваюцца ў агульнае вусце — эстуарый Ла-Плата. Да іх басейна належаць рэкі Пількамайо, Рыо-Бермеха, Рыо-Салада. Рэкі Патагоніі (Рыо-Каларада, Рыо-Негра, Чубут з Рыо-Чыко і інш.) багатыя гідраэнергарэсурсамі. Каля падножжа Андаў шматлікія, пераважна ледавіковыя, азёры Наўэль-Уапі, Буэнас-Айрэс, В’едма, Лага-Архенціна, Фаньена (на Вогненнай Зямлі). Каля 20% тэр. Аргенціны пад вечназялёнымі і лістападнымі лясамі, пераважна ў гарах. На Гран-Чака сухое рэдкалессе на чырвоных глебах, ва Усх. Пампе лугавыя стэпы на чарназёмах (разараныя), у Патагоніі паўпустыні. У фауне шмат відаў, якія невядомы ў краінах Старога Свету: браняносцы, скунсы, магеланаў сабака, пампаскі кот і інш. Шмат птушак і паўзуноў. Найб. нац. паркі: Ігуасу, Лос-Гласьярэс, Ланін, Лос-Алерсес, Наўэль-Уапі і інш.

Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва — аргенцінцы, нашчадкі эмігрантаў з Іспаніі, Італіі, Францыі і інш. краін Еўропы. Жывуць таксама італьянцы, украінцы, беларусы, іспанцы, палякі, немцы, яўрэі і інш. Карэнных жыхароў — індзейцаў — засталося каля 100 тыс. чал.; кечуа, тупі-гуарані і інш. Жывуць каля мяжы з Балівіяй і Парагваем, араўканы, тэхуэльча (патагонцы) — у Патагоніі. Метысаў, што гавораць на мове кечуа, каля 200 тыс. чал. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 12,1 чал. на 1 км² (1994). Большасць сканцэнтравана ў Пампе, менш населеная тэр. на Пд Аргенціны. Гар. насельніцтва 86%, трэцяя частка яго ў Вял. Буэнас-Айрэсе. Іншыя вял. гарады: Кордава, Мендоса, Расарыо, Ла-Плата, Марон, Мар-дэль-Плата, Тукуман, Санта-Фэ.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 66, у жанчын 73 гады. Узровень нараджальнасці 21 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 25,6 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Гісторыя. Тэр. Аргенціны заселена чалавекам у 8—7-м тыс. да н.э. Напярэдадні еўрап. заваявання яе насялялі шматлікія індзейскія плямёны, якія знаходзіліся на розных ступенях першабытнага ладу. На ПнЗ жылі дыягіты (кальчакі), што вялі аселы лад жыцця, займаліся земляробствам, будавалі ірыгацыйныя сістэмы, ведалі ткацтва, апрацоўвалі золата і серабро. На ПнУ і ў цэнтры Аргенціны жылі паляўнічыя плямёны. Пазней сюды прыйшлі гуарані, чыёй мовай да гэтага часу карыстаецца сельскае насельніцтва Аргенціны. На тэр. сучасных правінцый Буэнас-Айрэс і Мендоса жылі плямёны пампа; з Паўн. Патагоніі сюды прыходзілі для менавага гандлю качавыя плямёны араўканаў. У 16 ст. тэр. Аргенціны каланізавалі іспанцы. Новыя землі яны назвалі Ла-Плата і ўключылі іх у віцэ-каралеўства Перу. У 1536 канкістадор Педра Мендоса заснаваў пасёлак Пуэрта Санта Марыя дэ Буэнас-Айрэс — будучую сталіцу краіны. У 1617 на тэр. Аргонціны і Уругвая ўтворана губернатарства Ла-Плата. У 1776 б.ч. Аргенціны, Парагвая і Верхняга Перу аб’яднаны ў віцэ-каралеўства Рыа-дэ-ла-Плата. Аселыя на гэтых землях ісп. каланісты (пераважна андалузцы і баскі) асімілявалі мясц. індзейскае насельніцтва, утварыўшы паўд.-амер. тып метысаў. Нашчадкаў ісп. каланістаў і дзяцей ад змешаных шлюбаў са светлай скурай сталі называць крэоламі. Ісп. заваяванне перапыніла самаст. развіццё індзейскіх плямёнаў. Жорсткая іх эксплуатацыя ў рудніках, адцясненне ў больш халодныя раёны і перадгор’і Андаў рэзка зменшылі колькасць мясц. насельніцтва. У абарону яго выступіла каталіцкая царква. У 1610 ордэн езуітаў стварыў для індзейцаў Аргенціны, Парагвая і Уругвая 30 пасяленняў-рэдукцый, дзе яны займаліся земляробствам, знаёміліся з еўрап. культурай. У 17 ст. ў сувязі з недахопам рабочых рук іспанцы пачалі завозіць неграў-рабоў з Афрыкі. Палітыка каланізатараў неаднойчы выклікала нар. хваляванні (1580, 1630, 1657, 1712, 1720, 1770). Шматлікія абмежаванні, якімі метраполія тармазіла сац.-эканам. развіццё Ла-Платы, выклікалі супраціўленне крэолаў. Вайна паўн.-амер. калоній за незалежнасць, франц. рэвалюцыя канца 18 ст., буйныя паўстанні індзейцаў Перу і Чылі стымулявалі вызв. барацьбу і ў Аргенціне. Крызіс ісп. калан. сістэмы спрабавала выкарыстаць Вялікабрытанія. Аднак 2 яе інтэрвенцыі ў 1806—07 пацярпелі паражэнне. У выніку антыісп. паўстання 1810 у Буэнас-Айрэсе скінуты віцэ-кароль і ўлада перайшла да Патрыят. т-ва, якое сфарміравала часовы ўрад Ла-Платы. Гэта паўстанне стала састаўной ч. Вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. 9.7.1816 Нац. кангрэс у Тукумане абвясціў незалежнасць Аб’яднаных правінцый Ла-Платы, у 1826 яны пераўтвораны ў Федэратыўную Рэспубліку Аргенціна. Першым прэзідэнтам Аргенціны стаў Б.Рывадавія. У 1829 1835 у Аргенціне ўстаноўлены дыктатарскі рэжым Х.​М.​Росаса, які ў выніку нар. руху ў 1858 1852 быў скінуты. Канстытуцыя 1853 паскорыла працэс аб’яднання краіны. Прагрэсіўна-ліберальныя ўрады Д.​Сарам’ента (1868—74), Н.​Авельянеды (1874—80) правялі шэраг рэформаў. Паступова Аргенціна стала буйным экспарцёрам збожжа. Да пач. 20 ст. ў асн. склалася аргенцінская нацыя. Выразнікам патрабаванняў далейшых пераўтварэнняў стала партыя Грамадз. радыкальны саюз (ГРС), створаная ў 1891. У 1916 яна перамагла на прэзідэнцкіх выбарах і яе ўрады, што кіравалі краінай да 1930, ажыццявілі шэраг рэформаў, нацыяналізавалі нафтавую прам-сць, умацавалі дзярж. сектар, увялі 8-гадзінны рабочы дзень. З 1930 да 1946 краінай правілі ваен. рэжымы. На прэзідэнцкіх выбарах 1946 перамог лідэр хустысіялісцкага руху (гл. Хустысіялізм) Х.Д.Перон, які правёў новыя рэформы. У выніку ваен. перавароту ў вер. 1955 Перон скінуты, і да 1983 Аргенцінай правілі пераважна ўрады ваенных. Гады праўлення апошняга ваен. рэжыму пазначаны абвастрэннем унутр. і знешняга становішча, што найб. выявілася ў англа-аргенцінскім канфлікце 1982 за Фалклендскія (Мальвінскія) а-вы. У выніку выбараў 1983 прэзідэнтам Аргенціны стаў Р.Альфансін ад партыі ГРС. Пагаршэнне эканам. сітуацыі ў краіне вылілася ў сац. хваляванні. На выбарах 1989 перамог кандыдат ад Хустысіялісцкай партыі К.​Менем. Ён аднавіў дыпламат. адносіны з Вялікабрытаніяй, умацаваў сувязі з дзяржавамі ЕЭС; Аргенціна выйшла з Руху недалучэння і арыентуецца на пазіцыю ЗША і інш. развітых краін. У 1991 падпісана пагадненне з Бразіліяй, Парагваем і Уругваем пра ўтварэнне паўд.-амер. агульнага рынку. На выбарах у 1995 прэзідэнтам краіны зноў выбраны К.​Менем. Аргенціна — адна з краін-заснавальніц ААН, чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамерыканскай асацыяцыі інтэграцыі і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 6.11.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Хустысіялісцкая партыя, Грамадз. радыкальны саюз, Саюз дэмакр. цэнтра, Хрысц.-дэмакр. партыя. Адзіны праф. цэнтр краіны — Усеагульная канфедэрацыя працы.

Гаспадарка. Аргенціна — адна з найб. развітых у эканам. адносінах краін Лац. Амерыкі. Валодае разнастайнымі прыродна-эканам. рэсурсамі, урадлівымі землямі, энерганосьбітамі (нафта, газ, гідраэнергія, найб. ў Лац. Амерыцы запасы уранавых рудаў) і інш. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) складае 112 млрд. дол. (1992), 3,4 тыс. дол. на душу насельніцтва, што прыкладна ўдвая перавышае сярэдні ўзровень па рэгіёне.

Прамысловасць. Аснова эканомікі — высокаразвітая апрацоўчая прам-сць, дае каля 24% ВУП і амаль цалкам забяспечвае патрэбы краіны. Каля 50% кошту прамысл. прадукцыі дае чорная металургія (выплаўка чыгуну і сталі, пераважна на прывазной сыравіне), каляровая металургія (выплаўка свінцу, цынку, алюмінію), маш.-буд. (аўта-, трактара-, судна- і станкабудаванне, с.-г. машыны), нафтаперапр., нафтахім. і хім. прам-сць. Развіта вытворчасць трубаў, электратэхн., цэлюлозна-папяровая, цэментная прам-сць. У Аргенціне раней, чым у інш. краінах Лац. Амерыкі, узніклі галіны, звязаныя з высокімі тэхналогіямі (электронная, атамная). Удзельная вага традыц. галін прам-сці — харчасмакавай (тытунёвая, вытв-сць парагвайскага чаю матэ) і тэкстыльнай — знізілася. Вельмі развіта харч. прам-сць (мясная, цукровая, маслабойная, кансервавая, мукамольная, вінаробчая і інш.). Значная гарбарна-абутковая прам-сць. У горназдабыўной прам-сці вылучаецца здабыча нафты і прыроднага газу, поліметалічных, уранавых, жалезных, марганцавых, медных, берыліевых і вальфрамавых рудаў, а таксама вугалю. У 1992 выпрацавана 51,4 млрд. кВтгадз электраэнергіі (каля 48% на ЦЭС, 46% на ГЭС, 5% на АЭС). Буйныя прамысл. цэнтры: Буэнас-Айрэс (каля паловы прамысл. прадукцыі), Кордава, Ла-Плата, Расарыо, Санта-Фэ, Мендоса, Баія-Бланка, Саратэ і інш.

Сельская гаспадарка. Разам з рыбалоўствам дае 15% ВУП і забяспечвае краіну харч. прадуктамі і большай ч. сыравіны. Спецыялізацыя — таварная вытв-сць мяса і збожжа. Каля 75% зямельнага фонду належыць буйным латыфундыям (больш за 1000 га). Плошча с.-г. угоддзяў каля 180 млн. га, з іх 20% — ворныя землі. Асн. галіна — жывёлагадоўля: буйн. раг. жывёла мяснога кірунку і мяса-воўнавая авечкагадоўля. Развіта птушкагадоўля. Земляробства канцэнтруецца ў Пампе. Асн. с.-г. культуры: пшаніца, кукуруза, ячмень, авёс, сланечнік. Вырошчваюць лён, жыта, цукр. трыснёг, цукр. буракі, сою, рыс, чай, бавоўнік, люцэрну, бульбу, тытунь, арахіс, вінаград, аліўкавыя і тунгавыя дрэвы, цытрусавыя. Вакол вял. гарадоў — агародніцтва, садаводства, малочная жывёлагадоўля і свінагадоўля.

Транспарт. У знешніх перавозках гал. роля належыць марскому транспарту, ва ўнутраных — аўтамабільнаму. Найб. марскія парты: Буэнас-Айрэс, Ла-Плата, Расарыо, Баія-Бланка, Сан-Нікалас, Камадора-Рывадавія, Санта-Фэ, Мар-дэль-Плата. Даўж. аўтадарог 575 тыс. км, 55 тыс. км асфальтаваныя, чыгунак 37 тыс. км. У Аргенціне 10 міжнар. аэрапортаў, найбольшы ў Буэнас-Айрэсе. Каля 80% экспарту складае с.-г. прадукцыя: мяса, мясапрадукты, воўна, скуры, збожжа, маслічныя, малочныя прадукты, дубільны экстракт з кебрача, чай. Экспартуюць таксама абсталяванне, вальфрам. Імпарт: машыны, прамысл. абсталяванне, сыравіна, нафтапрадукты, паліва. Гандл. партнёры: ЗША, Бразілія, Балівія, Германія, Італія, Японія, Нідэрланды і інш. Беларусь у 1993 экспартавала ў Аргенціну грузавыя аўтамабілі, трактары, з Аргенціны прывозіла с.-г. прадукты. Грашовая адзінка — песа.

Узброеныя сілы Аргенціны ўключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы і ваенізаваныя фарміраванні. Рэгулярныя ўзбр. сілы налічваюць 83 тыс. чал. (1991) і складаюцца з сухап. войскаў, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі (45 тыс. чал.) зведзены ў 4 армейскія корпусы, маюць на ўзбраенні танкі і інш. бранятэхніку, артылерыю, ракеты і інш. У складзе ВПС (13 тыс. чал.) 10 авіяц. брыгад (143 баявыя, 164 дапаможныя самалёты, 45 верталётаў). ВМС (25 тыс. чал.) уключаюць флот, авіяцыю ВМС і падраздзяленне марской пяхоты (3 тыс. чал.); 36 баявых караблёў (1 авіяносец, 6 эсмінцаў, 7 фрэгатаў, 4 падводныя лодкі, 12 патрульных караблёў і 6 тральшчыкаў), 67 катэраў, 38 дапаможных суднаў, 33 самалёты і 24 верталёты марской авіяцыі. Камплектуюцца ўзбр. сілы паводле закону аб усеагульнай воінскай павіннасці, прызыўны ўзрост — 18 гадоў, тэрмін абавязковай ваен. службы ў сухапутных войсках і ВПС — 1 год, у ВМС — 14 месяцаў. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміях, ваен. вучылішчах, а таксама за мяжой. Ваенізаваныя фарміраванні складаюцца з жандармерыі (ваен. паліцыя, 13 тыс. чал.) і берагавой аховы (9 тыс. чал.). Агульная колькасць рэзерву — 377 тыс. чал. (1987).

Асвета, навуковыя ўстановы. Паводле закону аб адукацыі 1976 сістэма адукацыі ў Аргенціне ўключае ўстановы дашкольнага выхавання для дзяцей 3—5 гадоў, абавязковую (пачатковую) школу (7 гадоў навучання) для дзяцей 6—12 гадоў, сярэднюю (5—7 гадоў навучання) з двума цыкламі: 3-гадовым базавым (8—10 кл.) і 2—4-гадовым агульнаадук. або спец. навучаннем (у залежнасці ад тыпу сярэдняй навуч. установы ці ВНУ). У 1989/90 навуч. г. дашкольныя дзіцячыя ўстановы (існуюць пры пач. школах) наведвала 720 тыс. дзяцей, у пач. школах займаліся 4,9 млн. вучняў, працавалі 252 тыс. настаўнікаў, у сярэдніх — каля 2 млн. вучняў і 262 тыс. выкладчыкаў. Вышэйшую адукацыю ў Аргенціне даюць у асноўным ун-ты (больш за 50), а таксама ін-ты і вышэйшыя каледжы. Каля паловы прыватных ВНУ кантралюе каталіцкая царква. У 1989/90 навуч. г. ў ВНУ займалася каля 903 тыс. студэнтаў, працавала каля 70 тыс. выкладчыкаў. Найбольшыя ун-ты: у Буэнас-Айрэсе (з 1821), Кордаве (з 1613), Ла-Плаце (з 1884), Санта-Фэ (з 1919), Мароне (з 1960) і інш. Найбольшыя б-кі: Нац. б-ка (з 1810), б-ка ун-та ў Буэнас-Айрэсе, Нац. кангрэса (з 1859). Музеі: прыродазнаўчых навук (з 1823), Нац. гістарычны (з 1889), Нац. музей прыгожых мастацтваў (з 1895), школьны імя Сарм’ента (з 1910, усе ў Буэнас-Айрэсе), прыродазнаўча-гістарычны ў Мендосе (з 1911) і інш. Навуковыя даследаванні вядуцца ў галіновых акадэміях навук, НДІ пры ун-тах і ін-тах, у навук. т-вах.

Друк, радыё, тэлебачанне. У Аргенціне выходзіць 227 перыяд. выданняў агульным тыражом 2,75 млн. экз. (1990). Найбуйнейшыя газетныя выданні: «Clarin» («Гарніст», з 1945), «Cronica» («Хроніка», з 1963). Агенцтвы друку: Тэленатысіёса Амерыкана (з 1945), Дзыстрыбуідора Аргенціна дэ Натыскас (прыватнае інфарм. агенцтва, з 1964), Дыярыас і Натысіяс (з 1982). Дзейнічаюць 37 дзярж., 3 прыватныя і 72 мясц. радыёстанцыі. Галоўныя: Радыё Эль Мунда, Радыё дэль Плата, Радыё Насьёналь. 14 дзярж. тэлестанцый, 28 прыватных тэлеканалаў.

Літаратура. Літ. помнікі карэннага індзейскага насельніцтва Аргенціны не захаваліся. Творы калан. перыяду (пач. 16 — пач. 19 ст.) — гіст. хронікі Р.​Дыяса дэ Гусмана, М. дэль Барка Сентынеры (л-ры Ла-Платы). У гады нац.-вызв. руху (1810—16) панаваў рэв.-патрыят. класіцызм (Х.​Крус Варэла, Б. дэ Мантэагуда). Пасля абвяшчэння незалежнасці Аргенціны ідэйна-маст. кірункам у л-ры стаў рамантызм (Х.​М.​Гуцьерэс, Э.​Эчыверыя, Х.​Мармаль). Маст.-філас. твор «Факунда» (1845) Д.​Ф.​Сарм’ента лічыцца шэдэўрам арг. рамант. школы. Гіст. раман «Амалія» (1855) Х.​Мармаля — першы нац. раман. Да канца 18 ст. склаліся традыцыі фальклору гауча (жыхароў Пампы). На іх аснове развіваецца ўласнаарг. «л-ра гауча» (І.​Аскасубі, Э. дэль Кампа, Р.​Аблігада). Яе вяршыня — эпічная паэма Х.​Эрнандаса «Марцін Ф’ера» (ч. 1—2, 1872—79), адметная рысамі кастумбрызму (апісанне побыту і нораваў). Імкненне да рэаліст. адлюстравання рэчаіснасці характэрна для твораў прадстаўнікоў кастумбрысцкай л-ры (2пал. 19 ст.) Л.​В.​Лопеса, Л.​Кане, Э.​Вільдэ, К.​Гіда-і-Спана. З пач. 20 ст. ўзмацніліся пазіцыі рэалізму [Х.​Мартэль, Э.​Камбасерас, Ф.​Моча (Х.​С.​Альварэс), Р.​Х.​Пайра, Ф.​Санчэс, Б.​Лінч, М.​Гальвес], мадэрнізму і постмадэрнізму (Л.​Лугонес, Э.​Лаэрта, Б.​Фернандэс Марэна, Э.​Карыега, А.​Сторні, Э.​Банчс, Р.​А.​Арыета, Э.​Марцінес Эстрада і інш.). Вялікі ўплыў на развіццё літ. жыцця 1920-х г. зрабілі літ. аб’яднанні «Фларыда» (адстойвала «чыстае» мастацтва: Х.Л.Борхес, Э.​Мальеа, Л.​Марычаль) і «Баэда» (выступала за «мастацтва для жыцця»: А.​Юнке, Р.​Арльт, Р.​Гансалес Туньён). У апошнія дзесяцігоддзі ўклад у развіццё арг. і сусв. л-ры зрабілі Х.​Картасар, Х.​Л.​Борхес, Э.​Сабата і інш.

Архітэктура. У калан. перыяд архітэктура развівалася ў гарадах, што ўзніклі на шляхах пранікнення ў краіну іспанцаў. Выраслі гарады Буэнас-Айрэс, Кордава, Санта-Фэ і інш. з прамавугольнай сеткай вуліц, на гал. плошчы якіх узводзіліся сабор, ратуша, палац губернатара, арсенал. Архітэктура 17 ст. вызначалася прастатой і манументальнасцю (арх. Х.​Краус, А.​Бланкі, Х.​Б.​Прымалі). Найб. характэрны помнік гэтага перыяду царква Кампанья ў Кордаве (праект інж. Ф.​Лемера, 1649—90). З 18 ст. панавалі барока і класіцызм (царква Сан-Ігнасіо ў правінцыі Місьёнес), у канцы 19 — пач. 20 ст. — эклектызм і стылізацыя. У 1920-я г. склаліся рацыяналістычныя тэндэнцыі (арх. А.​Вірасора, В.​Акоста, Х.​Віванка, А.​Банет, А.​Вільямс). З 1940—50-х г. архітэктары звяртаюцца да арган. архітэктуры, развітых прасторавых і структурных кампазіцый, выкарыстання новых канструкцый і матэрыялаў (А.​Агасціні, Х.​Сальсон, К.​Тэст, А.​Гайда, Э.​Лестан, Э.​Амбаш і інш.).

Выяўленчае мастацтва. Да каланізацыі Аргенціны ў 16 ст. было развіта мастацтва карэннага насельніцтва — індзейцаў (ткацтва, кераміка, культавая скульптура з каменю, дрэва і гліны, ювелірныя вырабы). У каланіяльны перыяд выяўл. мастацтва ў асн. было рэлігійнае (разнымі дэкар. скульптурамі ўпрыгожвалі алтары-рэтабла, кафедры); развіваўся і свецкі жывапіс (гал. чынам партрэт). Пасля вызвалення Аргенціны ад ісп. панавання (1816) пад уздзеяннем заходнееўрап. мастацтва сталі развівацца жывапіс, скульптура, графіка (літограф-жанрыст К.​Марэль, пейзажыст П.​Пуэйрэдон, скульптар Л.​Карэа Маралес, жывапісец-рэаліст Э.​Сіворы). На пач. 20 ст. распаўсюдзіўся імпрэсіянізм (жывапісцы Х.​Бутлер, П.​Куіда, М.​Мальяра, П.​Сонса Брыяна, Ф.​Фадэр, скульптары Р.​Іруртыя і інш.). У 1929 Р.​Сольдзі стварыў «авангардысцкую школу» (Э.​Петаруці, Р.​Форнер), якая садзейнічала развіццю авангардных плыняў (Х.​Ле Парк, А.Берні, М.​Мінухін, Э.​Майк-Інтайр, Р.​Максіо). Вострыя сац. праблемы, жыццё народа адлюстроўваюць жывапісцы Х.К.Кастаньіна, Л.​Э.​Спілімберга, Б.​Кінкуэла Марцін, графікі А.​Р.​Віга, А.​Брыес, разьбяры А.​Сібеліна, С.​Фітула.

Музыка. У нар. музыцы Аргенціны пераважае крэольскі фальклор. Музыка індзейцаў-абарыгенаў захавалася толькі на ПдЗ краіны. Сярод песень і танцаў індзейцаў — араві, уайна, карнаваліта; муз. інструменты — кена, пінкілья, сіку і інш. Крэольскі муз. фальклор (песні — яраві, трыстэ, тона, эсціла, танцы — самакуэка, байлесіта, куанда і інш., мастацтва нар. паэтаў-спевакоў — паядораў) дасягнуў росквіту ў 19 ст. Прафес. муз. школа складваецца з канца 19 ст. пад уплывам еўрапейскіх, пераважна італьянскіх, жанраў і стыляў. Яе заснавальнік К.Вільямс. У канцы 19 ст. з’явіўся жанр оперы (А.​Беруці). У 1929 арганізавана «Група музычнага абнаўлення». Працуюць кампазітары браты Х.М. і Х.​З.​Кастра, Х.​Фішэр, Х.​Пас, А.Хінастэра, Ф.​Кропфль і інш. Муз. Цэнтр Аргенціны — Буэнас-Айрэс, дзе дзейнічаюць: оперны т-р «Калон» (1908); аркестры філарманічны, Нац. сімфанічны, Нац. радыё; Нац. і Муніцыпальная кансерваторыі; Лац.-амер. цэнтр муз. даследаванняў «Тарквата ды Тэлья» і інш.

Тэатр. Першы т-р у Буэнас-Айрэсе адкрыты ў 1783. У 1880-я г. ўзнік жанр рамант. меладрамы, т.зв. «тэатр гауча», гал. герой якога — селянін-пастух (гауча), ахвяра сац. несправядлівасці. На пач. 20 ст. вял. значэнне для развіцця нац. т-ра мела рэаліст. творчасць драматурга Ф.​Санчаса. У 1920-я г. ў процівагу камерцыйным узніклі «незалежныя» т-ры, якія вывучалі вопыт еўрап. т-ра, ставілі п’есы нац. драматургаў А.​Кусані, А.​Драгуна, К.​Гарастыса, творы класічнай і тагачаснай драматургіі. Цэнтр тэатр. жыцця Аргенціны — Буэнас-Айрэс, дзе працуюць незалежныя («Эль-Пуэбла», «Новы тэатр», «Ла Маскара») і камерцыйныя т-ры (Нац. т-р камедыі, «Архенціна» і інш.), Нац. ін-т вывучэння т-ра. Сярод рэжысёраў і акцёраў: А.​Баэра, П.​Аскіні, М.​Села, Л.​Сандрыні, Ф.​Петроне.

Кіно. Упершыню кіназдымкі ў Аргенціне адбыліся ў 1897. У 1908 зняты першы маст. фільм «Расстрэл у Дарэга» (рэж. М.​Гальа). Фільм «Танга смерці» (1917, рэж. Х.​А.​Ферэйра) паклаў пачатак серыі карцін, сюжэтна звязаных з папулярным у краіне танцам танга. У 1940—50-я г. найб. поспех мелі муз. камедыі з удзелам Л.​Торэс, лепшая з якіх — «Узрост кахання» (1953, рэж. Х.​Сарасэні). У 1950-я г. ў кіно прыйшло новае пакаленне рэжысёраў: Р.​Куін, Л.​Муруа, Л.​Фавіа, Х.​Марцінес Суарэс, творчасць якіх атрымала назву «новае аргенцінскае кіно». У 1956 заснавана Школа дакумент. кіно пад кіраўніцтвам Ф.​Біры. Вядомыя рэжысёры: Л.​Нільсен, Ф.​Э.​Саланас, Д.​Ліпшыц, Л.​Пуэнца.

Беларусы ў Аргенціне. Бел. дыяспара ў Аргенціне склалася з некалькіх значных эміграц. хваляў з Беларусі. Гэтаму спрыялі і адпаведныя законы Аргенціны: яе ўрад даваў усім эмігрантам роўныя правы, вызваляў іх ад падаткаў і г.д. Прадстаўнікамі 1-й эміграц. хвалі з Беларусі (канец 19 ст. — 1914, каля 300—400 тыс. чал.) былі сяляне пераважна з Гродзенскай і Віленскай, з 1905 — Мінскай і інш. усх. губерняў (асн. іх ч. пазней вярнулася на Бацькаўшчыну). У час 2-й хвалі эміграцыі ў 1921—39 з Зах. Беларусі каля 40 тыс. чал. перасяліліся ў правінцыі Масіёнес, Мэндэра, Сан-Жуан, каля 60 тыс. — у Буэнас-Айрэс і яго ваколіцы. У 1934 у Буэнас-Айрэсе склалася першае бел. культ.-асв. т-ва «Грамада», у 1935 — «Культура», у 1937 — «Т-ва бібліятэкі імя Івана Луцэвіча», у 1938 — Беларускае культурнае таварыства «Белавежа», у 1939 — «Док Суд», Бел. культ. т-ва ў г. Берысо. У 1939 яны аб’ядналіся ў Федэрацыю бел. арг-цый у Аргенціне, дзейнасцю якой кіравала ўправа на чале з М.​Мярэчкам, У.​Гайлевічам і Я.​Пятрушакам; выдавала газ. «Эхо», з 1940 — «Белорусский иллюстрированный календарь». У пач. 2сусв. вайны пры Федэрацыі створаны Бел. дэмакр. к-т, які праводзіў збор дабрачынных ахвяраванняў; у 1943 з аналагічнымі мэтамі ўтвораны Славянскі саюз Аргенціны. У час 3-й хвалі ваен.-паліт. эміграцыі ў 1946—53 бел. дыяспара павялічылася прыкладна на 1—1,5 тыс. чал. Яе прадстаўнікі заснавалі альтэрнатыўнае даваен. т-ва Згуртаванне беларусаў Аргенціны (ЗБА; 1948—57, старшыня К.​Мярляк), якое ў 1948 увайшло ў Антыкамуніст. славянскую лігу. ЗБА актыўна выступала супраць намаганняў пасольства СССР у Аргенціне прадстаўляць інтарэсы Беларусі. У 1949—54 у Аргенціне працавала прадстаўніцтва ўрада БНР на чале з Мерляком. З 1960-х г. арг-цыі бел. эміграцыі паступова страчваюць сваю нац. адметнасць: Федэрацыя бел. арг-цый далучылася да Славянскага саюза Аргенціны, замест ранейшых бел. т-ваў склаўся шэраг клубаў. У сувязі з рэпатрыяцыяй прыхільнікаў бел. нац. ідэі з ліку прац. эміграцыі (каля 15 тыс. чал.), выездам прадстаўнікоў ваенна-паліт. эміграцыі ў ЗША бел. нац. змястоўнасць ў грамадска-культ. жыцці суайчыннікаў амаль знікае. Паступова ліквідуецца і адна з найбуйнейшых арг-цый «Белорусский очаг» (з 1951, налічвала 15—18 тыс. пераважна сав. грамадзян). З 1984 дзейнічае «Федэрацыя сав. грамадзян Аргенціны» (больш за 2 тыс. чал.), куды ўвайшлі прадстаўнікі бел. дыяспары. У сучаснай бел. дыяспары Аргенціны каля 150 тыс. прадстаўнікоў бел. эміграцыі розных пакаленняў.

Літ.:

Пименова Р.А. Аргентина. М., 1987;

Культура Аргентины. М., 1977;

Arte argentino contemporaneo: [Catalogo]. Madrid, 1976.

П.​І.​Рогач (прырода, гаспадарка), Н.​Р.​Кошалева (гісторыя), Х.-К.​Папок (літаратура), А.​А.​Гарахавік (музыка), Л.​М.​Зайцава (кіно), Т.​А.​Папоўская (беларусы ў Аргенціне).

Герб і сцяг Аргенціны.
Аргенціна. Статак авечак у Патагоніі. Правінцыя Санта-Крус.
Аргенціна. Пейзаж аргенцінскай Пуны.
Аргенціна. Нацыянальны парк Наўэль-Уапі.
Аргенціна. Горад Кордава.
Да арт. Аргенціна. Спартыўная зала-басейн у Буэнас-Айрэсе. Арх. Э.​Лестан. 1988.
Да арт. Аргенціна. Руіны царквы Сан-Ігнасіо ў правінцыі Місьёнес. 18 ст.
Да арт. Аргенціна. Э. Петаруці. Квінтэт. 1927.

т. 1, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́Я (кар. Часон, літар. краіна ранішняй свежасці),

краіна на У Азіі, на Карэйскім паўвостраве, прылеглай ч. мацерыка і суседніх астравах.

Гісторыя. Тэр. К. заселена чалавекам з часоў позняга палеаліту. Першым дзярж. утварэннем з кар. плямён была дзяржава Часон, якая ў 5—4 ст. да н.э. дасягнула свайго росквіту. У 109 да н.э. яе заваявала кіт. Ханьская дынастыя. У ходзе барацьбы з кіт. заваёўнікамі ў 1 ст. н.э. ўзніклі тры дзяржавы — Кагуро, Пэкчэ і Сіла, якія вызначыліся развіццём матэрыяльнай і духоўнай культуры на аснове кіт. традыцый. У 7 ст. Сіла ў саюзе з кіт. дынастыяй Тан перамагла Пэкчэ і Кагуро і аб’яднала б.ч. Карэйскага п-ва. Узнікненне адзінай дзяржавы спрыяла фарміраванню кар. народнасці. У 9 ст. Сіла распалася на асобныя феад. ўладанні, што ў 935 аб’ядналіся пад уладай дзяржавы Каро (засн. ў 918 Ван Гонам; ад яе паходзіць сучасная еўрап. назва краіны, прынятая ў пач. 20 ст.). Да канца 10 ст. канчаткова склалася цэнтралізаваная феад. дзяржава, якая паспяхова адбівала нашэсці кіданяў (933, 1010—11, 1018—19); у ёй пачаў пашырацца будызм. У выніку няспынных міжусобіц у 1231 у Каро ўварваліся манголы, барацьба з якімі вялася амаль 30 гадоў. У 1259 правіцелі Каро падпарадкаваліся манг. дынастыі Юань, а пасля яе заняпаду (1368) — кіт. дынастыі Мін. З 1392 у К. (зноў наз. Часон) правіла дынастыя Лі, пры якой адбыўся значны эканам. і культ. ўздым, дзярж рэлігіяй стала канфуцыянства. Становішча дзяржавы пагоршылася ў час уварвання яп. (гл. Імдзінская вайна 1592—98) і маньчжурскіх (1-я пал. 17 ст.) заваёўнікаў. У 1637 К. трапіла ў васальную залежнасць ад маньчжурскай дынастыі. У 2пал. 17—18 ст. тут пашырылася прыватнае землеўладанне, узніклі рамесніцкія карпарацыі, выраслі буйныя гандл. цэнтры. На пач. 19 ст. ў К. наспеў глыбокі сац. крызіс. У 1811—12 у прав. Пхёнандо ўспыхнула паўстанне сялян, у 1833 — гараджан Сеула, у 1862 адбылося сял. паўстанне. Амаль да канца 19 ст. К. трымалася палітыкі поўнай ізаляцыі ад інш. дзяржаў. Хрысц. місіянеры, якія прыбывалі ў К. ў 18—19 ст., франц. (1866) і амер. (1871) экспедыцыі сутыкаліся тут з моцным супраціўленнем. Толькі ў 1876 К. ўстанавіла кантакты з Японіяй, у 1882 — з ЗША пазней — з Германіяй, Францыяй, Расіяй, Вялікабрытаніяй. Росту яп. ўплыву ў К. беспаспяхова супрацьстаяў Кітай (гл. Япона-кітайская вайна 1894—95). Японіі ўдалося (гл. Руска-японская вайна 1904—05) акупіраваць К. і ў ліст. 1905 навязаць дагавор аб пратэктараце. У 1910 Японія скінула дынастыю Лі, анексіравала краіну і ператварыла яе ў сваю правінцыю. Ва ўмовах жорсткага калан. ўціску ў К. развіваўся нац.-вызв. рух. У сак.крас. 1919 усю краіну ахапіла антыяп. паўстанне (каля 2 млн. удзельнікаў), задушанае яп. калан. ўладамі. Ў крас. 1919 дзеячы незалежніцкага руху на чале з Лі Сын Манам стварылі ў г. Шанхай (Кітай) часовы эмігранцкі ўрад, які на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 беспаспяхова шукаў падтрымкі ідэі незалежнасці К. У 1930-я г. на тэр. Маньчжурыі, дзе жыла значная колькасць карэйцаў, дзейнічалі партыз. атрады. Антыяп. рух асабліва ўзмацніўся ў 2сусв. вайну. На Каірскай канферэнцыі 1943 кіраўнікі ўрада Кітая прынялі рашэнне аб прадастаўленні К. незалежнасці.

У жн. 1945 сав. войскі з дапамогай кар. партызан занялі паўн. частку К. Былі створаны ваен. адміністрацыі: на Пн ад 38-й паралелі — савецкая, на Пд — амерыканская (амер. войскі высадзіліся ў Паўд. К. ў вер. 1945 пасля капітуляцыі яп. войск). Падзел краіны павінен быў мець часовы характар.

Маскоўская нарада 1945 міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі прыняла рашэнне пра заснаванне на тэр. К. адзінай незалежнай дэмакр. дзяржавы. У снеж. 1945 ЗША і СССР стварылі сумесную камісію для сфарміравання агульнакар. ўрада. Аднак камісія спыніла сваю дзейнасць і праблема ўз’яднання К. не была вырашана. Прынцыповая розніца грамадскага ладу, які пасля вайны сфарміраваўся ў паўн. і паўд. ч. краіны, а таксама палітыка іх улад пры падтрымцы ЗША і СССР прывялі да падзелу К. У 1948 у Паўд. К. створана Рэспубліка К. (гл. Карэя Паўднёвая), у Паўн. К. — Карэйская Нар.-Дэмакр. Рэспубліка (гл. Карэя Паўночная), паміж якімі адбылася Карэйская вайна 1950—53.

Літаратура. Да канца 19 ст. стваралася на ханмуне (карэізаваная форма кіт. літ. мовы) і кар. мове. Найстараж. ўзоры л-ры на кар. мове — 25 невял. вершаў (хянга — «песні роднага краю») 7—11 ст. Адначасова развівалася паэзія на ханмуне (лірыка Чхве Чхівона, творы паэтаў-анахарэтаў Лі Іно і Лі Гюбо). Ранняя проза на ханмуне прадстаўлена канфуцыянскім летапісам «Гістарычныя запісы пра тры дзяржавы» Кім Бусіка (12 ст.) і будыйскай жыційнай л-рай («Жыціе Кюнё» Хёк Нёнджона, 11 ст.; «Жыццяпіс выдатных манахаў Краіны на ўсход ад мора», 13 ст.). У 12—14 ст. зарадзілася нац. паэзія — Каро каё («песні Каро»), якая прадоўжыла традыцыі хянга. У 13—14 ст. маст. проза паступова адасобілася ад гістарычнай. Узніклі яса — неафіц. гісторыі («Забытыя падзеі трох дзяржаў» Ірона, 13 ст.) і пхэсоль — проза малых форм (лірыка Лі Джэхёна і інш.). Першы твор на кар. алфавіце — «Ода дракону, які ляціць у нябёсы» (1445). Развіваліся навела (Кім Сісып), алегарычная аповесць (сатырык Лім Джэ). Лепшы ўзор паэзіі і прозы на ханмуне да пач. 15 ст.вял. «Усходняя анталогія» (130 кніг), складзеная ў 1478 Со Гаджонам. У 16—17 ст. вядучае месца ў л-ры займала пейзажная і філас. лірыка, т.зв. паэзія рэк і азёр. Майстрамі сіджо (трохрадкоўе) і каса (вял. паэмы) былі Чон Чхоль і Юн Сандо. Вылучылася патрыят. лірыка Пак Іно У 17—19 ст. папулярнасць набылі аповесці на кар. мове — сасоль: гераічныя («Імджынская хроніка», 17 ст.), сац.утапічныя («Аповесць пра Хон Гільдона», 17 ст.), лірычныя («Аповесць пра Сім Чхон», 18 ст.; «Аповесць пра вернасць Чхунхян», 18 ст.), сатыр. («Аповесць пра зайца», 18 ст.) і інш. Ідэі асветніцтва адлюстраваліся ў творчасці Кім Манджуна — аўтара першага рамана на кар. мове «Воблачны сон дзевяці» (1689), сатыр. навелах і вершах на ханмуне пісьменніка-рэаліста Пак Чывона, паэтаў Чон Ягёна і Кім Саката. Паэзія на кар. мове была сабрана ў анталогіі «Бессмяротныя словы Краіны зялёных гор» (каля 1727) і «Песні Краіны на ўсход ад мора» (1763). У канцы 19 — пач. 20 ст. адбыўся пераход ад сярэдневяковай да новай прозы (асветніцкія раманы Лі Інджыка і Лі Хэджо). Пачынальнікі сучаснай кар. прозы — Лі Гвансу, паэзіі — Чхве Намсон і Кім Ок. Узнікла пралет, л-ра, т.зв. школа новага кірунку (Чхве Сахэ, Кім Саволь). У 1925—35 дзейнічала Карэйская федэрацыя пралет, мастацтва (празаікі Лі Гіен, Чо Мёнхі, Сон Ён, паэты Пак Сеён, Лі Санхва, крытыкі Юн Сепхён і інш.). Атрымаў развіццё рэаліст. раман пра кар. вёску (Лі Гіен). 2пал. 1930-х г. — час росквіту гіст. рамана (Хоп Мёнхі, Лі Гвансу), а таксама л-ры «плыні свядомасці» (Лі Сан). У гады 2сусв. вайны публікацыі на кар. мове былі пад забаронай.

Архітэктура. Ад эпохі неаліту захаваліся рэшткі квадратных і круглых глінабітных паўзямлянак, ад першых ст. да н.э. — пахавальныя збудаванні (дальмены, магілы ў форме скрыні, пахаванні ў збанападобных пасудзінах і інш.). На тэр. б. дзяржавы Кагуро выяўлена больш за 50 грабніц — манум. падземных збудаванняў, ашаляваных дрэвам (4 ст.) або складзеных з каменных пліт і цэглы (5—7 ст.) з размалёўкамі на столі; на тэр. дзяржавы Сіла — абсерваторыя Чхамсандэ («Вежа зорак», 632—47, выш. 9 м), складзеная з гранітных блокаў у форме бутлі. Аб’яднанне краіны спрыяла інтэнсіўнаму буд-ву гарадоў, у якіх прыёмы рэгулярнай забудовы, планіроўка кварталаў, вуліц з улікам рэльефу мясцовасці, выкарыстанне ландшафту нагадвалі кіт. горадабудаўніцтва. З пашырэннем будызму пачалі будаваць каменныя храмавыя ансамблі і пагады простай і лаканічнай формы: пячорны 2-зальны храм Сакурам (742—64), комплекс Пульгукса (751, перабудаваны ў 1350) з пагадамі Табатхап (751) і Сакатхап (761) — усе каля Кёнджу. У эпоху дзяржавы Каро (918—1392) узводзілі культавыя і грамадз, будынкі ўскладненай формы з багатым дэкар. убраннем: храм Кваным (980), пагада Ханмётхап храма Папчонса ў Сеуле (1085), палац уладароў Манвальдэ ў Кэсоне (918, зруйнаваны ў 1361). Пры дынастыі Лі (1392—1910) будавалі шыкоўныя садова-паркавыя ансамблі палацаў (Кёнбакун у Сеуле, 1395, разбураны ў 1592, адноўлены ў 19 ст., у 1950—53 зноў разбураны), што складаліся са шматлікіх невял, пабудоў з масівамі ярусных дахаў, аб’яднаных дварамі і аздобленых размалёўкамі, разьбой па дрэве і камені. Раскошай вылучаюцца храм Гандоса (16 ст., пав. Янсань, прав. Кёнсан-Намдо), мармуровая пагада храма Вангакса ў Сеуле (1464). Нар. жыллё К. — нізкі 1-павярховы дом — «чып» (з каменю, гліны, дрэва) з тэрасай і адмысловай ацяпляльнай сістэмай пад падлогай («андоль»), упрыгожаны размалёўкамі шматколерным нац. арнаментам. У час яп. панавання будавалі пад уплывам тагачаснай еўрап. архітэктуры і яп. дойлідства.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад эпохі неаліту захавалася кераміка, у т. л. пасудзіны з грабеньчатым і хвалепадобным арнаментам, таўстасценныя гаршкі і вастрадонныя вазы з геам. арнаментам, глянцавы посуд, пакрыты лакам і інш. З першых стагоддзяў да н.э. вядомы метал. прылады і гліняныя пасудзіны са штампаваным арнаментам. Маст. культура К., якая ўспрыняла ўплывы Кітая і зрабіла ўздзеянне на мастацтва Японіі, склалася ў пач. н.э. Будызм прыўнёс у культуру К. іерагліфіку, шаўкаткацтва, скульптуру. У грабніцах 3—7 ст. захаваліся размалёўкі мінер. фарбамі па сухім грунце з адлюстраваннем гіст. падзей, быт. сюжэтаў, партрэтаў, фантастычных і міфалагічных выяў. Дэкар. мастацтва прадстаўлена глінянымі неглазураванымі пасудзінамі (часам у выглядзе коннікаў, дамоў і інш.), метал, вырабамі (бронз. люстэркі, залатыя кароны), дэкар. цэглай з ціснёнымі выявамі дэманічных масак, птушак, элементаў пейзажу. Скульптура 7—10 ст. вызначаецца адыходам ад схематычнай умоўнасці, адухоўленасцю вобразаў і мяккасцю форм, уплывамі канонаў будыйскай пластыкі Кітая і Індыі (бронз. пазалочаная статуя Буды Майтрэі, пач. 7 ст.; гранітная статуя Буды і гарэльеф бадгісатвы Каным з храма Сакурам, 8 ст.). Пашырылася традыцыя выканання ідалападобных выяў воінаў, саноўнікаў, жывёл і інш. каля пахаванняў уладароў (Кёнджу), якім уласціва манументальнасць груба абагульненых форм. Дэкар.-прыкладное мастацтва прадстаўлена апрацоўкай каменю, металу, шаўкаткацтвам, традыц. лакавымі вырабамі, пляценнем з валокнаў бамбуку, травы і інш. У 10—14 ст. пашырыліся манум. скульптура, форма якой зводзілася да кананічнай франтальнасці (статуя Буды Майтрэі, 10 ст., пав. Пансан прав. Чхунчхон-Намдо), жывапіс тушшу і вадзянымі фарбамі на скрутках (Лі Нэн, 12 ст.), сімвалізаваныя і абагульненыя размалёўкі храмаў і пахаванняў, вырабы з каменнай масы, аздобленыя інкрустацыяй з чорнай і белай гліны, пакрытыя блакітна-зялёнай глазурай. Росквіту дасягнула мастацтва фарфоравых вырабаў (посуд у выглядзе гарбуза, грушы, пладоў граната і інш.), якія аздаблялі размалёўкай, гравіроўкай, рэльефнымі накладкамі («санхен» — выявы кветак і птушак, «хвагым» — залатыя арнаменты, «самун» — гладкі недэкарыраваны і інш.), і глазураваная кераміка «селадон» вытанчаных адценняў, мяккіх тонаў шаравата-зялёна-блакітных колераў. Выраблялі таксама бронз. люстэркі і званочкі, мініяцюрныя мадэлі храмаў і пагад, залаты, сярэбраны посуд і інш. У 14—19 ст. у выяўл. мастацтве дамінаваў жывапіс, існавала ўстанова Тахвасо, якая выконвала функцыі акадэміі жывапісу. З 14 ст. вядома гравюра на дрэве. Сярод мастакоў 15—17 ст. пейзажысты Ан Гён, Кан Хіян, Кім Сік, Чон Сен, жанрыст Юн Дусо, майстар жанру «кветкі-птушкі» Лі Ам. У 18 ст. працавалі жанрысты, пейзажысты і партрэтысты Кім Хандо, Кім Дыксін, Сін Юнбок, анімалісты Сім Саджон, Пён Санбёк. У 19 ст. ў традыц. жанры «кветкі-птушкі» працавалі Чан Сыноп, Нам Геу, паявіўся алейны жывапіс. Удасканальвалася мастацтва фарфору і керамікі (з размалёўкай кобальтам). У перыяд яп. акупацыі працягвалі развівацца традыц. нац. віды дэкар. мастацтва: лакі, фарфор, кераміка, пляценне з трыснягу, бамбуку, вышыўка і інш. У 1925—35 існавала Кар. федэрацыя пралет. мастацтва, гал. мэтай якой было адлюстраванне барацьбы кар. народа за незалежнасць.

Музыка К. блізкая да стараж. муз. традыцый Д. Усходу. Для яе характэрна апора на пентатоніку. З 15 ст. выкарыстоўваецца і кіт. сістэма 12-ступеннага роўнатэмпераванага гукараду люй-люй. У метрыцы пераважаюць 3-дольныя памеры (​3/4, ​12/8 і інш.). У 8—2 ст. да н.э. спевы і танцы ў суправаджэнні бронзавых барабанаў, званоў і гонгаў адыгрывалі вял. ролю ў рытуальных святкаваннях. Станаўленне традыц. форм адносіцца да 3—9 ст. У прыдворных цырыманіялах удзельнічалі мнагаскладавыя аркестры (больш за 100 інструментаў), выконваліся гімны, оды, танцы, наладжваліся тэатр. паказы. У 10—14 ст. сярод відаў прыдворнай музыкі — аак («вытанчаная музыка»), тэчвіт а (ваен. музыка ў час выездаў імператара), іалэк (музыка банкетаў). Муз. культура К. вылучалася сярод інш. краін Д. Усходу развітасцю танц. традыцый у суправаджэнні вак. і інстр. кампазіцый на цытрах каягым, камунга, лютні піпха (стваральнікі Ван Санак, Урык, Ок Паго; 6—8 ст.). У 6 ст. з’явіўся жанр хянга («песні роднага краю»). З пашырэннем будызму ў К. складваліся кар. традыцыі будыйскай рытуальнай музыкі. У 14 ст. засн. спец. муз. палата Акі тагам (пазней Чанагвон). У 15 ст. кананізаваны віды прыдворнай музыкі, адрадзіліся ўзоры аак, павялічыўся склад прыдворных аркестраў (да 400 чал.), уніфікаваны муз. інструменты (да 65 відаў). Сярод інструментаў: стр. шчыпковыя сыль, тэджэн (тыпу гусляў), канху (тыпу арфы); стр. смычковыя аджэн, хэгым (тыпу скрыпкі); духавыя тэгым (або чатэ), танджок, чы (папярочная флейта), со (мнагаствольная флейта), тансо (свірасцёлка), хянпхіры, сепхіры (тыпу габоя); ударныя барабаны чанга (2-баковы), чунга (1-баковы гарыз.), 6- і 8-гранныя чвага і ёнга. Удасканальваліся сістэмы натацыі, запазычаныя з Кітая (юлчапо і арыгінальныя юкпо і ёнумпё). У 1493 Сон Хёнам і інш. створана муз. энцыклапедыя «Акхак квебом» («Асновы навукі аб музыцы», т. 1—9). Школы ігры на інструментах узначальвалі Тэахян, Акіхян (каягым), Аян (камунга), Соль Вон (чанга), Кім Сон (піпха) і інш. Традыц. муз. творчасць вылучаецца разнастайнасцю лакальных стыляў, арганічным спалучэннем спеваў і інстр. ігры, танца і тэатр. пантамімы, акрабатыкі. Яе ўзоры прадстаўлены ў музыцы шаманскіх рытуалаў муак (рэчытацыі, спевы, танцы) у суправаджэнні інстр. кампазіцый сінаві, у «сял. музыцы» нанак (гонгі, барабан чанга, ражок напхаль, або род кларнета налары). У 17—18 ст. былі пашыраны шматлікія рэгіянальныя разнавіднасці сял. песень мінё. У 15—16 ст. з развіццём муз. жыцця гарадоў складваліся віды, жанры і стылі вак.-інстр. камернай музыкі чанак (шматчасткавыя інстр. сюіты ў выкананні невял. інстр. ансамбляў, вак. кампазіцыі кагок, кароткія песні сіджо). З 2пал. 19 ст. хатняе музіцыраванне ператварылася ў своеасаблівыя канцэрты, дзе выконвалася інстр. музыка ў стылі санджа — шматчасткавых сольных кампазіцый для камунга (школа Кім Юндака), каягыма (Кім Чукпха), пхіры і інш. у суправаджэнні чанга. Да 19 ст. сфарміраваліся шматлікія віды муз. т-ра (марыянетак, танц. і танц.-драм. спектаклі ў масках, тэатралізаваны паэт. сказ і інш.). Тэатралізаваны сказ пхансары (з 18 ст.) уключаў арыі і песні на аснове рытмічных (чхандан) і меладычных (чхо) мадэлей, размоўную гаворку і драм. дзеянне. У 2пал. 19 ст. зарадзілася кар. нац. муз. драма чхангык (заснавальнік Сін Джэхён). З пашырэннем хрысціянства ў 17—18 ст. развіваюцца традыцыі культавых каталіцкіх спеваў. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў муз. культуру К. пранікла зах.-еўрап. музыка, узніклі ваен. духавыя аркестры зах. тыпу, складваецца песенны жанр пансанхва. У 1927 засн. Саюз кар. музыкантаў (у складзе Кар. федэрацыі пралет. мастацтва).

Тэатр. Вытокі тэатра К. ў стараж. хар. песнях-танцах. У 14—15 ст. узніклі нар. т-р масак (камёнгык), т-р лялек (інхёнгык) і вял. камед. паказы (сандэгык), развіццю якіх садзейнічалі нар. акцёры квандэ. У познім сярэдневякоўі ўзнік размоўны т-р (хвагык). Станаўленне прафес. т-ра прыпадае на канец 19 — пач. 20 ст. і звязаны з імем Сін Джэхё. У прафес. т-ры «Вангакса» (1901), «Хёксіндан» (1911), «Кванмудэ» (1912) нац. традыцыі спалучаліся з еўрапейскімі. У 1921 кар. студэнты, якія вучыліся ў Японіі, стварылі трупу «Саюз драматычнага мастацтва». У 1925 створана Кар. федэрацыя пралет. мастацтва, куды ўвайшлі і тэатр. дзеячы. На пач. 1930-х г. узніклі аматарскія і прафес. тэатр. калектывы: «Мачхі», «Тэатр будучыні» ў Пхеньяне, «Вулічны тэатр» у Тэгу, «Масавы тэатр» у Кэсоне, т-ры «Чханбок», «Новае будаўніцтва», «Мегафон», «Новае мастацтва», якія ставілі кар. класіку і творы сучасных кар. драматургаў Сон Ёна, Нам Гунмана, рус. класіку. Дзейнічала Т-ва драм. мастацтва ў Масане. З сярэдзіны 1930-х г. кар. т-ры закрываліся, акцёрам дазвалялася выступаць у яп. рэпертуары і пад яп. прозвішчамі; спектаклі ставіліся на яп. мове.

Кіно. Першы фільм «Клятва пры месяцы» зняты ў 1921 рэж. Юн Бэнамам. У 1923—24 у Пусане пад кіраўніцтвам Юн Бэнама працавала т-ва «Пусан Часон кінема», дзе ён паставіў фільм «Першаадкрывальнікі» (1924). Кінагрупа кінасекцыі Кар. федэрацыі пралет. мастацтва (створана ў 1925) выпусціла некалькі рэаліст. стужак пра жыццё К. пад яп. прыгнётам, у т. л. «Бадзяга» (1927), «Змрочная вуліца», «Цёмны шлях» (абедзве 1928). Выходзілі фільмы і інш. рэжысёраў: «Бык без рагоў» рэж. Кім Тхэджына (1927), «Арыран» (1926), «У пошуках кахання» (1928), «Паром без кахання» (1932) рэж., сцэнарыста і акцёра На Унгю. З сярэдзіны 1930-х г. у К. стала пашырацца яп. кінапрадукцыя, пачалі дэманстравацца ням., італьян. фільмы.

Літ.:

История Кореи. Т. 1—2. М., 1974;

Еременко Л., Иванова В. Корейская литература: Краткий очерк. М., 1964;

Тэн А.Н. Традиции реализма в корейской классической литературе. Алма-Ата, 1980;

Корейское классическое искусство: Сб. ст. М., 1972;

Глухарева О.Н. Искусство Кореи с древнейших времен до конца XIX в. М., 1982.

С.​В.​Логіш (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (выяўленчае мастацтва), Г.​У.​Шур (кіно).

Да арт. Карэя. Святыня ў адным з храмаў комплексу Пульгукса.
Да арт. Карэя. Храм Пульгукса каля г. Кёнджу. 8 ст.
Да арт. Карэя. Павільён Тэун з будыйскага храма Кваным. 980.
Да арт. Карэя. Чырвоная птушка (чуджак) — ахоўнік Поўдня. Размалёўка Вялікай грабніцы. Фрагмент. 565.
Да арт. Карэя. Ваза «Тысяча журавоў». Канец 12 ст.
Да арт. Карэя. Буда Амітабха. Каля 700.
Да арт. Карэя. Невядомы мастак. Партрэт Лі Даксу. 18 ст.
Да арт. Карэя. Сін Юнбок. Жаночы час візіту. Канец 18 — пач. 19 ст.
Да арт. Карэя. Бронзавы посуд. 17 ст.
Да арт. Карэя. Бронзавы посуд. 17 ст.

т. 8, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ (United Nacions; ААН),

міжнародная арганізацыя, створаная для падтрымання міру, бяспекі і развіцця супрацоўніцтва паміж усімі краінамі.

Арганізац. і структурныя асновы ААН закладваліся ў час 2сусв. вайны вядучымі дзяржавамі антыгітлераўскай кааліцыі. 1.1.1942 у Вашынгтоне 26 краін падпісалі Дэкларацыю Аб’яднаных Нацый (назву «Аб’яднаныя Нацыі» прапанаваў прэзідэнт ЗША Ф.​Рузвельт). У Дэкларацыі, прынятай 30.10.1943 на Маскоўскай нарадзе міністраў замежных спраў, ад імя ўрадаў заяўлена пра неабходнасць «заснавання ў найкарацейшы тэрмін агульнай міжнароднай арганізацыі для падтрымання міру і бяспекі, заснаванай на прынцыпе суверэннай роўнасці ўсіх міралюбівых дзяржаў». На Думбартан-Окс канферэнцыі 1944 прадстаўнікі Вялікабрытаніі, ЗША, Кітая і СССР распрацавалі прапановы па статуце такой арг-цыі. На Крымскай канферэнцыі 1945 кіраўнікі Вялікабрытаніі, ЗША і СССР дамовіліся на ўстаноўчую канферэнцыю ў Сан-Францыска ў якасці першапачатковых дзяржаў — заснавальніц ААН запрасіць Беларускую ССР і Украінскую ССР, ацэньваючы ўклад народаў гэтых рэспублік у перамогу над фашызмам. Сан-Францыская канферэнцыя 1945 прыняла Статут ААН. Урачыстае яго падпісанне адбылося 26.6.1945 прадстаўнікамі 50 дзяржаў, у т. л. і БССР. Гэтыя краіны, а таксама не прадстаўленая на канферэнцыі Польшча (падпісала Статут некалькі пазней), сталі першапачатковымі дзяржавамі — членамі ААН. Афіц. датай утварэння ААН лічыцца 24.10.1945, калі яе Статут набыў сілу пасля здачы ратыфікацыйных грамат Вялікабрытаніяй, ЗША, Кітаем, СССР, Францыяй і большасцю інш. краін, якія яго падпісалі (БССР ратыфікавала Статут 30.8.1945). 24 кастр. адзначаецца штогод як Дзень ААН.

Паводле Статута мэты ААН: падтрымліваць міжнар. мір і бяспеку, выкарыстоўваючы эфектыўныя калект. захады супраць агрэсіі ці інш. парушэнняў міру; праводзіць мірнымі сродкамі адпаведна з прынцыпамі справядлівасці і міжнар. права ўрэгуляванне або вырашэнне міжнар. спрэчак ці сітуацый, што могуць прывесці да парушэння міру; развіваць дружалюбныя адносіны паміж нацыямі на аснове павагі прынцыпу раўнапраўя і самавызначэння народаў і рабіць адпаведныя захады на ўмацаванне ўсеагульнага міру; ажыццяўляць міжнар. супрацоўніцтва ў вырашэнні праблем эканам., сац., культ. характару, заахвочваць і ўмацоўваць павагу да правоў чалавека і асн. свабод для ўсіх, незалежна ад расы, полу, мовы і рэлігіі. У сваёй дзейнасці ААН кіруецца прынцыпамі суверэннай роўнасці ўсіх яе членаў, добрасумленнага выканання імі прынятых на сябе ў адпаведнасці са Статутам абавязацельстваў, вырашэння міжнар. спрэчак мірнымі сродкамі, неўмяшання ў справы, якія па сутнасці ўваходзяць ва ўнутр. кампетэнцыю любой дзяржавы. ААН забяспечвае ў адпаведнасці з яе прынцыпамі дзейнасць дзяржаў, якія не з’яўляюцца членамі арг-цыі. Паводле Статута прыём у члены ААН адкрыты для ўсіх міралюбівых дзяржаў, якія бяруць на сябе абавязкі, абумоўленыя Статутам, могуць і жадаюць іх выконваць. Прыём праводзіцца Генеральнай Асамблеяй ААН па рэкамендацыі Савета Бяспекі ААН. Статут прадугледжвае прыпыненне ажыццяўлення правоў і прывілеяў дзяржавы — члена ААН або выключэнне з ААН за парушэнне прынцыпаў Статута. На 1.4.1995 членамі ААН з’яўляліся 185 дзяржаў свету.

Гал. органы арг-цыі: Генеральная Асамблея, Савет Бяспекі, Эканамічны і сацыяльны савет ААН (ЭКАСОС), Савет па апецы ААН, Міжнародны суд ААН і Сакратарыят ААН.

У Ген. Асамблеі прадстаўлены ўсе члены ААН. Яна можа абмяркоўваць любыя пытанні ў межах Статута або якія адносяцца да паўнамоцтваў і функцый любога з органаў ААН, даваць рэкамендацыі Савету Бяспекі і яго членам па любым з такіх пытанняў, за выключэннем тых, на якія распаўсюджваюцца паўнамоцтвы Савета Бяспекі; вызначае мэты і кіруе дзейнасцю ў галіне развіцця, склікае сусв. канферэнцыі, абвяшчае міжнар. гады і г.д. Паводле Статута ААН на Савет Бяспекі ўскладзена гал. адказнасць за падтрыманне міру і бяспекі. Ён складаецца з 5 пастаянных (Вялікабрытанія, ЗША, Кітай, Расія і Францыя) і 10 непастаянных (выбіраюцца Ген. Асамблеяй на 2 гады) членаў. Дзейнічае паводле прынцыпу аднагалосся. Рашэнні Савета Бяспекі абавязковыя для ўсіх членаў ААН. У выключную кампетэнцыю Савета Бяспекі ўваходзіць, вырашэнне пытанняў стварэння і функцыянавання ўзброеных сіл ААН. Эканам. і сац. савет каардынуе пад эгідай Ген. Асамблеі дзейнасць ААН у галіне эканам. і сац. супрацоўніцтва. Складаецца з 54 чал., якія выбіраюцца Ген. Асамблеяй. Задача Савета па апецы — назіранне за кіраўніцтвам падапечнымі тэрыторыямі, якія ўключаны ў сістэму апекі. Міжнар. суд — гал. суд. орган ААН. Яго члены выбіраюцца Ген. Асамблеяй і Саветам Бяспекі. Сакратарыят абслугоўвае інш. органы ААН, выконвае праграмы і ажыццяўляе прынятую імі палітыку. Узначальвае Сакратарыят Генеральны сакратар ААН (з 1.1.1993 Бутрас Бутрас-Галі).

Існуе вял. колькасць розных органаў ААН: спец. камітэты, камісіі, канферэнцыі і інш. Асобна вылучаюцца спецыялізаваныя ўстановы ААН, якія дзейнічаюць аўтаномна, маюць свае ўстановы і членства. Штаб-кватэра ААН размешчана ў Нью-Йорку. У шэрагу гарадоў свету дзейнічаюць інфарм. цэнтры і розныя службы арг-цыі. У Вене і Жэневе размешчаны Аддзяленні ААН. Афіц. мовы ААНангл., ісп., кіт., рус., франц.; араб. мова дабаўлена як афіц. мова Ген. Асамблеі, Савета Бяспекі і ЭКАСОС. Мае сваю эмблему і сцяг. У Мінску дзейнічае Прадстаўніцтва ААН у Рэспубліцы Беларусь.

В.​М.​Іваноў, Г.​К.​Кісялёў.

Да арт. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый. Кіраўнік дэлегацыі БССР К.​В.​Кісялёў падпісвае Статут ААН. Сан-Францыска. 26.6.1945.
Будынак Сакратарыята Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Йорку.
Колькасны рост Арганізацыі Аб’яднаных Нацый
Год уступлення Колькасць дзяржаў-членаў ААН (на год) Дзяржавы — члены ААН (у дужках дата прыняцця дзяржавы)
1 2 3
1945 51 Дзяржавы — заснавальніцы ААН Аргенціна, Беларусь, Бразілія, Вялікабрытанія, Гаіці, Дамініканская Рэспубліка, Данія, Егіпет, ЗША, Іран, Кітай (Рэзалюцыяй Ген. Асамблеі ад 25.10.1971 прадстаўнікі ўрада КНР прызнаны законнымі прадстаўнікамі Кітая ў ААН, а прадстаўнікі Чан Кайшы пазбаўлены гэтых паўнамоцтваў), Куба, Ліван, Люксембург, Нікарагуа, Новая Зеландыя, Парагвай, Польшча, Расійская Федэрацыя (да 24.12.1991 — СССР), Сальвадор, Саудаўская Аравія, Сірыя, Турцыя, Украіна, Філіпіны, Францыя, Чылі, Чэхаславакія, Югаславія (усе 24 кастр.), Грэцыя (25 кастр.), Індыя (30 кастр.), Перу (31 кастр.), Аўстралія (1 ліст.), Коста-Рыка, Ліберыя (2 ліст.), Калумбія (5 ліст.), Мексіка, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка (7 ліст.), Канада (9 ліст.), Панама, Эфіопія (13 ліст.), Балівія (14 ліст.), Венесуэла (15 ліст.), Гватэмала (21 ліст.), Нарвегія (27 ліст.), Нідэрланды (10 снеж.), Гандурас (17 снеж.), Уругвай (18 снеж.), Ірак, Эквадор (21 снеж.), Бельгія (27 снеж.)
Новыя дзяржавы — члены ААН
1946 55 Афганістан, Ісландыя, Швецыя (19 ліст.), Тайланд (16 снеж.)
1947 57 Йемен, Пакістан (30 вер.)
1948 58 М’янма (19 крас.)
1949 59 Ізраіль (11 мая)
1950 60 Інданезія (28 вер.)
1955 76 Албанія, Аўстрыя, Балгарыя, Венгрыя, Іарданія, Ірландыя, Іспанія, Італія, Камбоджа, Лаоская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка, Лівійская Арабская Джамахірыя, Непал, Партугалія, Шры-Ланка, Румынія, Фінляндыя (усе 14 снеж.)
1956 80 Марока, Судан, Туніс (усе 12 ліст.), Японія (18 снеж.)
1957 82 Гана (8 сак.), Малайзія (17 вер.)
1958 83 Гвінея (12 снеж.)
1960 100 Бенін, Буркіна-Фасо, Габон, Заір, Камерун, Кіпр, Конга, Кот-д’Івуар, Мадагаскар, Нігер, Самалі, Тога, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка, Чад (усе 20 вер.), Малі, Сенегал (28 вер.), Нігерыя (7 кастр.)
1961 104 Манголія, Маўрытанія, Сьера-Леоне (усе 27 кастр.), Аб’яднаная Рэспубліка Танзанія (14 снеж.)
1962 110 Бурундзі, Руанда, Трынідад і Табага, Ямайка (усе 18 вер.), Алжыр (8 кастр.), Уганда (25 кастр.)
1963 112 Кувейт (14 мая), Кенія (16 снеж.)
1964 115 Замбія, Малаві, Мальта (усе 1 снеж.)
1965 118 Гамбія, Мальдыўскія Астравы, Сінгапур (усе 21 вер.)
1966 122 Гаяна (20 вер.), Батсвана, Лесота (17 кастр.), Барбадас (9 снеж.)
1967 123 Дэмакратычны Йемен (14 снеж.)
1968 126 Маўрыкій (24 крас.), Свазіленд (24 вер.), Экватарыяльная Гвінея (12 ліст.)
1970 127 Фіджы (13 ліст.)
1971 132 Бахрэйн, Бутан, Катар (усе 21 вер.), Аман (7 кастр.), Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (9 снеж.)
1973 135 Багамскія Астравы, Германская Дэмакратычная Рэспубліка, Федэратыўная Рэспубліка Германіі (усе 18 вер.)
1974 138 Бангладэш, Гвінея-Бісау, Грэнада (усе 17 вер.)
1975 144 Каба-Вердэ, Мазамбік, Сан-Таме і Прынсіпі (усе 16 вер.), Папуа—Новая Гвінея (10 кастр.), Каморскія Астравы (12 ліст.), Сурынам (4 снеж.)
1976 147 Сейшэльскія Астравы (21 вер.), Ангола (1 снеж.), Самоа (15 снеж.)
1977 149 В’етнам, Джыбуці (20 вер.)
1978 151 Саламонавы Астравы (19 вер.), Дамініка (18 снеж.)
1979 152 Сент-Люсія (18 вер.)
1980 154 Зімбабве (25 жн.), Сент-Вінсент і Грэнадзіны (16 вер.)
1981 157 Вануату (15 вер.), Беліз (25 вер.), Антыгуа і Барбуда (11 ліст.)
1983 158 Сент-Кітс і Невіс (23 вер.)
1984 159 Бруней (21 вер.)
1990 159 Намібія (23 крас.), Ліхтэнштэйн (18 вер.)
22.5.1990 Йемен і Дэмакратычны Йемен аб’ядналіся ў адну дзяржаву пад назвай Йемен (Рэспубліка Йемен). 3.10.1990 ГДР і ФРГ аб’ядналіся ў адну дзяржаву — Германію (ФРГ)
1991 166 Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка, Латвія, Літва, Маршалавы Астравы, Мікранезія, Рэспубліка Карэя, Эстонія (усе 17 вер.)
1992 179 Азербайджан, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Рэспубліка Малдова, Сан-Марына, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан (усе 2 сак.), Боснія Герцагавіна, Славенія, Харватыя (усе 22 мая), Грузія (31 ліп.)
1993 184 Славакія, Чэшская Рэспубліка (19 студз., Чэха-Славакія як дзяржава спыніла сваё існаванне), былая Югаслаўская Рэспубліка Македонія (8 крас.), Манака, Эрытрэя (28 мая), Андора (28 ліп.)
1994 185 Палау (16 снеж.)

Сістэма Арганізацыі Аб’яднаных Нацый

ГЕНЕРАЛЬНАЯ АСАМБЛЕЯ
САВЕТ БЯСПЕКІ
ЭКАНАМІЧНЫ І САЦЫЯЛЬНЫ САВЕТ
САКРАТАРЫЯТ
МІЖНАРОДНЫ СУД
САВЕТ ПА АПЕЦЫ

Спецыялізаваныя ўстановы і іншыя аўтаномныя арганізацыі сістэмы
МАГАТЭ
 Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі
МАП
 Міжнародная арганізацыя працы
ФАО
 Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя Аб’яднаных Нацый
ЮНЕСКА
 Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры
СААЗ
 Сусветная арганізацыя аховы здароўя
 Група Сусветнага банка
МБРР
 Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця (Сусветны банк)
МАР
 Міжнародная асацыяцыя развіцця
МФК
 Міжнародная фінансавая карпарацыя
МВФ
 Міжнародны валютны фонд
ІКАО
 Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі
СПС
 Сусветны паштовы саюз
МСЭ
 Міжнародны саюз электрасувязі
СМА
 Сусветная метэаралагічная арганізацыя
ІМО
 Міжнародная марская арганізацыя
САІУ
 Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці
МФСР
 Міжнародны фонд сельскагаспадарчага развіцця
ЮНІДО
 Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па прамысловым развіцці
ГАТТ
 Генеральнае пагадненне па тарыфах і гандлі

Праграмы і органы ААН (прадстаўнічы пералік)
БАДАР
 Блізкаўсходняе агенцтва ААН для дапамогі палесцінскім бежанцам і арганізацыі работ
МВНІПЖ
 Міжнародны вучэбны і навукова-даследчы інстытут па паляпшэнні становішча жанчын
ЦААННП
 Цэнтр ААН па населеных пунктах (Хабітат)
ЮНКТАД
 Канферэнцыя ААН па гандлі і развіцці
ПКНСААН
 Міжнародная праграма ААН па кантролі над наркатычнымі сродкамі
ПРААН
 Праграма развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый
ЮНЕП
 Праграма ААН па навакольным асяроддзі
ЮНФПА
 Фонд ААН у галіне народанасельніцтва
УВКБ
 Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў
ЮНІСЕФ
 Дзіцячы фонд ААН
ЮНІФЕМ
 Фонд ААН для развіцця ў інтарэсах жанчын
ЮНІТАР
 Вучэбны і навукова-даследчы інстытут ААН
УААН
 Універсітэт ААН
СХС
 Сусветны харчовы савет
СХП
 Сусветная харчовая праграма
ЦМГ
 Цэнтр па міжнародным гандлі
ЮНКТАД/ГАТТ
 Аперацыі па падтрыманні міру (на 1995)
ОНВУП
 Орган ААН па назіранні за выкананнем умоў перамір’я на Блізкім Усходзе
 Існуе з чэрвеня 1948
ГВНААНІП
 Група ваенных назіральнікаў ААН у Індыі і Пакістане
 Існуе са студзеня 1949
УСААНК
 Узброеныя сілы ААН па падтрыманні міру на Кіпры
 Існуюць з сакавіка 1964
СААННР
 Сілы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па назіранні за раз’яднаннем (Галанскія Вышыні)
 Існуюць з чэрвеня 1974
ЧСААНЛ
 Часовыя сілы ААН у Ліване
 Існуюць з сакавіка 1978
ІКМААНН
 Ірака-кувейцкая місія ААН па назіранні
 Існуе з красавіка 1991
КМААНА II
 Кантрольная місія ААН у Анголе II
 Існуе з чэрвеня 1991
МНААНС
 Місія назіральнікаў ААН у Сальвадоры
 Існуе з ліпеня 1991
МААНРЗС
 Місія ААН па правядзенні рэферэндуму ў Заходняй Сахары
 Існуе з верасня 1991
СААНАБЮ
 Сілы ААН па ахове ў былой Югаславіі
 Існуюць з сакавіка 1992
ЮНОМОЗ
 Аперацыя ААН у Мазамбіку
 Існуе са снежня 1992
ЮНОСОМ II
 Аперацыя ААН у Самалі II
 Існуе з мая 1993
МААНАДГ
 Місія ААН па аказанні дапамогі Грузіі
 Існуе з жніўня 1993
МНААНЛ
 Місія назіральнікаў ААН у Ліберыі
 Існуе з верасня 1993
МААНГ
 Місія ААН у Гаіці
 Існуе з верасня 1993
МААНДР
 Місія ААН па аказанні дапамогі Руандзе
 Існуе з кастрычніка 1993
МААННТ
 Місія ААН па назіранні ў Таджыкістане
 Існуе са снежня 1994

Іншыя камітэты, камісіі, спецыяльныя і звязаныя з імі органы
 Галоўныя і іншыя сесійныя камітэты
 Пастаянныя камітэты і спецыяльныя органы
 Іншыя дапаможныя і звязаныя з імі органы
 Ваенна-штабны камітэт
ФУНКЦЫЯНАЛЬНЫЯ КАМІСІІ
 Камісія сацыяльнага развіцця
 Камісія па папярэджанні злачыннасці і крымінальным правасуддзі
 Камісія па правах чалавека
 Камісія па наркатычных сродках
 Камісія па навуковым і тэхнічным развіцці
 Камісія па ўстойлівым развіцці
 Камісія па становішчы жанчын
 Камісія па народанасяленні
 Статыстычная камісія
РЭГІЯНАЛЬНЫЯ КАМІСІІ
 Эканамічная камісія для Афрыкі (ЭКА)
 Еўрапейская эканамічная камісія (ЕЭК)
 Эканамічная камісія для Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна (ЭКЛАК)
 Эканамічная і сацыяльная камісія для Азіі і Ціхага акіяна (ЭСКАЦА)
 Эканамічная і сацыяльная камісія для Заходняй Азіі (ЭСКЗА)
СЕСІЙНЫЯ І ПАСТАЯННЫЯ КАМІТЭТЫ
ЭКСПЕРТНЫЯ, СПЕЦЫЯЛЬНЫЯ І ЗВЯЗАНЫЯ З ІМІ ОРГАНЫ

т. 1, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІБЕРАЛІ́ЗМ 1) ідэйная і сац.-паліт. плынь, заснаваная на прызнанні асобы, яе свабоды і самарэалізацыі найвышэйшай каштоўнасцю і ўмовай развіцця грамадства.

2) Спосаб мыслення і паводзін, які характарызуецца незалежнасцю і цярпімасцю ў адносінах да розных поглядаў, традыцый і тыпаў паводзін. Тэрмін «Л.» увайшоў у навук. ўжытак у 1830—40-я г., калі ў Зах. Еўропе ўзніклі паліт. партыі лібералаў. Ідэйна-тэарэт. вытокі і першыя спробы яго практычнага ўвасаблення ўзыходзяць да перыяду бурж. рэвалюцый 17—18 ст. Заснавальнікамі класічнага Л. з’яўляюцца Дж.​Лок, А.​Сміт, І.​Бентам (Вялікабрытанія), Ш.​Мантэск’ё, Б.​Канстан, Ф.​Гізо (Францыя), І.​Кант, В.​Гумбальт (Германія), Т.​Джэферсан, Дж.​Медысан, Б.​Франклін (ЗША), С.​Я.​Дзясніцкі, А.​П.​Куніцын, А.​М.​Радзішчаў (Расія) і інш. У светапоглядным сэнсе Л. адпавядаюць свабода і самакаштоўнасць асобы, першапачатковая роўнасць усіх людзей, гуманізм, індывідуалізм, цярпімасць і дэмакратызм. Палітычны Л. прадугледжвае: прызнанне і забеспячэнне правоў чалавека; канстытуцыйнае праўленне; раздзяленне ўлад і свабодныя выбары ўсіх яе асн. ін-таў; плюралізм, пабудову прававой дзяржавы і грамадзянскай супольнасці. Эканамічны Л. грунтуецца на прапанаванай Смітам «сістэме натуральнай свабоды» і ўключае: свабоду прыватнага прадпрымальніцтва і гандлю, свабоду канкурэнцыі; вызваленне эканам. дзейнасці з-пад апекі дзяржавы; стварэнне спрыяльных умоў і роўных магчымасцей для развіцця прыватнай ініцыятывы. У духоўнай сферы характэрнымі прыкметамі Л. з’яўляюцца: свабодны выбар сац. ідэалаў, маральная свабода і адказнасць асобы, свабода сумлення, вырашальная роля ведаў і творчай ініцыятывы ў грамадскім прагрэсе.

У апошняй трэці 19 ст. склаўся новы тып Л. — неалібералізм, або сацыяльны Л., у распрацоўку якога зрабілі значны ўклад Дж.​Міль, Г.​Спенсер, Дж.​Кейнс, К.​Попер, Дж.​Хобсан (Вялікабрытанія), А.​Таквіль (Францыя), Г.​Альберт, Г.​Зімель (Германія), Дж.​Голбрэйт, Р.​Даль (ЗША), аўстра-амер. эканаміст і філосаф Ф. фон Хаек, М.​М.​Спяранскі, У.​С.​Салаўёў, П.​Б.​Струвэ, Б.​М.​Чычэрын (Расія) і інш. Асн. прынцыпы сац. Л.: разнастайнасць форм уласнасці, неабходнасць удзелу дзяржавы ў вырашэнні эканам. праблем, ажыццяўленне антыманапольнай палітыкі, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, сац. абарона грамадзян, прагрэс. падаткаабкладанне, улік інтарэсаў усіх сац. груп грамадства ў сферы паліт. улады і інш. Ідэйна-паліт. ўстаноўкі сучаснага Л. пакладзены ў аснову дзейнасці партый ліберальна-дэмакр. арыентацыі. Ліберальныя партыі ў ФРГ, Італіі, Фінляндыі, Даніі, Бразіліі, Ісландыі, Швейцарыі і інш. краінах прадстаўлены ва ўрадах, а ў шэрагу краін з’яўляюцца вядучай апазіцыйнай сілай; у Еўрапарламенце яны маюць пятую па колькасці фракцыю. У 1947 у Лондане ўтвораны Ліберальны Інтэрнацыянал, у які ўвайшлі каля 60 паліт. партый больш чым з 30 краін Еўропы, Амерыкі, Азіі, Афрыкі. Асобныя бакі практыкі Л. ў сац. пытаннях, асабліва ў рабочым пытанні, успрынялі правыя сацыялісты; адбываецца збліжэнне ідэй Л., кансерватызму і сацыял-дэмакратыі. Сфера распаўсюджвання ліберальных ідэй значна пашырылася ў 1990-я г. за кошт краін Усх. Еўропы і былых рэспублік СССР, што знайшло сваё выражэнне ў практычных спробах рэфармавання розных сфер жыццядзейнасці грамадства, стварэнні партый і грамадскіх рухаў ліберальна-дэмакр. кірунку.

На Беларусі ліберальныя ідэі духоўнай свабоды і самакаштоўнасці чалавека, неабходнасці сцвярджэння ў дзяржаве законнасці і справядлівасці, забеспячэння законных інтарэсаў і правоў грамадзян (у т. л. права валодання ўласнасцю) развівалі Ф.​Скарына, Мікола Гусоўскі, С.​Будны, А.​Волан, К.​Нарбут, Ф.​Савіч, М.​К.​Судзілоўскі, І.​Страйноўскі, К.​Каліноўскі, Ф.​Багушэвіч і інш. Прыхільнікамі Л. былі многія выкладчыкі Віленскага ун-та, члены студэнцкіх арг-цый і т-ваў філаматаў і філарэтаў, нелегальнага «Дэмакратычнага таварыства», удзельнікі народніцкіх гурткоў, а таксама такія перыяд. выданні, як «Дзеннік віленьскі», «Тыгоднік віленьскі», «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны») і інш. У канцы 1880-х г. пачалося афармленне Л. як паліт. плыні і стварэнне паліт. ліберальнай апазіцыі, лідэры якой (І.​Віткевіч, І.​Мятлін, А.​Александроўскі і інш.) увайшлі ў склад партыі «Народная свабода». Іх саюзнікамі былі канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі, Саюз дасягнення раўнапраўя яўрэяў у Расіі. Арганізатары дэмакр. руху і ідэолагі нац.-культ. адраджэння А.​Луцкевіч, I. Луцкевіч, В.​Ластоўскі, Я.​Лёсік, А.​Смоліч, М.​В.​Доўнар-Запольскі, В.​Іваноўскі, І.​Канчэўскі, А.​Цвікевіч і інш. абгрунтоўвалі неабходнасць пераўтварэння жыцця на «еўрапейскі манер», «свабоды нац. развіцця», «нац. культуры», шырокіх дэмакр. рэформ у грамадстве. У наш час ліберальна-дэмакр. ідэі і каштоўнасці становяцца неад’емнай састаўной часткай палітыка-філас. асэнсавання шляхоў далейшага развіцця бел. нацыі.

Літ.:

Смит А. Исследование о природе и причинах богатства народов: Пер. с англ. М., 1962;

Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;

Сорман Ги. Либеральное решение: Пер. с фр. М., 1992;

Беларуская думка XX ст. Варшава, 1998;

Manning D. Liberalism. London, 1976;

Hayek F. von Law, Jegislation, liberty. London, 1982.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 9, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)