СІ́ПАВІЦКІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). Размешчаны за 300 м на ПдЗ ад в. Сіпавічы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Валун шэрага дробназярністага граніту кіроўнага тыпу. Даўж. 3,9 м, шыр. 2,7 м, выш. 1,4 м, у абводзе 10,9 м, аб’ём 7,8 м³, маса каля 20,7 т. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. гадоў назад з У Швецыі. Мае прасападобную форму, на верхняй пляцоўцы захавалася паўсферычная выемка (дыяметр 5 см, глыб. 3 см) з адшліфаванымі сценкамі. Ямка зроблена чалавекам каля 2—2,5 тыс. гадоў назад. У старажытнасці валун меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 14, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМО́ЛЬЧЫЦКІЯ КАНГЛАМЕРА́ТЫ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны за 1,4 км на Пн ад в. Забалацце Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Назва ад былой в. Смольчыцы. 15 камлыг (даўж. больш за 3 м), з іх найб. даўж. 11,8 м, шыр. 6,2 м, выш. 7,8 м, у абводзе 23,7 м, аб’ём 303 м³, маса каля 802 т. Утварыліся ў выніку цэментацыі карбанатным растворам водна-ледавіковых пясчана-жвірова-галечных і пясчана-жвіровых з валунамі адкладаў, што чаргуюцца паміж сабой (магутнасць слаёў 0,1—1,5 м). С.к. — эталон карбанатных новаўтварэнняў.

В.​Ф.​Вінакураў.

Адзін са Смольчыцкіх кангламератаў.

т. 15, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАДВО́РСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). Размешчаны за 400 м на ПдУ ад в. Стары Двор Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Шэры дробназярністы граніт. Даўж. 3,8 м, шыр. 2,2 м, выш. 0,5 м, у абводзе 9 м, аб’ём 2,2 м³, маса каля 6 т. Прынесены ледавіком 20—18 тыс. г. назад са Скандынавіі. На верхняй пляцоўцы захаваліся 7 выемак дыяметрам 4—5 см, глыб. 0,5—2 см, якія зроблены чалавекам каля 2—2,5 тыс. г. назад. Размеркаванне ямак нагадвае люстраны адбітак малюнка сузор’я Вял. Мядзведзіцы. У старажытнасці меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 15, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЛУ́ШЧАВЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,

скурныя залозы жывёл і чалавека, якія выдзяляюць скурны тлушч, што ахоўвае скуру і валасы ад высыхання. Развіваюцца з эпітэлію валасяных фалікулаў, размешчаны па ўсёй скуры. У чалавека Т.з. найб. насычана скура валасістай ч. галавы, шчок, падбародка (400—900 на 1 см²). Сакрэт Т.з. забяспечвае эластычнасць і непранікальнасць скуры для вады, некат. мікраарганізмаў, хім. рэчываў і інш. Сакрэт Т.з. некат. жывёл мае характэрны пах (гл. Мускусныя залозы); у кітападобных Т.з. прадстаўлены спецыфічнай анальнай залозай. Функцыі Т.з. рэгулююцца палавымі гармонамі. У самцоў Т.з. буйнейшыя, чым у самак, выдзяляюць больш сакрэту. Захворванні Т.з. чалавека — атэрома, вугры, себарэя.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАВЯНІ́СТЫЯ РАСЛІ́НЫ, травы,

жыццёвая форма раслін. Пашыраны ўсюды. Складаюць травастой лугоў, пашы і сенажацяў. На Беларусі каля 1,4 тыс. дзікарослых Т.р., больш за 5 тыс. відаў, сартоў і форм інтрадукавана.

Экамарфал. адзнака Т.р. сезоннага клімату — адсутнасць прамастойных надземных сцёблаў, што перажываюць неспрыяльны сезон. Сцёблы бываюць мяккія, сакаўныя або маюць некат. характэрныя рысы ўнутр. будовы (слабае адраўненне, рассечаная ці моцна парэнхіматызаваная стэла, адсутнасць перыдэрмы, слабая дзейнасць камбію). Т.р. бываюць аднагадовыя і шматгадовыя, пупышкі ўзнаўлення якіх знаходзяцца на ўзроўні глебы або ў глебе і размешчаны на карэнішчах. каўдэксах, клубнях, цыбулінах, радзей на паўзучых падземных парастках.

т. 15, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫЧЫ́НКА,

мужчынскі генератыўны орган кветкі, гамалагічны мікраспарафілу. Тыповая Т. складаецца з тычынкавай ніткі, дзе знаходзіцца праводны пучок, пыльніка, у якім размешчаны мікраспарангіі, і звязніка, што іх злучае. Сукупнасць Т. у кветцы складае яе андрацэй. На кветаложы Т. размяшчаюцца па спіралі (казяльцовыя), кругамі (ружавыя), дасягаюць вял. колькасці (да 300 у кактусаў), зрастаюцца ці склейваюцца пыльнікамі (складанакветныя) або поўнасцю (гарбузовыя), у пучкі (святаяннікавыя), а таксама з інш. ч. кветкі. У аднаполых жан. кветках Т. трацяць сваю асн. функцыю і ператвараюцца ў стэрыльныя стамінодыі, часам у нектарнікі. Лічыцца, што з Т. утварыліся пялёсткі венчыка. Форма Т. з’яўляецца сістэм. адзнакай.

т. 16, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМАРЭЦЭ́ПТАРЫ (ад тэрма... + рэцэптары),

нервовыя канцы, што ўспрымаюць змены т-ры навакольнага асяроддзя і перадаюць інфармацыю ў цэнтр тэрмарэгуляцыі. Выяўлены ў беспазваночных і пазваночных жывёл. У гамаятэрмных жывёл і чалавека Т. размешчаны па паверхні цела (скура, падскурныя сасуды) і ва ўнутр. органах (верхнія дыхальныя шляхі, стрававальны тракт). Цэнтр. тэрмасенсары знаходзяцца ў розных аддзелах мозга (пераважна ў гіпаталамусе, рэтыкулярнай фармацыі, спінным мозгу). Змена т-ры навакольнага асяроддзя ўспрымаецца як змена актыўнасці Т. розных тыпаў (механахаладовых, халадовых, цеплавых), а тэмпературныя адчуванні ўзнікаюць у выніку інтэграцыі ў ц. н. с. іх імпульсаў.

В.​М.​Гурын.

т. 16, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАР’Я́НА,

штат на ПнЗ Індыі. Пл. 44 тыс. м². Нас. 16,5 млн. чал. (1991); хіндустанцы, пенджабцы. Адм. ц. — г. Чандыгарх. Размешчаны на Інда-Гангскай раўніне. Клімат субтрапічны. Ападкаў ад 300 мм на З да 700 мм на У. Расліннасць саванная з участкамі сухіх рэдкіх лясоў. С.-г. раён з высокай доляй арашальных зямель. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, проса, бабовыя, бавоўнік, цукр. трыснёг, алейныя (арахіс і інш.). Гадуюць пераважна буйн. раг. жывёлу. Асн. галіны прам-сці: баваўняная, харч., у т. л. цукр., папяровая, машынабудаванне (трактары, дакладныя і хірург. інструменты, оптыка, навук. абсталяванне), хім., шкляная.

т. 16, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІМО́ШКАВІЧЫ,

геалагічнае агаленне стараж. адкладаў; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Размешчаны ў рове на левабярэжжы р. Нёўда, паміж вёскамі Баранавічы (б.в. Цімошкавічы), Лукашын і Волца Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Адклады муравінскага міжледавікоўя ў выглядзе лінзы (магутнасць 8 м, даўж. 300 м), складзенай з торфу, азёрных супескаў і мергелю, багатыя рэшткамі выкапнёвых раслін, малюскаў, насякомых, дробных млекакормячых і земнаводных. Даследуюцца з 1903. Выяўлена каля 120 відаў раслін, 74 віды жывёл, у т. л. 63 прадстаўнікі энтамафауны, што адлюстроўваюць зах.-бел. тып лясных ландшафтаў і дробных відаў жывёл, якія існавалі каля 150—100 тыс. г. назад.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 17, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТР (лац. centrum ад грэч. kentron сярэдзінны пункт),

1) пункт перасячэння якіх-н. восей, ліній у фігуры, засяроджання пэўных адносін у целе (напр., цэнтр інерцыі, цэнтр цяжару).

2) Сярэдзіна, сярэдняя частка чаго-н. (напр., пасёлка, дзе размешчаны асн. адм. ўстановы).

3) Буйны населены пункт, які мае адм., прамысл., культ. значэнне для якой-н. мясцовасці, краіны (напр., абласны Ц., раённы Ц.).

4) Месца сканцэнтравання якой-н. дзейнасці, органаў кіравання, устаноў, арганізацый, прам-сці, гандлю і інш. (напр., адм. Ц., касм. Ц.).

5) Дэталь у выглядзе стальнога корпуса, прызначанага для падтрымкі загатовак пры іх апрацоўцы на станку.

т. 17, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)