парны орган паветранага дыхання некат. рыб, наземных пазваночных і чалавека, дзе ажыццяўляецца газаабмен паміж крывёй і паветрам, што ўдыхаецца (кісларод паветра пераходзіць у кроў, дыаксід вугляроду — з крыві ў паветра). Л. называюць таксама органы дыхання некат. беспазваночных (лёгачныя малюскі). Размешчаны ў пярэднім аддзеле поласці цела, у млекакормячых і чалавека — у грудной поласці, якая аддзелена ад брушной поласці грудабрушной перагародкай (дыяфрагмай). Складаюцца з частак (у правым 3, у левым 2), аснову якіх утварае бранхіяльнае дрэва — паслядоўна адгалінаваныя бронхі і бранхіёлы, якія пераходзяць у альвеалярныя хады з альвеоламі. Л. ўкрыты серознай абалонкай — плеўрай. У эмбрыягенезе чалавека і млекакормячых праходзяць шэраг стадый. Л. выконваюць рэспіраторную функцыю, удзельнічаюць у рэгуляцыі згусання крыві, тэрмарэгуляцыі, водна-салявым абмене, імуннай ахове арганізма і інш.