ТАЛСТО́Й Фёдар Пятровіч (21.2.1783, С.-Пецярбург — 25.4.1873),

рускі медальер, скульптар, рысавальшчык і жывапісец; прадстаўнік класіцызму. З 1804 наведваў Пецярбургскую АМ, у 1825—28 яе выкладчык, з 1842 праф., з 1809 ганаровы чл., з 1828 віцэ-прэзідэнт, у 1859—68 таварыш (намеснік) прэзідэнта. Пэўны час быў звязаны з дзекабрыстамі. Творы вызначаюцца вытанчанасцю форм, паэт. успрыняццем антычнасці (барэльефы са сцэнамі з «Адысеі» Гамера і інш.). Выканаў 21 медальён у памяць вайны 1812 г. і замежных паходаў рус. арміі ў 1813—14. Аўтар ілюстрацый да паэмы І.​Багдановіча «Душачка» (1820—33), жывапісных карцін, сілуэтных кампазіцый і інш.

Ф.Талстой. Народнае апалчэнне 1812 г. Медальён з серыі, прысвечанай вайне 1812 г. 1816.

т. 15, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРЦІ́НІ (Tartini) Джузепе (8.4.1692, Пірана, Італія — 26.2.1770),

італьянскі кампазітар, скрыпач, педагог, муз. тэарэтык; буйнейшы прадстаўнік італьян. скрыпічнай школы. У 1721—70 першы скрыпач сабора Сант-Антоніо ў. Падуі, у 1723—25 — і ў Празе. Яго ігру вылучалі чысціня інтанацыі, багатая і развітая тэхніка. Развіў смыкавую тэхніку; жанр канцэрта для скрыпкі з арк. (усяго 125 канцэртаў) і скрыпічнай санаты (усяго 175). Аўтар тэарэт. «Трактата пра музыку» (1754), «Трактата пра ўпрыгожванні» (1771); адкрыў з’яву т.зв. камбінацыйных тонаў і інш. Заснавальнік Муз. акадэміі ў г. Падуя (1727). Сярод вучняў Д.​Даль’Ока, П.​Нардзіні.

Літ.:

Гинзбург Л.С. Джузеппе Тартини. М., 1969.

Н.​В.​Сазановіч.

т. 15, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫ́ЛЬМАН ГАМЕ́РСКІ [Tylman Gamerski; сапр. Тэйлман ван Гамерэн (Thylman van Gameren); каля 1632, г. Утрэхт, Нідэрланды — 1706],

польскі архітэктар, прадстаўнік барока. Вучыўся ў Галандыі, вандраваў па Германіі і Італіі. З 1666 працаваў у Польшчы. Асн. работы: у Варшаве — палацы Красінскіх (1677—82, з Ю.​Белоці), Астрожскіх (1681—85), Асалінскіх (1694, не захаваўся), касцёлы сакраментак (1688—92), бернардзінцаў на Чанякове (1690—92); касцёл св. Ганны ў Кракаве (1689—95), палац Любамірскіх у Любліне (каля 1693, перабудаваны ў стылі класіцызму ў 1823—29; цяпер ун-т), палац Браніцкіх у Беластоку (каля 1697, перабудаваны ў 18 ст.) і інш.

Тыльман Гамерскі. Касцёл бернардзінцаў у Варшаве.

т. 16, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕНО́Л, карболавая кіслата,

араматычнае злучэнне, C6H5OH; першы прадстаўнік гамалагічнага шэрагу фенолаў.

Бясколерныя крышталі, якія ружавеюць на паветры, з характэрным пахам, tпл 40,8 °C, tкіп 181,8 °C. Добра раствараецца ў арган. растваральніках, сярэдне — у вадзе. Слабая к-та, з асновамі ўтварае солі — феналяты. Лёгка ўступае ў рэакцыі электрафільнага замяшчэння (нітраванне, браміраванне і інш.). Атрымліваюць раскладаннем гідрапераксіду кумолу (кумольны метад), дэкарбаксіліраваннем бензойнай к-ты (талуольны метад), гідролізам хлорбензолу інш. Выкарыстоўваюць у вытв-сці фенола-альдэгідных смол, капралактамаў, фарбаў, пестыцыдаў, лек. сродкаў і інш. Выклікае парушэнні функцый нервовай сістэмы, дыхання і кровазвароту; раздражняе слізістыя абалонкі, выклікае апёкі на скуры. ГДК у паветры 0,003 мг/м³.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 16, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫ́ДМЕН (Friedman) Мілтан (н. 31.7.1912, Нью-Йорк),

амерыканскі эканаміст, прадстаўнік чыкагскай школы ў палітэканоміі. Скончыў ун-т Ратгерс (1932). Д-р філасофіі (1946) і права (1968). З 1948 праф. Чыкагскага ун-та. У 1971—74 саветнік прэзідэнта Р.​Ніксана па эканам. пытаннях. Навук. працы ў галіне тэорыі і практыкі грашовага абарачэння. Распрацаваў канцэпцыю чалавечага капіталу, сфармуляваў гіпотэзу перманентнага даходу, прынцып натуральнага ўзроўню беспрацоўя. Метадалагічна абгрунтаваў пазітыўную эканам. тэорыю і лібертарыянскую ідэалогію. Аўтар (з Г.​Шварц) манументальнай гісторыі грашовага абарачэння ў ЗША, якая стала асновай для колькаснай тэорыі грошай. Аўтар прац «Нарысы па пазітыўнай эканоміцы» (1953), «Грошы і эканамічнае развіццё» (1973) і інш. Нобелеўская прэмія 1976.

М.Фрыдмен.

т. 16, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫКЛАГЕКСА́Н,

цыклічны вуглевадарод, C6H12.

Бясколерная вадкасць з характэрным пахам, tпл 6 55 °C, tкіп 80,74 °C, шчыльнасць 778,5 кг/м³. Не раствараецца ў вадзе, змешваецца са спіртамі, эфірамі, хлоралканамі, амінамі, аліфатычнымі кіслотамі. Утварае азеатропныя сумесі з вадой, бензолам. Малекула Ц. існуе ў выглядзе ізамераў, пераважна канфармацый «крэсла» і «лодкі». Паводле хім. уласцівасцей Ц. — тыповы прадстаўнік цыклаалканаў. Пры яго дэгідрагенізацыі ўтвараецца бензол. Акісленнем Ц. ў розных умовах атрымліваюць цыклагексанон цыклагексанол. Маецца ў нафце (0,9—1,5%), атрымліваюць гідрагенізацыяй бензолу. Ц. — сыравіна ў арган. сінтэзе; растваральнік эфірных алеяў, воскаў, лакаў, фарбаў і інш.; экстрагент у фармацэўтычнай прам-сці. Раздражняе дыхальныя шляхі. ГДК у паветры 1,4 мг/м³.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 17, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАВА́КІНСКІ Сава Іванавіч (1713, с. Вешкі Цвярской вобл., Расія — паміж 1774 і 1780),

рускі архітэктар; прадстаўнік барока. Вучыўся ў Х.Корабава (1732—38). У 1741—67 гал. архітэктар Адміралцействаў-калегіі ў Пецярбургу. У творчасці спалучаў традыцыі рус. з прыёмамі і формамі ордэрнай архітэктуры. Удзельнічаў у буд-ве палацава-парк. комплексу ў Царскім Сяле (цяпер г. Пушкін Ленінградскай вобл.; 1745—60). Пабудаваў у Пецярбургу палацы П.​Б.​Шарамецева на Фантанцы (1750—55) і І.​І.​Шувалава (1753—55), Нікольскі марскі сабор (1753—62), склады «Новая Галандыя» (1765—80), перабудаваў Кунсткамеру (1754—58). Сярод вучняў В.Бажэнаў і І.Староў.

Літ.: Петров А.Н. С.​Чевакинский. Л., 1983.

т. 17, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́СА ДЫ КЕЙРУ́Ш (Eça de Queiróz) Жазэ Марыя (25.11.1845, г. Повуа-ды-Варзін, Партугалія — 16.8.1900),

партугальскі пісьменнік; буйнейшы прадстаўнік рэаліст. «каімбрскай школы». Скончыў юрыд. ф-т ун-та ў г. Каімбра (1866). У 1872—1900 на дыпламат. рабоце. У раманах «Злачынства падрэ Амару» (1875), «Кузен Базіліу» (1878), «Знатны род Рамірэс» (1897) і інш. жыццё Партугаліі 2-й пал. 19 ст., у іх сац. крытыка, спалучэнне іроніі з элементамі фантастыкі і ўмоўнасці. У рамане «Рэліквія» (1887) праблемы ўзаемаадносін чалавека і рэлігіі. Раман «Перапіска Фрадыке Мендэса» (1900) насычаны аўтабіягр. матывамі.

Тв.:

Рус. пер. — Новеллы. М., 1976;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1985.

т. 18, кн. 1, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЫ́НАЎ Сяргей Мікалаевіч (н. 22.2.1953, г. Ленінакан, цяпер г. Гюмры, Арменія),

дзяржаўны дзеяч Беларусі, дыпламат. Скончыў Маскоўскі ін-т міжнар. адносін (1975). З 1975 у Мін-ве замежных спраў Беларусі: пам. міністра замежных спраў, нам. нач. аддзела міжнар. арг-цый. З 1991 нам. пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры ААН (Нью-Йорк). З 1993 часовы павераны ў справах Рэспублікі Беларусь, у 1993—97 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у ЗША, у 2001—03 — у Бельгіі, адначасова пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры Еўрап. супольнасцях, НАТО па сумяшчальніцтве. У 1997—2001 1-ы нам. міністра, з сак. 2003 міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

т. 18, кн. 1, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Б’ЁРЛІНГ (Björling) Юхан Юнатан (Юсі; 2.2.1911, Стура-Туна, лен Копарберг, Швецыя — 9.9.1960),

шведскі спявак (лірыка-драм. тэнар); адзін з буйнейшых спевакоў 20 ст., прадстаўнік бельканта. Вучыўся ў бацькі — Давіда Б’ёрлінга (тэнар), у кансерваторыі (1928—30) і Каралеўскай опернай школе (1930—31) у Стакгольме. У 1930—38 саліст Шведскай каралеўскай оперы, з 1938 спяваў у т-ры «Метраполітэн-опера» і інш. т-рах Амерыкі і Еўропы. Сярод партый: Фларэстан («Фідэліо» Л.​Бетховена), Герцаг, Альфрэд («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Каварадосі («Тоска» Дж.​Пучыні), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Матс («Нявеста» Т.​Рангстрэма), Марцін Скарп («Фаналь» К.​Атэрберга). Выконваў швед. нар. песні і сольныя партыі ў араторыях пад кіраўніцтвам А.Тасканіні.

т. 3, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)