МІЧУ́РЫН (Іван Уладзіміравіч) (27.10.1855, с. Мічураўка Пронскага р-на Разанскай вобл., Расія — 7.6.1935),
расійскі селекцыянер-практык і раслінавод. Ганаровы акад.АНСССР (1935), правадз.чл. УАСГНІЛ (1935). Засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1934). Скончыў павятовае вучылішча (1869). З 1875 пачаў працу па зборы калекцый раслін і вывядзенні новых сартоў пладовых і ягадных культур. Аўтар многіх сартоў, у т. л. яблыні Пепін шафранавы, Бельфлёр-кітайка, Славянка і інш., грушы Бэра зімовая Мічурына і інш. Распрацаваў метады селекцыі пладова-ягадных культур, у т. л. метад аддаленай гібрыдызацыі і інш. Атрымаў гібрыды яблыні і грушы, яблыні і рабіны, абрыкоса і слівы, айвы і яблыні, чаромхі і вішні, міндаля і персіка. Імя М. і яго праца былі выкарыстаны Т.Дз.Лысенкам для абгрунтавання і папулярызацыі свайго вучэння.
Тв.:
Соч.Т. 1-4. 2 изд. М., 1948;
Избр. произв. 2 изд. М., 1955.
Літ.:
И.В.Мичурин в воспоминаниях современников. Тамбов, 1963;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША ВО́ЛЯ»,
легальная газета народнафронтаўскага кірунку. Выдавалася з 24.12.1935 да 23.8.1936 у Вільні на бел. мове. Напачатку выходзіла 1 раз у 2 тыдні, з 20.3.1936—1 раз у месяц. Рэдактар-выдавец В.Склубоўскі. Садзейнічала ўключэнню ў рэв. барацьбу новых слаёў грамадства, збліжэнню дэмакр. інтэлігенцыі з КПЗБ. Выступала супраць фашызацыі грамадства, пісала пра барацьбу супраць гітлерызму, папулярызавала лозунгі КПЗБ па стварэнні антыфаш. нар. фронту ў Зах. Беларусі, заклікала да саюзу паміж рабочымі і сялянамі, паведамляла пра стачкі і забастоўкі, што адбываліся на зах.-бел. прадпрыемствах. Выступала за нармалізацыю міжнац. адносін паміж народамі, што жылі ў Зах. Беларусі, у абарону бел.нац. культуры, мовы, л-ры, за адзіны зах.-бел.літ. фронт. Друкавала творы М.Танка, М.Васілька, М.Машары, М.Засіма, А.Іверса, Г.Праменя (І.Пышко), С.Малько, М.Бурсевіча, Р.Шырмы, Н.Тарас і інш. Супрацоўнічала з польск. дэмакр.газ. «Poprostu» («Папросту»). Выйшла 13 нумароў, з іх 3 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІТРО́Н [ад лац. positivus дадатны + (элек)трон],
дадатна зараджаная элементарная часціца; антычасціца электрона. Абазначаецца е+ або е− Мае аднолькавыя з электронам масу і спін, а магн. момант і эл. зарад роўныя па модулі і процілеглыя па знаку. П. мае спін, роўны 1/2 (ферміён), адносіцца да лептонаў, удзельнічае ў эл.-магн., слабым і гравітацыйным узаемадзеяннях.
Існаванне П. тэарэтычна вынікае з Дзірака ўраўнення, эксперыментальна адкрыты К.Д.Андэрсанам (1932) у складзе касм. прамянёў і стаў першым прыкладам антычасціц. Пры пэўных умовах утварае з электронам вадародападобную сістэму (гл.Пазітроній). Узнікае пры ўзаемапераўтварэннях свабодных элементарных часціц, напр., пры распадах мюонаў, а таксама пры бэта-распадзе некаторых ізатопаў. Прадказаныя Дзіракам і эксперыментальна назіраныя працэсы анігіляцыі і нараджэння пар (П. — электрон) былі першымі доказамі ўзаемапераўтварэнняў элементарных часціц, на аснове якіх распрацаваны метады нараджэння новых элементарных часціц у накапляльных кольцах паскаральнікаў. П. выкарыстоўваецца пры даследаваннях размеркавання скарасцей электронаў праводнасці, дэфектаў крышталічнай рашоткі, кінетыкі некаторых хім. рэакцый і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІКАРПО́ВІЧ (Канстанцін Міхайлавіч) (18.3.1889, в. Белая Дуброва Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 20.2.1963),
бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1951). Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю (1909). Настаўнічаў у школах Чэрыкаўскага пав. У 1925—26 чл. гісторыка-археал. камісіі Інбелкульта. З 1929 у Ін-це гісторыі АН Беларусі (навук. супрацоўнік, заг. сектара; у 1941—42 у Казахстане). На Беларусі і ў Бранскай вобл. адкрыў і вывучаў палеалітычныя (Бердыж, Елісеевічы, Падлужжа, Юдзінава, Юравічы) і мезалітычныя (Журавель, Крыжы) стаянкі, помнікі неаліту і бронзы (Крывіна, Страліца). Вёў разведвальныя работы з мэтай выяўлення новыхархеал. помнікаў на Беседзі, Дняпры, Іпуці, Сажы, Случы і інш. Першы выказаў думку пра засяленне тэр. Беларусі першабытным чалавекам у стараж.-каменным веку, што першабытны чалавек рабіў аснову жытлаў з чарапоў і інш.вял. касцей мамантаў, а рэбры выкарыстоўваў як землекапалкі. Вывучаў касцярэзнае мастацтва першабытных людзей.
Тв.:
К вопросу о мустьерской культуре в Верхнем Поднепровье // Материалы по археологии БССР. Мн., 1957. T. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАШКО́ВАЙ МЕТАЛУРГІ́І З ДО́СЛЕДНАЙ ВЫТВО́РЧАСЦЮ НДІБеларускага дзяржаўнага навукова-вытворчага канцэрна парашковай металургіі.
Засн. ў 1972 у Мінску на базе праблемнай лабараторыі Бел.політэхн. ін-та. У 1980 на базе НДІ створана навукова-вытв. аб’яднанне, у 1996 — Бел.дзярж. навукова-вытворчы канцэрн парашковай металургіі. Асн. кірункі навукова-тэхн. дзейнасці: распрацоўка навук. прынцыпаў кіравання структурай і ўласцівасцямі матэрыялаў, стварэнне новых матэрыялаў (канструкцыйных, порыстых, трыбатэхн., алмазазмяшчальных, магнітных, керамічных і інш.) для работы ў экстрэмальных умовах; распрацоўка высокаэфектыўных тэхналогій атрымання гэтых матэрыялаў метадамі парашковай металургіі, сінтэзу, уздзеяннем імпульснымі нагрузкамі, нанясеннем ахоўных пакрыццяў і інш. і выраб з іх дэталяў, вузлоў і камплектуючых для прадпрыемстваў аўтатрактарнага і с.-г. машынабудавання, энергетыкі, прыборабудавання, чыг. транспарту, вытв-сці хім. і харч. прадуктаў, будматэрыялаў, вырабаў мед. тэхнікі і інш. З 1977 выдае штогоднік «Парашковая металургія». У ін-це працаваў чл.-кар.Нац.АН Беларусі Г.Дз.Карпенка, працуюць акад.Нац.АН Беларусі П.А.Віцязь і А.У.Роман.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЙ БО́ЖАЙ МА́ЦІ САБО́РНотр-Дам дэ Пары
(Notre-Dame de Paris),
помнік ранняй франц. готыкі ў Парыжы. Пабудаваны ў 1163—1257 на в-ве Сітэ. 5-нефавая базіліка (даўж. 130 м, шыр. 108 м, выш. інтэр’ера 35 м) з кароткім трансептам, хорам з двайным абыходам і вянком капэл, 2 вежамі (выш. 69 м), што фланкіруюць зах. фасад. Для архітэктуры сабора характэрна спалучэнне рыс раманскага стылю (гарыз. чляненні фасадаў, часткова неапрацаваныя паверхні сцен, прастата арх. дэкору) з новым, гатычным разуменнем прасторы будынка і выкарыстаннем новых канструкцый (стральчатая арка, аркбутаны). Фрагментарна захаваліся вітражы (ружы зах., паўд. і паўн. фасадаў, 13 ст.) і скульптура (на фасадах, каля 1165—1225; у хоры, 13—14 ст.). Інтэр’ер і фасады перабудаваны ў 17—18 ст. Сабор значна падноўлены рэстаўрацыяй 19 ст. (арх. Ж.Б.Ласю, Э.Э.Віяле-ле-Дзюк). На ўзор П.Б.М.с. пабудавана многа храмаў у Францыі і інш. краінах. Іл.гл. да арт.Готыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛЮЧЭ́НКА (Міхаіл Міхайлавіч) (17.3.1909, в. Глухавічы Брагінскага р-на Гомельскай вобл. — 24.3.1975),
бел. фізікахімік. Акад.АН Беларусі (1959, чл.-кар. 1956), д-рхім.н., праф. (1954). Засл. дз. нав. Беларусі (1972). Скончыў Маскоўскі ун-т (1933). У 1934—68 у БДУ (у 1938—58 заг. кафедры), адначасова з 1937 у АН Беларусі: у Ін-це хіміі (з 1957 заг. лабараторыі), з 1959 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі (у 1959—66 дырэктар, з 1966 заг. лабараторыі). Навук. працы па тэорыі топахім. рэакцый, кінетыцы гетэрагенных хім. рэакцый з удзелам цвёрдай фазы, радыяхіміі, малекулярным і эмісійным спектральным аналізе. Прапанаваў шэраг новых флатарэагентаў для абагачэння калійных руд. Прымаў удзел у распрацоўцы тэхніка-эканам. абгрунтавання развіцця прамысл. вытв-сці мінер. угнаенняў у Беларусі.
Тв.:
Калийные соли Белоруссии, их переработка и использование. Мн., 1966 (разам з Х.М.Александровічам);
Закономерности топохимических реакций. Мн., 1976 (разам з Я.А.Проданам, С.А.Продан).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ТКІН (Уладзімір Іванавіч) (н. 19.7.1953, г.п. Красныя Бакі Ніжагародскай вобл., Расія),
бел. хімік-арганік.
Чл.-кар. Нац.АН Беларусі (2000), д-рхім.н. (1996). Скончыў Горкаўскі ун-т (1975). З 1975 у Ін-це фіз.-арган. хіміі Нац.АН Беларусі (з 1993 нам. дырэктара). Навук. працы па хіміі галагенвытворных арган. злучэнняў, у т. л. гетэрацыклічных. Распрацаваў метады атрымання цяжкадаступных гетэрацыклічных сістэм і поліфункцыян. арган. рэчываў розных класаў з выкарыстаннем новых высока рэакцыйназдольных селектыўных рэагентаў — нітразамешчаных галагенбутадыенаў. Адкрыў новую рэакцыю нітразлучэнняў, якая з’яўляецца зручным шляхам пабудовы ізатыязольнага цыкла. Сінтэзаваў шэраг злучэнняў з высокай біял., у т. л. проціпухліннай актыўнасцю.
Тв.:
Полихлор-1,3-бутадиены. Мн., 1991 (разам з Р.В.Кабердзіным);
Нитробутадиены и их галогенпроизводные: синтез и реакции (разам з Р.В.Кабердзіным, В.А.Запольскім) // Успехи химии. 1997. Т. 66, № 10;
Синтез и реакции смешанных галоген-1,3-бутадиенов (з імі ж) // Там жа. 1999. Т. 68, № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
самастойны гаспадарчы суб’ект з правамі юрыд. асобы, які на аснове выкарыстання працоўным калектывам маёмасці вырабляе і рэалізуе прадукцыю, выконвае работы, аказвае паслугі. Мае права займацца любой гасп. дзейнасцю, якая не забаронена заканадаўствам і адпавядае мэтам, прадугледжаным у статуце П. Мае самаст. баланс, разліковы і інш. рахункі ў банках, пячатку са сваім найменнем. Адрозніваюць П. дзяржаўныя, камунальныя, калектыўныя, індывідуальныя (сямейныя, прыватныя). Дзярж. П. ствараюцца за кошт бюджэтных асігнаванняў або ўкладаў інш.дзярж. устаноў, атрыманых даходаў і інш. крыніц. Маёмасць камунальных П. ствараецца за кошт асігнаванняў са сродкаў адпаведнага мясц. бюджэту або з укладаў інш. камунальных П. і інш. законных крыніц, што знаходзяцца ва ўласнасці раёна, інш.адм.-тэр. утварэнняў, органаў мясц. самакіравання. Калект. і індывід. П. фарміруюцца з маёмасці калектываў, сем’яў, грамадзян або ў выніку набыцця імі дзярж. або камунальнага П. Ва ўмовах пераходу да рынку адначасова з пашырэннем самастойнасці дзеючых П. узнікла мэтазгоднасць стварэння новых форм эканам. інтэграцыі — асацыяцыі, біржы, кансорцыумы, канцэрны, таварыствы, прадпрыемствы сумесныя і малыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУВА́ЕЎ (Рыгор Аляксеевіч) (23.8.1895, Масква — 12.2.1989),
расійскі хімік-арганік. Акад.АНСССР (1966, чл.-кар. 1958). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Ленінградскі ун-т (1925). З 1927 у Ін-це высокага ціску АНСССР, адначасова ў Ленінградскім тэхнал. ін-це. З 1946 у Горкаўскім ун-це, адначасова ў 1956—62 дырэктар НДІ хіміі пры гэтым ун-це. З 1963 дырэктар-арганізатар Лабараторыі стабілізацыі палімераў, у 1969—88 дырэктар Ін-та хіміі АНСССР (г. Горкі). Навук. працы па хіміі металаарган. злучэнняў, арган. пераксідаў, радыкальных рэакцый. Адкрыў спосаб генерыравання свабодных аліфатычных радыкалаў раскладаннем металаалкілаў (1931—35, разам з М.М.Катонам), рэакцыю ініцыіраванага дэкарбаксіліравання дыацылатаў ртуці (1954, разам з Ю.А.Альдэкопам, М.А.Майерам), прамую рэакцыю свабодных радыкалаў з ртуццю. Распрацаваў метады сінтэзу новых тыпаў металаарган. злучэнняў.
Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэміі СССР 1971, 1985.
Тв.:
Металлоорганические соединения в электронике. М., 1972 (у сааўт.).
Літ.:
Воспоминания об академике Г.А.Разуваеве. М., 1992.