пэўная колькасць збрашураваных аркушаў (аб’ём больш за 48 с.) з рукапісным або друкаваным тэкстам, злучаных у адно цэлае і прызначаных для распаўсюджвання ведаў; твор маст., навук., грамадскай л-ры як сродак масавай, навук. і тэхн. інфармацыі, адукацыі і фактар культуры. К. — прадукт кніжнай справы, якая ўключае яе стварэнне і размнажэнне (гл.Кнігадрукаванне, Выдавецкая справа), распаўсюджванне, захаванне і выкарыстанне (гл.Бібліятэка, Бібліяграфія), вывучэнне ў гіст. і сучасных аспектах (гл.Кнігазнаўства). Важную ролю ў афармленні К. адыгрывае мастацтва кнігі.
Узнікненне і развіццё К. звязана з развіццём пісьменнасці і мовы, л-ры і мастацтва, навукі і тэхнікі, з гісторыяй развіцця чалавечага грамадства. У старажытнасці для пісьма скарыстоўвалі каменныя і гліняныя пліты, дошчачкі, тканіну, папірус, бяросту, пергамент, паперу (вынайдзена ў 2 ст.н.э., у Еўропе як асн. пісчы матэрыял з 13 ст.). Вядомы 2 асн. тыпы канструкцыі К.: стужка-скрутак як адна з найб.стараж. яе форм (4—3 ст. да н.э.) і сукупнасць пласцін ці аркушаў, злучаных у блок (паліпціх, які развіўся ў т.зв. кодэкс, 2—4 ст.). Папярэднік друкаванай К. — рукапісная кніга. Найб.стараж. друкаванай К. лічыцца тэкст, узноўлены шляхам ксілаграфіі ў Карэі паміж 704—751. Першыя спробы кнігадрукавання зроблены ў сярэдзіне 11 ст. ў Кітаі. Першую друкаваную К. ў Еўропе выдаў І.Гутэнберг (15 ст.), першую бел. К. — Ф.Скарына (1517). К., выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501, называюцца інкунабулы, у 1-й пал. 16 ст. — палеатыпы. На тэр. сучаснай Беларусі першыя К. на старабел. мове выдадзены С.Будным у 1562 у Нясвіжы.
Сучасная К. — звычайна неперыядычнае выданне, якое складаецца з шэрагу элементаў матэрыяльнай канструкцыі і паліграф. афармлення; уяўляе сабой блок знітаваных у карашку старонак з тэкстам і ілюстрацыямі і вонкавых ахоўных элементаў (пераплёт, вокладка, супервокладка). Першы загалоўны аркуш К. — тытульны ліст (тытул) змяшчае т. зв. выхадныя звесткі (прозвішча аўтара, назву К., выдавецтва, месца і год выдання і інш.). Тытул можа быць ардынарным (аднастаронкавым), з авантытулам і контртытулам (1-й і 2-й старонкамі). Упершыню тытульны ліст ужыў венецыянскі друкар Э.Ратдальт (1476), ва ўсх.-слав.друку — Скарына (1517). У рукапісных К. і старадруках у канцы К. змяшчалі калафон — пасляслоўе з выхаднымі звесткамі, часам з друкарскай або выдавецкай маркай. Першай бел. выдавецкай маркай з’яўляецца сыгнет Скарыны з выяваю сонца і месяца. На авантытуле змяшчаюць назву кніжнай серыі, выдавецтва, выдавецкую марку і інш., на яго адвароце можа быць фронтыспіс — ілюстрацыя, партрэт, карта або контртытул, які ўтрымлівае звесткі пра шматтомнае ці серыйнае выданне або з’яўляецца тытульным лістом на мове арыгінала ў перакладных выданнях. Тытульнаму лісту і раздзелам К. можа папярэднічаць шмуцтытул, які ў старадруках быў прызначаны для засцярогі К. ад забруджвання. На ім змяшчаюць кароткі загаловак К. або назву раздзела, эпіграф, прысвячэнне, выдавецкую марку, застаўку і інш. Для зручнасці карыстання ў верхняй частцы К. змяшчаюць калонтытулы — загалоўкі асобных раздзелаў. На старонках К. ставіцца парадкавы нумар — калонлічба, сукупнасць якіх называецца пагінацыяй. Упершыню калонлічбы выкарыстаў А.Мануцый (Венецыя, 1494). Сістэмай калонтытулаў і фаліяцыяй (нумарацыяй выдавецкіх аркушаў з дапамогай калонлічбаў) карыстаўся Скарына. У рукапісных К. і старадруках унізе старонак змяшчалі кустоды — першыя словы тэксту наступных старонак. Кожная К. мае свой фармат, які залежыць ад памеру старонкі. Памер старонкі К. і фармат выдання пазначаецца ў міліметрах (напр., 143 × 225) або фарматам аркуша паперы ў сантыметрах і долі, якую складае ад гэтага аркуша старонка пасля брашуроўкі кніжнага блоку (напр., 60 × 90 1/16). Фарматы выданняў склаліся ў 15 ст., у наш час яны стандартызаваныя (на Беларусі іх каля 40). У залежнасці ад таго, як у час друкавання складваўся аркуш паперы, фарматы мелі назву in folio (2°, складзены ўдвая), in guarto (4°, складзены ў чатыры столкі), in octavo (8°, складзены ў восем столак) і г.д. Даведачны апарат К. ўключае выхадныя звесткі, змест, анатацыю, рэферат, паказальнікі, заўвагі, каментарыі, бібліяграфічны спіс, дадаткі, зноскі, спасылкі, заўважаныя памылкі друку. Выпускае друкаваную прадукцыю, у т. л. К., паліграфічная прамысловасць. Рэдкія К. захоўваюцца ў спецыялізаваных аддзелах буйных бібліятэк. У 1990 адкрыты першы на Беларусі музей К. — Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.
Літ.:
Баренбаум И.Е., Давыдова Т.Е. История книги. М., 1971;
Сидоров А.А. Книга и жизнь. М., 1972;
Из истории книги, библиотечного дела и библиографии в Белоруссии. Вып. 1—3. Мн., 1970—74 (вып. 3 наз.: Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии);
Из истории книги в Белоруссии. Мн., 1976. Гл. таксама пры арт.Выдавецкая справа, Кнігадрукаванне, Кнігазнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁСІК (Язэп) (Іосіф) Юр’евіч (18.11. 1883, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 1.4.1940),
бел. грамадскі і паліт. дзеяч, мовазнавец, пісьменнік, педагог. Акад.АН Беларусі (1928). Дзядзька Я.Коласа. Вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі (1898—99), скончыў Ноўгарад-Северскае гар. вучылішча (1902). Працаваў выкладчыкам Бабруйскай с.-г. школы, настаўнічаў у мяст. Грамяч Ноўгарад-Северскага пав. Чарнігаўскай губ. За ўдзел у рэв. выступленнях 1905 арыштаваны (у 1907 уцёк з турмы). У 1911 паўторна арыштаваны. Пакаранне адбываў у г. Кірэнску і Бадайбо Іркуцкай губ., дзе пасябраваў з А.Гаруном. Падтрымліваў сувязь з газ.«Наша ніва». Са ссылкі вярнуўся пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Стаў адным з лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Увайшоў у Беларускі нацыянальны камітэт, рэдагаваў яго газ.«Вольная Беларусь» (1917—18). На з’ездзе бел.нац. арг-цый і партый выбраны ў Выканаўчы к-тЦэнтр. рады бел. арг-цый, пазней увайшоў у Вялікую беларускую раду. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. У час акупацыі Беларусі герм. і польск. войскамі працаваў у Мінску. Уваходзіў у Раду БНР, Народны сакратарыят Беларусі, адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.4.1918 разам з інш. кіраўнікамі падпісаў ад імя Рады БНР тэлеграму на імя кайзера Германіі Вільгельма П, у якой яны заяўлялі, што будучыню Беларусі бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы». Пасля расколу БСГ адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У чэрв. 1918 узначаліў Раду БНР. У 1919 і 1920 супрацоўнічаў з газ. «Звон» і «Беларусь» (апошнюю некаторы час рэдагаваў). Пасля расколу Рады БНР (13.12.1919) стаў старшынёй Найвышэйшай рады БНР. Пасля грамадз. вайны адзін з першых заявіў аб прызнанні сав. улады. Ад паліт. дзейнасці адышоў. Займаўся навук., культ.-асв., літ. працай. З 1921 выкладаў у БДУ, у Белпедтэхнікуме. У 1922 выбраны правадз.чл. Ін-та бел. культуры, у 1928 — акадэмікам АН Беларусі. Удзельнічаў у рабоце Тэрміналагічнай камісіі (з пач. 1930 яе старшыня), быў дырэктарам Ін-та навук. мовы. Адзін з ініцыятараў Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926), на якой выступіў з асн. дакладамі. Выдадзены ім у 1922 падручнік «Практычная граматыка беларускай мовы» названы ў прэсе «контррэвалюцыйным», і ў ліст. 1922 Л. арыштаваны. Абараніў яго тагачасны нарком асветы БССР У.М.Ігнатоўскі, і Л. быў вызвалены. У 1930 Л. арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і пастановай СНКБССР пазбаўлены звання акадэміка (адноўлены ў 1990). 10.4.1931 яго саслалі ў г. Камышын Саратаўскай вобл. Жыў у г. Нікалаеўскі, дзе выкладаў у педтэхнікуме. У 1934 амнісціраваны без права вяртацца ў Мінск. З 1935 жыў на Браншчыне, з 1937 працаваў у педтэхнікуме г. Аткарск Саратаўскай вобл. У чэрв. 1938 зноў арыштаваны, у 1940 асуджаны на 5 гадоў лагераў за «антысавецкую аптацыю». Паводле афіц. версіі памёр у саратаўскай турме ад сухотаў. Рэабілітаваны ў 1958 і ў 1988.
Л. належыць шэраг літ. твораў: «Ня ўсе ж разам, ягамосьці!», «Геркулес і селянін», «Па-валачобнаму» і інш. Яго літ. талент высока ацаніў М.Гарэцкі, асабліва «Апавяданне без назвы». У 1921 Л. падрыхтаваў да друкузб.маст. прозы «Родныя вобразы» (выданне забаронена). У публіцыстыцы Л. 1917—20 асн. месца займалі праблемы незалежнасці Беларусі, яе нац. адраджэння, гісторыі і будучыні, нац. пытанне (брашура «Аўтаномія Беларусі», арт. «Вольная Беларусь», «Нацыянальны ўціск», «Праціўнікам беларускага руху», «Нашы патрэбы») і інш. Вытокі бел.нац. культуры даследаваў у арт. «Культурны стан Беларусі к моманту Лютаўскае рэвалюцыі» (1924). Напачатку Л. быў прыхільнікам аўтаноміі Беларусі ў складзе Рас. федэрацыі. Пасля разгону Усебел. з’езда 1917 і падпісання Брэсцкага міру 1918 Л. перайшоў на пазіцыі незалежнай Бел.дэмакр. рэспублікі. Пісаў артыкулы і нарысы па гісторыі Беларусі «1517—1917 (да юбілею 400-лецця беларускага друку») (1917), «Гісторыя Вялікага княства Літоўска-Беларускага» (1918), «Літва-Беларусь» (1921). Аўтар артыкулаў «Памяткі старасвецкай беларускай мовы і пісьменства» (1918), «Графіка, правапіс і мова ў тэстаменце кн. Саломерацкага і ў двух другіх дакументах з папер Саломерацкіх XVI ст.» (1929), прац па бел мове «Беларуская мова. Пачатковая граматыка», «Беларуская мова: Правапіс» (абедзве 1924), «Сінтаксіс беларускае мовы», «У справе рэформы нашае азбукі» (абедзве 1925), «Спрашчэнне правапісу», «Граматыка беларускае мовы: Фанетыка» (абедзве 1926), «Граматыка беларускае мовы; Марфалогія» (1927).
Тв.:
Асноўны матыў у творчасці Максіма Багдановіча // Полымя. 1991. № 12;
Творы: Апавяданні, казкі, арт.Мн., 1994;
Бітва пад Грунвальдам у апісанні кронікі Быхаўца, Длугоша, Бельскага і інш. // Спадчына. 1996. № 4.
Літ.:
Гарэцкі М. Язэп Лёсік // Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры Мн., 1995;
Мяснікоў А. Нацдэмы: Лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка. Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ НАВУКО́ВАЯімя Якуба Коласа АН Беларусі.
Засн. 16.2.1925 у Мінску пры Інбелкульце. З рэарганізацыяй Інбелкульта ў АНБССР (1.1.1929) увайшла ў яе склад. У Вял.Айч. вайну разрабавана ням.-фаш. захопнікамі, найб. каштоўная л-ра вывезена ў Германію. Адноўлена ў 1944. Імя Я.Коласа прысвоена ў 1956. Да 1981 наз. Фундаментальная б-ка імя Я.Коласа АНБССР. З’яўляецца галаўной у цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме АН, што аб’ядноўвае 27 б-к пры ін-тах акадэміі. Кніжны фонд — больш за 3 млн.экз. (на 1.1.1996). Абменьваецца навук. л-рай з б-камі і ўстановамі замежных краін. У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў зберагаюцца пергаменты 16 ст. на бел. мове, кітабы (тэксты на бел. мове арабскай графікай). Сярод старадрукаў кірылаўскага шрыфту «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1569) і «Біблія» (Астрог, 1580—81) І.Фёдарава, кнігі з друкарні Мамонічаў у Вільні, «Евангелле» (1575), «Новы запавет з Псалтыром» (Еўе, 1611), «Дыёптра» (Магілёў, друкарня Вашчанкаў, 1699), 1-ы слав. слоўнік «Лексікон славянарускі» Памвы Бярынды (Куцейна, 1653), «Катэхізіс» Л.Зізанія (Гродна, 1788). У калекцыі замежных выданняў 15—18 ст. кнігі з лепшых еўрап. друкарняў, у т. л. інкунабулы: «Сусветная хроніка» Х.Шэдэля (Нюрнберг, 1493), «Жыццё і вучэнні людзей, якія праславіліся ў філасофіі, выкладзеныя ў дзесяці кнігах» Дыягена Лаэрцкага (Балоння, 1495) і інш. Сабраны бел.фалькл., этнагр. і краязнаўчыя зборнікі 19 ст.; выданні па гісторыі Беларусі рус. і польск. даследчыкаў, энцыклапедычная і даведачная л-ра, бел. кнігі і перыяд. выданні пач. 20 ст., калекцыя зах.-бел.друку. Асобнымі фондамі зберагаюцца б-ка А.Я.Багдановіча, П.Н.Беркава, П.Ф.Глебкі, П.К.Панамарэнкі, частка б-кі Радзівілаў; асабістыя архівы Я.Брыля, М.Гарэцкага, Ю.Гаўрука, Глебкі, Я.Драздовіча, У.Дубоўкі, Л.Геніюш, У.Караткевіча, К.Крапівы, І.С.Краўчанкі, М.Лынькова, А.Пальчэўскага, С.П.Сахарава, М.М.Улашчыка, Я.Шутовіча і інш. Вядзе навук. і метадычную работу, выдае зборнікі прац па гісторыі кнігі, бібліяграфіі і бібліятэказнаўстве Беларусі, бібліягр. дапаможнікі, у т. л. па навуказнаўстве, гісторыі і інш.
Літ.:
Библиотечное дело и библиография в системе библиотек Академии наук БССР: [Сб. ст.]. Мн., 1976.
М.П.Стрыжонак.
Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Я.Коласа АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРА́ЎКІН (Генадзь Мікалаевіч) (н. 28.8.1936, в. Тродавічы Расонскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт, дзярж. дзеяч. Скончыў БДУ (1959). Працаваў у прэсе, на радыё. З 1968 карэспандэнт газ. «Правда» па БССР, з 1972 гал. рэдактар час. «Маладосць», з 1978 старшыня Дзярж.к-таБССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. У 1990—94 пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН. Мае ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла. У 1994—95 нам. міністра культуры і друку Беларусі. З 1995 у час. «Вожык». Друкуецца з 1952. У зб-ках «Майская просінь» (1960), «З любоўю і нянавісцю зямною» (1963), «Дыханне» (1966), «Жніво» (1971), «Выток» (1974), «Варта вернасці» (1978, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1980), «Пяшчота» (1985), «Гняздо для птушкі радасці» (1986), «Узмах крыла» (1995) і інш. раскрыў біяграфію пакалення, якое прайшло праз пакуты вайны, аднаўляла разбураны край, змагалася за справядлівасць, кахала. Паэзіі Бураўкіна характэрна арганічная сувязь з роднай зямлёй і гісторыяй, любоў да чалавека, роздум над жыццём, грамадз. тэмперамент, высокая духоўнасць, публіцыстычнасць, усведамленне адказнасці за слова. Лірыка яго задушэўная, адкрытая, споведная. Аўтар са з’едлівай іроніяй выступае супраць мяшчанства, бездухоўнасці, раўнадушша. Творы Бураўкіна вылучаюцца маштабнасцю вобразаў, дакладнасцю, прасветленасцю радка, гнуткасцю і мілагучнасцю слова. Аўтар дакумент. аповесці «Тры старонкі з легенды» (1971), кн. для дзяцей «Тры казкі пра Зая» (1974), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Апаленая памяць» (1975), «Падарожжа па Беларусі» (1976), адзін з аўтараў (з Ф.Коневым і У.Халіпам) сцэнарыя 2-серыйнага фільма «Полымя» (1974). Творы Бураўкіна пакладзены на музыку бел. кампазітарамі. Перакладае на бел. мову творы рус., укр. (зб. Б.Алейніка «Заклінанне агню», 1979), балг. і інш. паэтаў. У 1980—90 дэп. Вярх. Савета Беларусі. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1986;
Сінія арэлі. Мн., 1987.
Літ.:
Барсток М. Руплівы поўдзень: Нарыс творчасці Генадзя Бураўкіна. Мн., 1984;
Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968. С. 120—125;
Бугаёў Д. Дыханне паэзіі // Бугаёў Д. Шматграннасць. Мн., 1970;
Гніламёдаў У. Споведзь пакалення (Генадзь Бураўкін) // Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976;
Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982. С. 149—165;
Барадулін Р. Парастак радка, галінка верша. Мн., 1987. С. 286—299, Панчанка П. Высокі бераг. Мн., 1993. С. 182—188.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРНАЛІ́СТЫКА (ад франц. journal газета),
від творчай дзейнасці грамадскага кірунку па зборы, апрацоўцы і распаўсюджванні актуальных паведамленняў і звестак, праз сродкі масавай інфармацыі (СМІ) — друк, радыё, тэлебачанне, кіно і інш. Уключае таксама навуку пра ролю і месца СМІ у жыцці грамадства, пра формы і металы журналісцкай дзейнасці. Вызначаецца аператыўнасцю і перыядычнасцю, абапіраецца на юрыд. законы і маральна-этычныя нормы, развіваецца па ўласных прынцыпах і законах. Праз СМІ выконвае інфарм. функцыі, уздзейнічае на грамадскую думку, на светапогляд чалавека. Функцыі і задачы Ж. ў розны гіст. перыяд мяняліся. У залежнасці ад канкрэтных задач (публіцыстычных, мастацкіх, навуковых, прафесійных і інш.) Ж. ўласціва шматгаліновасць.
Ж. ўзнікла ў пач. 17 ст. (гл.Газета, Часопіс). Першыя рэгулярныя масавыя перыяд. выданні з’явілася ў 2-й пал. 18 ст. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. з вынаходствам фатаграфіі і кінематографа з’явілася фота- і кінажурналістыка, з 1920-х г. развіваецца радыёжурналістыка, з 1940-х г. — тэлежурналістыка. У сучаснай Ж. важную ролю адыгрываюць дзярж. і прыватныя сродкі масавай інфармацыі. Спецыфіка Ж. патрабуе высокакваліфікаваных прафес. кадраў. На Беларусі журналісцкую адукацыю атрымліваюць на ф-це журналістыкі БДУ (з 1944), дзе найб. актыўна займаюцца таксама яе навук. і практ. праблемамі. З 1946 дзейнічае Міжнародная арганізацыя журналістаў, з 1959 Бел. саюз журналістаў (гл.Саюз журналістаў Беларусі). Лепшыя работы ў галіне Ж. на Беларусі адзначаюцца Дзярж прэміяй (з 1967; да 1991 імя П.М.Лепяшынскага). Вывучэнню праблем гісторыі, тэорыі і практыкі Ж. на Беларусі прысвечаны працы С.Х.Александровіча, Р.В.Булацкага, С.В.Говіна, С.В.Марцэлева, І.І.Сачанкі, Б.В.Стральцова, М.Я.Цікоцкага і інш. даследчыкаў. Выходзілі і выходзяць выданні, прысвечаныя журналісцкай дзейнасці, — «Рабселькор» (1931—33), «У дапамогу работнікам мясцовага друку», «Культура мовы журналістаў» (вып. 1—6, 1982—92), «Веснік БДУ» (серыя IV, з 1969) і інш., выдаюцца зборнікі, манаграфіі і інш. даследаванні.
Літ.:
Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст.Мн., 1960;
Марцелев С.В. Печать Советской Белоруссии. Мн., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРАДЖЭ́ННЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ,
заканамернасць у гіст. развіцці асобных народаў, якая выяўляецца ў паскораным руху да больш высокага ўзроўню грамадскага быцця, культуры і нац. свядомасці пасля перыяду застою альбо ўпадку. Адраджэнне нацыянальнае неабходна адрозніваць ад Рэнесансу — еўрап.культ.-гіст. эпохі на сумежжы сярэднявечча і Новага часу (гл.Адраджэнне). Феномен гуманіст. Адраджэння характэрны для тых рэгіёнаў, гіст. працэсы ў якіх пазначаны адноснай стабільнасцю і паступальнасцю развіцця. Адраджэнне нацыянальнае, наадварот, выяўляецца пераважна ў тых народаў Усх. Еўропы, у славянскім, азіяцкім і афрыканскім рэгіёнах, гіст. працэсы ў якіх характарызуюцца нераўнамернасцю і катастрафічнасцю. У полі зроку Адраджэння нацыянальнага як заканамернай сусв.-гіст. з’явы, якая паўтараецца ў пэўным «гістарычным рытме», Рэнесанс бачыцца як яго этап, на якім адбываецца станаўленне нац. дзяржаў, нац. культур і моў.
Прыкметы раннехрысц. адраджэння (станаўленне дзяржавы і прававых інстытутаў, высокі ўзровень дойлідства, ужытковага і царк.выяўл. мастацтва, асветніцтва Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага) з’явіліся на Беларусі ў 11—13 ст. у выніку творчага парыву маладога этнасу і ўплыву вытанчанай эліністычнай культуры Візантыі. Бел. грамадска-паліт. і творча-культ. ўзлёт у 16—1-й пал. 17 ст. (кнігадрукаванне і асветніцтва Ф.Скарыны, высокі ўзровень правасвядомасці, зафіксаваны ў Статутах ВКЛ 1529, 1566, 1588, развіццё свецкай л-ры і мастацтва, дзяржаўнасць бел. мовы) абумоўлены бел. дзяржаўнасцю, культ. сувязямі з Зах. Еўропай, уплывам гуманіст. светапогляду. Ва ўмовах упадку (2-я пал. 17—18 ст.) і ліквідацыі (канец 18 — пач. 20 ст.) бел. дзяржаўнасці нац. культура развівалася, набывала новыя, свецкія формы (архітэктура, тэатр, лацінская і польскамоўная л-ра, асв. філасофія), аднак паступова была адсунута афіц. польскай і рус. культурамі на этнагр., часткова царк.-прыходскі ўзровень. Парадокс бел. гісторыі і культуры ў тым, што т.зв. «адсталасць» і «забітасць» карэнных беларусаў, пераважна сялянства, дазволілі захаваць генет. «ядро» самабытнай нар. культуры, якое пазней стала асновай Адраджэння нацыянальнага. Традыц.этн. культура і яе носьбіты былі выключаны са сфер афіц. функцыянавання і праз гэту сваю ізаляванасць пазбеглі дэнацыяналізацыі, растварэння ў афіц. польск. і рус. культурах. Пад прэс паланізацыі і русіфікацыі трапілі толькі «вяршкі» культуры, яе афіцыйная функцыян. частка — школа, друк, некаторыя прафес. віды і жанры мастацтва, сферы дзярж. кіравання — тое, з чаго фактычна была выключана асн. частка бел. народа.
Бел. Адраджэнне нацыянальнае пачалося ў 19 ст. і прайшло некалькі этапаў. Чарговыя хвалі ўздыму ў неспрыяльных умовах змяняліся спадам, што дазваляе гаварыць пра адносную самастойнасць кожнага з гэтых этапаў, бо яны адрозніваліся сваімі мэтамі і вынікамі, грамадскімі сіламі і духоўнымі імпульсамі, якія выклікалі адраджэнцкі рух. Першы этап пачаўся ў рэгіёне ўплыву Віленскага ун-та як літаратурнае асветніцтва ліберальна-рамант. кірунку: яго дзеячы, пісьменнікі і публіцысты на сумежжы польск. і бел. культур (Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, Р.Падбярэскі, В.Дунін-Марцінкевіч і інш.) марылі пра аднаўленне гіст. пройдзенай рэальнасці — Рэчы Паспалітай на канфедэратыўных асновах. Пасля задушэння паўстання 1863—64, паліт. рэакцыі і застою ў апошняй чвэрці 19 ст. пачаўся другі этап Адраджэння нацыянальнага — пераважна мірнага руху, нацэленага на выхаванне самасвядомасці народа, развіццё яго мовы, л-ры, інш. відаў мастацтва, грамадскай думкі, на стварэнне незалежных ад улад сац.-культ. структур — аматарскіх і прафес. суполак, партый, нац.друку, кнігавыдавецтваў, набліжэння школы і царквы да традыцый нац. культуры. Прарокам новай хвалі Адраджэння нацыянальнага быў Ф.Багушэвіч, які вызначыў сутнасць бел.нац. ідэі. За нац. самавызначэнне выступіў падп.час. «Гомон». Пасля рэв. 1905—07 рух набыў масавы характар і даў значныя вынікі — нац. класічную л-ру (творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, А.Гаруна і інш.), развіццё кнігадрукавання і бел.перыяд.друку («Наша ніва», «Наша доля», «Маладая Беларусь» і інш.), станаўленне нац. школы ў тэатр., муз. і інш. відах мастацтва, арг-цыянац.паліт. партый і рухаў, пачатак бел. асветы. Завяршальным звяном гэтага этапу Адраджэння нацыянальнага была барацьба за паліт. самавызначэнне беларусаў і абвяшчэнне суверэннай Беларускай Народнай Рэспублікі (1918). Ва ўмовах БССР Адраджэнне нацыянальнае выявілася ў практычным ажыццяўленні ў 1920-я г. палітыкі беларусізацыі, у выніку якой створаны нац. школа, навука, масавы друк, тэатральнае, выяўл., муз. і інш.прафес. віды мастацтва, нац. эканоміка і структура дзярж. кіравання. Новы этап Адраджэння нацыянальнага, пераважна на ўзроўні літ.-маст. творчасці грамадскай думкі, пачаўся ў 2-й пал. 1950-х г. ва ўмовах частковага пераадолення вынікаў бальшавіцка-сталінскай палітыкі: бел. культура набыла сусв. вядомасць, адраджаліся яе страчаныя, забароненыя і разбураныя пласты, даследаваліся культ. традыцыі. Аднак у 1970—80-я г. склалася небывала цяжкае становішча ў бел. культуры ў выніку разбурэння крыніц, што жывілі яе (жывое бытаванне нац. мовы ў грамадстве, фальклор і інш. віды аўтэнтычнай культуры). Перспектывы чарговага этапу Адраджэння нацыянальнага залежаць ад рэалізацыі ідэй нац. суверэнітэту, замацаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і інш.заканад. актах краіны.
Літ.:
Богданович М. Белорусское возрождение. М., 1916 (факс. выд.Мн., 1991);
Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. 2 выд.Мн., 1921;
Шантыр Ф. Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і Самаадзначэння народу. Слуцк, 1918 (факс. выд.Мн., 1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША НІ́ВА»,
штотыднёвая, грамадска-паліт., навук.-асв. і літ.-маст. газета. Выдавалася з 10(23).11.1906 да 7(20).8.1915 у Вільні на бел. мове кірыліцай, да 18(31).10.1912 і лацінкай. Засн. лідэрамі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) братамі І. і А.Луцкевічамі, В.Іваноўскім, А.Уласавым, А.Пашкевіч (Цётка) і інш. Рэдактары-выдаўцы С.Вольскі, Уласаў (з 8.12.1906), Я.Купала (з 7.3.1914 рэдактар, з 16.5.1914 рэдактар-выдавец). Рэдактарамі аддзелаў у розны час былі Я.Купала, Я.Колас, З.Бядуля, Х.Імшэнік (заг. канторы і сакратар рэдакцыі да 1909), В.Ластоўскі (з 1909 сакратар рэдакцыі), Ядвігін Ш., С.Палуян (С.Ясяновіч), А.Бульба (В.Чыж) і інш. Друкавала вершы, нарысы, маст. прозу, навук.-папулярныя артыкулы, мела рубрыкі «У Думе і каля Думы», «Паштовая скрынка» і інш. Да выхаду ў свет. газ.«Беларус» гуртавала аўтараў усіх веравызнанняў і кірункаў, якія выступалі за культ.-нац. адраджэнне Беларусі. Мела больш за 3 тыс. сталых і часовых карэспандэнтаў у пав. і губ. гарадах, мястэчках і вёсках Беларусі, Маскве, Пецярбургу, Сібіры, за мяжой. Нязменнымі ў «Н.н.» заставаліся ідэя сац.-паліт., эканам. і культ. адраджэння Беларусі, яе супрацоўніцтва з інш. народамі, апазіцыя да самадзяржаўя. Тэматыка, змест і характар падачы матэрыялаў мяняліся ў залежнасці ад паліт. сітуацыі і складу рэдакцыі. У праграмным артыкуле 1-га нумара падкрэслена агульнанац. пазіцыя газеты: «Наша ніва» — газета не рэдакцыі, але ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае...». У 1906—07 шмат месца займалі матэрыялы агітац. і крытычнага зместу. Паводле ацэнкі Віленскага ахоўнага аддзела ў 1908 «Н.н.» напачатку была больш памяркоўная, чым «Наша доля», але пасля «стала змяшчаць артыкулы ўзбуджальнага характару, за што падвяргалася некалькі разоў канфіскацыі». Віленская суд. палата ў чэрв. 1907 пачала суд. праследаванне рэдактара Уласава за матэрыялы, апубл. ў 8-м нумары (арт. «Дума і народ», «Зямельная справа ў Новай Зеландыі», верш Я.Коласа «Расійскія абразы»), 9-м (арт. «Работа Думы») і 12-м («Дзяржаўная Дума»), а таксама за аператыўна-інфармац. рубрыкі «З усіх старон», «З Беларусі і Літвы», «Аб усім патроху». Паводле ацэнкі цэнзуры, артыкулы «напамінаюць падпольныя пракламацыі». Рэдактар абвінавачваўся за тое, што апублікаваў артыкулы, якія пабуджаюць да бунту і звяржэння існуючага ў дзяржаве грамадскага ладу. Рэдакцыя «Н.н.» плаціла штрафы, а Уласаў у 1910 быў зняволены. У 1915 такім самым абвінавачаннем пачалося суд. праследаванне рэдактара Я.Купалы за арт. А.Язмена «Думкі» (16.1.1915). Адкрытая крытыка царызму і агітацыя на барацьбу за дэмакр. рэформы (цыкл артыкулаў 1907 Я.Коласа пад псеўд. Марцін «Дума і народ», «Партыі ў Думе» і інш.) пасля разгону 2-й Дзярж. думы (чэрв. 1907) не знікала са старонак газеты, але набыла больш памяркоўны асветніцкі характар. «Н.н.» пераарыентавалася на абарону адраджэнскіх ідэалаў Беларусі, мірнага і паступовага прагрэсу праз дэмакратызацыю цэнтр. і мясц. органаў улады, выступала за стварэнне ўрада, адказнага перад парламентам, выбранага шляхам усеагульнага, роўнага і прамога галасавання, за ліквідацыю рэшткаў феад. прыгонніцтва, рэарганізацыю сельскай гаспадаркі (развіццё сял. землеўладання, фермерскай гаспадаркі), культ.-нац. аўтаномію, развіццё адукацыі, друку і кнігавыдання на роднай мове. Пад уплывам сац.-эканам. праграмы БСГ «Н.н.» заставалася выданнем, арыентаваным на абарону правоў і свабод бел. працоўнага народа — сялян, рабочых, рамеснікаў, нар. інтэлігенцыі. «Н.н.» крытыкавала палітыку П.Сталыпіна, асуджала рэпрэсіі супраць удзельнікаў вызв. руху, выкрывала дзярж. эксплуатацыю сялянства, прапаганду і правакацыі чарнасоценных паліт. груповак. У шэрагу артыкулаў і нататкаў абгрунтоўвала неабходнасць супрацоўніцтва беларусаў з нац. меншасцямі на аснове раўнапраўя і асветы на роднай мове. «Н.н.» выступала супраць шавінізму польск. абшарніцка-клерыкальных колаў, асвятляла сац. бяспраўе сялян-беднякоў, рабочых, эмігрантаў у Еўропе і ЗША Калі рэдактарам стаў Я.Купала, газета адмовілася ад прапаганды хутароў, даказвала бесперспектыўнасць для малазямельнага сялянства сталыпінскай агр. палітыкі, акцэнтавала ўвагу на спецыфічных умовах Беларусі, дзе з нац. праблемай звязана «справа сялянская і справа работніцкая». Выкрывала імперыяліст. сутнасць 1-й сусв. вайны.
Найважнейшай задачай «Н.н.» лічыла ўсебаковае развіццё эканомікі, грамадскай духоўнай культуры народа, стварэнне нац. стылю культуры і нац. школ у бел. л-ры, тэатр., муз. і выяўл. мастацтвах шляхам засваення айч. этнакульт. традыцый і творчых здабыткаў сусв., найперш рус., укр. і польскай маст. культур. Падтрымлівала ўсе формы нар.эканам. і культ.-асв. самадзейнасці, памагала прафесіяналізацыі ў галіне л-ры, інш. відаў мастацтва. На яе старонках упершыню апубл. многія творы Я.Купалы (паэмы «Курган», «Бандароўна», 170 вершаў і каля 30 артыкулаў), Я.Коласа (каля 125 вершаў, больш за 40 апавяданняў, нарысаў і артыкулаў, урыўкі з паэмы «Новая зямля»), М.Багдановіча, Цёткі, А.Гаруна лепшыя дарэв. вершы і артыкулы З.Бядулі, М.Гарэцкага, Ц.Гартнага, К.Каганца, У.Галубка, К.Буйло, А.Гурло, Я.Журбы, Г.Леўчыка, К.Лейкі, А.Паўловіча, Ядвігіна Ш., А.Петрашкевіча, Ф.Чарнушэвіча, Э.Будзькі, Старога Уласа, Л.Лобіка, І.Піліпава і інш. На старонках газеты адбывалася станаўленне бел.літ.-маст. крытыкі, публіцыстыкі, культуралогіі, фалькларыстыкі (артыкулы, нарысы, даследаванні Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, Л.Гмырака, А.Бульбы, Гарэцкага, Ластоўскага, братоў Луцкевічаў, У.Самойлы, Р.Зямкевіча і інш.). Пісьменнікі і крытыкі «Н.н.» арыентаваліся на літ.-эстэт. традыцыі крытычнага рэалізму і прагрэс. рамантызму, выкарыстоўвалі творчыя здабыткі імпрэсіянізму, экспрэсіянізму і інш. авангардысцкіх кірункаў. Яе супрацоўнікі даследавалі нар. побыт і фальклор, хатнія рамёствы, праводзілі арганізац. і навук. працу па даследаванні гісторыі бел. культуры і яе тагачаснага стану, стваралі муз.-тэатр. гурткі, дапамагалі станаўленню Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, заснавалі Беларускі музей у Вільні. На старонках газеты складваліся лексічныя і граматычныя нормы новай бел.літ. мовы. У палемічных артыкулах, памфлетах і вершах выкрывалася антыбел. палітыка польскіх і рас. шавіністаў, антыбел. кірунак рэакц.друку (газ. «Минское слово», «Северо-Западная жизнь», «Виленский вестник» і інш.). Газета прапагандавала здабыткі іншанац. культур, змяшчала ў перакладзе на бел. мову творы Э.Ажэшкі, А.Міцкевіча, У.Сыракомлі, М.Канапніцкай, Ю.Славацкага, С.Жаромскага, Т.Шаўчэнкі, В.Стафаніка, Л.Талстога, А.Чэхава, М.Горкага, У.Караленкі, В.Брусава, урыўкі з артыкулаў В.Бялінскага; адзначала юбілеі Талстога, М.Гогаля, Шаўчэнкі, Славацкага, Ф.Шапэна, Ч.Дарвіна.
«Н.н.» была свайго роду грамадскім ін-там бел. культуры, выконвала ролю каардынацыйнага выдавецкага цэнтра. У 1907—13 яе намаганнямі апубл.зб-кі «Песні-жальбы» і «Апавяданні» Я.Коласа, «Вянок» Багдановіча, «Бярозка» Ядвігіна Ш., «Чыжык беларускі» Леўчыка, літ.-знаўчыя брашуры Зямкевіча, перакладныя творы. Выпускала штогадовы «Каляндар «Нашай нівы», альманахі «Зборнік «Нашай нівы», «Калядную пісанку. 1913 год» і інш. Важнае месца на яе старонках займалі праблемы вясковага самакіравання, нар. адукацыі, этычнай культуры, экалогіі [арт. Мацея Крапіўкі (Цёткі) «Як нам вучыцца», Гмырака «Жыла, жыве і будзе жыць!», «Мова ці гутарка», «Якой нам трэба школы?», «Аб вясковай інтэлігенцыі», «Земства і воласць» і інш.]. Шмат увагі аддавала папулярызацыі прыродазнаўчых, эканам., с.-г. і прававых ведаў. Друкавала практычныя рэкамендацыі па земляробстве, жывёлагадоўлі, агародніцтве, выхаванні дзяцей. Апублікаваныя ў ёй даследаванні — аўтарытэтныя крыніцы па агульнай гісторыі, гісторыі л-ры, этнаграфіі, мастацтве, гісторыі нац.-вызв. руху, рэлігіязнаўстве. Сярод іх — ананімны арт. «Сымон Канарскі», нарысы А.Пагодзіна «Уладыслаў Сыракомля», Д.Дарашэнкі «Беларусы і іх нацыянальнае адраджэнне», Зямкевіча «Адам Ганоры Кіркор», Власта (Ластоўскага) «Аб беларускім местачковым і вясковым хатнім рамясле», «З мінуўшчыны гораду Быхава», «10-летні юбілей літоўскага друку», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага». У «Н.н.» ўпершыню апубл. манаграфія Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Важнай крыніцай па гісторыі бел. л-ры, мовы, журналістыкі, мастацтва з’яўляецца архіў «Н.н.» Бел. музея ў Вільні, рукапісная спадчына Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, Гаруна, Гарэцкага і інш. (захоўваецца ў архівах Літвы і ў Бел.дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва).
Літ.:
Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;
Яго ж. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гт.). Мн., 1968;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Пуцявінамі Янкі Купалы: Дак. і матэрыялы. Мв., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТАГРА́ФІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,
галіна гіст. ведаў, якая займаецца стварэннем гіст. карт і атласаў. Арганічна звязана з геаграфіяй гістарычнай. Гал. састаўныя элементы — час, тэрыторыя і падзея — вызначаюць характар гіст. карт. Паводле тэматыкі яны падзяляюцца на археалагічныя, этнагр., гіст.-эканам., гіст.-культурныя і інш., паводле мэтавага прызначэння — вучэбныя, даведачныя, або ілюстрацыі да самаст.гіст. даследавання. У залежнасці ад тэматыкі і прызначэння выбіраюцца маштаб карты, легенда і ўмоўныя знакі. У адносінах да сучаснасці старыя гіст. карты становяцца гіст. крыніцамі. Назва «Русь» і абазначэнне некат. бел. гарадоў упершыню змешчаны на карце Ідрысі (12 ст). Першым узорам карты новага тыпу стала карта Еўропы Мікалая Кузанскага (15 ст.), дзе пазначана Русь Белая. Па ініцыятыве М.Радзівіла Сіроткі ў 1603 у Нясвіжы Т.Макоўскім выдадзена буйнамаштабная карта ВКЛ, але больш дакладнай стала карта ВКЛ Г.Баплана (1652). У пач. 18 ст. выканана першая рас. карта Беларусі. У гіст. плане тэр. Беларусі адлюстравана на асобных картах, створаных І.Лялевелем, М.Балінскім, Я.Тапальніцкім. Асобныя тэмы бел. гісторыі (народанасельніцтва, адм. падзел і інш.) даволі падрабязна раскрыты ў картаграфічных працах рас. вучоных 2-й пал. 19 ст. П.М.Бацюшкава, М.К.Любаўскага, Р.Ф.Эркерта. На мяжы 19—20 ст. польск. гісторыкі і картографы пачалі выданне падрабязных карт Рэчы Паспалітай 16 ст., якія павінны былі скласці гіст. атлас. З сярэдзіны 20 ст. ў Польшчы выдаецца серыя буйнамаштабных гіст. карт, якія ўваходзяць у шматтомны гіст. атлас. У СССР надрукаваны «Рускі гістарычны атлас» К.В.Кудрашова (1928), «Атлас гісторыі СССР» К.В.Базілевіча, І.А.Галубцова і М.А.Зіноўева (ч. 1—3, 1948—50), «Атлас карт і схем па рускай ваеннай гісторыі» Л.Р.Бяскроўнага (1946) і інш. У Беларусі картаграфічныя матэрыялы па гісторыі выдаюцца з 1950-х г., у т. л. ў комплексным атласе БССР (1958). Розныя па тэматыцы гіст. карты ўвайшлі ў шэраг энцыклапедычных і інш. выданняў выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». З 1992 праца па складанні гіст. карт вядзецца ў аддзеле спец.гіст. навук Ін-та гісторыі Нац.АН Беларусі. Рыхтуюцца да друку «Вялікі гістарычны атлас Беларусі» ў 5 т. з камплектам стараж. карт, гіст. нарыс «Беларусь на ваенна-тапаграфічных картах» і інш. выданні. Карты стараж. Беларусі прадстаўлены на старонках час. «Падарожнік».
Літ.:
Постников А.В. Развитие картографии и вопросы использования старых карт. М., 1985;
Ширяев Е.Е. Беларусь: Русь Белая, Русь Черная и Литва в картах. Мн., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧЫ́НА (Янка) (сапр. Неслухоўскі Іван Люцыянавіч; 6.7.1851, Мінск — 16.7.1897),
бел.паэт. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це на матэм. ф-це (1870—71), скончыў Пецярбургскі тэхналаг. ін-т (1877). У 1877—79 працаваў у чыг. майстэрнях Тыфліса, потым — у тэхн. бюро Лібава-Роменскай чыгункі ў Мінску. Упершыню выступіў у друку ў 1886. Пісаў на бел., польск., рус. мовах. Друкаваўся ў газ. «Минский листок», «Паўночна-Заходнім календары на 1893 год» пад рэд. А.Слупскага, польскіх часопісах і штотыднёвіках «Głos Polski» («Польскі голас»), «Kłosy» («Калоссе»), «Kraj» («Край»), «Prawda» («Праўда»), «Życie» («Жыццё») і інш. Творчасць Л. выяўляла розныя ўзроўні маст. асэнсавання бел. рэчаіснасці 1880—90-х г., але была мэтанакіраванай у дэмакр. сцвярджэнні ідэалу свайго часу. Прадаўжаючы эстэт. традыцыі л-ры Беларусі сярэдзіны 19 ст., ён заставаўся традыцыйным у польска- і рускамоўных творах і адначасова быў наватарам у вершах, напісаных па-беларуску, дзе ўзаемадзейнічалі рэаліст. і рамант. пачаткі. Тэматычна яго паэзія звязана пераважна з жыццём бел. вёскі; гал. яе герой — селянін як найб. варты прадстаўнік радзімы і носьбіт сапраўднай маральнасці. Не прымаў бурж. стасункаў у грамадстве, разам з тым верыў у асветніцкі, тэхн. прагрэс, народжаны часам. Супярэчнасць у поглядах абумовіла яго ўвагу да ўнутр. перажыванняў асобы. Паэзіі Л. ўласцівы мяккі лірызм, роздумнае паглыбленне ў псіхал. стан чалавека. Яна спрыяла развіццю бел.філас. лірыкі. Польскамоўная паэма «Паляўнічыя акварэлькі» і бел. аўтапераклад яе раздзела «Стары паляўнічы» адкрылі перад бел. паэтамі шляхі пошукаў у напісанні нац. эпічных твораў («Новая зямля» Я.Коласа і інш.). У нарысе «З крывавых дзён» (1889) Л. ўзнаўляе карціны паўстання 1863—64 на Міншчыне. Пяру Л. належыць драматургічны абразок без назвы. Збіраў бел. фальклор і дасылаў яго П.Шэйну. Перакладаў з польск. мовы на бел. (У.Сыракомлю) і рускую (У.Сыракомлю, А.Асныка), з рус. на польскую (І.Крылова, М.Някрасава, В.Чуміну-Міхайлаву і інш.), з ням. (Г.Гейнэ), стараж.-грэч. (Гамера). Польскія творы Л. на бел. мову пераклалі М.Арочка, Р.Барадулін, М.Клімковіч, У.Мархель, М.Машара, П.Пестрак, Г.Тумаш, К.Цітоў, І.Чыгрын і інш.
Тв.:
Poezye. Warszawa, 1898;
Выбр. творы. Мн., 1953;
Вязанка. Пб., 1903 (факс. выд.Мн., 1992);
Творы. Мн., 1988.
Літ.:
Майхровіч С. Янка Лучына. Мн., 1952;
Лазарук М. Паэтычны вопыт Янкі Лучыны // Полымя. 1968. № 2;
Лойка А. Жальбы народнай і веры пясняр // Там жа. 1976. № 8;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫЯ ДЭМАКРА́ТЫ,
у Расіі прадстаўнікі рэв. руху, ідэолагі сял. дэмакратыі. Іх ідэалогія зарадзілася ў 1840-я г. і стала вызначальнай у грамадскім руху 1860—70-х г. Паводле сац. становішча Р.д. — гал. чынам разначынцы, хоць сярод іх былі і дваране. Адзін з першых Р.д. — В.Р.Бялінскі. У 1850—60-я г. Р.д. на чале з М Г.Чарнышэўскім, М.А.Дабралюбавым, А.І.Герцэнам, М.П.Агаровым і інш. прапагандавалі свае ідэі на старонках час.«Современник» і «Колокол». Р.д. спалучалі ідэю сял. рэвалюцыі з ідэямі утапічнага сацыялізму; сялянства яны разглядалі як гал.рэв. сілу ў краіне; меркавалі, што Расія пасля знішчэння прыгоннага права шляхам сял. рэвалюцыі, мінаючы капіталізм, прыйдзе праз сял. абшчыну да сацыялізму. Р.д. стварылі тайныя рэв. арг-цыі «Зямля і воля» 1860-х г., «Зямля і воля» 1870-х г. і інш. (гл.Народніцтва), Рас. сацыял-дэмакраты і сацыялісты-рэвалюцыянеры сваімі папярэднікамі лічылі Р.д.
На Беларусі Р.д. — прадстаўнікі радыкальнага кірунку ў нац.-вызв. руху, сац.-філас, думцы, маст. л-ры і публіцыстыцы 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч, Цётка, Я.Купала, Я.Колас і інш.). Іх ідэалогія адлюстроўвала істотныя тэндэнцыі працэсу фарміравання бел. нацыі і нац. культуры, стала яскравым сведчаннем развіцця нац. самасвядомасці беларусаў. Іх светапогляд фарміраваўся пад уплывам рас. Р.д. і народніцтва, а таксама польскага нац.-вызв. руху. Станаўленне рэв.-дэмакр, ідэй у грамадскай думцы Беларусі пачалося ў 1830—40-я г. (Ф.Савіч, Ю.Бакшанскі). Як самаст, ідэалаг, плынь аформіліся ў перыяд паўстання 1863—64, што было звязана з дзейнасцю Каліноўскага і яго прыхільнікаў. Найб. поўна дэмакр.-вызв. тэндэнцыі адлюстраваны ў пач. 20 ст. ў творчасці Цёткі, Я.Купалы, Я.Коласа, дзейнасці публіцыстаў бел.друку. Р.д. змагаліся за карэннае пераўтварэнне грамадскага ладу ў інтарэсах прац. мас шляхам сял. рэвалюцыі. Яны выступалі ад імя ўсяго народа, але былі выразнікамі пераважна інтарэсаў прац. сялянства. Аснову грамадскай паэзіі Р.д. складалі ідэі гіст. прадвызначэння прац. народа, тэндэнцыі наіўна-ўраўняльнага сял. сацыялізму, рашучае адмаўленне бурж.-памешчыцкага ладу. Іх грамадска-паліт. праграма ўключала патрабаванні ліквідацыі самадзяржаўя, дэмакратызацыі грамадскага жыцця, скасавання памешчыцкага землеўладання, надзялення сялян зямлёй, свабоднага развіцця нац. культуры. Ідэалы Р.д. ў пэўнай ступені ўвайшлі ў ідэалогію бел.паліт. партый левага кірунку пач. 20 ст.: Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш.