СЕМЯНО́ВІЧ (Казімір) (каля 1600 — пасля 1651),

інжынер і тэарэтык артылерыі, мысліцель-гуманіст. Паходзіў з роду дробных князёў Семяновічаў, якія ў 14—16 ст. валодалі землямі на Віцебшчыне. Вучыўся ў Віленскай акадэміі. Удзельнік вайны Рэчы Паспалітай з Рас. дзяржавай 1632—34. З 1645 у Нідэрландах ваяваў у войску прынца Аранскага, у 1646 адкліканы з Нідэрландаў, прызначаны інжынерам, з 1648 нам. начальніка артылерыі Каралеўства Польскага. У 1650 выдаў у Амстэрдаме на лац. мове трактат «Artis magnae artilleriae pars prima» («Вялікае мастацтва артылерыі, частка першая»), у якім апісаў канструкцыі і выкарыстанне гармат і ракет, тэхналогію вытв-сці пораху і інш. матэрыялаў для артылерыі, а таксама ўпершыню прапанаваў ідэю шматступеннай ракеты (з адпаведнымі чарцяжамі). Трактат перакладзены на франц., ням., англ., галандскую, дацкую і інш. мовы; паўтара стагоддзя быў адной з найважнейшых у Еўропе навук. прац па артылерыі. С. падрыхтаваў да друку і 2-ю частку сваёй працы, аднак выдаць не паспеў (пазней рукапіс згубіўся). С. прытрымліваўся гуманіст. светапогляду, войны лічыў найвялікшым няшчасцем для чалавецтва.

Літ.:

Ивашкявичюс А. Казимир Семенович и его книга «Великое искусство артиллерии. Часть первая». Вильнюс. 1971;

Бельскі АМ., Ткачоў М.А. Вялікае мастацтва артылерыі: Казімір Семяновіч. Мн., 1992.

К.Семяновіч. Літаграфія В. і Л. Варэцаў. 1995.

т. 14, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)