БУШ ((Bush) Джордж Герберт Уокер) (н. 12.6.1924, Мілтан, штат Масачусетс, ЗША),

дзяржаўны і палітычны дзеяч ЗША. Скончыў Іельскі ун-т. Эканаміст. Член палаты прадстаўнікоў сената (1966—71). Прадстаўнік ЗША у ААН (1970—72). Дырэктар ЦРУ (1976—77).

У 1981—89 віцэ-прэзідэнт, 1989—93 прэзідэнт краіны. Пасля інтэрвенцыі Ірана Ірака ў Кувейт (1990) ініцыятар стварэння міжнар. узбр. сіл у Персідскім зал. (аперацыя «Шчыт пустыні») і правядзення акцыі па вызваленні Кувейта (аперацыя «Бура ў пустыні»). У 1991 і 1993 падпісаў 2 амер.-расійскія пагадненні аб скарачэнні стратэгічных узбраенняў.

Дж.Буш.

т. 3, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЛІ́НСКІ (Іван Сямёнавіч) (28.1.1903, в. Якубоўка Гомельскага р-на — 10.5.1976),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Гомельскі лесатэхн. Ін-т (1936). У 1940—44 старшыня СНК БССР. У 1944—46 1-ы сакратар Палескага абкома КП(б)Б. У 1948—60 нам. міністра, міністр лясной гаспадаркі, нам. міністра сельскай гаспадаркі БССР, нач. Гал. ўпраўлення лясной гаспадаркі пры СМ БССР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1940—49, Бюро ЦК КП(б)Б у 1940—47. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1940—47, 1951—55, Вярх. Савета СССР у 1940—50.

І.С.Былінскі.

т. 3, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́Т з Сікіёна

(Aratos Sikyōnios; 271—213 да н. э.),

дзяржаўны дзеяч Стараж. Грэцыі. Прыйшоў да ўлады ў 251, скінуўшы тырана г. Сікіён. Дамогся ўключэння горада ў Ахейскі саюз. З 245 больш як 17 разоў выбіраўся стратэгам (кіраўніком) саюза, які пры ім дасягнуў росквіту і стаў незалежны ад Македоніі. У 224 уступіў у саюз з Антыгонам III Дасанам супраць Спарты. У 221 саюзнікі перамаглі спартанцаў, але Ахейскі саюз зноў трапіў у залежнасць ад Македоніі. Аўтар запісак (не захаваліся), якія былі выкарыстаны ў працах Палібія і Плутарха.

т. 1, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАПЯТРО́ВІЧ (Ежы) (1740 — 16.3.1812),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Лідскі стражнік (1764), лоўчы (1771), навагрудскі гродскі суддзя (1780), пісар вайсковы літоўскі (1783—87), чл. Пастаяннай рады (1780—84), удзельнічаў у рабоце дэпартамента справядлівасці. У час паўстання 1794 зачытаў на гар. рынку ў Вільні акт аб пачатку паўстання ў ВКЛ. Сябар Вышэйшай літоўскай рады ў Вільні, суддзя крымінальны літоўскі. З утварэннем Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага кіраўнік аддзела вайск. патрэб. За справядлівасць, самаадданае выкананне грамадскіх і службовых абавязкаў яго назвалі «літоўскім Арыстыдам». Увекавечаны ў паэме А.​Міцкевіча «Пан Тадэвуш».

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЛДУІН ((Baldwin) Стэнлі) (3.8.1867, Б’юдлі, графства Херэфард-энд-Вустэр, Вялікабрытанія — 14.12.1947),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Вялікабрытаніі. Скончыў Трыніты-каледж (г. Кембрыдж). Быў саўладальнікам буйнейшай сталеліцейнай фірмы «Болдуінс лімітэд». З 1908 чл. парламента. Міністр гандлю (1921—22), фінансаў (1922—23), прэм’ер-міністр (1923—24, 1924—29, 1935—37). У 1923—37 лідэр Кансерватыўнай партыі. Урад Болдуіна сілай спыніў усеаг. забастоўку 1926 у Вялікабрытаніі, у 1930-я г. праводзіў палітыку «прымірэння» ў адносінах да фашысцкіх Італіі і Германіі. Схіліў караля Эдуарда VIII да адрачэння ад прастола (1936).

т. 3, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМІРЭ́ЛЬ ((Demirel) Сулейман) (н. 1.11.1924, Іслямкёй, пав. Іспарта, Турцыя),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Турцыі. Скончыў Стамбульскі тэхн. ун-т (1949). У 1964—80 ген. старшыня Партыі справядлівасці. У 1965—71, 1975—77 (з перапынкамі), 1979—80 і ў 1991—93 прэм’ер-міністр Турцыі. Пасля ваен. перавароту 1980 двойчы інтэрніраваны (1980, 1983), апынуўся ў групе палітыкаў, якім была забаронена любая паліт. дзейнасць. Пасля вяртання ў 1983 да парламенцкага праўлення адзін са стваральнікаў, з 1987 ген. старшыня Партыі правільнага шляху (правапераемніцы Партыі справядлівасці). З 1993 прэзідэнт Турцыі.

т. 6, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАУ́Д (Мухамед) (18.7.1908, Кабул — 28.4.1978),

дзяржаўны дзеяч Афганістана. Адукацыю атрымаў у Афганістане і Францыі. У 1946—48, 1949—52 міністр нац. абароны. У 1953—63 прэм’ер-міністр Афганістана. Урад Д. рэфармаваў сістэму школьнай адукацыі, садзейнічаў развіццю афг. прам-сці, умацаванню крэдытна-фін. сістэмы і інш. У ліп. 1973 на чале групы афіцэраў скінуў караля і абвясціў краіну рэспублікай. У 1973—78 прэзідэнт і прэм’ер-міністр Афганістана, адначасова міністр замежных спраў і абароны; намагаўся ліквідаваць перажыткі феадалізму ў афг. грамадстве, наладзіў адносіны з СССР. Забіты ў час Красавіцкай рэвалюцыі 1978.

М.Дауд.

т. 6, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЕ́ЛА (Васіль Сцяпанавіч) (20.5.1901, в. Кішчына Слабада Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 4.12.1949),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Бел. політэхн, ін-т (1935). У 1922—24 у Чырв. Арміі, пасля на сав. і парт. рабоце. У 1938—45 нарком, з сак. 1949 міністр камунальнай гаспадаркі БССР. У 1945—49 нам. старшыні СМ БССР. У Вял. Айч. вайну ўдзельнічаў у арганізацыі партыз. руху на Беларусі, чл. Мінскага падп. абкома КП(б)Б. Дэп. Вярх. Савета БССР з 1947. Канд. у чл. ЦК КП(б)Б у 1949.

т. 6, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́РАЎ (Іван Антонавіч) (18.9.1898, в. Сямёнаўка Маскоўскай вобл., Расія — 19.3.1944),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Прамакадэмію лёгкай прам-сці СССР (1937). Удзельнік грамадз. вайны. З 1926 на парт. і гасп. рабоце ў Маскоўскай вобл. З 1937 у Віцебску: дырэктар ільнопрадзільнай ф-кі, старшыня гарвыканкома. З крас. 1938 нам. старшыні СНК БССР. У Вял. Айч. вайну выконваў даручэнні ЦК КП(б)Б і БШПР па кіраўніцтве партыз. рухам у Беларусі. Канд. у чл. ЦК КП(б)Б у 1938—40, чл. ЦК КП(б)Б з 1940. Дэп. Вярх. Савета БССР з 1938.

т. 7, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПШЧЫ́НА, капшчызна,

дзяржаўны падатак у ВКЛ у 15—16 ст. за трыманне карчмы і продаж у ёй спіртных напіткаў (піва, мёду, гарэлкі). Памер К. вызначаўся вял. князем і вагаўся ад 0,5 капы (30 грошаў) да 2,5 капы (150 грошаў). Збіралася адзін раз у год спец. прызначанымі гаспадарскімі дваранамі. У некаторых выпадках вял. князь адмаўляўся ад К. на карысць ваявод, старостаў, гарадоў. З сярэдзіны 16 ст. паступова знікла з-за раздачы корчмаў на водкуп прыватным асобам. У каралеўскіх гарадах захавалася да 18 ст. ў выглядзе чопавага.

т. 8, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)