рака ў Чэхіі (вярхоўі), Польшчы і Германіі (часткова служыць мяжой паміж імі). Даўж. 854 км, пл. басейна 119 тыс.км². Пачынаецца ў паўд. адгор’ях Усх. Судэтаў, цячэ па Сярэднееўрапейскай раўніне, упадае 2 рукавамі ў Шчэцінскі зал. Балтыйскага м. Каналізавана паміж гарадамі Кендзежын-Козле і Бжэг-Дольны (на 186 км). Гал. прытокі: Барыч, Варга (справа), Бубр, Ныса-Лужыцка (злева). Веснавое разводдзе, летне-асенняя межань з асобнымі ліўневымі паводкамі, павышаная воднасць зімой. Сярэдні расход вады 580 м³/с. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт (7 электрастанцый, найб. ў г. Бжэг-Дольны). Суднаходная (на 711 км). Каналамі злучана з рэкамі Эльба і Вісла. На О. гарады Острава (Чэхія), Аполе, Вроцлаў, Шчэцін (Польшча), Франкфурт-на-Одэры (Германія). У міжрэччы Віслы і Одэра ў Вял.Айч. вайну адбылася Вісла-Одэрская аперацыя 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТЫКАПЕ́Й (грэч. Pantikapaion),
антычны горад-калонія ва Усх. Крыме (цяпер г. Керч, Украіна). Засн. ў 1-й пал. 6 ст. да н.э. выхадцамі з Мілета. У 2-й пал. 6 ст. да н.э. ў П. чаканілі сярэбраныя, з 4 ст. да н.э. — залатыя і медныя манеты. У 2-й пал. 5 ст. да н.э. П. аб’яднаў грэч.гарады па абодвух берагах Баспора Кімерыйскага, стаў сталіцай Баспорскай дзяржавы, гал. рамесніцкім, гандл. і культ. цэнтрам Паўн. Прычарнамор’я. Паліт. падзеі 2—1 ст. да н.э. (Саўмака паўстанне, войны Мітрыдата VI Еўпатара), землетрасенне (63 да н.э.) прывялі да разбурэння горада. Нягледзячы на некат. ажыўленне гандл. і паліт. жыцця ў 1—2 ст.н.э. П. паступова заняпаў. З сярэдзіны 3 ст. горад рабаваўся готамі, у канцы 4 ст. разбураны гунамі. Раскопкі вядуцца з 1-й пал. 19 ст. (сістэматычна з 1945).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКО́ЎСКІ (Лявон Іосіфавіч) (9.1.1896, г. Глыбокае Віцебскай вобл. — 15.8.1979),
рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі ун-т (1924). Друкаваўся з 1924. Аўтар зб-каў апавяд. «Зялёная Амерыка» (1927), «Сівапляс» (1928), аповесцей «Блудны д’ябал» (1928) «Канстанцін Заслонаў» (1949), «Міхась Тухачэўскі» (1967) гіст. раманаў «Генералісімус Сувораў» (ч. 1—2, 1947), «Адмірал Ушакоў» (1952), «Кутузаў» (1960). У 1925 у газ. «Ленинградская правда» апублікаваў нарысы пра Беларусь («Два гарады. Пісьма з Барысава», «На Бабруйшчыне», «У Слуцку — усё па-людску» і інш.). Пераклаў на рус. мову п’есы «Паўлінка» Я.Купалы і «Вайна вайне» Я.Коласа, раман «Мінскі напрамак» І.Мележа, аповесць «Андрэйка» П.Кавалёва, апавяданні М.Лынькова, зб.апавяд. «Ніколі не забудзем!». На бел. мову яго аповесць «Канстанцін Заслонаў» пераклалі В.Рудава і У.Ідэльсон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМА́ЛІ́,
паўвостраў на У Афрыкі. Пл. каля 750 тыс.км². Абмываецца на Пн Адэнскім зал., на У і ПдУ Індыйскім ак. Большая ч. паверхні — ступеньчатыя плато (выш. 1000—1500 м), на Пн — горы (г. Шымбірыс, выш. 2416 м). Клімат субэкватарыяльны, на Пн — трапічны, засушлівы, у цэнтр.ч. — пустынны. Ападкаў 250—500 мм за год. На ПнЗ ва ўзвышанай ч. колькасць ападкаў павялічваецца (больш за 1000 мм за год). Рэкі — пераважна часовыя патокі, акрамя рэк Джуба і Уэбі-Шабеле. У далінах рэк галерэйныя рэдкалессі, на ўнутр. плато — тыповыя і апустыненыя саванны, а па схілах — лясы з дрэвападобных ядлоўцаў, на ўзбярэжжы акацыевыя паўпустыні. Качавая жывёлагадоўля, у аазісах вырошчваюць кукурузу, бананы, арахіс і інш. На тэр. паўвострава — дзяржавы Самалі, Джыбуці, усх. раёны Эфіопіі. Важнейшыя гарады і порты — Магадыша (Самалі), Джыбуці (Джыбуці).
адзін з этапаў рэвалюцыі 1905—07. Пачалася 20 кастр. забастоўкай рабочых Маскоўска-Казанскай чыгункі. Па закліку Усерас.чыг. саюза на працягу 10 дзён быў спынены рух на чыгунках Расіі, што садзейнічала зліццю шматлікіх агульнагар. забастовак ва ўсерас. стачку. Удзельнічала каля 2 млн.чал. Праходзіла пад заклікамі звяржэння самадзяржаўя і ўстанаўлення дэмакр. рэспублікі. Арганізатары і кіраўнікі выступленняў — агульнагар. выбраныя стачачныя к-ты (у Пецярбургу, Маскве, інш.прамысл. цэнтрах яны наз. Саветамі рабочых дэпутатаў). Яны выступалі як органы ўлады і абапіраліся на баявыя дружыны. Стачка паралізавала дзейнасць урада. Цар Мікалай II вымушаны быў выдаць Маніфест (гл.Маніфест 17 кастрычніка 1905). На чыгунках Беларусі 23—25 кастр. спыніўся рух цягнікоў. Чыгуначнікаў падтрымалі рабочыя фабрык і заводаў, рамесных майстэрняў, работнікі гандлю і сферы абслугоўвання, служачыя, вучнёўская моладзь. Да 31 кастр. стачка ахапіла многія гарады, мястэчкі, чыг. станцыі, у т. л. Мінск, Віцебск, Магілёў, Гродна, Гомель, Брэст, Бабруйск, Оршу, Пінск, Полацк, Слуцк, Смаргонь, Горкі, Копысь, Баранавічы і інш. Суправаджалася дэманстрацыямі і мітынгамі з заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве дэмакратычная рэспубліка!». Месцамі адбыліся сутычкі з паліцыяй і войскамі. У Гомелі 27 кастр. пры разгоне дэманстрацыі ахвярамі сталі 7 чал., у Віцебску 31 кастр. забіта 7 чал. Пахаванне ахвяр вылілася ў 40-тысячны мітынг. У Мінску 31 кастр. расстраляны 20-тысячны мітынг (гл.Курлоўскі расстрэл 1905). Выступленнямі на буйных прадпрыемствах і чыг. вузлах кіравалі выбарныя стачачныя к-ты, агульнагар. забастоўкамі, мітынгамі, дэманстрацыямі — кааліцыйныя саветы і к-ты, якія складаліся з прадстаўнікоў найб. уплывовых мясц. арг-цый (РСДРП, Бунд, Чыгуначны саюз). У Брэсце і Гродне, дзе да канца 1905 не было арг-цый РСДРП, рухам кіравалі мясц. к-ты Бунда і Польск. сацыяліст. партыі ў Літве. На Беларусі стачка ахапіла 32 нас. пункты. Агульная колькасць стачачнікаў толькі ў прам-сці дасягала 66 тыс.чал.Паліт. рух працоўных у кастр. 1905 ахапіў 53 гарады і мястэчкі Беларусі (удзельнічала 223 тыс.чал.). На Беларусі стачка спынілася да 7 ліст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСА́М,
буйнейшы штат на ПнУ Індыі, каля падножжа Усх. Гімалаяў, амаль цалкам аддзелены ад Індыі краінай Бангладэш. Пл. 78,5 тыс.км². Нас. 22,4 млн.ч. (1991), гарадскога 8,4%. Адм. цэнтр — г. Дыспур. Найб.гарады Гувахаты, Дыбругарх, Тынсукія, Дыгбой. Займае акаймаваныя падножжам Усх. Гімалаяў плато Шылонг і Асама-Бірманскімі гарамі даліну р. Брахмапутра, на якой знаходзіцца буйнейшы ў свеце рачны в-аў Маджулі — цэнтр рэлігійнага паломніцтва.
Клімат трапічны, мусонны, з вельмі вільготным летам. Ападкаў больш за 2000 мм за год (у Асамскіх гарах больш за 10 000 мм за год). Трапічныя вечназялёныя і мяшаныя лясы займаюць больш за ⅓ плошчы Асама. Вядучыя галіны гаспадаркі — вытворчасць чаю і джуту, а таксама рысу, бавоўны, алейных культур. Нафтаздабыча (амаль 50% сырой нафты Індыі) і нафтаперапрацоўка; прадпрыемствы па вытв-сці фанеры, паперы, тары, запалак, мінер. угнаенняў. На ўсх. беразе р. Брахмапутра — нац. парк Казіранга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКА́,
рака ў Еўрапейскай ч.Рас. Федэрацыі, самы вял. правы прыток Волгі. Даўж. 1500 км, пл.бас. 245 тыс.км². Пачынаецца ў цэнтр.ч. Сярэднярускага ўзвышша на выш. 226 м над узр. м. і ўпадае ў Волгу каля г. Ніжні Ноўгарад. Рэчышча звілістае, пойма шырокая, шмат старыц. Гал. прытокі: Угра, Масква, Клязьма (злева), Мокша (справа). Паводка з крас. да мая ў верхнім цячэнні і да пач. чэрвеня ў ніжнім. Летам і зімой межань, восенню дажджавыя паводкі. Пераважны гадавы сцёк вясной. Ледастаў з ліст. да красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1300 м³/с. Рэгулярнае суднаходства ад г. Серпухаў да вусця (1200 км). На ўчастку ніжэй упадзення р. Масква на працягу 100 км шлюзаваная (Белаомутаўскі і Кузьмінскі гідравузлы). На левым беразе ў сярэднім цячэнні Акі — Прыокска-тэрасны запаведнік. На Ацэ — гарады Арол, Калуга, Серпухаў, Кашыра, Каломна, Разань, Касімаў, Мурам, Паўлава, Дзяржынск, Ніжні Ноўгарад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЕ́РТА (Alberta),
правінцыя на ПдЗ Канады. Пл. 661,2 тыс.км², нас. 2545 тыс.чал. (1993). Адм. цэнтр — г. Эдмантан. Найб.гарады Калгары, Форт-Саскачэван. Гар. насельніцтва каля 77%. Значная ч. тэрыторыі занята плато Вялікія раўніны, на ПдЗ Скалістыя горы. Клімат кантынентальны. Сярэднія т-ры (у Эдмантане) студз. -15 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 300—500 мм за год. Найб. рэкі Піс-Рывер і Атабаска, азёры Атабаска, Клэр, Малое Нявольніцкае. Вядучае месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці. Здабываюць 88% нафты і газу, 40% каменнага вугалю (ад агульнай здабычы ў Канадзе), уран, серу і інш. Развіты нафтаперапрацоўка, нафтахімія, каляровая металургія, машынабудаванне, харч.прам-сць. Дае каля 20% с.-г. прадукцыі Канады. Вырошчваюць пшаніцу (каля 25%), ячмень (40%), цукр. буракі (50% ад агульнага збору ў Канадзе). Адзін з найб. раёнаў краіны па развіцці мясной і малочнай жывёлагадоўлі. Транспарт чыгуначны, аўтамабільны; нафта- і газаправоды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГАРА́,
рака на ПдЗУсх. Сібіры, правы, самы мнагаводны прыток Енісея, у Іркуцкай вобл. і Краснаярскім краі Расійскай Федэрацыі. Даўж. 1779 км, пл.бас. 1040 тыс.км². Выцякае з воз. Байкал, цячэ па паўд.ч. Сярэднесібірскага пласкагор’я. Ад вытоку большая ч. ракі ператворана ў каскад вадасховішчаў. У ніжнім цячэнні ў рэчышчы парогі Мурскі, Стралкоўскі (каля вусця), шматлікія шыверы, шмат астравоў. Асн. прытокі: Іркут, Ака з Іяй, Кова, Тасеева (злева), Ілім, Чадабец (справа). Водны рэжым Ангары зарэгуляваны воз. Байкал і вадасховішчамі. Жыўленне (акрамя азёрнага) снегавое і дажджавое. Ледастаў на вадасховішчах з ліст., ніжэй — з канца вер. да мая. Сярэднегадавы расход вады ў вярхоўі 1730 м³/с, у вусці 5100 м³/с. Суднаходная ад вытоку (з перарывамі каля плацін ГЭС). На Ангары Іркуцкая, Брацкая, Усць-Ілімская ГЭС з вадасховішчамі, будуецца (1989) Багучанская ГЭС. Гал.гарады: Іркуцк, Ангарск, Усолье-Сібірскае, Свірск, Брацк, Усць-Ілімск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́Й АЛЬГЕ́РДАВІЧ, Андрэй Полацкі (1325—99),
князь полацкі, пскоўскі і трубчэўскі. Сын Альгерда і віцебскай князёўны Марыі Яраслаўны. У 1342 жыхарамі Пскова абраны князем, за захаванне княжацкай пасады ў Пскове змагаўся і тады, калі стаў полацкім князем. Удзельнічаў у паходзе цвярскога кн. Міхаіла на Маскву (1372). Вёў актыўную барацьбу з крыжакамі, у 1373 і 1375 правёў паспяховыя паходы на Дынабург. Пасля 1377 распачаў барацьбу за велікакняжацкі пасад у ВКЛ. Пацярпеўшы паражэнне, вярнуўся княжыць у Пскоў. Уступіўшы ў саюз з вял.кн. маскоўскім Дзмітрыем Данскім, удзельнічаў у разгроме татараў на р. Вожа (1378), адваяваў у ВКЛ для Масквы северскія гарады Трубчэўск і Старадуб, удзельнічаў у Кулікоўскай бітве 1380. Пазней вярнуўся ў Полацк, выступіў супраць Ягайлы (1386), але трапіў у палон. Вызвалены ў 1390, стаў на бок Вітаўта ў яго барацьбе супраць Скіргайлы. Зноў княжыў у Пскове. Загінуў у бітве на Ворскле 1399.