малыя вёславыя судны, прызначаныя для лоўлі рыбы. Вядомы з неаліту многім народам свету. На Беларусі самы стараж. тып Р.л. — выдзеўбаны са ствала дубу, асіны або ліпы човен. Каб паменшыць хісткасць чаўноў, да бартоў некат. з іх прыбівалі драўляныя брусы; такія чаўны наз.камягамі. У 19 ст. рыбакі выкарыстоўвалі дашчаныя лодкі. Дошкі днішча і бартоў змацоўваліся паміж сабой какорамі зробленымі з натуральна выгнутых тонкіх ствалоў дрэў. На Гомельшчыне былі пашыраны вузкія лодкі, у якіх нос прыўзнімаўся над вадой. Шырэйшыя і карацейшыя Р.л. выраблялі на Магілёўшчыне. На З Беларусі дашчаныя лодкі мелі 2 насы («чайкі»), на Нёмане насы загіналі ўверх. На Палессі вял. невадныя лодкі, як і звычайныя, былі доўгія і вузкія, у Паазер’і — карацейшыя, з шырокім развалам. Для падцягвання невада ў некат. лодках рабілі спец. прыстасаванні — калаўроцікі. На Магілёўшчыне і ўсх. Гомельшчыне рыбакі-сетачнікі ўкладвалі свае снасці на сцябло (драўляны жолаб), канцы якога апіраліся на барты. Дняпроўскія рыбакі выкарыстоўвалі лодкі з пакорай — паўкруглай лубяной страхой у насавой частцы. Пад ім захоўвалі прадукты, сухое адзенне; тут рыбак хаваўся ад дажджу і адпачываў. На Шчары і Нёмане такія накрыўкі рабілі з дошак. Каб зберагчы рыбу жывой, у адным з адсекаў чоўна або лодкі пракручвалі ў бартах дзіркі для цыркуляцыі вады. Для перавозу жывой рыбы прызначаліся спец. лодкі — шкудкі. Сучасныя рыбакі-аматары побач з традыц. дашчанымі выкарыстоўваюць лодкі, зробленыя з метал. сплаваў і гумы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫС (Oryza),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 20 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічным, субтрапічным паясах Паўд. і Усх. Азіі, Афрыкі, Амерыкі, Аўстраліі. Культура Р. пасяўнога (O. sativa) узнікла ў Паўд.-Усх. Азіі больш за 7 тыс. гадоў назад. У Афрыцы Р. голы, ці афрыканскі (O. glaberrima) вырошчвалі ў бас.р. Нігер з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. разам з Р. кропкавым (O. punctata) і інш.Асн. кампанент харчавання мясц. насельніцтва. Культывуюць Р. ва ўмераных і трапічных паясах, на заліўных палях; у некат. раёнах Афрыкі, Азіі і Амерыкі — сухадольныя віды. Асн. прадукт харчавання для 1/3 насельніцтва зямнога шара. Створаны дзесяткі тысяч сартоў. Гал. цэнтры вытв-сці Р. — Кітай і Індыя.
Р. пасяўны — яравая аднагадовая расліна выш. 0,6—1,5 м (некат. сарты 2—3 м). Лісце лінейнае, вузкаланцэтнае, зялёнага, чырванаватага або фіялетавага колеру. Суквецце — мяцёлка. Плод — зярняўка. Ачышчанае ад лускавінак зерне мае ў сабе да 75% вугляводаў (пераважна крухмалу), 9—12% бялку (па колькасці неабходных амінакіслот блізкі да жывёльнага). Яго перапрацоўваюць на муку, крухмал, спірт, піва, высакаякасную пудру, румяны. З саломы вырабляюць вышэйшыя сарты паперы, кардону, вяроўкі, капелюшы, цыноўкі, сумкі, скормліваюць жывёле. Харч., тэхн., лек. расліна.
В.М.Прохараў.
Рыс: 1 — расліна ў фазе малочнай спеласці; 2 — мяцёлкі кітайска-японскай галіны з двухкаляровай (а) і аднакаляровай (б) афарбоўкай кветкавых лускавінак; 3 — мяцёлка індыйскай галіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫТАРЫ́ЧНЫЯ ФІГУ́РЫ,
стылістычныя прыёмы ў празаічнай і вершаванай мове, якія павышаюць эмацыянальнасць выказвання. Сустракаюцца ў творах стараж.бел. л-ры («словы» Кірылы Тураўскага, «Трэнас» М.Сматрыцкага, «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча), фальклоры. Шырока ўжываюцца ў публіцыстыцы, грамадз. і медытатыўнай лірыцы, эпісталярных творах; адсутнічаюць у дзелавой і навук. мове. У сучасным літ.-знаўстве паняццем Р.ф. карыстаюцца ў дачыненні да 3 стылістычна-інтанацыйных прыёмаў: рытарычнага воклічу, рытарычнага звароту, рытарычнага пытання. Праз рытарычны вокліч пэўнае паняцце сцвярджаецца эмацыянальнай, паэтычна-ўзнёслай інтанацыяй.
О вясна! Таполі! Свеце мілы! Сонца німб! Аблокі! Сад! Рака!
Залатая падаплёка крылаў
Маладога звонкага шпака.
(У.Караткевіч. «О вясна! Таполі! Свеце мілы!»)
Рытарычны зварот не патрабуе непасрэднага водгуку названых асоб ці прадметаў на заклік або дзеянне. Пашыраны ў фальклоры, дзе часта выконвае ролю запеву, стварае адпаведны эмацыянальны настрой:
Зелле маё ды зялёнае. Старана мая ды вясёлая.
Не магу цябе пазабыціся.
Уначы сплючы, а ўдзень робячы...
(Бел. народная песня)
У пісьмовай л-ры рытарычны зварот вядомы з часоў «Слова пра паход Ігаравы»: «О светлае сонца, прасветлае! Усім ты нясеш і цяпло і красу!» (пераклад Я.Купалы). Пры рытарычным пытанні пэўная думка сцвярджаецца ў пытальнай форме, перадае аўтарскую ўзрушанасць, захапленне або павышаную цікавасць да з’явы, падзеі, прадмета. Нярэдка сустракаецца ў нар. паэзіі.
Пярсцёначкі залатыя. Ці бочкі вамі набіваці?
Да сукенкі мае дарагія. Ці пнёўя вамі ўбіраці?
Палаценцы мае белыя. Ці горы вамі ўсцілаці?
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЧЫ, Рыча, Рычу,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., на мяжы з Латвіяй, у бас.р. Дрысвята, за 20 км на ПнЗ ад г. Браслаў. Пл. 12,83 км², даўж. 6,27 км, найб.шыр. 3,73 км, найб.глыб. 51,9 м (другое па глыбіні возера на Беларусі), даўж. берагавой лініі 33,4 км. Пл. вадазбору 123 км². Катлавіна складанага тыпу. Схілы выш. 10—20 м (на У да 30—40 м), параслі хмызняком і лесам. Шмат заліваў. Берагі высокія, пясчаныя, участкамі нізкія, на У зліваюцца са схіламі. Дно складанай будовы, глыбакаводныя ўпадзіны (34—40 м) чаргуюцца з мелямі. У залівах дно адносна плоскае, глыб. 10—13 м. 5 астравоў агульнай пл. 5,7 га. Мелкаводдзе пясчанае і пясчана-галечнае, на У пад валунамі. Пяскі і апясчаненыя адклады пашыраны да глыб. 10—12 м, у залівах да 2—5 м. Астатняя ч. ложа сапрапелістая, найб. глыбокія ўчасткі ілістыя. Мінералізацыя вады каля 220 мг/л, празрыстасць 5,3 м. Мезатрофнае. Зарастае, найб. зарастаюць залівы, пераважна падводнай расліннасцю (рдзесты, шышняк, эладэя, харавыя водарасці). Да глыб. 9 м растуць імхі. У іхтыяфауне больш за 20 відаў рыб. У возеры жывуць рэлікты ледавіковага перыяду (лімнакалянус, понтапарэя, бакаплаў Паласа), занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі. Упадаюць некалькі ручаёў, у т. л. з азёр Кракіна, Угарынка, Чарнаву, Сіла, выцякае р. Рычанка. Возера ўваходзіць у гідралагічны заказнік Рычы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛІГО́РСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА Размешчана каля г. Салігорск Мінскай вобл. Створана ў 1967 плацінай у сярэднім цячэнні р. Случ. Пл. 23,1 км², даўж. 24 км. найб.шыр. 2 км, найб.глыб. 4,5 м. Аб’ём вады 55,9 млн.м³. Даўж. берагавой лініі 70 км. Катлавіна выцягнута з ПнУ на ПдЗ. 40% берагоў — штучныя. У верхняй і сярэдняй ч. берагі нізкія, забалочаныя або ўмацаваныя насыпамі; каля Салігорска выш. іх 1—3 м, у залівах нізкія, забалочаныя. Да затаплення на месцы вадасховішча быў забалочаны тарфяны масіў. Дно выслана торфам, ілам, пяском. Мелкаводдзі (глыб. да 2 м) займаюць каля 40% вадасховішча. Ёсць 4 буйныя залівы. Сярэдні шматгадовы сцёк 288 млн.м³. Рэгуляванне сцёку сезоннае, аб’ём вады аднаўляецца 4 разы за год. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню вады 1,5 м. Замярзае ў пач.снеж., лёд (таўшчыня да 50 см) трымаецца да канца сакавіка. Моцна зарастае; расліннасць (чарот азёрны, маннік вадзяны, аер звычайны, эладэя канадская, рдзесты, раскі і інш.) найб.пашыраны ў верхняй і сярэдняй ч. вадасховішча. Водзяцца плотка, акунь, шчупак, карась залаты, джгір, лешч, язь і інш. Выкарыстоўваецца для забеспячэння вадой прадпрыемстваў ВА «Беларуськалій», рэгулявання сцёку р. Случ, абваднення с.-г. угоддзяў. Вакол вадасховішча зона адпачынку. 2 санаторыі-прафілакторыі, лодачная станцыя. Вядзецца кантроль за хім. саставам вады ў сувязі з забруджваннем яе салявымі адваламі са Старобінскага радовішча калійных і каменнай солей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНО́РСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адна з абласцей Неарктыкі. Займае сярэднюю ч.Паўн. Амерыкі (ад Канады да Мексікі) і п-аў Каліфорнія (акрамя яго паўд. часткі). Размешчана паміж Канадскай біягеаграфічнай вобласцю і Неагеяй. Уключае 3 падвобласці: Каліфарнійскую, Скалістых гор, або Цэнтральную, і Усходнюю, або Атлантычную.
У флоры яе зах.ч. пераважае ксерафітны тып расліннасці, у цэнтр. і ўсх.ч. — хваёва-шыракалістыя і шыракалістыя лясы, на Пд расліннасць мае субтрапічны характар. З рэліктаў захаваліся гіганцкая секвоя, тсуга, псеўдатсуга, туя. Найб.пашыраны розныя віды хвоі, дуба, клёна, платана, вяза, арэха, ясеня і інш. Шмат ліян, эпіфітаў. Характэрны зараснікі калючых кустоў — чапараль. У пустынях вял. колькасць кактусаў і інш. сукулентаў. Горныя лясы пераважна з хвоі і дуба. У фауне трапляюцца палеарктычныя і неатрапічныя групы жывёл, але ядро складаюць «агульнасанорскія», сярод якіх шмат эндэмікаў: апладонтавыя (горны бабёр), крот-зорканос, землярыйка-крот, каліфарнійскі кондар, вілахвосты каршун, бегаючая зязюля, спячы ляляк, гумавая змяя, грымучыя змеі, амбістомы, хвастатая жаба і інш.Найб. тыповыя прадстаўнікі: бізон, віларог, лугавы сабачка, кенгуровы пацук, каёт, віргінскі алень, скунс, куніца-рыбалоў, апосум, лугавы цецярук, кайманава чарапаха, ядазуб, жаба-бык і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАБО́ДНЫ ВЕРШ, верлібр (франц. vers libre),
дысметрычны верш, рытм якога ўтвараецца чаргаваннем вершаваных радкоў аднатыпнай інтанацыйна-сінтакс. структуры. Рытмічная мернасць размяшчэння радкоў падкрэсліваецца паўзамі, паўторам стылістычных фігур, аднолькавых слоў ці іх форм, асобных радкоў. У С.в. адсутнічае адзіная скразная мера паўтораў, яна ўвесь час мяняецца, захоўваючы інтанацыйна-сэнсавае і стылявое адзінства верша:
Ты бачыш. Чаму ж я не бачу?
Я чую. Чаму ж ты не чуеш?
Мне весела. А табе сумна?
Мне горка. А табе соладка?
Якой жа мы ніткаю сшыты,
Што і маладымі зубамі
Ніяк яе не перакусім.
(М.Танк. «Ты бачыш. Чаму ж я не бачу?»)
С.в. узнік у амер. і еўрап. л-рах у сярэдзіне 19 ст. (У.Уітмен, У.Блейк, Г.Гейнэ), сустракаўся ў класічнай рус. паэзіі (А.Фет, Я.Палонскі). Тэрмін «верлібр» увёў ва ўжытак франц. пісьменнік Г.Кан у 1884. Вял. пашырэнне атрымаў у 20 ст. (А.Блок, В.Брусаў, У.Маякоўскі, у замежнай л-ры П.Нэруда, Назым Хікмет Ран і інш.).
У бел. паэзію С.в. увёў М.Багдановіч («Двайняткі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»; пераклад верша Э.Верхарна «Паўстанне»). Пашыраны ў сучаснай бел. паэзіі (Р.Барадулін, А.Вярцінскі, А.Грачанікаў, С.Дзяргай, В.Зуёнак, А.Лойка, П.Макаль, Н.Мацяш, А.Наўроцкі, П.Панчанка, А.Разанаў, Я.Сіпакоў, М.Танк). У большасці вершы, напісаныя С.в., адносяцца да філасофскай ці медытатыўнай лірыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛІЗЕВІКІ́ (Myxomycota),
група грыбападобных арганізмаў няпэўнага сістэматычнага становішча. Традыцыйна вылучаліся ў аддзел ніжэйшых раслін, у сучаснай заал. сістэматыцы іх адносяць да прасцейшых. Падобныя на грыбы (адсутнасць хларафілу, наяўнасць спораўтварэння, пладовыя целы, пераважна сапратрофны тып жыўлення) і на жывёл (здольнасць да актыўных амёбападобных рухаў). 2 кл.: акразіяміцэты (клетачныя С.) і міксаміцэты (сапраўдныя С.), якія падзяляюцца на 3 падкл., больш за 400 відаў. Пашыраны паўсюдна. На Беларусі найб. вядомыя роды лікагала, стэманітыс, трыхія, фізарум, фуліга і інш. Трапляюцца ў глебе, гнілых пнях, пад карой. апалым лісцем.
Міксаміцэты маюць вегетатыўнае цела ў выглядзе слізістай. без абалонкі, шмат’ядзернай (ядры дыплоідныя) пратаплазмы — плазмодыя дыяметрам ад некалькіх міліметраў да 1 м, ярка афарбаванае (лімонна-жоўтае, ружовае, чырв., фіялетавае да амаль чорнага). У перыяд вегетатыўнага развіцця С., што жывуць свабодна, насяляюць вільготныя, цёмныя месцы. На святло выпаўзаюць для ўтварэння на субстраце пладовых цел (спарангіяў і эталіяў), у якіх фарміруюцца гаплоідныя споры (у вадзе прарастаюць у зааспоры. у вільготным асяроддзі — у міксамёбы). Пры іх капуліраванні парамі ўтвараюцца дыплоідныя міксамёбы, якія шматразова дзеляцца, растуць і фарміруюць плазмодый. Пры неспрыяльных умовах (сухасць субстрату, нізкая т-ра. адсутнасць корму) плазмодый ператвараецца ў склероцый.
зледзяненне, якое доўжылася каля 110 тыс. гадоў з канца шклоўскага міжледавікоўя да пачатку муравінскага міжледавікоўя, перадапошняе зледзяненне на Беларусі ў плейстацэне. У час найб. пашырэння сожскае ледавіковае покрыва 3 вял. патокамі (нёманскім, мінскім, дняпроўскім) дасягала паўн. межаў Бел. Палесся. Яго адклады прадстаўлены пародамі: марэннымі (валунныя супескі і суглінкі), флювіягляцыяльнымі (пясок, жвір, пясчана-жвіровыя сумесі і інш.) і азёрна-ледавіковымі (стужачныя гліны, супескі, пяскі); іх магутнасць месцамі да 80 м. У цэнтр.ч. Беларусі залягаюць з паверхні, таксама ў складзе Гродзенскага, Навагрудскага, Мінскага, Ашмянскага, Аршанскага і інш. узвышшаў Бел. грады, Цэнтральнабярэзінскай і Аршанска-Магілёўскай і інш. раўнін (гл. адпаведныя арт.). У паласе краявых ледавіковых утварэнняў на Бел. градзе самая высокая адзнака — Дзяржынская гара (345 м), па ёй праходзіць гал.еўрап. Балтыйска-Чарнаморскі водападзел. Краявыя ледавіковыя ўтварэнні Гродзенскага, Навагрудскага і Ашмянскага ўзвышшаў маюць складкава-лускаватую будову. Адступанне С.з. адбывалася стадыйна (Ашмянскі, Магілёўскі, Слаўгарадскі стадыялы), адзначана некалькімі зонамі краявых ледавіковых утварэнняў і звязаных з імі ўчасткамі мёртвага лёду. На Пн сожскія адклады пахаваны пад тоўшчай парод паазерскага зледзянення. На Пд яны пашыраны ў выглядзе зандраў, якія залягаюць на паверхні ў Палескай нізіне. Сожскі ледавік актыўна ўздзейнічаў на падсцілаючыя пароды, што прывяло да ўзнікнення глыбокіх ледавіковых лагчын, гляцыядыслакацый і адорвеняў палеазойскіх, мезазойскіх і кайназойскіх парод. Большасць даследчыкаў звязваюць утварэнне адкладаў С.з. з сожскай стадыяй дняпроўскага зледзянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЫ́РНІЦА,
гаспадарчая пабудова для сушкі і захоўвання сыру. Лакальныя назвы сырнік, сырня. Былі пашыраны на Беларусі, у Літве, Польшчы пераважна ў сядзібах і фальварках 16 — пач. 20 ст. У канцы 19 ст. з’явіліся і ў некат. сял. гаспадарках, якія наладзілі вытв-сць сыроў на продаж. На Беларусі найчасцей С. рабілі драўлянымі, абавязкова 2-яруснымі. 1-ы паверх мог заставацца адкрытым, на слупах (1—12; вёскі Рудня Астравецкага, Сваятычы Ляхавіцкага р-наў), або мець памяшканне для захоўвання малочных прадуктаў (в. Боркі Дзятлаўскага р-на). Каркасная канструкцыя 2-га паверха з дошак, жэрдак, плятня дапамагала ствараць неабходныя ўмовы для добрай вентыляцыі і сушкі сыроў. Характэрны элемент С. — галерэя на 2-м паверсе, дзе пад страхой сушылі сыры (б. маёнтак Залучча, Стаўбцоўскі р-н). Галерэю рабілі на выпусках бэлек ці на слупах. Квадратны план, ярусная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя, шатровы гонтавы дах, кругавая галерэя, выразны сілуэт рабілі С. адной з цікавых пабудоў сядзібы. Ставілі С. паблізу сядзібнага дома ці ў парку. Захавалася С. 19 ст. мяшанай канструкцыі (мураваны ніжні паверх) у парку б. сядзібы ў в. Сітцы Докшыцкага р-на.
Літ.:
Сергачоў С. Сырніцы // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. №4.
С.А.Сергачоў.
Сырніца ў былым маёнтку Залучча Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобл. Фрагмент гравюры А.Савіцкага. 1873.Сырніца ў вёсцы Боркі Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобл.Пач. 19 ст.