ПРЫСТА́ЎКІН (Анатоль Ігнацьевіч) (н. 17.10.1931, г. Люберцы Маскоўскай вобл.),
рускі пісьменнік. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1959). Друкуецца з 1954 (вершы). «Маленькія апавяданні» (1959) — лірычныя мініяцюры, пераважна пра ваен. дзяцінства. Сібірскія аповесці — «Мае сучаснікі» (1959), «Тры жыцці» (1960), «Народжанаму жыць» (1963, 2-я назва «Вогнішчы ў тайзе», 1964), раман «Галубка» (1967) пра працу моладзі на таежных будоўлях. У аповесцях «Начавала хмарка залатая» (1987, Дзярж. прэмія СССР 1988), «Зязюляняты, ці Жаласная песня для супакаення сэрца» (1989) лёс народа на трагічных пераломах гісторыі паказаны праз лёсы выхаванцаў дзетдома. Аўтар аповесці «Салдат і хлопчык» (1977), аўтабіягр. рамана «Разанка (Чалавек з прадмесця)» (1991), рамана-даследавання на крымінальныя тэмы «Даліна смяротнага ценю» (1999) і інш. У раздзеле «Вінная дарога» нататак «Сіндром п’янага сэрца. Сустрэчы на віннай дарозе» (1998) распавядае пра сяброўства з А.Адамовічам. Творам П. ўласціва спавядальнасць, драматызм, маральна-этычная праблематыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСАМАФІ́ЛЫ [ад грэч. psammos пясок + ...філ(ы)],
псамабіёнты, экалагічная група жывёл, прыстасаваных да жыцця пераважна ў сыпучых рухомых пясках. Да П. адносяць таксама арганізмы, якія жывуць у паверхневым слоі вільготнага пяску па берагах вадаёмаў вышэй узроўню вады (інфузорыі, калаўроткі, чэрві, лічынкі камароў, крабы і інш.). П. называюць экалагічную групу рыб, якія адкладваюць ікру на пясчанае дно, у вадаёмах трымаюцца месц з пясчаным грунтам.
Асаблівасці П.: здольнасць хутка перамяшчацца (бег, скачкі, палёт) як прыстасаванне да здабычы корму, абароны ад ворагаў і інш.; здольнасць хутка паглыбляцца ў пясок (круглагалоўка, удаўчык пясчаны і інш.); наяўнасць прыстасаванняў для перамяшчэння па рыхлым грунце (рагавыя грабяні на пальцах у круглагалоўкі, аваласенне і рагавыя вырасты на пальцах у танкапальцага сусліка і грэбеняпальцага тушканчыка) або ў яго тоўшчы (членікавыя лапкі тараканаў пясчаных). Сухапутныя П. — ксерафілы з надзвычай эканомным водным абменам і невысокім узроўнем метабалізму. Многія П. зімой і летам упадаюць у спячку або назапашваюць кармы ці робяць сезонныя міграцыі; многія вядуць начны спосаб жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУШКО́ (Аляксандр Лукіч) (19.4.1900, г. Луганск, Украіна — 6.3.1973),
расійскі кінарэжысёр, мастак. Нар.арт.СССР (1969). Вучыўся ў Маскоўскім ін-це нар. гаспадаркі. У кіно з 1927, напачатку канструктар лялек і пастаноўшчык мультыплікацыйных фільмаў. Стварыў серыю «Прыгоды Брацішкіна» (1928—30), зняў першы гукавы аб’ёмна-мультыплікацыйны фільм «Уладар быту» (1932). Сярод інш. фільмаў: «Новы Гулівер» (1935), «Казка пра рыбака і рыбку» (1937), «Вясёлыя музыкі» (1938), «Залаты ключык» (1939; выкарыстаў ігравыя, аб’ёмна-мультыплікацыйныя і камбінаваныя здымкі). З 1940-х г. ставіў фільмы-экранізацыі, пераважна казкі: «Каменная кветка» (1946, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Садко» (1953, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Ілья Мурамец» (1956; першы шырокаэкранны фільм са стэрэафанічным гукам), «Сампо» (1959), «Казка пра згублены час» (1964), «Казка пра цара Салтана» (1967), «Руслан і Людміла» (1972). Паставіў таксама фільм «Пунсовыя ветразі» (1961). Часта быў аўтарам або сааўтарам сваіх фільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1947.
Тв.:
Специальные способы киносъемки. М., 1930 (разам з Л.Сухарэбскім);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯ́ДЗЕНІКІ (Geometridae),
сямейства лускакрылых. Каля 15 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, найб. у трапічных і шыракалістых лясах. Пераважна змрокавыя і начныя матылі. На Беларусі больш за 12 родаў, каля 300 відаў. Найб. трапляюцца П.: асенні (Oporinia autumnata), зімовы (Operophtera brumata), хваёвы (Bulapns piniarius), чубаты (Colotois pennaria), яловы вуглакрылы (Semiothisa liturata) і інш. Некат. віды — шкоднікі лесу і с.-г. раслін.
Размах крылаў да 8 см. Афарбоўка разнастайная. Вусені шараватыя або зеленаватыя, нагадваюць сучкі, галінкі, сцяблінкі (яскравы прыклад мімікрыі), маюць звычайна 2 пары брушных ног. Пры перамяшчэнні дугападобна выгінаюць цела ўверх — рухаюцца «пядзямі» (адсюль назва). Кормяцца лісцем, бутонамі, кветкамі, пупышкамі раслін; многія — паліфагі; ёсць драпежнікі.
Пядзенікі: 1 — зімовы (а — самец, б — самка); 2 — агрэставы; 3 — асенні; 4 — чубаты; 5 — яловы вуглакрылы; 6 — хваёвы (а — самец, б — самка); 7 — вусені (а — у руху, б — у позе абароны).
французскі мастак; прадстаўнік класіцызму. Чл. Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры (з 1767), ганаровы вольны супольнік Пецярбургскай АМ (з 1802). Вучыўся ў М.Слодца і Ш.Ж.Натуара. Зазнаў уплыў Дж.Б.Піранезі. Працаваў у Парыжы. У 1754—65 жыў у Італіі. З 1784 захавальнік Луўра. Майстар «арх. пейзажа». Пісаў пераважнаант. руіны, паркавыя віды; часам у кантраст з грандыёзнай архітэктурай уводзіў жанравыя сцэнкі, што прыўносіла ў пейзаж элементы ракако. Творы вызначаюцца кампазіцыйнай свабодай, тонкасцю светапаветранай перспектывы, лёгкасцю і мяккасцю колеравых нюансаў: «Інтэр’ер храма Дыяны ў Німе», «Храм Юпітэра ў Рыме», «Гавань Рыпета ў Рыме» (1767), «Павільён з каскадам», «Піраміда Цэстыя» (абодва 1760-я г.), «Пейзаж з абеліскам» (1775), «Руіны» (1779), «Разбуральнікі гнёздаў», «Уцёкі» (абодва каля 1780), «Тэраса ў Марлі» (каля 1783) і інш. У 1775 прымаў удзел у рэканструкцыі Версальскага парку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГО́З, пухоўка (Typha),
род кветкавых раслін сям. рагозавых. Каля 15 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных паясах. На Беларусі 2 віды Р.: вузкалісты (T. angustifolia) і шыракалісты (T. latifolia), нар. назвы калавей, кіёўка. Утвараюць зараснікі па берагах вадаёмаў і ў балотах.
Шматгадовыя водныя ці балотныя травы з паўзучым карэнішчам. Тоўстыя неразгалінаваныя сцёблы выш. да 2 (3) м, цыбулінападобна патоўшчаныя пры аснове. Лісце вузка- ці шырокалінейнае, плоскае, суцэльнае. Кветкі дробныя, у шчыльных цыліндрычных суквеццях — катахах (уверсе — тычынкавыя, ніжэй — песцікавыя). Плод — дробны арэшак з лятучкай з доўгіх валаскоў. Сцёблы і лісце выкарыстоўваюцца як буд. матэрыял, для пляцення кошыкаў, цыновак. З багатых на крухмал карэнішчаў атрымліваюць муку, сурагат кавы, таксама гэта корм для андатры, нутрыі. бабра, маладыя парасткі паядаюцца карпам. Прыкветкавыя валаскі жан. «шышак» выкарыстоўваюць у вытв-сці цэлюлозы, кінаплёнкі, фетру (у сумесі з шэрсцю жывёл), у выратавальных паясах. Некат. Р. — пустазелле рысавых палёў. Найважнейшы кампанент плаўняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАНЦА́НЦ (Арнольд Аляксандравіч) (н. 3.2.1945, г.п. Цінской Ніжнеінгашскага р-на Краснаярскага краю, Расія),
украінскі і бел. артыст аперэты, спявак (барытон). Засл. арт. Украіны (1978). Засл. арт. Беларусі (2000). Скончыў Ташкенцкі тэатр.-маст.ін-т (1968). Працаваў у розных т-рах. З 1979 артыст Беларускага муз. тэатра. Выканаўца разнапланавых характарных роляў пераважна камедыйнага плана. Р. ўласцівы дакладнасць, лёгкасць і эмацыянальнасць. Сярод партый на бел. сцэне: Яшка-артылерыст («Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава), Фядот («Бабскі бунт» Я.Пцічкіна), Кутузаў («Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані), Негаш, барон Зета («Вясёлая ўдава» Ф.Легара), Франк, сенатар Дэляква («Лятучая мыш», «Ноч у Венецыі» І.Штрауса), Альфрэд Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.Лоу), Фама («Вольны вецер» І.Дунаеўскага), Нендэль Крык («Біндзюжнік і Кароль» А.Журбіна), граф Кутайсаў («Халопка» М.Стрэльнікава), граф Баргезе («Капялюш Напалеона» О.Штрауса), Зупан («Цыганскі барон» І.Штрауса), Іван Прысыпкін («Клоп» У.Дашкевіча), лорд Балінгброк («Шклянка вады» У.Кандрусевіча), Пелікан («Прынцэса цырка» І.Кальмана) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СКА (Lemna),
род кветкавых раслін сям. раскавых. Каля 10 відаў. Пашыраны амаль усюды. На Беларусі 3 віды Р.: гарбатая (L. gibba), маленькая (L. minor) і трохдольная (L. trisulca), нар. назва жабіна дзяружка. Трапляюцца ў азёрах, старыцах, канавах, часам утвараюць суцэльнае покрыва на паверхні стаячага вадаёма.
Шматгадовыя водныя травы ў выглядзе авальнай або падоўжанай лістападобнай зялёнай пласцінкі (наз. лісцец, або фронд) даўж. да 1 см, з карэньчыкам або без яго і з бакавой кішэнькай. Свабодна плаваюць на паверхні вады ці ў яе тоўшчы адзіночна або ў групах па 2—10. Размнажаюцца пераважна вегетатыўна — пупышкамі, якія закладваюцца ў кішэньцы, часам развіваецца суквецце з 2 тычынкавых і 1 песцікавай моцна рэдукаваных кветак. Плод (калі ён утвараецца) — мяшочкападобны, 1—7-насенны. Зімуе Р. на дне вадаёма. Увесну з вегетатыўных пупышак утвараюцца новыя расліны і ўсплываюць на паверхню вады. Кармавыя расліны для рыб і вадаплаўных птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУ́СКІ БАЛЕ́Т ДЗЯ́ГІЛЕВА»
(Les Ballets Russes de Diaghilev),
пастаянная балетная трупа, створаная С.П.Дзягілевым на базе «Рускіх сезонаў» за мяжой у 1911—13 (праіснавала да 1929). Першымі харэографамі былі М.Фокін, В.Ніжынскі, пазней Б.Раманаў, Л.Мясін, Б.Ніжынская, Дж.Баланчын. Афармлялі спектаклі Л.Бакст, А.Бенуа, А.Галавін, М.Рэрых і інш. У балетах выступалі К.Гельцэр, Г.Паўлава, Т.Карсавіна, Ніжынскі і інш. Трупа папаўнялася замежнымі танцоўшчыкамі, мастакамі і паступова ператварылася ў агульнаеўрап. культурную з’яву. Акрамя балетаў рус. кампазітараў (І.Стравінскага, С.Пракоф’ева) ставіліся спектаклі замежных кампазітараў, пераважнафранц., створаныя для трупы Дзягілева: «Блакітны бог» Р.Ана (1912), «Дафніс і Хлоя» М.Равеля (1912), балет на музыку «Пасля паўдзённага адпачынку фаўна», «Гульні» (1912) К.Дэбюсі, «Лані» Ф.Пуленка (1924) і інш.
Літ.:
Григорьев С.Д. Балет Дягилева, 1909—1929. М., 1993;
Haskell A. Ballet Russe: The Age of Diaghilev. London. 1968;
Kochno B. Diaghilev and the Ballets Russes. London, 1971;
Larionov M. Diaghilev et les Ballets Russes. Paris, 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЗАКТАНІЁЗ,
хвароба раслін, якая выклікаецца недасканалым грыбам з роду рызактонія. Пашыраны ва ўсіх зонах бульбаводства. Пашкоджвае пераважна клубні, парасткі, сталоны і сцёблы, выклікае загніванне і заўчасную гібель раслін. На Р. хварэюць буракі, морква, агуркі, капуста, дыні, гарбузы, бавоўнік. На Беларусі найб. шкодны Р. бульбы.
Асн. крыніца інфекцыі — заражаныя клубні, на якіх утвараецца мноства дробных цёмна-бурых ці чорных нарасцей (склероцыі грыба). Пасля пасадкі са склероцыяў развіваецца грыбніца ўзбуджальніка, якая пашкоджвае парасткі: на іх паяўляюцца цёмна-бурыя плямы і язвы; парасткі надломліваюцца і гінуць. На прыкаранёвай ч. сцёблаў паяўляецца белы лямцавы налёт — споранашэнне грыба («белая ножка»). Верхавіннае лісце скручваецца, каля паверхні глебы ўтвараюцца пачварныя клубні, на сцёблах у пазухах лісця — дробныя «сядзячыя» клубні. Сярэднеўстойлівыя да Р. сарты бульбы — Рытм, Тэмп, Агеньчык, Лошыцкі.
Л.М.Прыступук.
Рызактаніёз бульбы: 1 — ніжняя частка расліны з белым лямцавым налётам; 2 — пашкоджаная верхавінка расліны; 3 — клубень са склероцыямі грыба; 4 — клубень з хворымі парасткамі; 5 — «сядзячыя» дробныя клубні; 6 — пачварны клубень.