пастаянная балетная трупа, створаная С.П.Дзягілевым на базе «Рускіх сезонаў» за мяжой у 1911—13 (праіснавала да 1929). Першымі харэографамі былі М.Фокін, В.Ніжынскі, пазней Б.Раманаў, Л.Мясін, Б.Ніжынская, Дж.Баланчын. Афармлялі спектаклі Л.Бакст, А.Бенуа, А.Галавін, М.Рэрых і інш. У балетах выступалі К.Гельцэр, Г.Паўлава, Т.Карсавіна, Ніжынскі і інш. Трупа папаўнялася замежнымі танцоўшчыкамі, мастакамі і паступова ператварылася ў агульнаеўрап. культурную з’яву. Акрамя балетаў рус. кампазітараў (І.Стравінскага, С.Пракоф’ева) ставіліся спектаклі замежных кампазітараў, пераважна франц., створаныя для трупы Дзягілева: «Блакітны бог» Р.Ана (1912), «Дафніс і Хлоя» М.Равеля (1912), балет на музыку «Пасля паўдзённага адпачынку фаўна», «Гульні» (1912) К.Дэбюсі, «Лані» Ф.Пуленка (1924) і інш.
Літ.:
Григорьев С.Д. Балет Дягилева, 1909—1929. М., 1993;
Haskell A. Ballet Russe: The Age of Diaghilev. London. 1968;
Kochno B. Diaghilev and the Ballets Russes. London, 1971;
Larionov M. Diaghilev et les Ballets Russes. Paris, 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКІ МУЗЕ́Йу Санкт-Пецярбургу,
адзін з найбуйнейшых музеяў рускага мастацтва. Засн. ў 1895 як Р.м. імператара Аляксандра III (назва да 1917), адкрыты ў 1898. Размешчаны ў б. Міхайлаўскім палацы (1819—25, арх. К.Росі) і зах. корпусе, дабудаваным у 1914—16 (арх. Л.Бенуа). Засн. як маст. і культ.-гіст. музей. Акрамя маст. аддзела меў (да 1934) этнагр. (з 1902) і гісторыка-быт. (з 1913) аддзелы. Аснову калекцыі склалі творы жывапісу і скульптуры, перададзеныя з Пецярбургскай АМ, Эрмітажа, Зімняга, Гатчынскага і Аляксандраўскага палацаў. Пасля 1917 зборы значна папоўніліся, у 1934 створаны аддзел сав. мастацтва. Мае выдатныя калекцыі стараж.-рус. жывапісу, жывапісу і скульптуры (самая вял. ў Расіі), графікі і дэкар.-прыкладнога мастацтва 18—20 ст. Музей — адна з вядучых навук.-маст. устаноў. У 1906—30 у этнагр. аддзеле Р.м. працаваў А.К.Сержпутоўскі.
Літ.:
Государственный Русский музей: Живопись XVIII—нач. XX в.: Кат.Л., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́БНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці, спецыялізаваная на здабычы і перапрацоўцы рыбы. Уключае рыбаводства, рыбалоўства і перапрацоўку рыбы. Асн. прадукцыя: рыба жывая, ахалоджаная, марожаная, таварная харч. рыбная прадукцыя (філе, вэнджаная і вяленая рыба, балыковыя вырабы, паўфабрыкаты, селядцы, рыбныя кансервы).
На Беларусі фарміраванне Р.п. як самастойнай галіны пачалося ў 1920—30-я г. Разбураныя ў Вял.Айч. вайну прадпрыемствы Р.п.пасля вайны хутка аднаўляліся. У 1971 працавала 9 рыбзаводаў, 2 рыбакамбінаты, выраблена 9,46 тыс.т рыбнай прадукцыі і 3,8 млн. ўмоўных бляшанак рыбных кансерваў. У 1993 Р.п. выраблена 20,4 тыс.т таварнай рыбнай харч. прадукцыі, у т. л. 4 млн. ўмоўных бляшанак рыбных кансерваў. У 1999 галіна налічвала 27 спецыялізаваных прадпрыемстваў, на якіх працавала каля 2,4 тыс.чал. Выпушчана 18,5 тыс.тхарч. рыбнай прадукцыі і 9,1 млн. умоўных бляшанак рыбных кансерваў. Марская рыба і рыбапрадукты завозяцца з-за мяжы.
Р.п. найб. развіта ў Кітаі, Японіі, Індыі, ЗША, Расіі, Інданезіі, Перу, Чылі, Тайландзе, Нарвегіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЗАКТАНІЁЗ,
хвароба раслін, якая выклікаецца недасканалым грыбам з роду рызактонія. Пашыраны ва ўсіх зонах бульбаводства. Пашкоджвае пераважна клубні, парасткі, сталоны і сцёблы, выклікае загніванне і заўчасную гібель раслін. На Р. хварэюць буракі, морква, агуркі, капуста, дыні, гарбузы, бавоўнік. На Беларусі найб. шкодны Р. бульбы.
Асн. крыніца інфекцыі — заражаныя клубні, на якіх утвараецца мноства дробных цёмна-бурых ці чорных нарасцей (склероцыі грыба). Пасля пасадкі са склероцыяў развіваецца грыбніца ўзбуджальніка, якая пашкоджвае парасткі: на іх паяўляюцца цёмна-бурыя плямы і язвы; парасткі надломліваюцца і гінуць. На прыкаранёвай ч. сцёблаў паяўляецца белы лямцавы налёт — споранашэнне грыба («белая ножка»). Верхавіннае лісце скручваецца, каля паверхні глебы ўтвараюцца пачварныя клубні, на сцёблах у пазухах лісця — дробныя «сядзячыя» клубні. Сярэднеўстойлівыя да Р. сарты бульбы — Рытм, Тэмп, Агеньчык, Лошыцкі.
Л.М.Прыступук.
Рызактаніёз бульбы: 1 — ніжняя частка расліны з белым лямцавым налётам; 2 — пашкоджаная верхавінка расліны; 3 — клубень са склероцыямі грыба; 4 — клубень з хворымі парасткамі; 5 — «сядзячыя» дробныя клубні; 6 — пачварны клубень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫІ 1848-49 У ЕЎРО́ПЕ,
«вясна народаў», серыя рэвалюцый, якія ахапілі большасць краін Зах. Еўропы ў канцы 1840-х г. (гл.Рэвалюцыя 1848 у Францыі, Рэвалюцыя 1848 у Аўстрыі, Рэвалюцыя 1848—49 у Германіі, Рэвалюцыя 1848—49 у Венгрыі, Рэвалюцыя 1848—49 у Італіі). У гістарыяграфіі 19 ст. часам вызначаліся як адзіная Усееўрапейская рэвалюцыя 1848—49. Выкліканы крызісам паліт. рэжымаў краін Зах. Еўропы, якія ўсталяваліся пасляВенскага кангрэса 1814—15. Мелі як агульнадэмакр, мэты (лібералізацыя паліт. жыцця, усталяванне канстытуцыйнага ладу, скасаванне феад. перажыткаў), так і нац. характар (Германія, Італія, Венгрыя). На першых этапах у рэвалюцыях вядучую ролю адыгрывалі лібералы, у далейшым вылучылася радыкальная плынь, прадстаўнікі якой стаялі за радыкальныя сац. змены ў грамадстве. Паражэнне рэвалюцый, аднак, не прывяло да аднаўлення папярэдніх паліт. рэжымаў. Іх вынікам стала змена паліт. ладу ў большасці зах.-еўрап. краін, што спрыяла больш хуткаму капіталіст. развіццю.
Літ.:
Революции 1848—1849 гг.Т. 1—2. М., 1952;
Хобсбаум Э. Век капитала, 1848—1875: Пер. с англ. Ростов Н/Д, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙНСКІ САЮ́З 1806—13 (ням Rheinbund, франц. Confédération du Rhin),
аб’яднанне большасці герм. дзяржаў пад пратэктаратам Францыі ў перыяд напалеонаўскіх войнаў. Засн па патрабаванні франц. імператара Напалеона I паводле дагавора ад 12.7.1806 (падпісаны ў Парыжы) паміж Францыяй і 16 княствамі Зах. і Паўд. Германіі. Гэтыя княствы аддзяляліся ад «Свяшчэннай Рымскай імперыі» (6.8.1806 яна ліквідавана) і ўступалі ў ваен. саюз з Францыяй (абавязваліся паставіць апошняй у выпадку вайны 63 тыс. вайскоўцаў), становячыся фактычна яе васаламі. У большасці дзяржаў саюза быў уведзены і дзейнічаў Французскі грамадзянскі кодэкс 1804. Да 1811 далучыліся яшчэ 20 дзяржаў Зах., Сярэдняй і Паўн. Германіі (4 каралеўствы, 5 вял. герцагстваў і 11 герцагстваў, акрамя Прусіі і некалькіх малых дзяржаў). У 1808 ахопліваў пл. 325 800 км² з 14,61 млн. жыхароў, да 1811 скараціўся да 283 100 км² з 13,3 млн. жыхароў. Выкарыстоўваўся Напалеонам для забеспячэння франц. панавання ў Германіі. Распаўся пасля паражэння франц. войск у Лейпцыгскай бітве 1813.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ШАЦЬ (Язэп) (28.7.1890, в. Рушчаны, Віленшчына — 15.2.1958),
бел.рэліг. і культ.-асв. дзеяч. Д-р філасофіі і тэалогіі. Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1913). Вучыўся ў Грыгарыянскім ун-це ў Рыме (1913—19), папскім Усх. ін-це (1919—21) і ў Collegium Germanicum. Пасвячоны ў святары ў 1917 у Рыме. Пасля вяртання на радзіму ў 1921 вікарый-кааператар у Гродне, потым праф. філасофіі і апалагетыкі Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі, выкладаў патрыстыку ў Віленскім ун-це імя С.Баторыя і Закон Божы ў Віленскай бел. гімназіі. Прымаў удзел у зах.-бел. нац.-рэліг. жыцці. У складзе бел. дэлегацыі ўдзельнічаў у працы 5-га Уніяцкага кангрэса ў Велеградзе (Чэхаславакія, 1927). Член рэдкалегіі час.«Хрысціянская думка». У 1938 выехаў у Паўн. Амерыку, дзе ўступіў у ордэн бенедыкцінцаў у абацтве св. Пракопа (каля Чыкага). Аўтар рэліг. і навук. кніг — «З хрысціянскай апалагетыкі», «Святыя», «Кароткі катэхізіс для беларусаў-католікаў».
Літ.:
Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны Мн.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САГАЙДА́ЧНЫ (Канашэвіч-Сагайдачны) Пётр Конанавіч
(? с. Кульчыцы Самбарскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 30.4.1622),
палітычны і ваенны дзеяч Украіны, гетман рэестравага казацтва. З 1601 у Запарожскай Сечы. Удзельнік і кіраўнік паходаў укр. казакоў супраць Крымскага ханства і Турцыі (1614, 1615, 1616 і інш.). У 1616 казакі напалі на Кафу (Феадосію), дзе вызвалілі шмат нявольнікаў, штурмам авалодалі тур. гарадамі Сінопам і Трапезундам. Удзельнічаў у паходзе польск. каралевіча Уладзіслава ў 1618 на Маскву. Выступаў супраць нац. і рэліг. ўціску на Украіне, садзейнічаў у 1620 аднаўленню правасл. іерархіі, скасаванай пасляБрэсцкай уніі 1596. Клапаціўся пра развіццё ўкр. культуры, уступіў з усім Запарожскім войскам у Кіеўскае брацтва Быў прыхільнікам збліжэння з Расіяй. У 1620 накіраваў паслоў да рас. цара з прапановай прыняць укр. казакоў на рас службу. Памёр ад ран, атрыманых у баях пад Хацінам у 1621. Гл. таксама Польска-турэцкія войны 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАЛО́ЎСКІ (Васіль Данілавіч) (21.7.1897, в. Козлікі Гродзенскай губ., цяпер Падляскае ваяв., Польшча — 10.5.1968),
савецкі ваенны дзеяч, Герой Сав. Саюза (1945). Маршал Сав. Саюза (1946). Скончыў Ваен. акадэмію РСЧА (1921), Вышэйшыя акад. курсы (1928). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. З 1922 на штабной рабоце, у 1930—35 камандзір дывізіі БВА, потым у інш.ваен. акругах, з лют. 1941 нам.нач. Генштаба Чырв. Арміі. У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 нач. штаба Зах. фронту, Зах. напрамку, камандуючы войскамі Заходняга фронту, нач. штаба 1-га Укр., нам. камандуючага войскамі 1-га Бел. франтоў. Удзельнік распрацоўкі Смаленскай аперацыі 1943 і Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. Пасля вайны нам. галоўнакамандуючага, галоўнакамандуючы Групай сав. войск у Германіі. З 1949 1-ы нам.ваен. міністра, у 1952—60 нач. Генштаба — 1-ы нам. міністра абароны СССР. З 1960 у групе ген. інспектараў Мін-ва абароны СССР. Дэп. Вярх. СаветаСССР з 1946. У Гродне імем С. названа вуліца, устаноўлены бюст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАНІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
дзяржава ў Цэнтр. Азіі са сталіцай у г.Бухара ў 9—10 ст. Узнікла ў выніку распаду Арабскага халіфата (9 ст.), калі ўладу ў Маверанахры і Харасане захапілі намеснікі з роду Саманідаў. Канчаткова склалася пры Ісмаіле Самані [874—907], які ў 892 абвясціў сябе незалежным эмірам. У перыяд росквіту ўключала Маверанахр, Харасан, Паўн. і Усх. Іран; у васальнай залежнасці ад С.дз. былі Гарган, Сістан, Чаганіян, Табарыстан (Мазендэран) і інш. Саманіды імкнуліся стварыць цэнтралізаваную дзяржаву з суцэльнай сістэмай адм. улады і моцным войскам. У гэты час назіраўся ўздым Бухары, Самарканда, Нішапура, Мерва, Ургенча, Герата як буйных цэнтраў рамяства і гандлю. Саманіды падтрымлівалі навукі і мастацтва, пры іх двары працавалі паэты, пісьменнікі, вучоныя, што спрыяла станаўленню новай мусульм.-перс. л-ры і фарміраванню сучаснай перс. мовы (фарсі). З сярэдзіны 10 ст. пачаўся заняпад С.дз., якая спыніла сваё існаванне пасля захопу ў 999 Бухары цюркамі. С.дз. адыграла важную ролю ў этнагенезе таджыкаў.