гаспадаркі, якія гадуюць рыбу ў штучных сажалках ці прыстасаваных натуральных вадаёмах (гл.Сажалкавая рыбная гаспадарка), у тэрмальных водах ДРЭС (гл.Садковая рыбная гаспадарка), у рыбагадавальніках, здабываюць у натуральных вадаёмах (гл.Азёрна-таварная рыбная гаспадарка), перапрацоўваюць рыбу. Да функцый Р.г. таксама адносяць тэхн. і біял. меліярацыю вадаёмаў, штучнае зарыбленне вадаёмаў гасп.-каштоўнымі відамі рыб (карп, белы амур, таўсталобікі, сырок і інш.), пабудову рыбаахоўных збудаванняў, узнаўленне і паляпшэнне якасці рыбных запасаў. Паводле структуры Р.г. падзяляюць на поўнасістэмныя (здзяйсняюць поўны цыкл развядзення рыбы: атрыманне спелых вытворнікаў і палавых прадуктаў ад іх, апладненне ікры і яе інкубацыя, вытрымліванне лічынак, вырошчванне моладзі, выпуск ў вадаёмы ці дарошчванне яе да таварнага стану ў сажалках) і няпоўнасістэмныя (адрозніваюцца адсутнасцю аднаго ці некалькіх звёнаў у гасп. працэсе вырошчвання рыбы). Р.г. вядуцца з рознымі абаротамі (перыяд часу, неабходны для вырошчвання рыбы ад ікрынкі да таварнай вагі).
На Беларусі 26 Р.г., якія ўваходзяць у сістэму Мінсельгасхарчу, таксама ў структуры нац. паркаў Нарачанскі, Браслаўскія азёры. Найб. буйныя: «Любань» Любанскага, «Белае» Жыткавіцкага, «Сялец» Бярэзінскага, «Чырвоная Слабада» Салігорскага р-наў і інш. Большасць Р.г. (18) з’яўляюцца поўнасістэмнымі сажалкавымі гаспадаркамі, якія вырошчваюць рыбу па 2- і 3-гадовым абаротах.
Т.М.Шаўцова.
Да арт.Рыбныя гаспадаркі: 1 — адлоў рыбы са спушчаных сажалак у рыбгасе «Лактышы»; 2 — адлоў рыбы ў рыбгасе «Лахва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙМАНТ ((Reymont) Уладзіслаў Станіслаў) (7.5.1867, в. Кабеле-Вельке Мазавецкага ваяв., Польшча — 5.12.1925),
польскі пісьменнік. Быў вандроўным акцёрам, чыг. служачым. Жыў у Францыі, Італіі, ЗША. Друкаваўся з 1893. У сац.-псіхал. раманах «Камедыянтка» (1896), «Ферменты» (1897), «Летуценнік» (1910), аповесці «Лілі» (1899) паказаў трагізм паўсядзённага жыцця ў правінцыі. Раман «Зямля запаветная» (т. 1—2, 1899, экранізацыя 1975) пра лёсы людзей у бязлітасным свеце вял. горада 2-й пал. 19 ст.Гіст. трылогія «1794 год» (1913—18) пра нац.-вызв. паўстанне пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі. Вяршыня творчасці — эпічны раман «Мужыкі» (т. 1—4, 1904—09, экранізацыя 1973), у якім гісторыя адной сям’і разгортваецца ў панараму жыцця польскай вёскі, суаднесенага з жыццём прыроды. Твор адметны кампазіцыйнай цэласнасцю, сюжэтнай вастрынёй, каларытнасцю персанажаў, жывапіснасцю, сакавітасцю мовы, спалучэннем рэаліст. пісьма з элементамі імпрэсіянізму і натуралізму, выкарыстаннем фальклору. Аўтар зб-каў апавяд. «Сустрэча» (1897), «Перад досвіткам» (1902), «З дзённіка» (1903), «За фронтам» (1919), аповесці «Справядліва» (1899), гатычнага рамана «Вампір» (1911) і інш. Нобелеўская прэмія 1924.
Тв.:
Рус.пер. — Рассказы. М., 1953;
Комедиантка. Брожение. Т. 1—2. Л., 1967;
Мужики. Т. 1—2. М., 1981.
Літ.:
Богомолова Н.А. Владислав Реймонт // История польской литературы. М., 1969. Т. 2;
Rurawski J. Władisław Reymont. Warszawa, 1977;
Lichański S. Władisław Stanisław Reymont. Warszawa, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАЛО́ЎСКІ (Уладзімір Лявонцьевіч) (н. 4.6.1930, в. Мяльканавічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. літаратуразнавец. Канд.філал.н. (1977). Скончыў Гродзенскі пед.ін-т (1953). Настаўнічаў. У 1962—69 працаваў перакладчыкам у ГДР. Выкладаў ням. мову ў Рыжскім ін-це інжынераў грамадз. авіяцыі (1971—78). У 1977—91 (з перапынкам) супрацоўнік Ін-та л-ры АН Беларусі, у 1991—94 у Нац.навук.-асветным цэнтры імя Ф.Скарыны. З 1993 прэзідэнт Бел.-ням. асацыяцыі культ.-асв. ініцыятыў. Друкуецца з 1972. Даследуе ўзаемасувязі і распаўсюджанне бел. л-ры за мяжой (манаграфіі «Пара станаўлення: Вопыт параўнальнага вывучэння беларускай і некаторых класічных зарубежных літаратур», 1986; «Беларуская літаратура ў ГДР», 1988). Адзін з аўтараў даследавання «Беларуская савецкая літаратура за мяжой» (1988). Аўтар арт. пра Р.Абіхта, І.Бехера, Г.Бідэра, І.В.Гётэ, А.Макміліна, М.Маскаліка, М.Нага, Н.Рандава і інш. З 1995 на пасадзе праф. Бонскага ун-та выконвае тэму ў 3 т. «Беларусь і Германія: Інтэлектуальна-культурныя адносіны (1914—1941)» (т. 1, 2000). Уклаў зб. на ням. і бел. мовах «Беларускія апавяданні» (2000). На бел. мову пераклаў працу А.Цеханавецкага «Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме» (1993).
Літ.:
Уладзімір Сакалоўскі: Біябібліягр. нарыс. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНГО́Р ((Senghor) Леапольд Седар) (н. 9.10.1906, г. Жааль, Сенегал),
дзяржаўны дзеяч Сенегала, філосаф і паэт; піша на франц. мове. Чл. Французскай акадэміі (1983). Скончыў філал.ф-т Сарбоны. У 1935—39 і 1942—58 выкладаў у розных навуч. установах Францыі. У 2-ю сусв. вайну ў франц. арміі, у 1940 трапіў у ням. палон, адкуль уцёк у 1942. У 1936—48 чл.Франц.сацыяліст. партыі.
У 1948 заснаваў Дэмакр. блок Сенегала (з 1959 — Прагрэсіўны саюз Сенегала), яго ген. сакратар. З 1945 дэпутат Устаноўчага сходу Францыі, у 1946—58 — Нац. сходу Францыі ад Сенегала. Актыўны дзеяч руху панафрыканізму, прапанаваў ідэю негрыцюду — своеасаблівасці афр. культуры. У 1959—60 старшыня Федэральнай асамблеі Федэрацыі Малі. З вер. 1960 прэзідэнт незалежнага Сенегала. Распрацаваў канцэпцыю «афр. сацыялізму», блізкую да ідэй еўрап. сацыял.-дэмакратыі. Ажыццяўляў палітыку супрацоўніцтва з краінамі Захаду і курс на пабудову рыначнай эканомікі. 31.12.1980 падаў у адстаўку з усіх дзярж. пасад. Аўтар шматлікіх паэтычных твораў, філас. прац.
Тв.:
Рус.пер. — Песнь ночи и солнца: Избр. стихи. М., 1965;
Избр. лирика. М., 1969.
Літ.:
Ерасов Б.С. Леопольд Сенгор и его концепция культуры // Народы Азии и Африки. 1967. №2;
Петрова Т.М. Поэзия Л.С.Сенгора как отражение его идейных исканий // Там жа. 1973. №4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕПАРАТЫ́ЗМ (франц. séparatisme ад лац. separatus аддзелены),
тэорыя, палітыка і практыка адасаблення, аддзялення часткі тэр. дзяржавы з мэтай стварэння новай самаст. дзяржавы або атрымання статуса вельмі шырокай аўтаноміі. Адрозніваюць разнастайныя формы С.: буйных і малых народаў, этнічны, племянны і інш. С. ўласціва небяспечная логіка самаразвіцця, згодна з якой сепаратысцкія імкненні пастаянна ўзнаўляюцца на больш нізкіх узроўнях. З’яўляецца вынікам гіст., сац., паліт., канфесіянальных і інш. праблем, а таксама ваяўнічага нацыяналізму. Тыповай падставай узнікнення сепаратысцкіх тэндэнцый у дзярж. жыцці служыць нераўнамернасць сац.-эканам. развіцця рэгіёнаў і тэрыторый унутры дзяржавы, размеркавання паміж імі прыродных багаццяў або парушэнне правоў чалавека (нац., расавых). Напр., у Італіі існуюць сепаратысцкія тэндэнцыі, прыхільнікі якіх патрабуюць аддзялення высокаразвітай Поўначы краіны ад яе менш развітога Поўдня; у Іспаніі сепаратысцкі рух падтрымлівае частка баскаў. Складаныя і вострыя праблемы на глебе С. ўзнікаюць у Індыі, Пакістане, Турцыі, Іраку, Расіі, Грузіі, Малдове і інш. (разрыў эканам. і паліт. сувязей з цэнтрам, спробы драблення адзінай дзяржавы і самаізаляцыя адасобленых яе частак). У адрозненне ад права нацый на самавызначэнне, дзе бярэцца пад увагу воля большасці нацыі, С. не карыстаецца міжнар.-прававой абаронай. Сродкамі рэалізацыі мэт С. часта служаць узбр. барацьба і тэрарызм, што абумоўлівае неабходнасць прававога абмежавання і нейтралізацыі незаконных дзеянняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ДНЕЙ (Sydney),
горад на ПдУ Аўстраліі. Адм. ц. штата Новы Паўднёвы Уэльс. 3664 тыс.ж. (2000). Пачатковы пункт чыгунак і аўтадарог углыб краіны, порт на беразе зал. Порт-Джэксан Ціхага ак.Міжнар. аэрапорт. Найбуйнейшы эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне, у т. л.трансп., эл.-тэхн., радыёэлектроннае; чорная і каляровая металургія, нафтаперапр., хім., тэкст., паліграф., харч., папяровая. Метрапалітэн. Ун-т (з 1850). Оперны тэатр. Музеі: аўстралійскі, ваенна-мемарыяльны, геал., прыкладнога мастацтва, маст. галерэя. Заапарк. Штогадовыя аўкцыёны шэрсці. Месца правядзення XXVII летніх Алімпійскіх гульняў (2000).
Засн. ў 1788 як англ. калонія для ссылкі злачынцаў з метраполіі. Першае еўрап. паселішча ў Аўстраліі. Назва ад імя брыт. міністра ўнутр. спраў лорда Сідні. У 1842 атрымаў гар. права. Адкрыццё ў 1851 каля С. залатых прыіскаў паспрыяла хуткаму развіццю горада і росту яго насельніцтва. З 2-й пал. 19 ст. С. — гал.прамысл. цэнтр штата Новы Паўднёвы Уэльс і ўсёй Аўстраліі.
У цэнтры С. — эклектычныя будынкі 19 ст. Жылыя раёны абкружаюць кольцам (радыус 20—30 км) дзелавыя ч. горада. У С. шмат садоў, паркаў, бат. сад, заапарк, нац. парк. Сярод сучасных збудаванняў работы арх. Г.Зайдлера (пераважна 1960-я г.), оперны т-р (1959—66, арх. І.Утзан), арачны мост цераз заліў Порт-Джэксан (даўж. 2 км) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЕ́НА (Siena),
горад у Цэнтр. Італіі. Адм. ц.аднайм. правінцыі. Каля 70 тыс.ж. (2001). Трансп. вузел. Прам-сць: харч., дрэваапр., хім., эл.-тэхн., радыёэлектронная. Апрацоўка мармуру. Ун-т. Акадэміі прыгожых мастацтваў і музычная. Музеі: археал., Нац. пінакатэка (сіенскі жывапіс 12—16 ст.), «Опера Метрапалітана» (музей сабора). Цэнтр турызму.
Засн. рымлянамі як ваен. калонія ў 1 ст. да н.э. З 8 ст.н.э. — рэзідэнцыя біскупа. З 12 ст. камуна, апора гібелінаў (гл. Гвельфы і гібеліны) у Сярэдняй Італіі, якая варагавала з Фларэнцыяй. У 13—14 ст. С. — найбуйн. еўрап. банкаўска-ліхвярскі і рамесніцкі (сукнаробства) цэнтр. У 1240 засн.ун-т. У 14 ст. зараджаюцца мануфактуры. У 1399—1404 С. пад уладай міланскіх герцагаў Вісконці, у 1487—1525 у С. тыранія Петручы. У 1531—52, 1555—57 — ісп. уладанне. З 1557 у складзе Фларэнційскага герцагства, з 1860 — Сардзінскага (з 1861 — Італьянскага) каралеўства.
Старая ч. горада захавала сярэдневяковае, пераважна гатычнае аблічча. Сярод арх. помнікаў: сабор (1284—1376, арх. Дж.Пізана і інш.; амбон скульпт. Н.Пізана), касцёлы Сан-Даменіка (1293—1391), Сан-Франчэска (1326—1476), палацы Таламеі (з 1205), Публіка (1297—1310, дабудовы 17 ст.; фрэскі А.Ларэнцэці, С.Марціні і інш.), Лоджыя дэль Папа (1460, арх. А.Федэрыгі, Франчэска ды Джорджа) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРЫ́НКІН (Уладзімір Максімавіч) (н. 7.6.1939, г. Віцебск),
бел. паэт і перакладчык. Скончыў Рыжскі ін-т інжынераў грамадз. авіяцыі (1961). З 1961 працаваў у Мінскім аэрапорце, з 1970 у Бел. упраўленні грамадз. авіяцыі, у 1982—87 і 1992—99 у Саюзе бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1955. Першы зб. вершаў «Буслы над аэрадромам» (1969). Аўтар вянка санетаў «Вачэй тваіх паляны» (1980), паэм «Дарога ў неба» (1970), «Насустрач веку» (1971), «Сляпы дождж» (1974), «Высокае сонца» (1976), «Узнясенне» (1983), «Астральны знак Скарыны» (1986). Асн. тэмы яго твораў — маленства, апаленае вайной, любоў да роднай зямлі, яе гісторыі, роздум над складанымі праблемамі сучаснасці, пытанні духоўнасці. Піша для дзяцей (кнігі вершаў, скорагаворак і казак «Канікулярная ангіна», 1991; «Падарожжа ў Крайшарад», 1997; фантаст.-прыгодніцкія апавяданні «У карэце па белым свеце», 2000). На бел. мову пераклаў зб-кі вершаў М.Рубцова «Рускі агеньчык» (1986), М.Вінграноўскага «Украінскі прэлюд» (1999), паэму Дантэ «Боская камедыя» (1997, Нац. прэмія Італіі 1998; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 2000), паэму Дж.Байрана «Прароцтва Дантэ».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЙРАН ((Byron) Джордж Ноэл Гордан) (22.1.1788, Лондан — 19.4.1824),
англійскі паэт-рамантык. Атрымаў па спадчыне тытул лорда; з 1809 чл. Палаты лордаў Брыт. парламента. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1808). У 1816 назаўсёды пакінуў Англію. Удзельнік руху карбанарыяў (1817—23) і нац.-вызв. вайны ў Грэцыі (1823—24). Памёр ад ліхаманкі ў ваен. лагеры (г. Місалунгі). Першы зб. «Вольныя часіны» (1807) пазначаны рысамі рамант. светаадчування. У сатыр. паэме «Англійскія барды і шатландскія аглядальнікі» (1809) выступіў як прыхільнік асветніцкага класіцызму. У ліра-эпічнай паэме «Паломніцтва Чайльд Гарольда» (песні 1—4, 1812—18) расчараванне і горыч суайчыннікаў Байрана, ашуканых вынікамі франц.бурж. рэвалюцыі канца 18 ст., захапленне нац.-вызв. барацьбой народаў супраць захопніцкіх намераў Напалеона I, прыгнёту тур. султана, разважанні пра ход гісторыі і лёс чалавецтва. Пратэст і выклік кіруючым колам Англіі прагучалі ў «Одзе аўтарам біля супраць разбуральнікаў станкоў» (1812), «Песні для лудзітаў» (1816) і інш. У паэмах т.зв. «ўсходняга» цыкла «Гяур» і «Абідоская нявеста» (абедзве 1813), «Карсар» і «Лара» (абедзве 1814), «Асада Карынфа» і «Парызіна» (абедзве 1816) адлюстраваў канфлікт «байранічнага» героя з варожым светам, трагічны зыход бунту. Жанрава разнастайная лірыка Байрана сінтэзавала філасофскія, грамадз. і любоўныя матывы (цыкл любоўна-медытатыўных вершаў па матывах Бібліі «Яўрэйскія мелодыі», 1815; вершы «Бывай!», «Стансы да Аўгусты» і інш.). Душэўны стан паэта-выгнанніка, безвыходная туга і песімізм у вершах «Сон»; «Цемра», напісаных у Швейцарыі (вясна—восень 1816). У філас. драмах «Манфрэд» (1817), «Каін» (1821) бунтарскія матывы «ўсходніх» паэм пераходзяць у багаборніцкія. Свабодалюбствам прасякнуты паэмы «Шыльёнскі вязень» (1816), «Скарга Таса» (1817), «Прароцтва Дантэ» (1819). Рух карбанарыяў і прычыны яго разгрому атрымалі і філас. асэнсаванне ў драмах на гіст. і біблейскія сюжэты «Марына Фальера, дож Венецыі», «Сарданапал», «Два Фаскары» (усе 1821), якія спалучаюць элементы паэтыкі рамантызму і класіцызму. Сатыры «Ірландская аватара» (1821), «Прывід суда» (1822), «Бронзавы век» (1823) — выдатны ўзор паліт. лірыкі 19 ст. У рамане ў вершах «Дон Жуан» (1818—23, не скончаны на 17-й песні), энцыклапедыі еўрап. жыцця на мяжы 18—19 ст., спалучаюцца эпічны размах з лірычнымі адступленнямі, літ. і паліт. палемікай, з’едлівай пародыяй, рамант. тэндэнцыі з рэалістычнымі. Гераічнаму супраціўленню грэч. народа прысвечаны яго апошнія вершы «Песня пра суліётаў», «Апошнія словы пра Грэцыю». Творчасць Байрана моцна паўплывала на развіццё сусв. паэзіі 19—20 ст. На бел. мову творы Байрана перакладалі Э.Агняцвет, Р.Барадулін, П.Броўка, Ю.Гаўрук, П.Глебка, У.Дубоўка, Г.Дубянецкая, Е.Лось, М.Лужанін, Я.Семяжон, М.Танк і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Выбранае. Мн., 1963;
Лірыка. Мн., 1989;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—4. М., 1981;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1987;
На перепутьях бытия...: Худож. публицистика. М., 1989.
Літ.:
Елистратова А.А. Байрон. М., 1956;
Кургинян М. Джордж Байрон. М., 1958;
Дьяконова Н.Я. Лирическая поэзия Байрона. М., 1975;
Зверев А. Звезды падучей пламень: Жизнь и поэзия Байрона. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАРЫТАРЫ́ЗМ (франц. autoritarisme ад лац. auctoritas улада, уплыў),
устаноўлены або навязаны палітычны рэжым з такой формай улады, якая сканцэнтравана ў руках аднаго чалавека або ў адным яе органе; форма паліт. свядомасці, сфарміраваная на аснове адносін да аўтарытэту наогул і да аўтарытэту ўлады ў прыватнасці.
Паняцце «аўтарытарызм» распрацавана прадстаўнікамі франкфурцкай школы на аснове сац.-псіхал. аналізу адпаведнага тыпу асобы — чалавека «натоўпу», які атаясамлівае сябе з аўтарытэтам групы, дзяржавы, з харызматычным лідэрам і праз іх навязвае грамадству свае густы і норавы. Паводле даследаванняў ісп. філосафа Х.Артэгі-і-Гасета, аўтарытарызм спараджае псіхалогія «аўтарытарнай асобы», яе нястомнае жаданне кіраваць грамадствам «пры поўнай да таго няздольнасці». Да гіст. формаў аўтарытарызму адносяцца антычныя і азіяцкія дэспатыі і тыраніі (Персія, Спарта і інш.), абсалютысцкія рэжымы сярэднявечча і Новага часу. Ідэя абсалютысцкага аўтарытарызму, манархічнага «парадку» набыла тэарэт. абгрунтаванне ў творах ультракансерватыўных ідэолагаў пач. 19 ст. Ж. дэ Местра і Л.Банальда як рэакцыя на франц. рэвалюцыю і сацыяліст. Рухі. У ням.паліт. думцы 19 ст. аўтарытарызм разглядаўся як моцны сродак нац. і сац. мабілізацыі і кіравання зверху працэсамі дзярж. будаўніцтва. У шматлікіх канцэпцыях 1-й пал. 20 ст. аўтарытарызм усё больш набываў нацыяналіст. і антыдэмакр. характар і звязваўся з месіянскай ідэалогіяй выключнасці адной нацыі або дзяржавы, усталявання «новага парадку», дыктатуры пралетарыяту і да т.п. Пры ваенна-паліцэйскіх і фаш. рэжымах, розных варыянтах «казарменнага сацыялізму» тэорыя і практыка аўтарытарызму была даведзена да яго крайняй формы — таталітарызму, дзе панаваў усеабдымны, татальны кантроль адной партыі, групы, ідэалогіі за жыццём усяго грамадства і не існавала ніякага інш. аўтарытэту, акрамя аўтарытэту правадыра, фюрэра, дучэ і гэтак далей
Тыповыя прыкметы і асаблівасці аўтарытарызму: празмерны цэнтралізм улады, беспярэчнае паслушэнства, безапеляцыйныя метады кіравання, паліт. бяспраўнасць асобы, прамая апора на ваенна-рэпрэсіўны апарат. Рэальная ўлада пры аўтарытарызме канцэнтруецца ў руках кіруючай эліты, якая складае аснову іерархічнай верт. структуры кіравання і падбіраецца ў адпаведнасці са спец. працэдурай. Для дасягнення сваіх паліт. мэтаў наменклатура насаджае ў масах фанатызм і рабалепныя адносіны да ўлады, абмяжоўвае свабоду слова і інфармацыі, шырока выкарыстоўвае пазаправавыя, гвалтоўныя метады расправы з апазіцыяй, перакладае віну за правалы ў сваёй палітыцы на міфічных унутр. і знешніх ворагаў. Аўтарытарныя метады кіраўніцтва праяўляюцца ў тых постсацыяліст. краінах Усх. Еўропы і б.СССР, дзе неэфектыўна дзейнічаюць дэмакр. механізмы дзярж. улады, дзе пашыраны сац. дэмагогія, масавая апеляцыя да «моцнай» улады і «моцнага» лідэра. Тут назіраецца тэндэнцыя да ўстанаўлення трох разнавіднасцяў аўтарытарызму: рэжыму рэстаўрацыі, які маюць намер аднаўляць ці ствараць блокі левых сіл і неакамуністаў; рэжыму т.зв. «нацыянал-патрыётаў», якія арыентуюцца на вялікадзярж. ідэі «саборнасці» і абмежавання нац. суверэнітэту; рэжыму, які манеўруе паміж рознымі паліт. сіламі і ствараецца прадстаўнікамі выканаўчай улады.
Літ.:
Ортега-и-Гассет Х. Эстетика;
Философия культуры: Пер. с исп. М., 1991;
Фромм М.Э. Душа человека: Пер. с нем. М., 1992;
Восточная Европа: политический и социокультурный выбор: Материалы междунар. науч.-практ. конф. Мн., 1994;