САКАЛО́ЎСКІ (Уладзімір Лявонцьевіч) (н. 4.6.1930, в. Мяльканавічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. літаратуразнавец. Канд. філал. н. (1977). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1953). Настаўнічаў. У 1962—69 працаваў перакладчыкам у ГДР. Выкладаў ням. мову ў Рыжскім ін-це інжынераў грамадз. авіяцыі (1971—78). У 1977—91 (з перапынкам) супрацоўнік Ін-та л-ры АН Беларусі, у 1991—94 у Нац. навук.-асветным цэнтры імя Ф.​Скарыны. З 1993 прэзідэнт Бел.-ням. асацыяцыі культ.-асв. ініцыятыў. Друкуецца з 1972. Даследуе ўзаемасувязі і распаўсюджанне бел. л-ры за мяжой (манаграфіі «Пара станаўлення: Вопыт параўнальнага вывучэння беларускай і некаторых класічных зарубежных літаратур», 1986; «Беларуская літаратура ў ГДР», 1988). Адзін з аўтараў даследавання «Беларуская савецкая літаратура за мяжой» (1988). Аўтар арт. пра Р.​Абіхта, І.​Бехера, Г.​Бідэра, І.​В.​Гётэ, А.​Макміліна, М.​Маскаліка, М.​Нага, Н.​Рандава і інш. З 1995 на пасадзе праф. Бонскага ун-та выконвае тэму ў 3 т. «Беларусь і Германія: Інтэлектуальна-культурныя адносіны (1914—1941)» (т. 1, 2000). Уклаў зб. на ням. і бел. мовах «Беларускія апавяданні» (2000). На бел. мову пераклаў працу А.​Цеханавецкага «Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме» (1993).

Літ.:

Уладзімір Сакалоўскі: Біябібліягр. нарыс. Мн., 2000.

І.​У.​Саламевіч.

т. 14, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)