МАЧА́ННЕ,

традыцыйная бел. страва, дадатак да бліноў. Гатуецца як верашчака, са скварак з тукам (часам забельваецца смятанай), а таксама з льнянога ці канаплянага семя; з яец, раскалочаных з мукой і малаком ці вадой, з размятага тварагу з малаком ці смятанай. Вядома ўсюды.

т. 10, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ЛІЧ (Уладзіслаў Іванавіч) (1906—43),

бел. шахматыст, першы на Беларусі майстар спорту СССР па шахматах (1929—35, 1939). Жыў у Віцебску. Пераможца чэмпіянатаў Беларусі (1928, 1934, 1937). Вядомы даследаваннямі ў шахматных дэбютах (сіцыліянская, франц. абароны). Загінуў на фронце ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАБЛІ́ВАЕ,

філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае адрозненне адзінкавых рэчаў і з’яў, што маюць агульныя ўласцівасці; мера і спосаб аб’яднання агульнага і адзінкавага ў адной з’яве. Напрыклад, паняцце «беларус» выступае як агульнае ў адносінах да кожнага чалавека бел. нацыянальнасці і як асаблівае да паняцця «славянін»; апошняе выступае як агульнае ў адносінах да паняцця «беларус» і як асаблівае да паняцця «чалавек». Аналагічна ў адносінах да асобнага чалавека бел. нацыянальнасці асаблівае (напр., беларус) з’яўляецца агульным, а ў адносінах да яшчэ большай агульнасці (чалавек) яно можа быць адзінкавым. Узаемасувязь адзінкавага, асаблівага і агульнага мае важнае метадалагічнае значэнне. У працэсе пазнання яна можа рэалізоўвацца ў 2 кірунках: шляхам узыходжання ад адзінкавага да асаблівага і ад яго да ўсеагульнага, а таксама ад усеагульнага і агульнага да асаблівага і ад яго да адзінкавага.

А.​А.​Лазарэвіч.

т. 2, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войскаў правага крыла 1-га Бел. фронту (ген. арміі К.​К.​Ракасоўскі) 24—29 чэрв.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 3-я, 28, 48, 65-я арміі, конна-механізаваная група, 16-я паветр. армія, Дняпроўская ваен. флатылія, злучэнні авіяцыі і бел. партызаны. Ім процістаяла 9-я і частка 4-й ням. арміі, якія мелі ўмацаваную глыбокаэшаланіраваную абарону. Задача аперацыі — акружыць і разграміць бабруйскую групоўку праціўніка. У ходзе аперацыі разбіты гал. сілы ням. 9-й арміі, на ПдУ ад Бабруйска акружана і ліквідавана 40-тысячная групоўка ворага (гл. Бабруйскі «кацёл»). Войскі Чырв. Арміі прасунуліся на 100—110 км, былі створаны спрыяльныя ўмовы для наступлення на Мінск і Баранавічы.

Да арт. Бабруйская аперацыя 1944. Разбітая тэхніка ворага ў раёне Бабруйска.

т. 2, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАЗНА́ (Лявон Цімафеевіч) (4.2.1929, в. Новае Сяло Талачынскага р-на Віцебскай вобласці — 15.8.1972),

бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952), Бел тэатр.-маст. ін-т (1968). У выніку падарожжаў па Беларусі ў 1950—60-я г. падрыхтаваў альбомы «Беларускае народнае адзенне», «Беларуская народная вопратка», «Арнамент паўднёвай Беларусі», «Тканіны Гродзеншчыны» і вял. серыю жывапісных і графічных пейзажаў Беларусі. Паводле яго эскізаў створаны касцюмы для ансамбляў песні і танца (Гродзенскага «Нёман», Смаргонскага імя Агінскага, Навагрудскага «Свіцязь» і інш.). У 1966—69 гал. мастак Маст. фонду Беларусі. Працаваў у тэхніках жывапісу («Зязюленька», «Народны спявак Моніч», аўтапартрэт, партрэт «Маці»), акварэлі («Стары Мінск», «Гаспадар»), пастэлі («Старая», «Мястэчка»), вітраж («Будаўніца»), графікі і інш. Складальнік альбома «Гравюры Францыска Скарыны» (1972, 2-е выд. 1990).

І.​П.​Хаўратовіч.

Л.Баразна. Гандлярка пацеркамі (Несцерка). 1954.

т. 2, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРХАТКО́Ў (Ігар Антонавіч) (н. 5.1.1958, Мінск),

бел. жывапісец. Сын А.С.Бархаткова. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1984). У 1984—87 вучыўся ў Творчых акад. майстэрнях у М.Савіцкага. Творы вызначаюцца грамадзянскасцю, філасафічнасцю і глыбінёй пачуццяў. Асн. жанры — пейзаж і карціна, у якіх гал. месца займае духоўны аспект нашай мінуўшчыны («Царква ў Халмах», 1981; «Вясна на Нёмане», 1979; «Старая лесвіца», 1982; «Інтэр’ер Дома-музея Якуба Коласа ў Смольні», 1981; «Бацька і сын», 1984; «Аплакванне», 1985; «Памяці Юрыя Смірнова», 1986; «Сакавік. Закінутая вёска», «Юнацтва Скарыны», абодва 1990; «Святар», «І буду Вам бацькам, і Вы будзеце маімі Сынамі...», «Іверская Маці Божая», усе 1991; «Забыты крыж», «Вечар», «Лістапад», усе 1992); нізка твораў з в. Млева, 1990-я г.

Г.​А.​Фатыхава.

І.Бархаткоў. І буду Вам бацькам, і Вы будзеце маімі Сынамі... 1991.

т. 2, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТКО́ЎСКІ (Сяргей Барысавіч) (17.7.1917, С.-Пецярбург — 24.10.1995),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1940). З 1946 у Мінску, працаваў у праектных ін-тах, у 1960—65 гал. архітэктар ін-та «Мінскпраект», з 1978 выкладаў у Бел. акадэміі мастацтваў. Асн. работы ў Мінску: рэканструкцыя карпусоў хім. і біля. ф-таў БДУ (1950), крыты плавальны басейн Ін-та фізкультуры (1953); паліграфічны камбінат імя Я.​Коласа (1956), жылыя дамы на праспекце Ф.​Скарыны (1958, Дзярж. прэмія Беларусі 1968), карпусы гадзіннікавага з-да (1963), павільён ВДНГ Беларусі (1968), рэканструкцыя стадыёна «Дынама» (усе ў сааўт.). Помнік Я.​Купалу ў Араў-парку пад Нью-Йоркам (1973, скульпт. А.​Анікейчык); бюст касманаўта П.​І.​Клімука ў Брэсце (1978, скульпт. І.​Міско) і інш.

С.Б.Баткоўскі.

т. 2, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА, Белорусское общество,

групоўка інтэлігенцыі, чыноўнікаў, прадстаўнікоў заможнай часткі бел. сялян, якія арыентаваліся на саюз з царскім урадам. Існавала ў 1908 — 1-й пал. 1910-х г. Узнікла ў Вільні на аснове т-ва «Селянін» («Крестьянин»). Дзейнасць т-ва ўзначальвала праўленне (10 чал.). Старшыні Л.​М.​Саланевіч, з жн. 1911 П.​В.​Каранкевіч. Друкаваныя органы — газ. «Белорусская жизнь», «Северо-Западная жизнь», «Белорусский вестник». Т-ва стаяла на пазіцыях заходнерусізму, атрымлівала субсідыі ад урада, падтрымлівала сувязі з правымі дэпутатамі 3-й Дзярж. думы. Спрабавала дыскрэдытаваць бел. нац.-вызв. рух, выклікаць рэпрэсіі супраць газ. «Наша ніва». Падтрымлівала сталыпінскую агр. рэформу. Сумесна з дэпутатамі Думы склікала з’езд прадстаўнікоў вёскі Паўн.-Зах. краю (канец 1908 — пач. 1909). Да пачатку 1-й сусв. вайны сышло з паліт. арэны.

М.​М.​Забаўскі.

т. 2, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІРУ́ТА (сапр. Даравінская Амелія; 1863, в. Ройсталі, цяпер у межах Вільнюса — 27.7.1891),

бел. і польская фалькларыстка і этнограф. Адукацыю атрымала ў Варшаве. Настаўнічала, запісвала бел. фальклор і вяла этнагр. даследаванне Лідскага пав. (Гродзенская вобл.). Друкавалася ў час. «Wisła» («Вісла»), дзе ў 1889 змясціла апісанне дажынак з песнямі ў в. Шаўры Лідскага пав., паданні «Сосны ў Лідзе», «Паданне пра Пілакальскую гару» з Ваўкавыскага пав. Найб. значная публікацыя — «Беларускія песні з Лідскага павета» ў час. «Zbiór wiadomości do antropologii krajowej» («Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі», 1892), куды ўвайшлі сямейна-бытавыя, любоўныя, лірычныя, рэкруцкія і салдацкія песні. Манаграфію «Народ Лідскага павета» цэнзура забараніла. Рукапісы Біруты зберагаюцца ў архівах Варшавы і Вільнюса.

Літ.:

Саламевіч Я. Даследчыца беларускага фальклору // Полымя. 1969. № 11;

Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991.

І.​У.​Саламевіч.

т. 3, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛА́ЎМАН ((Blaumanis) Рудольф Мацісавіч) (1.1.1863, пас. Эрглі Мадонскага р-на, Латвія — 4.9.1908),

латышскі пісьменнік. Скончыў Рыжскую гандл. школу (1881). Друкаваўся з 1882. Тонкі бытапісальнік лат. вёскі, псіхолаг, майстар стылю і кампазіцыі. Узнімаў сац.-псіхал. праблемы, характары раскрываў праз складаныя духоўныя перажыванні. Аўтар навел і апавяданняў «Пустазелле» (1887), «У Спіенах» (1888), «Раўдупіетэ» (1889), «Веснавыя замаразкі» (1898), «Андрыксон» і «У цені смерці» (1899), драм «Злы дух» (1891), «Блудны сын» (1893), «Індраны» (1904), «У агні» (1905), камедый «Грахі Трыны» (1891), «Дні краўцоў у Сілмачах» (1902) і інш. Вядомы і як паэт-лірык, сатырык і гумарыст. На бел. мову творы Блаўмана перакладала Х.​Лялько.

Тв.:

Kopoti raksti. Sēj. 1—8.Riga, 1958—60;

Бел. пер. — у кн.: Песня Даўгавы. Мн, 1986;

Рус. пер. — Танец втроем: Рассказы. Рига, 1988.

Э.​Кнопэ.

т. 3, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)