ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ ГРАМА́ДСКАЙ БЯСПЕ́КІ, ГРАМА́ДСКАГА ПАРА́ДКУ І ЗДАРО́ЎЯ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
злачынствы, які вынікаюць з парушэння ўстаноўленых законам і інш. нарматыўнымі актамі правіл паводзін, што забяспечваюць грамадскі спакой, бяспеку і здароўе асобы, захаванасць маёмасці ўсіх форм уласнасці, а таксама парушэнні нармальных умоў працы, быту і адпачынку грамадзян і дзейнасці дзярж. і грамадскіх устаноў, прадпрыемстваў і арг-цый.
ПаводлеКК Рэспублікі Беларусь да гэтых злачынстваў адносяцца: хуліганства; пагроза забойствам, нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці; набыццё ці збыт маёмасці, набытай злачынным шляхам; уцягненне няпоўнагадовых у злачынную дзейнасць і немедыцынскае выкарыстанне адурманьваючых сродкаў, спойванне іх; парушэнне правіл бяспекі руху і эксплуатацыі трансп. сродкаў; угон трансп. сродкаў, паветр. судна, парушэнні правіл бяспекі горных, буд. работ, правіл пажарнай бяспекі; незаконнае набыццё, захаванне і выкарыстанне радыяцыйных матэрыялаў; парушэнні правіл захавання і выкарыстання выбуховых рэчываў; незаконнае нашэнне, захоўванне, набыццё або выраб ці збыт зброі і выбуховых рэчываў; незаконны выраб ці збыт газавых пісталетаў і інш. прыстасаванняў для выкарыстання слёзатачывых і нервова-паралітычных газаў; неахайнае захоўванне агнястрэльнай зброі; незаконныя лячэнне, выраб, набыццё, збыт, захаванне моцных ядаў, наркатычных сродкаў; утрыманне прытонаў для ўжывання наркатычных сродкаў; утрыманне прытонаў і зводніцтва; выраб або збыт парнаграфічных прадметаў; выраб і распаўсюджанне твораў, якія прапагандуюць культ насілля і жорсткасці; здзек над магілай; знішчэнне або пашкоджанне гісторыка-культ. каштоўнасцей; жорсткае абыходжанне з жывёламі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЧА́НСКІХ РЫБАКО́Ў ВЫСТУПЛЕ́ННЕ 1935,
барацьба сялян прынарачанскіх вёсак супраць забароны ўрадам Польшчы свабодна лавіць рыбу. Паводле прынятага польскім урадам у 1932 закона аб нацыяналізацыі рэк і азёр воз. Нарач перайшло да Дырэкцыі дзярж. лясоў і здадзена ў арэнду акц. т-ву на чале з памешчыкам Яблонскім, які ў 1935 забараніў сялянам рыбны промысел. Сяляне навакольных вёсак адмовіліся выконваць гэтае распараджэнне. Пачаліся сутычкі з паліцыяй, арышты. ЦККПЗБ накіраваў на Нарач сваіх прадстаўнікоў А.К.Шчасную і А.І.Багданчука, звярнуўся з адозвай «Брацкае слова да рыбакоў возера Нарач і ўсіх азёр Заходняй Беларусі», выдаў лістоўку «Возера належыць вам». У чэрв. 1935 выбраны забастовачны к-т, у які ўвайшлі рыбакі І.П.Зарэцкі, К.І.Субач, М.І.Субач, І.А.Чарняўскі і інш. У жн. пачалася забастоўка, прагнаны арандатар, сяляне не пускалі на працу штрэйкбрэхераў, вялі арганізаваную лоўлю і продаж рыбы. Паліцыя правяла арышты. Да забастоўкі далучыліся рыбакі Браслаўскіх азёр, баставала каля 40 вёсак. Дружыны самаабароны ахоўвалі лодкі і сеткі. Улады вымушаны былі пайсці на частковыя ўступкі: павысілі цану на рыбу, дазволілі сялянам лавіць рыбу сваімі сеткамі. Барацьба за свабодную лоўлю рыбы і адмену закона аб нацыяналізацыі працягвалася да вер. 1939. Выступленню нарачанскіх рыбакоў прысвечана паэма М.Танка «Нарач» (1937), карціна В.Цвіркі «Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач» (1957) і інш.
Да арт.Нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935. Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач. З карціны В.Цвіркі 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́Л-ФАШЫ́ЗМ,
спалучэнне крайніх форм нацыяналізму з фашызмам і расізмам. Для Н.-ф. характэрна ідэя перавагі над інш. народамі, падзел людзей на групы вышэйшага і ніжэйшага гатунку (карэннай нацыянальнасці і іншамоўных). Вынікам крайняга Н.-ф. з’яўляюцца «этнічныя часткі», тэр. прэтэнзіі да суседзяў, захопніцкія войны. Агульнымі крытэрыямі Н.-ф. служаць: афіцыйна ўстаноўлены ін-т «правадыра нацыі і дзяржавы» (фюрэра), які канцэнтруе ў сваіх руках гал. рычагі заканад., выканаўчай, суд. улады, дзейнічае ў інтарэсах вузкай групы буйных уласнікаў прадпрыемстваў і капіталаў; адсутнасць форм дэмакр. арганізацыі і самаарганізацыі грамадства, а таксама яго ўдзелу ў прыняцці паліт. рашэнняў; разгалінаваны апарат насілля над грамадствам. На глебе Н.-ф. нацыяналіст. нецярпімасць да інш. народаў перарастае ў адкрытую нянавісць і ўвасабляецца ў форме расавай тэорыі, паводле якой грамадскае становішча чалавека вызначаецца толькі нац. і расавымі прыкметамі. Крызіс улады, якая абапіраецца на нацыяналіст. і фаш. сілы або цярпіма ставяцца да іх дзейнасці, прыводзіць да зліцця нацыяналізму з фашызмам у адзіны ідэалагічны і паліт. комплекс у выглядзе Н.-ф. Гэты працэс не адбываецца стыхійна, а з’яўляецца мэтанакіраваным і залежыць ад паліт., фін. і інш. падтрымкі кіруючых эліт. Разам з тым ваяўнічы нацызм, фашызм або схільнасць да іх сінтэзу патэнцыяльна не закладзены ў сістэме духоўных каштоўнасцей ніводнага народа, але ў пэўных гіст. умовах могуць быць навязаны любому з іх па сац. і паліт. матывах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША ДО́ЛЯ»,
грамадска-паліт. і літ. газета; першае легальнае перыядычнае выданне на бел. мове. Выдавалася з 1(14).9 да 1(14).12.1906 у Вільні кірыліцай і лацінкай. Рэдактар-выдавец І.Тукеркес. Актыўны ўдзел у стварэнні газеты і выданні першых нумароў прымалі І. і А.Луцкевічы, Цётка. У праграмным арт. «Да чытачоў» газета выступіла за ўдзел у рэв. руху, сац. і нац. свабоду, развіццё класавай самасвядомасці рабочых і сялян, асвету на роднай мове. Друкавала вострапубліцыст. і агітац. артыкулы («Што будзе?», «Даход расійскага цара», «Пагром», «Як мужыку палепшыць сваё жыццё» і інш.), у якіх выкрывала антынар. палітыку царызму. Інфармавала пра рэв. падзеі ў краіне, цяжкае становішча прац. сялянства. Гэтымі тэмамі і ідэяй прасякнуты надрукаваныя ў газеце творы Цёткі (верш «Наш палетак» і апавяд. «Прысяга над крывавымі разорамі»), Я.Коласа [вершы «Наш родны край» (1.9.1906, першае выступленне паэта ў друку), «Беларусам», «Асенні вечар», апавяд. «Слабода»] і інш. Змясціла апавяданне Ядвігіна Ш. «Суд». Выйшла 6 нумароў. На газету неаднаразова накладваўся арышт, а рэдактар прыцягваўся да крымін. адказнасці; паводлесуд. прыгавору 11.1.1907 выданне забаронена, рэдактар прыгавораны да турэмнага зняволення на 1 год.
Літ.:
Шлюбскі А Новыя матэрыялы да гісторыі «Нашай долі» // Полымя. 1927. №3;
Біч М. У змаганні за лепшую долю // Там жа. 1966. №8;
Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968. С. 212—234.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁМАНСКІЯ ШКЛОЗАВО́ДЫ.
Першы шклозавод засн. ў 1883 у маёнтку Заенчыцы Лідскага пав. Віленскай губ. (цяпер урочышча Устронь Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл., за 6 км ад г. Бярозаўка Лідскага р-на). Уладальнік памешчык З.А.Ленскі. Існаваў да 1898 (з 1891 як фірма «Краеўскі—Столле»). У 1897 меў лакамабіль, ручны прэс, шліфавальню; працавала 164 рабочыя. Вырабляў шкляны сталовы посуд, лямпавае і аптэкарскае шкло, прадметы раскошы. У 1895 В.А.Краеўскі і Ю.А.Столле пабудавалі «Новую гуту» за 4 км ад «Старой гуты» ва ўрочышчы Малодзіна Лідскага пав. (цяпер г. Бярозаўка). У 1897 «Новая гута» мела 3 шклоплавільныя печы, 2 паравыя машыны, 2 шліфавальні, 20 прэсаў, працавала 636 чалавек. У 1898 Краеўскі і Столле набылі гуту, пабудаваную ў 1894—95 каля пас. Бярозаўка Лідскага пав. (цяпер г. Бярозаўка), якая стала гал. прадпрыемствам кампаніі «Краеўскі і Столле» і наз. «Хрусталёвая ф-ка Нёман-А», «Новая гута» наз. «Хрусталёвая ф-ка Нёман-Б»; «Старая гута» ліквідавана. З 1905 уладальнік фірмы Столле. Паводле прэйскуранта, выдадзенага фірмай у 1911, ф-кі выраблялі 1828 узораў шклавырабаў, у т. л. сталовыя сервізы, шклянкі, чаркі, бакалы, фужэры, чашкі, сподачкі, талеркі, краманкі, вазы, падсвечнікі, туалетныя флаконы і інш. У 1914 наладжана вытв-сць ізалятараў для рас. арміі. У 1-ю сусв. вайну хрусталёвыя ф-кі спалены. Каштоўнае абсталяванне перавезена на шклозавод фірмы ў Ганцавічах. У 1921 адноўлены і працуюць як шклозавод «Нёман».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЖЫ́НСКІ (Вацлаў Фаміч) (17.12.1889, паводлеінш. звестак 12.3.1890, Кіеў — 8.4.1950),
расійскі танцоўшчык, балетмайстар. Брат Б.Ф.Ніжынскай. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1907).
У 1907—11 саліст Марыінскага т-ра. У 1909—13 і 1916—17 вядучы танцоўшчык Рускіх сезонаў за мяжой. Першы выканаўца гал. партый у Марыінскім т-ры: Белы раб («Павільён Арміды» М.Чарапніна), Раб («Егіпецкія ночы» А.Арэнскага), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна); у трупе Рускі балет Дзягілева ў спектаклях «Карнавал» на муз. Р.Шумана, «Шахеразада» М.Рымскага-Корсакава, «Прывід ружы» на муз. К.М.Вебера, «Пятрушка» І.Стравінскага, «Нарцыс» Чарапніна, «Сіні бог» Р.Ана, «Дафніс і Хлоя» М.Равеля і інш. Адрадзіў мастацтва мужчынскага танца, які спалучае высокую тэхніку скачка і піруэта з выразнасцю пластыкі і пантамімы, узбагаціў танц. лексіку і сродкі выразнасці. Сярод пастановак: «Пасляпаўдзённы адпачынак фаўна» (1912, гал. роля) і «Гульні» на муз. К.Дэбюсі, «Вясна свяшчэнная» Стравінскага (абодва 1913), «Тыль Уленшпігель» на муз. Р.Штрауса (1916). Аўтар «Дзённіка Ніжынскага» (Парыж, 1953; Масква, 1995). Яму прысвечаны балет «Ніжынскі, клоун божы» на муз. П.Чайкоўскага і П.Анры (1971, паст. М.Бежар), «Вацлаў» на муз. І.С.Баха (1979, паст. Дж.Ноймаер), драм. спектаклі, дакумент., маст. кіна- і тэлефільмы, опера.
Літ.:
Красовская В. Нижинский. Л.. 1974;
Нижинская Р. Нижинский // Сов. балет. 1989. № 6;
1990. № 1.
Л.А.Сівалобчык.
В.Ніжынскі ў балеце «Шэхеразада». Мастак Монтэ-Негра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КЕЛЬ (лац. Niccolum),
Ni, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 28, ат. м. 58,69. Прыродны Н. складаецца з 5 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 58, 60—64; найб. пашыраны 58Ni (67,88%) і 60Ni (26,23%). У зямной кары 8∙10−3% па масе (гл.Нікелевыя руды). Мікраэлемент неабходны млекакормячым (у арганізме чалавека 5—13,5 мг Н.) і раслінам. Адкрыты швед. вучоным А.Кронстэтам у 1751 пры даследаванні мінералу купфернікелю (знешне падобнага на медзь). Назва ад ням. Nickel — злы горны дух, які быццам бы ўводзіў у зман гарнякоў, што здабывалі медзь.
Серабрыста-белы коўкі метал, tпл 1455 °C, tкіп 2900 °C, шчыльн. 8900 кг/м³; ферамагнетык (пункт Кюры 631 К). Хімічна малаактыўны; паводле ўласцівасцей падобны да жалеза і кобальту. Кампактны ў паветры, пакрываецца тонкай ахоўнай плёнкай монааксіду NiO. Бязводныя солі мінер. кіслот звычайна жоўтага колеру, гідраты — зялёнага (гл.Нікелю сульфат). Атрымліваюць электролізам раствораў солей і інш. метадамі; чысты парашкападобны — тэрмічным раскладаннем карбанілу Ni(CO)4 (гл.Карбанілы металаў). Выкарыстоўваюць пераважна ў металургіі (гл.Нікелевыя сплавы), а таксама для вырабу акумулятарных электродаў, спец.хім. апаратуры, як матэрыял для антыкаразійных пакрыццяў (гл.Нікеліраванне) і каталізатар многіх хім. працэсаў. Аказвае агульнатаксічнае ўздзеянне; выклікае захворванні насаглоткі, лёгкіх, дэрматыты, экзэмы, злаякасныя новаўтварэнні. ГДК у паветры (сярэднясутачная) для метал. Н., яго аксідаў і сульфату 0,001 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́БЕЛЕЎСКІЯ ПРЭ́МІІ,
прэстыжныя міжнар. ўзнагароды. названыя ў гонар іх заснавальніка А.Б.Нобеля. Прысуджаюцца штогод з 1901 са сродкаў Нобелеўскага фонду за дасягненні ў галіне фізікі, хіміі, медыцыны і фізіялогіі, л-ры, дзейнасць па ўмацаванні міру, з 1969 і па эканоміцы. Паводле завяшчання Нобеля. прысуджэнне прэмій ускладзена на Каралеўскую Швед.АН (па фізіцы і хіміі), Каралінскі медыка-хірург.ін-т у Стакгольме (па фізіялогіі і медыцыне), Швед. акадэмію ў Стакгольме (па л-ры) і спец.к-т з 5 чал.нарв. парламента (прэміі міру). У 1969 у сувязі са сваім 300-годдзем Швед.дзярж. банк заснаваў таксама штогадовую прэмію памяці Нобеля па эканоміцы. Н.п. складаюцца з залатога медаля з выявай А.Нобеля, дыплома і чэка на вызначаную Нобелеўскім фондам грашовую суму (у 1996 памер прэміі дасягнуў 7,4 млн.швед. крон). Урачыстая цырымонія ўручэння Н.п. адбываецца ў дзень смерці Нобеля (10 снеж.); іх, як правіла, уручаюць нарв. кароль у Осла (прэміі міру) і швед. кароль у Стакгольме (астатнія прэміі). Лаўрэаты абавязаны на працягу 6 месяцаў пасля атрымання прэміі выступіць з т.зв. Нобелеўскай лекцыяй (папулярная лекцыя па тэматыцы сваёй працы) у Стакгольме або Осла. Н.п., як правіла, не прысуджаюцца двойчы і пасмяротна. У 1901—91 іх атрымалі больш за 600 чал.
Літ.:
Лалаянц И.Э., Милованова Л.С. Нобелевские премии по медицине и физиологии. М., 1991;
Сульман Р. Завещание Альфреда Нобеля: История Нобелевских премий: Пер. с англ.М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ́ТАНА ЗАКО́НЫ МЕХА́НІКІ,
тры законы, на якіх грунтуецца класічная механіка. З’яўляюцца вынікам абагульнення даследаванняў Г.Галілея, Р.Гука, К.Гюйгенса, І.Ньютана і інш.
Сфармуляваны І.Ньютанам (1687) у наступным выглядае. 1-ы закон: «Кожнае цела працягвае ўтрымлівацца ў сваім стане спакою або раўнамернага і прамалінейнага руху, пакуль і паколькі яно не вымушаецца прыкладзенымі сіламі змяніць гэты стан». 2-і закон: «Змена колькасці руху (імпульсу) прапарцыянальная прыкладзенай рухальнай сіле і адбываецца ў напрамку той прамой, уздоўж якой гэтая сіла дзейнічае». 3-і закон: «Дзеянню заўсёды ёсць роўнае і процілеглае процідзеянне, інакш, узаемадзеянне двух цел адно на аднаго паміж сабой роўныя і накіраваны ў процілеглыя бакі». Паводле сучасных уяўленняў пад целам трэба разумець матэрыяльны пункт, а яго рух разглядаць адносна інерцыяльнай сістэмы адліку. Матэм. фармулёўка 2-га закону:
, дзе
— імпульс, m — маса і — скорасць матэрыяльнага пункта, t — час, — раўнадзейная ўсіх сіл, што дзейнічаюць на матэрыяльны пункт. Н.з.м. выконваюцца для ўсіх макрацел, якія рухаюцца са скарасцямі, значна меншымі за скорасць святла ў вакууме. Рух мікрааб’ектаў (атамаў і малекул) падпарадкоўваецца законам квантавай механікі. Н.з.м. разам з сусветнага прыцягнення законам адыгралі важную ролю ў станаўленні фізічнай карціны свету.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 128—133;
Гинзбург В.Л. К трехсотлетию «Математических начал натуральной философии» Исаака Ньютона // Успехи физ. наук. 1987. Т. 151, вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ РА́ТУША І ГАНДЛЁВЫЯ РАДЫ́,
помнікі архітэктуры 16 ст. ў г. Нясвіж Мінскай вобл.Ратуша ўзведзена каля 1596 з цэглы на б. Рыначнай пл. Перабудавана ў 1752 у стылі позняга барока. Прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з 6-яруснай вежай (4 ніжнія чацверыкі, 2 верхнія васьмерыкі), завершанай гранёным купалам з ліхтаром. У 1836 пажарам знішчана завяршэнне вежы. У сярэдзіне 19 ст. чацверыкі накрыты пакатым шатровым дахам; асн. аб’ём — высокім кроквенным дахам з вальмай на паўд. тарцы. У 1990-я г. адноўлена ў першапач. выглядзе паводле праектнага плана канца 16 ст. і гравюры Т.Макоўскага 17 ст. Фасады амаль пазбаўлены дэкору. Узроўні ярусаў вежы і памяшканняў ратушы не супадаюць і злучаны драўлянымі ўсходамі. Гандлёвыя рады спачатку размяшчаліся сіметрычна абапал ратушы па даўжыні будынка. Паміж імі былі нешырокія праезды з арачнымі брамамі на тарцах. Ячэйкі-крамы былі адкрыты праёмамі ў бок праездаў; частка гандл. памяшканняў знаходзілася ў 1-м ярусе ратушы. У сярэдзіне 18 ст.гандл. рады перабудаваны: прадоўжаны за будынак ратушы, абкружылі яе з трох бакоў, утвараючы П-падобны ўнутр. замкнёны дворык; ячэйкі-крамы пераарыентаваны праёмамі да плошчы і прылеглых вуліц. Невысокія падоўжаныя карпусы гандл. радоў накрыты 1-схільнымі дахамі (са схілам у бок унутр. двара). Вулічныя фасады вырашаны ў выглядзе аркады, завершаны высокім атыкам. У дэкоры выкарыстаны прафіляваныя карнізы, абрамленні праёмаў, філянговыя нішы.