змена напрамку распаўсюджвання аптычнага выпрамянення (святла) пры яго праходжанні праз мяжу падзелу двух асяроддзяў.
Для працяглай плоскай мяжы падзелу аднародных ізатропных асяроддзяў пераломлены прамень ляжыць у плоскасці, якая праходзіць праз прамень і нармаль да мяжы падзелу, вуглы падзення α і пераламлення β падпарадкоўваюцца закону Снэля: sinα /sinβ = n2/n1, дзе n1 і n2 — абсалютныя пераламлення паказчыкі 1-га і 2-га асяроддзя адпаведна. П.с. суправаджаецца таксама адбіццём святла. Суадносіны інтэнсіўнасцей падаючага, адбітага і пераломленага праменяў залежаць ад вуглоў падзення і пераламлення, а таксама ад палярызацыі падаючага праменя (гл.Фрэнеля формулы). Пры любых вуглах падзення, адрозных ад 0, П.с. суправаджаецца зменай стану палярызацыі святла, што выкарыстоўваецца для атрымання лінейна-палярызаванага святла (гл.Брустэра закон). На законах П.с. заснавана будова аптычных прылад, якія служаць для змены напрамку светлавых праменяў і атрымання відарысаў аптычных, напр., мікраскопаў, тэлескопаў, спектрографаў, фотаапаратаў. Гл. таксама Падвойнае праменепераламленне.
В.В.Валяўка.
Да арт.Пераламленне святла: 1 — падаючы прамень; 2 — пераломлены прамень; 3 — нармаль да паверхні падзелу асяроддзяў I і II; α — вугал падзення; β — вугал пераламлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНТАГЕНЕ́ТЫ (Plantagenets),
Анжуйская дынастыя, каралеўская дынастыя ў Англіі ў 1154—1399. Заснавальнік — Генрых II, граф Анжуйскі. Назву дынастыя атрымала ад звычкі бацькі Генрыха II — Жафруа Прыгожага аздабляць свой шлем галінкай жаўтазелю (лац. planta genista). Пад уладай Генрыха II і яго пераемнікаў акрамя Англіі знаходзіліся шматлікія ўладанні ў Францыі, б.ч. якіх П. страцілі ў пач. 13 ст.Пры П. у Англіі адбывалася дзярж. цэнтралізацыя, утварылася саслоўная манархія з саслоўным прадстаўніцтвам-парламентам (упершыню скліканы ў 1265). П. вялі войны: у 2-й пал. 12 ст. пачалося заваяванне Ірландыі, у 1280-я г. заваяваны Уэльс, у 1296—1314 няўдала спрабавалі заваяваць Шатландыю. Пры П. Англія ўступіла ў Стогадовую вайну 1337—1453. У час праўлення Рычарда II б.ч. дзяржавы была ахоплена Уота Тайлера паўстаннем 1381. Прадстаўнікі дынастыі: Генрых II (1154—89), Рычард I Львінае Сэрца, Іаан Беззямельны, Генрых III (1216—72), Эдуард I (1272—1307), Эдуард II (1307—27), Эдуард III (1327—77), Рычард II (1377—99). Пасля звяржэння Рычарда II улада перайшла да бакавых адгалінаванняў П. — Ланкастэраў (1399—1461) і Йоркаў (1461—85).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЁНКАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ, плёнкаўтваральнікі,
рэчывы (звычайна алігамеры ці палімеры), здольныя ўтвараць шчыльныя, трывалыя плёнкі пры нанясенні іх на цвёрдую паверхню; асн. кампаненты лакафарбавых матэрыялаў. Паводле паходжання адрозніваюць прыродныя (напр., высыхальныя алеі, смолы прыродныя) і сінтэтычныя. Найб. пашыраны сінт. П.р., на аснове якіх атрымліваюць лакафарбавыя пакрыцці з больш стабільнымі і разнастайнымі характарыстыкамі, чым на аснове прыродных.
Большасць П.в. — рэакцыйназдольныя алігамеры разгалінаванай ці лінейнай будовы (алкідныя, фенола-фармальдэгідныя, меламіна-фармальдэгідныя, поліэфірныя і эпаксідныя смолы, некаторыя супалімеры акрылатаў). У якасці П.р. выкарыстоўваюць таксама параўнальна нізкамалекулярныя (напр., поліакрылаты, хлорзмяшчальныя палімеры) і высокамалекулярныя палімеры (гл.Парашковыя фарбы). Паводле рэакцыйнай здольнасці падзяляюць на П.р. неператваральныя, ці абарачальныя (тэрмапластычныя), якія ўтвараюць плёнку ў выніку выпарэння растваральніку, і ператваральныя, ці неабарачальныя (тэрмарэактыўныя), якія пры фарміраванні пакрыцця ператвараюцца ў сеткавыя палімеры ў выніку рэакцый полікандэнсацыі ці полімерызацыі па функц. групах (гл.Ацвярдзенне палімераў). Выкарыстоўваюць пераважна ў выглядзе раствораў у лятучых арган. растваральніках, водных раствораў і дысперсій.
Літ.:
Сорокин М.Ф., Кочнова З.А., Шодэ Л.Г. Химия и технология пленкообразующих веществ. 2 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІВІНІЛХЛАРЫ́Д (ПВХ),
сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі вінілхларыду, [—CH2—CHCl—]n, мал. м. (1—15)∙104. Тэрмапласт. Бясколернае цвёрдае рэчыва. Вызначаецца добрымі мех. і электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, невысокімі тэрма- і святлоўстойлівасцю; пры t > 120 °C раскладаецца з вылучэннем хлорыстага вадароду. Перапрацоўваюць у цвёрдыя (вініпласт) і мяккія, ці пластыфікаваныя (пластыкат), матэрыялы, выкарыстоўваюць у вытв-сці полівінілхларыдных валокнаў.
Вініпласт — прадукт перапрацоўкі П. з дабаўкамі тэрма- і святлостабілізатараў, антыаксідантаў, мінер. напаўняльнікаў і інш. Выкарыстоўваюць як канстр. каразійнаўстойлівы матэрыял для вырабу хім. апаратуры і труб, ёмістасцей і бутэлек у харч. прам-сці, у буд-ве для пакрыцця падлогі, абліцоўкі сцен, цепла- і гукаізаляцыі (пенаполівінілхларыд). Пластыкат — тэрмапластычны марозаўстойлівы матэрыял. Акрамя кампанентаў, што дадаюць да П. пры атрыманні вініпласту, мае пластыфікатар (напр., дыбутылфталат, дыактыладыпінат). Выкарыстоўваюць для ізаляцыі правадоў і кабеляў, вырабу эластычных стужак, шлангаў, трубак, мембран і інш. У прам-сці пашыраны полівінілхларыдныя пластызолі — дысперсіі парашкападобнага (эмульсійнага) П. ў тых жа пластыфікатарах, што выкарыстоўваюць і для атрымання пластыкату. Выкарыстоўваюць ПВХ-пластызолі ў вытв-сці штучнай скуры, мыйных шпалер, пальчатак, абутку, дзіцячых цацак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУ́ГКАСЦЬматэрыялаў,
уласцівасць цел аднаўляць сваю форму і аб’ём (цвёрдыя целы) ці толькі аб’ём (вадкасці і газы) пасля спынення дзеяння знешніх сіл, якія выклікалі іх дэфармацыю. У цвёрдых целах і вадкасцях П. абумоўлена сіламі ўзаемадзеяння паміж часцінкамі рэчыва, у газах — кінетычнай энергіяй руху малекул.
У целах з ідэальнай П. дэфармацыя поўнасцю знікае пасля спынення дзеяння сілы, у рэальных целах застаецца т.зв. астаткавая дэфармацыя (гл.Пластычнасць). Дэфармацыю пругкіх цел пад уздзеяннем знешніх сіл вывучае пругкасці тэорыя. У большасці матэрыялаў пры малых дэфармацыях залежнасць паміж напружаннем механічным і дэфармацыяй з’яўляецца лінейнай і апісваецца Гука законам. Пругкія ўласцівасці цел, што падпарадкоўваюцца абагульненаму закону Гука, характарызуюцца модулямі пругкасці. Затрачаная на пругкую дэфармацыю энергія вяртаецца назад у працэсе аднаўлення формы ці аб’ёму цела, таму пругкія целы могуць служыць акумулятарамі мех. энергіі, напр., гадзіннікавая спружына.
Літ.:
Френкель Я.И. Введение в теорию металлов. 4 изд. Л., 1972;
Сопротивление материалов с основами теории упругости и пластичности. М., 1995.
Да арт.Пругкасць матэрыялаў. Шарыкавая мадэль элементарнай ячэйкі кубічнага крышталя: 1 — у раўнавазе пры адсутнасці знешніх сіл; 2 — пад дзеяннем знешняга датычнага напружання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЗЫ́НЯ (Уладзімір Якаўлевіч) (н. 26.2.1940, Мінск),
бел. майстар-рэстаўратар нац.муз. інструментаў, выканаўца на іх, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1994). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.Глінкі (1964), Мінскі ін-т культуры (1989). У 1965—78 артыст Дзярж.нар. аркестра БССР імя І.Жыновіча. З 1972 адначасова працаваў у Мінскім абл., у рэсп.навук.-метадычным цэнтрах нар. творчасці і культ.-асв. работы. З 1979 педагог-ілюстратар сярэдняй спец.муз. школы прыБел. кансерваторыі, старшы метадыст па фальклоры пры Мінскім абл. метадычным цэнтры. З 1982 майстар, у 1983—88 заг. вучэбнай майстэрні па рэстаўрацыі. рамонце і вырабе муз. інструментаў Мінскага ін-та культуры. Стваральнік музея бел.муз.стараж. інструментаў «Бел. хатка». Вырабляе бел.нар.муз. інструменты (аэрафоны: сапранавыя, альтавыя, басовыя дудкі; жалейкі, трубы, дуды і інш.; хардафоны: колавая ліра, басэтля і інш.). Выступае з ігрой на бел.муз. інструментах (удзельнік канцэртных праграм, фестываляў нар. творчасці, запісваецца на радыё, тэлебачанні). Аўтар кн. «Лірнік» (1993) — першай нац. школы ігры на бел.нар. інструментах, артыкулаў пра бел.нар.муз. інструменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУПЫ́ШКАў раслін,
зародак парастка. Мае кароткую вось (сцябло) з конусам нарастання на верхавінцы і шчыльна размешчанае на восі зародкавае лісце, якое ўкрывае вось і адно аднаго (вегетатыўная П.), або мае, акрамя таго, зародкі кветак і суквеццяў (генератыўная П.). Вонкавыя лісцевыя органы ахоўваюць унутр. мерыстэматычную ч. ад высыхання і пашкоджвання і ўтвараюць у П. цёмную вільготную камеру. Кветкавая П., што мае 1 кветку, наз.бутонам. Адрозніваюць верхавінкавыя (тэрмінальныя) П. — забяспечваюць рост парастка ў даўжыню, і бакавыя (пазушныя) — забяспечваюць галінаванне і развіццё сістэмы парасткаў. У шматгадовых раслін П. перажываюць перыяд спакою, які звычайна звязаны з неспрыяльнымі ўмовамі, і з надыходам цёплага або вільготнага сезона даюць парасткі (П. ўзнаўлення). Спячыя П. захоўваюць жыццяздольнасць на працягу гадоў і пры пашкоджанні ч. ствала і галін, якія знаходзяцца вышэй, з іх развіваюцца т.зв. вадзяныя парасткі, часта у выглядзе пнёвых парасткаў. Гэтая ўласцівасць выкарыстоўваецца пры фарміраванні кроны пладовых і дэкар. дрэў. З прыдаткавых П. на каранях утвараюцца каранёвыя атожылкі. Многія П. служаць для вегетатыўнага размнажэння, а т.зв. вывадкавая П. (напр., у брыяфілуму) — для жыванараджэння ў жывародных раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ГБІ,
камандная спартыўная гульня з мячом авальнай формы. Гуляюць 2 каманды па 13 (у прафес. матчах) ці 15 (у аматарскіх) чалавек, 2 таймы па 40 мін, на пляцоўцы 100 × 69 м (за лініяй варот заліковае поле). Мэта гульні — прызямліць мяч рукой у заліковым полі праціўніка ці забіць над перакладзінай Н-падобных варот. Перамагае каманда, якая набірае найб. колькасць ачкоў. Мяч можна біць нагой, несці ў руках, кідаць інш. гульцу (але нельга пасаваць уперад). Дапускаецца захоп саперніка за плечы, пояс і ногі, збіццё з ног плячом. Пры парушэнні правіл назначаецца «схватка», пры ўводзе мяча з-за бакавой лініі выстройваецца «калідор».
Р. ўзнікла ў 1820-я г. ў Вялікабрытаніі ў г. Рэгбі (адсюль назва). У 1934 засн.міжнар. аматарская федэрацыя Р. (ФІРА); аб’ядноўвае каля 50 краін. З 1960 разыгрываецца кубак ФІРА (неафіц, чэмпіянат свету). У праграме Алімп. гульняў 1900, 1908. 1920. 1924. Найб. развіта ў Францыі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Паўд.-Афр. Рэспубліцы і інш.
У Беларусі ў пач. 1930-х г. праводзіліся першынствы Мінска, рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЕ́ВІЧ (Платон Васілевіч) (30.11.1892, б. вёска Раматова Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. — 28.9.1956),
дзяржаўны дзеяч Беларусі. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1911), Камуніст.ун-т імя Свярдлова (1924). З 1913 у арміі. Удзельнік устанаўлення сав. улады ў Віцебскай губ. З сак. 1919 у Чырв. Арміі. З 1924 на парт. рабоце ў Ніжагародскай губ. З 1926 дэкан і рэктар Бел.с.-г. акадэміі, з 1929 рэктар Камуніст. ун-та Беларусі, з 1932 дырэктар Ін-та гісторыі партыі і Кастр. рэвалюцыі прыЦККП(б)Б, з 1933 заг. кафедры Вышэйшай камуніст.с.-г. школы Беларусі, з 1939 выкладчык парт. курсаў прыЦККП(б)Б. Удзельнік Вял.Айч. вайны; камісар палка, нам.нач. палітупраўлення, нач. аддзела фронту; паліт. саветнік дэлегацыі ў сав.-амер. камісіі па Карэі. У 1947—51 міністр асветы БССР. Чл.ЦККП(б)Б у 1932—34, 1949—52. Чл.ЦВКБССР у 1923—31. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1946—50. У маі 1951 беспадстаўна арыштаваны. 28.11.1951 Ваен. трыбуналам БВА прыгавораны да 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Рэабілітаваны ў 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІРЫ́ДАЎ (Вадзім Васілевіч) (9.4.1931, в. Вязынь Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 13.4.2002),
бел. хімік. Акад.Нац.АН Беларусі (1989, чл.-кар. 1980), д-рхім.н. (1973), праф. (1975). Засл. дз. нав. Беларусі (1976). Скончыў БДУ (1952), дзе і працуе з 1955 (з 1965 заг. кафедры), адначасова ў 1979—93 дырэктар НДІ фіз.хім. праблем прыБДУ. Навук. працы па фотахіміі неарган. сістэм, хіміі фатагр. працэсаў, хіміі цвёрдага цела, праблемах выкладання хіміі. Устанавіў заканамернасці тэрмічнага раскладання, фатолізу і радыёлізу цвёрдых солей, заканамернасці фарміравання ультрадысперсных складаных аксідаў з сумесна асаджаных гідраксідаў металаў, умовы сінтэзу ў водным асяроддзі нанакрышт. металаў з рэгулюемым памерам часціц. Выявіў заканамернасці фарміравання нанаструктураваных і аморфных біметал. плёнак, у т. л. плёнак нераўнаважнага саставу, прыхім. і электрахім. асаджэнні. Распрацаваў прынцыпы фотаселектыўнага асаджэння металаў з раствораў і асновы яго выкарыстання для нанясення метал. плёнак на экспанаваныя ўчасткі падложак.
Тв.:
Фотохимия и радиационная химия твердых неорганических веществ. Ч. 1. Мн., 1964;
Химическое осаждение металлов из водных растворов. Мн., 1987 (у сааўт.);
Неорганический синтез. 2 изд. Мн., 2000 (разам з Г.А.Папковіч, А.І.Васілеўскай).