шапкавы базідыяльны грыб сям. яжоўнікавых. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляецца ў лясах з ліп. па верасень.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 3—12 см, пукатая або злёгку ўвагнутая, часта няправільнай формы, ад белага да вохрыста-жоўтага колеру. Гіменафор у выглядзе крохкіх шыпікаў. Ножка кароткая, суцэльная, часам уздутая каля асновы. Мякаць белая, шчыльная. Споры бясколерныя, яйцападобныя. Ядомы ў маладым узросце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАПЛА́СТ (ад прата + грэч. plastos вылеплены, утвораны),
у раслін — поўнасцю пазбаўленая клетачнай сценкі клетка, якая мае клетачную мембрану, што абмяжоўвае цытаплазму, ядро і інш. арганоіды. У клетачнай інжынерыі П. атрымліваюць штучна для кланіравання і рэгенерацыі з іх цэлых раслін (зліццё П., якія належаць розным відам). У мікраарганізм а ў П. ўтвараюцца ў выніку мутацый, аўталітычных працэсаў, уздзеяння некат. антыбіётыкаў і інш. агентаў. У форме П. існуюць мікаплазмы і L-формы бактэрый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМЕРКАВА́ННЕ,
стадыя ўзнаўлення грамадскага прадукту, якая злучае спажыванне і вытв-сць. Характар і формы Р. вызначаюцца сістэмай грамадскіх адносін і залежаць ад уласнасці на сродкі вытв-сці. Ва ўмовах рыначнай эканомікі Р. ажыццяўляецца ў сферы абарачэння. У працэсе Р. матэрыяльныя, фін. і прац. рэсурсы накіроўваюцца па галінах эканомікі, прадпрыемствах і эканам. рэгіёнах. Для павышэння эфектыўнасці Р. патрэбна ўстойлівае забеспячэнне збалансаванасці паміж грашовымі даходамі насельніцтва і іх пакрыццём таварамі і паслугамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАРАНО́ВЫ ЛБЫ»,
скалістыя выступы карэнных горных пародаў, згладжаныя і адпаліраваныя ледавіком. Даўж. да некалькіх соцень метраў, выш. да 50 м. Назва паходзіць ад іх формы (нагадвае лбы бараноў). Звычайна схіл, накіраваны ў бок, адкуль рухаўся ледавік, пакаты, гладка адпаліраваны, з ледавіковымі драпінамі на паверхні, супрацьлеглы — больш стромкі і няроўны. Групы дробных «Барановых лбоў» наз. кучаравымі скаламі. Пашыраны ў абласцях мінулых і сучасных абледзяненняў, найб. шматлікія ў Скандынавіі, Карэліі, на Кольскім п-ве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫДАРВІНІ́ЗМ,
тэорыі, накіраваныя супраць дарвінізму. Антыдарвінізм або наогул адмаўляе развіццё ў прыродзе (крэацыянізм), або яго гал. фактары, у першую чаргу натуральны адбор як вядучы ў арган. эвалюцыі. Асн. цячэнні антыдарвінізму склаліся ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Да іх належаць розныя формынеаламаркізму, батмагенез, номагенез, трансфармізм і інш. Сучасныя антыдарвінісцкія канцэпцыі звычайна прэтэндуюць на вырашэнне праблемы макраэвалюцыі, недаступнай для прамой эксперым. праверкі. Шэраг канцэпцый антыдарвінізму ўключае ўяўленні аб наследаванні набытых прыкмет і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯХО́Р(А) (ад бія... + ...хор),
1) геаграфічнае асяроддзе, у якім вызначаныя пануючыя жыццёвыя формы прыстасаваны да пэўных спалучэнняў метэаралагічных фактараў.
2) Вобласць пашырэння жыцця.
3) Група падобных месцапражыванняў.
4) Кліматычная мяжа фларыстычнага раёна.
5) Буйное падраздзяленне біясферы. Ахоплівае прасторава аб’яднаныя біятопы, якія размешчаны ў аднатыпных кліматычных умовах і характарызуюцца спецыфічным складам жывога насельніцтва. Аб’ядноўваюцца ў біяцыклы. Уяўленне аб біяхоры аналагічнае паняццю «ландшафтная зона» (у экалогіі з-за большай канкрэтнасці яму аддаецца перавага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЁБЫ (Labosea),
клас прасцейшых. Трапляюцца ў прэсных, саленаватых, марскіх водах, часта ў прыбярэжным пяску, глебе; асобныя паразітуюць у кішэчніку жывёл і чалавека (напр., амёба дызентэрыйная Entamoeda histolytica), выклікаюць амёбіяз.
Цела 15 мкм — З мм, пастаяннай формы не маюць. Перамяшчаюцца з дапамогай часовых вырастаў (псеўдаподыяў). Хуткасць руху 0,5—3 мкм/мін. Маюць ядро, пульсуючую і стрававальную вакуолі. Жывяцца бактэрыямі, водарасцямі, прасцейшымі. Размнажаюцца бясполым спосабам (дзяленнем). У неспрыяльных умовах акругляюцца, укрываюцца 2-слаёвай шчыльнай абалонкай (інцыстуюцца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЦЫЯ́ТЫ (Archaeocyatha),
тып вымерлых прымітыўных беспазваночных жывёл. Больш за 1 тыс. відаў. Жылі ва ўсіх морах ранняга кембрыю на глыб. да 100 м.
Даўж. 1—10 см (рэдка 40—150 см), дыям. 1—10 см (рэдка 40—80 см). Вапнавы порысты шкілет меў форму кубка або рога (грэч. kýathos кубак, адсюль назва). Адзіночныя, радзей каланіяльныя формы. Вялі прымацаваны спосаб жыцця, зрэдку стваралі першыя стараж. рыфы. Рэшткі археацытаў з’яўляюцца вызначальнымі выкапнямі для кембрыйскіх адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАХТО́ННЫЯ КУ́ЛЬТЫ,
спрадвечныя рэліг.-магічныя культы карэннага насельніцтва краіны. Вызначэнне ўзнікла ў сувязі з неабходнасцю адрозніваць мясц. самабытныя культы ад іх сінкрэтызаваных з сусветнымі рэлігіямі мадыфікацый. Аўтахтонныя культы ўключаюць татэмістычныя, фетышысцкія, анімістычныя вераванні (гл.Татэмізм, Фетышызм, Анімізм), сістэму племянных ініцыяцый, культ продкаў, культы правадыроў і абагаўлёных цароў, політэізм і інш. раннія формы рэлігіі на розных стадыях іх развіцця. Асаблівасці гіст. развіцця народаў, умоў прыроднага асяроддзя вызначаюць падабенства і розніцу, агульнае і асаблівае ў аўтахтонных культах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫГУ́ЧЫЯ, кнідарыі (Cnidaria),
тып кішачнаполасцевых. 4 кл.: гідроідныя, сцыфоідныя, каралавыя паліпы і выкапнёвыя кануляты (Conulata). Каля 9 тыс. сучасных і 20 тыс. вымерлых відаў.
Пашыраны ва ўсіх морах. Ёсць прэснаводныя віды (гідры), у т. л. на Беларусі.
Адзінкавыя або каланіяльныя арганізмы. 2 жыццёвыя формы: прымацоўваюцца да субстрату (паліпы) або плаваюць (медузы). Цела з 2 слаёў — эктадэрмы і энтадэрмы. Паміж імі студзяністападобная мезаглея. У эктадэрме ёсць жыгучыя клеткі. Большасць раздзельнаполыя. Размнажэнне палавое і бясполае. Кормяцца беспазваночнымі.