ДАБУЖЫ́НСКІ (Мсціслаў Валяр’янавіч) (2.8.1875, г. Ноўгарад, Расія — 20.11.1957),
рускі жывапісец, графік і тэатр. мастак. Вучыўся ў маст. школах Пецярбурга (1885—87) і Мюнхена (1889—1901). З 1922 праф. Пецярбургскай АМ. З 1919 узначальваў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча. З 1925 жыў у Літве (у 1929—39 выкладаў у Каўнаскай маст. школе), з 1939 — у Англіі і ЗША. Чл. аб’яднання «Свет мастацтва». Працаваў у жанры станковай і кніжнай графікі, у тэатр.-дэкарацыйным мастацтве, манум.-дэкар. жывапісе. Аўтар серыі жывапісных і графічных партрэтаў, арх. пейзажаў (цыклы відаў Вільні, 1903—14; Віцебска, 1918, 1922—23), сюжэтных кампазіцый, кніжных ілюстрацый (творы Х.Андэрсена, Ф.Дастаеўскага і інш.). Творы Дабужынскага адметныя дакладна распрацаваным малюнкам, эмацыянальнай выразнасцю, лінейна-рытмічнай арганізацыяй плоскасці, дэкаратыўнасцю, стрыманым каларытам. Афармляў тэатр. спектаклі (у т. л. 12 спектакляў МХАТ, антрэпрызы С.П.Дзягілева і інш.).
Літ.:
Мстислав Добужинский: Живопись. Графика. Театр: [Альбом]. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́РА ((Gira) Людас Канстанцінавіч) (27.8.1884, Вільня — 1.7.1946),
літоўскі паэт.Нар. паэт Літвы (1945). Акад.АН Літвы (1946). Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю. У 1913—14 рэдактар газ. «Vaivórykštē» («Вясёлка»), у 1921—26 — дырэктар Дзярж.т-ра ў Каўнасе, у 1940—41 — намеснік наркома асветы. У сваіх творах адлюстраваў гіст. мінулае Літвы (зб-кі вершаў «Песні палёў», «Дарогамі радзімы», абодва 1912; трагедыя «Помста», 1910; драм. містэрыя «Кветка папараці», 1928), героіку і драматызм ваенных гадоў (кн. вершаў «Літва Грунвальда», «Гвалт і рашучасць», абедзве 1942; «На далёкіх пуцявінах», 1945). Незакончаная паэма «Вёска каля прыгранічнай ракі» пра дружбу літ. і бел. народаў. У яго творах — рамантычная прыўзнятасць вобразаў, пейзажныя матывы, шматгранны свет інтымных перажыванняў, уплыў фалькл. стылістыкі і меладычнасць верша. Шматлікія яго творы пакладзены на музыку. Выступаў як літ. крытык, як перакладчык твораў Я.Купалы (аўтар першых крытычных водгукаў на яго творчасць), А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі і інш. На бел. мову яго творы перакладалі А.Астапенка, А.Вольскі, С.Дзяргай, М.Лужанін, К.Цітоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫЦІЕ́ ЕФРАСІ́ННІ ПО́ЛАЦКАЙ»,
помнік бел. агіяграфічнай л-ры 12—13 ст. (дайшоў спіс 14 ст.); адзін з найб. ранніх твораў гістарычнай прозы на Беларусі. Напісана царк.-слав. мовай стараж.-рус. рэдакцыі. Аўтар невядомы. У творы апавядаецца пра жыццё і культ.асветніцкую -дзейнасць Ефрасінні Полацкай, першай жанчыны на Русі, якую царква кананізавала ў святыя. У помніку паўстае вобраз настойлівай і самаахвярнай жанчыны, сапраўднай гераіні свайго часу, услаўляецца яе імкненне да ведаў і духоўнай дасканаласці. Літаратурны схематызм (вобраз Ефрасінні ідэалізаваны, пазбаўлены многіх індывід. рыс жывога чалавека) і дыдактычная рытарычнасць прыглушаюцца яркімі рэаліямі часу, жыццёвай праўдзівасцю апавядання, якое грунтуецца на сапраўдных гіст. фактах. Важнае месца ў творы займаюць дыялогі і маналогі-разважанні, якія памагаюць раскрыць унутр. свет герояў. У помніку ёсць цікавыя звесткі пра Полацк, яго культ. жыццё, побыт княжацкай сям’і. Твор спалучае некалькі літ. жанраў: гіст.-маст. біяграфію гераіні (жыціе), сціслае апісанне яе падарожжа ў «святую зямлю» (хаджэнне) і пахвалу. Рукапіс зберагаецца ў Расійскай нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБАЛО́ЦКІ (Мікалай Аляксеевіч) (7.5.1903, г. Казань, Расія — 14.10.1958),
рускі паэт. Скончыў Ленінградскі пед.ін-т імя Герцэна (1925). У 1936 беспадстаўна рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў на Д. Усходзе, у Алтайскім краі і Карагандзе. З 1946 у Маскве. Друкаваўся з 1928. Першая кн. вершаў «Слупкі» (1929). З. — лірык філас. складу. У яго паэзіі роздум пра адвечны кругаварот прыроды, перамогу чалавечага розуму і працы над стыхіяй, сцвярджэнне велічы чалавека (паэмы «Урачыстасць земляробства», 1933, «Звар’яцелы воўк», 1931, апубл. 1965, «Дрэвы», 1933, апубл. 1965, і інш.). Лірыцы характэрны аналітычнасць стылю, маляўнічасць і пластычнасць вобразаў (зб-кі «Вершы», 1948; 1957; 1959). Пераклаў «Слова пра паход Ігаравы», «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.Руставелі, творыгруз., укр., італьян., венг. паэтаў. Для дзяцей апрацаваў раман Ф.Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль». На бел. мову творы З. перакладалі С.Грахоўскі, Я.Міклашэўскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́РЫНЬШ ((Zariņš) Маргерс) (н. 24.5.1910, г.п. Яўнпіебалга, Латвія),
латышскі кампазітар, пісьменнік. Нар.арт.СССР (1970). У 1929—33 вучыўся ў Латв. кансерваторыі. У 1940—50 муз. кіраўнік Маст.т-ра імя Я.Райніса ў Рызе. У муз. творчасці пераважае тэатр. стыхія, парадыйна-сатыр. вобразнасць, з 1960-х г. — рысы неакласіцызму. Сярод муз. твораў: оперы «Да новага берага» (1955), «Зялёны млын» (1958), «Опера жабракоў» (1964), «Цуд св. Маўрыкія» (опера-балет, 1975), «Опера на плошчы» (1970); араторыі «Валміерскія героі» (1950), «Махагоні» (1965); канцэрты для аргана і камернага арк. Concerte innocente (1969), Concerto triptichon (1972); вак.творы, хары, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар літ.-маст. твораў, у т. л. сатырыка-фантаст. рамана «Фальшывы Фауст, або Перапрацаваная і дапоўненая кулінарная кніга» (1973), «Містэрыі і хэпенінгі» (1975), зб. апавяданняў. Дзярж. прэмія СССР 1950. Дзярж. прэмія Латвіі 1958. На бел. мову асобныя літ.творы З. пераклаў А.Марціновіч.
Тв.:
Рус.пер. — Оптимистическая энциклопедия жизни. Л., 1986;
Календарь капельмейстера Коциня: Роман, повесть. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЫ́ЦКІ (Аляксей Аляксандравіч) (22.3.1911, г.п. Хоцімск Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 29.10.1987),
бел.паэт. Скончыў Маскоўскі ін-т замежных моў (1936). Першы зб. вершаў «Эпічныя фрагменты» (1932). Апавядальнасць, стрыманасць пачуццяў, лірызм, уменне раскрыць філас. сэнс у звычайных з’явах — асн. рысы яго паэзіі.’Найб. уласцівыя яму жанры эпічнай паэзіі — сюжэтна-лірычны верш, блізкі да балады (зб-кі вершаў і паэм «Дняпроўскае рэха», 1946, «Размова з сэрцам», 1961, «Мая асяніна», 1973, «Каля вячэрняга кастра», 1979, і інш.). У многіх вершах і паэмах адлюстраваны падзеі Вял.Айч. вайны. Аўтар паэм «Аповесць пра залатое дно» (1954), «Марыля» (1965), «На волю» (1969) і інш. У паэме «Вяртанне на Зямлю» (1964) паказаў імкненне чалавека да ведаў, да пазнання таямніц сусвету. Гумарыстычныя і сатыр.творы ў зб-ках «Пасылка ў рай» (1960), «Талоны на бяссмерце» (1974). Пераклаў на бел. мову паэму К.Данелайціса «Чатыры пары года» (1961), аповесці Г.Зэгерс «Чалавек і яго імя» (1958), Ю.Брэзана «Крыста» (1966) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗБО́РНІКІ СВЯТАСЛА́ВА 1073 і 1076, зборнікі Кіеўскай Русі, найб. раннія помнікі стараж.-рус. пісьменства.
Ізборнік 1073 створаны ў Кіеве для князя Святаслава Яраславіча. З’яўляецца спісам зборніка, перакладзенага з грэч. мовы на стараслав. ў 9 ст. для балг. цара Сімяона. Уключае творы «Ад апостальскіх статутаў», «Слова Іаана пра верачытныя кнігі», «Багаслоўца ад славес». Уключаны і свецкі трактат візант. пісьменніка 9 ст. Георгія Хіравоска «Пра вобразы» — першы ў стараж.-рус. л-ры дапаможнік па паэтыцы, а таксама артыкулы па логіцы, граматыцы, прытчы, загадкі. Упрыгожаны застаўкамі, мініяцюрамі. Зберагаецца ў Гіст. музеі ў Маскве.
Ізборнік 1076 складзены на падставе рукапісаў княжацкай б-кі. У ім змешчаны «словы», «павучанні», «наказы», этычныя выслоўі, «Стасловец» канстанцінопальскага патрыярха Генадзія, свецкія тэксты («Наказ багатым», «Пра жонак злосных і добрых»), творы, напісаныя ў Кіеўскай Русі, настаўленне пра карысць ведаў, кніг. Зберагаецца ў Рас.нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу.
Публ.:
Изборник Святослава 1073 г.М., 1983;
Изборник 1076 г.М., 1965.
Літ.:
Изборник Святослава 1073 г.: Сб. ст.М., 1977;
Сапунов Б.В. Книга в России в XI—XIII вв. Л., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛГА́СНА-САЎГА́СНЫЯ ТЭА́ТРЫ,
вандроўныя прафес. т-ры для абслугоўвання калгасаў і саўгасаў. Узніклі ў 1930-я г. Сродкамі тэатр. мастацтва праводзілі агітацыю і прапаганду сярод сялян. Складаліся з мясц.прафес. артыстаў і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Ставілі сав. п’есы, рус. і замежную класіку, творы «малых форм». У 1934—35 і 1939 у Маскве адбыліся 2 Усесаюзныя агляды К.-с.т. На Беларусі першыя К.-с.т. ўзніклі ў 1935 у Гомелі, Барысаве, Мазыры, у 1936 — у Слуцку і Полацку, у 1937 — у Рагачове, у 1938 — у Бабруйску, Лепелі і Заслаўі, у 1939 — у Рэчыцы, у 1940 — у Дзяржынску. У іх рэпертуары нац.бел. драматургія, найб. папулярныя сав., класічныя рус., замежныя творы. Значнае месца займалі літ. кампазіцыі, мантажы, створаныя на мясц. матэрыяле. У сваёй дзейнасці т-ры працягвалі традыцыі Першай бел. трупы І.Буйніцкага, трупы У.Галубка, выкарыстоўвалі практыку агітпаяздоў, агітбрыгад, «Сіняй блузы». У маі 1939 у Мінску адбыўся 1-ы Усебел. фестываль К.-с.т. З пач.Вял.Айч. вайны т-ры спынілі існаванне. У 1956—62 дзейнічаў як К.-с.т. Бабруйскі вандроўны беларускі драматычны тэатр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАНО́ВІЧ ((Kononowicz) Мацей Юзаф) (1.2.1912, г. Ласк, Польшча — 31.4.1986),
польскі пісьменнік і перакладчык. Скончыў Варшаўскі ун-т (1939). Да 2-й сусв. вайны жыў у Навагрудку (Гродзенская вобл.). Друкаваўся з 1936. Паэт.зб-кі «Лірычныя станцыі» (1951), «Партрэт, які цяжка ўявіць» (1962), «Дубовы гай» (1974), «Перадамо сабе знак спакою» (1983), зб-кі аповесцей і апавяд. «Імёны любові» (1973), «Рамантычнае і зялёнае» (1981), «Венера з малога мястэчка» (1983) прасякнуты патрыятызмам, псіхалагізмам і шчырасцю. Многія вершы тэматычна звязаны з Беларуссю. На польск. мову пераклаў зб. апавяданняў Я.Брыля «Глядзець на траву» (1971), кнігі А.Адамовіча «Хатынская аповесць» (1975), Адамовіча, Брыля, У.Калесніка «Я з вогненнай вёскі...» (1978, разам з Ю.Літвінюком), асобныя творы Я.Купалы, А.Куляшова, П.Панчанкі, М.Танка, Р.Барадуліна, Г.Бураўкіна і інш. Асобныя творы К. на бел. мову пераклалі Брыль, М.Танк, Барадулін, Д.Бічэль-Загнетава, В.Вітка, А.Вярцінскі, Г.Кляўко, Н.Мацяш, Р.Семашкевіч, У.Мархель.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЦІ́ННАЯ ГАЛЕРЭ́Я,
мастацкі музей, у якім сабраны выключна (ці пераважна) творы жывапісу. К.г. наз. таксама раздзелы жывапісу ў вял. музеях (напр., у Эрмітажы, Луўры і інш.), залы для збору карцін у палацах, некат. прыватныя зборы. У стараж. часы К.г. наз.пінакатэкамі. Першыя К.г. і «музеі-кабінеты» ўзніклі ў Еўропе ў 16 ст. Сярод найбуйнейшых — Баварскія дзяржаўныя зборы карцін, Дрэздэнская карцінная галерэя, Нацыянальная галерэя ў Лондане, галерэі Піці і Уфіцы ў Фларэнцыі, а таксама Траццякоўская галерэя ў Маскве, Карцінная галерэя Арменіі.
На Беларусі першы «музей-кабінет» быў створаны М.Радзівілам Чорным у Нясвіжскім палацы ў 16 ст. К.г. партрэтнага жывапісу існавала ў 17—18 ст. у Ружанскім палацы Сапегаў. Частка яе, а таксама новыя творы леглі ў аснову К.г. Г.Сапегі-Ябланоўскай у маёнтку Сямяцічы на Гродзеншчыне, дзе ў 2-й пал. 18 ст. быў заснаваны т. зв. «Кабінет натуральнай гісторыі». У 1787 быў адкрыты музей з К.г. пры Полацкім калегіуме езуітаў. Назву К.г. меў да 1957 Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Дзейнічаюць Гурынская карцінная галерэя. Полацкая карцінная галерэя і інш.