Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БАБУІ́Н, жоўты павіян (Papio cynocephalus),
вузканосая малпа сям. мартышкападобных. Пашыраны ў Цэнтр. і Усх. Афрыцы. Жыве ў стэпавых і гарыстых мясцовасцях.
Даўж. цела да 75 см, хваста 60 см. Афарбоўка поўсці жаўтаватая (адсюль другая назва). Склад цела моцны. Морда падоўжаная, галава падобная на сабачую. Валасяное покрыва шорсткае, доўгае. Вядзе наземны спосаб жыцця. Жыве вял. (да некалькіх сотняў) статкамі. Корм раслінны і жывёльны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГА́Р,
чырвоная качка (Casarca ferruginea), птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў Паўд. Еўропе, Паўн. Афрыцы і Азіі. На Беларусі рэдкая залётная птушка.
Даўж. цела каля 60 см, маса 1—1,6 кг. Самкі меншыя за самцоў. Жыве парамі. Гнёзды ў глыбокіх норах стэпавых звяркоў, нішах абрываў, пакінутых будынках. Самка нясе 8—12 яец, наседжвае іх. Птушаняты растуць і ў няволі. Корміцца раслінамі і воднымі беспазваночнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВО́ЙНІК (Periploca),
род кустоў сям. ластаўневых. Вядома каля 15 відаў, пашыраны ў Міжземнамор’і, трапічнай Афрыцы, ва ўмераных і субтрапічных паясах Азіі; на Каўказе расце абвойнік грэчаскі (P. graeca), на Д.Усходзе абвойнік тынавы (P. sepium).
Ліяны выш. да 12 м. Кветкі буйныя, да 3 см у дыяметры, зеленавата-бурыя, з цяжкім пахам. Плады — лістоўкі са шматлікім плоскім насеннем. Вырошчваюць як лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫЖА́ЛКА (Tremella),
род гетэрабазідыяльных грыбоў сям. дрыжалкавых. Вядома каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных зонах. Сапратрофы. На Беларусі 3 віды.
Найчасцей трапляецца на сухіх галінках лісцевых дрэў на працягу ўсяго года Д. звілістая (T. mesenterica).
Пладовыя целы акруглыя, пукатыя, з глыбокімі звілістымі складкамі, ярка жоўтыя ці аранжавыя, дыям. да 4 см, шчыльнастудзяністыя, пры высыханні рогападобныя. Споры яйцападобныя, гладкія, бясколерныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮШАНЕ́Я (Duchesnea). манатыпны род кветкавых раслін сям. ружавых. 1 від — Дз. індыйская (D. indica). Пашыраны ва Усх. Азіі, інтрадукаваны ў многія краіны, у т. л. на Беларусь.
Шматгадовая апушаная травяністая расліна з паўзучым аблісцелым сцяблом даўж. да 1 м. Прыкаранёвае лісце доўгачаранковае, трайчастае, сцябловае — кароткачаранковае, адваротнаяйцападобнае або рамбічнае. Кветкі жоўтыя, адзіночныя, на доўгіх тонкіх кветаножках. Плод — жоўтая несапраўдная ягада. Лек., харч. і дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМА́Й (Sorhum halepense),
сорга алепскае, джонсанава трава, адзін з відаў сорга, шматгадовая травяністая расліна сям. злакаў, пустазелле. Пашыраны ад Міжземнамор’я да Індыі і Кітая; на Пд Сярэдняй Азіі і Казахстана, у Закаўказзі, на Паўн. Каўказе, у Крыме. Цяжкавынішчальнае пустазелле ў раёнах арашальнага земляробства, засмечвае пасевы с.-г. культур. Размнажаецца вегетатыўна (ад карэнішчаў) і насеннем. Зялёная маса гумая — корм для буйн. раг. жывёлы і коней.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗНАЕ ДРЭ́ВА,
назва дрэў з розных сям. з незвычайна цвёрдай і цяжкай драўнінай. Вядома каля 100 відаў, пераважна трапічныя. Ж.д. называюць паротыю, віды каркасу, самшыту, сінопсісу (Паўд. Амерыка), тазалію ланцэтную (трапічная Азія, Афрыка, Мадагаскар), мезую жалезную (Індыя), стадманію моцнадраўнінную (в-аў Маўрыкій), іксору жалезную (Антыльскія а-вы), акацыю высокую (Аўстралія) і інш. Драўніну Ж.д. выкарыстоўваюць для вытв-сці ручак інструментаў, дэталей прылад і прыбораў, паляў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЁТ (Canis latrans),
лугавы воўк, млекакормячае роду ваўкоў сям. сабачых. Пашыраны ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы на адкрытых прасторах, жыве ў норах. Адносяць да продкаў сабак (скрыжоўваецца са свойскімі сабакамі).
Даўж. цела каля 90 см, хваста каля 30 см, маса да 13 кг. Поўсць густая, шэра-рыжая, канец хваста чорны. Манагамы. Нараджае 8—10 і больш шчанят. Асн. корм — зайцы, грызуны, падла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́СІЯ (Cassia),
сенна, род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 600 відаў. Пашырана ў трапічных і цёплаўмераных паясах (акрамя Еўропы). К. вастралістая (C. acutifolia) і вузкалістая (C. angustifolia) культывуюцца ў Афрыцы, Сярэдняй Азіі, на Каўказе.
Шматгадовыя травы, кусты і невял. дрэвы. Лісце складанае, парнаперыстае, з 5—10 парамі вузкіх лісточкаў. Кветкі жоўтыя, радзей белыя або чырванаватыя, у гронках. Лек, інсектыцыдная і дэкар. расліна.