КАНЦЭПТУА́ЛЬНАЕ МАСТА́ЦТВА (англ. conceptional art ад concept ідэя, агульная задума + art мастацтва),
канцэптуалізм, кірунак у авангардным мастацтве 2-й пал. 20 ст. Узнікла ў ЗША ў канцы 1960-х г. (тэарэтык і аўтар тэрміна С.Ле Віт; мастакі Р.Бэры, Л.Вейнер, Д. Х’юблер, Дж. Косут), адначасова пашырылася ў Зах. Еўропе (мастакі англ. групы «Мастацтва і мова» Т.Аткінсан, Х.Харэл, Д.Байнбрыдж, М.Болдуін і інш.). Працягвае традыцыі дадаізму і антымастацтва. У аснове К.м. — ідэя (канцэпт) важнасці не самога суб’ектыўнага прадмета адлюстравання, якую дэклараваў поп-арт, а таго, што прадмет абазначае, адмаўленне абавязковай завершанасці маст. твора. Мастак-канцэптуаліст не столькі выканаўца твора, колькі яго праграміст, тэарэтык. Ён дае гледачу права на «сааўтарства», самаст. асэнсаванне магчымых варыянтаў разумення сутнасці твора, прапануе аналізаваць не твор, а прыроду, прызначэнне і сутнасць мастацтва. Аналіз кода твора ідзе праз філасофію і лінгвістыку. У якасці матэрыялу выкарыстоўваюць фотаздымкі, пісьмовую інфармацыю, графіку, гук, відэазапісы і інш., часам стварэннемаст. твора замяняецца рэфлекторнымі дыскусіямі. К.м. блізкае да перфомансу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБАЧЭ́ЎСКАГА ГЕАМЕ́ТРЫЯ,
геаметрычная тэорыя, сістэма аксіём якой адрозніваецца ад сістэмы аксіём эўклідавай геаметрыі толькі аксіёмай (пастулатам) аб паралельнасці. Паводле гэтай аксіёмы, праз пункт, што не ляжыць на зададзенай прамой, праходзяць не менш як 2 прамыя, якія не перасякаюць зададзеную. Л.г. выкарыстоўваецца ў тэорыі функцый, матэм. аналізе, тэорыі лікаў і тэорыі адноснасці.
Л.г. распрацавана М.І.Лабачэўскім у 1826 (апублікавана ў 1829—30). У 1832 аналагічныя вынікі незалежна атрымаў Я.Больяй. Перадумовай узнікнення Л.г. былі шматвяковыя спробы доказу аксіёмы пра паралельныя прамыя (пяты пастулат Эўкліда) на аснове астатніх аксіём. Лабачэўскі першы прыйшоў да высновы пра недаказальнасць пастулата і пра магчымасць існавання геам. сістэм з інш. аксіёмамі паралельнасці, пабудаваў своеасаблівую лагічна бездакорную геам. сістэму. Л.г. мае некаторыя асаблівасці (напр., 2 трохвугольнікі з роўнымі вугламі роўныя; сума вуглоў трохвугольніка меншая за 2 прамыя вуглы), якія не супярэчаць рэчаіснасці. Стварэнне Л.г. заклала асновы развіцця неэўклідавых геаметрый. значна пашырыла ўяўленні аб прыродзе прасторы і спрыяла ўзнікненню новых кірункаў у матэматыцы.
Літ.:
Смородинский Я.А., Сурков Е.Л. Геометрия Лобачевского и теория относительности. М., 1971;
Лаптев Б.Л. Геометрия Лобачевского, ее история и значение. М.,1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСА́ЛЬ (Lassalle, да 1846 Lassal) Фердынанд (11.4.1825, г. Брэслаў, цяпер Вроцлаў, Польшча — 31.8.1864), дзеяч герм. рабочага і сацыяліст. руху, публіцыст. У 1843—46 вывучаў філасофію, філалогію і гісторыю ў Брэслаўскім і Берлінскім ун-тах. Яго погляды сфарміраваліся пад уплывам ідэй І.Г.Фіхтэ, Г.Гегеля, Я.Блана і П.Ж.Прудона. У 1848—49 супрацоўнік «Neue Rheinische Zeitung» («Новай Рэйнскай газеты»), якую рэдагаваў К.Маркс; за ўдзел у рэв. руху ў г. Дзюсельдорф у 1848 быў зняволены. Распрацоўшчык асноў праграмы, адзін з заснавальнікаў (1863) і першы прэзідэнт Усеагульнага герм. рабочага саюза. Прапагандаваў «жалезны закон» заработнай платы (паводле яго заробак вагаецца вакол фізічна неабходнага мінімуму сродкаў існавання ў залежнасці ад росту або скарачэння рабочага насельніцтва), выступаў за ўсеагульнае і роўнае выбарчае права, стварэнне з дзярж. дапамогай асацыяцый рабочых, дасягненне бяскласавага грамадства шляхам рэформаў і інш. Быў прыхільнікам аб’яднання Германіі пад вяршэнствам Прусіі. У 1863—64 намагаўся супрацоўнічаць з О.Бісмаркам супраць лібералаў. Аўтар прац «Філасофія Геракліта» (ч. 1—2, 1858), «Сістэма набытых правоў» (т. 1—2, 1861; гал.паліт. твор), драмы «Франц фон Зікінген» (1859) і інш. Памёр ад раны, атрыманай на дуэлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЖЭ́ЎСКІ-ФРЫЧ ((Modrzewski Frycz) Анджэй) (каля 1503, в. Вольбуж Лодзінскага ваяв., Польшча — восень 1572),
польскі публіцыст, асветнік-гуманіст, грамадска-паліт. дзеяч. У 1517—22 вучыўся ў Ягелонскім ун-це (Кракаў). Доўгі час жыў у Германіі, дзе сустракаўся з М.Лютэрам і Ф.Меланхтанам. З 1547 сакратар караля Жыгімонта II Аўгуста, з 1553 войт у Вольбужы. Асн. праца — грамадска-паліт. трактат на лац. мове «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай» (Кракаў, 1551; Базель, 1554), у якім абгрунтавана праграма антыфеад., дэмакр. развіцця краіны. М.-Ф. выступаў супраць падпарадкавання дзяржавы інтарэсам прывілеяваных саслоўяў, у абарону чалавечай годнасці асобы, за цярпімасць і свабоду мыслення, развіццё навукі і секулярызацыю асветы, стварэнненац. царквы і інш. На польск. мову ўпершыню перакладзены Ц.Базылікам і выдадзены Я.Карцанам у 1577 у Лоскай друкарні з прадмовай А.Волана. У канцы жыцця М.-Ф. пісаў творы, прысвечаныя тэалагічнай тэматыцы, хрысц. этыцы і рэформе царквы. Яго погляды зрабілі ўплыў на развіццё польск. і еўрап. грамадска-паліт. і філас. думкі.
Тв.:
Wybór pism. Warszawa, 1977.
Літ.:
Польские мыслители эпохи Возрождения. М., 1960;
Starnawski J. Andrzej Frycz Modrzewski: Żywot, dzieło, sława. Łódź, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ ПАДЗЕ́Л ПРА́ЦЫ,
найвышэйшая форма грамадскага тэр. падзелу працы; спецыялізацыя асобных краін па вытв-сці пэўных відаў прадукцыі, якімі яны абменьваюцца. Неабходнасць абмену вынікамі вытв-сці абумовіла ўзнікненне міжнароднага гандлю. Да машыннай стадыі М.п.п. грунтаваўся на прыроднай аснове — розніцах у прыродна-кліматычных умовах краіны, геагр. становішчы, рэсурсах і энергіі; эканам. адносіны краін былі сканцэнтраваны пераважна на абмене прадуктамі, што не вырабляліся ў сваёй краіне. З усталяваннем буйной машыннай індустрыі дыферэнцыяцыя вытв-сці паглыбілася, пачаліся міжнац. спецыялізацыя і кааперацыя, таварны абмен паміж краінамі. Паступова М.п.п. ахапіў усе структурныя элементы грамадскага падзелу працы, а абмен, што ажыццяўляўся на міжнар. узроўні, і сам паспрыяў паглыбленню падзелу працы паміж буйнымі сферамі эканомікі, узмацніў прадметную, тэхнал. і падэтальную спецыялізацыю. Сучасны этап сусветна-гасп. сувязей характарызуецца ўсё большым нарастаннем залежнасці, абумоўленай пераводам вытв-сці ў развітых эканам. сістэмах на новую тэхнал. базу. Новы якасны стан вытв. сіл стымуляваў інтэрнацыяналізацыю ўзнаўленчых працэсаў, якая праяўляецца ў 2 асн. формах: інтэграцыі і транснацыяналізацыі (стварэнне міжнац. вытв. комплексаў). Гл. таксама Геаграфія сусветнай гаспадаркі, Знешнеэканамічныя сувязі, Падзел працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й БЕЛАРУ́СКАГА ПАЛЕ́ССЯ.
Засн. ў 1924, адкрыты ў 1926 у г. Пінск Брэсцкай вобл. як Палескі краязн. музей, з 1940 Пінскі абл.гіст.-краязн. музей, з 1944 Пінскі абл. (занальны) краязн.-музей, з 1954 Пінскі краязн. музей, з 1979 Бел.дзярж. музей сацыяліст. пераўтварэння Палесся, з 1990 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 1376 м²; 56,7 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Сярод экспанатаў археал. калекцыя керамічных плітак 12 ст., бронзавыя ўпрыгожанні, рукапісныя граматы 14—17 ст., друкаваныя выданні 17 ст., калекцыі манет 16—20 ст. розных краін свету, прадметы матэрыяльнай культуры і побыту сялян 19 — пач. 20 ст., матэрыялы пра падзеі рэв. 1905—07, дзейнасць Пінскай арг-цыі РСДРП, падзеі грамадз. вайны, становішча працоўных Зах. Беларусі ў 1921—39, стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў гады Вял.Айч. вайны, аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі ў пасляваенны час. У экспазіцыі творы жывапісу бел. і рус. мастакоў. Мае бібліятэку больш за 6,5 тыс. выданняў, сярод якіх час.«Дзеннік Віленьскі» (асобныя нумары за 1817, 1820, 1823, 1828).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРУ́СКІ СТЫ́ЛЬ,
кірунак у рус. архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст. Пачатак пакладзены ў Абрамцаве пад Масквой, у маст. гуртку С.І.Мамантава (канец 1870 — пач. 1880-х г.), які аб’ядноўваў прыхільнікаў новых форм сінтэзу мастацтваў. Агульныя прынцыпы формаўтварэння, пластычнасць, стракатая дэкаратыўнасць пабудоў дазваляе разглядаць Н.с. як нац.-рамант. плынь у рамках стылю мадэрн. Для Н.с. характэрна стварэнне суцэльнага арх.-маст. вобраза, асацыятыўна звязанага з першакрыніцай, а не кампіляцыя стараж.-рус. форм. У арсенал стылізаваных форм уключаліся матывы асн. школ страж.-рус. дойлідства (наўгародскай, уладзіміра-суздальскай, т.зв. нарышкінскага барока і інш.). У праектаванні пабудоў удзельнічалі мастакі В.Васняцоў (фасад Траццякоўскай галерэі, 1900—05), С.Малюцін (даходны дом Пярцовай, 1905—07, з арх. Н.Жукавым), арх. Ф.Шэхтэль (Яраслаўскі вакзал, 1902—04, усе ў Маскве) і інш. Прадстаўнікі позняга Н.с. амаль літаральна ўзнаўлялі формы стараж.-рус. пабудоў (А.Шчусеў, сабор Марфа-Марыінскага манастыра, 1908—12 у Маскве). Н.с. атрымаў увасабленне таксама ў дэкар.-прыкладным мастацтве, кніжнай графіцы, сцэнаграфіі.
А.М.Кулагін.
Да арт.Неарускі стыль. Яраслаўскі вакзал у Маскве. Арх. Ф.Шэхтэль. 1902—04.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1954,
міжнародныя дагаворы, якія аформілі ваен. саюз ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краін — удзельніц Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО) з ФРГ; падпісаны 23.10.1954 у Парыжы. Набыў сілу 5.5.1955. Уключалі: пратакол (падпісалі ЗША, Вялікабрытанія, Францыя і ФРГ) пра спыненне акупац. рэжыму ў ФРГ пасля 2-й сусв. вайны і дадаткі да пратакола, што ўводзілі ў дзеянне з некат. зменамі «Агульны дагавор» 1952; пратаколы (падпісалі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург і ФРГ) пра стварэнне ў межах НАТО на базе Брусельскага пакта 1948 паміж Вялікабрытаніяй, Францыяй і краінамі Бенілюкса ваен. групоўкі — Заходнееўрапейскага саюза; рэзалюцыю дзяржаў — членаў НАТО пра далучэнне да гэтай арг-цыі ФРГ. Паводле пагадненняў ФРГ забаранялася вытв-сць атамнай і інш. відаў зброі масавага знішчэння, аднак дазвалялася мець узбр. сілы ў складзе 12 дывізій. Нягледзячы на скасаванне акупац. статута, англ., амер. і франц. войскі заставаліся на тэр.ФРГ. Пасля ратыфікацыі П.п. парламентамі Вялікабрытаніі і Францыі (май 1955) СССР ануляваў англа-савецкі 1942 і франка-савецкі 1944 дагаворы аб саюзе і ўзаемадапамозе. Заключэнне і ратыфікацыя П.п. папярэднічалі афіц. прыёму ФРГ у НАТО (9.5.1955).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСІЯНА́РНАСЦЬ (ад грэч. passio пачуццё, пакута),
неадольная цяга людзей да ажыццяўлення сваіх ідэалаў. З’ява П. ўведзена Л.М.Гумілёвым. Паводле Гумілёва, П. ляжыць у аснове ўсякіх дзеянняў, якія пакідаюць след у гісторыі. Яна фарміруецца ў выніку моцных усплёскаў біяхім. энергіі космасу, адкрытай і апісанай У.І.Вярнадскім, і канцэнтруецца ў параўнальна невялікіх абласцях зямной паверхні. На падставе гэтай ідэі Гумілёў стварыў пасіянарную тэорыю этнагенезу, у цэнтры якой уяўленне пра этнас як біясферны, несац. феномен чалавечых паводзін. Пасіянарныя «штуршкі» нараджаюць павышаную сац. актыўнасць, якая ў пэўных гісторыка-геагр. умовах садзейнічае ўтварэнню новых этнасаў і этнічных сістэм (суперэтнасаў). Энергія П. забяспечвае стварэнне і існаванне ў біясферы Зямлі ўсёй разнастайнасці этнічных сістэм — прыродных калектываў людзей з агульнымі стэрэатыпамі паводзін, на які накладвае адбітак геагр. асяроддзе, культ. традыцыя і этнічнае акружэнне.
Літ.:
Гумилев Л.Н. Этногенез и биосфера Земли. 2 изд. Л., 1989;
Яго ж. География этноса в исторический период. Л., 1990;
Яго ж. От Руси к России: Очерки этнич. истории. М., 1992;
Яго ж. Из истории Евразии. М., 1993;
Чижевский АЛ. Земное эхо солнечных бурь. 2 изд. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛІКО́ЎСКІ ((Pawlikowski) Юзаф) (19.3.1767, в. Розпжа Лодзінскага ваяв., Польшча — 1829),
польскі публіцыст, паліт. дзеяч. Вывучаў права ў Ягелонскім ун-це (Кракаў), дзе належаў да Саюза філантропаў. Працаваў адвакатам. Выступаў супраць Таргавіцкай канфедэрацыі. Адзін з гал. арганізатараў паўстання 1794. Пасля разгрому паўстання эмігрыраваў у Бельгію, потым у Францыю, дзе 22.8.1795 падпісаў акт пра стварэнне радыкальнай эмігранцкай арг-цыі Польская дэпутацыя. У 1799—1800 сакратар і дарадчык А.Т.Касцюшкі. Пазней жыў у Варшаве, з 1821 чл. тайнага Нац.патрыят.т-ва. У 1826 арыштаваны, памёр у зняволенні. У першай публіцыст. працы «Пра польскіх прыгонных», выдадзенай ананімна ў 1788, выказваў фізіякратычныя погляды радыкалаў, якія патрабавалі адмены прыгону, асабістай незалежнасці і правоў для сялян. У трактаце «Палітычныя думкі для Польшчы» (1789) сфармуляваў філас. праграму нар. манархіі. Пад кіраўніцтвам Касцюшкі напісаў працу «Ці могуць палякі дамагчыся незалежнасці?» (1800), у якой патрабаваў спалучэння нац.-вызв. барацьбы з барацьбой за грамадскі прагрэс. Аўтар «Успамінаў пра падрыхтоўку касцюшкаўскага паўстання» (1876).
Літ.:
Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977.