КАРАЛІ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (англ. Caroline Islands, ісп. Carolinas Islas),
архіпелаг у зах.ч. Ціхага ак., у Мікранезіі. Уваходзяць у склад дзярж. утварэнняў: Федэратыўныя штаты Мікранезіі (Цэнтр. і Усх. Караліны: а-вы Косрае, Панпеі, Трук, Яп) і Рэспубліка Палау (зах. К.а., падапечная тэр. ЗША). Усяго 936 асобных або сабраных у групы астравоў агульнай пл. каля 1320 км². Нас. каля 105 тыс.чал. (1988). Буйнейшыя а-вы: Бабелтуап, Понапе, Кусаіе, Яп, Трук — вулканічныя (выш. да 791 м), абкружаны больш нізкімі каралавымі рыфамі. Астравы зах. групы адносяцца да сістэмы астраўных дуг, для якіх характэрна ўстойлівае павольнае падняцце. Астравы ўсх. групы сфарміраваны на акіянічным ложы. Радовішчы фасфарытаў. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны. Вечназялёныя трапічныя лясы, саванны. Трапічнае земляробства, жывёлагадоўля, рыбалоўства. Адкрыты ў 1528 ісп. мараплаўцам А. дэ Сааведра. Названы ў гонар ісп. караля Карла II.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРМУРО́ВАЕ МО́РА (тур. Marmara, ад назвы аднайм. вострава ў гэтым моры, дзе здаўна вялася здабыча мармуру),
міжземнае мора Атлантычнага ак., паміж Еўропай і М. Азіяй. Абмывае берагі Турцыі. Злучаецца пралівам Басфор з Чорным м., пралівам Дарданелы з Эгейскім м.Пл. 12 тыс.км². Найб.глыб. 1273 м. Утварылася ў выніку разломаў зямной кары, якія падзялілі мацерыкі Еўропы, Азіі і Афрыкі. Берагі пераважна гарыстыя, на Пд і У моцна расчлянёныя, каля паўн. берагоў шмат падводных рыфаў. А-вы Мармара, Прынцавы і інш. Не замярзае; т-ра вады на паверхні зімой 8—9 °C, летам 29 °C. Салёнасць ад 20‰ на Пн да 26‰ на Пд. Флора і фауна падобныя да міжземнаморскіх. Рыбалоўства. Праз М.м. праходзяць важныя камунікацыі з Чорнага м. ў Міжземнае. На паўн. беразе г. Стамбул.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРМЕ́КІЙ (грэч. Myrmēkion),
старажытны горад Баспорскай дзяржавы. Руіны М. знаходзяцца каля мыса Каранціннага, за 4 км ад г. Керч у Крыме (Украіна). Выяўлены ў 1820-я г.Археал. раскопкі праводзяцца з 1934. М. засн. каля сярэдзіны 6 ст. да н.э., з 3 ст. да н.э. з’яўляўся буйным цэнтрам вінаробства, рыбалоўства і рамёстваў (керамічнага, ткацкага і інш.) Баспора. У пач. 4 ст. да н.э. быў абнесены абарончымі сценамі. У горадзе існавала квартальная забудова. Асабліва вылучаўся культавы раён. Вакол М. існаваў вялізны некропаль. М. спыніў сваё існаванне ў 2-й пал. 3 ст.н.э. На руінах ант. М. ў 8—9 ст. і 14 ст. існавалі пасяленні. Пры раскопках выяўлены вял. рыбазасолачныя цыстэрны 2—3 ст.н.э., мясц. і імпартная кераміка, тэракоты, манеты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮКА́СЛ, Ньюкасл-эпон-Тайн (Newcastle upon Tyne),
горад у Вялікабрытаніі, на ПнУ Англіі. Адм. ц. графства Тайн-энд-Уір і гал. горад канурбацыі Тайнсайд. Вядомы з апошніх стагоддзяў да н.э. Каля 300 тыс.ж., у межах графства больш за 1,3 млн.ж. (1999). Порт на р. Тайн, паблізу ад яе ўпадзення ў Паўночнае м. Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны прамысл. і гандл.-фін. цэнтр краіны. Прам-сць: суднабудаванне і суднарамонт, вытв-сць катлоў, турбін, горнашахтавага абсталявання, эл.-тэхн., хім., харчовая. База рыбалоўства. Метрапалітэн. Ун-т. Муніцыпальная маст. галерэя. Музей навукі і тэхнікі (экспануецца паравоз Дж.Стэфенсана). Захаваліся рэшткі рымскага вала (2 ст.н.э.), гар. муроў (з 1265), раманскі замак (каля 1080), данжон (1172—77), «Чорныя вароты» (сярэдзіна 13 ст.), познагатычны сабор (каля 1216—1359), ратуша (сярэдзіна 17 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСКО́ЎСКАЯ ФЕАДА́ЛЬНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
руская феад. дзяржава з цэнтрам у г.Пскоў у 2-й пал. 13 ст. — 1510. Пасля распаду ў 12 ст.Кіеўскай Русі Пскоўская зямля — частка Наўгародскай феадальнай рэспублікі. Пры князю, выхадцу з ВКЛ, Даўмонце [1266—99] яна фактычна аддзялілася ад Ноўгарада, што юрыдычна замацаваў Болатаўскі дагавор 1348. П.ф.р. мела дзярж. лад, падобны на наўгародскі (веча, пасаднікі, савет баяр, служылы князь). Аснова гаспадаркі — земляробства, жывёлагадоўля, рыбалоўства, развітыя рамёствы, гандаль. Імкнучыся пазбавіцца ад наўгародскай і інш. знешніх пагроз (частыя войны з ВКЛ і Лівонскім ордэнам), П.ф.р. ў 14—15 ст. зблізілася з Маскоўскім вял. княствам, у 1456, 1471 і 1478 падтрымала яго паходы супраць Ноўгарада. У 1510 ліквідавана, яе тэр. далучана да Рускай цэнтралізаванай дзяржавы. У П.ф.р. развіваліся Пскоўская школа дойлідства і Пскоўская школа жывапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОД-А́ЙЛЕНД (Rhode Island),
штат на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. ў ЗША, у Новай Англіі. Пл. 3,2 тыс.км². Нас. 990,8 тыс.чал. (1999). Адм. ц., буйнейшы горад і гал. порт — Провідэнс. Рэльеф нізінны і раўнінны. Макс.выш. да 247 м. Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. каля -2 °C, ліп. 21—23 °C. Ападкаў каля 1150 мм за год, выпадаюць раўнамерна. Захаваліся ўчасткі дубова-букавых лясоў. Р.-А. найб. шчыльна населены (каля 310 чал. на 1 км²), урбанізаваны (гар. насельніцтва больш за 90%) і прамыслова развіты штат. Прам-сць: тэкст., электронная, разнастайнае машынабудаванне, металаапрацоўка, гумавая, харч., ювелірная, галантарэйная, паліграфічная. Суднабудаванне, суднарамонт. Нарыхтоўка дубу, здабыча буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу (малочная прадукцыя, яйкі, ягады). Вырошчваюць бульбу, гародніну, сеяныя травы. Птушкагадоўля. Марское рыбалоўства. Турызм. Транспарт аўтамаб., марскі, чыгуначны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРДЗІ́НІЯ (Sardegna),
адм. вобласць Італіі на в-ве Сардзінія і суседніх невял. астравах. Адміністрацыйна падзелена на правінцыі Кальяры, Нуора, Сасары, Арыстана. Пл. 24,1 тыс.км². Нас. каля 2 млн.чал. (2000). Гал. горад Кальяры. Асн. галіны эканомікі — сельская гаспадарка і горназдабыўная прам-сць. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 1,7 млн.га, у т. л. каля 74% займаюць пашы і лугі, каля 19% — ворыва, каля 6% — сады і вінаграднікі. Пасевы збожжавых, бабовых, бульбы, артышокаў; агародніцтва, вінаградарства, культура слівы, цытрусавых і інш. Пераважнае значэнне мае жывёлагадоўля (каля 1/3 пагалоўя авечак у Італіі, буйн. раг. жывёла, свінні). Рыбалоўства. Здабыча свінцу і цынку, кам. вугалю, флюарыту, баксітаў. Прам-сць: каляровая металургія, нафтаперапрацоўка і нафтахімія, харч., тэкст., гарбарная, дрэваапр., эл.-тэхн., суднарамонт. Ручное дыванаткацтва. Транспарт марскі, чыг. і аўтамабільны. Прыроду гл. ў арт.Сардзінія (востраў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВА́Н,
возера ў Арменіі, адно з найбуйнейшых на Каўказе. Размешчана на Армянскім нагор’і на выш. 1900 м. Пл. 1240 км², сярэдняя глыб. 28,5 м, найб. 83 м. Займае цэнтр.ч. міжгорнай упадзіны, абкружанай горнымі хрыбтамі. Двума мысамі возера падзяляецца на Малы С. і Вялікі С., злучаных пралівам (шыр. да 8 км). У возера ўпадае 28 невял. рэк, выцякае р. Раздан. Былы в-аў Севан з-за спуску часткі вады ў сувязі с з буд-вам на р. Раздан ГЭС злучыўся з сушай. З мэтай павелічэння водных рэсурсаў С. і Севана-Разданскага каскада ГЭС пабудаваны падземны тунэль Арпа—Севан (даўж. 49 км) для перакідвання вод р. Арпа. Замярзае С. толькі ў самыя халодныя зімы. Рыбалоўства. Возера ў складзе аднайм.нац. парку. На беразе С. — г. Севан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАД (Tchad, Chad),
бяссцёкавае возера ў Цэнтр. Афрыцы (у сумежных раёнах Нігерыі, Нігера, Чада і Камеруна), на выш. 240 м. Даўж. 270 км, шыр. да 150 км. Пл. ад 10 да 26 тыс.км² (у залежнасці ад шматгадовых ваганняў сцёку ў Ч.), глыб. адпаведна 4—11 м. У эпохі павышэння вільготнасці клімату (апошняе 5—6 тыс.г. назад) пл. возера дасягала да 400 тыс.км². Зах. і паўд. берагі нізкія, б.ч. забалочаныя; паўн.-ўсх. і ўсх. моцна парэзаныя, каля іх шматлікія астравы. У Ч. упадаюць рэкі Шары і Камадугу-Іобе. У месцах упадзення рэк вада ў возеры прэсная, на астатняй ч. — слаба саланаватая. У Ч. значны падземны адток, які дае жыўленне грунтавым водам прылеглых раёнаў. Водзяцца ламанціны, бегемоты, кракадзілы; шмат водных і балотных птушак. Рыбалоўства. Суднаходства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯПО́НСКАЕ МО́РА,
паўзамкнёнае мора Ціхага ак., паміж мацерыком Еўразія і яго Карэйскім п-вам, Японскімі а-вамі і в-вам Сахалін. Абмывае берагі Расіі, КНДР, Паўд. Карэі і Японіі. Злучаецца з Ахоцкім м. прал. Татарскім, Невяльскога і Лаперуза, з Ціхім ак. — прал. Цугару (Сангарскім), з Усх.-Кітайскім і Жоўтым морамі — Карэйскім пралівам. Пл. 1062 тыс.км². Найб.глыб. 3720 м. Буйныя зал.: Усх.-Карэйскі і Пятра Вялікага. Т-ра вады на паверхні зімой 0—12 °C, летам 17—26 °C. На Пн зімой замярзае. Салёнасць ад 27,5 да 34,8‰. Прылівы змешаныя (да 0,5 м), у Татарскім прал. паўсутачныя (да 2,3 м). Рыбалоўства, промысел крабаў, трапангаў, водарасцей і інш.Гал. парты: Уладзівасток, Находка, Васточны (Расія), Ніігата, Цуруга, Майдзуру (Японія), Вонсан, Хынам, Чханджын (КНДР).