МІРМЕ́КІЙ (грэч. Myrmēkion),

старажытны горад Баспорскай дзяржавы. Руіны М. знаходзяцца каля мыса Каранціннага, за 4 км ад г. Керч у Крыме (Украіна). Выяўлены ў 1820-я г. Археал. раскопкі праводзяцца з 1934. М. засн. каля сярэдзіны 6 ст. да н.э., з 3 ст. да н.э. з’яўляўся буйным цэнтрам вінаробства, рыбалоўства і рамёстваў (керамічнага, ткацкага і інш.) Баспора. У пач. 4 ст. да н.э. быў абнесены абарончымі сценамі. У горадзе існавала квартальная забудова. Асабліва вылучаўся культавы раён. Вакол М. існаваў вялізны некропаль. М. спыніў сваё існаванне ў 2-й пал. 3 ст. н.э. На руінах ант. М. ў 8—9 ст. і 14 ст. існавалі пасяленні. Пры раскопках выяўлены вял. рыбазасолачныя цыстэрны 2—3 ст. н.э., мясц. і імпартная кераміка, тэракоты, манеты і інш.

Т.​С.​Скрыпчанка.

т. 10, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)