ПРАПАГА́НДА (лац. propaganda падлягае распаўсюджванню),
дзейнасць, накіраваная на папулярызацыю і ўкараненне ў грамадскай свядомасці пэўных ідэй, поглядаў, вобразаў. Праводзіцца з дапамогай розных форм і метадаў (вусная, друкаваная, ілюстрацыйная, кіно-, радыё- і тэлепрапаганда). Важнае месца займае П. навук. ідэй і дасягненняў, дзярж. палітыкі (знешняй і ўнутр.), здаровага ладу жыцця. Вядучая роля адводзіцца паліт. П., якая ўключае намаганні паўплываць на стан свядомасці індывідаў, сац. або нац. груп. З’яўляецца адной з перадумоў функцыянавання паліт., дзярж. улады.
Тэорыя П. бярэ пачатак у ідэях Платона і Арыстоцеля, якія распрацоўвалі пытанні ўздзеяння слова на фарміраванне чалавечай душы і сістэму метадаў пераканання людзей. Паняцце «П.» сфармулявана ў 1622 Ватыканам, які стварыў «Кангрэгацыю распаўсюджвання веры» для пашырэння ўплыву каталіцызму праз місіянерскую дзейнасць і барацьбу з ерасямі. Кангрэгацыя выкарыстоўвала абстрактна-гуманістычныя лозунгі «ўдасканальвання чалавека», але надавала слову «П.» канкрэтную ідэалаг. арыентацыю. Для П. характэрна супярэчнасць паміж дэклараваным і сапраўдным зместам, што абумовіла негатыўнае яе ўспрыманне. Пасля 2-й сусв. вайны паліт. П. стала пастаянным кірункам дзярж. дзейнасці, што выявілася ў стварэнні мін-ваў і цэнтраў П., арг-цыі навук. даследаванняў і адпаведных устаноў. Прапагандысцкія службы выкарыстоўваюць увесь набыты вопыт па маніпуліраванні чалавечай свядомасцю. П. ператварылася ў важны інструмент дзярж. палітыкі, распрацоўкі і пошуку варыянтаў вырашэння канкрэтных сац,эканам., паліт. праблем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да ліп. 1944 у Рагачове і Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл. пад кіраўніцтвам Рагачоўскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ. Складалася з 17 арг-цый (больш за 160 чал.): 2 у Рагачове (кіраўнікі М.Я.Данілава і К.К.Гардзіеўскі), 3 у в. Турск (А.А.Ганчароў, В.Ф.Ярмоленка, Л.А.Кудраўцава), у пасёлках Дняпроўскі (Г.А.Фядосава), Масткі (М.С.Філіпаў) і Лавы (Ф.Р.Сідарэнка), вёсках Азяраны (А.К.Мальцаў), Гадзілавічы (І.В.Гранкова), Забалацце (В.К.Парфёнава), Красніца (А.І.Шукевіч), Слабада (А.А.Канавалава), Станькаў (У.Я.Крапніцкая), Філіпкавічы (Р.П.Лукашэвіч), Церахоўка (У.Ф.Мазепіна) і на ст. Салтанаўка (В.А.Ашмянскі, У.В.Лабачоў) Жлобінскага р-на. Падпольшчыкі запісвалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, здабывалі і перадавалі партызанам зброю і боепрыпасы, зімой 1943 пераправілі ім абсталяванне зубаўрачэбнага кабінета і ўрачоў-стаматолагаў; рэгулярна псавалі абсталяванне на лесазаводзе, сянных прэсаў, апаратуру сувязі, водаправодную сістэму чыг. станцыі Рагачоў і гарнізона праціўніка, разам з партызанамі ўдзельнічалі ў дыверсіях на чыгунцы, у баі з ням. гарнізонам у в. Гадзілавічы; аказвалі дапамогу разведгрупам Чырв. Арміі ў зборы інфармацыі пра перадыслакацыі праціўніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁТЭХНІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна машынабудавання і металаапрацоўкі, якая вырабляе абсталяванне для радыёсувязі і тэлебачання, сродкі радыё- і правадной сувязі, шырокавяшчальныя радыёпрыёмнікі і тэлевізары, электронныя ўзмацняльнікі, электраакустычныя прыстасаванні, спец.тэхнал. абсталяванне. Найб. развітая Р.п. у ЗША, Японіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Рэспубліцы Карэя, Кітаі, Нідэрландах. На Беларусі радыёпрыёмнікі выраблялі на Мінскім радыёзаводзе з 1940 (з 1950-х г.Мінскі прыборабудаўнічы завод, выпускаў радыёлу «Мінск Р-7»; з 1992 Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі). З 1951 працуе 2-і радыёзавод (у 1959 выпусціў першы ў СССР транзістарны радыёпрыёмнік «Мінск-Т»), з 1997 — Мінскае прадпрыемства «Завод Гарызонт». Як самастойная галіна Р.п. пачала фарміравацца з 1950-х г. У 1957 пабудаваны Віцебскі завод радыёдэталей; у 1976—78 — Віцебскі тэлевізійны з-д (з 1989 уваходзіць у Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Віцязь»). Працуе больш за 50 прадпрыемстваў Р.п. (2000). Сярод іх: Гродзенскае ВА «Хваля» (аўтамагнітолы, аднаканальныя і шматканальныя радыёстанцыі, радыёпрыёмнікі, тэлевізары), Гомельскае вытворчае аб’яднанне «Карал», радыёзавод «Спадарожнік» ў г. Маладзечна (стэрэамагнітолы і радыёпрыёмнікі для аўтамабіляў), завод «Зеніт» у Магілёве (тэлевіз. апаратура) і інш.; у Віцебску бел.-швейц. прадпрыемства «Euromedia» (каляровыя тэлевізары з камплектацыяй дэталей фірм «Toshiba», «Hitachi», «Philips». Выпушчана 195 тыс. радыёпрыёмнікаў, 516 тыс. тэлевізараў, у т. л. 433 тыс. каляровых (1999). Прадукцыя Р.п. экспартуецца ў многія краіны свету, у т. л. ў Расію, на Украіну і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З ЖУРНАЛІ́СТАЎ БЕЛАРУ́СІ.
Беларускі саюз журналістаў, добраахвотная грамадская арганізацыя прафес. работнікаў перыяд. друку, тэлебачання, радыёвяшчання, інфарм. агенцтваў, выдавецтваў. Створаны ў 1959 як С.ж.Б. З 1995 наз.Бел. саюз журналістаў. Гал. задачы саюза — павышэнне прафес. майстэрства журналістаў, іх кругагляду і абагульненне лепшага вопыту. Арганізоўвае творчыя семінары, стажыроўку маладых журналістаў, прэс-канферэнцыі, творчыя конкурсы, выстаўкі. Членамі саюза могуць быць журналісты, фотакарэспандэнты, мастакі, рэдактары, якія працуюць у друку, на радыё і тэлебачанні, у інфарм. агенцтвах не менш як 3 гады і валодаюць высокім прафес. майстэрствам. Вышэйшы орган — рэсп. з’езд. Паміж з’ездамі дзейнасцю саюза кіруе сакратарыят і рада. З’езды адбыліся ў 1959, 1962, 1966, 1971, 1977, 1982, 1987, 1990, 1995, 2000. Дзейнасць С.ж.Б. распаўсюджваецца на тэр. Рэспублікі Беларусь. У абласцях створаны абласныя журналісцкія арг-цыі, у рэдакцыях — пярвічныя. Уваходзіць у склад Міжнар. канфедэрацыі журналісцкіх саюзаў. Яго прадстаўнікі ўдзельнічаюць у міжнар. сустрэчах і сімпозіумах журналістаў, арганізоўваюць аналагічныя мерапрыемствы на Беларусі, спрыяюць умацаванню супрацоўніцтва і абмену вопытам паміж сродкамі масавай інфармацыі розных краін свету. Выдае газ. «Вдохновение». Старшыні С.ж.Б.: Ф.Я.Кляцкоў (1959—71), У.В.Мацвееў (1971—73), А.А.Тоўсцік (1973—87), І.П.Макаловіч (1987—90), Л.С.Екель (з 1990). На 1.9.2001 аб’ядноўвае 2500 чл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТО́НАЎ (Барыс Віктаравіч) (6.8.1903, Мінск — 15.2.1967),
бел. акцёр, педагог. Нар.арг. Беларусі (1946). Нар.арт.СССР (1948). З 1920 працаваў у тэатр. калектыве пры «Беларускай хатцы», у Т-ры рэв. сатыры ў Мінску. З 1922 у Бел. т-ры імя Я.Купалы (у 1961—63 яго маст. кіраўнік). З 1965 заг. кафедры ў Бел.тэатр.-маст. ін-це. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, вял. сцэнічнага абаяння, выдатны майстар пераўвасаблення. Спалучаў тонкі псіхал. малюнак ролі з вонкавай тэатр. яркасцю. Сярод лепшых драм. роляў: Заслонаў («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, Дзярж. прэмія СССР 1948), Туміловіч («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы, Дзярж. прэмія СССР 1952), Трыгорын («Чайка» А.Чэхава). Стварыў гранічна завостраныя камед. вобразы ў нац. рэпертуары: Быкоўскі («Паўлінка» Я.Купалы), Зёлкін, Жлукта («Хто смяецца апошнім», «Мілы чалавек» К.Крапівы), Лявон («Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка). Высокім трагедыйным гучаннем вызначаліся ролі: Рамэо («Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), Эзоп («Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду), Жадаў («Даходнае месца» Астроўскага), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Пётр («Апошнія» М.Горкага). Выступаў на Бел.радыё з чытаннем твораў прозы і паэзіі («Курган» Я.Купалы і інш.). Зняўся ў фільмах «Кастусь Каліноўскі», «Песня вясны», «Паўлінка», «Пяюць жаваранкі», «Хто смяецца апошнім» і інш. Пра П. зняты дакумент. фільм «Думкі і вобразы» (1965).
Літ.:
Сабалеўскі А. Барыс Платонаў: Жыццё і творчасць вялікага бел. артыста. 2 выд.Мн., 1989.
А.В.Сабалеўскі.
Б.В.Платонаў.Б.Платонаў у ролі Лявона.Б.Платонаў у ролі Эзопа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРНО́Ў, Сарноф (Sarnov, Sarnoff) Давід (Дэвід, 27.2.1891, в. Вузляны Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 12.12.1971), амерыканскі сувязіст і бізнесмен, адзін з заснавальнікаў радыё- і тэлевяшчання ў ЗША. Ганаровы д-р Калумбійскага, Нью-Йоркскага і інш. ун-таў. Брыгадны генерал (1944). З 1900 у ЗША. З 1906 у «Кампаніі бяздротавага тэлеграфа Марконі» (Нью-Йорк). З 1919 у Радыёвяшчальнай карпарацыі Амерыкі (з 1922 віцэ-прэзідэнт, з 1930 прэзідэнт, у 1947—70 старшыня савета дырэктараў). З пач. 1920-х г. дарадца 10 прэзідэнтаў ЗША. 14.4.1912 прыняў радыётэлеграму аб крушэнні лайнера «Тытанік», які тануў, і 3 сут падтрымліваў сувязь з выратавальнікамі. Выказаў ідэі муз. радыёвяшчання і выпуску радыёпрыёмнікаў (1915—16). Заснаваў Нац. радыёвяшчальную кампанію Эн-Бі-Сі (1926). Арганізаваў рэгулярнае тэлевяшчанне ў ЗША (з 1939). Пад яго кіраўніцгвам створана сістэма каляровага тэлебачання, сумяшчальная з чорна-белай (1949), зроблены запіс тэлеперадачы на магн. відэастужку (1956), зняты першы тэлевізійны маст. фільм (1964). Удзельнічаў у стварэнні сістэм касм. сувязі, камп’ютэрызацыі ЗША. Міжнар.ін-т інжынераў-электрыкаў заснаваў прэмію яго імя за дасягненні ў галіне электронікі (1959).
Тв.:
Looking ahead: The papers of David Sarnoff. New York, 1968.
Літ.:
Lyons E. David Sarnoff: A biography. New York, 1966;
Dreher C. Samoff: An american success. New York, 1977;
Bilby K.W. The General: David Samoff and the rise of the communications industry. New York, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАМЕ́ТРЫЯ (ад астра... + ...метрыя),
раздзел астраноміі, які вывучае ўзаемнае размяшчэнне нябесных целаў у прасторы і змену яго з цягам часу, а таксама памеры і форму планет і іх спадарожнікаў. Уключае фундаментальную астраметрыю (вызначае найб. дакладную сістэму сферычных каардынат), сферычную астраномію (распрацоўвае матэм. метады рашэння задач, звязаных з бачным размяшчэннем і рухам свяціл на нябеснай сферы), практычную астраномію (распрацоўвае астранамічныя інструменты і прылады). Да астраметрыі належыць таксама вызначэнне момантаў сонечных і месяцавых зацьменняў, вырашэнне праблем календара. На падставе астраметрычных назіранняў вызначаны шкала дакладнага часу, даныя пра становішча восі вярчэння Зямлі ў прасторы і ў целе Зямлі, сістэма астранамічных пастаянных, каталогі зорак, пунктаў зямной паверхні з астр. каардынатамі і пунктаў з планетаграфічнымі каардынатамі на паверхні Месяца, Марса, Меркурыя і інш. планет. Еўрапейскае касмічнае агенцтва ў 1989 запусціла астраметрычны спадарожнік «Гіпаркос», які вызначыў каардынаты, уласныя рухі і трыганаметрычныя паралаксы 118 тыс. зорак з дакладнасцю да 2-тысячных доляў вуглавой секунды і амаль для мільёна зорак з меншай дакладнасцю. Выкарыстанне ў астраметрыі сродкаў радыё-, электроннай і выліч. тэхнікі дазваляе выконваць арыентацыю касм. апаратаў у час працяглых міжпланетных палётаў, назіраць ШСЗ і інш. Метадамі астраметрыі карыстаюцца ў геадэзіі, картаграфіі і навігацыі.
Літ.:
Подобед В.В., Нестеров В.В. Обшая астрометрия. 2 изд. М., 1982;
Бакулин П.Н. Фундаментальные каталоги звезд. 2 изд. М., 1980;
Бакулин П.И., Блинов Н.С. Служба точного времени. 2 изд. М., 1977;
Положенцев Д.Д. Радио- и космическая астрометрия. Л., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАЎ (сапр.Сарокін) Глеб Паўлавіч
(11.5.1899, г. Вазнясенск, Украіна — 3.3.1967),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1940), нар.арт.СССР (1948). Вучыўся ў Адэскім політэхн. ін-це (1917—18). Сцэн. дзейнасць пачаў у аматарскіх спектаклях, якія наладжваў яго бацька П.Сарокін. З 1926 у Бел. т-ры імя Я.Купалы (маст. кіраўнік у 1941—47; у 1943 узначальваў тэатр. франтавую брыгаду). Выдатны майстар камедыі. Майстэрства пераўвасаблення, яркасць знешняга малюнка, пластычная выразнасць, глыбокае пранікненне ў сутнасць характару чалавека, арганічнасць паводзін, імправізацыйны дар вызначалі яго мастацтва. Найб. ярка акцёрскі талент Глебава выявіўся ў нац. драматургіі: Няміра («Бацькаўшчына» К.Чорнага), Харкевіч («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Пустарэвіч («Паўлінка» Я.Купалы; і ў кіно), Туляга («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, Дзярж. прэмія СССР 1941; і ў кіно), Кропля («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, Дзярж. прэмія СССР 1948; і ў кіно), Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Глушак («Людзі на балоце» паводле І.Мележа) і інш. Сярод лепшых роляў у класічным рэпертуары: Маргарытаў («Позняе каханне» А.Астроўскага), Гарпагон («Скупы» Мальера), Мендоза («Дзень цудоўных падманаў» Р.Шэрыдана). Здымаўся ў кіно: «Несцерка», «Нашы суседзі», «Палеская легенда», «Першыя выпрабаванні», «Усходні калідор» і інш.Вял. папулярнасць набыў як чытальнік на радыё, асабліва казак і баек для дзяцей.
Літ.:
Сабалеўскі А.В. Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага бел. камедыйнага акцёра. Мн., 1994.
А.В.Сабалеўскі.
Г.П.Глебаў. Мастак І.Ахрэмчык. 1943.Г.П.Глебаў у ролі пана Антонія (справа) у кінафільме «Палеская легенда».Г.П.Глебаў у ролі Пустарэвіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАЗА́ПІС,
запіс гукавых ваганняў на гуканосьбіце для наступнага ўзнаўлення. Гуказапісвальны элемент (разец, светлавы прамень, магн. поле ці інш.) пакідае след гукавога вагання (гукавую дарожку, ці фанаграму) на рухомым гуканосьбіце. У залежнасці ад колькасці каналаў запісу—узнаўлення адрозніваюць гуказапіс мона- (1 канал), стэрэа- (2 каналы), квадра- (4 каналы) і поліфанічны (больш за 4 каналы). Найб. пашыраны мех., фатагр. (аптычныя) і магн. метады гуказапісу, якія выкарыстоўваюцца ў вытв-сці грампласцінак, гукавым кіно, пры стварэнні радыё- і тэлевізійных праграм і інш.
Для мех. гуказапісу выкарыстоўваюць эл.-акустычны (найб. пашыраны) ці акустычны спосаб. Пры акустычным спосабе гукавыя ваганні непасрэдна ўздзейнічаюць на гуказапісвальны элемент (напр., іголку фанографа), які стварае гукавую канаўку, пры эл.-акустычным — гукавыя ваганні пераўтвараюцца мікрафонам у эл. і пасля ўзмацнення ўздзейнічаюць на запісвальны элемент. Пры фатагр. гуказапісе гукавыя ваганні пераўтвараюцца ў светлавыя і фіксуюцца на святлоадчувальнай плёнцы (гл.Гукавое кіно), кампакт-дыску і інш., пры магн. гуказапісе зменьваецца намагнічанасць дарожкі запісу на магнітных дроце, стужцы, дыску і інш.Гл. таксама Дыктафон, Магнітафон, Магнітарадыёла, Магнітола.
У муз. мастацтве гуказапіс адкрыў новыя магчымасці і зрабіў вял. ўплыў на ўсе сферы музыкі 20 ст. Ён ператварыў музыку ў прадмет масавай вытворчасці, вылучыў гукарэжысуру як новую разнавіднасць муз. творчай працы і прывёў да істотных змен у кампазіцыі, выканальніцтве (гл.Электронная музыка) і ўспрыманні музыкі.
Літ.:
Синклер Я. Введение в цифровую звукотехнику: Пер. с англ.М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́ЗНА (Уладзімір Іванавіч) (н. 25.5.1938, в. Закружка Мінскага р-на),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1961). Настаўнічаў на Браслаўшчыне (Віцебская вобл.), працаваў на Бел.радыё, у час. «Полымя», з 1981 у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Аўтар больш за 20 паэт. зб-каў, у т. л. «Край мой сінявокі» (1963), «Жураўліны досвітак» (1969), «Святло ліўня» (1972), «Цеплыня» (1977), «Цішыня баразны» (1981), «Шумяць вербы...» (1982), «Музыка ў свеце» (1985), «Расколіна на Звоне Свабоды» (1986), «Душы разгуканай мелодыя» (1988), «Азёры дабрыні» (1995), кніг для дзяцей «На сяле ў бабулі» (1975), «Кыонг і яго сябры» (1982), «Зямля — два паўшар’і» (1988), «Мір і сонейка — для ўсіх» (1990), «Хітры і мудры» (1994), «Насціна кніжка» (1995), «Іграй, жалейка, не змаўкай...» (1998). Тэмы яго твораў — памяць мінулай вайны, любоў да роднага краю, жыццё і праца, шчасце, радасць і паўсядзённы клопат сучасніка. Шматлікія яго вершы пакладзены на музыку бел. кампазітарамі У.Буднікам, Я.Глебавым, Э.Зарыцкім, І.Лучанком, Ю.Семянякам, Л.Захлеўным, У.У.Карызнам і інш., найб. папулярныя з іх увайшлі ў зб-кі песень «Клубныя вечары» (1979), «Люблю цябе, Белая Русь» (1984), «Салавей спявае» (1990), «Гэта наша Радзіма» (1998). Уражанні ад наведвання В’етнама і ЗША — у аснове цыкла публіцыстычных твораў (паэма «Размова наросцяж», вершы). Творчасць К. адметная выразнасцю мовы. меладычнасцю, рытміка-інтанацыйным багаццем. Перакладае з укр., літ. і інш. моў. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Літ.:
Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976. С. 97—99.