армянская школа мініяцюры 2-й пал. 12—14 ст., якая склалася ў Кілікійскай армянскай дзяржаве. Сфарміравалася на аснове традыцый арм. мініяцюры і пад уплывам візант. і зах.-еўрап. жывапісу. Гал. цэнтры К.ш. — манастыры Ромкла, Грнер, Дразарк. У афармленні рукапісаў пераважалі хараны (арачнае афармленне «канонаў згоды»), маргінальныя знакі (паказальнік абзаца або главы тэксту), вял. літары, сюжэтныя ілюстрацыі. Раннія мініяцюры вызначаліся пэўнай цяжкаважкасцю арх. форм харанаў, буйным арнаментам, пераважна геам. і пальметным, цёплымі прыглушанымі тонамі. Мініяцюрам часу росквіту (2-я пал. 13 ст.; найбуйнейшы майстар — Тарос Раслін) уласцівы багацце арнаментальных форм, якія ўключалі і выявы птушак, звяроў, чалавека, віртуозны дынамічны малюнак, гучнасць фарбаў, што падкрэслівалася праз увядзенне золата, яркая эмацыянальнасць індывідуалізаваных выяў людзей. У пач. 14 ст. ў К.ш. выявіліся рысы заняпаду. Традыцыі К.ш. захоўваліся ў арм. мініяцюры да канца 18 ст.
Літ.:
Армянская миниатюра Древней Армении. Ереван, 1969.
Да арт.Кілікійская школа мініяцюры. Тарос Раслін. Пераход яўрэяў праз Чырвонае мора. Мініяцюра з «Чашоца» Хетума II. 1286.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАНСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ АБ ЧАРНАМО́РСКІХ ПРАЛІ́ВАХ міждзяржаўныя пагадненні аб умовах міжнар. рэжыму Чарнаморскіх праліваў Басфор і Дарданелы
(іх берагі належаць Турцыі),
падпісаныя ў Лондане ў 19 ст. 1) Канвенцыя ад 13.7.1841 паміж Расіяй, Вялікабрытаніяй, Аўстрыяй, Прусіяй і Турцыяй абавязвала Турцыю ў мірны час не прапускаць праз Чарнаморскія пралівы замежныя ваен. судны, у т. л. расійскія. Фактычна скасавала Ункяр-Іскелесійскі дагавор 1833, які прадугледжваў сумеснае выкарыстанне і абарону праліваў Расіяй і Турцыяй; рас.ваен. флот быў запёрты ў Чорным м. 2) Канвенцыя ад 13.3.1871 паміж Расіяй, Турцыяй, Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Італіяй, Вялікабрытаніяй і Францыяй у асноўным пацвердзіла ўмовы канвенцыі 1841, але Турцыі дазвалялася ў мірны час прапускаць праз пралівы ваен. судны «дружалюбных і саюзных дзяржаў», што аб’ектыўна было накіравана супраць Расіі. Санкцыяніравала адмену артыкулаў Парыжскага мірнага дагавора 1856, якія забаранялі Расіі трымаць на Чорным м.ваен. флот і будаваць умацаванні.
Літ.:
Дранов Б.А. Черноморские проливы: Междунар.-правовой режим. М., 1948. С. 95—124.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМА́,
пара года, кліматычны сезон паміж восенню і вясной. У астраноміі — перыяд ад дня зімовага сонцастаяння да веснавога раўнадзенства (з 22 снеж. да 21 сак. ў Паўн. паўшар’і, з 22 чэрв. да 23 вер. ў Паўднёвым). Паводле календара зімовыя месяцы ў Паўн. паўшар’і снежань, студзень, люты, у Паўд. — чэрв., ліп., жнівень. На тэр. Беларусі пачаткам З. як клімат. сезона лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 0 °C у бок паніжэння, за канец — праз 0 °C у бок павышэння. На ПнУ З. пачынаецца ў 2-й дэкадзе ліст., на ПдЗ у канцы ліст., заканчваецца адпаведна ў канцы сак., у 2-й дэкадзе сакавіка. Устойлівае снегавое покрыва ўстанаўліваецца на працягу снеж. і трымаецца ад 75 на ПдЗ да 125 дзён на ПнУ. На тэр. Беларусі З. вызначаецца адмоўным радыяцыйным балансам, узмоцненай атмасфернай цыркуляцыяй, пахмурным надвор’ем, туманамі, мяцеліцамі, частай зменай марозных і адлігавых перыядаў, спыненнем вегетацыі раслін, спячкай або анабіёзам у многіх відаў жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ДЗВІНА́,
рака ў Валагодскай і Архангельскай абласцях Расіі. Даўж. 744 км, пл. басейна 357 тыс.км². Утвараецца ад сутокаў рэк Сухана і Юг (каля г. Вялікі Усцюг). Да вусця р. Вага цячэ ў шырокай даліне, падзяляецца на рукавы, потым даліна рэзка звужаецца і пасля ўпадзення р. Пінега зноў разбіваецца на рукавы, якія збіраюцца ў адзіны паток каля г. Архангельск. Ніжэй г. Архангельск пачынаецца дэльта (пл. каля 900 км²). Асн. прытокі: Вычэгда, Пінега (справа), Вага (злева). Сярэдні гадавы расход вады каля с. Усць-Пінега 3330 м³/с. Ледастаў ад канца кастр. — пач.ліст. да пач. мая. Уплыў марскіх прыліваў да вусця р. Пінега. П.Дз. злучана празр. Сухана, воз. Кубенскае і інш. з Волга-Балтыйскім водным шляхам (Паўночна-Дзвінская водная сістэма), празр. Пінега — з р. Кулой. У бас. П.Дз. больш за 17 тыс. азёр. Суднаходная, сплаўная. На П.Дз. — гарады Вялікі Усцюг, Красавіна, Котлас, Навадзвінск, Архангельск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАЗЫ́ЧАННІў мове,
лексічныя, марфалагічныя, фанетычныя і інш. сродкі пэўнай мовы, што перайшлі з інш. моў у выніку моўнага ўзаемадзеяння. Абумоўлены сац.-эканам., дзярж.-паліт. і культ. зносінамі паміж народамі. Пранікаюць непасрэдна з моў-крыніц і праз пасрэдніцтва інш. моў вусным (размоўныя кантакты) і пісьмовым (кнігі, афіц. дакументы, перапіска) шляхам. Найб. актыўна праяўляюцца ў галіне слоўнікавага складу. Падпарадкоўваюцца законам фанетыкі, граматыкі, правілам словаўтварэння і семантычнай сістэмы мовы-рэцэптара. Паводле ступені асіміляцыі падзяляюцца на цалкам асвоеныя (словы, у фанетыка-марфал. афармленні і семантыцы якіх не застаецца нічога, што паказвала б на іх іншамоўнае паходжанне: бел. «блакітны», «булка», «дзірван», «салата», «школа» і інш.) і часткова асвоеныя (экзатызмы). Асобны разрад З. складаюць варварызмы, якія ў адрозненне ад экзатызмаў амаль заўсёды знаходзяцца па-за літ. мовай і не адлюстроўваюцца ў слоўніках.
У 14—18 ст. у бел. мову трапілі многія паланізмы («відэлец», «маёнтак») і пераважна праз польск. пасрэдніцтва — германізмы («дах», «ланцуг») і лацінізмы («градус», «апарат»). Ад старажытнасці бел. мове вядомы літуанізмы («клуня», «свіран»), цюркізмы («аркан», «торба»), грэцызмы («астраномія», «эпіграма»), чэшскія («праца», «мешчанін»), франц. («марш», «тарыф»), італьян. («канцэрт», «лютня») і інш. З. У наш час іншамоўная лексіка трапляе ў бел. ў асноўным празрус. мову. Значную частку слоўнікавага складу бел. мовы ўтвараюць інтэрнацыяналізмы. У сваю чаргу бел. мова таксама паўплывала на суседнія: польскую (krynica — крыніца), літоўскую (kroupa — «крупы») і інш. У меншай ступені З. характэрны для граматыкі і фанетыкі. Асаблівая інтэнсіфікацыя З. назіраецца пры двухмоўі.
Літ.:
Булыка А.М. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯБЕ́СНЫЯ КААРДЫНА́ТЫ,
велічыні, заданнем якіх вызначаецца становішча свяціл і дапаможных пунктаў на нябеснай сферы. Усе сістэмы Н.к. сферычныя; адрозніваюцца выбарам асн. плоскасці і полюса. Вымяраюцца ў дугавых ці гадзінных адзінках.
У гарызантальнай сістэмеасн. плоскасцю служыць плоскасць матэм. гарызонта NmS, полюсам — зеніт Z месца назірання. Зенітная адлегласць z (1-я каардыната) — дуга ZM верт. круга ад зеніту да свяціла; заўсёды дадатная, прымае значэнні ад 0° (для пункта зеніту) да 180° (для пункта надзіра). Замест z можна задаваць вышыню свяціла h — дугу mM вял.верт. круга ад матэм. гарызонта да свяціла; адлічваецца ад плоскасці гарызонта са знакам «+» у бачным паўшар’і нябеснай сферы і са знакам «−» — у нябачным (пад гарызонтам); прымае значэнні ад 0° да ±90°. Азімут A (2-я каардыната) — дуга Sm матэм. гарызонта ад пункта поўдня S да верт. круга, які праходзіць праз свяціла; вызначае становішча самога круга; адлічваецца ў бок сутачнага вярчэння нябеснай сферы — на З ад пункта поўдня, у межах 0+360°. Сістэма выкарыстоўваецца для непасрэднага вызначэння бачнага становішча свяціл пры дапамозе вугламерных інструментаў. У экватарыяльнай сістэме (1-я і 2-я) асн. плоскасць — плоскасць нябеснага экватара Q γ Q′, полюс — полюс свету Р. Каардынаты 1-й экватарыяльнай сістэмы: схіленне δ — дуга mM гадзіннага круга ад нябеснага экватара да свяціла; адлічваецца ад 0° да +90° да паўн. полюса і ад 0° да -90° да паўд. полюса; часам замест схілення задаюць палярную адлегласць p — дугу PM гадзіннага круга ад полюса да свяціла (р = 90°−δ); гадзінны вугал t — дуга Qm нябеснага экватара ад верхняга пункта Q (напрамак на Пд) да гадзіннага круга, які праходзіць праз свяціла; адлічваецца ў бок сутачнага вярчэння нябеснай сферы (на З ад пункта Q) у межах 0+360° ці 0+24 гадз. Сістэма выкарыстоўваецца ў практычнай астраноміі для вызначэння дакладнага часу. Каардынаты 2-й экватарыяльнай сістэмы: схіленне δ і прамое ўзыходжанне α — дуга γm нябеснага экватара ад пункта веснавога раўнадзенства да гадзіннага круга, які праходзіць праз свяціла; адлічваецца ў процілеглы сутачнаму вярчэнню нябеснай сферы бок у межах 0+360° ці 0+24 гадз. Сістэма выкарыстоўваецца для вызначэння зорных каардынат і складання каталогаў. Экліптычная сістэма: асн. плоскасць — плоскасць экліптыкі E γ E′, полюс — полюс экліптыкі П. Для вызначэння становішча свяціла M праводзяць праз яго і пункт П вял. круг — круг шыраты свяціла. Яго дуга LM ад экліптыкі да свяціла наз.экліптычнай шыратой β (1-я каардыната), адлічваецца ад экліптыкі ў напрамку яе Паўн. (са знакам «+») і Паўд. (са знакам «−») полюсаў. 2-я каардыната — экліптычная даўгата λ — дуга γL экліптыкі ад пункта веснавога раўнадзенства γ да круга шыраты свяціла; адлічваецца ў напрамку гадавога руху Сонца ў межах 0÷360° Каардынаты β і λ пунктаў нябеснай сферы не мяняюцца на працягу сутак і не залежаць ад месца назірання. У галактычнай сістэмеасн. плоскасць праходзіць праз цэнтр Галактыкі паралельна плоскасці сіметрыі Млечнага Шляху; яна перасякае нябесную сферу па лініі галактычнага экватара BLB′; полюс — полюс Г адпаведнага вял. круга нябеснай сферы. Для вызначэння становішча свяціла M праводзяць праз яго і пункт Г вял. круг — круг галактычнай шыраты. Дуга LM гэтага круга ад галактычнага экватара да свяціла наз.галактычнай шыратой b (1-я каардыната); прымае значэнні ад 0° да + 90° (знак «−» адпавядае шыротам паўшар’я, дзе знаходзіцца Паўд. полюс свету). 2-я каардыната — галактычная даўгата l — дуга DL галактычнага экватара, якая адлічваецца ад пункта D перасячэння яго нябесным экватарам да круга галактычнай шыраты свяціла ў напрамку нарастаючых прамых узыходжанняў; прымае значэнні 0÷360° Экліптычныя і галактычныя каардынаты атрымліваюцца вылічэннем з экватарыяльных, якія вызначаюцца, як і гарызантальныя, непасрэдна з астр. назіранняў.
А.А.Шымбалёу.
Гарызантальная сістэма нябесных каардынат.Экватарыяльная сістэма нябесных каардынат.Экліптычная сістэма нябесных каардынат.Галактычная сістэма нябесных каардынат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЖА́НІЦА,
рака ў Беларусі, у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Бярозаўка (бас.Зах. Дзвіны). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 130 км². Пачынаецца за 2 км на ПнУ ад в. Крулеўшчына, цячэ ў межах Свянцянскіх град. Даліна трапецападобная, шыр. 0,4—1 км, ніжэй воз. Чачалёўскае (праз якое працякае) 2—2,5 км. Рэчышча шыр. 12—16 м, на працягу 19 км каналізаванае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІКА́РП (ад архі... + грэч. karpos плод),
жаночы палавы орган у многіх сумчатых грыбоў (аскаміцэтаў). Складаецца з 2 частак: ніжняй, акругла-ўспушанай (аскагон), у якой адна ці некалькі буйных, часта мнагаядзерных клетак, і верхняй больш-менш выцягнутай цыліндрычнай (трыхагіна), праз якую мужчынскія палавыя клеткі пранікаюць у аскагон. Пасля гэтага з архікарпа вырастаюць гіфы, на канцах якіх утвараюцца сумкі (аскі) са спорамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТАМНА-АБСАРБЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ,
метад элементнага аналізу і даследавання ўласцівасцяў рэчываў па атамных спектрах паглынання. Заснаваны на прапусканні праз атамізаванае рэчыва бачнага або УФ-выпрамянення і рэгістрацыі спектраў. Выкарыстоўваецца для вызначэння каля 70 хім. элементаў у вадзе, глебе, прадуктах жыццядзейнасці арганізма, нафце, мінералах, сплавах і інш. аб’ектах, для вымярэння некаторых фіз. і фіз.-хім. велічыняў.
Літ.:
Брицке М.Э. Атомно-абсорбционный спектрохимический анализ. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІСЕКТРЫ́СА (ад бі... + лац. seco рассякаю) вугла, прамая, што праходзіць праз вяршыню вугла і дзеліць яго папалам. Усе пункты бісектрысы роўнааддаленыя ад бакоў вугла. Бісектрыса трохвугольніка — адрэзак бісектрысы аднаго з вуглоў гэтага трохвугольніка паміж яго вяршыняй і процілеглай стараной, якую ён дзеліць на адрэзкі, прапарцыянальныя бакавым старанам. Бісектрысы ўсіх вуглоў трохвугольніка перасякаюцца ў адным пункце — цэнтры ўпісанай акружнасці.