ВО́ЛКАЎ (Віталь Васілевіч) (н. 16.6.1939, г. Екацярынбург, Расія),
бел. выканаўца на трубе. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Уральскую кансерваторыю (1964). У 1968—88 саліст і канцэртмайстар групы труб Дзярж.акад.сімф. аркестра Рэспублікі Беларусь, з 1990 — мінскага духавога аркестра «Няміга». Адначасова педагог Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1991), Мінскага ін-та культуры (1976—78). Выступае як трубач-саліст. Яго выкананне адметнае сакавітым, прыгожым гучаннем інструмента, тэхн. свабодай. Першы выканаўца многіх твораў для трубы бел. кампазітараў М.Аладава, А.Туранкова, П.Падкавырава, А.Мдывані, У.Дамарацкага і інш. Аўтар апрацовак бел.нар. мелодый, аранжыровак і транскрыпцый для духавога аркестра, саліруючых інструментаў і ансамбляў рознага складу. Чл.Сусв. гільдыі трубачоў (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭ́КСАН ((Jackson) Майкл) (н. 29.8.1958, г. Гэры, штат Індыяна, ЗША),
амерыканскі рок-спявак і кампазітар. Прафес. выступленні пачаў у 1969 у складзе сямейнай групы «Пяцёрка Джэксанаў» (з 1975 наз. «Джэксаны»), першы сольны «хіт» выканаў у 1971 («Павінен быць тут»). З 1979 супрацоўнічаў са студыяй кампазітара і аранжыроўшчыка К.Джонсана. Сярод найб. вядомых альбомаў: «Са сцяны» (1979), «Трылер» (1982), «Дрэнны» (1987), «Небяспечны» (1991), шматлікія пласцінкі-«сінглы», у т. л. «Білі Джын» (1983). Найб. дасягненне Дж. як кампазітара — песня «Мы — гэта свет» (1985, разам з Л.Рычы), у запісе якой удзельнічалі многія зоркі сусв.музыкі. Яго відэа- і канцэртныя выступленні вылучаюцца экспрэсіяй, пластычнасцю, прадуманай харэаграфіяй, уражвальнымі рэжысёрскімі вырашэннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕВАНЕ́Ц (Аляксандр Васілевіч) (н. 14.5.1948, г. Бердск Новасібірскай вобл., Расія),
бел. кампазітар. Скончыў Новасібірскую (1972, клас фп.) і Бел. (1980, клас Я.Глебава) кансерваторыі. З 1980 выкладае ў Бел. ун-це культуры Працуе пераважна ў галіне аркестравай, камерна-інстр. і вак.музыкі. Сярод твораў: араторыя «Беларускі народ» на словы М.Багдановіча (1978), 6 сімфоній (1981—98, у т. л. 6-я «Чарнобыль»), 6 інстр. канцэртаў 1979—92, (у т. л. 4 для нар. інструментаў); аркестравая сюіта «Летнія падарожжы»; уверцюра «Юнацтва»; п’есы для камерна-інстр. ансамбля; санаты, прэлюдыі, ронда, варыяцыі для фп.; вак. цыклы «Я мужык-беларус» на словы Я.Купалы (1979), «Кацярына» на словы М.Някрасава (1981), апрацоўкі бел.нар. песень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБЗО́Н (Іосіф Давыдавіч) (н. 11.9.1937, г. Часаў Яр Данецкай вобл., Украіна),
расійскі эстр. спявак, педагог. Нар.арт. Расіі (1980), нар.арт. Украіны (1991), нар.арт.СССР (1987). Скончыў Муз-.пед. ін-т імя Гнесіных (1973; цяпер Рас. акадэмія музыкі), з 1984 выкладае ў акадэміі (праф.). З 1959 саліст Усесаюзнага радыё, з 1962 у Москанцэрце, з 1989 саліст, маст. кіраўнік канцэртнага аб’яднання «Масква». Прапагандыст і першы выканаўца песень А.Пахмутавай, А.Астроўскага, А.Фельцмана, Я.Фрэнкеля, Э.Калманоўскага, М.Тарывердыева і інш. 1-я прэміі на міжнар. фестывалях эстр. песні ў г. Сопат (Польшча, 1964) і «Залаты Арфей» (Балгарыя, 1968), Міжнар. конкурсу сав.эстр. песні (Будапешт, 1966). Дзярж. прэмія СССР 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎДАКІ́МАЎ (Яраслаў Аляксандравіч) (н. 22.11.1946, в. Карысць Карэцкага р-на Ровенскай вобл., Украіна),
бел. спявак (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1980), нар.арт. Беларусі (1987). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.Глінкі (1981). Творчую дзейнасць пачаў у 1975 як саліст Бел. філармоніі, з 1977 саліст Ансамбля песні і танца БВА, у 1980—90 — Бел. тэлебачання і радыё. Валодае моцным гнуткім голасам прыгожага мяккага тэмбру, тонкай музыкальнасцю. Мае вял. канцэртны рэпертуар, значнае месца ў якім займаюць песні бел. кампазітараў Я.Глебава, В.Іванова, І.Лучанка, Дз.Смольскага і інш., бел., рус. і ўкр.нар. песні, а таксама творы духоўнай музыкі. Дыпламант усесаюзнага конкурсу «З песняй па жыцці» (1979).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЖО́Р (франц. majeur, італьян. maggiore ад лац. major большы),
лад, у аснове якога ляжыць вялікае (мажорнае) трохгучча, а таксама яго ладавая афарбоўка (нахіленне). Мае светлую афарбоўку гучання, процілеглую афарбоўцы мінору, што складае адзін з найб. важных кантрастаў у музыцы. Асн. віды М.: натуральны, гарманічны (з VI паніжанай ступенню) і меладычны (з VI і VII паніжанымі ступенямі). Эвалюцыя М. выявілася ва ўзбагачэнні 7-ступеннай асновы вытворнымі і варыянтнымі тонамі. М. — адна з асн. ладавых форм у музыцы 17—20 ст. Яго выяўл. якасці шырока выкарыстоўваюцца ў розных жанрах музыкі.
Літ.:
Мазель Л. Проблемы классической гармонии. М., 1972;
Бершадская Т.С. Лекции по гармонии. 2 изд. Л., 1985.
расійская актрыса. Нар.арт. Расіі (1987). Скончыла Ленінградскі ін-тт-ра, музыкі і кіно (1969). З 1968 у студыі кінаакцёра кінастудыі «Ленфільм», з 1971 у Т-ры імя Массавета, з 1974 у т-ры «Сучаснік». Творчасці ўласцівы шчырасць і імпульсіўнасць, якія спалучаюцца з майстэрствам дасканалай прапрацоўкі ролі: Ранеўская («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Вераніка («Вечна жывыя» В.Розава), Люба («Фантазіі Фарацьева» А.Сакаловай), Вольга («Спяшайцеся рабіць дабро» М.Рошчына), Анфіса («Анфіса» А.Андрэева), Яўгенія Сямёнаўна («Круты маршрут» паводле Я.Гінзбург) і інш. Здымаецца ў кіно: «Слова для абароны», «Асенні марафон», «Ты ў мяне адна», «Турэмны раман», «Сібірскі цырульнік», тэлефільме «Фантазіі Фарацьева» і інш.Дзярж. прэміі Расіі 1981, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТО́Ў (Канстанцін Якаўлевіч) (199. 1900, г. Адэса, Украіна — 6.9.1983),
расійскі кампазітар. Нар.арт. Расіі (1973). Скончыў Саратаўскую кансерваторыю (1922). З 1919 у Саратаўскім т-ры мініяцюр, з 1923 у Маскве. Асн. галіна творчасці — песня (больш за 800, у т. л. «Песня пра тачанку», «У зямлянцы», «Махорачка», «Хадзілі мы паходамі», «Севастопальскі вальс» і інш.). Аўтар опер «Алеся» паводле А.Купрына (паст. 1959), «Дачка Кубы» (паст. 1962), 10 аперэт, у т. л. «Караліна» паводле К.Гальдоні (паст. 1948), «Севастопальскі вальс» (паст. 1961), «Сэрца балтыйца» (паст. 1964), вак.-сімф. паэмы «Грэнада» (1968), араторыі, сімфоніі, фантазіі для аркестра, канцэрта для скрыпкі з арк. (1970), музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДГА́ЙСКІ (Анатоль Сяргеевіч) (27.8.1946, в. Сноў Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 5.7.1982),
бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1974, клас М.Сярдобава). З 1972 саліст канцэртна-эстр. аркестра Дзяржтэлерадыё Беларусі, з 1974 саліст Бел. тэлебачання і радыё. Валодаў моцным голасам прыгожага тэмбру, выкананне вызначалася шчырасцю, цеплынёй. Рэпертуар уключаў творы класічнай і сучаснай музыкі. Прапагандаваў нац. музыку, аддаваў перавагу творам грамадз.-патрыят. накіраванасці, у т. л. песням У.Алоўнікава, А.Багатырова, Ю.Семянякі, І.Лучанка, Л.Захлеўнага, В.Іванова, У.Будніка. Сярод найб. значных работ: партыі Кузьміча (тэлеварыянт оперы «У пушчах Палесся» Багатырова), Міканора (радыёопера «Барвовы золак» К.Цесакова), Кастуся Каліноўскага (радыёварыянт аднайм. оперы Дз.Лукаса).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НКІ (англ. punk падонкі, дрэнь),
саманазва паслядоўнікаў маладзёжнай субкультуры пратэсту, якая ўзнікла ў сярэдзіне 1970-х г. у Вялікабрытаніі. Напачатку яе носьбітамі былі пераважна сацыяльна неўладкаваныя (часта беспрацоўныя) маладыя людзі. Яе прыхільнікі пратэставалі супраць традыцый бурж. грамадства сваім правакуючым і шакіруючым вонкавым выглядам (стракаты колер валасоў, прычоска на ўзор індзейцаў-іракезаў, адпаведнае адзенне) і ўласнай груба агрэсіўнай разнавіднасцю рок-музыкі (панк-рок, аформіўся ў 1977). У 2-й пал. 1980-х г. панк-рок-групы існавалі і ў СССР, яны выступалі пад трагікамічнымі маскамі воінства «нячыстай», «замагільнай» сілы. Ад руху П. 1970—80-х г. адрозніваецца т.зв. рух неапанкаў 1990-х г. — значна камерцыялізаваная форма маладзёжнай культуры («жартаўлівы маладзёжны рух стагоддзя»).