МІНО́ЙЦЫ,
народ, які насяляў в-аў Крыт у бронзавым веку. Назва ад імя легендарнага цара Мінаса, прапанавана англ. археолагам А.Эвансам. М. — першыя цывілізаваныя еўрапейцы, якія характарызаваліся высокім узроўнем развіцця прадукцыйных сіл. Як культ. група М. паявіліся каля 2500 да н.э. і, магчыма, уяўлялі сабой сінтэз імігрантаў з Анатоліі і мясц. неаліт. насельніцтва. Каля 2000 да н.э. на Крыце пачаўся працэс урбанізацыі, раслі гарады, будаваліся палацы (Кнос, Малія і Фест). Пашыраўся заморскі гандаль. Пасля 1450 да н.э. М. трапілі пад кантроль Мікенаў (гл. таксама Крыта-мікенская культура). Тэрмін М. мае строга культурнае значэнне.
т. 10, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМАТЫ́ВЫ,
навукова абгрунтаваныя разліковыя велічыні, якія характарызуюць колькасную і якасную меру затрат прац. часу, матэрыяльных і грашовых рэсурсаў і інш. Характэрная рыса Н. — іх доўгатэрміновы характар. Ва ўмовах цэнтралізаванай планавай эканомікі Н. рэгламентуюць узаемаадносіны дзяржавы з прадпрыемствамі (арг-цыямі) і прадпрыемстваў паміж сабой. Ва ўмовах рыначнай эканомікі выкарыстоўваюцца пры кіраванні карпарацыямі і фірмамі. Важнае значэнне маюць сацыяльныя Н., што выступаюць крытэрыямі пажаданага і дасягнутага развіцця сац. сферы, і экалагічныя Н., выкананне якіх абавязковае пры стварэнні новай тэхнікі і тэхналогіі, праектаванні, буд-ве і рэканструкцыі прадпрыемстваў, паляпшэнні ўмоў працы і ахове навакольнага асяроддзя.
т. 11, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАКЛАСІ́ЧНАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ТЭО́РЫЯ,
кірунак у эканоміцы 19 ст., які замяніў дактрыны класічнай эканам. тэорыі (т. зв. «маржыналісцкая рэвалюцыя»), У адрозненне ад кейнсіянства характарызуецца мікраэканам. падыходам да эканам. з’яў. Прадстаўнікі Н.э.т. Л.Вальрас, К.Віксель, У.Джэванс, А.Маршал, В.Парэта, Ф.Эджуарт, эканамісты Дж.Кларк, І.Фішэр (ЗША), К.Менгер (Аўстрыя) і інш. развілі інструментарый гранічнага аналізу эканомікі, падкрэслівалі значэнне дэфіцытнасці даброт для вызначэння іх цаны, заклалі агульнае ўяўленне пра сутнасць аптымальнага размеркавання рэсурсаў і інш. Ідэі тэорыі выкладзены ў кн. Маршала «Прынцыпы эканамічнай навукі» (1890). Н.э.т. з’явілася асновай для тэорыі эканомікі дабрабыту, эканамічнага росту тэорыі; гал. дасягненне — мадэль канкурэнтнай раўнавагі Вальраса.
т. 11, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЮХ,
успрыманне арганізмам пры дапамозе нюху органаў пэўных уласцівасцей (паху) розных рэчываў, што прысутнічаюць у навакольным асяроддзі; адзін з відаў хемарэцэпцыі. Мае сігнальнае значэнне. Служыць жывёлам для пошуку і выбару корму, высочвання здабычы, выратавання ад ворагаў, для біяарыентацыі, біякамунікацыі і інш. Адрозніваюць жывёл з добра развітым Н. (большасць млекакормячых), са слаба развітым Н. (птушкі, цюлені, вусатыя кіты, прыматы) і з поўнай адсутнасцю органаў Н. (зубатыя кіты). Асобную ролю ў зносінах жывёл адыгрываюць ферамоны. У людзей больш важныя віды дыстантнай чуллівасці — зрок і слых, але ацэнка ежы вызначаецца пераважна з дапамогай Н.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЭНАКАРПІ́Я (ад грэч. parthenos нявінніца + karpos плод),
утварэнне на расліне пладоў без апладнення. Адрозніваюць П.: вегетатыўную (або аўтаномную) — плады завязваюцца і развіваюцца без апладнення, і стымулятыўную — для ўтварэння плода неабходна раздражненне рыльца кветкі чужародным пылком (напр., пылок яблыні здольны выклікаць П. ў грушы, пылок памідора — у баклажана). Такія плады не маюць насення або маюць яго без зародка. Расліны з безнасеннымі пладамі размнажаюцца вегетатыўна. Вядома П. ў многіх пладовых раслін (вінаград, груша, мандарын, яблыня і інш.) і часта з’яўляецца замацаванай сартавой адзнакай. Штучная стымулятыўная П. (мех., хім. і інш. раздражненнямі) мае гасп. значэнне (безнасенныя плады маюць добрыя смакавыя якасці).
т. 12, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́ТЫ (ням. Passat, галанд. passaat, верагодна, ад ісп. viento de pasade вецер, які спрыяе пераезду),
устойлівыя на працягу года паветраныя цячэнні ў трапічных і экватарыяльных шыротах (ад 25—30° паўн. ш. і паўд. ш. амаль да экватара) пераважна над акіянамі. Паблізу зямной паверхні ў выніку трэння і дзейнасці Карыяліса сілы ў Паўн. паўшар’і вятры маюць паўн.-ўсх. напрамак, у Паўд. — паўд.-ўсходні. Паміж П. Паўн. і Паўд. паўшар’яў — унутры-трапічная зона канвергенцыі; над П. дзьмуць антыпасаты. П. маюць важнае значэнне ў агульнай цыркуляцыі атмасферы, абумоўліваюць узнікненне пасатных цячэнняў, на сушы садзейнічаюць утварэнню і захоўванню трапічных пустынь (гл. Пасатны клімат).
т. 12, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМА КРЫВІ́,
вадкая частка крыві, якая застаецца пасля выдалення форменных элементаў. Мае ў сабе 90—93% вады і 7—10% сухога рэчыва. У П.к. ёсць бялкі (каля 200 відаў), тлушчы, вугляводы. мінер. солі, ферменты, вітаміны, гармоны і інш. Асн. функцыі П.к.: трафічная, рэгулятарная, ахоўная, гамеастатычная, ферментатыўная. Абумоўлівае згусальнасць крыві, удзельнічае ў газаабмене. Найб. значныя бялкі П.к. — альбуміны, глабуліны, фібрынаген (пры гемакаагуляцыі ператвараецца ў фібрын). П.к. без фібрыну наз. сывараткай. Змены ў саставе П.к. маюць дыягнастычнае значэнне для вызначэння захворвання (рэўматызм, цукровы дыябет). З П.к. гатуюць лек. прэпараты (напр., альбумін, фібрынаген, гама-глабулін). Гл. таксама Кровазаменныя вадкасці.
А.С.Леанцюк.
т. 12, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЦЫЗІ́ЙНЫ СТАНО́К,
металарэзны станок для высокадакладнай (прэцызійнай) апрацоўкі загатовак. Адрозніваюць П.с. такарныя, свідравальна-расточныя, шліфавальныя, зубаапрацоўчыя, фрэзерныя. Паводле дакладнасці апрацоўкі паверхні дэталей падзяляюцца на станкі павышанай дакладнасці, высокай дакладнасці і звышдакладныя. Апрацоўка на П.с. забяспечвае атрыманне вырабаў з паверхнямі правільнай геам. формы з дакладным прасторавым становішчам восей і нізкай шурпатасцю паверхні да 11-га класа чысціні з забеспячэннем 2-га (пры пэўных умовах — 1-га) класа дакладнасці. Асабліва важнае значэнне пры прэцызійнай апрацоўцы мае дакладнасць перамяшчэння рухомых вузлоў П.с., што забяспечваецца выкарыстаннем высокадакладных спец. базавых дэталей, зніжэннем трэння ў механізмах перамяшчэння рухомых вузлоў і інш.
В.І.Шагун.
т. 13, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯ́ДЗЯ,
старажытная адзінка (мера) даўжыні ў Беларусі і Расіі, роўная макс. адлегласці па прамой лініі паміж канцамі выцягнутых вялікага і ўказальнага пальцаў рукі чалавека. Слова «П.» абазначае «кісць рукі» і паходзіць ад агульнага кораня са словам «пяць». Лікавае значэнне П. вагалася ад 18 да 27 см. У 16 ст. мерную П. прыраўнавалі да 1/4 аршына (17,78 см), пасля чаго найменне «П.» паступова выйшла з карыстання. Захавалася ў прымаўках: «Ні пядзі зямлі» (не аддаць, не саступіць). У англамоўных краінах выкарыстоўваюць падобную адзінку даўжыні спэн (англ. span — пядзя), роўную 9 цалям, або 22,86 см.
т. 13, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Р,
васемнаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай Р («рцы»), утворанай на аснове грэка-візантыйскай устаўнай Ρ («ро»). У старабел. графіцы ў сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначаць час і месца напісання помнікаў. Абазначала гук «р» («рама», «рука»). Мела лічбавае значэнне «сто». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае санорны дрыжачы пярэднеязычны цвёрды і зацвярдзелы зычны гук «р» («рэчка», «рыс», «раса», «хмара»). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.
А.М.Булыка.
т. 13, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)