ТАНФІ́ЛЬЕЎ Гаўрыла Іванавіч (6.3.1857, Талін — 4.9.1928),

расійскі географ, батанік і глебазнавец, заснавальнік айчыннага балотазнаўства. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1883). З 1885 у дэпартаменце земляробства, удзельнік шматлікіх экспедыцый па Расіі. З 1895 у Пецярбургскім бат. садзе і адначасова ў Пецярбургскім ун-це. З 1905 праф. Новарасійскага ун-та ў Адэсе. Навук. працы па геаграфіі (у т. л. «Геаграфія Расіі», т. 1—4, 1916—24), занальнасці расл. покрыва, балотах і тарфяніках Палесся, морах СССР. Развіваў ідэі В.В.Дакучаева аб прыродных зонах, прапанаваў схему фіз.-геагр. раянавання еўрап. ч. Расіі (1897) і ўсёй Расіі (1903). Яго імем названы адзін з Курыльскіх а-воў.

т. 15, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭН (Taine) Іпаліт Адольф (21.4.1828, г. Вузье, Францыя — 5.3.1893),

французскі філосаф, сацыёлаг мастацтва, гісторык. Родапачынальнік эстэт. тэорыі натуралізму, заснавальнік культурна-гістарычнай школы ў літаратуразнаўстве. Вучыўся ў Вышэйшай нармальнай школе ў Парыжы (1848—51). Чл. Франц. акадэміі (1878). Асн. творы: «Крытычныя спробы» (1858), эцюды пра А.​Бальзака (1858) і Стэндаля (1864), «Гісторыя англійскай літаратуры» (т. 1—4, 1863—64), «Філасофія мастацтва» (1865—69). Аўтар кніг нарысаў «Пірэнейскае падарожжа» (1855), «Падарожжа па Італіі» (1866), «Нарысы сучаснай Англіі» (1871) і інш. У гіст. працы «Паходжанне сучаснай Францыі» (т. 1—6, 1876—94) крытыкаваў Франц. рэвалюцыю канца 18 ст., якабінскую дыктатуру.

т. 16, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛУ́-МУХАМЕ́Д (? — каля 1445),

хан Залатой Арды, заснавальнік Казанскага ханства. Унук Тахтамыша. У 1419—23 змагаўся за валоданне Узбекскім улусам, пацярпеў паражэнне, у 1423 уцёк у Балгарыю Волжска-Камскую. У 1426 з дапамогай вял. князя ВКЛ Вітаўта захапіў золатаардынскі прастол. З-за міжусобнай барацьбы ў 1437 вымушаны шукаць прытулак у г. Бялёў (цяпер у Тульскай вобл. Расіі). У 1438 пасяліўся са сваёй ардой на сярэдняй Волзе, дзе заснаваў Казанскае ханства. У 1439 і 1444—45 рабіў паходы на рус. землі. У 1445 разбіў маскоўскія войскі на р.

Нерль і паланіў вял. князя маскоўскага Васіля II.

т. 16, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕТЫ́С (Fétis) Франсуа Жазеф (25.3.1784, г. Монс, Бельгія — 26.3.1871),

бельгійскі музыказнавец, кампазітар, педагог. Вучань Л.​Керубіні і Ф.​А.​Буальдзьё. З 1821 праф., з 1826 гал. бібліятэкар Парыжскай кансерваторыі, з 1833 дырэктар Брусельскай кансерваторыі і кіраўнік Каралеўскай капэлы. Кіраўнік франц. і бельг. музыказнаўчых школ сярэдзіны 19 ст. Адзін з заснавальнікаў параўнальнага і гіст. музыказнаўства. Упершыню ў Францыі ўвёў паняцце муз. эстэтыкі, заснавальнік прафес. муз. крытыкі. Аўтар фундаментальных прац па лексікаграфіі і гісторыі музыкі. Сярод муз. твораў оперы, сімфоніі і інш.

Тв.:

Рус. пер. — О философии и поэтике музыки // Музыкальная эстетика Франции XIX в. М., 1974.

т. 16, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІЛЕСТРО́М (Hilleström) Пер (18.11.1732, Веддзё, Швецыя — 13.8.1816),

шведскі жывапісец; заснавальнік нац. школы быт. жанру. Вучыўся ў Стакгольме. У 1757—58 наведваў майстэрню Ф.​Бушэ ў Парыжы. З 1810 дырэктар Стакгольмскай АМ. Зазнаў уплыў Ж.Б.Гроза і Ж.Б.Шардэна. Прадстаўнік асветніцкай лініі ў шведскім мастацтве 18 ст. У сваіх невял. карцінах са сцэнамі вясковага і гарадскога жыцця сялян і наёмных рабочых часта выкарыстоўваў рэзкія святлоценявыя кантрасты, якія надаюць прадметную важкасць і матэрыяльнасць прыроднаму і быт. асяроддзю («Кузня», 1781). Яго работы вылучаюцца строгасцю і прастатой кампазіцыі, манахромнасцю багатага тонкімі адценнямі каларыту. Пісаў таксама партрэты і нацюрморты.

т. 17, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАБЫШО́Ў Пафнуцій Львовіч (26.5.1821, в. Акатава Калужскай вобл., Расія — 8.12.1894),

расійскі матэматык і механік, заснавальнік Пецярбургскай матэм. школы; адзін са стваральнікаў тэорыі канструкцыйных функцый. Акад. С.-Пецярбургскай АН (1856). Скончыў Маскоўскі ун-т (1841). У 1847—82 у С.​Пецярбургскім ун-це (з 1850 праф.). Навук. працы па тэорыі набліжэння функцый мнагаскладамі, інтэгральным злічэнні, тэорыях лікаў, імавернасцей, механізмаў. Даказаў вялікіх лікаў закон для незалежных выпадковых велічынь з абмежаванай дысперсіяй. Устанавіў заканамернасці размеркавання простых лікаў.

Тв.:

Полное собр. соч. Т. 1—5. М.; Л., 1944—51.

Літ.:

Прудников В.Е. П.​Л.​Чебышев, 1821—1894. Л., 1976.

П.Л.Чабышоў.

т. 17, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧАДРЫ́Н Сямён Фёдаравіч (17.4.1745, С.-Пецярбург — 13.9.1804),

рускі жывапісец; заснавальнік рус. пейзажнага жывапісу. Брат Ф.Ф.Шчадрына. Скончыў Пецярбургскую АМ (1767), з 1776 выкладаў у ёй, з 1779 акад., з 1798 ад’юнкт-рэктар, з 1799 кіраўнік гравіравальна-ландшафтнага класа. Творчасць прасякнута ідэямі сентыменталізму. Яго паркавыя пейзажы вылучаюцца ўмоўнасцю кампазіцыйных прыёмаў і колеравага вырашэння, тонкім пачуццём прыгажосці прыроды, вял. увагай да перадачы асаблівасцей мясцовасці: «Від у ваколіцах Пецярбурга» (1780-я г.), «Від на Гатчынскі палац з Доўгага вострава» (1796), пано «Каменны мост у Гатчыне» (1799—1801).

Л.​Ф.​Салавей.

Сямён Шчадрын. Каменны мост у Гатчыне. 1799—1801.

т. 17, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЭКАНО́МІКА. КІРАВА́ННЕ. ПРА́ВА»,

навукова-практычны часопіс. Заснавальнік — Мінскі інстытут кіравання. Выдаецца штоквартальна з 2002 у Мінску, друкуе матэрыялы на бел., рус. і англ. мовах. Асвятляе актуальныя праблемы рыначнай эканомікі, пабудовы сац.-прававой дзяржавы, фарміравання дэмакр. грамадства, заканад. забеспячэння і абароны правоў асобы, механізмаў, мадэлей і прагнозаў сац.-эканам. развіцця Беларусі, непажаданых наступстваў пэўных сац.-эканам. рэформ. Папулярызуе прагрэс. канцэпцыі і навукова абгрунтаваныя падыходы ў галіне кіравання, тэорыі права, удасканалення заканадаўства і праваўжывальнай практыкі. Публікуе крытыка-бібліягр. рэцэнзіі на кнігі, манаграфіі, зборнікі, а таксама справаздачы аб навук. міжнар. і рэсп. канферэнцыях, сімпозіумах і семінарах.

М.​В.​Суша.

т. 18, кн. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́ТВЕШ (Eötvös) Лоранд (Роланд) фон (27.7.1848, Будапешт — 8.4.1919),

венгерскі фізік. Чл. Венгерскай АН (1883) і яе прэзідэнт (1899—1905). Вучыўся ў Будапешцкім і Гайдэльбергскім ун-тах. З 1871 у Будапешцкім ун-це (з 1872 праф.). Навук. працы па тэорыі капілярнасці, гравітацыі і геафізіцы. Устанавіў залежнасць малекулярнай паверхневай энергіі ад т-ры (1886; закон Э.). Вынайшаў гравітацыйны варыёметр, эксперыментальна ўстанавіў роўнасць гравітацыйнай і інертнай мас (1890—1906). Вывучаў размеркаванне мас у горных хрыбтах. Заснавальнік і першы прэзідэнт (з 1891) Венгерскага матэм. і фіз. т-ва. Яго імем названы Будапешцкі ун-т і пазасістэмная адзінка градыента сілы цяжару — этвеш.

т. 18, кн. 1, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЦЬЕ́НЫ, Эсцьены (Etienne, Estienne, лац. Stephanus),

сям’я французскіх выдаўцоў і друкароў. Фірма Э. існавала ў 1502—1664 у Парыжы, Ліёне, Жэневе. Заснавальнік фірмы Анры I (каля 1460—1520), які выдаў каля 130 кніг. Прадстаўнікі: Рабер I (1503—59), склаў і выдаў «Скарбніцу лацінскай мовы» (т. 1—2, 1531), лац.-франц. і франц.-лац. слоўнікі; Анры II (1528 ці 1531—98), склаў «Скарбніцу грэчаскай мовы» (т. 1—6, 1572—73), выдаў многія каменціраваныя творы лац. і грэч. аўтараў; Поль (1566 — каля 1627). Э. выпусцілі каля 1600 кніг, увялі выдатны грэч., т.зв. каралеўскі, шрыфт.

т. 18, кн. 1, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)