від народнай творчасці, які развіваецца ў рэчышчы мастацтва прымітывізму. Генетычна звязаны з сял. творчасцю, сістэмай нар. выяўленчага і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Выразна выявіўся ў 2-й пал. 18 ст., калі завяршалася дыферэнцыяцыя на прафес. і нар. мастацтва, на сял. і гар. культуру. Як самаст.галіна развіваўся ў 19 — пач. 20 ст. (рускі мяшчанскі, купецкі партрэт). Яго стваральнікі — гар. і прыгонныя дваровыя мастакі, рамеснікі, дробныя гандляры, купцы і інш., найчасцей — самавукі, дылетанты, аматары, былі і прафес. рамеснікі, выхаванцы правінцыяльных маст. школ. Існавалі розныя спосабы і формы выяўлення: станковыя, камерныя (лубок, безыменныя мяшчанскія партрэты), манум.-дэкар. (размалёўка інтэр’ераў шынкоў і корчмаў, шыльды і вітрыны крам, жывапіс на плоце і інш.), тэатр.-дэкарацыйныя (антураж правінцыяльных фотастудый, афішы, дэкарацыі ў балаганах, цырках, батлейках і інш.). Адметныя рысы: рэпрэзентатыўнасць, дэмакратызм, стыхійны рэалізм і непасрэднасць выяўл. мовы, свежасць светаўспрымання, плоскаснасць формаў, перавага стракатых фарбаў, святочныя інтанацыі, гумар і інш. У гарадскім выяўленчым фальклоры відавочны і адбітак маст. кірункаў (класіцызм, рамантызм, рэалізм, мадэрн і інш.). Многія віды традыц.нар. мастацтва істотна паўплывалі і ўзбагацілі яго. На пачатку творчасці многія мастакі 19—20 ст. зазналі ўплыў гарадскога выяўленчага фальклору, сярод іх М.Шагал, М.Ларыёнаў, Н.Ганчарова, А.Шаўчэнка, У.Лебедзеў, І.Машкоў і інш.чл. аб’яднання «Бубновы валет», а таксама інш. жывапісцы, графікі.
Літ.:
Островский Г.С. О городском изобразительном фольклоре // Сов. искусствознание, 74. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕАЛО́ГІЯ (ад грэч. genealogia радаслоўная),
спецыяльная гістарычная навука, якая вывучае паходжанне, гісторыю, сац. становішча, сваяцкія сувязі родаў і асоб. Вытокі генеалогіі ў язычніцкім кульце продкаў. Як галіна ведаў існавала ў Стараж. Рыме. У эпоху пераходу да феадалізму звесткі пра генеалогію — састаўная частка вусна-паэт. творчасці. У сярэдневякоўі былі вельмі пашыраны генеалагічныя паданні пра паходжанне родаў і цэлых народаў. Шырока вядома сага 12 ст. «Кніга пра ісландцаў» А.Торгільсана пра паходжанне і генеалогію насельнікаў Ісландыі. У ВКЛ у 15—16 ст. бытавала легенда, што мясц. шляхта паходзіць ад рымскага патрыцыя Палемона і яго паплечнікаў, якія перасяліліся ў Літву. У ВКЛ былі шырока распаўсюджаны гербоўнікі, якія спалучалі звесткі з генеалогіі і геральдыкі. Як гіст. навука генеалогія склалася ў 16—18 ст., калі сталі распрацоўвацца метады складання радаводных табліц і роспісаў, сістэмы нумарацыі сваяцтва. У 19 ст. ўзніклі генеалагічныя т-вы ў Вялікабрытаніі і Аўстрыі, якія займаліся даследаваннямі на навук. аснове. З часам падобныя т-вы ўтварыліся ва ўсіх краінах Еўропы, зараз яны існуюць і на правінцыяльным узроўні. У Рэспубліцы Беларусь пытанні генеалогіі распрацоўваюць Ін-т гісторыі Нац.АН, Згуртаванне бел. шляхты, Бел. генеалагічнае т-ва, Аддзел геральдыкі і генеалогіі К-та па архівах і справаводстве.
Літ.:
История и генеалогия. М., 1977;
Genealogia. Warszawa, 1959.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
Да арт.Генеалогія. Шляхецкі герб і радаводнае дрэва Лазоўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДАЕЎРАПЕІ́СТЫКА, індаеўрапейскае мовазнаўства,
галінапараўнальна-гістарычнага мовазнаўства, якая вывучае індаеўрапейскія мовы. Грунтуецца на даследаванні адпаведнасцей паміж падобнымі элементамі індаеўрап. моў (з арыентацыяй на іх стараж. стан) і інтэрпрэтацыі гэтых адпаведнасцей.
Ля вытокаў І. — ням. мовазнавец Ф.Боп і дацкі вучоны Р.К.Раск. Асн. дасягненні 1-га перыяду ў развіцці І. (пач. 19 ст.) — вызначэнне кола індаеўрап. моў, стварэнне першай параўнальна-гіст. граматыкі (Боп) і асноў індаеўрап. этымалогіі (ням. мовазнавец А.Пот). 2-і перыяд (сярэдзіна 19 ст.) вызначаецца працамі ням. вучоных А.Шлайхера, І.Шміта, А.Фіка (індаеўрап. этымалогія). 3-і перыяд (канец 19 — пач. 20 ст.) звязаны з младаграматызмам, а таксама з працамі Ф. дэ Сасюра, П.Ф.Фартунатава, А.Мее, Х.Педэрсена і інш.
Развіццё І. характарызуецца пашырэннем матэрыялу даследаванняў (адкрыццё хецкай і інш. анаталійскіх моў), увагай да малавядомых моў, новымі тэорыямі ў галіне вакалізму і кансанантызму (ларынгальная тэорыя, акцэнтуацыя), структуры іменных асноў і кораня, арыгінальнымі ідэямі, звязанымі са структурай склонавай парадыгмы і дзеяслова, новымі гіпотэзамі пра дыялектны падзел стараж. індаеўрап. кантынуума і яго генетычных сувязях з настратычнымі мовамі і інш. (Э.Бенвеніст, Е.Курыловіч, Ф.Шпехт, Ю.Покарны, В.Пізані, Дж.Дэвота, В.Порцыг, В.У.Іванаў і інш.).
Літ.:
Общее и индоевропейское языкознание: Обзор лит.: Пер. с нем. М., 1956;
Савченко АН. Сравнительная грамматика индоевропейских языков. М., 1974;
Семереньи О. Введение в сравнительное языкознание: Пер. с нем. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУХМА́ЛА-ПА́ТАЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галінахарчовай прамысловасці, якая вырабляе крухмалапрадукты — крухмал, патаку, глюкозу і інш. Яе прадукцыя шырока выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці, а таксама ў тэкст., хім., фармацэўтычнай, папяровай і інш. галінах прам-сці, у ліцейнай вытв-сці. Асн. сыравіна: бульба, кукуруза, пшаніца, рыс, сорга і інш.Гал. прадукт — крухмал, з’яўляецца важнай часткай прадуктаў харчавання. Найб. развіта ў Германіі, ЗША, Польшчы, Канадзе, Расіі. На Беларусі К.-п.п. спецыялізуецца на вытв-сці сухога крухмалу і патакі, часткова вырабляе жэліруючы крухмал. Яе развіццё пачалося ў 1840-я г. на дробных прадпрыемствах. Зараз дзейнічае больш за 50 прадпрыемстваў (у сістэме Мінсельгасхарча 16 спецыялізаваных з-даў, 2 цэхі па вытв-сці бульбянога крухмалу і 2 прадпрыемствы па вытв-сці крухмальнай патакі). Найбольшыя з іх: крухмала-патачны з-д у в. Чырвоны Бераг (Жлобінскі р-н), крухмальныя з-ды ў г. Талачын, в. Гальшаны (Ашмянскі р-н), в. Сноў (Нясвіжскі р-н). У 1997 атрымана 9,3 тыс.т сухога крухмалу і 3,8 тыс.т патакі, хоць існуючыя магутнасці дазваляюць атрымліваць у год 25 тыс.т сухога крухмалу і 22,5 тыс. крухмальнай патакі. Пры базіснай крухмалістасці бульбы (15%) яе расход на вытв-сць 1 т сухога крухмалу складае 6,4—6,6 т. У залежнасці ад якасці бульбы і тэхналогіі перапрацоўкі доля выдалення крухмалу вагаецца ад 75 да 85%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУЦЫ́НЫ (італьян. cappuccino ад cappuccio капюшон),
каталіцкі манаскі ордэн. Засн. ў Італіі ў 1525 як адна з трох галін ордэна францысканцаў. Заснавальнік Матэо Серафіні з Баскіо імкнуўся надаць ордэну характар аскетызму часоў св. Францыска Асізскага (13 ст.), пашырыць уплыў на ніжэйшыя слаі грамадства. У 1619 папа Павел V зацвердзіў ордэн як самастойны. У апошняй чвэрці 16 ст. К. распаўсюдзіліся ў Францыі, Іспаніі, Швейцарыі, у 17 ст. праніклі ў Бразілію, Цэнтр. Амерыку, Індыю і інш. У адрозненне ад адукаваных езуітаў К. вялі місіянерскую дзейнасць сярод простага люду, іх называлі пралетарыямі сярод манахаў. У ВКЛ яны аселі ў Любяшове (1756, цяпер Валынская вобл. Украіны) і Юравічах (1781, цяпер Калінкавіцкі р-н Гомельскай вобл.). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай з канца 18 ст. дзейнасць К. у Рас. імперыі стала затухаць, у 1888 іх кляштары зачынены. Жаночая галіна ордэна — капуцынкі — засн. ў 1538. Іх кляштары былі ў Германіі, Швейцарыі, Перу. У 2-ю сусв. вайну ордэн моцна пацярпеў, але аднавіўся. У 1965 у свеце былі 93 адм.-тэр. адзінкі К. (правінцыі, віцэ-правінцыі і інш.). З 1940 у Рыме дзейнічае Гістарычны ін-т, які даследуе гісторыю францысканцаў, у т. л. К.; з 1931 выдаецца квартальнік «Collectanea Franciscana» («Францысканскія зборнікі»).
Літ.:
Dydycz A.P. Dzieje zakonu braci mniejszych Kapucynów na Litwie (1756—1993). Rzym, 1994;
Kdscioł katolicki w Polsce 1918—1990: Rocznik statysiyczny. Warszawa, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЕННЯВО́ДСТВА,
галіна раслінаводства па вытворчасці насення высокапрадукцыйных сартоў с.-г. культур. Задачы Н.; штогадовае размнажэнне высакаякаснага насення раянаваных і перспектыўных сартоў для поўнага забеспячэння с.-г. вытв-сці, зберажэнне яго сартавой чысціні ад засмечвання інш. сартамі і культурамі, падтрымка яго высокіх ураджайных і пасяўных якасцей у час вырошчвання і захоўвання, сартазмена (замена старых і знятых з раянавання сартоў новымі, больш прадукцыйнымі), сортаабнаўленне (замена 5-й і наст. рэпрадукцый насеннем эліты або 1-й рэпрадукцыі). Н. непасрэдна звязана з селекцыяй. Тэарэт. базай Н. з’яўляецца насеннязнаўства. На Беларусі Н. развіваецца з 2-й пал. 19 ст. Пачатак сартавому раянаванню і метадам паляпшэння пасяўных якасцей насення паклаў І.А.Сцебут. У 1921 закладзены асновы стварэння дзярж. фонду сартавога насення. Схема Н.: н.-д. ўстановы (аўтары сартоў) атрымліваюць насенне (арыгінальнае), якое ўключана ў Дзярж. рэестр ці прызнана перспектыўнымі сартамі, і перадаюць яго для вырошчвання насення эліты ў элітныя гаспадаркі (каля 100 эксперым. баз і вучэбна-доследных гаспадарак с.-г.ВНУ), якія забяспечваюць ім раённыя спецыялізаваныя насенняводчыя гаспадаркі. Калект., дзярж., фермерскія і інш. гаспадаркі атрымліваюць ад іх эліту 1—2-й рэпрадукцый у разліку поўнага забеспячэння насеннем таварных пасеваў, страхавых і пераходных фондаў. На пасяўных плошчах на 70—80% выкарыстоўваецца насенне раянаваных бел. сартоў. Створана насенная служба дзярж. кантролю.
Літ.:
Семеноводство посевных культур. Мн., 1994;
Государственный реестр производителей, заготовителей семян. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРФУМЕ́РНА-КАСМЕТЫ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галінахарчовай прамысловасці па вытв-сці парфумерна-касметычных вырабаў, эфірных алеяў і сінт.пахучых рэчываў. У вытв-сці парфумерна-касметычных вырабаў (гл.Парфумерыя, Касметыка) у якасці сыравіны выкарыстоўваюцца натуральныя эфірныя алеі, пахучыя рэчывы (сінт. і жывёльнага паходжання), а таксама этылавы спірт. У свеце буйнейшымі вытворцамі парфумерна-касметычнай прадукцыі з’яўляюцца Францыя, Італія, Кітай, Польшча, Расія, Балгарыя, ФРГ, Вялікабрытанія, Японія.
Прамысл. вытв-сць парфумерна-касметычных вырабаў пачалі ў Францыі ў канцы 17 ст. На Беларусі ўзнікненне П.-к.п. звязана з арганізацыяй у 1936 вырабу туалетнага мыла на Гомельскім тлушчавым камбінаце. У пасляваенныя гады на Гомельскім з-дзе сухога мелу пачалі выпуск зубнога парашку, хны і басмы (сродкі па догляду за валасамі). У 1998 доля П.-к.п. склала прыкладна 0,6% ад валавой прадукцыі харч. прам-сці.
Буйнейшымі прадпрыемствамі галіны з’яўляюцца Брэсцкі завод бытавой хіміі, Гомельскі тлушчавы камбінат, Гомельскі з-д сухога мелу (выпускае хну, басму, шампуні), сумесныя прадпрыемствы па выпуску касметыкі «Беліта» (бел.-італьян.) і «Белор-Дызайн» (бел.-амер.). У 1997 экспарт парфумерна-касметычных тавараў склаў 5614 т (на суму 14,9 млн.дол.), яго асн. частка (каля 98%) прыпадала на краіны СНД, адначасова імпарт склаў 9196 т тавараў (36,3 млн.дол.), з іх 25% з краін СНД. Сярод замежных краін асн. імпарцёрамі парфумерна-касметычных вырабаў з’яўляюцца ФРГ, Чэхія, Італія, Францыя і Вялікабрытанія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́РМАНСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПнЗеўрап. часткі Рас. Федэрацыі. Займае Кольскі п-аў і прылеглыя ўчасткі мацерыка. Абмываецца Баранцавым і Белым морамі. Мяжуе на З з Нарвегіяй і Фінляндыяй. Утворана 28.5.1938. Пл. 144,9 тыс.км². Нас. 1051 тыс.чал. (1997), гарадскога 91,8%. Цэнтр — г.Мурманск. Найб. гарады: Апатыты, Манчагорск, Севераморск, Кандалакша, Кіраўск. Прыроду гл. ў арт.Кольскі паўвостраў. Гал. галіны прам-сці — горназдабыўная, каляровая металургія, рыбная. Здабыча жал. (Аленягорск, Коўдар), апатыта-нефелінавых (Хібіны), медна-нікелевых (Печангскі р-н) руд, вермікуліту, мускавіту, пегматыту і інш.Вытв-сць першаснага алюмінію, рафінаванай медзі, нікелю. Лоўля рыбы і здабыча морапрадуктаў. Вытв-сць электраэнергіі на Кольскай АЭС, каскадах ГЭС (на рэках Ніва, Тулома, Паз, Коўда, Вароніна), ЦЭЦ, ДРЭС, Кіслагубскай прыліўнай эл. станцыі. Развіта хім. (апатытавы канцэнтрат, серная к-та), чорная металургія (жалезарудны канцэнтрат), маш.-буд., у т. л. суднабудаванне і суднарамонт, харч., лёгкая, дрэваапр.прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Асн.галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (малочна-мяснога кірунку), паўн. аленяў, птушак, свіней. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 0,1% тэрыторыі. Вырошчваюць марозаўстойлівыя і скараспелыя гатункі бульбы, агародніны, кармавых культур. Развіта цяплічная гаспадарка. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі, паветраны. Даўж. чыгунак 903 км, аўтадарог 2,3 тыс.км. Гал. чыгунка Мурманск—Санкт-Пецярбург з адгалінаваннямі на Кіраўск, Коўдар, Алакурты і чыгунка Мурманск—Нікель з адгалінаваннем на Лінахамары. Асн. марскі порт — г. Мурманск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́БЛЕВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галінадрэваапрацоўчай прамысловасці, прадпрыемствы якой выпускаюць мэблю для жылых і грамадскіх памяшканняў.
У гарадах Беларусі 16—17 ст. мэблю выраблялі спец. цэхі. Многія багатыя людзі прывозілі яе з Францыі, Германіі, Польшчы, Фінляндыі і інш. краін. Паводле іх узораў бел. майстры-ўмельцы выраблялі мэблевыя гарнітуры для магнатаў, у т. л. для абсталявання Нясвіжскага замка, Гомельскага, Жыліцкага і інш. палацаў. У пач. 20 ст. ў вялікіх гарадах Беларусі працавалі спец. майстэрні, фабрыкі, у т. л. ў Бабруйску мэблевая, Мінская сталярная.
У 1998 у Рэспубліцы Беларусь дзейнічала 311 прадпрыемстваў і вытв-сцей М.п., на якіх вырабляецца мэбля самага рознага прызначэння: бытавая, дзіцячая, кухонная, для ўстаноў асветы, офісаў і інш. М.п. развіта ва ўсіх абласцях рэспублікі. Сярод найбуйнейшых прадпрыемстваў Мінская мэблевая ф-ка імя Дзімітрова, Калінкавіцкі мэблевы камбінат, Жлобінская мэблевая ф-ка, мэблевая ф-ка № 2 у Бабруйску, Сіняўская, Ружанская, Кобрынская мэблевая ф-кі. Мэблю вырабляюць таксама ў Вілейцы, Віцебску, Глуску, Крычаве, Паставах, Полацку, Слоніме, Слуцку, Шклове і ў інш. гарадах. У апошнія гады ствараюцца і сумесныя прадпрыемствы (напр., бел.-чэш. прадпрыемства «Мостэдэн»), мэблю выпускаюць таксама камерцыйныя прадпрыемствы. У 1997 бел. прадпрыемствы паставілі на экспарт мэблі на суму каля 240 тыс. долараў. М.п. найб. развіта у ЗША, ФРГ, Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі, Фінляндыі, Польшчы, Чэхіі, Расіі.
П.І.Рогач.
Да арт.Мэблевая прамысловасць. Цэх мяккай мэблі Мінскай мэблевай фабрыкі.Да арт.Мэблевая прамысловасць. Гатовая прадукцыя Полацкай мэблевай фабрыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛО́ГІЯ ТВО́РЧАСЦІ,
галіна псіхалагічных даследаванняў творчай дзейнасці людзей у навуцы, вынаходніцтве і рацыяналізатарстве, літаратурным, выяўленчым, муз., сцэнічным і інш. мастацтвах. Вывучае псіхалогію чалавека як творцы, агульныя і асобныя заканамернасці творчага працэсу — ад узнікнення задумы да яе рэалізацыі. Тэарэтычна П.т. дазваляе раскрыць спецыфіку творчай дзейнасці, практычна — развіваць творчыя здольнасці чалавека. Да праблематыкі П.т. адносяць: размежаванне тыпаў творчых працэсаў у залежнасці ад тыпаў мыслення, у якіх пераважаюць рацыяналістычныя, суб’ектыўна-экспрэсіўныя ці аналітыка-сінт. тэндэнцыі; вывучэнне фактараў, якія стымулююць творчую актыўнасць (групавая дыскусія, «мазгавая атака», некат. псіха-фармакалагічныя сродкі і г.д.); дзейнасць асобы ў творчым калектыве; роля інтуіцыі, мыслення, натхнення, уяўлення, індывід.-псіхал. асаблівасцей у творчым працэсе.
Ужо ў антычнасці вызначалася дваякая трактоўка прыроды творчасці: як «свяшчэннага натхнення» (Платон) і як рэалізацыі ўсвядомленай задумы, што абапіраецца на вопыт і пэўныя прынцыпы (Арыстоцель). У 1740—60-я г. вылучана ідэя аб дэтэрмінаванасці творчай дзейнасці мастака, залежнасці характару гэтай дзейнасці ад часу і соцыуму (Д.Дзідро, Г.Э.Лесінг, І.Г.Гердэр). Класікі ням.ідэаліст. філасофіі сцвярджалі, што дзейнасць мастака абумоўлена часам, і крытыкавалі думку аб несвядомасці творчага працэсу (І.Кант, Ф.Шэлінг, Г.Гегель). Як навука П.т. пачала складвацца ў 2-й палавіне 19 ст. З канца 19 ст. П.т. развівалася ў межах асобных кірункаў у псіхалогіі («неўрапатычныя» канцэпцыі Ч.Ламброза і М.Нордаў, тэорыя псіхааналізу З.Фрэйда, К.Г.Юнга і інш.).