род кветкавых раслін сям. кірказонавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — П. еўрапейскі (A. europaeum), нар. назвы канячыя капыткі, дзікі перац, церазгрывіца. Трапляецца ў цяністых лясах, хмызняках.
Шматгадовыя карэнішчавыя травы выш. да 10 см з вострым пахам перцу. Сцёблы кароткія, слабаразвітыя з лускавінкамі. Лісце (2—3) буйное, зялёнае, скурыстае, зімуючае, на доўгіх чаранках з глыбокай выемкай. Кветкі адзіночныя, званочкавыя, на паніклых кветаножках. Плод — каробачка. Ядавітыя, лек., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕЎКО́БРЫУМ (Paraleucobryum),
род брыевых імхоў сям. дыкранавых. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — П. даўгалісты (P. longifolium), занесены ў Чырв. кнігу. Расце на валунах, радзей на пнях у лясах.
Двухдомныя лістасцябловыя расліны, утвараюць буйныя, белавата-зеленаватыя, шчыльныя, мяккія дзярнінкі. Сцябло прамастойнае або ўзыходнае, даўж. 2—8 см. Лісце серпападобнае, павернутае ў адзін бок, верхавінкавае сабрана ў чубок. Каробачка прамастойная, жоўта-зялёная або бураватая, на жаўтаватай ножцы. Вечка з дзюбкай. Каўпачок клабукападобны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРУЧА́ЙНІК (Sium),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 від — П. шыракалісты (S. latifolium). Трапляецца па берагах вадаёмаў, на сырых лугах і балотах, у вадзе.
П. шыракалісты — шматгадовая травяністая карэнішчавая расліна выш. да 1,5 м. Сцябло пустое, граністае ці рабрыстае. Паветранае лісце перыстае, апушчанае ў ваду, — двойчы- або тройчыперыстае Кветкі белыя, сабраныя ў складаны парасонік. Плод — віслаплоднік. Эфірны алей пладоў і кветак выкарыстоўваецца ў парфумерыі. Ядавітая расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРУЧА́ЙНІК (Tringa stagnatilis),
птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Еўразіі. Жыве пераважна ў лесастэпавай і стэпавай зонах, на балотах і па берагах вадаёмаў. На Беларусі рэдкі гняздоўны і пералётны від, трапляецца пераважна на Пд Гомельскай вобл.; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 23 см, маса да 85 г. Апярэнне спіны шаравата-бурае, брушка і надхвосце белае. На валляку і грудзях цёмныя стракаціны. Хвост з папярочнымі цёмнымі палосамі. Дзюба тонкая, чорная. Корміцца воднымі беспазваночнымі. Нясе 3—4 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНІК (Knautia),
род кветкавых раслін сям. варсянкавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, асабліва ў Міжземнамор’і і Зах. Азіі. На Беларусі 1 від — П. палявы (K. arvensis). Трапляецца ў лясах, на лугах, палях, уздоўж дарог.
П. палявы — шматгадовая карэнішчавая расліна выш. да 1 м, густа ўкрытая шчаціністымі валаскамі. Сцёблы прамастойныя. Лісце лірападобнае або перыстараздзельнае, супраціўнае, прыкаранёвае і ніжняе сцябловае звужана ў доўгі чаранок, верхняе — сядзячае. Кветкі дробныя, ліловыя, блакітна-бэзавыя ў галоўчатых суквеццях. Плод — сямянка. Фарбавальная, меданосная расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХУЧАКАЛАСНІ́К (Anthoxanthum),
род кветкавых раслін сям, метлюжковых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы (як заноснае — на ўсіх кантынентах). На Беларусі 1 від — П. духмяны, або пахучы каласок (Aodoratum). Трапляецца ў лясах, хмызняках, на лугах.
П. духмяны — шматгадовая травяністая расліна. выш. да 50 см. Утварае дзярнінкі. Сцёблы голыя, гладкія. Лісце лінейнае, голае або апушанае. Суквецце — зеленавата-бурая коласападобная мяцёлка. Плод — зярняўка. Расліна мае кумарыны, якія надаюць сену прыемны пах. Выкарыстоўваецца ў медыцыне, харч. і парфумернай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУНКТЭ́ЛІЯ (Punctelia),
род ліставатых лішайнікаў сям. пармеліевых. 22 віды. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 1 від — П. грубаватая (P. subrudecta), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў вільготных лісцевых лясах на ствалах дрэў.
Слаявіна ліставатая, зверху шэрая, знізу бледная, дыям. 3—10 см. Лопасці шыр. да 6 мм, злёгку ўвагнутыя. Сарэдыі кропка- або шарападобнай формы. Саралі (утварэнні для вегетатыўнага размнажэння) развіваюцца ў цэнтры, часам па краях лопасцей. Пладовыя целы (апатэцыі) пераважна адзіночныя, трапляюцца рэдка. Сумкі 8-споравыя. Споры бясколерныя, амаль шарападобныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗА́К (Stratiotes),
род кветкавых раслін сям. жабнікавых. 1 від — Р. звычайны, або алоэпадобны (S. aloides). Пашыраны ў Еўразіі. Трапляецца ў прэсных стаячых і слабапраточных водах, утварае зараснікі, якія прыводзяць да абмялення вадаёмаў. На Беларусі расце ў старыцах, рачных затоках, азёрах.
Шматгадовыя алушчаныя ў ваду (усплываюць у час цвіцення) травяністыя расліны выш. 15—45 см. Лісце сабранае ў разетку, лінейна-ланцэтнае, цвёрдае, з пілаватым краем, якім лёгка парэзацца (адсюль назва). Кветкі аднаполыя, белыя, даволі буйныя. Плод — ягадападобны. Кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДНАЛЫ́ЖНЫ СПОРТ,
від спорту, у аснове якога хуткае перамяшчэнне спартсмена па паверхні вады на спец. лыжах пры дапамозе буксіровачнага троса (за катэрамі ці на электрацязе). Т. зв. вадналыжнае трохбор’е ўключае слалам, фігурнае катанне і скачкі на лыжах з трампліна. У слаламе (на 2 ці 1 лыжы) спаборнічаюць у хуткім і правільным праходжанні трасы; у фігурным катанні спартсмены за пэўны час павінны выканаць як мага больш складаных фігур, якія ацэньваюцца ў ачках; у скачках з трампліна (драўлянага насцілу выш. 150 см для жанчын і 180 см для мужчын) ацэньваецца далёкасць і тэхніка палёту. Як від спорту аформіўся ў 1930-я г. ў ЗША. У 1947 створаны Сусв. вадналыжны саюз; чэмпіянаты свету з 1949.
На Беларусі актыўна развіваецца з сярэдзіны 1960-х г. З 1964 праводзяцца чэмпіянаты Беларусі. Бел. майстры воднага спорту былі (з 1973) шматразовымі пераможцамі і прызёрамі чэмпіянатаў СССР (заваявана 167 медалёў), уладальнікамі кубка СССР; на чэмпіянатах свету і Еўропы, спаборніцтвах на Кубак свету і Кубак Еўропы заваявана (на 1995) больш як 150 медалёў, з іх больш за 60 залатых. Найб. поспеху дасягалі І.Потэс, А.Мінянок, Дз.Яскевіч, М.Амяльянчык, Ю.Грамыка, А.Паўлава, А.Надзін і інш.Нац. зборная Беларусі — чэмпіён Еўропы ў спаборніцтвах на электрацязе (1990) і на класічных лыжах (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНАЯ БАРАЦЬБА́,
відспарт. барацьбы, у якім шырока выкарыстоўваюцца тэхн. і сілавыя прыёмы — захопы (у т. л. ніжэй пояса), падсечкі, падбівы, перавароты і інш. У схватцы (3 перыяды па 3 мін) перамагае той, хто пакладзе саперніка на лапаткі ці набярэ больш ачкоў за тэхн. прыёмы і актыўнасць.
Узнікла ў Вялікабрытаніі ў канцы 19 ст. З 1904 (за выключэннем 1912) у праграме Алімпійскіх гульняў, з 1928 праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, з 1951 — свету. З 1912 дзейнічае Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (ФІЛА).
На Беларусі падобнае на вольную барацьбу адзінаборства вядомае здаўна як барацьба «да крыжа». Як від спорту вольная барацьба развіваецца з 1948. Праводзяцца чэмпіянаты ў розных узроставых катэгорыях, традыц.міжнар. турнір па вольнай барацьбе на прызы А.Мядзведзя (аднесены ФІЛА да спаборніцтваў вышэйшай катэгорыі), матчавыя сустрэчы бел. барцоў з камандамі інш. краін. Сярод бел. майстроў вольнай барацьбы найб. поспехаў дамагліся трохразовы алімпійскі чэмпіён, неаднаразовы чэмпіён свету і Еўропы Мядзведзь, а таксама В.Сюльжын (чэмпіён свету 1973, Еўропы 1972—73, уладальнік Кубка Еўропы 1974—75), Л.Кітоў (чэмпіён Еўропы 1970), В.Яўпоеў (чэмпіён Еўропы 1984), А.Сабееў (чэмпіён Еўропы 1989—90), С.Смаль (чэмпіён свету 1991, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 1992), В.Аруджаў (чэмпіён свету 1991, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 1992).