ПУНКТЭ́ЛІЯ (Punctelia),

род ліставатых лішайнікаў сям. пармеліевых. 22 віды. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 1 від — П. грубаватая (P. subrudecta), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў вільготных лісцевых лясах на ствалах дрэў.

Слаявіна ліставатая, зверху шэрая, знізу бледная, дыям. 3—10 см. Лопасці шыр. да 6 мм, злёгку ўвагнутыя. Сарэдыі кропка- або шарападобнай формы. Саралі (утварэнні для вегетатыўнага размнажэння) развіваюцца ў цэнтры, часам па краях лопасцей. Пладовыя целы (апатэцыі) пераважна адзіночныя, трапляюцца рэдка. Сумкі 8-споравыя. Споры бясколерныя, амаль шарападобныя.

У.​У.​Галубкоў.

т. 13, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)