«БО́ІНГ»,

агульная назва самалётаў авіяц. карпарацыі ЗША «Боінг». Сярод іх шырокафюзеляжны пасажырскі самалёт B-747 (выпускаецца з 1983). Мае 4 турбарэактыўныя двухконтурныя рухавікі з цягай па 244 кН кожны. Перавозіць да 660 пасажыраў. Крэйсерская скорасць да 940 км/гадз, узлётная маса каля 380 т, далёкасць палёту без дазапраўкі да 13,5 тыс. км. B-747 «Джумба Джэт» — на 386 пасажыраў, узлётная маса каля 400 т, далёкасць палёту каля 13 тыс. км. Самалёты «Боінг» вызначаюцца надзейнасцю і эканамічнасцю.

т. 3, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНІЛІ́Н, метаметоксі-парагідоксібензойны альдэгід,

CH3O(OH)C6H3CHO, араматычнае арган. рэчыва з пахам ванілі, вытворнае бензолу. Бясколерныя ігольчастыя крышталі, tпл 81—83 °C, tкіп 284—285 °C, шчыльн. 1056 кг/м³. Сублімуе без раскладання, раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры, хлараформе і інш. У натуральным стане ў выглядзе гліказіду ёсць у пладах ванілі; сінтэтычны ванілін атрымліваюць з гваяколу, лігніну і эўгенолу. Шырока выкарыстоўваецца ў харч., парфумернай і фармацэўтычнай прам-сці. Сумесь ваніліну з цукр. пудрай (1 : 100) наз. ванільным цукрам.

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́Я (Andreaea),

род лістасцябловых імхоў сям. андрэевых. Каля 120 відаў. Растуць у высокіх шыротах і высакагор’ях па ўсім зямным шары. На Беларусі ў зах. раёнах трапляецца андрэя скальная (A. rupestris).

Утварае невял. цвёрдыя дзернавінкі ад бура-зялёнага да чырвона-бурага колеру. Сцяблы 1—2 см выш., прамыя або прыўзнятыя, густа ўкрытыя лісцем. Лісце прадаўгавата-яйцападобнае або яйцападобна-ланцэтнае, тупое, без жылак, вельмі гіграскапічнае. Каробачка на псеўданожцы, прадаўгавата-авальная, раскрываецца 4 прадаўгаватымі шчылінамі.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

Андрэя скальная.

т. 1, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІХАНЯ́Н (Ісак Сямёнавіч) (7.2.1876, Душэты, Грузія — 15.3.1946),

армянскі акцёр. Нар. арт. Арменіі (1923) і Грузіі (1941). З 1897 працаваў у Баку, Тбілісі, Растове-на-Доне. Адзін з арганізатараў (1921) 1-га Дзярж. т-ра Арменіі ў Ерэване (цяпер Т-р імя Г.​Сундукяна). З 1922 у Тбіліскім арм. т-ры. Сярод роляў: Пэпа (аднайм. п’еса Сундукяна), Элізбараў («З-за гонару» А.​Шырванзадэ), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Нязнамаў («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага).

т. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАВЯ́ЗАК ВО́ІНСКІ,

абавязак грамадзян абараняць сваю Айчыну, навучацца ваен. справе і несці ваен. службу ў складзе ўзбр. сіл і інш. вайск, фарміраванняў. Замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, рэгулюецца Законам «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992. Мае адносіны да грамадзян, органаў дзярж. улады і кіравання, прадпрыемстваў, устаноў і арг-цый незалежна ад форм уласнасці і ўмоў гаспадарання. Абавязак воінскі не пашыраецца на замежных грамадзян, якія жывуць на тэр. Беларусі, і асоб без грамадзянства. Гл. таксама Воінская павіннасць.

т. 1, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБІЯГЕНЕ́З (ад а... + біягенез),

утварэнне арган. злучэнняў, пашыраных у жывой прыродзе, па-за арганізмам і без удзелу ферментаў. У шырокім сэнсе абіягенез — узнікненне жывога з нежывога, зыходная гіпотэза сучаснай тэорыі паходжання жыцця на Зямлі абіягенным шляхам (належыць А.​І.​Апарыну і Дж.​Холдэйну). Магчымасць абіягенезу ўпершыню даказана ў 19 ст. штучным сінтэзам мачавіны. У сярэдзіне 20 ст. эксперыментальна ажыццёўлены абіягенны сінтэз бялковападобных і інш. арган. рэчываў ва ўмовах, якія ўзнаўляюць умовы першабытнай Зямлі. Гл. таксама Біягенез.

т. 1, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРО́ДНІКІ,

сяляне ў ВКЛ, якія пасяляліся на невял. дзялянках зямлі, за што абавязваліся выконваць пэўныя павіннасці. Агароднікі давалі па 3 маргі (1 морг — 0,71 га) зямлі і сялілі вёскамі па 10—20 двароў паблізу фальваркаў. За надзелы агароднікі адпрацоўвалі на землеўладальніка 1 дзень у тыдзень без каня, а іх жонкі — 6 дзён за лета. У час валочнай памеры ў катэгорыю агароднікаў пераводзілі чэлядзь. У 18 — 1-й пал. 19 ст. агароднікамі называлі сялян, якія мелі толькі хату і агарод.

т. 1, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РЖА (франц. barge),

пласкадоннае грузавое несамаходнае судна без аснасткі з невялікай асадкай. Перацягваецца буксірам. У залежнасці ад грузаў, якія перавозяцца, баржы падзяляюцца на сухагрузныя (для пяску, руды, кам. вугалю) і наліўныя (вадкае паліва, вада); ад раёна плавання — на марскія, рэйдавыя (прыбярэжныя) і рачныя. На Беларусі з’явілася ў канцы 19 ст. і паступова стала асн. тыпам рачнога грузавога транспарту (з часам драўляныя судны заменены металічнымі). Сучасныя баржы, якія выкарыстоўваюць на ўсіх буйных рэках рэспублікі, пераважна сухагрузныя; грузападымальнасць 100—700 т.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАБА́Н у архітэктуры,

цыліндрычная або шматгранная (звычайна васьмерыковая) верхняя частка будынка, якая абапіраецца на сцены, слупы, падпружныя аркі, ветразі і завяршаецца купалам або шатром. Бываюць светлавыя (з аконнымі праёмамі, паляпшаюць асветленасць будынка) і глухія (без праёмаў). Барабан — важны элемент кампазіцыі культавых збудаванняў, надае ім дынамічнасць, маляўнічы сілуэт. Пашыраны ў хрысціянскім культавым дойлідстве, у архітэктуры Адраджэння, барока і класіцызму.

Барабаны Успенскай царквы ў вёсцы Чарацянка Гомельскага раёна.
Барабаны Петрапаўлаўскага са-бора ў Гомелі (злева), Міхайлаўскай царквы ў Слуцку.

т. 2, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРШЫ́НІН (Мікола) (Мікалай Пятровіч; н. 20.5.1940, г. Чэрвень Мінскай вобл.),

бел. паэт-сатырык, гумарыст. Скончыў Мінскі аўтамех. тэхнікум (1958), БДУ (1970). Працаваў інжынерам на мінскіх з-дах. З 1978 вядучы інжынер навук.-вытв. аб’яднання «Прагрэс». Друкуецца з 1960. У зб-ках сатыры і гумару «Без віны вінаватыя» (1972), «Не сышліся характарамі» (1977), «Дагуляўся» (1981), «Нашто мне жаніціся» (1982) і інш. выкрывае кар’ерыстаў, падхалімаў, хапуг, зладзеяў, прыстасаванцаў і інш.

Тв.:

Свой чалавек: Байкі, фельетоны, гумарэскі, мініяцюры, каламбуры, эпіграмы. Мн., 1993.

т. 4, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)