самец-вытворнік буйн. раг. жывёлы; бык. Пры адборы на племя лепшых бугаёў улічваюць выяўленасць іх пародных якасцей, стан здароўя, узровень палавой актыўнасці, якасць атрымліваемага патомства. Палавая спеласць у бугаёў настае ў 6—8 месяцаў. У злучку бугаёў скараспелых парод пускаюць у 14—16 месяцаў, познаспелых у 16—18 месяцаў. Тэрмін выкарыстання ў гаспадарцы — 6—8 гадоў (часам 12—14 гадоў). Бугаёў, не прыдатных на племя, кастрыруюць і адкормліваюць на мяса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬСАН, Уілсан (Wilson) Кенет Гедэс (н. 8.6.1936, г. Уолтэм, ЗША), амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нацыянальнай АН. Скончыў Гарвардскі ун-т (1956), дзе працаваў у 1959—62. З 1963 у Корнелскім ун-це (з 1971 праф.). Навук. працы па квантавай тэорыі поля, тэорыі элементарных часціц і стат. фізіцы. Прапанаваў тэорыю фазавых пераходаў другога роду (тэорыя Вільсана), у якой даў дакладнае тлумачэнне тэмпературнай залежнасці цеплаёмістасці пры малых тэмпературах. Нобелеўская прэмія 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОГНЕПРАВО́ДНЫ ШНУР, бікфордаў шнур,
шнур для перадачы цеплавога імпульсу (пучка іскраў) капсулю-дэтанатару або зараду выбуховых рэчываў праз строга вызначаны прамежак часу з моманту падпальвання. Складаецца з асяродка са спрасаванага дымнага пораху і абалонкі (аплёткі) з некалькіх слаёў нітак, насычаных вільгацеізаляцыйным саставам. Дыяметр 6 мм, скорасць гарэння да 1 см/с (пад вадой на глыб. да 5 м гарыць з большай скорасцю). Выкарыстоўваецца ў ваен. справе і пры выбуховых работах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТРУБ’Е,
адходы мукамольна-крупяной вытв-сці — абалонкі зерня і рэшткі неадсартаванай мукі; канцэнтраваны корм для с.-г. жывёл, адзін з кампанентаў камбікорму. У залежнасці ад віду зерня адрозніваюць вотруб’е пшанічнае, жытняе, ячменнае, рысавае і інш., паводле ступені драбнення — грубае і тонкае. Часцей выкарыстоўваюць пры кармленні буйн. раг. жывёлы. У 100 кг вотруб’я 70—78 кармавых адзінак і 12,5—13,2 кг засваяльнага пратэіну. Вотруб’е багата фосфарам, каліем, марганцам, вітамінамі групы B, E.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІ́ЎСКІ МІР 1660,
мірны дагавор паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай з яе саюзнікамі Аўстрыяй і Брандэнбургам. Падпісаны 3.5.1660 у Аліўскім манастыры паблізу Гданьска пры пасрэдніцтве Францыі. Завяршыў (разам з Капенгагенскім мірам 1660) Паўночную вайну 1655—60. Паводле Аліўскага міру кароль Рэчы Паспалітай Ян II Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на швед. карону. Швецыя замацавала за сабой Эстляндыю з в-вам Эзель і амаль усю Ліфляндыю, захопленыя ёй у 16 — пач. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛКІЛФАСФА́ТЫ,
паверхнева-актыўныя рэчывы аніённай прыроды, ROPO(OM)2 і (RO)2POOM, дзе R — алкіл, M — метал, амоній. Пастападобныя рэчывы крэмавага колеру, растваральныя ў вадзе, маюць высокую мыйную ўласцівасць, устойлівыя пры t да 220 °C, біяраскладальныя да 90%. Атрымліваюць узаемадзеяннем вышэйшых спіртоў ці монаалкілполіэтыленгліколяў з пентаксідам або трыхлораксідам фосфару і наступнай нейтралізацыяй прадуктаў шчолачамі ці аміякам. Выкарыстоўваюцца [пераважна алкілфасфаты, у якіх R=CnH2n+1; CnH2n+1(OC2H4)m (n=6-20; m=4 і 6), M — калій, натрый, амоній] як эмульгатары, кампаненты мыйных і ачышчальных сродкаў, тэкстыльна-дапаможных рэчываў (антыстатыкаў, замаслівальнікаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕНХАТЭ́П IV, Эхнатон,
егіпецкі фараон [1379—1362 да н.э.] эпохі Новага царства (XVIII дынастыя). Сын Аменхатэпа III. Каб зламаць магутнасць фіванскіх жрацоў і старой знаці, звязаных з культам бога Амона, абвясціў новы дзярж. культ бога Атона. Зрабіў сталіцай г. Ахетатон, сам прыняў імя Эхнатон («карысны Атону»). Пры Аменхатэпе IV Егіпет пачаў страчваць уладу над Сірыяй і Палесцінай, сітуацыю пагаршалі набегі качавых плямёнаў хабіру ў азіяцкія ўладанні Егіпта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІЛАЦЭТА́ТЫ,
арганічныя рэчывы, складаныя эфіры воцатнай кіслаты і амілавых спіртоў, CH3COOC5H11. Вадкасці, tкіп 149,2 °C, шчыльн. 0,875∙103кг/м³ (н-амілацэтат), tкіп 142 °C, шчыльн. 0,871∙103кг/м³ (ізаамілацэтат), мала растваральныя ў вадзе, добра — у арган. растваральніках. Ізаамілацэтат (грушавая эсенцыя) выкарыстоўваецца ў вытв-сці фруктовай вады, карамеляў, амілацэтат — як растваральнік лакаў і фарбаў, нітрацэлюлозы, экстракт пры атрыманні пеніцыліну, кампаненты харч. эсенцый, рэчывы для араматызацыі мыла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЛЯЕ́ННЕ ГЛЕ́БЫ,
глебаўтваральны працэс, які адбываецца ў анаэробных умовах з удзелам мікраарганізмаў, пры наяўнасці арган. рэчыва і пастаянным або працяглым абвадненні асобных гарызонтаў або ўсяго профілю глебы. Назіраецца амаль усюды ў глебах рознага генезісу і мех. складу, найчасцей у гумідных глебах. Вонкавая прыкмета агляення глебы — спецыфічная афарбоўка аглееных гарызонтаў: ад белавата-шызага ці шэра-блакітнаватага ў лёгкіх глебах да шызавата-сіняга або зеленаватага ў поймавых і чарназёмападобных. Гл. таксама Глей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭГА́ТНЫЯ СТА́НЫ РЭ́ЧЫВА,
якасна розныя станы аднаго і таго ж рэчыва, якія адрозніваюцца характарам цеплавога руху часціц (атамаў, малекул). Адрозніваюць 3 агрэгатныя станы рэчыва: газ, вадкасць, цвёрдае цела (чацвёртым агрэгатным станам рэчыва часта наз.плазму). Рэчыва ў любым агрэгатным стане існуе пры пэўных умовах (т-ра, ціск), змены якіх вядуць да скачкападобнага пераходу з аднаго стану ў другі. Такая змена агрэгатнага стану рэчыва наз. фазавым пераходам першага роду.