БРУХАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Hypotrichida, або Hypotricha),

атрад прасцейшых падкл. спіральнараснічных інфузорый. Больш за 400 відаў. Пашыраны брухараснічныя інфузорыі з сям. Aspidiscidae, Euplotidae, Oxytrichidae. У вадаёмах Беларусі — прадстаўнікі родаў Aspidisca, Euplotes, Oxytricha, Stylonychia. Большасць жыве ў тоўшчы марскіх і прэсных водаў, сярод зараснікаў водных раслін, у глеі, глебе.

Цела сплошчанае. Раснічны апарат дыферэнцыраваны: на спінным баку раснічкі ператвораны ў кароткія адчувальныя шчацінкі, на брушку зліваюцца і ўтвараюць пальцападобныя т.зв. цыры, з дапамогай якіх брухараснічныя інфузорыі хутка перамяшчаюцца па субстраце. Размнажэнне бясполае (дзяленне папалам) і палавое (кан’югацыя).

т. 3, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАВЕ́СЦЬ,

возера ў Беларусі, у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сечна, за 8 км на ПдУ ад г.п. Шуміліна. Пл. 3,41 км²; даўж. 4,14 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 10,3 м, даўж. берагавой лініі 13,4 км. Пл. вадазбору каля 20 км².

Схілы катлавіны выш. да 20 м, на З стромкія, тэрасаваныя, пад хмызняком, на У разараныя. Берагі выш. 0,3—0,4 м, пясчаныя. Дно складанай будовы, на мелкаводдзі пясчанае, глыбей — сапрапелістае. 5 астравоў. Зарастае слаба, паласа расліннасці шыр. 20—40 м. Пратокай злучана з воз. Княжно.

т. 3, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДНІКІ,

катэгорыя работнікаў на Беларусі ў 15 — сярэдзіне 19 ст., якія працавалі гал. чынам на будах. Набіраліся пераважна са збяднелых сялян. Некваліфікаваныя буднікі звычайна выпальвалі попел з драўніны пэўных парод і нарыхтоўвалі дровы, клёпку для будных печаў. Кваліфікаваныя буднікі выварвалі з попелу паташ (палівачы і карытнікі), выпальвалі вугаль для кузняў, рабілі бочкі пад паташ, выконвалі дапаможныя работы (кавалі, бондары, цагельнікі і інш.). За сваю працу буднікі атрымлівалі ардынарый (харчы), адзенне і грашовую плату. Большасць буднікаў мела свае хаты, бяздомныя жылі па месцы працы ў спец. памяшканнях.

В.​І.​Мялешка.

т. 3, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРНАНВІ́ЛЬ ((Bournonville) Аўгуст) (Агюст; 21.8.1805, Капенгаген — 30.11.1879),

дацкі артыст, балетмайстар, педагог. Скончыў школу Парыжскай оперы (1826). З 1830 саліст і балетмайстар Каралеўскага дацкага балета, выкладаў танцы пры двары. У 1848—77 (з перапынкамі) гал. балетмайстар Каралеўскай оперы ў Капенгагене. У пастаноўках спалучаў класічны і характарны танцы, шырока выкарыстоўваў фальклор. Паставіў больш за 50 балетаў, пераважна на музыку дацкіх кампазітараў, фарміраваў своеасаблівасць дацкага балета, распрацоўваў мімічную выразнасць, віртуознасць мужчынскага танца. Стварыў методыку выкладання танца, т.зв. «ўрок Бурнанвіля» (запісаны яго вучнямі і ўвайшоў у балетную пед. практыку).

т. 3, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕННАПАЛО́ННЫЯ,

у міжнародным праве асобы, што ўваходзяць у асабовы склад узбр. сіл і апалчэння, партызаны, удзельнікі руху Супраціўлення, якія ў час ваен. канфлікту трапілі пад уладу варожай дзяржавы. Рэжым ваеннапалонных вызначаны Гаагскімі канвенцыямі 1899 і 1907 аб законах і звычаях вайны, а таксама Жэнеўскай канвенцыі 1949, удзельнікам якой з’яўляецца Рэспубліка Беларусь. Абыходжанне з ваеннапалоннымі пры ўсіх абставінах павінна быць гуманнае, без дыскрымінацыі. Замах на жыццё і фізічную недатыкальнасць ваеннапалонных, на іх чалавечую годнасць не дапускаецца. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае крымін. адказнасць ваеннаслужачых за дрэннае абыходжанне з ваеннапалоннымі.

т. 3, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАА́МСКІЯ АСТРАВЫ́,

група астравоў у паўн.-зах. частцы Ладажскага возера, у Карэліі (Расійская Федэрацыя). Уключае в-аў Валаам (пл. 28 км²) і больш за 50 дробных астравоў. Агульная пл. 36 км². Выш. да 70 м. Складзены з гранітаў і дыябазаў. Берагі моцна парэзаныя (шхеры). Большая ч. Валаамскіх астравоў укрыта хваёвымі лясамі і насаджэннямі. З 1979 гісторыка-арх. і прыродны музей-запаведнік Валаамскі манастыр. На в-ве Валаам — гар. пасёлак Валаам. Культавыя, гасп. і жылыя пабудовы 19 — пач. 20 ст. Помнік маракам Ладажскай ваен. флатыліі. Турызм.

В.​П.​Кісель.

т. 3, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНСЕ́ЦКІ (Павел Фёдаравіч) (1915, г. Краснадар, Расія — 27.3.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. З 1938 у ВМФ, служыў на Чарнаморскім флоце. З 1942 у брыгадзе марской пяхоты, удзельнік дэсантных аперацый у Новарасійску, Марыупалі, Таганрогу, Бярдзянску. Старшына 2-й стацці Вансецкі вызначыўся ў час дэсантнай аперацыі ў г. Мікалаеў (Украіна): у ноч на 26.3.1944 атрад дэсантнікаў, у складзе якога быў Вансецкі, па Паўд. Бугу высадзіўся ў тыле ворага ў порце, у няроўным баі за 2 сутак адбіў 18 контратак, нанёс вял. страты жывой сіле ворага.

П.Ф.Вансецкі.

т. 3, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКІ ЗАВО́Д ЛІЦЕ́ЙНАГА АБСТАЛЯВА́ННЯ.

Створаны ў 1902 у г. Ваўкавыск (цяпер у Гродзенскай вобл.) на базе майстэрні як чыгуналіцейны з-д. У 1902 працавала 13 рабочых, якія выплаўлялі 50—60 пудоў чыгуну за год і выраблялі ручныя сячкарні і конныя прыводы да малатарань. У час Вял. Айч. вайны разбураны, адноўлены ў 1944. У 1947 дабудаваны. З 1962 сучасная назва. У 1964—66 рэканструяваны. Дзейнічаюць цэхі: ліцейны, загатовачна-зварачны, 2 механазборачныя. Асн. прадукцыя (1995): тэхнал. абсталяванне для ліцейнай вытв-сці, буд. тэхніка, с.-г. абсталяванне, у т. л. сячкарні.

т. 4, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕЧЕ́РНЯЯ ГАЗЕ́ТА»,

штодзённая грамадска-паліт. газета ліберальнага кірунку. Выдавалася з 18.9(1.10).1912 да 11(24).6.1915 у Вільні на рус. мове. Асвятляла міжнар. і ўнутр. жыццё, дзейнасць урада і Дзярж. думы, падзеі 1-й сусв. вайны. Выступала за буржуазна-дэмакр. рэформы, культ.-нац. самавызначэнне народаў Расіі, інфармавала пра рабочы і сял. рух на Беларусі і ў Літве. Прыхільна ставілася да бел. нац. руху, падтрымлівала газ. «Наша ніва» ў яе палеміцы з рус. і польск. выданнямі. Бачыла ў сац. і духоўным абуджэнні беларусаў значны культ. набытак чалавецтва.

т. 4, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДЗЕНІЧЫ, Відунічы, Відзінічы,

вёска ў Алёнавіцкім с/с Талачынскага р-на Віцебскай вобл. За 38 км на ПнУ ад Талачына. 24 двары, 44 ж. (1996). Упершыню ўпамінаецца як «село Видиничи» ў Друцкім евангеллі (І-я пал. 14 ст.). У розны час належала Друцкім, Любецкім, Лянеўскаму, Сяняўскай, Голчыцу (ці Галоўчыцу) і інш. У 1785 В. — цэнтр маёнтка, які ахопліваў 5 вёсак (Коззі Горкі, Лаўрынава, Станаўка, Бордзіна, Раманаўка) і налічваў 69 двароў, 536 душ. З 1861 — у Алёнавіцкай вол. Аршанскага пав. З 1924 В. ў Талачынскім р-не.

т. 4, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)