РАСА́ДА,

маладыя расліны, якія вырошчваюць у ахоўным грунце для перасадкі на пастаяннае месца. Выкарыстоўваюць у агародніцтве, кветкаводстве, пладаводстве, лесаводстве і інш.

Дае магчымасць скараціць перыяд вегетацыі раслін у адкрытым грунце, атрымліваць раннія і высокія ўраджаі агародніны (на 2—3 месяцы раней, чым пры сяўбе насеннем), культываваць познаспелыя агароднінныя расліны ў раёнах з кароткім летам, эканоміць пасяўны матэрыял (у 3—5 разоў). Дадатковае м. асвятленне Р. паскарае плоданашэнне і павышае ўрадлівасць. На Беларусі расадным метадам вырошчваюць памідоры, капусту, баклажаны, перац струкавы і інш.

т. 13, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ШТА, дракункулёз,

паразітарная (глісная) хвароба. Выклікаецца круглымі чарвямі (Dracunculus medinensis), якія паразітуюць у падскурнай і міжмышачнай злучальнай тканцы чалавека і жывёлы. Пашырана ў тропіках і субтропіках. Чалавек заражаецца пры ўжыванні вады з інвазійнымі весланогімі рачкамі — цыклопамі (прамежкавы гаспадар). Інкубацыйны перыяд 9—14 месяцаў. Аплодненая самка гельмінта мігрыруе ў падскурную клятчатку ног, на скуры ўтвараецца выпучванне, фарміруецца псеўдафурункул. Канчатковы гаспадар паразіта — чалавек, сабака, кот, леапард. Прыкметы: высыпка на скуры, падобная на крапіўніцу, моташнасць і інш. Лячэнне: мех. выдаленне паразіта, хіміятэрапія.

А.​А.​Астапаў.

т. 13, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВЕ́РСІЯ (ад лац. reversio вяртанне) у генетыцы, узнаўленне ў мутантнага арганізма дзікага (нармальнага) фенатыпу ў выніку паўторнай мутацыі. Адбываецца за кошт прыгнечання (супрэсіі) уздзеяння мутантнага гена або шляхам сапраўднай мутацыі. Арганізм, які ўзнік у выніку супрэсіі, мае псеўдадзікі фенатып, а пры сапраўднай зваротнай мутацыі — нармальны, таму што геном вяртаецца ў зыходны стан (напр., узнаўленне зыходнай нуклеатыднай паслядоўнасці ў гене, які быў закрануты прамой мутацыяй). Частата і характар Р. залежаць ад тыпу змен, якія адбыліся пры прамой мутацыі.

Р.​Г.​Заяц.

т. 13, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКРЭАЦЫ́ЙНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

прыродныя і культурна-гіст. комплексы і іх элементы, якія выкарыстоўваюцца для аднаўлення працаздольнасці і здароўя людзей (рэкрэацыі). На Беларусі для рэкрэацыйнага выкарыстання рэзервуецца каля 2 млн. га (каля 10% тэр.) у мясцінах, адметных спрыяльнымі прыродна-кліматычнымі ўмовамі, крыніцамі мінер. вод, радовішчамі лек. гразей, маляўнічымі ландшафтамі, помнікамі гісторыі, культуры, прыроды. На іх базе фарміруюцца зоны адпачынку, пансіянаты, турбазы, кемпінгі, пракладваюцца турысцкія маршруты. Асн. задача рэкрэацыйнага прыродакарыстання — вызначэнне гранічна дапушчальных рэкрэацыйных нагрузак на розныя тыпы ландшафтаў з мэтай прадухілення дыгрэсіі.

т. 13, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭТО́РСП (ад позналац. retorsio адваротнае дзеянне),

правамерныя прымусовыя дзеянні дзяржавы, якія робяцца ў адказ на недружалюбны акт інш. дзяржавы, што паставіла ў дыскрымінацыйныя ўмовы фіз. або юрыд. асоб першай дзяржавы (напр., абмежаванне правоў іншаземцаў — грамадзян інш. дзяржавы, павелічэнне мытных пошлін гэтай дзяржавы). Мае на мэце аднаўленне прынцыпу ўзаемнасці ў адносінах адпаведных дзяржаў. Меры, што выкарыстоўваюцца ў якасці Р., павінны быць прапарцыянальна адпаведнымі акту, які іх выклікаў, і спыняюцца з моманту аднаўлення ранейшага становішча. Як і рэпрэсаліі, Р. не прадугледжваюць выкарыстання ўзбр. сілы.

т. 14, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЧЫЦКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Рэчыцкае староства,

буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у 15—18 ст. Цэнтр — г. Рэчыца. Першапачаткова ўваходзіла ў склад Чарнігаўскага княства, уключала мястэчкі Стрэшын, Горваль, Дамыслін і інш., якія вял. князі ВКЛ раздалі духоўным і свецкім феадалам. Паводле адм. рэформы 1565—66 увайшла ў склад Рэчыцкага пав. У 1569 уключана ў «сталовыя» маёнткі, даход з якіх ішоў на забеспячэнне вял. князя і яго двара. У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) далучана да Рас. імперыі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 14, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СААВЕ́ДРА ЛА́МАС ((Saavedra Lamas) Карлас) (1.11.1878, Буэнас-Айрэс — 5.5.1959),

аргенцінскі дзярж. дзеяч. Скончыў ун-т Буэнас-Айрэса (1903). Прафесар. З 1908 дэпутат парламента Аргенціны. З 1915 міністр юстыцыі і грамадз. адукацыі, у 1932—38 міністр замежных спраў. 3.8.1932 у сваёй міністэрскай дэкларацыі сфармуляваў прынцыпы міжнар. адносін, якія былі пакладзены ў аснову Сааведра Ламаса пакта 1933. У 1935 выконваў ролю пасрэдніка ў мірным урэгуляванні ўзбр. канфлікту паміж Парагваем і Балівіяй. У 1941—43 прэзідэнт ун-та Буэнас-Айрэса. Нобелеўская прэмія міру 1936.

т. 14, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАЛІ́ШЧА,

вёска ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., каля р. Нішча, на аўтадарозе Полацк—Клясціцы. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 26 км на ПдЗ ад г.п. Расоны, 133 км ад Віцебска, 23 км ад чыг. ст. Боркавічы. 324 ж., 132 двары (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры. б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік Я.​П.​Кульневу. У вёсцы ў Вял. Айч. вайну дзейнічала адна з груп Сакалішчанскага патрыятычнага падполля.

т. 14, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНГІЛЕ́Н, Сенгілен,

нагор’е ў Паўд. Сібіры, на ПдУ Рэспублікі Тыва, Расія. Водападзел рэк бас. Малога Енісея (Ка-Хем) і Тэс-Хем. Даўж. каля 230 км, найб. шыр. 120 км, выш. да 3276 м. Складзены з гнейсаў, крышт. сланцаў, мармурызаваных вапнякоў, прарваных інтрузіямі. Радовішчы жалезістых кварцытаў, нефелінаў, графіту, золата. Пераважае сярэднягорны рэльеф. На паўн. схілах — кедрова-лістоўнічныя лясы, на Пд і ў цэнтры ў глыбокаўрэзаных далінах — драўнінная расліннасць, на схілах — стэпы, якія на выш. 1800—200 м пераходзяць у горныя лугі і тундры.

т. 14, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРЭКА́Т ІСЛА́М (Sarekat Islam — Саюз ісламу),

першая масавая паліт. арг-цыя ў Інданезіі. Створана ў 1912 як арг-цыя гандляроў, пазней стала масавай антыкалан. арг-цыяй. У 1919 аб’ядноўвала каля 2,5 млн. членаў. У 1921 з С.І. выключаны члены яго левага крыла, якія ў 1924 стварылі Камуніст. партыю Інданезіі. З 1929 наз. Парцей сарэкат іслам (Партыя саюза ісламу). У гады незалежнасці (з 1945) паступова страчвала паліт. ўплыў, у 1973 аб’ядналася з 3 інш. мусульм. партыямі ў Партыю адзінства і развіцця.

т. 14, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)