ВЯРХО́ВІЧЫ,

вёска ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Калінкавічы—Высокае. Цэнтр сельсавета. За 26 км на ПнЗ ад г. Камянец, 39 км ад Брэста, 12 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 678 ж., 267 двароў (1996). Вярховіцкі крухмальны з-д, участак Высокаўскага прамысл.-гандл. камбіната. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, 2 бальніцы, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі архітэктуры — Мікалаеўская царква (1933) і царква (пач. 20 ст.).

т. 4, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАЗУНО́Ў (Пётр Аляксеевіч) (20.2.1920, в. Петрачкі Віцебскага р-на — 8.3.1992),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Віцебскі аэраклуб (1938), Адэскую ваен. авіяц. школу (1940), Вышэйшыя лётна-тактычныя курсы (1947), Цэнтр. лётна-тактычныя курсы ўдасканалення афіцэрскага саставу (1955). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял. Айч. вайну з сак. 1943 на Паўд.-Зах., 3-м Укр., 3-м і 2-м Прыбалт. і Ленінградскім франтах: камандзір эскадрыллі, нам. камандзіра штурмавога авіяпалка. Зрабіў 138 баявых вылетаў. Да 1975 у Сав. Арміі.

П.А.Глазуноў.

т. 5, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУ́ХАЎ,

горад на Украіне, цэнтр раёна ў Сумскай вобл., на р. Эсмань. 35,9 тыс. ж. (1992). Чыг. станцыя. Машынабудаванне і металаапр. (вытв-сць агрэгатных вузлоў, сродкаў выліч. тэхнікі, электраапаратуры і інш.), лёгкая, харч. (плодакансервавая, сыраробная, камбікормавая, мясная) прам-сць.

Упершыню ўпамінаецца ў гіст. дакументах у 1152. З 1708 рэзідэнцыя ўкр. гетманаў, з 1772 — Маларасійскай калегіі. Шматлікія помнікі архітэктуры 17—19 ст., у т. л. Гамалееўскі манастыр (засн. ў 1702), цэрквы Мікалаеўская (канец 17 ст.), Праабражэнская (1765) і інш.

т. 5, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАЙМС-ГРЭЙВС (англ. Grimes Graves),

старажытны цэнтр здабычы крэменю эпохі неаліту (2300—1700 да н.э.) каля Брандана, на мяжы графстваў Норфалк і Суфалк (Англія). На плошчы каля 14 га знойдзены рэшткі 346 шахтаў, частка якіх мае глыб. 9—10 м. Ад вертыкальных тунэляў адыходзяць гарыз. галерэі. Здабыча вялася драўлянымі рыдлёўкамі і рагавымі прыладамі. У адной з шахтаў знойдзены алтар з крамянёвых глыб, вакол якога былі ўмацаваны рогі аленя, знаходзіліся прынашэнні (крэйдавыя шары, статуэтка жанчыны і інш.).

А.​В.​Іоў.

т. 5, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІ́ЛАВА (Аляксандра Юр’еўна) (н. 27.3.1927, г. Гадзяч, Украіна),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1970). Скончыла Кіеўскі інж.-буд. ін-т (1951). З 1951 працавала ў Ін-це «Віцебскграмадзянпраект». Асн. работы ў Віцебску: будынкі прафтэхвучылішча быт. абслугоўвання (1956) і электратэхнікума сувязі (1957, у сааўт.), забудова вуліцы Кірава, пл. Перамогі, цэнтр. і паўд. раёнаў (1973), пл. 1000-годдзя горада (1975), мікрараёнаў Юбілейны (1976), Поўдзень-6 (1980) і інш. Адзін з аўтараў генпланаў Полацка і Наваполацка (1964), Віцебска (1966), Оршы (1968).

т. 6, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖОС (Jos),

плато ў Зах. Афрыцы, паміж рэкамі Нігер і Бенуэ, у цэнтр. ч.

Нігерыі. Сярэднія выш. 1200—1400 м, найб. 1735 м (г. Шарэ). Паверхня слабахвалістая; ізалявана ўзвышаюцца гранітныя пікі, плоскавяршынныя ўзгоркі і конусы патухлых вулканаў. Складзена з дакембрыйскіх гнейсаў, сланцаў, кварцытаў, даламітаў, магматытаў, гранітаў. Клімат экватарыяльны мусонны; ападкаў больш за 1500 мм за год. Расліннасць — другасная высакатраўная саванна. Горна-рудны раён Нігерыі. Агульныя запасы волава 280 тыс. т. Буйнейшыя ў свеце радовішчы ніобію. Распрацоўваюцца танталавыя радовішчы.

т. 6, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗАСАТЫ́Н-ЭЛІСУ́Н,

пясчаная пустыня на ПнЗ Кітая (Сіньцзян), у цэнтр. ч. Джунгарскай раўніны. Пл. каля 45 тыс. км², з якіх каля 38 тыс. км² паўзамацаваныя градавыя і барханныя пяскі, астатняя ч. — такыры і пясчана-галечныя раўніны. Грады пераважна мерыдыянальнага напрамку, выш. да 30 м (у паўн. ч. месцамі да 80—100 м), са стромкімі ўсх. схіламі і больш спусцістымі заходнімі. На барханах рэдкія зараснікі саксаулу, палыну, вярблюджай калючкі, на такырах — тамарыску. Выкарыстоўваецца як паша для авечак і вярблюдаў.

т. 6, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ ПО́ЛЬСКІ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК БССР.

Існаваў у 1939—41. Створаны ў Гродне з акцёраў польск. драм. т-раў. Маст. кіраўнік У.​Ярэма. Значную ролю ў станаўленні калектыву адыграла знаёмства з творчасцю Цэнтр. т-ра лялек пад кіраўніцтвам С.Абразцова, які ў 1939 гастраліраваў у Беластоку. У пастаноўках выкарыстоўваліся лялькі розных сістэм. У рэпертуары: «Дзед і Жораў» В.​Вольскага, «Патапыч» і «Чароўны галёш» Г.​Мацвеева, «Чароўная лямпа Аладзіна» Н.​Гернет і інш. Спыніў дзейнасць у пач. Айч. вайны.

т. 6, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́КШЫЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1793—97. Утвораны ў складзе Мінскай губ. з частак Ашмянскага і Мінскага пав. ВКЛ пасля іх далучэння да Расіі ў час 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793). Цэнтр — мястэчка (з 1795 горад) Докшыцы. Найб. значнымі паселішчамі Д.п. былі мястэчкі Беразіно, Гайна, Даўгінава, Ілья, Лагойск, Плешчаніцы, сёлы Бягомль, Нябышына і інш. Скасаваны ў пач. 1797, яго тэр. падзелена паміж Вілейскім і Барысаўскім пав. Мінскай губ.

В.​Л.​Насевіч.

т. 6, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЙСКІ ПАРК,

помнік сядзібна-паркавага мастацтва. Закладзены ў пач. 19 ст. ў г.п. Друя Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Парк рэгулярнага тыпу. Пл. каля 4 га. Цэнтр кампазіцыі — мураваны 1-павярховы палац на левым беразе Зах. Дзвіны (будынак неаднаразова перабудоўваўся і страціў пачатковы выгляд). Парк выцягнуты з У на З, у паўд. ч. зберагліся алеі, у заходняй — старыя ліпы. Растуць мясц. пароды дрэў, у т. л. конскі каштан звычайны, вяз шурпаты ніцы і інш.

В.​Р.​Анціпаў.

т. 6, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)