Каралеўства Бельгія (франц. Royaume de Belgique, флам. Keninkrijk België), дзяржава ў Зах. Еўропе, на паўд. узбярэжжы Паўночнага м. Мяжуе на Пн з Нідэрландамі, на У з ФРГ і Люксембургам, на Пд і ПдЗ з Францыяй. Пл. 30,5 тыс.км². Нас. 10,1 млн, чал. (1994). Афіц. мовы — нідэрландская (фламандская), франц., нямецкая. Сталіца — г.Брусель. Падзяляецца на 9 правінцый. Існуе падзел на 3 рэгіёны: Фландрыю (Пн), Валонію (Пд), Брусель з ваколіцамі (цэнтр). Нац. свята — Дзень прынясення каралём прысягі (21 ліп.).
Дзяржаўны лад. Бельгія — канстытуцыйная манархія з наследаваннем па мужчынскай лініі. Дзейнічае канстытуцыя 1831 (мадыфікаваная). Кіраўнік дзяржавы — кароль. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе парламент у складзе палаты прадстаўнікоў і сената (тэрмін паўнамоцтваў 4 гады), выканаўчую — Савет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам. Міністраў прызначае і вызваляе кароль. Кіраванне ў правінцыях ажыццяўляюць губернатары. У правінцыях ёсць выбарныя муніцыпальныя органы — правінцыяльныя рады. Судовая сістэма ўключае суды касацыйны, апеляцыйны, 1-й інстанцыі, прысяжных і міравых суддзяў. Усе суддзі прызначаюцца пажыццёва каралём.
Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. На ПдУстараж. (герцынскі) масіў Ардэны (г. Батранж, 694 м). На Пн ад яго нешырокая паласа раўнін і плато, складзеных з палеагенавых глін і пяскоў. Паўн.ч. займаюць плоскія нізіны Фландрыі і Кампіна, укрытыя чацвярцічнымі рачнымі і марскімі адкладамі. Уздоўж узбярэжжа паласа польдэраў (шыр. да 15 км), якая часткова знаходзіцца на 2 м ніжэй за ўзровень мора і засцерагаецца ад затаплення пясчанымі дзюнамі і дамбамі. З карысных выкапняў найб. значэнне мае каменны вугаль (запасы каля 6 млрд.т), ёсць прыродны газ, буд. матэрыялы. Клімат марскі, умерана цёплы. Сярэдняя т-растудз. 3 °C (у Ардэнах да -1 °C), ліп. 18 °C (у Ардэнах 14 °C). Ападкаў 700—900 ммза год, у гарах 1200—1500 мм. Рэкі паўнаводныя, не замярзаюць. Галоўныя: Шэльда і Маас з шматлікімі прытокамі. Б. ч. краіны мае культ. ландшафт. Прамысл. цэнтры злучаны рэкамі і суднаходнымі каналамі. Лясы (дуб, бук, граб) разам з лесапалосамі займаюць каля 21% тэрыторыі. Натуральныя лясы захаваліся ў Ардэнах. Фауна (дзік, лань, казуля, вавёрка, заяц, курапаткі, фазаны) і ландшафты зберагаюцца ў шматлікіх рэзерватах і прыродных парках (буйнейшыя От-Фань, Калмтхаўт).
Насельніцтва. Каля 55% — фламандцы (на Пн краіны), каля 33% — валоны (на Пд). У Бруселі і ваколіцах змешанае двухмоўнае насельніцтва. У краіне каля 1 млн. іншаземцаў — французаў, немцаў, італьянцаў, мараканцаў і інш. Паводле веравызнання 75% католікі, 25% пратэстанты. Сярэдняя шчыльн. 331 чал. на 1 км². Асабліва густа населена цэнтр.ч. — да 665—800 чал. на 1 км², у Ардэнах да 50—100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 96,3% насельніцтва. Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1993): Брусель — 949, Антверпен — 463, Гент — 228, Шарлеруа — 207, Льеж — 195, Бруге — 117, Намюр — 105.
Гісторыя. Паводле археал. звестак, чалавек, на тэр. Бельгіі жыў з часоў палеаліту. Каля 3 ст. да н. э. яе пачалі засяляць кельцкія плямёны белгаў, (адсюль назва краіны). У 57 да н.э. землі белгаў заваяваў Юлій Цэзар і ўключыў іх у Рым. дзяржаву. У 1—4 ст.н.э. на тэр. Бельгіі фарміраваўся рабаўладальніцкі ўклад. У выніку далейшага яе засялення (3 ст.) герм. плямёнамі франкаў, фрызаў і саксаў, змяшання плямёнаў пачалі складвацца 2 народнасці: валоны (патомкі раманізаваных белгаў) і фламандцы (патомкі герм. плямёнаў). У 5—9 ст.тэр. Бельгіі ў складзе Франкскай дзяржавы, а пасля распаду імперыі Каралінгаў (843) падзялілася на шэраг феад. уладанняў. З 10 ст. развіваюцца гарады Гент, Бруге, Іпр, з 11—12 ст. — Антверпен, Брусель і інш. У 12—13 ст. у графстве Фландрыя і герцагстве Брабант хутка расла прам-сць, і яны сталі цэнтрамі міжнар.гандл. сувязяў. Рост таварна-грашовых адносін і сярэдневяковай гар. культуры спрыяў больш ранняму, чым у інш. краінах Еўропы, разлажэнню феад. адносін. У 15 ст.тэр. Бельгіі адышла да Бургундскага герцагства, потым да Нідэрландаў, у 1477—82 — да імперыі Габсбургаў. З 1555 уладанне ісп. манархіі. Ранняя бурж. рэвалюцыя 16 ст. ў Нідэрландах (гл.Нідэрландская буржуазная рэвалюцыя) на тэр. Бельгіі не мела поспеху, і там было адноўлена ісп. панаванне. У 1714 Ісп. Нідэрланды (тэр. Бельгіі) адышлі да Аўстр. манархіі. Палітыка нац. прыгнёту насельніцтва Бельгіі стала прычынай нац.-вызв. руху, які перарос у Брабанцкую рэвалюцыю 1789—90. У ходзе яе было вызвалена некалькі бельг. правінцый. 11.1.1790 Нац. кангрэс, скліканы ў Бруселі, абвясціў незалежнасць Злучаных Штатаў Бельгіі. Скарыстаўшы ўнутр. барацьбу, аўстр. Габсбургі з дапамогай арміі аднавілі (1791) сваю ўладу ў бельг. правінцыях. Пасля перамогі франц.рэв. войскаў над аўстрыйскімі (1792) тэр. Бельгіі зноў вызвалена. Паўторна рэстаўрыраваная ў Бельгіі ўлада Аўстрыі (сак. 1793) скончылася ў выніку паражэння аўстрыйцаў у бітве з франц. Войскам. 26.6.1794 пры Флёрусе. 1.10.1795 абвешчана далучэнне Бельгіі да Франц. рэспублікі. Аўстрыя прызнала гэты акт у 1797 (Кампафармійскі мір). Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15бельг. правінцыі штучна аб’яднаны ў 1815 з Галандыяй у Каралеўства Нідэрланды. Незадаволенасць мясц. насельніцтва галандскім панаваннем вылілася ў Бельгійскую рэвалюцыю 1830, у выніку якой Бельгія стала незалежнай. У сярэдзіне 19 ст. тут узніклі рабочыя арг-цыі; працоўныя дамагліся права на забастоўкі (1866), адмены забароны рабочых саюзаў (1867). Незалежнасць Бельгіі спрыяла хуткаму развіццю капіталізму. У канцы 19 — пач. 20 ст. яна стала развітой дзяржавай, буйным экспарцёрам прамысл. тавараў і капіталу (толькі ў Расію да 1914 вывезена 6 млрд. франкаў). У 1870—80-я г.бельг. каланізатары захапілі частку бас. Конга (з 1908 афіц. калонія Бельгіі). У 1-ю сусв. вайну Германія парушыла нейтралітэт Бельгіі і акупіравала амаль усю яе тэрыторыю. За 4 гады акупацыі эканоміцы краіны нанесены вял. страты. Бельг. войскі разам з англ. і франц. ўдзельнічалі ў вайне ў Еўропе і ў захопе герм. уладанняў у Афрыцы. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 Б. атрымала герм. акругі Эйпен і Мальмеды, у Афрыцы — мандат на Руанда-Урундзі, а таксама права на рэпарацыі. Бельгія адыгрывала важную ролю ў Версальскай сістэме, як партнёр Францыі ўдзельнічала ў акупацыі Рура. Міжваенны перыяд характарызаваўся ўздымам рабочага руху, што вымусіла ўлады палепшыць умовы жыцця працоўных, расшырыць выбарчыя правы.
Сусв.эканам. крызіс 1929—33 выклікаў заняпад эканомікі Бельгіі. Зменшыліся вытв-сць і экспарт, зарплата рабочых, павялічылася колькасць беспрацоўных. У знешняй палітыцы ўрад Бельгіі пайшоў на збліжэнне з Германіяй і Італіяй, адмовіўся ад стварэння сістэмы калект. бяспекі ў Еўропе. 10.5.1940 герм. войскі ўварваліся на тэр. Бельгіі. Па просьбе яе ўрада Англія і Францыя накіравалі туды свае войскі, але 28 мая бельг. кароль Леапольд III падпісаў акт аб капітуляцыі. У гады акупацыі ў краіне дзейнічаў Рух Супраціўлення. Бельгія вызвалена англа-амер. войскамі ў вер. 1944. Згодніцкая палітыка Леапольда III у час вайны выклікала агульную незадаволенасць насельніцтва і прывяла ў 1944 да ўстанаўлення рэгенцтва. У 1951 Леапольд III адрокся ад прастола на карысць сына Бадуэна I. У 1948 Бельгія заключыла мытны, у 1960 — эканам. саюз з Нідэрландамі і Люксембургам (гл.Бенілюкс). Нац.-вызв. барацьба народаў Афрыкі прымусіла Бельгію даць у 1960 паліт. незалежнасць Конга (Кіншаса), у 1962 — Руанда-Урундзі, на тэр. якой утварыліся 2 дзяржавы: Руанда і Бурундзі.
Развіваючыся на стыку раманскай і германскай культур, Бельгія складаецца з 2 асн. частак: паўн. — Фландрыі і паўд. — Валоніі. Да пач. 20 ст. ў паліт., эканам., культ. плане дамінуючым рэгіёнам была Валонія, якая пазней саступіла першынство Фландрыі. Пастаяннае саперніцтва гэтых 2 рэгіёнаў — асн. фактар унутрыпаліт. нестабільнасці ў краіне ў апошнія дзесяцігоддзі, прычына шматлікіх выступленняў і ўрадавага крызісу. У 1970—71 кааліцыйны урад Г.Эйскенса з мэтай вырашэння моўнага канфлікту ініцыіраваў змены ў канстытуцыі і прыняцце законаў аб эканам. і культ. дэцэнтралізацыі, свабодзе выбару мовы навучання. Пасля шматгадовых дэбатаў у 1980 бельг. парламент пачаў правядзенне дзярж. рэформаў — прыняў закон аб рэгіяналізацыі краіны і прызнанні шырокіх паўнамоцтваў Фландрыі і Валоніі ў справе самакіравання. Паводле канстытуцыі насельніцтва Бельгіі падзелена на 3 лінгвістычныя садружнасці: франц., флам. і германамоўную; тэрытарыяльна — на 3 рэгіёны: Валонію, Фландрыю і Брусельскі рэгіён. Садружнасці займаюцца пытаннямі культ. развіцця, сродкаў масавай інфармацыі, турызму, асветы, спорту; маюць права заключаць пагадненні аб супрацоўніцтве па гэтых пытаннях з інш. садружнасцямі і замежнымі дзяржавамі. У кампетэнцыі рэгіёнаў знаходзяцца і сац.-эканам. пытанні. Зацэнтр. урадам захоўваюцца паўнамоцтвы ў галіне знешняй палітыкі, абароны, бяспекі, валютна-фін. палітыкі. У 1988 парламент прыняў рашэнне аб чарговых зменах у канстытуцыі, якія больш шырокія паўнамоцтвы перадаюць рэгіянальным уладам Фландрыі, Валоніі і Бруселя. Гэтая праграма федэралізацыі засн. на канцэпцыі паступовай трансфармацыі дзяржавы з унітарнай у федэратыўную. Яе мэта — юрыд. замацаванне раздзялення кампетэнцыі органаў улады краіны, рэгіёнаў і садружнасцяў. 1.1.1989 Бельгія канстытуцыйна абвешчана федэрацыяй. У выніку ўрадавага крызісу ў кастр. 1991 парламент распушчаны. На парламенцкіх выбарах 24.12.1991 поспехаў дамагліся правыя флам.нацыяналіст. сілы і партыі экалагістаў. Але гэта не змяніла становішча буйнешых партый — флам.Хрысц.нар. партыі і сацыяліст. партый Фландрыі і Валоніі, якія захавалі вядучае становішча ў парламенце. У ліп. 1992 парламент зацвердзіў Маастрыхцкія пагадненні 1992 аб утварэнні Еўрап. саюза. У крас. 1993 парламент прыняў папраўку да канстытуцыі, якая завяршыла дзярж. рэформу федэралізацыі краіны. Пасля смерці Бадуэна I (ліп. 1993) новым каралём Бельгіі стаў Альберт II. З 1955 Бельгія — чл.ААН, чл.Зах.-еўрап. саюза, з 1957 чл. «Агульнага рынку» (гл.Еўрапейскае эканамічнае супольніцтва). Бельгія — чл. Бельгійска-Люксембургскага эканам. саюза (БЛЭС), Бенілюкса і шэрагу інш.паліт. і эканам. саюзаў. Дыпламат адносіны з Беларуссю ўстаноўлены 10.3.1992.
У 1947 — пач. 1960-х г. дзейнічаў Саюз беларусаў Бельгіі, створаны бел. дыяспарай. У кастр. 1949 у г. Лёвен адбыўся з’езд бел. каталіцкай інтэлігенцыі Вялікабрытаніі, Бельгіі, Германіі. Францыі, на якім створана Бел.акад. каталіцкае аб’яднанне «Рунь» (існавала да канца 1960-х г.).
Палітычныя партыі. Буйнейшыя паліт. партыі падзелены паводле нац. прынцыпу: 2 сацыялістычныя партыі — СП (фламандцы) і СП (франкафоны); 2 дэмакр.-хрысціянскія — Хрысц.нар. (фламандцы) і Сац.-хрысц. (франкафоны); 2 ліберальныя — флам. лібералаў і дэмакратаў і Рэфармісцкая ліберальная (франкафоны), а таксама партыі «зялёных» і інш. Буйнейшыя прафс. цэнтры: Канфедэрацыя хрысц. прафсаюзаў, Усеагульная федэрацыя працы Бельгіі, Ген. цэнтр ліберальных прафсаюзаў.
Гаспадарка. Бельгія — высокаразвітая краіна з інтэнсіўнай сельскай гаспадаркай і шырокімі знешнеэканам. сувязямі. На яе прыпадае прыкладна ⅓ сусв. экспарту дываноў, шкла, брыльянтаў, 1/5 — каляровых цяжкіх металаў, 1/7 — чорных металаў і кінаплёнкі. Прамысловасць — аснова бельг. эканомікі. Развіты чорная і каляровая металургія, машынабудаванне, хім. і нафтахім. прам-сць, электроніка, вытв-сць камунікацыйнага абсталявання. Вял. значэнне маюць шкляная прам-сць, агранка алмазаў і вытв-сць зброі. Здабываецца каменны вугаль (каля 5 млн.т штогод). У энергет. балансе больш як ⅔ складаюць нафта (з Паўн. Афрыкі і Б. Усходу) і прыродны газ (пераважна з Нідэрландаў). Агульная магутнасць нафтаперапр. з-даў каля 57 млн.т (Гент, Антверпен), каля палавіны нафтапрадуктаў ідзе на экспарт. Вытв-сць электраэнергіі складае 68 млрд.кВт∙гадз (1993), каля 70% даюць АЭС (Дуль, Тыянж, Мале). Адна са старэйшых галін прам-сці — чорная металургія. Выплаўка чыгуну 8,2 млн.т, сталі 10,1 млн.т (1993). Асн. прадпрыемствы знаходзяцца вакол Шарлеруа і Льежа ў т.зв. «чорным поясе». Каляровая металургія развіваецца пераважна на прывазной сыравіне, асн. прадпрыемствы ў раёне ад Антверпена да Льежа. Бельгія ўваходзіць у першую пяцёрку краін па вытв-сці і экспарце цяжкіх каляровых металаў. Вытв-сць складае (тыс.т, 1993): медзі 455, свінцу 131, цынку каля 53, волава 7. Краіна падзяляе 1—2-е месцы ў свеце па вытв-сці германію, кобальту, радыю, танталу, ніобію, селену, кадмію. Важнае месца ў прам-сці займае машынабудаванне; найб. развіты аўтазборачная (каля 1 млн. легкавых аўтамабіляў штогод, асн. цэнтры Антверпен, Гент, Брусель), эл.-тэхн. і радыёэлектронная (Шарлеруа, Брусель, Антверпен, Бруге, Лёвен) галіны, вытв-сць пад’ёмна-трансп. абсталявання, авіярухавікоў, абсталявання для металургічнай, хім., тэкст. прам-сці. Традыцыйна развіта зброевая прам-сць (Льеж), у хім. прам-сці — вытв-сць пластмасаў, сінт. валокнаў і каўчуку, угнаенняў, мыйных сродкаў, соды. Асн. цэнтры нафтахім. прам-сці — Льеж і Антверпен. Вытв-сць медыкаментаў (Брусель, Антверпен, Брэн-л’Алё), кінафотаматэрыялаў (у прыгарадзе Антверпена). Старэйшая галіна — тэкст.прам-сць (больш за 3/4 вытв-сці ў Фландрыі). Цэнтры баваўнянай прам-сці — Гент, Мускрон, Кортрэйк, шарсцяной — Верв’е, Мускрон, Ронсе, Турнэ, ільняной — Гент, Кортрэйк, Ронсе, Руселарэ. Вылучаюцца вытв-сць карункаў і аксаміту, шарсцяных і сінт. дываноў, трыкат., швейная, гарбарна-абутковая, а таксама мэблевая, шкляная прам-сць. Алмазагранільная справа і гандаль брыльянтамі — у Антверпене. Сярод галін харч. прам-сці — вытв-сць цукру, піва, шакаладу, мясных і малочных кансерваў. Сельская гаспадарка высока інтэнсіўная. С.-г. ўгоддзі займаюць 1350 тыс.га (44% тэр.), у т. л. пад ворывам 620 тыс.га, пад лугамі і пашай 730 тыс.га. Пераважаюць фермерскія гаспадаркі па 10—50 га. Усе яны ахоплены кааперацыяй. Асн. галіна — мяса-малочная жывёлагадоўля (70% прыбытку), агародніцтва і пладаводства (20%), паляводства (10%). Пагалоўе (млн. галоў, 1993) буйн. раг. жывёлы 3,1, свіней 6,9. Птушкагадоўля. Вырошчваюць (млн.т, 1993) пшаніцу — 1,4, ячмень — 0,4, бульбу — 2,2, цукр. буракі — 6,3, лён-даўгунец, тытунь. Самазабяспечанасць малаком, мясам, малочнымі прадуктамі, яйцамі, агароднінай, бульбай, цукрам больш як 100%. Транспарт. Бельгія мае густую сетку шляхоў зносін. Даўж. чыгунак 3,4 тыс.км, аўтадарог 15,1 тыс.км, унутр. водных шляхоў каля 1,8 тыс.км. Па гушчыні чыгунак і аўтадарог краіна займае 1-е месца ў свеце. Праз Бельгію праходзяць 5 міжнар. чыгунак, тры з іх пачынаюцца ў Астэндэ (злучаны паромамі з Вялікабрытаніяй) і ідуць на Рым, Бухарэст, Варшаву. Аўтапарк каля 4 млн. машын, у т. л. 3,5 млн. легкавых. Суднаходства па рэках Шэльда, Маас, каналах. Танаж марскога гандл. флоту каля 3 млн. брута рэг. т. Гал. парты Антверпен, Зебруге, Бруге (грузаабарот разам каля 120 млн.т штогод), а таксама Гент, Астэндэ. Экспарт складае 117,7, імпарт — 120,7 млрд. долараў (1991). Бельгія — адзін з вядучых сусв. экспарцёраў чорных і каляровых металаў, машын і абсталявання, каштоўных камянёў (у т. л. ювелірных алмазаў), тэкстылю, сінт. каўчуку, шкла; імпартуе пераважна збожжа, нафту, канцэнтраты каляровых металаў, машыны. Гал.гандл. партнёры: ФРГ, Францыя, Нідэрланды, Вялікабрытанія, Італія, Заір. Беларусь экспартуе ў Б. грузавыя аўтамабілі, трактары, калійныя і азотныя ўгнаенні, імпартуе металарэзныя станкі, медыкаменты, каўчук натуральны, цукар. Штогод Бельгію наведвае каля 10 млн. турыстаў. У краіне каля 2,2 тыс. гасцініц і атэляў. Грашовая адзінка — бельгійскі франк.
Узброеныя сілы. Агульная колькасць ваеннаслужачых 83,35 тыс.чал. (1991), з іх сухапутныя войскі складаюць 62,7 тыс., авіяцыя — 18,2 тыс., ВМФ — 4,45 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. Вышэйшыя органы кіравання — мін-ва абароны (узначальвае цывільная асоба), ген. штаб. 3 ваен. акругі і 1 ваенна-марскі раён. Бельгія — член ваен. арг-цыі НАТО (з 1949), на яе тэр. штаб-кватэра НАТО (Брусель) і камандаванне ўзбр. сіламі НАТО у Еўропе (Монс). У Бельгіі базіруецца 2,7 тыс. ваеннаслужачых ЗША; 22,8 тыс.бельг. ваеннаслужачых знаходзяцца ў Германіі. Бельгія — удзельнік пагаднення аб звычайных узбраеннях (1990) і пагаднення аб колькасці ваеннаслужачых (1992), паводле якіх бельг. армія будзе складацца з 70 тыс.чал., а на ўзбраенні мець 344 танкі, 1099 баявых машын пяхоты, 320 адзінак артылерыі, 232 баявыя самалёты, 46 верталётаў. У аснове ваен. дактрыны Бельгіі канцэпцыя кааліцыйнай стратэгіі НАТО.
Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне прыватнае. Праз сістэму сац. страхавання кампенсуецца 75% кошту ўрачэбных паслуг. Поўную кампенсацыю атрымліваюць удовы, сіроты, пенсіянеры і інваліды. Бясплатным з’яўляецца лячэнне сац. хвароб і рэабілітацыя, а таксама знаходжанне ў шпіталі ў пасляродавы перыяд. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 74 гады, у жанчын 80 гадоў. Смяротнасць складае 10 на 1 тыс.чал. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 103 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 298 чал. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць складае 7 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі Бельгіі ўключае: дашкольныя ўстановы для дзяцей да 6 гадоў; 6-гадовую пач. школу (узрост навучання 6—11 гадоў); 6-гадовую сярэднюю школу, што складаецца з 3 двухгадовых цыклаў: пед. назірання, арыентацыі, спецыялізацыі; прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. ВНУ падзяляюцца на 3 тыпы: ун-ты (тэрмін навучання 5 і болей гадоў), ВНУ з 4-гадовай (ін-ты, вышэйшыя школы) і скарочанай (3 гады) праграмамі навучання. Дзейнічаюць 2 сістэмы адукацыі — дзярж. і прыватная. Сярод прыватных навуч. устаноў 95% — канфесійныя. Буйнейшыя ун-ты: каталіцкі ў Лёвене (з 1425, у 1970 падзелены паводле мовы навучання на 2 аўтаномныя); 2 дзярж. ун-ты — валонскі ў Льежы, фламандскі ў Генце (абодва з 1817), свабодны ў Бруселі (з 1834, у 1970 таксама падзелены паводле мовы навучання). ВНУ 2-га тыпу: мед. і вет. вышэйшыя школы ў Кюрэгхайме, агр.ін-т у Жамблу і інш. Буйныя б-кі: Бельгійская нац. ў Бруселі (з 1837), універсітэцкія ў Бруселі, Генце, Льежы, Лёвене. Музеі: Каралеўскія музеі — прыгожых мастацтваў у Антверпене (з 1890), прыгожых мастацтваў Бельгіі (з 1830, у т. л. старадаўняга мастацтва і Музей сучаснага мастацтва), музеі мастацтва і гісторыі ў Бруселі (з 1835), Цэнтр. Афрыкі ў Тэрвюрэне (з 1897); Муніцыпальная маст. галерэя ў г. Бруге (з 1930). Навук. даследаванні вядуцца ва ун-тах, ін-тах, абсерваторыі, н.-д. цэнтрах, галіновых асацыяцыях прамысл. даследаванняў і інш. У Бельгіі 8 валонскіх і флам. акадэмій, найстарэйшыя каралеўскія валонская — Бельг. акадэмія л-ры і прыгожых мастацтваў (з 1772), флам. — акадэмія флам. мовы і л-ры (з 1886) і Бельг.мед. акадэмія.
Друк, радыё, тэлебачанне. Выходзіць 35 штодзённых газет (19 на франц., 15 на флам. і 1 на ням. мовах), агульны тыраж 2,1 млн.экз., 1991). Буйнейшыя з іх: «De Standaard» («Сцяг», з 1914, на флам. мове), «Het Laatste Nieuqs» («Апошнія навіны», з 1888, на флам. мове), «Le Soir» («Вечар», з 1887, на франц. мове). Агенцтвы друку: Агенсе Белга (з 1920), Сантр д’Энфармасьён дэ Прэс (з 1946), Агенсе Эўропе (з 1952). Радыёвяшчанне з 1924, тэлебачанне з 1953. Дзярж. тэле- і радыёстанцыі трансліруюць праграмы на франц. (Радыё-Тэлевізьён Бельж дэ ла Камюнатэ Кюльцюрэль Франсэз), флам. (Бельгісе Радыё эн Телевізі) і ням. (Бельгішэс Рундфунк-унд Фэрнзехцэнтрум дэр Дойчшпрахіген Гемайншафт) мовах. Найб. папулярныя прыватныя станцыі: Канал Плю Бельжык, Тэлевізьён Эндэпэндант (камерцыйныя, на франц. мове), Вламсе Тэлевізі Матсапей (камерцыйная, на флам. мове).
Літаратура. Развіваецца пераважна на дзвюх мовах: у паўд. правінцыях на франц., у паўн. — на нідэрл. (флам.). Першыя помнікі пісьменнасці на франц. мове ўзніклі ў 1200-я г.: гіст. хронікі, эпічныя казанні пра крыжацкія паходы. У 13—14 ст. развіваліся жанры агіяграфіі, пропаведзі, маралітэ. У 14 ст. напісана «Хроніка Фландрыі» Ж.Фруасара. У эпоху Адраджэння (16 ст.) бельг. паэзія знаходзілася пад уплывам франц. «Плеяды». З сярэдзіны 18 ст. ў л-ры ўзніклі асветніцкія матывы. У 1801—18 у Бруселі выходзілі «Паэтычныя альманахі», прасякнутыя вальтэр’янскімі ідэямі. У пач. 19 ст. з’явіліся творы бельг. рамантыкаў, што знаходзіліся пад моцным уплывам Дж.Байрана, а потым В.Гюго (зб. вершаў «Прымулы» А. ван Гасельта, творы Ш.Патвена), фарміруецца жанр. гіст. рамана («Марскія гёзы...» А.Мока), гераічныя трагедыі. Дэмакр. духам прасякнуты раманы «Ціхі дом» Э.Леклерка, «Медзяніца» Ж.Дэмулена; найб. выдатны твор эпохі — «Легенда пра Уленшпігеля» (1867) Ш.дэ Кастэра. У 1880-я г.занац. самабытнасць бельг. культуры змагаліся пісьменнікі аб’яднання «Маладая Бельгія»; К.Леманье (раман «Крывасмок») і Ж.Экаўт (раман «Новы Карфаген»), М.Метэрлінк з сімвалісцкімі драмамі («Сляпыя») і п’есай-казкай «Сіняя птушка», Ж.Радэнбах з раманам «Царства маўчання», Э.Верхарн з паэт.зб. «Гарады-спруты» і «Буйныя сілы». У 1920—30-я г.сац. раманы характэрны для творчасці К.Бюрньё, Ф.Эленса. Псіхал. драмы Ф.Кромелінка («Велікадушны раганосец») спалучаюць фарс і трагедыю. У час гітлераўскай акупацыі ствараецца паэзія супраціўлення. Сац. раманы Д.Жылеса («Купон 44») малююць норавы буржуазіі ў час вайны, Д.Шайнерт («Даўгавухі фламандзец») расказвае пра барацьбу бельг. народа з акупантамі. Сучасным праблемам прысвечаны раманы Ж.Ленза, А.Карнелюса, Ж.Сіменона, п’есы П.Вілемса. У пасляваен. бельг. паэзіі вылучаецца лірыка Ж. дэ Башэра, М.Тыры, М.Карэма, Ленза, Ж.Норжа, А.Шавэ. Літаратура на нідэрландскай мове да пач. 17 ст. была часткай нідэрл. л-ры (гл. ў арт.Нідэрланды). З канца 16 ст. цэнтр нідэрл. культуры перамясціўся на Пн, аднак у Паўд. Нідэрландах (сучасная Бельгія) працягвала развівацца л-ра на нідэрл. мове. Ю. дэ Хардэйн у цыкле «Хвалебныя песні Богу» спалучаў рэліг. і рэнесансавыя матывы. В.Агір пісаў сатырыка-быт. камедыі з жыцця гараджан. Вясёлыя клухты (фарсы) ствараў М. дэ Сван. Па меры ўсталявання ў Бельгіі франц. культуры ў 18 ст. паглыбляецца крызіс нідэрл. культуры. Нац.-дэмакр. ўздым 1830 выклікаў рух за яе адраджэнне. Паэт і гісторык Я.Ф.Вілемс у патрыят. вершах услаўляў гераічнае мінулае свайго народа. Нідэрл. рамантыкі былі адначасова і асветнікамі і гарачымі прыхільнікамі развіцця нац.літ. мовы (Х.Кансіянс, К.Л.Ледэганк). З першым у бельг. л-ры на нідэрл. мове псіхал. раманам выступіў Э. дэ Бом («Абломкі»). Кумірам флам. дэкадэнтаў быў паэт-сімваліст К. ван дэ Вустэйне. З містыка-сімвалісцкім раманам «Вечны жыд» выступіў А.Вермейлен. У развіцці крытычнага рэалізму важнае месца займае творчасць паэта і раманіста В.Элсхата. Пасля 2-й сусв. вайны з’явіліся антыфаш. раманы «Свяшчэнны гнеў» М.Дэйзе і «Толькі мёртвыя выратуюцца» П. ван Акена. Антыімперыял. і антыклерыкальная накіраванасць характэрная для твораў Х.Клаўса 1960—70-х г., пазначаных рысамі авангардызму. Пісьменнікі-рэалісты В.Ройслінк, Х.Лампа, Х.Рас раскрываюць адчужанасць чалавека ў сучасным цывілізаваным грамадстве.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Бельгіі захаваліся помнікі мастацтва кельтаў і стараж. рымлян. У сярэднявеччы багатыя гарады Бельгіі былі буйнымі цэнтрамі маст. культуры: у 11—12 ст. — раманскага стылю (цэрквы ў Льежы і Турнэ), у 13—14 ст. — готыкі (саборы ў Бруге, Генце, Бруселі, Антверпене, Мехелене). З аб’яднаннем на рубяжы 14 і 15 ст.Паўд. (сучасная Бельгія) і Паўн. Нідэрландаў фарміруецца нідэрл. мастацтва (гл. ў арт.Нідэрланды). У 15—16 ст. росквіту дасягнула свецкая архітэктура позняй, т.зв. «палымянай», готыкі (ратушы ў Бруселі, Генце, Лёвене). Адначасова склаліся гал. цэнтры нідэрл. жывапісу Адраджэння, заснавальнікам якога стаў Я. ван Эйк. У 16 ст. рэнесансавыя формы панавалі ў архітэктуры, скульптуры і дэкар. мастацтве. У 17—18 ст. сфарміравалася флам. мастацтва, якое спалучала пышнасць і параднасць барока з нар.-рэаліст. тэндэнцыямі (П.П.Рубенс, А. ван Дэйк, Ф.Снейдэрс, Я.Іорданс, А.Браўэр, Д.Тэнірс, Я.Брэйгель «Аксамітны» і інш.). Флам. карціны віртуозна ўзнаўляліся ў шматлікіх гравюрах, дрэве, шпалерах. Шырокую вядомасць набылі плеценыя і вышываныя карункі Фландрыі і Брабанта. Архітэктуры 17 ст. ўласцівы барочная ўрачыстасць, класічны дэкор (дамы гільдый на Вял. плошчы ў Бруселі, Дом Рубенса ў Антверпене). У канцы 18 ст. ў флам. барока з Францыі і Аўстрыі пранікае класіцызм (Верхні горад, Каралеўская пл., парк, палац у Бруселі, замак Сенеф у прав. Эно; партрэтныя бюсты Ж.Л.Гадшарля, інтэр’еры Л.Дэфранса і інш.). У 19 ст. складваецца ўласна бельг. мастацтва (пабудовы арх. Л.Руланта, гіст. карціны і рэаліст. партрэты Ф.Ж.Навеза). Рамант. кірунак у жывапісе (Г.Ваперс, Л.Гале, В.Гефс, Х.Лейс, Т.Фурмуа) паступова ператварыўся ў салонны акадэмізм. Пашырэнне рэалізму у 2-й пал. 19 ст. і адыход ад салоннага мастацтва звязаны з творчасцю мастакоў Ш. дэ Гру, Х. дэ Бракелера, Л.Дзюбуа, І.Буланжэ і інш. Скульптар К.Менье адзін з першых у зах.-еўрап. мастацтве звярнуўся да тэмы працы і жыцця рабочых. Да канца 19 ст. Бельгія становіцца радзімай стылю мадэрн у архітэктуры (заснавальнік і тэарэтык Х. ван дэ Велдэ). Выяўл. мастацтва канца 19 — пач. 20 ст. характарызуецца пераходам да містычнай сімволікі і алегарызму (Дж.Энсар, Ф.Ропс, Э.Ларманс, майстры «1-й латэмскай групы» — скульпт. Ж.Міне, В. дэ Садэлер), драм. экспрэсіі (скульпт. Р.Ваўтэрс, майстры «2-й латэмскай групы» — К.Пермеке, Г. дэ Смет). Пошукі рацыянальных рашэнняў у архітэктуры пачаліся пасля 1-й сусв. вайны (арх. Х.Хостэ, Л. ван дэр Свалмен, В.Буржуа, Э. ван Авербеке і інш.). У 1920—30-я г. панаваў неакласіцызм. Прынцыпы сучаснай архітэктуры выявіліся ў буд-ве жылых раёнаў, трансп., прамысл. і грамадскіх збудаванняў (арх. Х. ван Кёйк, Р.Брам, М.Брэнфо і інш.). У выяўл. мастацтве 20 ст. значнае месца займаюць фармальныя стылістычныя пошукі (Я.Бруселманс), сюррэалізм (П.Дэльво, Р.Магрыт), абстрактнае мастацтва. Рэаліст. кірунак уласцівы творчасці скульптараў Ф.Мазерэля, Ш.Лепле, мастакоў І.Опсамера, К.Пейзера, П.Палюса, Р.Самвіля. У дэкар. мастацтве 20 ст. вылучаюцца вырабы ў стылі мадэрн (Велдэ, Арта), керамічная скульптура (П.Кай), дываны (Э.Дзюбрэнфо, Л.Дэльтур).
Музыка. У сярэднявеччы Бельгія была часткай Нідэрландаў — краіны развітых муз. традыцый. У запісах зберагліся песні фагеланаў — удзельнікаў антыфеад. і антыкаталіцкіх рухаў 15 ст. Асновы музыкі Бельгіі закладзены ў 15—16 ст. у рэчышчы Нідэрландскай школы. Цэнтрамі муз. адукацыі былі т.зв. метрызы — муз. школы пры каталіцкіх храмах, дзе рыхтавалі царк. пеўчых. Сучасная прафес. музыка пачала фарміравацца ў 2-й пал. 19 ст. Развіваліся оперны, кантатна-аратарыяльны і камерна-інстр. жанры. Склаліся 2 кампазітарскія школы — валонская, якая зазнала ўплыў франц. музыкі і творчасці С.Франка (Ж. і Л.Іонгены, Г.Лекё, В.Врольс), і флам., набліжаная да ням. музыкі і творчасці Р.Вагнера (П.Бенуа, Я.Блокс). Сярод кампазітараў 20 ст. П.Жыльсон і Ж.Абсіль. У 1920—40-я г.муз. мастацтва развівалася пераважна ў рэчышчы агульнаеўрап. неакласіцызму. Пасля 2-й сусв. вайны пашырыліся авангардысцкія плыні. Сусв. прызнанне атрымалі бельг. музыказнаўчая школа (Ф.Ж.Фетыс, Ф.А.Геварт, П.Калар) і выканальніцкае мастацтва скрыпачоў Ш.Берыё, А.В’ётана, Э.Ізаі. Дзейнічаюць оперныя т-ры ў Бруселі, Антверпене, Генце і інш., Нац.сімф. аркестр, сімф. аркестры і хары Бельгійскага радыё і тэлебачання, «Фламандскі камерны аркестр», «Капэла Бургундскага двара», кансерваторыі ў Антверпене, Бруселі, Льежы, муз. акадэміі ў Турнэ, Шарлеруа, ін-т музыказнаўства ў Монсе. Праводзяцца міжнар. конкурсы імя каралевы Лізаветы (з 1951, Брусель), імя І.С.Баха (з 1958, Гент), струнных квартэтаў (з 1951, Льеж).
Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва Бельгіі ў рэлігійных абрадах сярэднявечча. У 13—15 ст. ставіліся літургічныя драмы (на лац. мове), маралітэ і містэрыі (на франц. і нідэрл. мовах). У 15—16 ст.т.зв. камеры рытараў (аб’яднанні цэхавага тыпу, члены якіх выконвалі вершы і п’есы, што складалі самі) у сваіх пастаноўках (пераважна фарсах і маралітэ на нідэрл. мове) праводзілі ідэі дзярж. незалежнасці. У 16—17 ст.па Бельгіі гастралявалі франц., ісп. і інш.тэатр. трупы. Першы бельг. «Тэатр дэ ла Манэ» адкрыты ў 1700 у Бруселі, меў оперную і драм. трупы. Пасля 1830 створаны т-ры ў Генце, Антверпене, Бруселі (на нідэрл. мове). Ставіліся рамант. драмы, вадэвілі, развесяляльныя п’есы. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўплыў на т-р Бельгіі зрабілі творчасць і эстэтыка Метэрлінка, Ш. ван Лерберга і інш. У гады ўздыму рабочага руху літ.-маст. секцыя Бельг.нар. дома паставіла рэв. Драму Э.Верхарна «Зоры» (1898). У 1920—30-я г. пашырыліся самадз. калектывы. У гады ням.-фаш. акупацыі (1940—44) браты Ж. і М.Хойсманы арганізавалі вандроўны «Тэатр Супраціўлення». У Бельгіі каля 50 прафесійных т-раў, у т. л. каля 20 у Бруселі. Найб. значныя: «Тэатр дэ ла Манэ», «Дзю Парк», «Дэ Галеры», «Каралеўскі нацыянальны тэатр», «Дзю Рыдо», «Дэ Пош». Тэатр. дзеячаў рыхтуюць Каралеўская кансерваторыя ў Бруселі, школа драм.маст. Каралеўскай флам. кансерваторыі і інш.
Кіно. Вытворчасць фільмаў, распачатую ў 1908, спыніла 1-я сусв. вайна. У 1919 арганізавана «Бельгійская кінакампанія», у 1922 — кінастудыя «Бельгійскі фільм». У 1920-я г. знята каля 20 ігравых фільмаў. Вядомасць атрымалі відавыя, мастацтвазнаўчыя і этнагр. фільмы рэжысёраў А.Сторка, П.Хасартса і інш. Пасля 2-й сусв. вайны кінавытворчасць аднавілася ў пач. 1950-х г. Зняты маст. фільмы: «Чайкі паміраюць у гавані» (1957), «І ўжо ападае кволая кветка» («Дзеці Барынажа», 1960), «У цягніку аднойчы вечарам...» (1969), «Дом, мілы дом» (1973), «Вялікі пейзаж Алексіса Дрэвена» (1981). У 1980-я г. развіваецца дакумент. і анімацыйнае кіно, здымаюцца тэлевізійныя серыялы. Кінематаграфістаў рыхтуюць у 7 ВНУ.
Літ.:
Аксенова Л.А. Бельгия. М., 1982;
Мицкевич Б.П. Шарль де Костер и становление реализма в бельгийской литературе. Мн., 1960;
Фромантен Э. Старые мастера: Пер. с фр.М., 1966;
Ecmans M. L’art vivant en Belgique. Bruxelles, 1972;
Грубер Р.П. Всеобщая история музыки. Ч. 1. 3 изд. М., 1965;
Mertens C. Hedendaagse muziek in Belgie. Bruxelles, 1967.
П.І.Рогач (прырода, гаспадарка).
Герб і сцяг Бельгіі.Да арт.Бельгія. П.П.Рубенс. Саюз Зямлі і Вады. Каля 1618.Да арт.Бельгія. Святыя Фама і Матфей. Фрагмент габелена. Брусель. Канец 15 ст.Да арт.Бельгія. К.Пермеке. Заручаныя. 1923.Да арт.Бельгія. Царква Сінт-Міхілскерк у Лёвене. 1650—71.Да арт.Бельгія. Ж.Міне. Чалавек, які моліцца. 1901.
Да арт.Бельгія. Дж.Энсар. Дзіўныя маскі 1892.Да арт.Бельгія. Ратуша на плошчы Гротэ-маркт у Антверпене. Арх. К.Флорыс. 1561—65.Да арт.Бельгія. У цэнтры Бруселя.Да арт.Бельгія. Фантан Брабо на плошчы Гротэ-маркт у Антверпене.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЕРБАЙДЖА́Н, Азербайджанская Рэспубліка. Размешчана ў паўд.-ўсх.ч. Закаўказзя, мяжуе на Пн з Расіяй, на ПнЗ з Грузіяй, на ПдЗ з Арменіяй і Турцыяй, на Пд з Іранам. Пл. 86,6 тыс.км² (разам з а-вамі Каспійскага м.). Нас. 7,3 млн.Чал. (1992). Дзярж. мова азербайджанская. Пануючая рэлігія — іслам. Сталіца — г.Баку. У склад Азербайджана па канстытуцыі ўваходзяць Нахічэванская аўт. рэспубліка і тэр. Нагорнага Карабаха. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (28 мая).
Дзяржаўны лад. Азербайджан — рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 1978 з больш познімі дадаткамі і папраўкамі. Канстытуцыйным актам 18.10.1991 абвешчана дзярж. незалежнасць краіны. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Дзейнасць Вярх. Савета часова прыпынена, дэпутацкія паўнамоцтвы і статус усіх парламентарыяў захаваны на тэрмін іх выбрання. Вышэйшы орган заканад. улады з 18.5.1992 — Мілі меджліс — пастаяннадзеючы парламент з 50 дэпутатаў на чале са Старшынёй. Вышэйшы орган выканаўчай улады — Кабінет Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.
Прырода. Амаль палова тэр. Азербайджана — горы: Вялікі Каўказ — хрыбты Галоўны (г. Базардзюзю, 4466 м — найвышэйшы пункт Азербайджана) і Бакавы (г. Шахдаг, 4243 м); Курынская ўпадзіна — вял. міжгорны прагін, які займае Кура-Араксінская нізіна (28 м ніжэй заўзр. м.); Малы Каўказ — сістэма складкавых хрыбтоў паміж рэкамі Кура і Аракс (г. Гямыш, 3724 м); Талышскія горы — займаюць паўд.-ўсх.ч. рэспублікі (г. Кюмюркёй, 2477 м). Уздоўж Каспійскага м. цягнецца вузкая паласа Ленкаранскай, на Пн — Самур-Дывічынскай нізін. Узбярэжжа (працягласць 800 км) парэзана слаба. Найб. паўастравы — Апшэронскі, Курынская каса, Сара. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (Апшэронскі п-аў, Кура-Араксінская нізіна, акваторыя Каспійскага м. каля в-ва Арцёма, Нафтавыя Камяні і інш.), алуніты (Заглік), жал. руда (Дашкесан), серны калчадан (Чырагідзорскае і Таганалінскае радовішчы), барыт (Чаўдарскае радовішча), поліметалічныя, хромавыя і кобальтавыя руды (М.Каўказ), руды мыш’яку, свінцова-цынкавыя і малібдэнавыя (Нахічэвань) і інш. Шмат мінер. і тэрмальных крыніц, ёсць радовішчы лекавай нафты (Нафталан), буд. і абліцовачнага каменю, мармуру, гіпсу, мелу, сыравіна для вытв-сці шкла і цэменту. Клімат Азербайджана сухі субтрапічны на Кура-Араксінскай і Самур-Дывічынскай нізінах (сярэдняя т-растудз. 1—3 °C, ліп. 26—27 °C, гадавая колькасць ападкаў 200—300 мм); вільготны субтрапічны на Ленкаранскай нізіне (сярэдняя т-растудз. 3—4 °C, ліп. 26—28 °C, ападкаў за год 1900 мм — найб. колькасць у Азербайджане). У гарах высакагорны клімат падпарадкаваны вышыннай занальнасці (сярэдняя т-растудз. на выш. больш за 2000 м -10 °C, ліп. да 5 °C, 600—800 мм ападкаў за год, 1400 мм на паўд. схілах В.Каўказа). Каля 1250 рэк, з іх 24 даўж. больш за 100 км. Гал. рэкі Кура і Аракс (крыніцы арашэння), значныя — Самур, Тэртэр, Арпа. Больш за 250 азёраў, найб. Гаджыкабул і Беюкшор; высакагорнае воз. Гёйгёль. На р. Кура створана Мінгечаурскае вадасх. (525 км²), ад яго пачынаюцца Верхнекарабахскі і Верхнешырванскі арашальныя каналы. Глебы на нізінах (да выш. 200 м) шэразёмныя і бурыя паўпустынныя з саланцаватымі і саланчаковымі ўчасткамі, паўпустыннай расліннасцю (палын, салянкі, эфемеры), у перадгор’ях (300—500 м) — каштанавыя і карычневыя, на схілах гор — карычневыя і бурыя горна-лясныя глебы, на якіх растуць шыракалістыя лясы (бук, граб, дуб, каштан). Вышэй за 2000 м пояс горна-лугавых і дзярновых глебаў; разнатраўныя субальпійскія і альпійскія лугі — летнія пашы. У Талышскіх гарах захаваліся рэлікты трапічнай флоры: дэмірагач (жалезнае дрэва), самшыт, дзельква, гледычыя і інш. Жывёльны свет налічвае больш за 12 тыс. відаў: джэйран, дзік, дагестанскі тур, марал, дзікабраз, барсук, чаротавы кот; з птушак — турач, кеклік, фазан і інш. Каспій і Кура багатыя каштоўнай рыбай (ласось, асетр, сяўруга і інш.). Буйнейшыя запаведнікі: Закатальскі, Кызылагаджскі, Турыянчайскі, Шырванскі, Эльдарскі.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — азербайджанцы (больш за 82%); жывуць таксама рускія, армяне, лезгіны, аварцы, татары, цахуры, туркі, курды і інш. Сярэдняя шчыльнасць 85,8 чал. на 1 км² (1992), найб. шчыльна заселены Апшэронскі п-аў і прыгарадная зона Баку (150—300 чал. на 1 км²), некаторыя раўнінныя і перадгорныя часткі. Гар. насельніцтва складае 54%. Буйн. гарады (1990): Баку (1149 тыс.ж.), Гянджа (281 тыс.ж.), Сумгаіт (235 тыс.ж.), Мінгечаур, Шэкі.
Гісторыя. Першыя пасяленні чалавека на тэр. Азербайджана адносяцца да эпохі палеаліту. З часоў неаліту тут вядома земляробства і жывёлагадоўля. Паселішчы таго часу знойдзены ў Кюльтэпэ, Ханлары, Мінгечауры. З 2-га тыс. да н. э. на тэр. Азербайджана вядома металургія бронзы, з пач. 1-га тыс. да н. э. — жалеза. Паселішчы бронзавага веку выяўлены ў раёнах Хаджалы, Кедабека, Дашкесана, Гянджы і інш. У 9 ст. да н. э. Пд Азербайджана ўваходзіў у рабаўладальніцкую дзяржаву Мана, у 7 ст. да н. э. — Мідыю, якая да сярэдзіны 6 ст. да н. э. захоплена персідскай дзяржавай Ахеменідаў. У 4 ст. да н. э. на Пд Азербайджана ўзнікла дзяржава Атрапатэна, якая пазней атрымала назву Азербайджан («Краіна хавальніка агню»); на Пд Азербайджана ўтварылася Албанія Каўказская. Феад. адносіны ў Азербайджане склаліся ў 3—5 ст.н. э. Сяляне за карыстанне зямлёй плацілі феадалам рэнту і неслі павіннасці, аднак фармальна не лічыліся прыгоннымі. Гандлёва-рамесніцкімі цэнтрамі сталі Барда, Кабала, Нахічэвань, Байлакан і інш. Сярэдневяковы Азербайджан неаднойчы заваёўвалі іншаземцы. У пач. 3 — сярэдзіне 7 ст. тут царавала дынастыя Сасанідаў, у 7 — сярэдзіне 9 ст. ўладарылі арабы. У канцы 5 — пач. 6 ст. ў Азербайджане і Іране разгарнуўся маздакіцкі рух; у 1-й пал. 9 ст. адбылося вял. сялянскае паўстанне (гл.Бабека паўстанне 816—37) супраць араб. і мясц. феадалаў, якое падарвала ўладу Арабскага халіфата. У 2-й пал. 9 ст. на тэр. Азербайджана ўтварыўся шэраг дзяржаў. Цэнтрамі эканомікі і культуры сталі гарады Тэбрыз, Нахічэвань, Баку, Шэмаха, Барда, Кабала, Гянджа і інш., якія вялі гандаль, у т. л. і з Кіеўскай Руссю. У сярэдзіне 11 ст. Азербайджан захапілі сельджукі, якія прычынілі значныя страты гаспадарцы і культуры краіны. У 13 ст. ў выніку манг. нашэсця Азербайджан увайшоў у Хулагуідаў дзяржаву. Вял. наплыў цюркскіх плямёнаў у Азербайджане ў 11—13 ст. прывёў да выцяснення стараж.мясц. моў і ўсталявання новай — азербайджанскай мовы. З гэтага часу фарміруецца і азерб. народнасць. Да сярэдзіны 14 ст.манг. панаванне ў Азербайджане падарвана супраціўленнем нар. мас, што выкарысталі мясц.феад. дынастыі. У канцы 14 — пач. 15 ст. На тэр. Азербайджана вылучылася самастойная дзяржава Шырван. Станоўчую ролю ў гісторыі Азербайджана адыграла Сефевідаў дзяржава, заснаваная ў пач. 16 ст. шахам Ісмаілам I. З канца 16 ст. ў ёй узмацніўся іранскі ўплыў; Азербайджан ператварыўся ў адну з ускраін Іранскай дзяржавы. У 16—18 ст. Азербайджан — арэна разбуральных войнаў паміж Іранам і Турцыяй. Азерб. народ вёў гераічную барацьбу супраць іншаземных і мясц. прыгнятальнікаў, што знайшло адлюстраванне ў эпасе пра нар. героя Кёр-аглы. У 1723—35 прыкаспійскія вобласці Азербайджана трапілі пад уладу Расіі, пазней зноў захоплены Іранам. У 2-й пал. 18 ст. ў Азербайджане ўзнікла каля 15 невял. ханстваў. Паводле руска-іранскіх пагадненняў (Гюлістанскі мірны дагавор 1813, Туркманчайскі дагавор 1828) Паўн. Азербайджан далучаны да Рас. імперыі, Паўд. Азербайджан застаўся пад уладай Ірана. На пач. 19 ст. буйным цэнтрам прам-сці стаў Баку, які ў 1901 даваў каля паловы сусв. здабычы нафты. У 1903 бакінскія рабочыя выступілі ініцыятарамі стачак на Пд Расіі, у 1904 дамагліся заключэння першага ў Расіі калектыўнага дагавору. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 утварылася двоеўладдзе: у Баку існавалі Выканаўчы к-т грамадскіх арг-цый (мясц. орган Часовага ўрада) і Савет рабочых дэпутатаў, у які ўваходзілі прадстаўнікі розных партый і паліт. груповак: мусаватысты (гл.«Мусават»), дашнакі, эсэры, бальшавікі, меншавікі і інш. 9.11.1917 на пашыраным пасяджэнні Савета бальшавіцкая рэзалюцыя аб узяцці ўлады ў свае рукі адхілена. Аднак 13 ліст. пад націскам рабочых і салдат абвешчана сав. ўлада, выбраны новы выканком Савета. Барацьба за ўладу набыла ўзбр. характар. У сак. 1918 у Баку і інш. месцах адбылося паўстанне мусаватыстаў, якое было задушана. 25.4.1918 утвораны Бакінскі СНК на чале з С.Г.Шаўмянам (гл.Бакінская камуна). У маі ў Тыфлісе мусаватысты стварылі свой урад, які пазней пераехаў у Гянджу. 28.5.1918 абвешчана Азерб.дэмакр. рэспубліка. Ва ўмовах актывізацыі ваен. дзеянняў у Закаўказзі з боку Турцыі і няўдач Чырв. Арміі Бакінскі Савет 25 ліп. запрасіў у Баку англ. атрад. 31 ліп. Бакінскі СНК склаў свае паўнамоцтвы. 1 жн. з апазіцыйных Бакінскай камуне прадстаўнікоў Цэнтракаспія і выканкома Бакінскага Савета створаны новы ўрад — Дыктатура Цэнтракаспія і Прэзідыума выканкома Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Бакінскі Савет быў распушчаны, бакінскія камісары арыштаваны і 20 вер. расстраляны. 4 жн. Баку акупіравалі англ. войскі, якія праз 10 дзён былі выцеснены тур. часцямі. Разам з англічанамі Баку пакінулі прадстаўнікі толькі што створанага ўрада. У вер. 1918 да ўлады прыйшлі мусаватысты. Паводле ўмоў Мудраскага перамір’я паміж Антантай і Турцыяй апошняя вывела восенню 1918 свае войскі з Баку. На змену ім зноў прыбылі англ. войскі (выведзены восенню 1919). У выніку паўстання ў Баку 28.4.1920 адноўлена сав. ўлада, створаны СНК на чале з Н.Нарыманавым, Азербайджан абвешчаны сав.сацыяліст. рэспублікай. 30 крас. ў Баку прыбылі перадавыя атрады Чырв. Арміі. Сав. ўлада была ўстаноўлена і на астатняй тэр. Азербайджана. Потым Азербайджан быў выкарыстаны як плацдарм для дзеянняў Чырв. Арміі супраць урадаў, што існавалі на той час у Арменіі і Грузіі. 19.5.1921 прынята 1-я Канстытуцыя Азерб. ССР. З 12.3.1922 да 5.12.1936 Азербайджан уваходзіў у Закаўказскую федэрацыю (ЗСФСР) і ў складзе яе з 30.12.1922 — у СССР. У складзе Азербайджана былі ўтвораны Нагорна-Карабахская аўт.вобл. (1923, гл.Нагорны Карабах) і Нахічэванская АССР (1924, гл.Нахічэванская рэспубліка). Пасля скасавання ў 1936 ЗСФСР Азербайджан — саюзная рэспубліка ў складзе СССР. У 1988 з-за прыналежнасці Нагорнага Карабаха паміж Азербайджанам і Арменіяй узнік канфлікт, які пазней прыняў узбр. характар. Ускладнілася і ўнутрыпаліт. сітуацыя. Крывавыя падзеі на нац. глебе ў Сумгаіце ў 1989, сутыкненні насельніцтва з войскамі ў Баку на пач. 1990 разам з нагорна-карабахскім крызісам вымусілі ўвесці ў Азербайджан ў студз. 1990 надзвычайнае становішча. Пасля змен у канстытуцыі ў маі 1990 прэзідэнтам Азербайджана стаў камуністычны лідэр А.Муталібаў. У ліп. 1990 з апазіцыйных уладам грамадска-паліт. груп і аб’яднанняў створаны Дэмакр. форум Азербайджана. 30.8.1991 Вярх. Савет Азербайджана прыняў дэкларацыю пра аднаўленне дзярж. незалежнасці на аснове Акта ад 1918. 18.10.1991 прыняты Канстытуцыйны акт «Аб дзяржаўнай незалежнасці Азербайджанскай рэспублікі». У канцы 1991 Азербайджан увайшоў у СНД. Рашэнне Вярх. Савета Азербайджана ад 26.11.1991 пра скасаванне статуса Нагорна-Карабахскай аўт.вобл., а з другога боку абвяшчэнне Нагорным Карабахам незалежнасці і прызнанне гэтага акта Арменіяй прывялі да эскалацыі азерб.-арм. канфлікту, фактычна пачалася неаб’яўленая вайна. Сац.-эканам. і паліт. крызіс у Азербайджане, ускладненне карабахскай праблемы вымусілі прэзідэнта Муталібава да адстаўкі. На прэзідэнцкіх выбарах 7.6.1992 перамог А.Эльчыбей — лідэр Нар. фронту Азербайджана. Краіна прыпыніла членства ў СНД. 24.6.1993 Нац. меджліс перадаў паўнамоцтвы прэзідэнта Азербайджана старшыні Вярх. Савета Г.Аліеву, які 3.10.1993 абраны прэзідэнтам краіны. З 1992 вядуцца перагаворы па ўрэгуляванні азерб.-арм. канфлікту. Пасрэднікамі ў гэтым працэсе выступаюць Балтыйскі Савет, АБСЕ, дзейнічае Мінская група АБСЕ па Нагорным Карабаху.
З 1992 Азербайджан, — член ААН, АБСЕ, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя» і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 11.6.1993.
Палітычныя партыі. Нар. фронт Азербайджана, Партыя нац. незалежнасці, «Мусават», Азерб.нар. партыя, Азерб.сял. партыя, «Новы Азербайджан», Азерб.сац.-дэмакр. партыя і інш.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці нафтаздабыўная (11,7 млн.т; 1991), газаздабыўная (8,3 млрд.м³; 1991), нафтаперапр. (вытв-сць шматлікіх відаў паліва, тэхн. маслаў і інш.). Электраэнергетыка, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім. і нафтахім. прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 23,5 млрд.кВт∙гадз (1991); выпрацоўваюць ЦЭС (91%), каскад ГЭС на Куры (у т. л. самая буйная Мінгечаурская), Араксінская, Шамхорская і інш. Гарнарудная прам-сць: здабыча жал. руды (1,6 млн.т), алунітаў у раёне Дашкесана. Металургічная прам-сць (вытв-сць сталі, стальных трубаў, алюмінію, пракат каляровых металаў) у Сумгаіце, Гянджы. У машынабудаванні вылучаецца вытв-сць абсталявання для нафтавай прам-сці (Баку). Развіты электратэхн., радыёэлектронная прам-сць, прыладабудаванне (асн. цэнтр Баку). Прадпрыемствы хім. і нафтахім. прам-сці выпускаюць мінер. ўгнаенні, серную кіслату, сінтэтычны каўчук, аўтапакрышкі, шкловалакно, мыйныя сродкі, лакі, фарбы і інш. (Сумгаіт, Мінгечаур, Гянджа, Нефтэчала, Сальяны). Галіны лёгкай прам-сці: баваўняная (Баку, Гянджа), шаўковая (Шэкі), шарсцяная, трыкатажная, вытв-сці дываноў (Баку, Гянджа, Мінгечаур, Шэкі), гарбарна-абутковая (Баку, Гянджа). Развіты харч. (кансервавая, тытунёвая, чайная, рыбная, вінаробная, масласыраробная, мукамольна-крупяная і інш.) прам-сць і вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, азбестацэментавыя вырабы, буд. фаянс, камень, зборныя жалезабетонныя канструкцыі і інш.). С.-г. ўгоддзі займаюць каля 4 млн.га, з іх больш за 1,6 млн. пад ворнымі землямі, 2,1 млн.га пад летняй і зімовай пашай. Пл. зямель, якія арашаюцца, — 1,3 млн.га (1986). Найб. пасяўныя плошчы пад збожжавымі культурамі (пшаніца, рыс, азімы ячмень). Гал.тэхн. культуры — бавоўна і тытунь. Развіты пладаводства, вінаградарства. Азербайджан — база ранняга агародніцтва, буйны раён вырошчвання субтрапічных культур (гранат, інжыр, міндаль, масліны, шафран, цытрусавыя і інш.) і чаяводства. Жывёлагадоўля мяса-малочнага (буйн. раг. жывёла) і мяса-воўнавага (авечкагадоўля) кірунку. Вытв-сць мяса — 8,1 тыс.т, малака — 84,8 тыс.т (1991). Птушкагадоўля, шаўкаводства.
Транспарт. Асн. від — чыгуначны. Праз Азербайджан праходзіць чыг. магістраль у Іран (на Тэбрыз). Паводле аб’ёму перавозак на 2-м месцы марскі транспарт; гал. порт Баку, звязаны чыг. паромам з Краснаводскам. Па Куры — суднаходства. Нафтаправод Баку—Тбілісі—Батумі, газаправоды Карадаг—Гянджа—Акстафа з адгалінаваннем на Ерэван і Тбілісі, Карадаг—Баку і інш. Ажыццяўляюцца грузапасаж. авіярэйсы Мінск—Баку—Мінск. Экспарт Азербайджана складае 1,46 млрд. інвалютных руб. (1992). У знешнім гандлі Азербайджана вядучае месца належыць Расіі (60% тавараабароту). Экспартуе энерганосьбіты і энергаматэрыялы, імпартуе прадукты харчавання. Грашовая адзінка — манат.
Узброеныя сілы Азербайджана складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У 1993 налічвалі 41,6 тыс.чал. (560 тыс. рэзервістаў). Сухапутныя войскі (38,9 тыс.чал.) маюць 2 карпусныя групы, 1 танк. брыгаду, 9 механізаваных брыгад, 1 механізаваны полк, 2 артыл. брыгады, 2 артыл. палкі; на ўзбраенні 286 танкаў, 362 баявыя машыны пяхоты, 480 бронетранспарцёраў, ракеты класа «зямля—паветра», артылерыя, ракетныя пускавыя ўстаноўкі, 130 мінамётаў. У ВПС (1,6 тыс.чал.) на ўзбраенні 47 баявых самалётаў, 52 вучэбна-трэніровачныя самалёты. ВМС (2,1 тыс.чал.) атрымалі ч. Каспійскай ваен. флатыліі б.СССР, у т. л. 1 фрэгат, 6 вартавых караблёў. Ваенна-марская база ў Баку.
Ахова здароўя. На пач. 1992 было 749 бальнічных устаноў на 71,9 тыс. ложкаў (99,4 ложка на 10 тыс.ж.), 1726 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 28,1 тыс. урачоў (38,9 урача на 10 тыс.ж.). Сярэдняя працягласць жыцця 69 гадоў. Дзіцячая смяротнасць склала 45 дзяцей на 1 тыс. народжаных.
Асвета, навуковыя ўстановы. У Азербайджане ажыццяўляецца ўсеагульнае абавязковае навучанне. Створана сістэма вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі. У 1991 у Азербайджане было 2168 дашкольных дзіцячых устаноў (173 тыс. дзяцей), 4332 агульнаадук. школы (1375 тыс. вучняў, 139 тыс. настаўнікаў), 77 сярэдніх спец.навуч. устаноў (60,1 тыс. навучэнцаў), 18 ВНУ (108 тыс. студэнтаў). Найбольшыя ВНУ: Азербайджанскі ун-т, ін-ты с.-г., політэхн., мед., пед., пед. замежных моў, мастацтваў, нафты і хіміі, буд. інжынераў, кансерваторыя і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў 131 навук. установе (разам з ВНУ) і ў н.-д. ін-тах АН Азербайджана (у яе складзе 61 акадэмік, 74 чл.-карэспандэнты, 364 д-ры навук і 2441 канд. навук; 1990). На 1.1.1991 у Азербайджане было 4,8 тыс. масавых б-к з фондам 45,9 млн. адзінак захавання, самыя вялікія: Рэсп.б-ка імя Ахундава, Фундаментальная б-каАН. У Азербайджане 122 музеі (разам з філіяламі), буйнейшыя з іх: Музей мастацтваў імя Мустафаева, Музей азерб. л-ры імя Нізамі, Музей гісторыі Азербайджана; 38 тыс. клубных устаноў.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1992 у Азербайджане 575 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Азербайджан», «Азадлыг» («Свабода»), «Бакинский рабочий», «Вышка», «Мухаліфат» («Апазіцыя»). Працуюць дзярж. (Азерінфарм) і прыватныя (Аса-Ірада, Туран і Хабар-сервіс) тэлегр. агенцтвы. Тэлецэнтры Бакінскі і Нахічэванскі. Радыё і тэлебачанне вядуць перадачы на азерб., арм. і рус. мовах. У Баку рэтрансліруецца праграма тур. тэлебачання.
Літаратура. Азерб.л-ра бярэ пачатак у фальклоры. Самыя стараж. помнікі нар.-паэт. творчасці — т.зв. мідыйскія легенды, нар. паданні (7—6 ст. да н. э.). Рэліг.-філас. погляды стараж. азербайджанцаў адлюстраваны ў помніку «Авеста». Гераічны эпас прадстаўлены паэмамі-дастанамі, сярод якіх самы значны «Кёр-аглы». Рамантычныя сюжэты складаюць аснову дастанаў «Аслі і Керэм», «Ашуг-Гарыб» і інш. Стваральнікамі, выканаўцамі і зберагальнікамі нар. творчасці былі спевакі-ашугі. Стараж. пісьмовыя помнікі не захаваліся, але ёсць звесткі, што яшчэ ў 5 ст. ў Албаніі Каўказскай існаваў алфавіт, былі напісаны арыгінальныя і перакладныя кнігі. У 7—9 ст. узмацніўся араба-ісламскі, у 11 ст. — іранскі ўплыў на азерб. культуру. Арабская і персідская мовы сталі афіцыйнымі, на іх стваралі свае творы паэты і вучоныя Хатыб Тэбрызі, Гатран Тэбрызі. Адначасова развівалася і азерб. мова. У 10—11 ст. фарміраваўся эпас «Кітабі Дэдэ Коркуд». У 11—12 ст. побач з творамі прыдворных паэтаў з’яўляліся творы пра жыццё народа. Узоры лірыкі стваралі Хагані Шырвані, Абу-ль-Ала Ганджэві, Фелекі Шырвані, паэтэса Мехсеты Ганджэві і інш. Вяршыня азерб. паэзіі 12 ст. — творчасць Нізамі Ганджэві, які зрабіў вял. ўплыў і на азерб. л-ру, і на л-ры іншых народаў Усходу. У 13—14 ст. тварылі паэты Ізедын Гасанаглы, Зульфігар Шырвані, Аўхеды Марагаі, Махмуд Шабустары. Значны след у паэзіі пакінулі Насімі, Хабібі, Кішверы і інш. Пад псеўданімам Хатаі пісаў вершы заснавальнік дынастыі Сефевідаў шах Ісмаіл I. Газелі Мухамеда Фізулі — узор высокай лірыкі на ўсім Б. і Сярэднім Усходзе. З яго імем звязана канчатковае фарміраванне літ.азерб. мовы. У творах прадаўжальнікаў традыцый Фізулі (Саіба Тэбрызі, Каўсі Тэбрызі, Месіхі) паэзія набывала больш простую і арганічную форму. Гэта заўважна і ў творах лепшых паэтаў 18 ст. Мала Велі Відадзі і Мала Панах Вагіфа. Валодаючы ўсімі формамі класічнай паэзіі, яны сцвердзілі ў л-ры ашугскую форму гошма, найб. блізкую да нар. творчасці. Л-ра 19—пач. 20 ст., прадаўжаючы класічныя традыцыі, зазнала новыя павевы, ішла ад асветніцкага рэалізму А.-К.Бакіханава і Вазеха да рэалізму крытычнага. Важнае значэнне для развіцця рэаліст. л-ры мела творчасць М.Ф.Ахундава, талент якога найб. поўна раскрыўся ў драматургіі. У 2-й пал. 19 ст. тварылі паэт-асветнік Сеід Азім Шырвані, паэты-лірыкі Сеід Набаты, Бахар Шырвані, паэтэса Хуршудбану Натаван. У 1875 засн. першая газета на азерб. мове «Экінчы» («Араты»), На пач. 20 ст. з’явіліся раманы С.М.Ганізадэ, М.С.Ардубады, Н.Нарыманава, рамант. лінію ў паэзіі развівалі Абас Сіхат, Хады Мухамед і інш. У 1932 створаны Саюз пісьменнікаў Азербайджна. Значны ўклад у азерб. паэзію С.Вургуна, С.Рустама, Р.Рзы, М.Рагіма, Мюшфіка і інш. Выдадзены раманы, аповесці і апавяданні Сеіда Гусейна, С.Рагімава, Абульгасана, Гусейна Мехты, М.Ібрагімава, А.Веліева, Мір Джалала, Г.Мусаева і інш. У пасляваен. гады плённа працавалі празаікі І.Гусейнаў, Б.Байрамаў, Г.Сеідбейлі, І.Шыхлы, Г.Абасзадэ, С.Веліеў, С.Даглы, Анар, А.Айліслі, паэты Б.Азераглу, Б.Вагабзадэ, Н.Хазры, З.Джабарзадэ, І.Сафарлі, Г.Гусейнзадэ, А.Керым і інш. У 1960-я г. з’явіліся псіхал. апавяданні і лірыка-псіхал. аповесці Айліслі, І.Гусейнава, М.Ібрагімбекава, Анара і інш. Раман 1960—70-х г. у асноўным арыентаваўся на паказ жыцця вяскоўцаў ці рабочых («Вузлы» С.Веліева, «Магамед, Мамед, Маміш...» Ч.Гусейнава). У 1980-я г. выдадзены раманы «Меч і пяро» Ардубады, «Калыска на жалезным дрэве» Ф.Керымзадэ, «Камяністы ключ» С.Веліева, кн. аповесцяў і апавяданняў «Залаты конь і зямля» Дж.Алібекава, «Птушынае гняздо» Дж.Рафіева, «Маніфест маладога чалавека» Мір Джалала, «Кліч» А.Мамедава, «Людзі і хвалі» Г.Гусейнаглы, зб. паэзіі «Будзь сведкам, сонца» Н.Гасанзадэ, «Снежныя кветкі» М.Дыльбазі, «Памяць крыві» Сабіра, «Размова з самім сабой» Вагабзадэ і інш. Развіваецца дзіцячая л-ра (М.Сеідзадэ, М.Рзакулізадэ, Мусаеў, Х.Алібейлі і інш.), крытыка і літаратуразнаўства (Г.Араслі, Арыф, Ф.Касімзадэ, М.Рафілі, А.Султанлі і інш.).
На бел. мову перакладзены раман Ібрагімава «Настане дзень» (1953), аповесць Абульгасана «Унукі старой Тамашы» (1962), кн. аповесцяў С.Веліева «Вусаты Ага. Кулік» (1985), кн. апавяданняў «Ключ жыцця» (1978), зб. твораў дзіцячых пісьменнікаў і фальклору «Вышкі над морам» (1989), зб. вершаў і паэм М.Тофіка «Сонечны цягнік» (1986) і інш. На азерб. мову перакладзены творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка, П.Броўкі, А.Куляшова і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Ад эпохі энеаліту і ранняй бронзы на тэр. Азербайджана захаваліся дальмены, менгіры, кромлехі, з 1-га тыс. да н.э. — цыклапічныя збудаванні (Кедабекскі р-н, перадгор’і М.Каўказа, Нахічэвань). Найб.стараж. помнікі выяўл. мастацтва (2—1-е тыс. да н.э.) — наскальныя гравіраваныя малюнкі ў Кабустане, кераміка Мінгечаура, упрыгожанні з бронзы, дробная пластыка. У 9—6 ст. да н. э. будаваліся гарады, абарончыя збудаванні, жыллё т.зв. антавага тыпу, алтары агню (Мана, Мідыя). Помнікі раннесярэдневяковага дойлідства — храм у Лекіце, базіліка ў с. Кум (5—6 ст.), мячэці ў Бардзе, Гянджы, Шэмасе (7—9 ст.). З 10 ст. ствараюцца арх. школы: нахічэванская (пабудовы 12 ст. архітэктара Аджэмі), шырвана-апшэронская (Шырваншахаў палац у Баку), тэбрызская (Блакітная мячэць, 15 ст.). Найб. вядомыя помнікі 12—13 ст. — маўзалеі ў Нахічэвані і Джузе, Дзявочая вежа ў Баку. У 16—17 ст. пабудаваны культавыя комплексы шэйха Сефі (Ардэбіль), Гёй-Імам, цэнтр. плошча з мячэццю Джума (Гянджа) і інш. У сярэднявеччы развівалася скульптура (бронзавыя грыфоны, каменныя фігуркі), высокага ўзроўню дасягнулі вытв-сць глазураванай керамікі, разьба па камені, каліграфія. На 16 ст. прыпадае росквіт тэбрызскай школы мініяцюры (мастакі Султан Мухамед, Мір Сеід Алі, Бехзад і інш.). У час феад. раздробленасці (18 ст.) манум. будаўніцтва занепадае; арх.-буд. традыцыі захаваліся ў нар. дойлідстве (жылыя дамы, невял. мячэці). У 18 ст. актуалізаваўся насценны жывапіс (палац ханаў у Шэкі, жылыя дамы ў Ардубадзе, Шушы). У 19 ст. традыцыі мініяцюрнага жывапісу прадаўжаліся ў насценных размалёўках і партрэце (майстры У.Г.Карабагі, М.К.Эрывані, М.М.Наваб). Прыёмы планіроўкі і кампазіцыі, нац.арх. формы і матывы дэкору нярэдка спалучаліся з элементамі рас. і зах.-еўрап. класіцызму (Шэмаха, Баку). Заснавальнікамі рэаліст. жывапісу ў пач. 20 ст. былі А.Азімзадэ і Б.Кенгерлі. У 1920 у Баку адкрыта маст. школа. У 1920 — пач. 30-х г. працавалі жывапісцы А.Рзакуліеў, С.Саламзадэ, Ш.Мангасараў, графікі Э.Гаджыеў, Г.Халыкаў, І.Ахундаў, скульптары П.Сабсай, І.Гуліеў, Ф.Абдурахманаў, Дж.Карагды, тэатр. мастакі Р.Мустафаеў, Н.Фатулаеў. З канца 1920-х г. будуюцца першыя рабочыя пасёлкі (пас. Мамедзьярава — адзін з першых прыкладаў комплекснай забудовы жылога раёна). У выхаванні нац. кадраў у Азербайджана прымалі ўдзел рус. архітэктары (браты Весніны, А.Шчусеў і інш.). З 1930-х г. працуюць выпускнікі арх.-буд. ф-та (засн. ў 1920) Азербайджанскага політэхн. ін-та (С.Дадашаў, Э.Касімзадэ, М.Усейнаў і інш.). Для 1920-х г. характэрна стылізатарства пад феад. дойлідства мусульм. Усходу. У пач. 1930-х г. з’явіліся канструктывісцкія будынкі (гасцініца «Інтурыст» у Баку), у 2-й пал. 1930—50-х г. асвойвалася класічная, у т. л.нац.арх. спадчына (Музей азерб. л-ры імя Нізамі ў Баку). З канца 1950 праектуюцца і забудоўваюцца новыя гарады — Сумгаіт, Дашкесан, Мінгечаур, вядзецца рэканструкцыя Баку. Эстэтыка сучаснага этапу дойлідства Азербайджана выявілася ў архітэктуры Баку (комплекс будынкаў АН, гасцініц «Азербайджан» і «Масква», усе арх. Усейнаў; станцыі метрапалітэна, арх. Усейнаў, К.Сянчыхін, Т.Ханлараў, Ш.Зейналава, Касімзадэ і інш.; палац «Гюлістан», арх. А.Амірханаў, Н.Гаджыбекаў) і інш. гарадоў. У выяўл. мастацтве з канца 1950-х г. паглыбляецца працэс асэнсавання нац.маст. традыцый, развіваецца самабытная школа жывапісу. У 1960—80-я г. мастакі Н.Абдурахманаў, М.Абдулаеў, Саламзадэ, Э.Рзакуліеў, Т.Салахаў, Б.Мірзазадэ і інш. працуюць у гіст. і быт. жанрах, пішуць партрэты, пейзажы. Сярод сучасных мастакоў — жывапісцы Т.Нарыманбекаў, А.Джафараў, Н.Касумаў; графікі Р.Бабаеў, Ю.Гусейнаў, Э.Шамілаў, К.Алекпераў. У 1936 засн. Саюз архітэктараў, у 1940 — Саюз мастакоў Азербайджана.
Музыка. На працягу многіх стагоддзяў на тэр. Азербайджана існавалі фалькл. музыка (сялянская і гарадская) і творчасць нар.-прафес. музыкантаў вуснай традыцыі, у т. л. ашугаў. Вак.-інстр. фальклор мае элементы шматгалосся. Самабытнасць гукавога строю азерб. музыкі вызначаюць 7 асн. ладоў-мугамаў (найб. пашыраны раст, шур, сегях). Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковы кеманча, струнна-шчыпковыя тар, саз, уд; духавыя тугак, балабан, зурна; ударныя дэф (бубен), нагара, гоша-нагара. Нар. песенная творчасць разнастайная ў жанравых адносінах, з багатай метрарытмікай. Пераважае сольнае, радзей хар. (унісоннае) выканальніцтва. Мастацтва паэтаў-спевакоў ашугаў засн. на класічных мелодыях (больш за 80), кожная з якіх мае шмат імправізацыйных варыянтаў. У 11—16 ст.найб. пашырана было гар. мастацтва мугамаў — вял. цыклічных вак.-інстр. п’ес, пабудаваных у розных ладах. З канца 19 ст. ў Азербайджан пранікае еўрап.муз. культура. Асновы сучаснай азерб.прафес.муз. культуры заклаў У.Гаджыбекаў, які распрацаваў тэорыю азерб. ладоў, стварыў першую мугамную оперу «Лейлі і Меджнун» (1908) і муз. камедыю «Аршын мал алан» (1913). Новы стыль азерб. музыкі фарміруецца ў 1920—30-я г. найперш у оперным жанры. Пастаноўка оперы Р.Гліэра «Шахсенем» (1927) выявіла імкненне да сінтэзу еўрап. і нац. формаў, «Нэргіз» (1938) А.М.Магамаева — першы азерб. твор, засн. на класічных формах, опера «Кёр-аглы» (1937) У.Гаджыбекава стала нац. класікай. У 1940 паст. першы нац. балет «Дзявочая вежа» А.Бадалбейлі. Этапнымі былі балеты «Сем прыгажунь» (1952) і «Сцежкаю грому» (1958) К.Караева, «Легенда аб каханні» (1961) А.Мелікава. Муз. камедыі і аперэты стваралі С.Рустамаў, Ф.Аміраў, С.Алескераў, Караеў, Р.Гаджыеў. Сімф. жанр у Азербайджане ўзнік у 1920—30-я г. У ім працавалі Караеў, у творчасці якога аб’яднаны рысы нац. і сучаснай музыкі, Ніязі, працуюць Аміраў, С.Гаджыбекаў, Дж.Гаджыеў, Мелікаў, М.Мірзоеў, А.Рзаеў, А.Алізадэ, М.Куліеў, І.Гаджыбекаў, А.Дадашаў і інш.; у вак.-сімф. жанры — Рустамаў, Р.Мустафаеў, Р.Гаджыеў, Алізадэ, Н.Мамедаў, Мірзоеў і інш. Першыя ўзоры нац. раманса належаць А.Зейналы (1920-я г.). У камерна-інстр. жанрах працаваў Караеў, працуюць Аміраў, Дж.Гаджыеў, Т.Бакіханаў, С.Гаджыбекаў, Куліеў, Х.Мірзазадэ, А.Азізаў і інш. Развіваецца дзіцячая музыка, музыка для т-ра і кіно. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Ніязі, Р.Абдулаеў; спевакі Р.Бейбутаў, Бюль-Бюль, М.Магамаеў, Ш.Мамедава, Ф.Ахмедава, Л.Іманаў, З.Ханларава, Р.Атакішыеў; піяністы Ф.Бадалбейлі, Т.Махмудава. У Азербайджане працуюць (1994): у Баку — Азерб.т-р оперы і балета (з 1920), Т-р музкамедыі (1938); філармонія (1936), у складзе якой Сімф. аркестр імя У.Гаджыбекава, Ансамбль песні і танца Азербайджана, камерны аркестр, хар. капэла, ансамбль танца, Дзярж. эстрадны аркестр; Сімф. аркестр імя Ніязі, эстрадна-сімф. аркестр, аркестр нар. інструментаў, хор пры Азерб. радыё і тэлебачанні; «Тэатр песні»; у Гянджы — філармонія. Працуюць таксама кансерваторыя (з 1921), муз. вучылішчы, муз. школы. У 1934 засн. Саюз кампазітараў Азербайджана.
Тэатр. Вытокі азерб.тэатр. мастацтва — у нар. творчасці. У стараж. Азербайджане існаваў лялечны т-р «Кілімарасы», у сярэднявеччы — рэліг.-містэрыяльны тэатр. У 1873 у Баку ўпершыню на азерб. мове паказаны камедыі М.Ахундава «Везір Ленкаранскага ханства» і «Гаджы-Кара». У 1897 арганізаваны першы прафесійны калектыў «Мусульманская драм. трупа», у пач. 20 ст. створаны тэатр. трупы пры асв. т-вах «Ніджат» і «Сафа». Значны ўклад у развіццё нац.драм. мастацтва зрабілі Дж.Зейналаў, Г.Араблінскі, У.Гаджыбекаў, Дж.Джабарлы, А.Шарыфзадэ, У.Раджаб і інш. У 1920 у Баку створаны аб’яднаны дзярж.т-р (азерб., рус., арм.драм. і оперныя трупы). У 1922 азерб.драм. трупа пераўтворана ў Азерб.дзярж.т-р (Азерб.акад.т-р імя Азізбекава). У рэпертуары т-ра, які прадаўжае лепшыя нац. традыцыі, п’есы нац. драматургаў, класічныя і сучасныя творы. У 1944 засн.Азерб.тэатр.т-ва. У 1994 у Азербайджане 10 драм. т-раў.
Кіно. Кінавытворчасць у Азербайджане пачалася з 1916, калі акц.т-ва «Фільма» выпусціла карціны «У царстве нафты і мільёнаў» і «Аршын мал алан» (1917). У 1923 у Баку створана Азерб. фотакінаўпраўленне (з 1960 кінастудыя «Азербайджанфільм» імя Дж.Джабарлы); першы маст. фільм «Легенда пра Дзявочую вежу» (1924). У 1929 арганізавана студыя для падрыхтоўкі нац. творчых кадраў. У фільмах 1920-х г. пераважалі тэмы рэвалюцыі і грамадз. вайны («Гаджы Кара», «26 камісараў»). З 1936 здымаюцца гукавыя фільмы: «Алмас», «Бакінцы», «Сын Радзімы», «Бахтыяр», «Адна сям’я». У 1960—80-я г. пашырылася тэматыка, абнавілася паэтыка фільмаў, зняты маст. фільмы: «Не тая, дык гэтая», «Чаму ты маўчыш?», «Святло згаслых вогнішчаў», «Перад зачыненымі дзвярыма»; дакумент.-хранік.: «Аповесць пра нафтавікоў Каспія» (Ленінская прэмія 1960), «Пакарыцелі мора» (сярэбраны медаль Маскоўскага міжнар. кінафестывалю 1959). У 1969 пачата вытворчасць мультыплікацыйных фільмаў. У 1965 створаны Саюз кінематаграфістаў Азербайджана. Сярод дзеячаў кіно: І.Касумаў, Т.Тагізадэ, Т.Ахундаў, М. і Р.Ібрагімбекавы, Анара (А.Рзаева), А.Бабаеў, Г.Мамедаў, Г.Турабаў, Ш.Мамедава.
Герб і сцяг Азербайджана.Азербайджан. Горад Баку.Да арт.Азербайджан. Здабыча нафты на Каспійскім моры.Да арт.Азербайджан. Аджэмі ібн Абу Бекр. Маўзалей Мамінэ-хатун у Нахічэвані. 1186.Да арт.Азербайджан. Дэталь партала палаца Шырваншахаў у Баку. Канец 15 ст.Да арт.Азербайджан. Маўзалей шэйха Сефі ў Ардэбілі. 16 ст.Да арт.Азербайджан. Мір Сеід Алі. Мініяцюра з рукапісу «Хамсе» Нізамі. 1539—43.Да арт.Азербайджан. Помнік Нізамі ў Баку. Скульпт. Ф.Абдурахманаў, арх. С.Дадашаў, М.Усейнаў. 1949.Да арт.Азербайджан. Помнік паэту Фізулі ў Баку. Скульпт. Т.Мамедаў, О.Эльцараў, арх. Г.Мухтараў. 1962.Да арт.Азербайджан. Т.Салахаў. Жанчыны Апшэрона. 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХАВЕ́НСТВА,
асобная іерархічная карпарацыя прафес. служак культу ў розных рэлігіях, якая выконвае ролю пасрэдніка паміж Богам і вернікамі, ажыццяўляе арганізац., магічна-культавыя дзеянні і прапаведуе веравучэнне пэўнай рэлігіі. Д. сфарміравалася ў стараж. часы на аснове жрэцтва і па сутнасці з’яўляецца прадаўжальнікам яго традыцый. У залежнасці ад свайго становішча і функцыі ў царкве Д. падзяляецца на вышэйшае і ніжэйшае. У некат. рэлігіях прадстаўнікоў вышэйшага Д. шануюць як намеснікаў Бога на зямлі (папа рымскі ў каталіцызме) або як увасабленне бажаства (далай-лама ў ламаізме, кіраўнік секты ісмаілітаў). У шэрагу рэлігій Д. падзяляецца на белае (абслугоўвае прыход, храмы; складаецца з асоб жанатых, што знаходзяцца ў адным шлюбе, неразведзеных) і чорнае (спалучае манаства са свяшчэнніцкім санам, дае зарок бясшлюбнасці, поўнага паслушэнства і г.д.). У першых хрысц. абшчынах Д. не існавала. У 2 ст. склаўся ін-тепіскапаў (кіраўнікоў хрысц. абшчын), у 4 ст. пашырылася манаства, потым на аснове епіскапату ўзнікла папства. Канчаткова ў хрысціянстве Д. сфарміравалася ў 5 ст., пасля таго, як яно стала дзярж. рэлігіяй Рымскай імперыі. У Стараж. Русі, у т. л. і Беларусі, куды хрысціянства прыйшло ў канцы 10—11 ст. з Візантыі, паступова фарміраваліся кадры свяшчэннаслужыцеляў, усталёўвалася выразная царк.-адм. структура, якая складалася з епархій на чале з епіскапамі. Узначальваў іерархію Д. кіеўскі мітрапаліт, што падпарадкоўваўся канстанцінопальскаму патрыярху. У 1448 на чале Рус.правасл. царквы быў пастаўлены мітрапаліт Маскоўскі і ўсяе Русі. У 1589 вышэйшы правасл. іерарх быў пасвячоны ў сан патрыярха. У 14—16 ст. амаль усю тэр. Беларусі ахоплівала Віленскае біскупства (дыяцэз), якое налічвала 259 парафій каталіцкай царквы. Д. тут было прадстаўлена арцыбіскупамі, біскупамі, суфраганамі (памочнікамі біскупаў), плябанамі, вікарыямі і інш. Падобная структура Д. была характэрна і для Беларускай грэка-каталіцкай царквы, якая ўсталявалася ў выніку Брэсцкай уніі 1596. У 1790 у 14 бел. паветах ВКЛ было 143 правасл., 1199 уніяцкіх, 83 рымска-каталіцкія і 16 кальвінісцкіх прыходаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі служылі 104 протаіерэі, 1924 святары, 234 протадыяканы, дыяканы і паддыяканы, 1911 псаломшчыкаў, прычэтнікаў, пеўчых і званароў. З 2-й пал. 16 ст. на Беларусі разгарнула дзейнасць і стварыла свае абшчыны пратэстанцкае Д. — кальвіністы, лютэране, антытрынітарыі. Мячэці мусульм. абшчын, якія таксама дзейнічалі на Беларусі, абслугоўваліся муламі (імамамі) і муэдзінамі (памочнікамі).
Рэліг. жыццё і дзейнасць Д. на Беларусі сталі актыўна адраджацца ў 1990-я г. На пач. 1997 зарэгістравана 37 рэліг. канфесій (афіцыйна дзейнічаюць больш як 20), 2120 рэліг. абшчын. Правасл. епархіі ўзначальваюць 2 архіепіскапы і 8 епіскапаў, кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы з’яўляецца мітрапаліт Мінскі, Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. У благачынных акругах (аб’ядноўваюць 964 прыходы) служаць больш за 900 свяшчэннікаў. Вышэйшую іерархію каталіцкай царквы (аб’ядноўвае 362 прыходы) з 1994 узначальвае мітрапаліт мінскі і магілёўскі Казімір Свёнтак. Дэкан Бел. грэка-каталіцкай царквы (уваходзяць 11 абшчын) Ян Матусевіч. Розныя катэгорыі Д. абслугоўваюць 332 абшчыны Саюза хрысціян веры евангельскай, 37 — адвентыстаў сёмага дня, 14 — сведкаў Іеговы, 33 — старавераў, 22 мусульм. абшчыны, 15 іудзейскіх абшчын і інш. Падрыхтоўкай Д. на Беларусі займаюцца духоўныя навучальныя ўстановы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПРАМЯНЕ́ННЕэлектрамагнітнае, свабоднае электрамагнітнае поле, якое існуе незалежна ад крыніц, што яго ствараюць; працэс утварэння свабоднага электрамагнітнага поля. Выпрамяненню ўласцівы т.зв.карпускулярна-хвалевы дуалізм. Асн. хвалевыя характарыстыкі выпрамянення — частата ν (або даўжыня хвалі ), дзе c — скорасць святла ў вакууме), а таксама хвалевы вектар
, дзе — адзінкавы вектар напрамку распаўсюджвання хвалі. Хвалевыя ўласцівасці выпрамянення праяўляюцца ў наяўнасці інтэрферэнцыі і дыфракцыі (гл.Дыфракцыя хваль, Інтэрферэнцыя хваль). Карпускулярныя ўласцівасці характарызуюцца тым, што кожнай асобнай хвалі з частатой ν і хвалевым вектарам адпавядае часціца (квант або фатон) з энергіяй і імпульсам
, дзе h — Планка пастаянная. Карпускулярныя ўласцівасці праяўляюцца ў квантавых з’явах, напр., фотаэфект, Комптана эфект і інш.
Праяўленне хвалевых ці карпускулярных (квантавых) уласцівасцей выпрамянення залежыць ад яго частаты, па значэннях якой выпрамяненне ўмоўна падзяляецца на дыяпазоны (гл.табл.). <TABLE> Для хваль вял. даўжыні (напр., ЗВЧ, радыёхвалі) энергія квантаў вельмі малая, таму карпускулярныя ўласцівасці выпрамянення практычна не праяўляюцца. З павелічэннем частаты расце энергія квантаў і з інфрачырвонага дыяпазону ўжо пачынаюць пераважаць карпускулярныя ўласцівасці.
Уласцівасці выпрамянення для малых частот апісваюцца класічнай электрадынамікай, для вялікіх — квантавай. Паводле класічных Максвела ўраўненняў выпрамяненне ў кожным пункце прасторы і ў кожны момант часу характарызуецца напружанасцямі электрычнага і магнітнага палёў і пераносіць энергію, аб’ёмная шчыльнасць якой
. У квантавай тэорыі ўраўненні Максвела поўнасцю захоўваюцца, аднак велічыні і маюць іншы сэнс. У гэтым выпадку сувязь паміж хвалевымі і карпускулярнымі ўласцівасцямі выпрамянення мае статыстычны характар: шчыльнасць энергіі эл.-магн. хвалі вызначаецца лікам квантаў у адзінцы аб’ёму
, для асобнага кванта імавернасць яго знаходжання ў пэўным аб’ёме прапарцыянальная шчыльнасці энергіі.
Выпрамяненне ўзнікае ў рэчыве пры нераўнамерным руху эл. зарадаў ці змене магн. момантаў, у выніку чаго рэчыва траціць энергію і адбываюцца працэсы выпрамянення. Да іх адносяцца выпрамяненне бачнага, ультрафіялетавага і інфрачырвонага святла атамамі і малекуламі, γ-выпрамяненне атамных ядраў, выпрамяненне радыёхваль антэнамі. Адваротныя працэсы выпрамянення — працэсы паглынання. Пры іх за кошт энергіі выпрамянення павялічваецца энергія рэчыва. Паводле законаў класічнай электрадынамікі сістэма рухомых зараджаных часціц неперарыўна траціць энергію ў выглядзе выпрамянення — адбываецца неперарыўны працэс утварэння эл.-магн. хваль. Аднак у квантавых сістэмах працэсы выпрамянення і паглынання дыскрэтныя і адбываюцца ў адпаведнасці з законамі квантавых пераходаў (гл.Вымушанае выпрамяненне, Спантаннае выпрамяненне).
М.А.Ельяшэвіч, Л.М.Тамільчык.
Дыяпазоны частот і даўжынь хваль электрамагнітнага выпрамянення (шкала электрамагнітных хваль)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ РАЁН,
на ПнЗ Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 2,7 тыс.км². Нас. 68,6 тыс.чал. (1996), гарадскога 19%. Сярэдняя шчыльн. 26 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Гродна; г.Скідзель, г.п.Сапоцкін, 383 сельскія нас. пункты, 14 сельсаветаў: Абухаўскі, Адэльскі, Азёрскі, Баранавіцкі, Верцялішкаўскі, Гожаўскі, Індурскі, Капцёўскі, Квасоўскі, Лойкаўскі, Парэцкі, Путрышкаўскі, Раціцкі, Скідзельскі.
Большая частка раёна занята Нёманскай нізінай, на З — Гродзенскае ўзвышша. Паверхня ўзгорыста-раўнінная. Пераважаюць выш. 100—170 м, найвыш. пункт 247 м (каля в. Капцёўка). Карысныя выкапні: торф, мел, цагельныя гліны, сілікатныя пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, сапрапелі. Сярэдняя т-растудз. -5,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 545 ммза год. Вегет. перыяд 199 сут. Гал. рака Нёман з прытокамі Свіслач, Ласосна, Чорная Ганча, Котра. Аўгустоўскі канал злучае р. Нёман з р. Бебжа (бас. Віслы). Азёры: Белае, Рыбніца, Малочнае, Кальніца, Вераўскае. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 31,7% тэр. раёна (буйн. масіў Гродзенская пушча на ПнУ), пераважаюць хваёвыя, бярозавыя і яловыя лясы. Пад балотамі 2,5% плошчы (балотныя масівы Святое, Масткі-Нівішча, Закрэўшчына і інш.). На тэр. раёна ландшафтны заказнік Азёры, біялагічныя — Гожаўскі і Сапоцкінскі. Помнікі прыроды: кангламерат пясчана-жвірова-галечны «Прынёманскі», геал. агаленні Калодзежны Роў і Равец.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 117 тыс.га, з іх асушаных 20,9 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 12 калгасаў, 5 саўгасаў, 4 с.-г. прадпрыемствы, 4 птушкафабрыкі. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінагадоўля, конегадоўля), буракаводства, бульбаводства, агародніцтва. Пасевы збожжавых культур і кармавых траў. Прадпрыемствы харч. (Скідзельскі цукровы камбінат, вытв-сць мясных і агароднінных кансерваў, масла, сыру, крухмалу), дрэваапр. (мэбля, піламатэрыялы, сталярныя вырабы), паліўнай (торфабрыкет) прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (кафля, жалезабетонныя вырабы). Патэр. раёна праходзяць чыгункі Вільня—Гродна—Беласток (Польшча), Гродна—Масты; аўтадарогі ад Гродна на Беласток (Польшча), Друскінінкай (Літва), Астрыну, Ліду, Вял. Бераставіцу—Ваўкавыск. У раёне 23 сярэднія, 20 базавых і 6 пач. школ. ПТВ № 199. 11 муз., дзіцяча-спарт., 2 санаторныя школы, дапаможная школа-інтэрнат. 26 дашкольных устаноў, 41 клуб, 49 б-к. 55 бальнічных устаноў, 2 санаторыі. Помнікі архітэктуры: касцёл Тэклі (1854) у в. Адамавічы; касцёл Ушэсця (1-я пал. 18 ст.) у в. Адэльск; царква Ушэсця (пач. 20 ст.) у в. Азёры; Крыжаўзвіжанская царква (1881) у в. Галавачы; касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Галынка; касцёл (2-я пал. 19 ст. — пач. 20 ст.) у в. Гожа; Благавешчанская царква (канец 17 — пач. 18 ст.) у в. Жытомля; касцёл Марыі (пач. 20 ст.) у в. Зарачанка; Троіцкі касцёл (1825) у в. Індура; Праабражэнская царква (1844) у в. Коматава; Мікалаеўская царква (1822) у в. Лаша; касцёл (1806) у в. Парэчча; сядзібны дом (канец 19 ст.) у в. Свіслач; палацава-паркавы ансамбль (канец 18 ст. — пач. 19 ст.) у в. Свяцк; Праабражэнскі касцёл (1899) у в. Селіванаўцы. Помнік гідратэхн. буд-ва 19 ст. — Аўгустоўскі канал. У в. Верцялішкі мемарыяльны комплекс на брацкай магіле сав. воінаў. Вёска Квасоўка — стараж. цэнтр маст. рамяства (ручное ткацтва і апрацоўка дрэва). Выдаецца газ. «Сельская навіна».
Літ.:
Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Гродзенскага р-на. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛІЦА,
адна з дзвюх (разам з глаголіцай) стараж. славянскіх азбук. Створана ў сярэдзіне 9 ст. на аснове грэка-візант. ўстаўнага пісьма. Назва ад імя слав. асветніка Кірылы Філосафа (гл. ў арт.Кірыла і Мяфодзій). Паходжанне К. канчаткова не высветлена. На думку адных вучоных, К. створана Кірылам раней за глаголіцу, ад якой адрознівалася інш. тыпам і больш простай і выразнай формай літар. Паводле другіх вучоных, Кірыла з’яўляўся стваральнікам глаголіцы, што папярэднічала К. Алфавітна-літарны склад К. адпавядаў гукавой сістэме стараславянскай мовы. У 11 ст. мела 43 літары: 24 візант. паходжання, 19 створаны самастойна. 27 літар абазначалі лічбы (літара з цітлай). З 10 ст. К. абслугоўвала ўсе тыпы стараж.-рус.літ. мовы. Паслядоўна існавалі графічныя відазмяненні К.: устаў, паўустаў, скорапіс (у быт. і дзелавой перапісцы), арнаментальная вязь (у кніжных загалоўках). Ад стараж.-рус. пісьменства К. перайшла ў спадчыну старабел., старарус. і стараўкр. пісьменствам. У ранні перыяд старабел. графіка мела ўсе літары К. Аднак у працэсе развіцця бел. мовы літарны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме: адпала патрэба ў дублетных літарах, якія без шкоды для пісьмовых зносін маглі замяняць адна адну, але працягвалі ўжывацца па традыцыі (о–ѡ, е–є–ѣ, і–и–ѵ, у–ꙋ–ѫ, ѩ–ѧ, з–ѕ, ф–ѳ, ѯ–ксі, ѱ–псі), з’явілася неабходнасць у графічных сродках для зычнага j, афрыкаты «дж», гукаў [о] пасля мяккіх і [е] пасля цвёрдых зычных. На бел. глебе выйшлі з ужытку літары ѫ, ѥ, узніклі новыя графемы э (канец 15 ст.) і й (канец 16 ст.), у дзелавым пісьменстве перасталі выкарыстоўвацца ў гукавым значэнні знакі і, ѵ, ѯ, ѱ, ѕ, ф, у помніках інш. жанраў сталі трапляцца радзей літары ѵ, ѯ, ѱ, ѕ. Спрашчэнне і ўдасканаленне графічнай сістэмы абумоўлівалася агульным развіццём пісьменства. Выдатным дасягненнем старабел. графікі было стварэнне бел. першадрукаром і асветнікам Ф.Скарынай на аснове паўустава друкарскага варыянта К., што стаў узорам для інш.усх.-слав. друкароў. Цікавай з’явай у гісторыі бел. кнігадрукавання было вынаходства спец. курсіўнага шрыфту (прапанаваў Грынь Івановіч), які сваёй канфігурацыяй імітаваў скорапіс 2-й пал. 16 ст. Працэс удасканалення К. на Беларусі спыніўся ў 18 ст. з прычыны заняпаду старабел. пісьменства. У Расіі ў выніку рэформы Пятра I у 1708 быў створаны грамадзянскі шрыфт, што пазней стаў асновай сістэм пісьма ўсх.-слав. і некат. інш. народаў, у т. л. і новага бел. пісьменства. Сучасны беларускі алфавіт выпрацаваны ў выніку кантамінацыі рус. грамадзянскага шрыфту са старабел. варыянтам К., вызначаецца большай дакладнасцю. У ім няма дублетных літар, ёсць знакі для спалучэння гукаў «йо» (ё) і спецыфічнага бел. гуку кароткага «ў», афрыкаты «дж», «дз» перадаюцца дыграфамі, раздзяляльную функцыю выконвае апостраф.
Найб. стараж. кірыліцкія помнікі — надпісы на сценах і плітах у Праславе (9—10 ст., Балгарыя), на глінянай пасудзіне з раскопак курганоў пад Смаленскам (10 ст.) і інш. Першая датаваная кніга, напісаная К., — Астрамірава евангелле (1056—57).
Літ.:
Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979;
Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;
Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКІ РАЁН,
на ПдЗ Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1959). Пл. 1,6 тыс.км². Нас. 43 тыс.чал. (1997), гарадскога 24,9%. Сярэдняя шчыльнасць 27 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Капыль, 212 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 13 сельсаветаў: Бабаўнянскі, Блеўчыцкі, Браткаўскі, Бучацінскі, Вялікараёўскі, Грозаўскі, Доктаравіцкі, Камсамольскі, Капыльскі, Пацейкаўскі, Семежаўскі, Слабада-Кучынскі, Цімкавіцкі.
Паверхня на Пн і Пд раўнінная, цэнтр.ч. з З на У перасякае Капыльская града. Пераважаюць вышыні 160—200 м. Найвыш. пункт 243 м (каля в. Нізкавічы). Карысныя выкапні: жвір, пяскі, торф. Сярэдняя т-растудз. -6,3 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 631 ммза год. Вегетац. перыяд 192 сут. На Пн раёна працякаюць р. Нёман з прытокамі Лоша (з Вынёй), Тур’я (з Гніліцай), Баранаўка, на Пд — р. Морач з прытокамі Мажа, Удава, Волка, на З — вытокі р. Балванка, на У — р. Лакнея. Вадасховішчы Чырвонаслабодскае і Цімкавіцкае; меліярац. каналы Амяльнянскі, Аткаловіцкі, Семежаўскі, Стары Роў і інш. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (48,8%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (22%), тарфяна-балотныя (15,1%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8%). Пад лесам 18,8% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. Найб. лясістасць на Пд раёна. Балоты (пераважна нізінныя) займаюць 0,4% тэрыторыі, буйнейшыя з іх Тур’я, Боркаўцы і інш. Заказнікі мясц. значэння: гідралагічныя Волка і Марачанскі, заалагічны Ракітнік (бабры). Помнікі прыроды рэсп. значэння: каштан васьмітычынкавы і 6 клёнаў ілжэплатанавых у в. Бабоўня, дуб чарэшчаты ў в. Грозаў, 2 піхты каліфарнійскія ў в. Чыжэвічы.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў каля 115 тыс.га, з іх асушаных 37,8 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 24 калгасы, 5 саўгасаў, 21 фермерская гаспадарка, міжгас «Капыльскае» (свінагадоўля). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі і буракаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч., дрэваапр. і будматэрыялаў прам-сці. Патэр. раёна праходзяць чыг. Баранавічы—Асіповічы, аўтадарогі Бабруйск—Слуцк—Брэст, Асіповічы—Баранавічы і інш. У раёне 22 сярэднія, 7 базавых, 7 пачатковых, муз., спарт. школы, школа-інтэрнат, дзіцячая школа мастацтваў, прафес.-тэхн. вучылішча, 34 дашкольныя ўстановы, 36 клубаў, 48 б-к, 7 бальніц, 27 фельч.-ак. пунктаў, 1 амбулаторыя. Музеі: краязнаўчы, Кузьмы Чорнага, «Спадчына» і інш. Архітэктурныя помнікі: Прачысценская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Васільчыцы, сядзіба (2-я пал. 19 ст.) у в. Гразавок, сядзібны дом (2-я пал. 18 ст.) у в. Грозаў, царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Карачоўшчына, царква Ушэсця (2-я пал. 19 ст.) у в. Кіявічы, царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Комсічы, царква (пач. 20 ст.) у в. Лешня, касцёл (19 ст.) у в. Савічы, капліца і брама-званіца, пабудаваныя ў памяць аб вызваленні сялян ад прыгоннай залежнасці (2-я пал. 19 ст.) у в. Цімкавічы, Троіцкі касцёл (2-я пал. 18 ст.) у в. Цялядавічы, сыраварня (19 ст.) у в. Чырвоная Дуброва. Цэнтры ткацкага рамяства (з 19 ст.) у в. Семежава і Чырвоная Дуброва. Выдаецца газ. «Слава працы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ХАВІЦКІ РАЁН.
На ПнУ Брэсцкай вобл Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 4.10.1957). Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 37,6 тыс.чал. (1998), гарадскога 32%. Сярэдняя шчыльн. 29 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Ляхавічы. Уключае 124 сельскія нас. пункты, 11 сельсаветаў: Альхоўскі, Востраўскі, Ганчароўскі, Жарабковіцкі, Конькаўскі, Крывошынскі, Куршынавіцкі, Навасёлкаўскі, Начаўскі, Падлескі, Свяціцкі.
Паўн. частка тэр. раёна размешчана ў межах Баранавіцкай раўніны, Клецкай раўніны і Капыльскай грады, паўд. — у межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня б.ч. тэрыторыі ўзгорыста-раўнінная, плоская, на Пд дзюнна-бугрыстыя ўчасткі. 70% тэрыторыі на выш. 150—180 м, найвыш. пункт 218,5 м (за 2 км на З ад в. Канюхі). Карысныя выкапні: торф, мел, гліны, суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, пясок. Сярэдняя т-растудз. -6 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 635 мм. Вегетац. перыяд 193 сут. Найб р. Шчара з прытокамі Мышанка, Ліпнянка, Ведзьма; на ПдУ верхняе цячэнне р. Бобрык, на ПнУ — р. Нача. Азёры: Выганашчанскае (на мяжы з Івацэвіцкім р-нам), Качайла; вадасховішчы: Шчара, Нетчынскае. Меліярацыйны Свяціцкі канал. Пераважаюць глебы с.-r. угоддзяў дзярнова-падзолістыя забалочаныя (30,7%), тарфяна-балотныя (20,2%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (15,1%). Пад лесам 37,6% тэр. раёна, з іх 15,6% — штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Лясы хваёвыя, чорнаальховыя, яловыя, бярозавыя; трапляюцца дубовыя, грабавыя, ясянёвыя і інш.Найб. лясістасць на Пд раёна. Балоты займаюць каля 46 тыс.га, частка з іх асушана. Найб.Выганашчанскае балота. На Пд раёна частка гідралагічнага заказніка рэсп. значэння Выганашчанскае; заказнікі мясц. значэння: ландшафтна-гідралагічны ў пойме р. Шчара (ад в. Хацяж да в. Дарава) і гідралагічны — Ліпск (у пойме р. Шчара). Помнікі прыроды рэсп. значэння: парк «Савейкі» (палацава-паркавы ансамбль, 1850, у в. Савейкі), рададэндран жоўты ў Мядзведзіцкім лясніцтве. Зона адпачынку «Шчара».
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 55,7 тыс.га, з іх асушаных 20 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 16 калгасаў, 3 саўгасы, 20 фермерскіх гаспадарак, эксперым. база, ільнонасенная станцыя. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, авечкагадоўлі, конегадоўлі, вытв-сці збожжавых і кармавых культур, лёну, бульбы, насенняводстве лёну-даўгунцу. Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкетны з-д«Ляхавіцкі»), харч., ільняной, буд. матэрыялаў прам-сці; з-д «Металапластмас»; лясгас. Патэр. раёна праходзяць чыгункі Баранавічы—Лунінец і Баранавічы—Асіповічы, аўтадарогі Брэст—Слуцк, Баранавічы—Ляхавічы—Клецк. У раёне гімназія, 18 сярэдніх, 4 базавыя, 5 пач., маст., 2 муз., спарт. школы, 4 комплексы «Школа-сад», с.-г. тэхнікум, вучэбна-вытв. камбінат, 22 дашкольныя ўстановы, 24 дамы культуры, 21 клуб, кінатэатр, 45 б-к, 6 бальніц, паліклініка, 5 амбулаторый, 23 фельч.-ак. пункты. Помнікі архітэктуры: сядзіба (19 — пач. 20 ст.) у в. Грушаўка, Пакроўская царква (1670, перабудавана ў 1863) у в. Крывошын, Петрапаўлаўскі касцёл (1908) у в. Мядзведзічы, сядзіба (1810—15) у в. Нача, Святадухаўская царква (2-я пал. 18 ст.) у в. Падлессе, парк (2-я палавіна 18 ст.) у в. Сваятычы; сядзіба і парк (2-я пал. 19 ст.) у в. Ураджайная, сядзіба (19 ст.) у в. Флер’янова. Выдаецца газ. «Ляхавіцкі веснік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЎЛЯ́НАЕ ДО́ЙЛІДСТВА,
від архітэктуры, якому ўласцівы адзінства буд. матэрыялу (дрэва) і спецыфічных канструкцый; мастацтва ствараць будынкі з дрэва, арганічна спалучаючы вырашэнне функцыянальных, канструкцыйных і маст. задач.
Дрэва — канструкцыйны і аддзелачны матэрыял. Шырока ўжываецца ў буд-ве з-за лёгкасці апрацоўкі, дастатковай мех. трываласці, малой аб’ёмнай вагі, магчымасці ствараць эстэт. выразнасць яго структурнасці, фактуры, колеру. Выкарыстоўваюць розныя драўляныя элементы: бярвенне, брусы, дылі, гонту і інш.Маст. выразнасць у Д.д. дасягаецца спалучэннем і адначасова супрацьпастаўленнем простых геам. форм (у аснове якіх адзіны модуль, роўны даўжыні бервяна ці адзінцы вымярэння), а таксама разьбой. Д.д. — адметная з’ява ў матэр. і маст. культуры многіх народаў. Адзіныя буд. прыёмы вызначаюць архітэктуру практычна ўсіх тыпаў будынкаў (жылых, гаспадарчых, абарончых, грамадскіх, прамысловых і інш.) пры багацці і разнастайнасці агульных вырашэнняў, якія ўлічваюць сац.-эканам., прыродна-кліматычныя ўмовы. З-за параўнальнай недаўгавечнасці драўніны і пажараў не захавалася драўляных збудаванняў стараж. часоў, хоць археал. даследаванні даюць звесткі аб палевых пабудовах эпохі палеаліту, неаліту, бронзавага веку. Найбольш стараж. помнікі Д.д., якія захаваліся, — каркасныя канструкцыі, што складаюцца са стоек, бэлек, раскосаў і агараджальных элементаў храмы ў Кітаі і Японіі (9 ст.), Нарвегіі (12 ст.). Каркасныя канструкцыі, у параўнанні са зрубнымі (гл.Вянковая канструкцыя), даюць магчымасць ствараць больш вольныя кампазіцыі, што фарміруюцца рытмічнымі радамі калон, бэлек, рыгеляў. Каркасная сістэма шырока выкарыстоўваецца ў Акіяніі, Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Паўд.-Усх. Азіі. Зрубныя канструкцыі атрымалі пашырэнне ў Еўропе і Канадзе.
На Беларусі драўляныя пабудовы вядомы з эпохі палеаліту. Укапаныя ў зямлю слупы і сохі стваралі аснову сцен і падтрымлівалі дах. З часам з гэтых канструкцый развіліся каркасныя. Як іх варыянт у 16—18 ст. выкарыстоўвалі фахферк («прускі мур»). Прыкладна з 3 ст. атрымліваюць развіццё зрубныя канструкцыі з бярвён (звычайна ў сялянскім буд-ве) ці брусоў (у гар. і манум.). Больш дасканалыя і зручныя, яны сталі найб. пашыранымі. Змены ў сял. буд-ве ішлі павольна, а на манум. Д.д. (пачынаючы з 17 ст.) значна ўплывалі маст. стылі мураванай архітэктуры. Вызначыліся 2 асн. тэндэнцыі развіцця: кансерватыўная, звязаная з мясц. традыцыямі (гл.Народнае дойлідства) і наватарская, арыентаваная на ўкараненне эстэт. канцэпцый стыляў барока, класіцызму з выкарыстаннем форм і прыёмаў, уласцівых мураванай архітэктуры (аркі, скляпенні, карнізы, пілястры, руст, шалёўка і інш.). Асн. тыпы жылых дамоў — 1-, 2-, 3-камерныя і больш складанай планіроўкі, якія будавалі асобна ці разам з інш. пабудовамі ў складзе сядзіб-комплексаў (Паазер’е), сядзіб вянковага (Падняпроўе, Паазер’е, Усх. Палессе) ці пагоннага (Зах. Палессе, Панямонне, цэнтр. Беларусь) тыпаў. У гарадах і мястэчках будавалі дамы з галерэямі на гал. фасадзе (падчэнню) і 2-павярховыя жылыя дамы. Асаблівасці гасп. пабудоў (свіран, лямус, адрына, гумно, хлеў, склеп і інш.) залежалі ад іх прызначэння і заможнасці гаспадаркі. Вытворчыя збудаванні (вятрак, вадзяны млын) характарызуюцца аб’яднаннем у адно цэлае механізма з драўлянымі канструкцыямі будынка. У сярэдневякоўі былі пашыраны драўляныя абарончыя збудаванні гарадоў (Віцебск, Полацк і інш.) і феад. замкаў (Радашковічы, Кобрын, Нясвіж і інш.). З дрэва будавалі ўсе тыпы грамадскіх будынкаў: ратушы (Шарашова, Віцебск, Драгічын), манежы (Клецк), свірны-«магазыны» (Тураў, Любча), тэатры (Слуцк, Нясвіж), гандлёвыя рады (Давыд-Гарадок, Карэлічы), крамы, корчмы, шпіталі, школы і інш. Драўлянымі былі будынкі першых мануфактур (Налібакі, Урэчча, Слуцк).
Драўляныя цэрквы 17—19 ст. падзяляліся на храмы восевай кампазіцыі, у якіх 1, 2, 3 ці больш зрубаў размешчаны па адной падоўжнай восі (Здзітаўская Мікітаўская царква ў Жабінкаўскім р-не, Слуцкая Міхайлаўская царква, Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква ў Столінскім р-не), і крыжовай, у якіх 4 або 5 зрубаў пастаўлены па 2 узаемна перпендыкулярных восях (Ельская Троіцкая царква, Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква ў Лунінецкім р-не, Порплішчанская Спаса-Праабражэнская царква ў Докшыцкім р-не). Зрубы завяршаліся вальмавымі ці 2-схільнымі дахамі, шатрамі, шмат’яруснымі вярхамі, купаламі. Сярод касцёлаў 17—19 ст. вылучаюцца 1- і 3-нефавыя (Дудаўскі касцёл Марыі ў Іўеўскім р-не, Гудагайскі касцёл Маці Божай у Астравецкім р-не, Адэльскі касцёл Ушэсця ў Гродзенскім р-не), з якіх найб. пашыраны былі 3-нефавыя базілікі з 2-вежавым гал. фасадам. Такая аб’ёмна-планіровачная структура ў розных варыянтах спалучалася з традыц. вырашэннямі ў архітэктуры драўляных уніяцкіх цэркваў (Сцяпанкаўская Міхайлаўская царква ў Жабінкаўскім р-не). Вядомы храмы цэнтрычнай кампазіцыі з 4-, 6- або 8-гранным планам, завершаныя шатром ці купалам. Званіцы ў выглядзе шмат’ярусных вежаў звычайна ставілі ў куце храмавага пляца або над галоўнай брамай у агароджы (г.п. Шарашова Пружанскага р-на, в. Чэрск Брэсцкага р-на, в. Лявонпаль Міёрскага р-на). Сінагогі 17—18 ст. рабілі цэнтрычнай кампазіцыі з квадратнай малітоўнай залай, завершанай складаным, часам шмат’ярусным скляпеннем (Гродна, Нароўля, в. Воўпа Ваўкавыскага р-на). У архітэктуры сінагог, як і ў драўляных мячэцях (в. Даўбучкі Смаргонскага р-на, г.п. Іўе), выкарыстоўваліся элементы мясц. грамадскай і жылой архітэктуры: алькежы, галерэі, маст. разьба.
Паляпшэнне якасці драўніны (прасаванне, антысепціраванне, выкарыстанне клею) дазваляе ствараць канструкцыйныя элементы практычна любых памераў і форм. Таму для грамадскіх і прамысл. будынкаў, асабліва з вял. (да 90 м і болей) пралётамі, з дрэва робяць аркі, рамы, абалонкі: крытыя стадыён у Фларыдзе (ЗША), каток у Грэноблі (Францыя), палац спорту ў Архангельску (Расія). На Беларусі клееныя рамы ствараюць аснову канструкцыі склада ў Салігорску, спарт. залаў у Мінску, Гомелі і інш. Дэкаратыўныя якасці драўляных элементаў істотна ўплываюць на стварэнне эфектнага вонкавага выгляду будынкаў і іх інтэр’ераў.
Помнікі бел. Д.д. прадстаўлены ў Археалагічным музеі Бярэсце і Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту.
С.А.Сергачоў.
Да арт.Драўлянае дойлідства. Царква Святога Варфаламея. Сяло Кочы каля г. Хрудзім. Чэхія. 1307.Да арт.Драўлянае дойлідства. Дамы ў вёсцы Рашкопаў. Паўночна-Заходняя Чэхія. Сярэдзіна 19 ст.Да арт.Драўлянае дойлідства. Ільінская царква ў г. Белазерск Валагодскай вобл. (Расія). 1690.Да арт.Драўлянае дойлідства. Кіжы. 18 ст.Да арт.Драўлянае дойлідства. Касцёл у вёсцы Дуды Іўеўскага раёна Гродзенскай вобл.Да арт.Драўлянае дойлідства. Троіцкая царква ў г. Ельск Гомельскай вобл.Да арт.Драўлянае дойлідства. Касцёл у вёсцы Мяжаны Браслаўскага раёна Віцебскай вобл.Драўлянае дойлідства рускай Поўначы.Да арт.Драўлянае дойлідства. Дом-музей П.Бажова ў г. Сысерць (Расія).Драўлянае дойлідства рускай Поўначы.Да арт.Драўлянае дойлідства. Міхайлаўская царква. Закарпацкая Украіна. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Драўлянае дойлідства. Вятрак з вёскі Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Драўлянае дойлідства. Сінагога. Горад Заблудаў. Польшча. Пач. 17 ст.Да арт.Драўлянае дойлідства. Жылы дом у г. Клімавічы Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯКО́ЎСКІ (Уладзімір Уладзіміравіч) (19.7.1893, г. Багдаты, Грузія — 14.4.1930),
расійскі паэт, драматург. Вучыўся ў кутаіскай (з 1902) і маскоўскай (1906—08) гімназіях, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1911—14), дзе зблізіўся з Д.Бурлюком. У 1923—28 узначальваў літ.-маст. аб’яднанне ЛЕФ, у 1929—30 — Рэв. фронт мастацтваў. Рэдагаваў час. «ЛЕФ» (1923—25) і «Новый ЛЕФ» (1927—28). Дэбютаваў вершамі «Ноч» і «Ранак» (1912). Першая кніга «Я!» (1913). У ранняй лірыцы, трагедыі «Уладзімір Маякоўскі» (паст. 1913, рэжысёр і выканаўца гал. ролі М.), паэмах «Воблака ў штанах» (1915), «Флейта-пазваночнік» (1916), «Чалавек» (1918) супярэчнасць паміж рамант.-утапічным ідэалам паэта і рэальнасцю, багаборніцкія матывы. Разуменне вайны як сусветнай бяды, найвялікшага злачынства перад чалавекам у вершах і паэмах перыяду 1-й сусв. вайны («Вайна аб’яўлена», 1914; «Вам!», 1915; паэма «Вайна і мір», 1915—16, выд. 1917). Пасля 1917 спроба стварэння міфа пра сацыяліст. светабудову (п’еса «Містэрыя-буф», 1918; паэмы «150 000 000» 1921; «Уладзімір Ільіч Ленін», 1924; «Добра!», 1927). З 1919 выпускаў у Маскве агітплакаты «Вокны РОСТА» (ствараў паэт. тэксты і малюнкі). Многія сюжэты браў з падзей на Беларусі і Зах. фронце («Што павінен ведаць чырвонаармеец Заходняга фронту», «Радуецца пан, растапырыў рот...» і інш.). У гэтых плакатах, вытворчай і кніжнай графіцы 1920-х г. ярка выявіўся талент М. як мастака (з 1910-х г. рабіў партрэтныя замалёўкі, эскізы лубкоў, тэатр. работы). У лірычных паэмах «Люблю» (1922) і «Пра гэта» (1923) сцверджанне непадзельнасці жыцця і кахання. З 2-й пал. 1920-х г. пераважаюць сатыр. творы: камедыі «Клоп» (1928, паст. 1929, экранізавана 1962) і «Лазня» (1929, паст. 1930) — антыутопія, не зразумелая сучаснікамі. Паэма «На ўвесь голас» (1930) — сцверджанне шчырасці свайго шляху і надзея на разуменне. Аўтар аўтабіяграфіі «Я сам» (1922, 2-я рэд. 1928), кн. «Савецкая азбука» (1919), нарысаў «Маё адкрыццё Амерыкі» (1925), сцэнарыяў фільмаў «Паненка і хуліган» паводле «Настаўніцы рабочых» Э.Д’Амічыса, «Не для грошай нарадзіўся» паводле «Марціна Ідэна» Дж.Лондана, (абодва 1918, зняўся ў гал. ролях), артыкулаў па пытаннях л-ры («Як рабіць вершы», 1926), мастацтва і інш. Пісаў для дзяцей («Што такое добра, што такое дрэнна», 1925). Творчай манеры М. ўласцівы рамант. светаадчуванне, гранічная аголенасць пачуцця, зліццё аўтара з лірычным героем, устаноўка на прамы зварот да аўдыторыі, канцэнтраваная эмацыянальнасць і энергія верша. М. — рэфарматар паэт. мовы. Зрабіў вял. ўплыў на паэзію 20 ст. Да вопыту М. звярталася не адно пакаленне бел. паэтаў. Ёсць падставы гаварыць пра пэўную тыпалагічную сувязь акцэнтнага верша Я.Купалы і М. ўжо ў дакастр. перыяд іх творчасці, што вынікала з характэрнага для іх абвостранага адчування свету ў процістаянні і барацьбе высокага і нізкага, чалавечнага і бесчалавечнага. Яго ўплыў адчулі М.Чарот, М.Грамыка, А.Куляшоў, П.Броўка, М.Лужанін, У.Хадыка, П.Глебка, якія шукалі новых сродкаў выразнасці. М. неаднаразова прыязджаў на Беларусь, выступаў перад чытачамі (у 1914, 1925 і 1927 у Мінску, у 1924 у Гомелі, у 1927 у Віцебску). На бел. матэрыяле стварыў сатыр. верш «Піва і сацыялізм» (пач. назва «Віцебскія думкі») і антырэліг. верш «Не для вас папоўскія святы» (па просьбе рэдакцыі газ. «Красная смена», дзе ўпершыню апубл. 12.4.1923). У газ. «Звязда» 4.2.1923 надрукаваны яго арт. «Сённяшні Берлін». На працягу 1923—24 у перыяд. выданнях Беларусі публікаваліся творы М., атрыманыя ад Прэс-бюро Агітпропа ЦК РКП(б). На першамайскім свяце 1921 у Мінску рэжысёры Е.Міровіч і Л.Літвінаў паставілі масавае дзейства «Праца і капітал» з выкарыстаннем тэкстаў з агітплакатаў «Вокны РОСТА». Уздзеянне М. на бел. паэзію было надзвычай дабратворным, за выключэннем выпадкаў, калі ўплыў падмяняўся простым перайманнем элементаў яго паэтыкі, верша (т. зв. «лесвічка»). Пачатая ім традыцыя паказу абагульнена-маштабнага чалавека не перарвалася (паэзія П.Панчанкі, М.Танка, К.Кірэенкі, А.Русецкага, Р.Барадуліна, В.Зуёнка, П.Макаля, С.Гаўрусёва, У.Паўлава і інш.). П’есы М. ставіліся ў т-рах Беларусі: «Клоп» у Бел. т-ры юнага гледача (1962), у Бел. т-ры імя Я.Коласа (1968), у Дзярж. т-ры лялек (1975); «Лазня» ў Брэсцкім абл.драм. т-ры (1974), у Рускім дзярж. т-ры (1977); фольк-опера «Клоп» У.Дашкевіча па матывах твораў М. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі (1988). У ліку першых перакладчыкаў твораў М. на бел. мову былі А.Дзяркач, М.Хведаровіч («Левы марш», 1930; пазней гэты верш пераклалі М.Лужанін, Р.Лынькоў), Т.Кляшторны (уступ да паэмы «На ўвесь голас», 1930; вядомы і пераклады гэтага твора Глебкі, Лужаніна), Ю.Таўбін («Марш ударных брыгад», 1930). Броўка пераклаў паэму «Уладзімір Ільіч Ленін», В.Вітка і Р.Лынькоў — паэму «Добра!», Кірэенка — п’есы «Клоп» і «Лазня». Асобныя вершы М. пераклалі А.Астрэйка, А.Вялюгін, В.Жуковіч, К.Крапіва, Куляшоў, Г.Пашкоў, М.Танк, У.Шахавец, А.Якімовіч (вершы для дзяцей) і інш. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—13. М., 1955—61;
Семья Маяковского в письмах: Переписка 1892—1906 гг.М., 1978;
Маяковский — художник: [Альбом]. М., 1963;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1940;
Выбр. творы. Мн., 1952;
Кім быць? Мн., 1932;
Як узяць да ладу, што добра, што блага? Гомель, 1932;