ПАЛЕАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), палеаген,

першая сістэма кайназойскай эратэмы (групы) агульнай стратыграфічнай шкалы, адпавядае першаму перыяду кайназойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі мелавой сістэмы (перыяду), папярэднічае неагенавай сістэме (перыяду). Пачалася каля 65 млн. г. назад, доўжылася больш за 40 млн. гадоў. Назву ўвёў ням. геолаг К.​Наўман (1866). У самастойную сістэму вылучана ў 1960, да таго лічылася падсістэмай (аддзелам) трацічнай сістэмы. Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі): палеацэн (ранняя), эацэн (сярэдняя) і алігацэн (позняя). На Беларусі палеаген, паводле прынятай схемы ў Зах. Еўропе, падзяляецца на ярусы (вякі): дацкі і танецкі (ніжні аддзел), лютэцкі, бартонскі і прыабонскі (сярэдні), рупельскі і хацкі (верхні). Паводле характэрных комплексаў выкапнёвых фарамініфераў, нанапланктону і рэшткаў раслін вылучана 7 світ: сумская, канеўская, бучацкая, кіеўская, харкаўская, страдубская, крупейская.

У палеагене сфарміраваліся складкавыя структуры альпід і ўзніклі восевыя часткі сучасных Пірэнеяў, Альпаў, Карпат, Крыма, Каўказа, Паміра, Гімалаяў і інш. Платформы неаднойчы зведалі марскія трансгрэсіі і рэгрэсіі. Адклады палеагену пашыраны на ўсіх кантынентах і прадстаўлены пераважна марскімі, радзей кантынентальнымі ўтварэннямі. З імі звязаны радовішчы нафты, газу, бурых вуглёў, жал. і марганцавых руд і інш. У флоры панавалі пакрытанасенныя, паступова з’яўляліся віды, больш падобныя на сучасныя. У жывёльным свеце для марской фауны характэрны нумуліты, сярод наземных жывёл — млекакормячыя. У эацэне з’явіліся драпежнікі, капытныя, грызуны, рукакрылыя, у алігацэне — першыя хобатныя, чалавекападобныя малпы. У канцы эацэну адбылося глабальнае пахаладанне клімату, пачалося фарміраванне ледавіковага шчыта Антарктыды.

На Беларусі адклады П.с.(п.) пашыраны на Пд і ў цэнтр. частцы. Палеацэн — раннеалігацэнавы час прадстаўлены марскімі адкладамі (пяскі кварцавыя, глаўканіт-кварцавыя, алеўрыты, пясчанікі, гліны, мергелі, апокі і інш.); позні алігацэн — кантынентальнымі адкладамі (пяскі, гліны, месцамі вуглістыя). Агульная магутнасць да 80 м. Залягаюць на глыб. 30—220 м, па далінах р. Дняпро і яе прытокаў месцамі выходзяць на паверхню. З адкладамі П.с. (п.) звязаны радовішчы фасфарытаў, глаўканіту, тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, бурых вуглёў, праяўленні бурштыну і тытан-цырконіевых россыпаў. Макс. трансгрэсія (харкаўскае мора — апошняе на Беларусі) ахапіла да 60% тэрыторыі. 3 сярэдзіны алігацэну (каля 30 млн. г. назад) асадканамнажэнне праходзіла ў далінах палеарэк, азёрах і забалочаных нізінах. Інтэнсіўна развіваўся карст. Флора была субтрапічная: вечназялёныя і цвердалістыя пароды з дамешкамі шыракалістых лістападных форм і голанасенных раслін. На працягу палеагену клімат змяніўся ад трапічнага да субтрапічнага, блізкага да цеплаўмеранага.

Літ.:

Маныкин С.С. Палеоген Белоруссии. Мн., 1973.

Л.​І.​Мурашка.

т. 11, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т НАРО́ДНЫХ КАМІСА́РАЎ ЗАХО́ДНЯЙ ВО́БЛАСЦІ І ФРО́НТУ,

выканаўчы орган Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзаха). Існаваў з 9.12.1917 па 25.2.1918 у Мінску. Утвораны на 1-м пленарным пасяджэнні Аблвыкамзаха. Старшыні СНК: К.І.Ландар, А.Ф.Мяснікоў, М.І.Калмановіч. У студз. 1918 замест пасады старшыні СНК утворана калегія камісараў. СНК меў аддзелы (камісарыяты) на чале з камісарамі: ваен. (Мяснікоў), унутр. спраў (Ландар), харч. (Калмановіч, І.​Новікаў), фін. (І.​П.​Федзянёў, І.​І.​Рэйнгольд), нац. (С.​І.​Берсан), зямельны (Н.​М.​Дайнека, Саржынскі), працы (І.​Я.​Алібегаў, Панцялееў), гандлю і прам-сці (У.​М.​Фрэйман, Ф.​Г.​Шалаеў), нар. асветы (Л.​П.​Рэзаўскі, Шлес, Савацееў), юстыцыі (У.​С.​Селязнёў, Р.​В.​Пікель), апекі (В.​П.​Красноў, В.​Л.​Муха, В.​І.​Смірноў, Катлярэўскі), пошт і тэлеграфа (Несцярэнка), чыг. (Смірноў); кіраўнікі спраў — П.​Осіпаў, В.​Г.​Кнорын, Савацееў, Селязнёў. Ў студз.—лют. 1918 арганізаваны аддзелы нар. гаспадаркі (П.​Казлоў), па справах бежанцаў (М.​Віглянскі), аховы здароўя (Л.​Грамашэўскі); пры аддзеле па нац. справах створаны 2 пададдзелы па польскіх (С.​Л.​Гельтман) і яўр. (Фрыдлянд) справах. Ваен. аддзел рэарганізаваны ў Ваен. к-т на чале калегіі з 9 асоб (старшыня Мяснікоў); на яго ўскладзена задача стварэння Рабоча-Сял. Чырв. Арміі і дэмабілізацыя армій Зах. фронту. Юрысдыкцыя СНК пашыралася на Мінскую і неакупіраваную частку Віленскай губ. Дзейнічаў у кантакце з Мінскім Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў, да 25.12.1917 паралельна з ім існаваў ранейшы орган улады — Ваен.-рэв. к-т Зах. фронту. СНК ажыццяўляў дэкрэты СНК РСФСР, ствараў органы сав. улады, скасоўваў старыя дзярж. ўстановы, наладжваў гасп. жыццё (выпуск тавараў нар. спажывання, устанаўленне 8-гадзіннага рабочага дня, дапамога беспрацоўным, адкрыццё пунктаў грамадскага харчавання і інш.). Узяў пад кантроль усе банкі і грашова-крэдытныя ўстановы, нацыяналізаваў шэраг прадпрыемстваў. Паводле яго загаду распушчаны Усебеларускі з’езд 1917, Цэнтральная беларуская вайсковая рада, арыштаваны шэраг бел. нац. дзеячаў, спынены выданні некат. газет. Для ўмацавання ўлады ў снеж. 1917—18 ствараліся рэв. трыбуналы і нар. суды. Дзейнасць СНК спынена 19.2.1918 у сувязі з наступленнем герм. войск. Пасля эвакуацыі ў Смаленск сваёй дзейнасці не аднаўляў. Паводле пастановы Аблвыкамзаха ад 25.2.1918 выканаўчая ўлада з названага органа не вылучалася.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 14, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛО́ГІЯ АСО́БЫ,

сацыялагічная тэорыя, якая разглядае асобу як сацыяльна тыповае адлюстраванне і індывідуальнае ўвасабленне пэўнай сістэмы грамадскіх адносін і адначасова як сацыяльна-тыповы суб’ект гэтых адносін. Прадмет С.а. — вывучэнне сац. гіст. і сац.-культурных тыпаў асобы, сац.-тыповых кампанентаў яе структуры і функцый, якія рэалізуюцца індывідам. С.а. зыходзіць з таго, што ў працэсе сац.-гіст. развіцця індывід вылучыўся з родаплемянной супольнасці людзей раней, чым асоба. Адбылося гэта ў эпоху неалітычнай рэвалюцыі (8—7-е тыс. да н.э.), якая дала пачатак цывілізацыйнаму развіццю чалавецтва. Паліятыўны тып індывіда, які набываў некат. рысы асобы, склаўся пазней, прыкладна з канца 2-га тыс. да н.э. і да завяршэння таго перыяду, які К.​Ясперс назваў «восевым часам» (8—2 ст. да н.э.). Сама ж асоба як сістэма сац. якасцей індывіда і суб’ект сац. дзейнасці пачынае праяўляцца спачатку ў антычнай культуры, потым у хрысціянстве. Гэты працэс завяршыўся ў эпоху Адраджэння і наступных за ёй бурж. рэвалюцый, на хвалі якіх узнікла індустр. цывілізацыя (цывілізацыя асобы). У межах гэтай цывілізацыі, паводле М.​Вебера, асоба вылучаецца як самастваральны суб’ект актыўнай сац. дзейнасці. К.​Маркс, З.​Фрэйд, П.​А.​Сарокін, Т.​Парсанс і інш. сацыёлагі ўстанавілі асн. кампаненты структуры асобы: самасвядомасць, самаацэнка, актыўнасць, інтарэсы, накіраванасць, перакананні, устаноўкі, каштоўнасныя арыентацыі, ідэнтычнасць, сац. статус, сац. ролі, самарэалізацыя, самаразвіццё. Структура асобы ў асн. абумоўлена сістэмамі дзеяння, у якія яна ўключана. Паводле Парсанса, асн. функцыі асобы — адаптацыйная, арыентацыйная, пазнавальная, ацэначная, экспектацыйная, аксіялагічная, кантралюючая, стабілізуючая, варыяцыйная, матывацыйная, камунікатыўная і інш. Спецыфічнае для кожнай асобы ўзаемадзеянне гэтых функцый і структурных кампанентаў вызначае яе магчымасць выконваць розныя сац. ролі, у даследаванне якіх пэўны ўклад зрабіў Р.​Лінтан, Дж.​Мід, Р.​Мертан, І.​Гофман і інш. Вылучаюць наступныя сац. тыпы асобы: пасіянарны, мадальны, базісны, маргінальны, мафіёзны, аўтарытарны, дэмакратычны, рэактыўны, праактыўны і інш. Асобасная тыпалагізацыя і рэалізацыя сац. характарыстык розных тыпаў асобы мае практычнае значэнне пры фарміраванні асобы, а таксама ў штодзённым жыцці чалавека.

Літ.:

Кон И.С. Социология личности. М., 1967;

Парсонс Т. Система координат действия и общая теория систем действия: культура, личность и место социальных систем // Американская социологическая мысль: Тексты: Пер. с англ. М., 1996;

Бабосов Е.М. Социология личности // Бабосов Е.М. Прикладная социология. Мн., 2000.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 14, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМЯНЯ́КА (Юрый Уладзіміравіч) (26.11.1925, Мінск — 16.7.1990),

бел. кампазітар. Нар. арт. Беларусі (1974). Скончыў Бел. кансерваторыю (1957, клас А.​Багатырова). У 1947—63 канцэртмайстар Дзярж. акад. харавой капэлы Беларусі. У яго творчасці пераважалі 2 асн. кірункі — муз. тэатр і песня. Музыцы С. ўласцівы лірызм, яркі меладызм, шчырасць выказвання; інтанацыйны склад грунтуецца на бел. нар. песеннасці і асаблівасцях сучасных масавых жанраў. Сярод твораў: оперы «Калючая ружа», «Калі ападае лісце», «Зорка Венера», «Новая зямля» (паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі адпаведна ў 1960, 1968, 1970, 1982), аперэты «Рабінавыя каралі» (1964, паст. ў Бабруйскім муз.-драм. т-ры), «Пяе «Жаваранак» (1969, паст. ў Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі; 2-я рэд. 1971, паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі), «Паўлінка», «Тыдзень вечнага кахання», дзіцячая «Сцяпан — вялікі пан» (паст. ў т-ры муз. камедыі Беларусі адпаведна ў 1973, 1975, 1979), кантаты, у т. л. «Ясныя дарогі» (1957), «Памяці Канстанціна Заслонава» (1958), «Горад юнацтва» (1964), «Велічальная Мінску» (1967), «Зямля мая» ў 4 ч. (1979, для нар. хору і нар. арк.), «У вянок Максіму Багдановічу» (1980), сюіты «Родныя песні» (1979, для хору і нар. арк.) і інш. Аўтар шматлікіх песень, у т. л. «Ой, шумяць лясы зялёныя», «Беларусь — мая песня», «Люблю цябе, Белая Русь», «Расцвітай, Беларусь», «Явар і каліна», «Ты мне вясною прыснілася», «Не за вочы чорныя», «Журавіны», «Беларусачка» і інш. Значнае месца ў творчасці займалі харавыя творы (хары а капэла «Вы чулі, як плачуць дрэвы», паэма-рэквіем «Хатынскія званы», цыкл на словы Я.​Коласа), вак. дуэты, трыо, квартэты, музыка да драм. спектакляў («Трэцяе пакаленне» паводле К.​Чорнага, паст. ў Бабруйскім муз.-драм. т-ры, «Над хвалямі Серабранкі» І.​Козела і «Залаты медаль» І.​Шамякіна, паст. ў Бел. рэсп. т-ры юнага гледача, «Узнятая цаліна» паводле М.​Шалахава, паст. ў Дзярж. рус. драм. т-ры імя М.​Горкага, «Мурын бор» І.​Ісачанкі, паст. ў Магілёўскім абл. драм. т-ры і інш.). Пісаў музыку да кінафільмаў «Каханнем трэба даражыць» (у сааўт.), «Песня нашай зямлі», «Веснавыя мелодыі», «Дарогі Беларусі» і тэлефільмаў («Плач перапёлкі»), радыёспектакляў і тэлепастановак. Апрацоўваў бел. нар. песні для хору а капэла, дзіцячага хору і інш. У 1978—80 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Літ.:

Жураўлёў Дз., Загародні Г. Юрый Семяняка. Мн., 1974.

А.​Я.​Ракава.

Ю.У.Семяняка.

т. 14, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СКАЗА́ННЕ ПРА БАРЫ́СА І ГЛЕ́БА»,

адзін з найб. ранніх помнікаў стараж,рус. агіяграфічнай л-ры. Створана невядомым аўтарам у канцы 11 ст. (паводле інш. меркаванняў, у пач. 12 ст.). Захавалася больш чым у 170 спісах. Адносіцца да жыцій-марцірый (ад грэч. marturos сведка, пакутнік).

У аснову «Сказання...» пакладзены драм. эпізод забойства сыноў кіеўскага князя Уладзіміра Барыса і Глеба іх братам Святаполкам. У адрозненне ад кананічнай формы візант. жыція, не гаворыцца пра іх імкненне прысвяціць сябе служэнню Богу і г.д. Паводле агіяграфічнага канона, вызначаецца ўмоўнасцю сюжэтных сітуацый, рытарычнасцю, этыкетнасцю паводзін і моўных формул персанажаў. Характарыстыкі гал. герояў схематычныя, пазбаўлены яркіх індывідуальных рыс. Разам з тым аўтар тонка перадаў псіхал. стан Барыса і Глеба перад забойствам, імкнуўся да дакладнага абазначэння падзей і фактаў (згадаў гіст. мясціны і імёны), надаў твору выключную эмацыянальнасць. Вял. месца ў «Сказанні...» займаюць унутраныя маналогі, плачы, ёсць вытрымкі са Свяшчэннага пісання.

«Сказанне...» — твор тэндэнцыйны: у ім асуджаецца братазабойства. сцвярджаюцца ідэі родавага старшынства (з мэтай узмацнення паліт. адзінства ўсх.-слав. зямель), паліт. і рэліг. незалежнасці Русі. Сюжэт «Сказання...» карыстаўся вял. папулярнасцю. Вядома каля 255 спісаў помнікаў пра Барыса і Глеба, у т. л. «Чытанне пра жыццё і гібель... Барыса і Глеба», Нестара, «Жыціе Барыса і Глеба» і інш. Пытанні пра іх узаемадзеянне і храналогію складаныя і не высветлены. «Сказанне...» было добра вядома на Беларусі. Бытавала ў складзе пралогаў, чэццяў-міней і інш. зборнікаў. Адзін са спісаў твора захаваўся ў Чэцці 1489. Сюжэт «Сказання...» выкарыстаны ў п’есе «Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба», што ставілася ў Полацку (каля 1693).

Публ.: Памятники литературы древней Руси: Начало рус. лит., XI — начало XII в. М., 1978.

Літ.:

Абрамович Д.И. Жития святых мучеников Бориса и Глеба и службы им. Пг., 1916;

Бугославский С. Українськоруські пам’ятки XI—XVIII вв. про князів Бориса та Гліба. Київ, 1928;

Воронин Н.Н. «Анонимное» сказание о Борисе и Глебе, его время, стиль и автор // Тр. Отд. древнерусской литературы. М., 1957. Т. 13;

Еремин И.П. «Сказание» о Борисе и Глебе // Еремин И.П. Литература древней Руси: (Этюды и характеристики). М.; Л., 1966;

Словарь книжников и книжности древней Руси. Л., 1987. Вып. 1. С. 398—108.

У.​Г.​Кароткі.

т. 14, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛАДАПАДЗЕ́Л,

вызначэнне межаў паміж складамі ў слове і на стыках слоў. Пры ўспрыманні слова на слых колькасць складоў у ім вызначаецца лёгка, аднак межы паміж імі могуць расстаўляцца па-рознаму. На пісьме С. ужываецца для правільнага пераносу частак слоў. С. адбываецца паводле прынцыпаў: павелічэння гучнасці (прапанаваны Р.​І.​Аванесавым), які ўлічвае слыхавыя якасці гукаў — зычныя, якія папярэднічаюць пры пабудове складоў галоснаму, заўсёды ствараюць з ім паслядоўнасць з павелічэннем гучнасці («ва-пна»); мускульнага напружання (прапанаваны Л.​У.​Шчэрбам), у аснове якога артыкуляцыйна-фізіял. адрозненні зычных гукаў. Міжскладовай мяжой лічыцца месца найб. напружання, звычайна пры вымаўленні галоснага («вап-на», «шап-ка»); верагоднасці складу (прапанаваны М.​В.​Ламаносавым), які дазваляе пакідаць збег зычных у складзе, калі ў лексіцы ёсць словы з такімі спалучэннямі зычных у пачатку («да-звол» — ёсць бел. слова «зварот»; «ка-лгас» нельга, бо з пачатковым «лг» бел. слоў няма); імкнення да адкрытых складоў, калі зычны гук незалежна ад яго якасці, месца націску ў слове і аддаленасці ад наступнага галоснага акустычна звязаны з наступным галосным мацней, чым з папярэднім («ка-лга-сы», «вы-раз-на»); псіхалінгвістычнага, што тлумачыць пэўны несвядомы (рознымі людзьмі па-рознаму) падзел спалучэнняў зычных пры пераносе слоў з радка ў радок («шап-ка», «ша-пка»). У бел. мове пашыраны прынцып С. ў адпаведнасці з павелічэннем гучнасці. Калі ў слове апошні гук галосны, а зычныя і галосныя гукі размешчаны па чарзе, С. праводзіцца паміж галосным і наступным зычным («ба-ра-на-ва-лі»). Калі паміж галоснымі ёсць спалучэнне шумных зычных ці шумнага і санорнага, С. праводзіцца перад першым зычным гэтага спалучэння («мя-тла»). Калі паміж галоснымі ёсць спалучэнні санорных зычных, санорнага, «й» і «ў» з шумным, С. праходзіць паміж зычнымі («гал-ка», «пам-рэ»), Спалучэнні зычных гукаў у пачатку і ў канцы слова (незалежна ад тыпу зычных) цалкам адносяцца да складу, утворанага суседнім галосным гукам («зра-бі-ла», «ка-лібр»). С. на стыку марфем праводзіцца паводле агульнага прынцыпу, таму падзел слова на марфемы («пад-ыгр-а-л-і») можа не супадаць з падзелам на склады («па-ды-гра-лі»).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

Г.​В.​Лосік.

т. 14, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТАМ (ад грэч. atomos непадзельны),

часціца рэчыва, найменшая частка хім. элемента, якая з’яўляецца носьбітам яго ўласцівасцяў. Кожнаму элементу адпавядае пэўны род атама, якія абазначаюцца сімвалам хім. элемента і існуюць у свабодным стане або ў злучэнні з інш. атамамі, у складзе малекул. Разнастайнасць хім. злучэнняў абумоўлена рознымі спалучэннямі атамаў у малекулах. Фіз. і хім. ўласцівасці свабоднага атама вызначаюцца яго будовай. Атам мае дадатна зараджанае цэнтр. атамнае ядро і адмоўна зараджаныя электроны і падпарадкоўваецца законам квантавай механікі.

Асн. характарыстыка атама, што абумоўлівае яго прыналежнасць да пэўнага элемента, — зарад ядра, роўны +Ze, дзе Z = 1, 2, 3, ... — атамны нумар элемента, e — элементарны эл. зарад. Ядро з зарадам +Ze утрымлівае вакол сябе Z электронаў з агульным зарадам -Ze. У цэлым атам электранейтральны. Пры страце электронаў ён ператвараецца ў дадатна зараджаны іон. Маса атама ў асноўным вызначаецца масай ядра і прапарцыянальная яго атамнай масе, якая прыблізна роўная масаваму ліку. Пры яго павелічэнні ад 1 (для атама вадароду, Z = 1) да 250 (для атама трансуранавых элементаў, Z>92) маса атама мяняецца ад 1,67∙10​−27 да 4∙10​−25 кг. Памеры ядра (парадку 10​−14—10​−15 м) вельмі малыя ў параўнанні з памерамі ўсяго атама (10​−10 м). Паводле квантавай тэорыі, для электронаў у атаме магчымы толькі пэўныя (дыскрэтныя) значэнні энергіі, якія для атама вадароду і вадародападобных іонаў вызначаюцца формулай En = −hcR Z2 n2 , дзе h — Планка пастаянная, c — скорасць святла, R — Рыдберга пастаянная, n = 1, 2, 3 ... цэлы лік, які вызначае магчымае значэнне энергіі і наз. галоўным квантавым лікам. Велічыня hcR=13,60 эВ ёсць энергія іанізацыі атама вадароду, г. зн. энергія, неабходная на тое, каб перавесці электрон з асн. ўзроўню (n=1) на ўзровень n=∞, што адпавядае адрыву электрона ад ядра. Электроны ў атаме пераходзяць з аднаго ўзроўню энергіі на другі паводле квантавага закону Ei−Ek=hν. Кожнаму значэнню энергіі адпавядае 2n​2 розных квантавых станаў, што адрозніваюцца значэннямі трох дыскрэтных фізічных велічыняў: арбітальнага моманту імпульсу Me, яго праекцыі Mez на некаторы напрамак z і праекцыі (на той жа напрамак) спінавага моманту імпульсу Msz. Me вызначаецца азімутальным квантавым лікам 1, які прымае n значэнняў (1=0, 1, 2 ..., n-1); Mez — арбітальным магнітным квантавым лікам me, які прымае 21+1 значэнняў (m1 = 1, 1-1, ..., -1); Msz спінавым магнітным квантавым лікам ms, які мае значэнні ½ і −½ (гл. Спін, Квантавыя лікі). Агульны лік станаў з аднолькавай энергіяй (зададзена n) наз. ступенню выраджэння ці статыстычнай вагой. Для атама вадароду і вадародападобных іонаў ступень выраджэння ўзроўняў энергіі gn=2n2. Зададзенаму набору квантавых лікаў n, 1, me адпавядае пэўнае размеркаванне электроннай шчыльнасці (імавернасці знаходжання электрона ў розных месцах атама). Паводле Паўлі прынцыпу, у атаме не можа быць двух (або больш) электронаў у аднолькавым стане, таму максімальны лік электронаў у атаме з зададзенымі n і 1 роўны 2 (21 + 1). Электроны ўтвараюць электронную абалонку атама і цалкам яе запаўняюць. На аснове ўяўлення пра паступовае запаўненне, з павелічэннем Z, усё больш аддаленых ад ядра электронных абалонак можна растлумачыць перыядычнасць хім. і фіз. уласцівасцяў элементаў. Гл. таксама Перыядычная сістэма элементаў Мендзялеева.

Літ.:

Шпольский Э.В. Атомная физика. Т. 1—2. М., 1984;

Борн М. Атомная физика. М., 1970;

Гольдин Л.Л., Новикова Г.И. Введение в квантовую физику. М., 1988;

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 3. Квантовая механика;

Нерелятивистская теория. 4 изд. М., 1989.

М.​А.​Ельяшэвіч.

Да арт. Атам. Размеркаванне электроннай шчыльнасці для станаў атама вадароду з n = 1, 2 і 3.
Да арт. Атам. Узроўні энергіі En і спектральныя серыі атама вадароду: лініі серый Лаймана, Бальмера і Пашэна.

т. 2, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАДРАМАТУРГІ́Я,

галіна літаратурна-кінематаграфічнай творчасці; твор К. — сцэнарый — літ. і ідэйна-маст. аснова фільма.

Узнікла і фарміравалася ў працэсе развіцця кінематаграфіі ў выніку творчага засваення вобразных сродкаў літ. прозы і драматургіі ў непасрэднай сувязі з развіццём спецыфічных сродкаў выразнасці кінамастацтва. Па паходжанні і прызначэнні мае дваістую прыроду: сцэнарый з’яўляецца адначасова літ. (публікуецца самастойна) і кінематаграфічным творам, прызначаным для ўзнаўлення на экране. К. вызначае своеасаблівасць увасаблення канфлікту ў сцэнарыі, у будове сюжэта, спецыфіцы кампазіцыі, спосабах характарыстыкі персанажаў. Кінадраматургі звяртаюцца да непасрэднага адлюстравання рэчаіснасці або адаптуюць для экрана літ. творы (гл. Экранізацыя). На розных этапах развіцця кіно ў розных кінематаграфіях свету існавалі розныя погляды на сутнасць і функцыю К. У сучаснай К. існуе імкненне да спалучэння вобразных сродкаў, яна стала больш свабоднай, разнастайнай па драматургічных канструкцыях, валодае багатай жанравай і стылявой палітрай. У развіццё К. зрабілі ўклад кінадраматургі, кінарэжысёры, літаратары розных краін: Д.​Грыфіт, Ч.​Чаплін, Д.​Нікалс, Б.​Хект, О.​Уэлс (ЗША), Ж.​Прэвер, Ф.​Труфо, А.​Рэнэ (Францыя), Ч.​Дзаваціні, Ф.​Феліні, Т.​Гуэра (Італія), І.​Бергман (Швецыя), А.​Курасава (Японія) і інш. На фарміраванне сав. К. паўплывалі Я.​Габрыловіч, С.​Герасімаў, А.​Даўжэнка, Н.​Зархі, В.​Туркін, Ю.​Тынянаў, В.​Шклоўскі, С.​Эйзенштэйн і інш. Сярод найб. вядомых сцэнарыстаў апошніх дзесяцігоддзяў А.​Агішаў, А.​Адабаш’ян, Э.​Брагінскі, А.​Грэбнеў, Ю.​Дунскі, Р.​Ібрагімбекаў, А.​Міндадзе, В.​Мярэжка, П.​Фін, В.​Фрыд і інш.

У станаўленні бел. К. ў 1920—30-я г. ўдзельнічалі бел. пісьменнікі М.​Чарот («Лясная быль», 1926, паводле яго аповесці «Свінапас»), П.​Броўка («Хто твой сябар?», 1934, паводле яго аповесці «Каландры»), Я.​Маўр («Палескія рабінзоны», 1935), З.​Бядуля («Салавей», 1937, з М.​Таўбе) і інш.; прафес. сцэнарысты А.​Вольны («Хвоі гамоняць», 1929; «У агні народжаная» і «Атэль «Савой», 1930), Р.​Кобец («Ураган», 1931, з Б.​Брадзянскім; «Двойчы народжаны», 1934; «Шукальнікі шчасця», 1936, з І.​Зэльцэрам) і інш. З канца 1940-х г. сцэнарыі стваралі бел. пісьменнікі А.​Маўзон («Канстанцін Заслонаў», 1949), К.​Крапіва («Пяюць жаваранкі», 1950; «Хто смяецца апошнім», 1954), М.​Лынькоў («Міколка-паравоз», 1957, з М.​Садковічам), А.​Куляшоў («Чырвонае лісце», 1958, з А.​Кучарам), Кучар («Гадзіннік спыніўся апоўначы», 1958, з М.​Фігуроўскім), К.​Губарэвіч («Дзяўчынка шукае бацьку», 1959, з Я.​Рысам; «Паланэз Агінскага», 1971), В.​Быкаў («Трэцяя ракета», 1963; «Альпійская балада», 1966; «Доўгія вёрсты вайны», «Дажыць да світання», абодва 1975; «Воўчая зграя», 1976; «Абеліск», 1977; «Яго батальён», 1989), А.​Адамовіч («Вайна пад стрэхамі», 1970; «Сыны ідуць у бой», 1971; «Ідзі і глядзі», 1985, з Э.​Клімавым), І.​Шамякін («Хлеб пахне порахам», 1974; «Вазьму твой боль», 1981; «Эпілог», 1994, з І.​Дабралюбавым), А.​Петрашкевіч («Нядзельная ноч», 1977), М.​Матукоўскі («Сын старшыні», 1976; «Мудрамер», 1988), У.​Караткевіч («Дзікае паляванне караля Стаха», 1980, з В.​Рубінчыкам; «Чорны замак Альшанскі», 1984), А.​Дудараў («Белыя росы», 1984; «Восеньскія сны», 1987) і інш. Часам сцэнарыі ствараліся калектывамі аўтараў, у якія ўваходзілі кінадраматургі, кінарэжысёры, пісьменнікі («Час яе сыноў», 1976, А.​Каштанаў, В.​Тулушаў, В.​Тураў; «Трэцяга не дадзена», 1981, А.​Асіпенка, М.​Балгарын, М.​Пяцігорская). У 1980—90-я г. працуюць кінадраматургі Ф.​Конеў («Асабістая зацікаўленасць», 1986; «Усе кагосьці кахаюць», 1988; «Белае возера», 1992, з І.​Белавусам; «Ятрынская ведзьма», 1991, паводле В.​Адамчыка; «Чорны бусел, 1993), А.​Зайцаў («На чыгунцы», 1988; «Франка», «Мёд асы», абодва 1991) і інш. Здымаліся таксама фільмы па сцэнарыях пісьменнікаў Л.​Касіля, А.​Ліханава, Ю.​Нагібіна, П.​Ніліна, І.​Стаднюка, В.​Токаравай, Ю.​Эдліса, Ю.​Якаўлева і інш., кінадраматургаў Балгарына, Я.​Грыгор’ева, А.​Ініна, В.​Мярэжкі, У.​Трыфанава, П.​Фіна, В.​Чарных і інш.

Літ.:

Вайсфельд И.В. Новая область литературы. М., 1970;

Яго ж. О сущности кинодраматургии. М., 1981;

Белова Л.И. Советская кинодраматургия. М., 1981.

Л.​М.​Зайцава.

т. 8, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫ́ЧНЫ ФІЛЬМ,

твор кіна-, тэле- і відэамастацтва, у якім музыка з’яўляецца вядучым фактарам драматургіі, выконвае важнейшыя сэнсавыя і кампазіцыйныя функцыі, вызначае жанравую і стылістычную прыналежнасць фільма.

Першыя М.ф. ўзніклі ў ЗША ў 1920—30-я г. з пачаткам гукавога кіно («Спявак джазу», 1927, рэж. А.​Кросленд; «Мелодыі Брадвея», 1929, рэж. Г.​Боман). Сярод асн. жанраў М.ф. муз. кінакамедыя, фільм-рэвю, муз.-біягр. фільм, кінаканцэрт, кінааперэта, кінабалет, кінаопера. Сярод найб. значных М.ф. сав. кіно: «Вясёлыя рабяты» (1934), «Цырк» (1936), «Волга-Волга» (1938), «Светлы шлях» (1940; рэж. усіх Р.​Аляксандраў, кампазітар І.​Дунаеўскі), «Багатая нявеста» (1938), «Кубанскія казакі» (1950, кампазітар абодвух Дунаеўскі), «Трактарысты» (1939, кампазітары браты Пакрас), «Свінарка і пастух» (1941, кампазітар Ц.​Хрэннікаў; рэж. усіх І.​Пыр’еў), а таксама фільмы І.​Саўчанкі, А.​Іваноўскага, Р.​Рашаля, Э.​Разанава і інш.

У бел. кіно створаны М.ф.: «Дзяўчына спяшаецца на спатканне», «Шукальнікі шчасця» (абодва 1936; рэж. адпаведна М.​Вернер, У.​Корш-Саблін), «Канцэрт Бетховена» (1937, рэж. М.​Гаўронскі і У.​Шмітгоф), «Маё каханне» (1940), «Новы дом» (1947, рэж. абодвух Корш-Саблін, кампазітар усіх І.​Дунаеўскі, апошняга разам з І.​Любанам), «Нашы суседзі» (1957, рэж. С.​Сплашноў, кампазітар Б.​Макравусаў), «Саша-Сашачка» (1967, рэж. В.​Чацверыкоў, кампазітар Я.​Глебаў), «Раскіданае гняздо» (паводле Я.​Купалы, 1981), рэж. Б.​Луцэнка, кампазітар С.​Картэс), «Наш чалавек у Сан-Рэма» (1991, рэж. А.​Яфрэмаў, кампазітар А.​Несцераў), а таксама тэлевізійныя «Пасля кірмашу» (паводле «Паўлінкі» Я.​Купалы), «Веснавая казка» (абодва 1972, рэж. Ю.​Цвяткоў, кампазітар Глебаў) і інш., тэлеопера «Ранак» (паводле А.​Куляшова, 1968, рэж. В.​Карпілаў, кампазітар Г.​Вагнер), тэлеэкранізацыі опер «У пушчах Палесся» А.​Багатырова (1982), «Сівая легенда» (1986) і «Францыск Скарына» (1990) Дз.​Смольскага (рэж.-пастаноўшчык усіх Г.​Нікалаеў), першай бел. дзіцячай оперы «Марынка» Р.​Пукста (1983, рэж. А.​Малчанаў). У жанры тэлемюзікла, які спалучае драматургію, музыку, вакал і харэаграфію, створаны фільмы-казкі рэж. Л.​Нячаева — «Прыгода ў горадзе, якога няма» (1974, кампазітар Картэс), «Прыгоды Бураціна» (1975), «Пра Чырвоны Капялюшык» (1977, кампазітар абодвух А.​Рыбнікаў), «Прададзены смех» (1981, кампазітар М.​Дунаеўскі), «Казка пра зорнага хлопчыка» (1983, кампазітар Рыбнікаў), «Рыжы, шчыры, закаханы» (1984), «Пітэр Пэн» (1987, кампазітар абодвух І.​Яфрэмаў) і інш. З канца 1970-х г. паявіліся першыя відэафільмы: відэамюзікл «Гэты доўгі кароткі час» (рэж. У.​Арлоў, муз. Глебава, В.​Раінчыка), відэабалет «Тры пальмы» (абодва 1979; рэж. В.​Шавялевіч, муз. А.​Спендыярава, балетмайстар В.​Дудкевіч). У 1990-я г. створаны шэраг экранізацый і відэаверсій пастановак нацыянальных акад. т-раў оперы і балета Беларусі, у т. л. опера «Чароўная флейта» В.​А.​Моцарта (1994), балет «Страсці» («Рагнеда») А.​Мдывані (1995; рэж. абодвух Шавялевіч). У дакумент. мастацтве развіваюцца жанры фільма-канцэрта (першы — «Жыві, родная Беларусь», 1944, рэж.

Корш-Саблін, М.​Садковіч), муз.-біягр. фільма і фільма-партрэта: «Партытура жыцця» (пра Я.​Цікоцкага, 1968, рэж. П.​Аліфярэнка), «Кампазітар Яўген Глебаў» (1978, рэж. С.​Лук’янчыкаў), «Успаміны пра Мікалая Равенскага» (1993), «На кожны гук ёсць рэха на зямлі» (пра У.​Перліна, 1995; рэж: абодвух М.​Жданоўскі), «Душа мая, Элізіум ценяў» (пра А.​Багатырова, 1998, рэж. С.​Галавецкі), «На шляху да танцуючай зоркі» (пра Г.​Праваторава, 1998, рэж. М.​Князеў) і інш. Асаблівае месца займаюць этнамуз. фільмы сцэнарыста-этнамузыколага З.​Мажэйка: «Пранясі, божа, хмару» (1990, рэж.-аператар А.​Шклярэўскі), «Рух зямлі» (1999, рэж. Ю.​Лысятаў, С.​Гайдук, аператар М.​Сідорчанка) і інш.

Літ.:

Кудинова Т. От водевиля до мюзикла. М., 1982;

Ханиш М. О песнях под дождем: Пер. с нем. М., 1984;

Шилова И.М. Музыкальный фильм. М., 1984.

А.​А.​Карпілава.

т. 11, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСКОЎ,

горад, цэнтр Пскоўскай вобл. ў Расіі. Размешчаны на р. Вялікая (упадае ў Пскоўскае воз.). 208,5 тыс. ж. (1998). Вузел чыг. і аўтадарог. Аэрапорт.

Развіты маш.-буд. (эл.-тэхн. абсталяванне, радыёдэталі, тэлеф. апаратура), лёгкая (ільняная, гарбарная, швейная), харч. прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў. Пед. ін-т, філіял С.-Пецярбургскага ун-та. Драм. і лялечны тэатры.

Упершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 903. З 10 ст. горад, уваходзіў у Кіеўскую Русь, у 12—13 ст. — у Наўгародскую феадальную рэспубліку. У 1240 захоплены Лівонскім ордэнам. У 1242 вызвалены войскам кн. Аляксандра Неўскага. У 1266—99 тут княжыў кн. Даўмонт. У 14—15 ст. цэнтр Пскоўскай феадальнай рэспублікі. Жыхары горада ўдзельнічалі ў Кулікоўскай бітве 1380. У 14—17 ст. П. — буйны гандл., рамесніцкі і культ. цэнтр. З 1510 у складзе Рус. дзяржавы. У час Лівонскай вайны 1558—83 вытрымаў паўгадавую аблогу войск караля Рэчы Паспалітай Стафана Баторыя (гл. Пскова абарона 1581—82). У Паўн. вайну 1700—21 у П. знаходзілася штаб-кватэра Б.Л.Шарамецева. З пач. 18 ст. страціў б. значэнне. У 1708 увайшоў у склад Інгерманландскай, у 1717 — Пецярбургскай, у 1727 — Наўгародскай губ. З 1777 цэнтр Пскоўскага намесніцтва (потым губ.). У 1-ю сусв. вайну ў П. размяшчаўся штаб Паўн. фронту. Тут вясной 1917 адрокся ад прастола апошні рас. імператар Мікалай II. У Вял. Айч. вайну акупіраваны (1941—44) ням. фашыстамі. З 1944 цэнтр Пскоўскай вобл.

П. падзелены рэкамі Вялікая і Пскава на 3 часткі: цэнтр (на правым беразе Вялікай), Завялічча (левабярэжжа Вялікай) і Запскоўе (правабярэжжа Пскавы). З 13 ст. пачала складвацца Пскоўская школа дойлідства. Узведзены Пскоўскі крэмль. Крапасныя сцены ахоўвалі раёны горада: з Пд невял. тэрыторыя т.зв. Даўмонтава горада (паводле археалагічных дадзеных, існаваў з 12 ст., умацаваны ў 1266; княжацкая рэзідэнцыя і адм. цэнтр горада), у міжрэччы Псковы і Вялікай — прылеглы да Крома з ПдУ Сярэдні горад (склаўся ў 10 ст., умацаваны ў 1309—75), на яго ўскраінах — Вакольны горад (пачаў фарміравацца ў 11 ст.), за р. Пскова — Запскоўе. Плошча Даўмонтава горада ў 14 ст. шчыльна забудавана палатамі і цэрквамі (у выніку археалагічных раскопак адкрыты фундаменты 18 каменных пабудоў), з паўд. боку абмежавана манум. будынкам 2-павярховых Прыказных палат (1693—95). У 16 ст. сцены даўж. 9 км умацаваны і расшыраны, пабудаваны манум. вежы, у т. л. Грамячая (1524). Найб. стараж. пабудовы П. блізкія да Наўгародскай школы дойлідства: саборы Міражскага манастыра, Іванаўскага (да 1243), Снетагорскага (1310, фрэскі 1313) манастыроў. У 14—16 ст. будавалі невял. прыходскія цэрквы з вапняку: Васіля на Горцы (1413), Успення на Пароменні (1444, перабудавана ў 1521), Касьмы і Даміяна на Прымосці (1463), Георгія на Узвозе (1494), Міколы на Усосе (1536). Сярод каменных жылых дамоў 16—17 ст. — 3-павярховыя палаты Паганкіных (да 1645), дамы Лапіна («Саладзёжня»), Трубінскага (1670—80-я г.), палаты Ямскога (1680-я г). Паводле рэгулярнага плана 1778 у П. пабудаваны на гал. вуліцах каменныя і драўляныя 2-павярховыя дамы паводле «ўзорных» праектаў у стылі класіцызму. Горад моцна пашкоджаны ў Вял. Айч. вайну, адноўлены. Непадалёк ад П. размяшчаюцца комплексы манастыроў Спаса-Елізараўскага (засн. ў 15 ст.) з 1-купальным 3-апсідным саборам 16 ст., Крыпяцкога (засн. ў 15 ст.) на беразе Святога воз. (захаваўся 1-купальны сабор, 1557). Музеі: мастака-рэстаўратара Ю.П. Спягальскага, гіст.-маст. і арх. музей-запаведнік.

Літ.:

Древний Псков: История, искусство, археология: Новые исслед. М., 1988;

Псков: Очерки истории. 2 изд. Л., 1990;

Спегальский Ю.П. Каменное зодчество Пскова Л., 1976;

Псков через века: Памятники Пскова сегодня. СПб.;

Псков, 1994.

І.​Л.​Чэбан (архітэктура).

Пскоў. Фрагмент Вакольнага горада.
Пскоў. Іаана-Прадцечанскі сабор Іванаўскага манастыра. Да 1243.

т. 13, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)